Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ДА ПЫТАНЬНЯ ПРА РЭЖЫМНУЮ “АПАЗЫЦЫЮ”

У так званым “дэмакратычным” друку (а гэта ўсяго некалькі асяродкаў у Інтэрнэце плюс пару газэт) пастаянна пішуць і на поўным сур’ёзе абмяркоўваюць усялякія словы і выказваньні, якія даносяцца з грантавых груповак так званай “апазыцыі”. Мушу сказаць пра гэта некалькі слоў.

У жніўні мінулага года выпусьцілі з турмы Мікалая Статкевіча — аднаго з галоўных правакатараў пабіцьця людзей і разгрому грамадзянскай супольнасьці Беларусі 19-га сьнежня 2010 года. Пасьля выхаду з турмы ён адразу заняўся дэманстратыўным выцягваньнем людзей на вуліцы на пратэстныя дэманстрацыі (у пэрыяд, калі трэба накапліваць сілы і не “сьвяціцца”). ДэмСМІ дружна апісваюць ягоную дзейнасьць. Добра відаць, як пэўныя варожыя Беларусі сілы імкнуцца рабіць зь Міколы новага правадыра “апазыцыі” і што яму тое падабаецца.

Некаторыя маладыя беларусы ў Варшаве яшчэ ў мінулым годзе, успрыняўшы ўсур’ёз мітынговую дэмагогію Статкевіча, прасілі мяне распавесьці публічна для ўсіх людзей, што гэта ёсьць за асоба, і што ад яе можна чакаць.

Асоба Статкевіча вядомая даўно, зразумела, на што ён здольны, але некаторыя заўвагі зрабіць варта, бо ўсё, што ён голасна пачынае дэкляраваць, абавязкова скончыцца правакацыяй і паразай. Іншага не было. І гэтаксама ня будзе і далей.

У Фронце стаўленьне да яго было скептычнае з прычыны ягоных асабістых неабдуманых дзеяньняў, якія выклікалі выдаленьне шэрагу беларускіх афіцэраў з Савецкай арміі і пазьней — развал БЗВ. Загнаўшы ў тупік БЗВ (Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў, да якога Статкевіч меў найбольшае арганізацыйнае дачыненьне), ён кідае арганізацыю і пераходзіць у “палітыку” — у партыю Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада. Першае, што ён там зрабіў, гэта ціхі закалот, у выніку якога Статкевіч стаў старшынём БСДГ. Другім яго крокам стала аб’яднаньне БСДГ з Партыяй Народнай Згоды, што супрацоўнічала ўжо тады Лукашэнкам. Аб’яднаная партыя Статкевіча назвалася Сацыял-Дэмакратычная Народная Грамада. Прэзэнтаваць яе ўтварэньне і рэгістрацыю новы палітык павёў сваіх паплечнікаў у дом-музэй Першага зьезду РСДРП. Пра гэта напісалі ў друку. Скажу без перабольшаньня, што такая навіна выклікала ва ўсіх беларускіх палітыкаў (у мяне таксама) сапраўдны шок. Гэтакага не чакаў ніхто. БСДГ грунтуецца на пераемнасьці ад БСГ — партыі Луцкевічаў, Бурбіса, Каганца, Алаізы Пашкевіч (Цёткі). А тут пайшлі прымаць прысягу да ворагаў чалавецтва, у зародак расейскай партыі, якая спарадзіла бальшавікоў, Леніна і забіла мільёны беларусаў.

Такія дзеяньні наўрад ці вынікаюць з палітычнай бязглуздасьці. Гэта была прадуманая акцыя.

Вясной-летам 1994 года па сцэнары савецкай намэнклятуры адбываліся выбары прэзыдэнта ў Беларусі. У інтарэсах Беларусі выбары прэзыдэнта былі непатрэбныя. Краіне лепш было б, каб яна разьвівалася ў незалежнасьці як парляманцкая рэспубліка. Гэта прадухіліла б дыктатуру і зьменшыла б уплыў Расеі. Але пазыцыя каланіяльнай намэнклятуры (якая дамінавала ў Вярхоўным Савеце), падтрыманая Масквой, стала вырашальнай. Намэнклятурныя дэпутаты правялі прынцып прэзыдэнцкай улады ў Канстытуцыю.

У 1994 годзе, фактычна, вырашаўся лёс будучыні Беларусі. Змагаліся дзьве сілы: дэмакратычны Беларускі Народны Фронт з аднаго боку і стаўленьнікі ўлады каланіяльных сіл, падтрыманыя Масквой, — з другога. Рэальна яно выяўлялася ў супроцьстаяньні паміж прадстаўніком БНФ, з аднаго боку, і Кебічам-Лукашэнкам — з другога. Гэта тады было зразумела ўсім, хто меў хоць якое дачыненьне да палітыкі. (Вячаслаў Кебіч напіша пазьней, што галоўная задача яго і Лукашэнкі была ў тым, каб не дапусьціць да ўлады прадстаўніка БНФ.)

У гэты час Мікалай Статкевіч выступае з ідэяй і прапановай выставіць Станіслава Шушкевіча ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта ад партыі БСДГ (пра гэта потым напіша Алег Трусаў). Статкевічу удалося пераканаць у тым бальшыню кіраўніцтва БСДГ, і неўзабаве Шушкевіча ўключылі ў выбарчае спаборніцтва. Ён забраў у кандыдата ад БНФ 9 адсоткаў галасоў. (Заўважу, што кандыдат БНФ рэальна ўсяроўна выйшаў у другі тур, але вынік быў сфальсіфікаваны ў карысьць Кебіча.) Пытаньне, аднак, у іншым: навошта Статкевіч усё тое праварочваў з Шушкевічам? Ён наіўны? Не разумеў, што робіць? Тым часам гэтае ягонае дзеяньне адпаведна карэлюецца з паходам у прытон РСДРП.

У канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў, калі БНФ перажываў крызіс і быў расколаты, а Ганс Вік ужо сфармаваў сваю “дэмакратычную” псэўдаапазыцыю, у гэты час Мікола Статкевіч зноў выйшаў на паверхню і актыўна імкнуўся ўзначальваць вулічныя акцыі таго часу, дэманстрацыі, маршы, шэсьці і паходы. Істотна, што якраз ў гэты час усе вулічныя акцыі вікаўскай “апазыцыі” сталі заканчвацца паразамі. А гэтага катэгарычна нельга дапускаць у вулічнай барацьбе.

У 1999 годзе, напрыклад, бяздумна і абы як падрыхтаваны “Марш свабоды”, Статкевіч раптам павёў на вуліцу Першамайскую (за парк Горкага). Там, у нязручнай сітуацыі для масаў людзей, была ўжо падрыхтавана пастка. Сілы “АМОНУ” і “спэцназу” лёгка расчлянілі натоўп (якому арганізатары не забясьпечылі нават аховы), разагналі людзей, пабілі і арыштавалі дзясяткі дэманстрантаў. Гэта была зноў параза. З таго часу шмат хто з маладых сталі называць Статкевіча “папом Гапонам”, хоць і сам ён пацярпеў у тым разгроме.

Наступныя шэсьці псэўдаапазыцыі заканчваліся толькі паразай, пакуль народ ні перастаў на іх хадзіць. Вось вынік “гапонаўшчыны”.

Беларускі Народны Фронт ніколі ня меў паразы на вуліцах і плошчах. Перамога і станоўчы вынік дэманстрацыі падбадзёрвалі і ўздымалі дух людзей.

У 1990-м годзе 26 лютага (пры камуністах і ўладзе КПСС) фронтаўскі статысячны мітынг акружыў будынак тэлебачаньня і прымусіў даць адкрыты эфір кіраўніцтву Фронта. Перапалоханым тэлевізійшчыкам загадалі вынесьці маніторы на пляц, і народ бачыў, што рабілася ў студыі. Нідзе ў СССР нічога падобнага не было. Менск тады быў у авангардзе барацьбы з камунізмам.

У 1995 годзе, ужо пад акупацыйным рэжымам Лукашэнкі, рэжымныя ўлады далі магчымасьць рускім фашыстам Лімонава правесьці ў Менску свой зьезд. У той дзень быў мітынг БНФ каля Опернага тэатра. У час выступу я атрымаў запіску, што зьезд расейскіх фашыстаў адбываецца ў залі тонкасуконнага камбіната. Я толькі акуратна паведаміў тое на мітынгу. Гэтага хапіла, каб дзейнічаць без каманды. Людзі на тралейбусах пад’ехалі да палацу і разагналі шабаш разам з аховай. Фашызьня выскоквала праз вокны, а Лімонава схапілі, калі той вываліўся з вакна ў туалеце, надавалі па карку і здалі ў міліцыю. Міліцыя пад аховай дэпартавала яго зь Беларусі.

Найбольш разбуральная правакацыя, у якой удзельнічаў Статкевіч, — гэта так званыя прэзыдэнцкія “выбары” 2010 года. Нагадаю, што тады зь дзевяці кандыдатаў, апрача Лукашэнкі, толькі Някляеў сабраў неабходную для рэгістрацыі колькасьць подпісаў грамадзян Беларусі. Усіх астатніх, што не сабралі квоту, Лукашэнка загадаў усяроўна зарэгістраваць, каб была “дэмакратыя”. Гэта ён заявіў публічна. І ніхто з прэтэндэнтаў не адмовіўся. Усе далі сябе купіць. Гэта — што да маральнасьці дабраахвотных клакераў дзеля падтрымкі бачнасьці лукашысцкай “дэмакратыі”.

Злачынства заключаецца ў тым, што клакеры сагітавалі мноства людзей авантурнымі заявамі (кшталту, што заўтра Беларусь стане вольнай краінай) і неарганізавана (без рацыянальнага абгрунтаваньня) завялі іх ноччу ў падрыхтаваную рэжымам пастку да Дома Ураду, дзе сілы рэжыму пабілі і арыштавалі сотні людзей. Гэтая правакацыя дала магчымасьць Лукашэнку разграміць тады ўсю беларускую грамадзянскую супольнасьць, сотні людзей кінулі ў засьценкі, разам з правакатарамі, што купіліся на лукашысцкую рэгістрацыю. Гэтакі лёс усіх правакатараў і агентуры. Аб іх заказчыкі выціраюць ногі.

І цяпер пытаньне, якое пры цяперашняй акупацыйнай палітыцы задае шмат хто. Ці чалавек, якога празьвішчуюць нядобрай клічкай, мае дачыненьні да дзеяньняў рэжыму? Пытаньне папулярнае ў зачыненым грамадзтве і паліцэйскай краіне, але цалкам рытарычнае. Магу толькі адзначыць, што аналіз паводзінаў і выказваньняў Статкевіча ўкладваецца ў пэўную схему. Я схільны лічыць, што Статкевіч – гэта хутчэй чалавек уплыву, чым залежнасьці, асабліва ўлічваючы яго няўемнае хаценьне правадырства ў характары і неадпаведную самаацэнку магчымасьцяў сваёй асобы. Мы, фронтаўцы, яго добра памятаем.

Выйшаўшы з турмы здаровым і бадзёрым (чым прыемна ўразіў тых, хто яго ўбачыў), Мікола цяпер выявіў новыя рысы (чаго раней не было ) — пачаў крытыкаваць Беларускі Народны Фронт, выдумваць для сябе неіснуючыя заслугі ды зьневажаць маё імя, абзываць мяне “эмігрантам”, які здрадзіў Радзіме, Сьцягу, Гэрбу і Мове. Тут стыль тыповых гэбоўскіх троляў, распаўсюджаных у Сеціве, і чытаць такое не пад нікам, але ад арыгінальнага чалавека, даволі рэдкая нагода. Тым ня менш Мікола не пагнушаўся такімі выказваньнямі. Пытаньне: навошта ён гэта робіць?

