Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Пэр Лагерквіст “Вызваленне”

Я сяджу і трымаю маленькі камень у руцэ. Ён чырвоны з сінімі пражылкамі. Калі прыглядацца, то ён мае яшчэ шмат колераў: зялёны, фіялетавы, і яшчэ нешта ззяе, як золата. Калі павольна паварочваеш яго, то мяняюцца ўсе колеры і нюансы, нібыта ўсе яны знаходзяцца ў ім. Я ніколі не стамляюся глядзець на яго, узірацца ў ягоную гладкую, чыстую паверхню, што здаецца амаль мягкай, як любая сапраўды гладкая паверхня. Дзіўна, што маленькі камень,– не больш за птушынае яйка,– можа даваць такія багатыя і невычэрпныя перажыванні, можа змяшчаць у сябе так шмат. Як цэлы свет. Нешта бясконцае, чаго часцінкай з’яўляешся ты. Ты сядзіш і так проста трымаеш гэта ў руцэ.
Я знайшоў яго на двары турмы і здолеў пранесці з сабой.

Падчас паўгадзіннага шпацыру забаронена нахіляцца і падымаць што-небудзь з зямлі. Ахоўнік убачыў і спытаў мяне, за чым гэта я нахіляўся. Але, калі я сказаў, што там нічога не было, ён адстаў ад мяне, сказаўшы толькі, што тут сапраўды няма што шукаць. Мяне пашэнціла, ён не абшукаў мяне. Камень мой! У мяне сапраўдны камень! Свет, таямнічае, вялікае царства належыць мяне. Царства без межаў, нешта невычэрпнае. Яно ўсё маё! Гэтае ўсё ёсць маёй уласнасцю. Усё гэта невядомае, жывое, сапраўднае, што напаўняе мяне сваёю бясконцасцю.
Трэба схаваць яго падалей, у кут пад нары. Там ніхто яго не знойдзе. Ды і хто будзе шукаць гэта?

Часта я думаю, што ўсё створана радасцю. Нябёсы, светы, сусвет, усё, што існуе. Хто яшчэ мог стварыць усе гэтыя прасторы, гэтую сонечную сістэму і Млечны Шлях, як не радасць. Чаму ж цяпер усё інакш? Чаму не так, як раніцай стварэння? Калі нябёсы і зямля тыя ж самыя, а жыццё такое ж багатае і захапляючае, нават яшчэ багацей, чым калісьці.
Што пазбавіла нас Радасці?

Сінь мае сваё значэнне, чырвань сваё. Усё ў камені мае, безумоўна, сваё значэнне. Я не магу ўсведаміць гэта, але разумею, што ўсё павінна быць напоўненае зместам, сэнсам і багаццем. Гэта ж відавочна. І калі гэта было так, то была і вялікая радасць. Чаму ж цяпер не так? Калі яна паўсюль і дастаткова толькі нахіліцца, каб завалодаць ёю. Яна зіхаціць паўсюль.
І на турэмным двары таксама.
Нябёсы і зямля твае. Зямля поўная кветак, і ўсе зоркі ззяюць. Але далёка, у пустыннай прасторы, не для цябе. А водар кветак нібыта створаны толькі для ветру.
Дык дзе той, хто павінен ўдыхаць водары і прымаць прывітанні з зоркі ў сузор’і Андрамеды? Ён, якога ранішняе сонца павінна шукаць першым сярод усяго жывога. Ён, што павінен блукаць па палях, аблашчаны святлом.
Дзе чалавек? Дзе ты?

Багацце жыцця ляжыць, нібыта забытае. Мы топчымся па беднай яго глебе, галеча напаўняе нас. Мы трымаемся за галечу, як ненавіснік за сваю нянавісць, як хворы за сваю хваробу. Жабракі, мы ямо гэты чэрствы хлеб, праклінаючы таго, хто есць побач з намі.
А багаты стол стаіць некрануты, гасцей няма.

Я не магу не разважаць над сваім лёсам. Над сваім і ўсіх іншых. Чаму мы сядзім тут за кратамі? І ахоўнікі таксама за кратамі турмы, іхняе жыццё праходзіць так сама, як наша. Значыць, калі тут утрымліваюцца вязні, то і ахоўнікі таксама становяцца вязнямі. Куды ні глянь – адны вязні. Каморы і вязні. Волі няма нікому!
Турэмным ахоўнікам павінна быць значна цяжэй. Іхняе жыццё павінна быць абсалютна пустым. Іхнія твары заўсёды пахмурныя і без выразу, нязменныя. А ў вязняў на тварах пакута, адчай, жарсці, яны поўныя жыцця, выразныя. Мы жывем у страху, увесь час нас нешта мучае. Для нас галеча яшчэ мае свой сэнс.
Толькі вязні могуць знайсці нешта на турэмным двары.

Мора вызначыла ягоныя формы. Гэта ясна, менавіта таму ён такі гладкі. Мора насіла яго бясконцы час, магчыма цэлыя тысячагоддзі. Хвалі абмывалі яго, прыбой уздымаў яго і апускаў зноў, ён належаў бясконцай і нястомнай стыхіі. Аж покуль ён не стаў настолькі роўным, што здаецца мягкім, як жывая істота. Мягкі, як жанчына. Таму што яго вынасіла мора. Ён ляжаў ў глыбі і слухаў шум тысячагоддзяў, шамаценне пяску паміж камянямі.
Мора…

Я павінен быў любіць жыццё. Калі я ўспамінаю яго, то гэта нібыта ўспамін пра каханую жанчыну, з якой разлучаны даўно і назаўсёды. Бачыш ейныя залітыя сонцам валасы, але не можаш бачыць само сонечнае святло. А ейная постаць нібыта ідзе на фоне краявіду, які ўсё ніяк не паўстае ў памяці. Сцяжыну я не пазнаю, хаця ўпэўнены, што яна нейкім чынам знаёмая мне. Не пазнаю дрэва, менавіта гэтае дрэва. Але я бачыў дрэва, падобнае на гэтае. Шмат што забылася або проста змянілася з тае пары. Але не яна. Яна ўсё тая ж. Ейныя крокі лёгкія і павольныя, а галава крыху пахілена ў бок, нібыта перад нябачнай галінай. А можа яна ўслухоўваецца ў нешта. Так, гэта яна, я кахаў яе. Я не магу ўбачыць ейны твар. Таму што яна адыходзіць. Я бачу толькі постаць. А яна не абарочваецца.
Можа жыццё ўжо не мае для мяне твару?

Мора…
Яно ўздымаецца вечна, як і ўчора, як здавён-даўна, у недасягальнай даўніне. Хвалі плёскаюцца і шумяць. Мне здаецца, я чую іх, калі сяджу з каменем у руцэ. Я чую водгук хваляў, што набягаюць на бераг і зноў адступаюць.
З морам тое ж самае. Яго немагчыма забыць. Яно надта простае і вялікае, каб можна было забыць яго. У ім ёсць нешта цэльнае і нязменнае, нешта сталае, вечнае. Кожны яго рух вечны і заўсёды новы, набліжэнне хвалі да берагу, плынь, што мяняе накірунак, нібыта сустрэўшы нябачную перашкоду, і вось яна адступае, імкнецца да невядомай мэты. Мягкі зыб на ягонай паверхні, нібыта подых глыбіні. Усё вечнае і вечна маладое.
Так, варта было кахаць яе.

Муры не могуць адгарадзіць мяне ад жыцця, ува мне шум мора. Яны здольныя толькі зрабіць так, што я не бачу ёйны твар. Глыбіня ўнутры нас, толькі цяпер у ёй нішто не адлюстроўваецца. Яны не могуць адгарадзіць нас ад кахання, а толькі разлучыць з каханымі. Але што яны зробяць, калі мы ўсё роўна кахаем?
У нейкі момант сасуды нашай існасці злучаюцца з усеагульнай глыбінёй. Тады ўсё становіцца цэласным, усё ўздымаецца і апускаецца разам з хвалямі, з вечным подыхам. Тады ўсё – гэта толькі глыбіня і нязменнасць, недасягальная і схаваная, непазнавальная. Што ёсць адлюстраваннем самой Рэчаіснасці? Што ёсць тварам жыцця?

Мабыць, я адчуваю нешта, што не адчуваў раней. Мабыць, разумею нешта важнае. Цяпер, калі валодаю гэтым нябачным, я разумею лепш. Гэта тое ж самае, калі думаецца лепш, закрыўшы вочы рукой. Мабыць, я напаўняюся, як начынне, таямнічай плынню і з заплюшчанымі вачыма пазнаю закрыты ад рэчаіснасці свет.
Нехта казаў пра сляпца, што перамог свой лёс. Чаму ж і мяне не перамагчы?

Некаторыя думаюць, што можна бачыць у цемры. Не ведаю. Можа і не? Можа гэта свецяцца крыніцы, можа свеціцца глыбіня. А можа ўсё ўгрунтавана на радасці! Можа гэта — як узірацца ў вялікую, светлую раніцу стварэння.
Не, я не хачу прызнаць, што жыву ў галечы! Хачу верыць, што жыццё—гэта цуд, цуд вечнай маладосці. Хачу верыць, што ўнутры яго ёсць святло і што крыніцы майго жыцця праб’юцца праз усе муры. Хачу верыць, што ўсё добрае поўнае багацця і моцы, а дрэннае пераможана дабром. Я буду прыціскаць руку да вачэй і глядзець толькі ў сапраўдны і вечны свет маладосці.

Перамажы свой лёс! Адсунь муры, што засцілі нам далягляд! Яны думаюць, што здольныя ўвязніць нас, што могуць пазбавіць нас зроку. Не так проста пазбавіць чалавека зроку! Забяры ягоны свет – але гэта толькі адлюстраванне. Забяры ягонае жыццё – але гэта толькі яго ўласнае жыццё, а не тое, вялікае і ўсемагутнае, якому ён належыць і з якім яго не ўдасца разлучыць. Жыццё не ведае, што яны пабудавалі нейкія муры, закрылі крыніцы, каб нішто не адлюстроўвалася ў іх. Яно адкрывае крыніцы на турэмным двары і хавае іх, каб яны напоўніліся, а вязні спатолілі прагу. Яно адкрывае іх сляпцу, не ведаючы, што ён сляпы, не ведаючы болю і непакою. Яго нішто не хвалюе, яно недасягальнае, недаступнае нікому, ніхто не можа нанесці яму шкоду. Яно светлае і ўсемагутнае, якім было заўжды.
Людзі пакутуюць. Але жыццё не ведае пакутаў.

На тэрыторыі турмы расла вішня. Яе спілавалі. Але яна яшчэ красуе. Яна ляжыць на зямлі распілаванымі кавалкамі і красуе. Галіны скалечаны, але яны жывуць, і некаторыя з іх белыя ад квету. Здаецца, дрэва красуе, як звычайна, як заўсёды.

Не, вязні не павінны знемагаць у пакутах! Трэба пераадолець пакуты, пераадолець саму смерць. Яны належаць жыццю і іх нельга разлучыць з ім. Яно моцна трымае іх, яно не аддасць іх. Не дапаможа гвалт, не ўдасца зламіць, знішчыць іх. Яны поўныя нечага, што ніколі не паддаецца адчаю. А хто не адчайваецца, не ведае, што такое адчай.
Квітнее цела.

