Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: НЯНАВІСЬЦЬ РАЗБУРАЛЬНІКАЎ

Нянавісьць – гэта ірацыянальная страсьць, якая пабуджае чалавека да варожасьці, агрэсіі і разбурэньня. Фармальна нянавісьць мае прычыну і пункт адліку. Але, тым ня менш, яна існуе сама па сабе ў душах некаторых людзей. І калі прычыны нянавісьці няма, то яна будзе шукаць прычыну і знойдзе яе, часам здавалася б цалкам неадэкватна.

Рацыё часьцей за ўсё не спыняе нянавісьці. У рацыё і нянавісьці розная прырода. Безадрасная нянавісьць вельмі небясьпечная, бо сьведчыць ужо аб псіхічным нездароўі чалавека. Яна можа знайсьці любы адрас, як ірацыянальная паталёгія, якая патрабуе выхаду. Калі ўявіць, што адначасна для аднаго адсотка насельніцтва Зямлі далі б магічны гузік, націснуўшы на які была б зьнішчана плянэта Зямля, то можна не сумнявацца – Зямля праіснавала б максімум адну секунду.

Асэнсаваная нянавісьць, экстрапаляваная на ідэалёгію, у аснове сваёй прыроды імкнецца да зьнішчэньня чалавека і разбурэньня чалавецтва.

На псіхалогіі нянавісьці пабудаваныя цэлыя сацыяльна-палітычныя сістэмы, у якіх нянавісьць уведзена ў дактрыну і зьяўляецца базавай асновай ідэалогіі.

Тыповым прыкладам такой сістэмы зьяўляецца СССР, які грунтаваўся на дактрыне камунізма і яго адгалінаваньнях (бальшавізму, марксізму, трацкізму, ленінізму і т. п.).

Асновай палітычнага дзеяньня камуністычнай дактрыны была нянавісьць людзей без прыватнай уласнасьці да тых, у каго такая ўласнасьць была, бедных да багатых, цёмных да адукаваных і г. д. Нянавісьць узбуджалася прапагандай і называлася “класавая барацьба”, у выніку якой немаёмныя класы павінны былі зьнішчыць маёмныя (забіць уласьнікаў, адабраць уласнасьць і падзяліць).

Псіхалогія бандытызму была ўзьведзена ў ранг псэўдатэорыі і аб’яўлена ў якасьці навукі цалкам рэспектабельнымі людзьмі, якія валодалі і адукацыяй, і прыватнай уласнасьцю з выкарыстаньнем наёмнай рабочай сілы.

Ва ўсіх дактрынах, пабудаваных на вынішчэньні культуры і людзей, нянавісьць выкарыстана як псіхалагічны фэнамэн усяленскага зла, як зьява трансцэндэнтная і абсалютная.

Назіраючы цяперашняе і аналізуючы мінулае, я прыходжу да несуцяшальнай высновы, што катэгорыя нянавісьці ёсьць тыповай ацэначнай, эмацыйнай і праграмуючай зьявай, якая характарызуе аблічча сучаснага сьвету ў палітыцы, ідэалогіі, мастацтве, культуры. Нянавісьць ёсьць цяпер асноўная пазыцыя гэтага часу.

Прычына – збой у каштоўнасьцях у выніку павелічэньня ўплыву нізкіх групаў людзей, разьвіцьця індывідуалізму, прыняцьця матэрыялізму як базавай асновы жыцьця.

Жыцьцёвы вопыт і аналіз дачыненьняў дае магчымасьць рабіць параўнаньні аб канцэнтрацыі гэтага псіхалагічнага фэнамэна і аб сувязі яго з сацыяльнай і нацыянальнай ідэалогіяй грамадзтва.

Псіхалагічная прырода нянавісьці, на мой погляд, больш характэрна для Азіі, але праяўляецца шырока там, дзе ўзьнікае таталітарная ідэалёгія маргінальных групаў, якія атрымліваюць доступ уплыву на палітыку і, што самае крайняе, — калі загортваюць пад сябе дзяржаўную ўладу краіны ці цэлага арэалу – сістэмы краін.

У такіх выпадках ідэалогія ўлады абавязкова апэлюе да нізкіх інстынктаў чалавецтва і да нізкіх сацыяльных пластоў насельніцтва, люмпэнізуе прыроду людзей.

У старажытным сьвеце нянавісьць, як сістэму ваенна-дзяржаўнага існаваньня, найбольш канцэнтравана арганізавалі манголы. Дзяржава, якую яны стварылі на гэтай пасіянарнай аснове (дакладней, працяг яе) існуе, фактычна, па сёньняшні дзень і працягвае быць рэальнай пагрозай цывілізаванаму сьвету

Класіфікацыя Рональда Рэйгана Расеі як “скопішча зла” зыходзіць з разуменьня прыроды гэтага ваенна-дзяржаўнага фэнамэна. Нянавісьць тут – форма дзяржаўнай ідэалогіі і прынцып жыцьцёвага існаваньня.

Людзям і народам, якія жылі пад расейскай акупацыяй і ў сістэме ідэалагічнага ўплыву гэтай імпэрыі, словы Рэйгана былі цікавыя толькі ў тым сэнсе, што гэта першы чалавек на Захадзе, які зразумеў абсалютна відавочныя рэчы, і сказаў тое ўслых.

З расейскім фэнамэнам нянавісьці я пазнаёміўся даўно, назіраючы, як усталёўвалася ў нас іхная савецкая “ўласьць”. Але сутыкнуўся твар у твар як з штодзённай, штохвіліннай, фактычна, бясконцай сістэмна накіраванай агрэсіяй толькі тады, калі прышоў у палітыку і ачоліў рух, які пачаў змаганьне з савецкай акупацыяй і камуністычнай сістэмай.

Мне ўспомніліся думкі Аляксандра Цьвікевіча, якія ён выказаў у 1922 годзе на пахаваньні перад труной Алеся Бурбіса. Цьвікевіч казаў, што Бурбіс пражыў кароткае, але мужнае і вельмі цяжкае жыцьцё, бо быў беларусам-адраджэнцам, а гэта, як пасьвячэньне, якое наклікала шалёную, зьвярыную нянавісьць ворагаў Беларусі.

Асаблівая прыкмета расейска-гэбоўскай нянавісьці – гэта фантастычная і неверагодна брудная ілжа, выказаная (напісаная) у азлобленай форме. Тады, за часы СССР, увесь друк і ўсе СМІ былі ў руках улады камуністаў. Але спэцыяльна для барацьбы з Народным Фронтам яны стварылі яшчэ спэцчасопіс, які называўся “Политический собеседник”. Гэта быў тыповы часопіс нянавісьці.

На пачатку палітычнай дзейнасьці я ўспрыняў першыя напады эмацыйна, як зьнявагу і паклёп, якому трэба даваць адпор, а паклёпнікаў караць. Але неўзабаве стала відавочна, што ідзе сістэмная вайна супраць асобы, вайна, якая ніколі ня спыніцца, якой ня трэба нават нічога чуць у адказ, бо гэта парпаганда, задача якой – стварэньне скрыўленага адмоўнага вобразу. Калі я гэта ўбачыў і зразумеў, адразу прышло “другое дыханьне” – эмацыйны спакой.

Цяпер я асабліва не стараўся нават аспрэчваць іхную ілжу і агрэсію. Маім адказам былі станоўчыя дзеяньні і станоўчыя справы, якія ішлі адна за адной і якія прымусілі нечысьць бегчы ўсьлед і аббрэхіваць кожны мой крок, не заўважаючы, як хутка яны ператвараюцца ў адыёзных фігур у вачах людзей.
За больш чым 20 гадоў у палітыцы я (на сваім прыкладзе назіраючы) добра вывучыў сістэму прапаганды расейскай нянавісьці і яе выкарыстаньне супраць маёй асобы. Лічу, што гэта цікавы і карысны вопыт, тым больш, што прапаганда нянавісьці не спыняецца і ня спыніцца ніколі, пакуль будзе існаваць гэта дзяржава і гэтая імпэрская псіхалогія, закладзеная заснавальнікамі.

Прычыны нянавісьці

1. Пасьля ХХ і ХХІІ зьездаў КПСС (1956 і 1961 гг.), на якіх была паднята заслона культу асобы Сталіна і аб’яўлены некаторыя факты, камуністам удалося на пэўны час даволі грунтоўна і прафэсійна ашукаць грамадзкасьць і лёгкаверны Захад.

Інтэрпрытацыя падзеяў была пераведзена ў паняцьце рэпрэсій унутры кампартыі, якія кампартыя сама раскрыла народу і асудзіла. Камуністам удалося схаваць галоўнае – генацыд народаў і цэлых нацый.

Адкрыцьцё і доказнае дасьледваньне Курапатаў, якое на фактах і, галоўнае, на ўліках пацьвердзіла генацыд беларусаў, было поўнай нечаканасьцю для КГБ і Крамля. Прытым яны пацярпелі паражэньне на ўсіх этапах барацьбы. Найбольш разумныя зь іх зразумелі, што гэта крах. Крах камунізму. Пытаньне толькі ў часе. У 1989 годзе я публічна па тэлебачаньні (жывы эфір) сказаў пра гэты хуткі крах і выказаў меркаваньне, што КПСС і СССР засталося яшчэ праіснаваць два гады. Потым – канец. І я не памыліўся. У 1991-м настаў ім «канец».

Вайну за Курапаты яны прайгралі. У 1990 годзе камуністы вымушаныя былі прызнаць злачынствы і расстрэлы НКВД.

Пасьля гэтага яны прайгралі ўжо саму праблему тэрора і генацыда ва ўсім СССР. Падняліся сілы супраціўленьня і сьведчаньня злачынстваў. Энкавэдзісцка-камуністычны міф пра рэпрэсіі, “скрыўленьні” лініі партыі” і т. п. – рухнулі з грукатам, а адчайны, панічны гэбоўскі путч 1991 года па ўратаваньні СССР (так званы ГКЧП) праваліўся. Савецкі Саюз здох так, такім чынам і тады, як мне прыходзілася перад гэтым казаць, нават ня думаючы пра прагноз. Але так яно і сталася.

Рацыянальна разумеючы сатанізм расейска-энкавэдзісцкай сістэмы, я выразна ўсьведамляў, што, зважаючы на прыроду гэтай сістэмы, мне трэба быць гатовым да помсты зь іхняга боку, бо “зьвер” ня здох. Мэтодыка яго помсты вядомая: забойства, ганебная сьмерць, ганебнае скрыўленьне вобразу (і ўсіх спраў), стварэньне забыцьця.

2. Наступная прычына нянавісьці – гэта камуна-энкавэдзісцкі крах савецкай антыбеларускай палітыкі пад ударамі Народнага Фронту. У 70-х гадах некаторыя гэбісты адкрыта выказваліся, што “ўсё, Беларусі больш няма і ніколі ўжо ня будзе”; “няма ўжо і беларусаў”, “няма мовы”, “няма нават думкі пра нацыянальную годнасьць”. Яны вальяжна радаваліся.

Сьведчу, што на той час ужо амаль абсалютна адсутнічалі нават адзінкавыя ўяўленьні пра магчымасьць незалежнасьці Беларусі. Пра гэта, практычна, ня думаў ужо амаль ніхто. Гэбісты тое ведалі. І гэта праўда. Яны былі задаволеныя сабой, адчувалі сябе гаспадарамі ў нашым доме і плявалі нам у твар.

І раптам (пасьля адкрыцьця Курапатаў) пачало ўсё пераварочвацца і валіцца. Яны моцна недаацанілі “задушаны” імі Беларускі народ. Беларусы загаварылі пра суверэнітэт і свабоду. Тады ЦК кампартыі Беларусі, абапіраючыся на верны КГБ, урачыста (і амаль публічна) запэўнілі Маскву, што Народнага Фронту ў Беларусі ніколі ня будзе.

Фронт узьнік у гэтым жа годзе. Прытым арганізацыя яго адбылася супэрлегітымным чынам, бо ў галасаваньні і выбарах Аргкамітэта БНФ фармальна (і нечакана для іх самых) удзельнічалі прадстаўнікі кампартыі, улады і пракуратуры. Яны аказаліся ў меншыні, а трапілі на ўстаноўчую канфэрэнцыю Фронта з прычыны сваёй недальнабачнасьці і прымітыўнага палітычнага думаньня, ня ведаючы, куды прышлі (бо было аб’яўлена толькі аб арганізацыі Мартыралога Беларусі). І ўсю гэтую “пастку” падстроіў ім гэты ўжо ўзьненавіджаны імі “курапацкі тып”, “нейкі археолаг” ды «мастацтвазнаўца». Яны потым ледзь ні па чарзе шыпелі мне: “Вы яшчо атвеціце.”

Далей было трыумфальнае шэсьце БНФ, раскрыцьцё праўды пра Чарнобыль і цьвік у труну ўсёй камуна-чэкісцкай палітыкі КГБ у БССР – аб’яўленьне Нзалежнасьці Беларусі 25 Жніўня 1991 года. (І тут зноў адзначылася гэтая ненавісная ім асоба.)
Чаму маё імя для іх гэтак паталягічна ненавіснае? Таму што ўсё ім было сказана адкрыта (інакш у Беларусі нельга было), хто ёсьць хто, хто што тварыў і што за тое ім павінна быць. Усе іхныя паражэньні на фоне адкрытай палітыкі прыводзілі іх у ціхі шал.

Гэта вылілася ў гістэрыку ў пачатку 1994 года, калі ельцынскія дэмакраты ўмацаваліся ва ўладзе ў Маскве і пачала ціха вяртацца зноў імпэрская палітыка і КГБ. І тады зьявіўся артыкул, ізноў жа, гэтай ненавіснай ім асобы: “О русском империлизме и его опасности”. Артыкул сарваў маску з намэнклятурнай ельцынскай дэмакратыі, і ўсе ўбачылі зноў валасатае імпэрскае маскоўскае мурло.

Рэакцыя была падобнай на масавую гістэрыку опэрупаўнаважаных: захлёбваліся, пырскалі пенай. У Вярхоўным Савеце, пасьля гэнэральнай прапрацоўкі дэпутатаў, даюць слова Генэральнаму пракурору і той просіць зьняць з народнага дэпутата З. С. Пазьняка дэпутацкую недатыкальнасьць, каб узбудзіць крымінальную справу за артыкул аб рускім імпэрыялізме (такія былі норавы ў камуністаў). Галасаваньне. З 345 дэпутатаў – 110 “за”. І тут – правал канторы.

Па маім аналізе, менавіта ў гэты час Лубянка дала «адмашку» на варыянт “ганебная сьмерць”. Забіць плянавалася ў натоўпе, віну зваліць на “апазыцыю” ў БНФ. (Апазыцыі ў Фронце не было, але якраз у гэты час пачала ў БНФ кучкавацца агентура і ляпіць апазыцыю.) Тое, што ў тую вэрсію забойства людзі не паверылі б, для Масквы ня мела значэньня.
Галоўнае, што “ненавіснага” не было б, а наконт забойства “яго” нібыта сябрамі Фронту, то Гёбельс навучыў – паўтаралі б кожны дзень, і дзесяцігоддзямі, пакуль усе ні сталі б верыць і самы паўтараць. Такая ёсьць тэхналёгія зла. “Мокрую” справу мог зрабіць “эскадрон сьмерці”, які стварылі пры Лукашэнку (пра гэта мае сябры, фронтаўцы, былі папярэджаныя якраз функцыянерам беларускага КГБ; надрукавана).

26 сакавіка 1996 года мяне павінны былі “ўзяць”. І тут поўнае фіяска. “Ненавісная” асоба зьнікла і праз чатыры дні аб’явілася на Ўкраіне. Дэпеша ў КГБ Украіны – “Выдаць!” Вячаслаў Чарнавіл кіраўнік Народнага руху Украіны (мой сьветлай памяці ўкраінскі сябра) ідзе да прэзыдэнта Кучмы, і з КГБ Украіны па тэлефоне ў Менск ідзе рэакцыя: “Пайшлі вы …”
26 красавіка “ненавісная асоба” аб’яўляецца ў Менску на Чарнобыльскім Шляху. Спэцназ акружае сядзібу БНФ – штурм. “Ненавісная асоба” зьнікае, па памылцы хапаюць іншага.

Лукашэнка выклікае ўсіх адказных і робіць разнос. Нянавісьць робіцца некантралюемай, абмяркоўваюць, як расправіцца. Абмяркоўвалі так шырока, што дэпутат рускай думы камуніст-пракурор В. Ілюхін адкрыта выступіў і паведаміў наперад, што, маўляў, ЦРУ зьбіраецца забіць у Польшчы аднаго-двух лідэраў БНФ і зваліць віну на Лукашэнку. У выніку — мая эміграцыя з Сяргеем Навумчыкам (выезд з Польшчы) і рашэньне аб азылі ў ЗША. Азыль ЗША абазначаў выбар Амэрыкі не ў карысьць Лукашэнкі. З Лукашэнкам – гістэрыка. М. Мясьніковіч выступае на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве і кажа, што адбылася “уцечка інфармацыі” (намякаючы на Ілюхіна). Пазьней (пры Пуціне), «усёзнайка» і партыйны змагар Ілюхін раптам памрэ пры падазроных абставінах.

Інфармацыя пра наш з С. Навумчыкам азыль і абставіны прагрымела на ўвесь сьвет. План “ганебнага забойства” праваліўся цалкам.

У гэты пэрыяд быў забіты Георгій Чантурыя, зьнішчаны Абульфаз Эльчыбей, ліквідаваны Вячаслаў Чарнавіл. Сатанінская ЧЭКА распраўлялася зь лідэрамі народных франтоў тых краінаў, якія Масква яшчэ марыць захапіць ізноў.
Такім чынам, ваюючы зь “ненавіснай асобай”, усясільная сатанінская арганізацыя – мела адны няўдачы ды фіяскі. Нянавісьць у іх ад гэтага стала амаль сакральнай. Іх ад майго імя “трясёт”, іх “рвёт”, “тошнит”, “воротит” і г. д.

Тэхналёгія нянавісьці

Вэрсія ганьбы і ганебна скрыўленага вобразу пачала распрацоўвацца з першых жа дзён утварэньня БНФ. Тут клясычная тэхналёгія НКВД.

Прапаганда скрыўленага вобразу ішла праз камуністычна-гэбоўскі друк і эфектыўную ў гэтым выпадку сістэму агентуры (распусканьне чутак). Істотную ролю тут ігралі агентурныя журналісты, якія абслугоўвалі рэжым.

Але, бадай, найбольш стабільную сістэму прапаганды нянавісьці ўяўлялі партыйныя і савецкія ворганы ўлады.

Псіхалагічны тэст на ўспрыняцьце і на пассіянарныя выкіды нянавісьці я меў часткова праз пошту “народа”. Кожны дзень я атрымліваў у Вярхоўным Савеце па 10-12 лістоў. Палавіна іх – бессэнсоўныя і напісаныя дзеля выказваньня нянавісьці. Яны даволі аднастайныя, бо напісаныя адной групай людзей, расейскімі энкавэдзістамі-ветэранамі вайны і ваеннымі камуністычнымі пэнсіянерамі. Гэта якраз той паразітны пласт, які складаў пастаянны адсотак майго стабільна “адмоўнага” электарату, і тая група, якой ненавіснае было існаваньне Беларусі, беларускай мовы і культуры.

Бальшыня гэтых лістоў ёсьць даволі натуральнае, непасрэднае выяўленьне стану адпаведнай чалавечай душы, выплеск злосьці, пажаданьні мне сьмерці, хваробаў, пракляцьці, пагрозы і г. д. Любімыя словы “фашыст”, “антысаветчык”, «кат беларускага народа», “паліцай”.

Такіх лістоў у мяне сабралася некалькі мяшкоў. Я іх ня выкінуў, бо лічу, што гэта матэрыял для вывучэньня псіхалогіі рускага камунізму і выяўленьня рускай нянавісьці.

Сэнс гэтага тупога пісаньня мне, магчыма, так і застаўся б да канца незразумелым, калі б я са сьмехам ня даў пачытаць адзін “шэдэўр” (дзе пракляцьці былі выпісаныя зь вялікім напалам цёмнай страсьці) нашай дэпутатцы з фракцыі БНФ Галіне Сямдзянавай, спадзеючыся на яе гумарыстычныя рэплікі. Вынік для мяне быў абсалютна нечаканым. Г. Сямдзянава пабялела, а шыя яе пакрылася “гусінай скурай”.

– Жах! – сказала яна, агаломшаная, — гэта жах! Зянон Станіслававіч, выкіньце гэты ліст! Гэта жах!

“Вось табе і на, – падумаў я, — аказваецца, тут псіхічная зброя, якая на мяне ня дзейнічае. Ну і добра – пішыце далей.”

Аналізуючы выказваньні, друк, меркаваньні, пазьней – Інтэрнэт, я заўважыў, што стварэньне адмоўнага вобразу амаль не абапіралася на маю асобу, а будавалася па стэрэатыпах, разьлічаных на шырокі ахват усіх групаў насельніцтва, і вылучалася амбівалентнасьцю (найпершая прыкмета электаральнай тэхналёгіі). Распрацоўка ішла па наступных ярлыках:
Палітычны і сацыяльны аспэкт – антыкамуніст, будзе расстрэльваць камуністаў, агент ЦРУ, працуе за грошы Амэрыкі, фашыст, нацыст, паліцай, супрацоўнічаў зь немцамі, сын паліцая, дзед быў у дэфензіве, польскі стаўленьнік, адраджае Рэч Паспалітую, русафоб, супраць Расеі, супраць усяго рускага, выселіць рускіх зь Беларусі, увядзе Вунію, паляк, габрэй, маці габрэйка, антысеміт, “галавар” габрэйскай мафіі, дыктатар, такі ж, як Лукашэнка, кагэбіст, закончыў афіцэрскую школу ў Львове, прымусіць гаварыць па-беларуску, увядзе капіталізм, зробіць люстрацыю, “рвецца да ўлады”, адбярэ пэнсіі, палітычны труп, фатограф, пісаў пра тэатр, пачне вайну і г. д.
Маральна-асабовы аспэкт – сквапны да грошай, абагачаецца, уцёк у Амэрыку на грошы Дзярждэпа, псіхічна ненармальны, злы, жорсткі, дурны, апантаны, закамплексаваны, баязьлівец, гультай, злапомны, гомасэксуаліст (жонка для прыкрыцьця), нарцысіст, прамяняў Беларусь на камфортнае існаваньне, прывёў да ўлады Лукашэнку, жыве на грошы ЦРУ і ФБР і г. д.

Гэта асноўнае, што паўтаралася ўжо 25 гадоў, увайшло ў мазгі пэўнай часткі людзей, і нават у розныя інтэрнэтныя «энцыкляпедыі» на розных мовах.

Асобны філіял нянавісьці цяпер – гэта бесаўшчына ў Інтэрнэце. Там, калі зьяўляецца маё імя, «канторшчыкі» і маскалі зьлятаюцца, як гракі ў сакавіку, і пачынаюць абплёўваць.

На пачатку тысячагоддзя асноўная канцэнтрацыя нянавісьці і бесаўскага гэб’я на працягу дзесяці гадоў знаходзілася на палітфоруме TUT.BY. Там было па некалькі матэрыялаў супраць мяне кожны дзень.

Я праверыў па IP – шмат якія бесы былі зь Менску і працавалі ў Сеціве з 9.00 да 18.00. (Гэта значыць сядзелі за клавіятурай ва ўстанове поўны рабочы дзень.)

Быў нават кур’ёзны выпадак. Адзін шпег так асьмялеў, што прышоў у Беларускую царкву ў Нью-Ёрку і папрасіўся сфатаграфавацца, як ён сказаў, са “знакамітым чалавекам”. Няма праблем, хто цяпер ні фатаграфуецца – ва ўсіх тэлефоны. Памятаю, што тып быў “засьценчывы” і ўсё казаў, што саромеецца, бо ня можа па-беларуску. Жаданьне павыпендрывацца яго і падвяло. Тып зьмясьціў супольны здымак у Інтэрнэце. Па фота яго хутка ў Сеціве знайшлі, вылічылі і выявілі цэлы склад (дзясяткі) бесаўскіх артыкулаў-тэмаў, напісаных і зьмешчаных ім супраць маёй асобы (з ахайваньнем майго імя) на форуме TUT.BY пад псэўданімам “Дуглас”. “Дуглас” аказаўся рэзідэнтам у Амэрыцы, жыў у Нью-Ёрку пад прозьвішчам Возгін. Зь ім спаткаліся каму трэба і інтэлігентна паразмаўлялі. З таго часу (а гэта ўжо гадоў 7-8) Дуглас з Інтэрнэту зьнік бяссьледна. Няўдзячная сабачая гэта праца.

Такім чынам, практычна, уся інспірацыя нянавісьці супраць беларускай нацыі, культуры і яе прадстаўнікоў (ды-й супраць ўсяго сьвету), вось ужо сотні гадоў, зыходзіць з Расеі. Нават цяжка сказаць, калі той нянавісьці было менш калі больш. Гэта пэрманэнтная імпэрыялістычная зьява, якая не сьціхала ніколі. Але пры кожнай расейскай уладзе былі арганізацыі, асобы і выканаўцы, якія генэравалі нянавісьць і сацыяльнае зло. У ХХ стагоддзі і па сёньняшні дзень гэта савецкі КГБ (ФСБ, НКВД, ГПУ, МГБ, ЧК і іншыя назвы аднаго і таго ж.).
Усе факты і зьявы нянавісьці, пра якія я тут казаў, зыходзяць з аднаго кораня, з адной прычыны. Гэта ёсьць род палітычнай нянавісьці і пагрунтаванай на ёй інфармацыйнай вайны. Палітычная нянавісьць зразумелая, пазнавальная, мае массавае пашырэньне.

Побач зь ёй супольна ўжываецца распаўсюджаная ў савецкім грамадзтве сацыяльна-спажывецкая нянавісьць. Гэта ёсьць нянавісьць масавай сьвядомасьці. Яна ўзьнікае калі не спраўджваюцца нейкія індывідуальныя спажывецкія спадзяваньні на пэўныя эканамічныя, сацыяльныя, грамадзкія справы і дзеяньні і пачынаюцца (як правіла неадэкватныя) пошукі вінаватых. (Тут і «халерныя бунты» ў Расеі, і «ворагі народа», і «жыды», і нават БНФ, які не забясбпечыў абывацелю «поўны спажывецкі камплект», і г. д.)

Але ў цяперашняй антыбеларускай рэчаіснасьці існуе на службе рэжыму яшчэ адзін від нянавісьці, які не заўсёды ідэнтыфікуецца, бо фармальна (як правіла) ставіцца крытычна да існуючай улады. Гэта так званая эгацэнтрычная нянавісьць, якая ёсьць ні чым іншым як паталагічнай формай інтэлігенцкага сальерызму. Паколькі гэта паталогія, то няма крытэрыяў, каб яе спыніць. Асоба, апантаная эгацэнтрычнай нянавісьцю, ставіць сябе вышэй Бога, і лічыць сябе адзіным носьбітам ісьціны. Усялякае пасьпяховае дзеяньне каго-небудзь ці выбітная зьява без удзелу эгацэнтрычнай асобы (ці з другарадным яе ўдзелам) можа быць гэтай асобай пасьлядоўна (і нематывавана на першы погляд) ўзьненавіджана, нягледзячы нават на агульнасьць пазыцыяў. Менавіта з асяроддзя гэтай нянавісьці (а не з КГБ), зыходзіць качка, што Незалежнасьць Беларусі звалілася зь неба, што Народны Фронт нічога не зрабіў, што Народны Фронт нічога ня значыў, што дэпутаты БНФ нічога не зрабілі, што Незалежнасьць прышла з потных рук камуністаў, што ў Фронце ўсе злаваліся і варагавалі з усімі, што Фронт нічога не разумеў, што Фронт увесь час памыляўся і г. д., альбо іншая аранжыроўка, што Фронт быў харошы, але лідар кепскі, што вы ўсім вінаваты Пазьняк і г. д.

Зацыкленасьць эгацэнтрычнай нянавісьці на БНФ тлумачыцца тым, што ў часы нацыянальнай рэвалюцыі, носьбіты эгацэнтрызму альбо трымаліся збоку на пазыцыях «разумнай непатрэбшчыны» (і цяпер ня могуць перажыць сваёй маргінальнасьці), альбо, будучы ў Фронце, не змаглі ўліцца ў калектыўную барацьбу БНФ з прычыны індывідуалісцкай няздольнасьці да агульнай калектыўнай партыйнай працы (вельмі, дарэчы, распаўсюджаны недахоп сярод людзей, асабліва інтэлігенцыі — няздольнасьць арганізавана калектыўна працаваць дзеля адной мэты, няўменьне падпарадкоўвацца агульным рашэньням).
Эгацэнтрычная нянавісьць часам больш шкодная, чым адкрытая гэбісцка-маскоўская, бо зьяўляецца па сутнасьці «ідэалагічнай анкалогіяй», гэта значыць зыходзіць з апазыцыйнага да рэжыму асяроддзя і здольная больш нашкодзіць нясьпеламу розуму, чым прафэсійная гэбоўская прапаганда.

У падрэжымнай Беларусі, ў абставінах ўнутраннай акупацыі і хамскага вынішчэньня ўсяго беларускага, ды на фоне лібэральнай ўсёдазволенасьці ў сьвеце, выявіліся пачварныя зьявы ўпадку чалавечай асобы, вызваленьня схаваных комплексаў нянявісьці да ўсяго чалавецтва праз сцьвярджэньне ўласнага эга. У паэзіі, у публіцыстыцы, у творчасьці зьявіліся людзі, якія прызнаюць сябе беларусамі, нават пішуць па-беларуску і, адначасна, карыстаючыся афіцыйным ганеньнем на беларускую культуру, гісторыю і нацыю цынічна, кашчунна, подла і зьдзекліва зневажаюць сьвятыя каштоўнасці нацыянальнай культуры, народнага духа і сам народ, які змушаны цяпер маўчаць.

Аднаго разу, будучы ў Празе, я спытаў Сяргея Абламейку, як бы зрэагавалі чэхі, калі б па радыё на ўсю Чэхію (ці нават на канцэртную залю) нехта прасьпяваў бы да іх: «Добрай раніцы, жлобская нацыя» альбо пачаў бы зьдзекліва перакручваць імя чэшскага Янкі Купалы і абплёўваць яго асобу, ці абзываць мярзотным чэшскі народ?. « Яго б забілі», — адказаў Сяргей.

Адказ дакладны. Зразумелы для юрыспрудэнцыі. Ёсьць асаблівы від зьнявагі, які можа наклікаць забойства і нават массавую расправу – гэта кашчунства, зьдзек над святым. Для гэтых беларусаў з анкалагічнай сьвядомасьцю, якія вырабіліся ў ненармальных умовах, і якія зьдзекваюцца з святога, нічога сьвятога, акрамя свайго эгаізму (на якім яны хочуць публічна прагучэць) ўжо не існуе. Гэта ўжо ў поўным сэнсе вырадкі, якія пацяшаюцца над гаротным станам народа. Нават ворагі беларушчыны прытрымліваюцца нейкіх сваіх межаў нянавісьці. Гэтыя – на фоне нашай цяперашняй нацыянальнай слабасьці і няшчасьця не абмежаваныя нічым. Насьцярожвае таксама, што ўсю нечысьць падтрымліваюць і перакладаюць немцы, роля якіх у дачыненьнях да Беларусі добра вядомая.

Сацыяльнае дэвіанцтва эгацэнтрыстаў прафэсійна (і паіменна) прааналізаваў Пётра Садоўскі, адзначаючы такую тыповую родавую іхнюю якасьць як агрэсўнасьць. Цяпер гэтыя людзі перакладаюць свае зьнявагі беларушчыны на эўрапейскія мовы і абгаджваюць беларусаў у Эўропе. Тут нават лукашысцкі рэжым адстае.

Ну, і які ж вынік гэтай вялікай гэбоўскай маскоўскай нянавісьці, на якую патрацілі столькі сьліны, грошай, часу і славаблудзтва? Скажам проста — адносна майго імя ён нікчэмны. Найвыжай 10-13 адсоткаў пэнсіянераў НКВД, ветэранаў камунізму, расейцаў, бюракратаў ды часова ачмураных – вось балянс бэтоннага нэгатыву. Тое ж самае, што і дваццаць гадоў таму. Дык яны і бяз гэтай прапаганды былі б супраць. У іх прырода такая. Але пакуль існуе антыбеларускі рэжым і фашызоідная Расея, нечысьць ніколі ня спыніцца, будзе травіць нянавісьцю наступныя пакаленьні. Таму ведаць пра яе паводзіны трэба, каб абмежаваць разбуральны уплыў і засьцерагчы людзей.

25 чэрвеня 2013 г. Зянон Пазьняк

7/10/2014 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2014
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024