Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Наш Беларускі Шасьціканцовы Крыж Зянон Пазьняк Дырэктарам беларускага музэю заступіў Антон Шукелойць, які акурат уцёк з бальшавіцкай турмы ў Крупках (фактычна, з-пад расстрэлу) і апынуўся ў Менску. (Як толькі пачалася вайна, энкавэдзісты схапілі яго і, разам з тысячамі такіх жа як ён арыштаваных беларускіх інтэлігентаў, павезьлі этапамі на Ўсход.) Пачалі фармаваць музэйную экспазыцыю. І вось сабралі аднаго разу ўсе ўнікальныя археалягічныя экспанаты, якія засталіся ад ранейшага менскага музэю, расклалі на вялікім шырокім стале каменныя сякеры, наканечнікі, фігуркі, амулеты і задумаліся, што з гэтым рабіць. Паклікалі прафэсара Керзіна, каб той парадзіў. Прафэсар прышоў, кінуў вокам, паўзіраўся і кажа: — Нясіце вядро. Прынесьлі вядро. А прафэсар гэтак адным махам шырокай рукі згроб усе археалягічныя экспанаты і — шух у вядоро. — Выносьце, — кажа, — на сьметнік. — Гэта ж падумаць толькі, — прадаўжаў далей прафэсар Керзін пасьля ўсеагульнай замінкі, — Масква ўсюды рабавала, дзе толькі магла! Па ейнай палітыцы, ніякай культуры на Беларусі не павінна было быць. Усе арыгінальныя знаходкі і ўнікумы — сабе ў Маскву забралі, а нам тут, у Беларусі, муляжы пакінулі, падробкі, хлам: радуйцеся! О, гэта адмыслова. У іх розум не на дабро, ведалі, што рабілі, — рэзюмаваў прафэсар. * * * Гэтую гісторыю расказаў мне аднойчы Антон Шукелойць, разважаючы пра Крыж і муляж Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Муляж Крыжа (калі не прымаць пад увагу ягоную ілюстрацыйную ўжытковасьць) мае, на мой погляд, такі самы сэнс для культуры і такую ж цану, як і той хлам, які прафэсар Керзін выкінуў у вядро для сьмецьця. Муляж наталяе розум, але засоньвае дух, стварае ілюзію, што нешта ўжо ёсьць. Фальшыўка, падробка дае ўяўленьне — і спрыяе забыцьцю рэальнасьці. Калі б хто думаў спэцыяльна, што зрабіць, каб прымусіць беларусаў забыцца пра сваю зрабаваную маскоўцамі культуру і пра яе духоўны сэнс, то замест кляйнота стварыў бы дублікат, пустышку, каб улагодзіць і заспакоіць сярэдніх людзей, і тых, хто ня ведае і не разьбіраецца (якіх, на жаль, вельмі шмат). Што датычыць рэальнага Крыжа Эўфрасіньні, то тут, на мой погляд, сэнс найглыбейшы. Я б сказаў, эзатэрычны сэнс, цудатворны і лёсавызначальны для ўсяго беларускага народа. Зьдзіўляе, зь якой пасьлядоўнасьцю расейцы-бальшавікі імкнуліся неўпрыкметна зьнішчыць Крыж, завалодаць ім, ня даць, каб ён заставаўся на Беларусі. Зь літаратуры вядома, што ў 1929 годзе ГПУ-НКВД вывез Крыж Эўфрасіньні Полацкай зь Менску ў Магілёўскі музэй. (Захаваліся нават прозьвішчы тых гэбістаў, што вывозілі.) Тлумачылі акцыю тым, што, маўляў, рэліквія павінна быць далей ад мяжы, каб гарантаваць бясьпеку. У канцы 70-х мне прыходзілася некалькі разоў размаўляць пра Крыж з былым дырэктарам Магілёўскага гісторыка-краязнаўчага музэю спадаром Філіповічам, які ў 1941 годзе працаваў у музэі і прысутнічаў пры эвакуацыі ягоных экспанатаў. Ён цьвердзіў, што энкавэдзісты вывезьлі тады Крыж ў Маскву. Праўда, пасьля вайны была пушчана плётка (хутчэй за ўсё, праз КГБ), што быццам бы Крыжа на той час у Магілёве не было, і што невядома, дзе ён. Пазьней пускаліся іншыя чуткі, што быццам бы Крыж трапіў то ў Амэрыку (называлі нават калекцыю Моргана), то ў Аўстралію, то ў беларускую эміграцыю, Бразілію і г.д. Пусканьне плётак тымі, хто скраў Беларускую Рэліквію, мяне не зьдзіўляе. Я схільны верыць Філіповічу. Бальшавікі пры эвакуацыі музэя, першым чынам (вядома ж) забралі б Крыж, а не муляжы каменных сякераў, кшталту тых, якія выкінуў на сьмецьце прафэсар Керзін. Але нават калі б сапраўды ў 1941 годзе Крыжа ўжо не было ў Магілёве (хадзілі яшчэ чуткі, што Крыж хавалі ў абкамаўскім партыйным сэйфе), то ці могуць быць сумненьні ў тым, дзе ён апынуўся пасьля таго, як гэбісты забралі яго зь Менску?! Крыж схаваны ў Маскве, і прычыны ягонага знаходжаньня там, відаць, ня толькі культурна-матэрыяльнага і музэйнага кшталту. Нездарма гэтым займаўся НКВД. Там думалі наперад, зьнішчалі дзеля “сьветлай камуністычнай будучыні”. (І, як паказала гісторыя, — дзеля рускай і гэбоўскай будучыні.) Для беларускай нацыі Полацкі Крыж ёсьць сакральны агульнанародны сымвал, гэтак жа, як Пагоня, Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, Вільня, Курапаты, Абраз Маці Божай Вострабрамскай, Наваградак, Мірскі замак, Нясьвіж, Полацак, рака Нёман і гістарычная рака Няміга (дзе цаной вялікіх ахвяраў, у крывавай бітве былі спынены чужынцы), Белавежская Пушча, Крэва і г.