Усё тое ён нагаварыў у інтэрв’ю маскоўскаму “Бел. Партызану”. Там вельмі характэрны тэкст дзеля разуменьня Статкевіча і яго функцыі. Для тых, хто ня любіць чытаць вялікіх інтэрв’ю, падаю некалькі цытат.

“Да мяне зьвярталіся асобныя прадпрымальнікі, маўляў, палітыкі нас кінулі, дапамагайце. Я выказаў сваю прапанову і агучыў план, якім чынам яны могуць вырашыць сваю праблему.

Першы крок яны робяць: ідуць з заявамі да раённых і абласных адміністрацый. Наступны крок: яны павінны сабрацца з усёй Беларусі і прыйсьці да агульнанацыянальнай адміністрацыі са сваімі заявамі.”

Журналіст: “- 2016 год – год парламентскіх выбараў. Якія у вас планы?

Статкевіч: “-Калі браць мае пэрсанальныя прапановы на выбары, я думаю, што важна, каб быў адзін дэмакратычны сьпіс выдзвіжэнцаў на выбары. Гэта дазволіла б кансалідаваць электарат і прымусіць улады да брутальных фальсіфікацыяў як мінімум. Калі яны будуць саступаць фінансаваму ціску Захаду, то гэта можа прывесьці да зьяўленьня дэмакратычнага дэпутата у парляманце.”

Пра Беларусь сказана наступнае: …”Краіна цалкам рабская…, рабы не будуць бараніць гэты дом.”

Пра “план” пісаць лісты начальству, якое зачыняе гандаль індывідуальных прадпрыймальнікаў, мы ўжо лепш прамаўчым (настолькі нікчэмны такі «план»).

Што да ўдзелу ў выбарах у “палатку.” “Палатка” ня мае ні функцыяў, ні магчымасьцяў парляманту. Гэта службовы імітацыйны ворган пры Лукашэнку, непрызнаны міжнароднай супольнасьцю. Бяспраўнасьць “палаткі” прапісана ў цяпершняй канстытуцыі. Пра выбары ў гэтую “палатку” (там дзе выбараў няма), пра агітацыю за іх і пра тое, што гэта азначае і што гэта за “палітыка”, можна ўжо і не казаць.

Адносна беларускіх “рабоў”. Такое могуць казаць ня толькі ворагі Беларусі, але і патрыёты, якія ставяць сябе вышэй за ўсіх, вышэй за народ і вышэй за ўсё. Такі эгацэнтрычны выверт вядомы ў псіхалогіі некаторых людзей.

Беларусы ніколі не былі рабамі. Вялікае Княства Літоўскае — гэта была самая вольная краіна ў сярэднявечнай Эўропе. Генатып нашага народа сфармаваўся тады. Беларускі народ разумны і ня хоча ўлазіць у авантуры з заведама прайграным канцом. Людзі знаходзяцца пад уплывам расейскай варожай тэлепрапаганды, рабства тут ні пры чым.

Патрыятызм Статкевіча беларускі. Але яго амбіцыянізм большы за патрыятызм, таму народ, які ня слухае яго правадырства, дык, згодна яго вызначэньня, і зусім “раб”. Усё гэта, памножанае на завышаную самаацэнку і на абмежаваныя магчымасьці асобы, іграе ўвесь час са Статкевічам злыя жарты.

Адказваючы на пытаньне маладых пра “гапонства” і таму падобнае, мушу засьцерагчы: ня майце з гэтым чалавекам ніякіх справаў. Ня слухайце, што ён кажа, бо з таго нічога ня будзе, акрамя шкоды. Хай вас не спакушае патрыятычная траскатня, якая ў Статкевіча, можа нават, шчырая (у момант калі гаворыць). У палітыцы ў дадатак да патрыятызму трэба мець яшчэ іншыя якасьці.

Не гуляйце ў гульні мілінкевічаў-статкевічаў аб “аб’яднаньні ўсіх дэмакратычных сіл”. Гэта тут цяпер немагчыма і нікому не патрэбна, супярэчыць асноўнаму прынцыпу дэмакратыі аб свабодзе асацыяцыяў, зьяўляецца таталітарнай, тыпова гэбоўскай прыдумкай, выгаднай акупацыйнаму рэжыму. Дэмакратычная сіла — у рознасьці арганізацыяў і адзінстве нацыянальных ідэй. У гэтай жа рэжымнай квазі-апазыцыі няма ўвогуле ніякіх ідэй, акрамя чаканьня вялікай халявы і прыстасавальніцтва пад заходніх спонсараў. І таму, ці яны аб’ядналіся, ці не аб’ядналіся, — ня мае ніякага значэньня ні для іх, ні для краіны, ні для яе жыхароў.

Нашым аб’яднаўчым ідэалам і нашай справай мусіць быць Беларуская Нацыянальная Ідэя, нацыянальнае Адраджэньне і ўмацаваньне Беларускай нацыі, Беларускай Мовы, Беларускай дзяржавы і культуры, дасягненьне шчасьця беларускіх людзей. І тады хай будуць тысячы розных суполак, партыяў, арганізацыяў, хай будзе вялікая беларуская грамадзянская супольнасьць — усе мы будзем аб’яднаны адным.

Палітычная задача ня ў тым, каб аб’ядналася рэжымная псэўдаапазыцыя, пра што ўвесь час пякліся халяўшчыкі і агентура, а ў тым, каб зьмесьці гэтую квазі-апазыцыю з твару зямлі, разам з рэжымам.

У сувязі з гэтым зазначу яшчэ некалькі словаў пра рэчы, якія мне вядомыя, але пра якія я не хачу шмат гаварыць, настолькі яны мярзотныя. Уся валтузьня з «кангрэсам» і «аб’яднаньнем» гэтых палітбізнэсмэнаў ад «дэмакратыі» зьвязана, як заўсёды, з магчымасьцю атрымаць заходнія грошы «пад выбары» ў Палату. Захад паабяцаў даць, калі аб’яднаюцца (бо лягчэй фінансаваць). Для палітбізнэсмэнаў, практычна, ня важна, пад якія выбары даюць, хоць бы й на выбары ў Пекла, абы грошы. З гэтым найперш зьвязана штучная актыўнасьць Статкевіча і ўсёй псэўдаапазыцыйнай камарыльлі, дзе кожны ёсьць «лідар» і «дзеяч» і кожны хоча ачоліць аб’яднаную пачку, кожны вядзе тут сваю глыбока «палітычную» гульню вакол мамоны.

Для беларускай моладзі яшчэ раз паўтаруся – не ўваліцеся ў іхнюю граэь. Абыходзьце бокам і затыкайце нос. Гэтыя палітхаляўшчыкі, як гнілая калода, загамавалі шлях і вось ўжо пятнаццаць гадоў не даюць магчымасьці стварыцца сапраўднай беларускай апазыцыі ў краіне. Яны, як гангрэна, – ўсё, што трапляе ў іхняе поле, пачынае гнісьць.

Цяпер агентурная частка “апазыцыі” адкрыта едзе ў Маскву, у ведамства Караганава-Суздальцава. Яны засядалі там разам з рускімі чарнасоценцамі і гаварылі зь імі пра праблемы “Белоруссии”. Яны ўжо не хаваюцца. Рэшта такіх апазыцыяністаў яшчэ прыкідваюцца цнатлівымі, гавораць пра аб’яднаньне і (калі заплоцяць) зьбіраюцца на выбары ў “палатку” ісьці.

Сапраўдная будучыня Беларусі будзе будавацца бяз гэтых людзей.

14. 02. 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК

15/2/2016 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2016
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
29  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024