Так, мы былі целам. Але не на яго яны рабілі замах. Яны знявечылі чалавечае цела, але ім не перамагчы. А ўрэшце бессмяротнае ў чалавеку – яно пераможа ўсе сілы знішчэння. Калі чалавек церпіць гвалт над сабой, у ім, у ягоным спакутваным целе ўсё ясней абуджаецца галоўная думка. Яе таямнічасць адкрываецца, як ніколі раней. І тады ўсё, што захінала глыбокі сэнс, знікае. Ад бясконцай пакуты вобраз згортваецца і набывае кранальную прастату і веліч. Самі сілы знішчэння і ўявіць сябе не могуць, што яны вызваляюць несмяротнае.
Але навошта тады ўсе гэтыя пакуты? Яны патрэбны для перамогі, нельга перамагчы без іх? Можа цела павінна застацца для нас назаўсёды знакам перамогі? Ці ёсць у гэтым сэнс? А пакута – гэта адзіны шлях нашага самаздзяйснення, самараскрыцця? Толькі праз яе мы існуем у глыбокім сэнсе? Ці гэта магчыма? Дык тады гэтыя сілы, што знішчаюць і нявечаць, — стваральныя? Самі па сабе бясплённыя, няздольныя да жыцця, адмоўныя – але стваральныя. Стваральныя! І можа таму, з-за гэтай ўражальнай сувязі ім застаецца толькі наша цела.
Не, нішто не прымусіць мяне паверыць у гэта! Нішто не прымусіць паверыць!
Пакута нічога не стварае, яна ніколі не перамагае! А гвалт яшчэ менш здольны перамагаць. Яны не даюць нам самаздзяйснення! Такое ні ў якім сэнсе не можа быць стваральным. А толькі багацце, святло! Толькі яны трымаюць у сваёй руцэ стваральную сілу, толькі ў іх ёсць сцвярджэнне, здзяйсненне, станаўленне. Дык ці радасць не ёсць асновай жыцця!
Так, безумоўна. Я і не думаю інакш. Так мусіць быць.
Я адно не разумею, чаму пакута такая вялікая і, як злавесны цень, яна шырыцца і пакрывае сабой усё жыццё. Што ёй дазволена гэта. І чаму пакута ўсё мацней, цень яшчэ больш змрочны ў найвышэйшых формах жыцця, нібыта яна расце, становіцца ўсё больш інтэнсіўнай разам з інтэнсіўнасцю жыцця. Чаму гэта так? Можа гэта патаемная неабходнасць?
Так, як чалавек, не пакутуе ніводнае іншае стварэнне. І ўсё ж – як ніхто з іншых мы адораны багаццем і шчасцем, якое наканавана менавіта нам. Але цяжар нашага лёсу, ценю, што ляжыць на нас і цісне ўсё мацней і мацней. І нам ўсё цяжэй і цяжэй ісці па шляху да вышыняў.
Чаму чалавечы лёс – гэта сумны спектакль? Трагедыя ў раскошным каралеўскім замку, што ззяе ў святле дня, а ўначы жыве ў атачэнні вечных зорак. Старадаўняя захапляючая сага несмяротнай красы, але змрочная і прыніжальная для нас.
Дык у гэтым наша несмяротнасць?

Мы пытаемся. Мы абвінавачваем.
Але чалавек павінен змагацца. Працягваць змаганне за перадавыя пазіцыі, не пакідаць сваё месца ў першай траншэі. Краіна без межаў належыць яму. Краіна, што рассцілаецца перад ім ўсе шырэй і шырэй на нічэйнай зямлі – гэта наша радзіма, за якую мы змагаемся да перамогі і паміраем. Часам вораг прарывае пазіцыі, усё бяжыць у бязладдзі. Знясіленыя войскі прыхапкам збіраюць на новай лініі абароны далёка ззаду. Усе ў адчаі, жаўнеры ляжаць у сваіх лёхах смяротна стомленыя і змардаваныя, праклінаюць сваю краіну, якую мусяць бараніць. Нават найхрабрэйшыя і найбольш адказныя могуць засумаваць па жыццю без вайны, без надчалавечых намаганняў. Яны хацелі б жыць, як кветкі ў полі, як дрэвы і птушыная чарада, з іхнімі простымі радасцямі. Дык у гэтым наша ахвяра? А можа змаганне бессэнсоўнае? І перамога таксама? Што ўсё гэта для краіны, якая не мае межаў? Як можна абараніць яе? І перамога не лічыцца, яна не дае выніку, усё застаецца нявызначаным, як і раней. Змаганне і ахвяры не маюць канца, а радзіма так і не ўспомніць пра верных ёй, што спачылі ў зямлі. Бо змаганне надта неабсяжнае і велічнае, і яго героі незлічоныя і безыменныя. Што ж гэта за лёс, выбраннікамі якога мы ёсць!
Але калі надыходзіць ноч, некаторыя з нас падымаюцца і глядзяць у зорным святле на спустошаную, пакінутую зямлю, дзе загінулі так многія. Яны бяруць сваю зброю і крадком вяртаюцца туды, у цемру.

Я ўспамінаю воблака, якое ўбачыў колькі дзён таму, калі стаяў і глядзеў на яго цераз краты. Яно было падобнае на чалавечую галаву. Галаву чалавека з высакароднымі рысамі, чыстым і думным профілям – вобраз пыхі, ганарлівасці і вытанчанасці.
Пакуль я стаяў і глядзеў, абрысы пачалі мяняцца. Спачатку здавалася, што своеасаблівы і прыгожы твар становіцца яшчэ прыгажэй, непаўторны характар набывае больш выразнасці. Але потым узнікла нешта неспакойнае, дзіўнае і празмернае – нават нешта хваравітае, проста агіднае. Твар нібыта распаўся, пакуль я глядзеў на яго, але не згубіў падабенства са сваім былым я. Паціху ён нібыта пакрыўся праказай, згубіў дакладнасць, расплыўся ў гніенні. Урэшце вока з яго глыбокім позіркам пераўтварылася ў пустую дзірку, а ніжняя сківіца адвісла. Гэта быў ашчэраны чэрап.
Але ўсё ж чэрап меў падабенства з вялікім і прыгожым, якое я бачыў раней. Засталося нешта агульнае, нешта, што было іхняй схаванай таямніцай.

Адчай! Гэта б значыла, што я гатовы прызнаць: камора, дзе я, дзе знаходзяцца іншыя спакутваныя вязні,– і няма больш нічога! Што гэта і ёсць жыццё. А той малы адрэзак часу, калі мы сядзім у турме, і ёсць нашым прызначэннем, нашым непазбыўным лёсам. Вось тады мы і прызнаем сябе вязнямі!
Але жыццё – гэта не тое, што заключана ўнутры нас. Яно злучае нас з жывымі і мёртвымі ўсіх часоў. Са смерцю і ўваскрасеннем, з усеагульным пераўтварэннем і абнаўленнем, нязменным, з бесперапыннай раніцай стварэння.
І вось разбураны межы часу і прасторы. Воля, воля, воля!

Я шмат часу разам з воблакамі. Яны – маё таварыства, можна сказаць, мае даверлівыя сябры. Я не ведаю іхніх глыбачэйшых таямніц. Але нешта я магу ўлавіць, і нейкім чынам вызначыць. Імклівы лёс не заўважае нас, жыццё мінае, нараджэнне, існаванне, смерць. Воблачны лёс, воблачныя падзеі, лунаюць вобразы, нетрывалы свет святла і я ў ім. Ён нібыта мой.
Акно так высака, што я не магу бачыць зямлю. Нібыта я пакінуў яе.
А ў начы я разам з зоркамі. Яны ззяююць зусім побач, ззяюць сваім незямным святлом.
Я нібыта пахаваны – але ў бясконцай прасторы.

Не трэба баяцца. Перад намі незлічоныя багацці, невычарпальныя магчымасці. Мы маем караблі з каштоўным грузам і загадкавыя гавані нашай душы, куды яны заплываюць пад нябачнымі ветразямі. Яны вязуць каштоўны груз, яны заўсёды ў плаванні.
А смерці і галечы няма.

Няма пагібелі, няма смерці, няма бездапаможнага адчаю пасля паразы. Трэба толькі зноў сабраць сілы, вярнуцца і рабіць зноў, працягваць стварэнне. Ёсць толькі асэнсаванне і радасць пасярод ззяючай, вечнай раніцы стварэння.
Адчай! Ці ж нам адчайвацца?! Нам, што нясуць у сябе несмяротныя сілы і несмяротны покліч перамогі. Нам, што ёсць адным з найвялікшых цудаў. Нам, што нясуць у сваёй душы таямніцу дасканаласці, нясуць яе праз часы, хаця і не разумеюць яе сэнсу. Яна – непазнавальная, яна не можа ўвасобіцца ў рэчаіснасці, яе нельга дасягнуць. Яна можа жыць толькі ў загадкавым улонні абсалюту, замкнёная пячаткай, недасягальная. І калі б мы зламалі пячатку, то ўсё роўна не здолелі б спазнаць яе змест. Але жыццё штораз нараджаецца нанова, штораз зерне ламае пячатку і таямніца злучаецца з стваральнымі сіламі, аддае ім свой пераможны покліч.
Сама наша існасць ёсць вечным поклічам перамогі!

Pär Lagerkvist. Prosa. Stockholm, 1949.

Пераклаў са шведскай Валеры Буйвал

Пэр Лагерквіст (1891-1974) – шведскі пісьменнік, драматург, паэт. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1951). У філасофскай навеле “Вызваленне” (“Den befriade människan” – 1939 г.) раскрываецца жыццясцвярджальная гуманістычная пазіцыя пісьменніка, ягонае непрыняцце гвалту і вайны.

27/1/2005 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2005
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024