Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк: Беларусь мусіць быць вольнай (Выступ на травеньскім 2017 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”) За мінулы месяц мушу адзначыць як пазытыўную зьяву правядзеньне шэсьця і мітынгу “Чарнобыльскі шлях” у Менску. Мітынг на Кіеўскім сквэры быў малалікім, але ў цэлым станоўчым у сваім выяўленьні. Станоўча і тое, што далучылася частка ўдзельнікаў шэсьця. У цэлым, назіраючы за тым, як адбывалася гэтае напамінаньне аб вялікай нацыянальнай бядзе і чарнобыльскім няшчасьці народа, трэба адзначыць, што грамадзкага ўздыму ў нашых абставінах яшчэ не назіраецца, хоць стан розуму ў людзей пачынае зьмяняцца. Усё гэта кажа пра неабходнасьць асьветы і папулярызацыі нацыянальных ідэй пра волю і лепшую будучыню Беларусі. Прытым трэба ўлічыць, што акрамя нашай партыі ніхто гэтай нацыянальнай асьветай не займаецца. Апошнім часам сатрапскі рэжым (дакладней, сам сатрап) зноў засьведчыў сваю службовую адданасьць Крамлю. Сутнасьць гэтай чарговай дэманстрацыі адданасьці Маскве засталася за кадрам. Але можна меркаваць, што паразуменьне двух палітычных нягоднікаў адбылося ў кантэксьце пляну расейскіх вайсковых вучэньняў у Беларусі “Захад-2017”. 4162 вагоны для расейскага акупацыйнага войска застаюцца запатрабаваныя. Гэта значыць, што гібрыдная акупацыя Беларусі па сцэнары 1939 года ёсьць нязьменнай у планах Масквы. Нажаль, гэта рэальнасьць, і калі ворагі нашай нацыі пачнуць свае пляны рэалізоўваць, то адзіным неабходным супрацьдзеяньнем іхняй агрэсіі павінна стаць нашае беларускае ўзброенае супраціўленьне. Перш за ўсё павінен быць сам факт такога супраціўленьня (а потым і перамога над міжнародным бандытам). Трэба рыхтавацца да супраціўленьня і адпору агрэсарам, запасацца неабходным рыштункам, мацаваць салідарнасьць Пра гэта я кажу пастаянна. Дай Божа, каб людзі прыслухаліся. Але, як гэта часта было, першымі прыслухаліся ворагі, бо палітычна больш разьвітыя за беларусаў і заўсёды ведаюць, што робяць. У той час, калі беларусы ў большасьці не разумеюць што адбываецца. Гэтае курапацкае “за што?” перад расстрэльнай ямай, калі камуна-расейцы мэтадычна расстрэльвалі беларусаў, увесь час стаіць у вушах. І не знайшлося ніводнага, хто перад сьмерцю хоць бы ў морду даў энкавэдзісту, хоць бы плюнуў у яго паганую варожую храпу. У плане падрыхтоўкі да агрэсіі крамлёўцы рукамі свайго сатрапа Лукашэнкі пачалі ўжо кідаць за краты беларусаў, здольных паводле маскоўскага меркаваньня арганізаваць, альбо аказаць супраціўленьне агрэсіі. Такім чынам былі арыштаваныя былыя ўдзельнікі патрыятычнай арганізацыі “Белы легіён”, якая існавала ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, а таксама ўдзельнікі юнацкага клубу “Патрыёт”, бо гаварылі па-беларуску. Усім ім фабрыкуюць “справу”, каб засадзіць надоўга за “тэрарызм”. “За што? – чуецца рэфрэн, вечна нічога неразумеючых беларусаў, — гэта ж звычайная патрыятычная моладзь, а той “Белы легіён” ужо пятнаццаць гадоў як не існуе, усе забыліся пра яго?!” Як кажуць, «і г.