д. (Дарэчы, нават маючы на ўвазе толькі тое, што я назваў, заўважце, куды цаляюць непрыяцелі.) Добра вядомы таксама Запавет Шасьціканцовага Крыжа Эўфрасіньні, сэнс якога ў тым, што Полацкі Крыж “жыватворыць” душы народа, сьцеражэ, аберагае краіну. Страта Крыжа — пазбаўляе народ апекі і прынясе няшчасьце тым, хто яго ўкрадзе. І вось ён зьнік. З пачатку 40-х гадоў яго няма на Беларусі. Запавет прыдае Крыжу значэньне пэрспэктыўнага і мабілізуючага нацыю сымвала. (У мяне падазрэньне, што найперш таму ён і быў выкрадзены бальшавікамі-равсейцамі. У ягоным зьнікненьні прачытваецца злая воля.) Крыж Эўфрасіньні — гэта беларускі Грааль, толькі захоўваецца ён ужо не на Монтсальвачы (Полацку), а, відаць, у д’ябальскім замку Шахтэльмарвайль. Нагадаю, што Полацкі Шасьціканцовы Крыж, які сымвалізуе Боскае стварэньне сьвету (шэсьць канцоў — шэсьць дзён стварэньня) ёсьць Крыж-Куфэрак, у якім захоўваюцца кавалак Крыжа Хрыстовага з кроплямі Ягонай Боскай крыві і асколак каменю з крыпты (труны) Багародзіцы. Калі паўзірацца на нашыя пасьляваенныя гады, то відаць, што то тут, то там зьяўляюцца людзі, якім не дае спакою лёс Полацкага Крыжа. Яны пачынаюць разважаць, дзе б ён мог быць. Некаторыя нават парываліся яго безвынікова шукаць. Але, зразумела (хоць, магчыма, яшчэ нямногім), што шукаць Полацкі Крыж трэба ня толькі ў натуральным ягоным выглядзе, як канкрэтную нацыянальную рэліквію, але здабываць у духу, як найсьвятлейшую, вечную праўду, знайшоўшы якую, народ становіцца — бесьсьмяротным. І вось, калі ў чарговы раз зноў ажыла цікавасьць да Полацкага Крыжа, аднекуль, зь вельмі сумніўных сфэраў сьвядомасьці, зьяўляецца прымітыўная ініцыятыва стварыць ілюзію Крыжа, падробку, каб заспакоіць інтэрас ды суцішыць неабуджаны дух. Ствараецца муляж рэліквіі (1997г.), фальшыўка, і хораша абгрунтоўваецца; дзіўныя спонсары, зьвязаныя з Расеяй, дапамагаюць яе зрабіць. Утварылася зьява, як наш цяперашні суверэнітэт, які, заўважце, карэлюецца з муляжным падабенствам Вялікага Сымвала. У іншых умовах і абставінах, пры адсутнасьці маскоўскага сьледу і пры поўнай невядомасьці пра месца знаходжаньня Крыжа, можа і не было б у гэтым чыне вялікай бяды. Хутчэй за ўсё, нават рэалізаваліся б добрыя памкненьні. Але калі ведаем і здагадваемся, што злодзей засеў там, у цёмным замку Кліншора, за крамлёўскімі сьценамі, то ўся гэтая самадзейнасьць выглядае інакш. Тут выяўляецца тыпалягічная рыса пэўнай зьявы. У дачыненьні да беларускай культуры я назваў бы яе “адмоўным эфэктам Керзіна”. Яна (гэтая зьява) вынікае з тыпалёгіі ашуканства і каляніяльных дачыненьняў. Гэтак бэльгійцы некалі рабавалі Афрыку, забіралі брыльянты ды алмазы, а ўзамен давалі шкляныя пацеркі (каб цешыліся). З цывілізаваным народам можна абыходзіцца гэтак жа, калі давесьці ягоную сьведамасьць да ўзроўню Афрыкі. У апошні час месцазнаходжаньнем Полацкага Крыжа спрабаваў цікавіцца Пётр Краўчанка, былы Міністар замежных справаў Беларусі. Але ён ніколі не задумваўся пра Грааль, таму ягоная мімалётная цікаўнасьць ні да чаго не прывяла, а сам ён неўзабаве ператварыўся ў “японскага пасла” ў краіне Ўзыходзячага Сонца. Што дзень наступны нам рыхтуе? Калі вернецца на Беларусь Полацкі Шасьціканцовы Крыж? Дзе ягоныя рыцары і абаронцы? Хто дасьць адказ? Але ня трэба адказу. Ужо даўно, так даўно, што сталі, як мроя, ”усё лятуць і лятуць тыя коні, срэбнай збруяй далёка грымяць…” Зянон ПАЗЬНЯК, Варшава 12/8/2002 › Старонкі гісторыі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |