Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Нацыянальная сьведамасьць

Зянон Пазьняк
Узровень жыцьця людзей як супольнасьці залежны ад дачыненьняў паміж асобай (асобным чалавекам) і грамадзтвам. Дачыненьні паміж асобай і грамадзтвам вымяраюцца супольнай сьведамасьцю. Гістарычна чалавечая супольнасьць асэнсавала і прайшла праз розныя віды сьведамасьці і захавала яе рэлікты.

Напачатку існавала сьведамасьць, дадзеная прыродай — усьведамленьне віду (людзі — і ўсё астатняе). Потым — родава-племянная. Затым, з разьвіцьцём цывілізацыйнага працэсу (а ён пачаўся тады, калі людзі сталі жыць асела і працаваць на зямлі), узьнікае этнічная (тутэйшая) сьведамасьць. Супольны інтэрас і супольнае адзінства вымяралася ў гэты час па тэрыторыі, па звычаях (культуры) і па мове.

Наступны этап — народная сьведамасьць. Яна зьвязаная са стварэньнем дзяржавы і дзяржаўнага віду ўлады. Супольнае адзінства і дачыненьні людзей асэнсоўваліся на ўзроўні забесьпячэньня агульных сацыяльна-культурных інтарэсаў.

У XVIII-XIX стагоддзях цывілізацыйны працэс прывёў да зьяўленьня нацыянальнай сьведамасьці, калі супольнасьць гуртуецца на аснове нацыянальнай ідэі, якая ўбірае ў сябе ўсе ранейшыя дасягненьні этнічнага і народнага духа, абагульняе інтарэсы і выступае ў якасьці нацыянальнай ідэалёгіі. Рэалізацыяй нацыянальнай сьведамасьці ёсьць вольная нацыянальная дзяржава, якая забясьпечвае ўсебаковае існаваньне і разьвіцьцё нацыі і кожнага асобнага чалавека. Гэта той стан сьведамасьці, у якім знаходзіцца зараз цывілізаваны сьвет.

Нацыянальная сьведамасьць мае тую асаблівасьць, што зьяўляецца прыярытэтнай перад сацыяльнай сьведамасьцю і перад усімі астатнімі. Менавіта гэтая асаблівасьць забясьпечвае моц і існаваньне нацыянальнай дзяржавы і ўласна самой нацыянальнай сьведамасьці, бо зьяўляецца яе найгалоўнейшай рысай.

На практыцы гэта выглядае так, што кожны грамадзянін нацыі ўсьведамляе агульны інтэрас нацыі як свой асабісты, ён разумее лучнасьць інтарэсаў і абараняе іх.

У чалавека ненацыянальнай сьведамасьці (альбо дэнацыяналізаванага) асабісты інтэрас і інтэрас агульнанацыянальны (грамадзкі, дзяржаўны) існуюць як бы незалежна. Такі чалавек дбае толькі пра свой інтэрас і, як часта бывае, — насуперак агульным інтарэсам нацыі.

Людзі нацыянальнай сьведамасьці заўсёды аддаюць перавагу агульнанацыянальным каштоўнасьцям перад сацыяльнымі, палітычнымі, канфэсійнымі, групавымі, эканамічнымі і г.д. Гэтая асаблівасьць нацыянальнай сьведамасьці трымае ў моцы і ў адзінстве і такую, напрыклад, маналітную нацыянальна зьяднаную краіну, як Польшча, і поліэтнічную эміграцыйную Амэрыку. Нацыянальная сьведамасьць грамадзтва дае магчымасьць бяз цяжкасьцяў праводзіць узгодненую, агульнанацыянальную ўнутраную і зьнешнюю палітыку, вырашаць шэраг грамадзкіх задачаў.

Напрыклад, ні ў польскіх кансэрватараў, ні ў сацыялістаў, ні ў былых камуністаў не ўзьнікае думкі дыскутаваць пра незалежнасьць Польшчы ці пра дзяржаўнасьць польскай мовы, ці пра неабходнасьць польскай школы, ці аб прызнаньні нацыянальнага гэрбу ці сьцягу і г. д. Нацыянальная сьведамасьць стварае каштоўнасьці, бясспрэчна агульныя для ўсяго грамадзтва. Ёсьць агульнанацыянальная неабходнасьць быць Польшчы ў НАТО– і ўсе польскія партыі праводзяць узгодненую палітыку, незалежна ад перамены ўлады, зьмены ўраду і г. д.

Тое ж самае — ў ЗША. Нацыянальныя інтарэсы, нацыянальная ідэя, амэрыканскія каштоўнасьці — вышэйшыя за ўсе ўнутраныя, расавыя, сацыяльныя, канфэсійныя і іншыя інтарэсы, і нават канфлікты. Любімае выслоўе амэрыканскіх прэзыдэнтаў: “Думайце не пра тое, што Амэрыка зрабіла для вас, а што вы зрабілі для Амэрыкі”.

Грамадзтва, якое ёсьць на ўзроўні нацыянальнай сьведамасьці, дзе існуе нацыянальны прыярытэт у паводзінах асобы, такое грамадзтва можа самаіснаваць, яно самадастатковае, яно здольнае на самакіраваньне і можа абыйсьціся без улады, устаноўленай зьверху ці звонку (абсалютызм, манархія, насьледнае каралеўства, дыктатура, імпэрыя, каляніяльнае праўленьне і г.д.).

Грамадзтва на ўзроўні нацыянальнай сьведамасьці выклікае новы тып улады — дэмакратыю, стварае нацыянальную дэмакратычную дзяржаву. Гэта натуральны стан нацыянальнай дзяржавы, якая іманэнтна (унутрана) імкнецца да дэмакратыі. Усялякія адхіленьні ад дэмакратыі (дыктатура, аўтарытарызм, аўтаркія і г.д.) асэнсоўваюцца як неадпаведныя, і нацыянальнае грамадзтва імкнецца да аднаўленьня дэмакратычнай раўнавагі.

* * *

Нацыянальная сьведамасьць фармавалася ў змаганьні з імпэрыяй і імпэрскай ідэалёгіяй. Імпэрская сьведамасьць заўсёды выяўляла інтарэсы групы ўлады, заўсёды была таталітарнай ідэалёгіяй і, як правіла, абапіралася на нейкі адзінанародны ўніфікацыйны прынцып, накінуты зьверху ці звонку.

Імпэрыя — гэта прынцып дзяржаўнай арганізацыі ўлады, які ўзьнік і мог існаваць на ўзроўні народнай сьведамасьці. Разьвіцьцё нацыянальнай сьведамасьці народаў прывяло да распаду імпэрыяў.

Аднак распад імпэрскага абсалютызму не заўсёды прыводзіў да поўнай ліквідацыі імпэрыі. Імпэрская ідэалёгія (адзіны ўніфікацыйны прынцып улады) аказвалася жывучай, калі перапляталася з нацыянальнымі інтарэсамі. Гэта прыводзіла да новых формаў таталітарызму, да ўнутраных і зьнешніх канфліктаў, станавілася прычынай войнаў.

Эўрапейскія нацыі і эўрапейскае нацыянальнае думаньне перажылі дзьве вялікія нацыянальныя рэвалюцыі (“вёсны народаў”). Першую — у сярэдзіне ХІХ-га стагоддзя (1848-1849 гг.), якая была задушана імпэрыямі, і другую — у першай чвэрці ХХ-га стагоддзя, якая завяршылася перамогай нацыяў і абнаўленьнем мапы Эўропы (пасьля І-й Сусьветнай вайны), крахам эўрапейскіх і сусьветных імпэрыяў (акрамя Расеі).

Заўважым, што тыя народы, якія стварылі ў той час нацыянальныя дзяржавы, дамагліся незалежнасьці і прайшлі потым пэрыяд нацыянальна-дзяржаўнай стабілізацыі (гэта, у сярэднім, 20-25 гадоў — адно пакаленьне), тыя народы поўнасьцю ўключыліся ў сістэму эўрапейскай дэмакратычнай цывілізацыі і забясьпечылі незваротнасьць нацыянальнага працэсу існаваньня.

Тыя нацыі, якія потым неўзабаве згубілі дзяржаўную незалежнасьць і апынуліся ў таталітарнай імпэрыі — бальшавіцкай Расеі, — тыя нацыі страцілі гістарычны час, не прайшлі абавязковага пэрыяду нацыянальна-дзяржаўнай стабілізацыі і, што страшна, — сталі аб’ектам генацыду і нацыянальнага вынішчэньня. Нацыянальна-псіхалягічная і ідэйна-нацыянальнае разьвіцьцё іх — было затарможана.

Найбольш пацярпелі ў гэтым сэнсе беларусы і ўкраінцы. Вынішчалася, перш за ўсё, нацыянальная сьведамасьць і яе актыўныя носьбіты. За некалькі пакаленьняў перажытага расейска-бальшавіцкага таталітарызму і масавага зьнішчэньня ідэйна-нацыянальная самаідэнтыфікацыя грамадзтва гэтых краінаў (асабліва Беларусі) была адкінута на рэліктавы ўзровень этнічна-тутэйшай сьведамасьці. Але самае страшнае тое, што за няпоўнае стагоддзе гвалту, хлусьні і фальшывых дачыненьняў адбылася масавая люмпэнізацыя сьведамасьці вялікай колькасьці людзей. Менавіта распаўсюджанасьць люмпэнізаванай (“савецкай”) сьведамасьці стала адным з галоўных чыньнікаў выбраньня Лукашэнкі на прэзыдэнта Беларусі.

* * *

Аднак сітуацыя, у якой апынулася беларускае грамадзтва ў выніку 73-х гадоў расейска-бальшавіцкай акупацыйнай палітыкі, у прынцыпе падлягала выпраўленьню пасьля дасягненьня дзяржаўнай незалежнасьці. Нацыя магла адрадзіць і дзяржаву, і культуру, і стабілізаваць нацыянальнае грамадзтва. Дзеля гэтага трэба было разьвівацца паскорана ў спрыяльных умовах, і перш за ўсё — аднавіць нацыянальную эліту, беларускую школу і нацыянальную сістэму адукацыі, накіраваную на разьвіцьцё нацыянальных інтэлектуальных магчымасьцяў і фармаваньня беларускай нацыянальнай сьведамасьці.

У 1994 годзе, пасьля выбраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам і наступным усталяваньнем прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі, магчымасьці нацыянальнага Адраджэньня і стабілізацыі, пры існаваньні рэжыму, практычна, зьведзеныя да мінімуму (і прадаўжаюць зьмяншацца).

Беларусь зараз перажывае адну з самых небясьпечных калізіяў сваёй гісторыі (прытым значная частка грамадзтва таго не ўсьведамляе), калі вырашаецца лёс далейшага існаваньня Беларускай нацыі.

Тым ня менш, пры наяўнасьці моцнай нацыянальнай эліты, нацыянальнай ідэі і нацыянальнага руху, супадзеньне розных пратэстных чыньнікаў (якое паступова нарастае) магло б прывесьці да выпраўленьня становішча.

* * *

Падсумоўваючы сказанае, зьвяртаю ўвагу на істотныя акалічнасьці. Пасьля распаду СССР Беларусь мела лепшыя эканамічныя, сацыяльна-матэрыяльныя і навукова-тэхнічныя пэрспэктывы незалежнага разьвіцьця, чым іншыя краіны-суседзі ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, што вызваліліся з-пад расейскага камунізму. Але ў параўнаньні зь імі, у Беларусі была моцна дэфармаваная нацыянальная сьведамасьць насельніцтва. Нават адукаваныя савецкія беларусы, людзі інтэлектуальнай працы, у большасьці, не разумелі і не арыентаваліся ў прасьцейшых пытаньнях нацыянальна-культурнага існаваньня (якія ў іх, да таго ж, не былі прыярытэтнымі).

Такое грамадзтва не магло эфэктыўна супрацьстаяць антыбеларускай палітыцы і неўзабаве страціла свае перавагі. І нават незалежнасьць дзяржавы апынулася пад пагрозай.

У той жа час суседзі, будучы больш нацыянальна салідарызаванымі, пайшлі наперад у сваім нацыянальна-дзяржаўным разьвіцьці і знаходзяцца ўжо на парозе Эўропы. Вырашальным чыньнікам стала нацыянальная сьведамасьць грамадзтва.

Зьвяртаю ўвагу таксама, па якіх накірунках вядзецца сучасная вайна супраць Беларусі. Першая антыбеларуская акцыя рэжыму — зьнішчэньне нацыянальных сымвалаў. Потым — ліквідацыя дзяржаўнай функцыі беларускай мовы, ліквідацыя беларускай школы, адукацыі і асьветы на беларускай мове, кантроль над інфармацыяй і перавод яе на чужую мову, разбурэньне беларускага мастацтва і літаратуры, разбурэньне беларускай фундамэнтальнай навукі, стварэньне ўмоваў для маральнай дэградацыі насельніцтва (адкрыцьцё на Беларусь чужой разбуральнай інфармацыйнай прасторы, чужога разбуральнага тэлебачаньня, запрашэньне антымастацкіх гастрольных групаў, цэнавая стымуляцыя п’янства, дыскрымінацыя і стварэньне нецярпімасьці да беларушчыны ў сістэме дзяржаўных установаў і г.д.).

Дэнацыяналізаваная бюракратыя і частка насельніцтва лёгка паддаюцца такой ненармальнай палітыцы, часам нават не здагадваючыся, што існуюць у сітуацыі абсурду. Калі сказаць коратка, то ўся стратэгія антыбеларускіх дзеяньняў і ўся сістэма разбурэньня накіравана на тое, каб беларусы не разьвіваліся, як нацыя, каб не ўсьведамлялі чалавечую і нацыянальную годнасьць свайго існаваньня, каб ня мелі нацыянальнай сьведамасьці. У выніку такой палітыкі непрыяцелі Беларусі ствараюць і плянуюць грамадзтва суіцыду, нацыянальнага самазьнішчэньня.

Аднак ня трэба думаць, што беларускае грамадзтва у выніку акупацыйнай палітыкі ўжо цалкам нацыянальна задушана і ня здольнае да нацыянальнага Адраджэньня.

Для нармальнага разьвіцьця нацыянальнай культуры і фармаваньня асобы неабходныя нацыянальная асьвета, адукацыя і спрыяльная дзяржаўная палітыка. Цяпер гэта ліквідавана. Аднак, ня гледзячы ні на што, беларускае грамадзтва знаходзіцца ў значна лепшым ідэйным і нацыянальным стане, чым яно было ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, напярэдадні стварэньня Беларускага Народнага Фронту і напярэдадні аднаўленьня незалежнасьці. Перажытае — не зьнікае бяссьледна.

Грамадзтва — гэта ня простая сума людзей і не натоўп. Перажываемы сацыяльна-палітычны вопыт, які асэнсоўваецца часткай беларусаў, незалежна ад афіцыйнай прапаганды і хлусьні, можа аказацца нядрэнным нацыянальным унівэрсітэтам, і тады загоншчыкі народа загоняць у пастку толькі самых сябе.

Цяпер акурат настае вызначальны час. Антыбеларускія заявы прэзыдэнта Расеі Пуціна, зробленыя ім у жніўні гэтага года, паказваюць, што расейскае кіраўніцтва лічыць ужо сваю чорную справу зробленай і паводзіць сябе так, нібы беларускі народ не існуе. Адсюль той грубы цынізм і адкрытая непавага да беларускай нацыі. Беларусам даюць зразумець, што лічаць іх за нішто, не за народ, а за сьмецьце, і таму кажуць у твар: мы вас анэксуем, ліквідуем, забярэм вашу зямлю і краіну, падзяліўшы на сем частак. Выбірайце: альбо адразу, альбо праз “саюз” і “дружбу навек”.

У нацыянальна разьвітай краіне такая заява выклікала б узрыў грамадзкага абурэньня і, хутчэй за ўсё, — спыненьне дыпляматычных адносінаў паміж дзяржавамі, паколькі гэта ёсьць пагроза вайны. У Беларусі нічога такога не назіраецца, бо краіна ўжо знаходзіцца ў стане ўнутранай прамаскоўскай акупацыі, а невысокі ўзровень нацыянальнай сьведамасьці і прадажнасьць элітаў не дазваляе адэкватна ацаніць небясьпеку.

І тым ня менш, — няма прычыны да роспачы. Становішча ня ёсьць аж такім дрэнным. Вопыт, які перажывае цяпер беларускае грамадзтва, вельмі істотны. Асэнсаваньне і рэакцыя высьпяваюць ў беларусаў павольна, але падзеі сьпеюць, і не ў карысьць рэжыму акупантаў. Беларуская ідэя жыве і разьвіваецца ўзьняты Беларускі Сьцяг. Пад яго павевы хутка стане мноства людзей, і не пазнаць будзе нашу ціхую Беларусь. Няхай жа мацнеюць шэрагі і набліжаецца Сьветлы час.

Зянон ПАЗЬНЯК, Варшава

17/9/2002 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2002
П А С Ч П С Н
« Жні   Люты »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024