д.» Псіхалогія ягняці справядлівая, але ваўку есьці хочацца. Зрэшты, беларускі народ не такі ўжо і бясконца цярплівы, як іншаму маскоўцу можа здавацца. Беларусы могуць адчыніць гарадзкія брамы і ўпусьціць агрэсара-маскаля ў горад, даць нават хлеба і вады, а потым, ўбачыўшы маскоўскі луп, забойствы ды варварства, у адзін дзень выразаць увесь варожы гарнізон, пяць тысячаў бандзюг, усіх да аднаго экзэмпляра. Дзеля гэтага трэба было толькі сказаць: “Пара, пара!”, што ў перакладзе на расейскую мову абазначае: “добро пожаловать по смерть”, прыблуды. І яшчэ адзін гістарычны досьвед. Нішто ня зьнішчыць “наш беларускі вольны дух”. Трэба рыхтавацца да адпору ціхай маскоўскай акупацыі, а пара настане. Важнай падзеяй, якая адбылася ў міжсоймаўскі час, — стала прэзэнтацыя Народнай праграмы “Вольная Беларусь”. Дакумант падрыхтаваны пры ўдзеле дэпутатаў Незалежнасьці, сяброў Фронту і вольных спэцыялістаў. Праграма падрыхтавана ў рэчышчы ідэяў салідарнага руху “Вольная Беларусь” і разьлічана на ўсю нацыю, гэта значыць грунтуецца на рэальных нацыянальных інтарэсах. Салідарныя нацыянальныя інтарэсы вызначаюць характар праграмы і ўзаемасувязь разьдзелаў. Праграма ўзаемасьвязна пабудавана так, каб заканадаўства і палітыка новай вольнай дэмакратычнай Беларусі, якая мусіла б узьнікнуць пасьля ліквідацыі рэжыму, гарантавалі б моцнасьць, непахіснасьць і незьнішчальнасьць Незалежнасьці краіны. Наступная зьвязаная ідэя, якой прасякнуты палажэньні Праграмы, — гэта стварэньне сістэмы, якая выключае магчымасьць дыктатуры і неканстытуцыйнага захопу ўлады. Трэцяе агульнае палажэньне ёсьць вельмі важным, яно ўзаемазьвязвае і вызначае ўсё структурнае існаваньне вольнай беларускай дзяржавы. Гэта ёсьць арыентацыя на вольнага чалавека (і напачатку на стварэньне ўмоваў дзеля зьяўленьня вольнага чалавека). З гэтым палажэньнем зьвязаны найперш характар эканамічных, зямельных і сацыяльных дачыненьняў, падаткавая сістэма, адукацыя, энэргетыка, ахова здароўя і ўсё астатняе. Тут укараняюцца дачыненьні ў прынцыпе адрозныя ад сістэмы лібэральнай эканомікі і лібэральных сацыяльных падыходаў, дзе чалавек – гэта “рэсурс” эканомікі, “рабочая сіла”, “сродак вытворчасьці” і т.п. Такі падыход інтэнсіфікуе вытворчасьць, але прыводзіць да рэзкага разьмежаваньня ў грамадзтве на вельмі багатых і на бедных наймітаў на працу, спараджае няўстойлівасьць грамадзтва, зьяўленьне камуністычных і іншых скрайніх рухаў, пазбаўляе шчасьця мноства людзей. Праграмны падыход “Вольнай Беларусі” можна тут абазначыць формулай: “не чалавек для эканомікі, а эканоміка для чалавека”. З гэтага падыходу, напрыклад, суб’ектам прыватызацыі зямлі праграма прапануе надзяліць сям’ю (рэальную вытворчую адзінку працы на зямлі), разьмеркаваўшы ўвесь нацыянальны запас сельскагаспадарчай зямлі паміж усімі сем’ямі. Сям’я можа не апрацоўваць свой прыватызаваны ўчастак, трымаць яго ў Зямельным Фондзе і атрымліваць дывідэнды ад арэнды, можа таксама ў любы час забраць сваю долю дзеля працы на зямлі (і з разьвіцьцём рынка зямлі дакупіць яе згодна сваіх магчымасьцяў і патрэбаў). Прадугледжаныя абмежаваньні супраць драбленьня і непамернага павелічэньня плошчы зямлі ў аднаго ўласьніка. Выкарыстаньне зямлі цесна зьвязана з мясцовым самакіраваньнем, дзе зямлёй распараджаецца зямельная грамада, якая таксама валодае функцыямі мясцовага самакіраваньня. Дзяржаўны чыноўнік у гэтых справах, практычна, нічога не вырашае, не камандуе, выконвае службовую функцыю. Адносіны рэгулююцца законам, рынкам зямлі і самакіроўнай воляй людзей у “сельскай грамадзе”. З арыентацыяй на вольнага чалавека спраектавана таксама сістэма падаткаў (усіх ёсьць 7 падаткаў і адзін дзяржаўны мясцовы палатак), сістэма мэдычнага і сацыяльнага забесьпячэньня і нават энэргетыка, дзе вялікая ўвага надаецца ўзнаўляльнай энэргетыцы, якая, як вядома, ужо цяпер можа забясьпечыць поўную энэргетычную незалежнасьць чалавека ад агульнай энэргетычнай сістэмы. А гэта абазначае павелічэньне свабоды чалавека адначасна пры высокім узроўні і камфорце жыцьця. Пэнсійная сістэма прапануе выкарыстаць узоры пэнсійнага забесьпячэньня разьвітых краінаў Захаду. Гэта магчыма дасягнуць цягам пэўнага часу, калі будуць разьняволеныя сілы народа, ліквідаваныя штучныя перашкоды для разьвіцьця прадпрыймальніцтва і гандлю, ліквідаваныя прычыны карупцыі і залежнасьць чалавека ад чыноўніка, ды і само чыноўніцтва ў выніку прыняцьця новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу будзе зьменшана ўдвая. Багацьце людзей і краіны стане няўхільна павялічвацца. У гэтых умовах добрай пэнсійнай падтрымкай можа стаць забясьпечаны, практычна, кожны чалавек, які ў той ці іншай ступні рабіў карыснае для грамадзтва. Будзе ўсталяваная зьмешаная салідарна-назапашвальная сістэма (50 на 50 алсоткаў) папаўненьня Пэнсійнага Фонду а сацыяльны падатак зьменшаны амаль ўдвая. У Злучаных Штатах, напрыклад, жонка, якая ніколі нідзе не працавала, пры дасягненьні пэнсійнага ўзросту мае права атрымліваць пэнсію роўную палове (дакладней, “да паловы”) пэнсіі мужа, які працаваў. Гэта цалкам справядліва, улічваючы, што сям’я – гэта ёсьць узаемазьвязаны сацыяльны арганізм. У Праграме “Вольная Беларусь” прапануецца выплочваць сярэдненацыянальную пэнсію жынчыне, якая нідзе не працавала (а значыць, не плаціла падаткі), але вяла хатнюю гаспадарку і даглядала дзяцей у той час, калі працаваў толькі муж. Яе праца ўлічваецца як карысная для грамадзтва, і гэта адпавядае сапраўднаму стану рэчаў. Чацьвертай агульнай вязальнай пазыцыяй Праграмы “Вольная Беларусь” ёсьць задача і звышнеабходнасьць сацыяльна-культурнага і культурна-нацыянальнага адраджэньня Беларускай нацыі. За пэрыяды акупацыяў, калі ворагі нішчылі ўсё беларускае і ўвесь народ, Беларусь панесла велізарныя страты ў культуры, гісторыі, сацыяльных, маральных дачыненьнях. Асабліва нацыянальна і этнічна разбуральным стаўся цяперашні прамаскоўскі пэрыяд калгаснай дыктатуры і ўнутранай акупацыі краіны, які працягваецца і пагражае новымі жахлівымі разбурэньнямі Беларусі. Ажыцьцяўленьне Праграмы “Вольная Беларусь” будзе мець сэнс толькі тады, калі адбудзецца адраджэньне Беларускай нацыі. Без нацыянальнага адраджэньня ня будзе ні краіны, ні свабоды, ні вольнага чалавека, ні дэмакратыі. Нагадаю прытым, што Нацыянальная ідэя па прыродзе сваёй была і ёсьць асновай, грунтам і першаштуршком для новай эўрапейскай дэмакратыі. Людзі, якія імкнуцца да ўлады і не грунтуюцца на Нацыянальнай ідэі, нічога акрамя шкоды для народа і краіны ня зробяць. Прырода нацыі вымагае шанаваць народ і нацыянальныя інтарэсы. Агульнанацыянальная салідарнасьць дзеля будучыні можа адбывацца толькі на Нацыянальнай ідэі якая ёсьць аб’ектыўнай існасьцю. Народная Праграма “Вольная Беларусь” разьлічана на грамадзтва, якое ўсьведамляе сэнс свайго нацыянальнага існаваньня. Па вялікаму кошту, беларусы яшчэ на шляху да такога грамадзтва. Тут патрэбная ня толькі праграма, але і новы салідарны рух “Вольная Беларусь”, заснаваны на агульных прынцыпах гэтай праграмы. Нажаль, нашыя спадзяваньні на самаарганізацыю грамадзтва ў патрэбны рух не спраўджваюцца. Намеры людзей яшчэ не выходзяць у дзеяньні. Гэтаму ёсьць прычыны ня толькі мэнтальныя. Застаецца клясічны падыход: ініцыятыўная група, арганізацыйны камітэт і далейшая праца па стварэньні і кансалідацыі структураў. Беларусь мусіць быць вольнай. І будзе. . 15/5/2017 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |