Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк З палітычных падзеяў, якія мелі значэньне для інтарэсаў Беларусі, я б адзначыў ліквідацыю Менскай Місіі АБСЭ і галоўнае — выдаленьне ў сувязі з гэтым Ганса Віка – галоўнага архітэктара стварэньня грантавай намэнклятурнай “апазыцыі” і разбурэньня Беларускага Народнага Фронту. Выдаленьне адыёзнай фігуры прадстаўніка нямецкіх спэцслужбаў зь беларускай палітыкі часткова аздаравіла абставіны змаганьня ў Беларусі. Але ў цэлым прысутнасьць у краіне міжнародных арганізацыяў (у тым ліку і АБСЭ) ёсьць станоўчая і неабходная зьява ў цяперашнім беларускім жыцьці. Істотнай падзеяй стала інтэнсіфікацыя расейскай інкарпарацыйнай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Гэта выявілася ў чэрвеньскіх і жнівеньскіх заявах прэзыдэнта Расеі Пуціна (зробленых у 2002 годзе) аб плянах анэксіі нашай краіны. З пачатку 2003 г. пасьля маскоўскіх заяваў адчувалася ліхаманкавая падрыхтоўка рэфэрэндуму ў Беларусі аб прыняцьці так званага “канстытуцыйнага акту”, які даў бы магчымасьць зьмяніць Канстытуцыю і пачаць анэксію па адпаведных тэхналёгіях (увядзеньне расейскіх грошай на Беларусі, захоп беларускай нацыянальнай маёмасьці расейцамі і г.д.). Вясной-летам гэтага года грунтоўна асэнсавала і рэзка выступіла супраць рэфэрэндумных плянаў Масквы толькі Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ. Па-за межамі фронтаўскай пазыцыі — альбо маўчаньне, альбо неадэкватныя дзеяньні (заклікі рыхтавацца да парляманцкіх выбараў у “палату” і т.п.). Гэта вельмі паказальная зьява, якая добра ілюструе, што абазначае на самай справе так званы “раскол” Беларускага Народнага Фронту. У міжнародным жыцьці за гэтыя два гады адбылося некалькі вельмі сур’ёзных падзеяў, але ніводная зь іх не паспрыяла змагарнай барацьбе супраць акупацыйнай палітыкі на Беларусі. Па-першае, адбылася амэрыканска-талібанская вайна ў Аўганістане, якая істотна паўплывала на дачыненьні ў сьвеце. Другая амэрыканская вайна пачалася сёлета 20 красавіка ў Іраку і набыла на цяперашні дзень ужо выразныя рысы партызанскага супраціўленьня супраць амэрыканцаў. На жаль, спраўджваюцца мае перасьцярогі, выказаныя у верасьні 2001 года (адразу пасьля зьнішчэньня вежаў міжнароднага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку) аб неразуменьні Захадам Усходняга сьвету і аб небясьпецы партызанскай вайны, якую Захад можа прайграць. (“Беларускія Ведамасьці”, — 2001, №8/38; “Народная Воля”, — 2001, 20 верасьня). Зьнішчэньне ці злаўленьне Садама Хусэйна тут наўрад ці ў чым дапаможа. Партызанская вайна на Ўсходзе — гэта не карыснае для нас разьвіцьцё падзеяў, бо мы, беларусы, павінны падтрымліваць Амэрыку і быць зацікаўленымі ў станоўчым пра-амэрыканскім заканчэньні збройнага канфлікту ў Іраку. Ужо ўвосень 2001 года стала зразумела, што лібэральная Эўропа (найперш) з сваёй чэмбэрленаўскай палітыкай двайных стандартаў здрадзіла Чачэніі і, дбаючы пра свае інтарэсы, стала апраўдваць генацыд рускіх дзяржаўных тэрарыстаў, прадала чачэнскі народ дзеля сваёй эфэмернай дыпляматычнай выгады. З усіх міжнародных падзеяў гэтага пэрыяду здача Чачэніі Захадам найбольш неспрыяльна адбіваецца на беларускім змаганьні з расейскай інкарпарацыйнай палітыкай, бо справа свабоды Чачэніі і справа незалежнасьці Беларусі ёсьць апасродкавана ўзаемазьвязаныя зьявы. Апошняя падзея бягучага года, якая будзе мець дачыненьне да міжнародных адносінаў, — гэта парляманцкія выбары ў Расеі, пасьля якіх можна ўжо казаць ня проста пра ўладу Лубянкі ў Расеі, а пра абсалютную дыктатуру кагэбізму ў гэтай краіне. * * * Прыгледзімся да становішча на Беларусі і ў сьвеце. Нагадаю некалькі палажэньняў, якія ёсьць дадзенасьцю, што ляжыць у аснове разуменьня. Ліквідацыю дыктатуры КПСС і вяртаньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ажыцьцявіў Беларускі Народны Фронт, не пераняўшы ўлады ад савецкай намэнклятуры. Улада засталася ў старой каляніяльнай і прамаскоўскай адміністрацыі. Другая дадзенасьць. Гісторыя і рэчаіснасьць паказваюць, што, незалежна ад таго, хто ажыцьцяўляе ўладу ў Расеі і хто засядае ў Крамлі (цар, царыца, фаварыт, юродзівы, тэрарыст, дыктатар, партакрат, дэмакрат, алігарх, лібэрал, камуніст, гэбіст і г. д.), палітыка Расеі ў дачыненьні да Беларусі застаецца нязьменнай: захапіць краіну і зьнішчыць усё беларускае. Тактыка ня мае значэньня гэтак жа, як і характар улады. Палітыка Расеі заўсёды аднолькавая: імпэрская, шавіністычная і вялікадзяржаўная. Бо Расея ня ёсьць нацыянальнай дзяржавай. Па структуры, сутнасьці і адпаведна палітыцы, па паняцьцях людзей – гэта шматковая імпэрыя, гістарычны перажытак на мапе Зямлі, небясьпечны сваёй агрэсіўнасьцю і тэрытарыяльным рэсурсам. Беларусу, які гэтага ўсяго не зразумеў, я б ня раіў ісьці ў палітыку. Гэта небясьпечна альбо для яго, альбо для Беларусі. Цэлая плойма палітычных нягоднікаў, здраднікаў, дурняў і калябарантаў, што не маглі гэта ўсьвядоміць, супрацоўнічалі з расейскай уладай, тапталі і гробілі Беларусь. І адначасна шэрагі, масы палітычных ідэалістаў, пачынаючы ад ураду БНР і аж да беларускіх нацыанал-камуністаў, разьвіталіся са сваімі жыцьцямі ў Курапатах ды турмах ГУЛАГу, вярнуўшыся ў СССР і не захацеўшы ўспрыняць відавочную праўду. Расейскі імпэрыялізм ёсьць бязьлітасны і вечны вораг Беларусі і беларускай нацыі. Беларусам гэта трэба напісаць чырвонымі літарамі на ілбе, калі толькі яны хочуць выжыць, зьберагчы сваю Бацькаўшчыну і дзяржаву. Наступнае, што трэба ўлічваць канкрэтна і рэальна (а не абстрактна і тэарытычна), што ўлада ў Беларусі і ў Расеі знаходзіцца цяпер у руках савецкага КГБ. Прытым у Расеі яна вырабленая, поўная, усеагульная і, ад нядаўняга часу, абсалютная. Сумяшчэньня толькі гэтых трох пазыцыяў дастаткова, каб зразумець, што мусіць адбывацца і што адбываецца на Беларусі. А гэта этнацыд беларусаў, лінгвацыд і падрыхтоўка да інкарпарацыі, якая ўскладняеццца, аднак, канфліктам маскоўска-менскіх інтарэсаў. На канфлікце інтарэсаў хоча імітаваць сваю палітыку намэнклятурная “апазыцыя”, створаная Гансам Вікам. Імітатары едуць раз пораз то ў Брусэль, то ў Маскву. Але канфлікт інтарэсаў гэта ёсьць канфлікт у межах адной палітычнай сілы савецкага КГБ. Ён узьнік у асяроддзі адной антыбеларускай каманды, якая займаецца супольнай справай – “злучэньнем” Беларусі з Расеяй. Гэтая сіла кіруе таксама ўяўным змаганьнем супраць сябе з боку “апазыцыі” Віка (што на гэбоўскім жаргоне называецца ўжо “кіруемым канфліктам”). Рэальны канфлікт на Беларусі – гэта барацьба за існаваньне Беларускай дзяржавы і нацыі паміж сіламі рускага імпэрыялізму, з аднаго боку, і сіламі беларускага нацыянальнага Адраджэньня – з другога. Усё, што наўзбоч ад гэтай барацьбы, — спрыяе Маскве і яе палітыцы. Такая лёгіка змаганьня і сітуацыі, што існуе на Беларусі. * * * Вынішчэньне Беларусі абумоўлена, перш за ўсё, суседзтвам з Расеяй. Але існуюць таксама іншыя геапалітычныя і палітычныя чыньнікі, якія ўплываюць на трагедыю нашай краіны. Адной з прычынаў цяжкасьці нашага цяперашняга нацыянальнага разьвіцьця зьяўляецца тое, што доўгачаканае вяртаньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ў 90-х гадах ХХ-га стагоддзя супала з пачаткам усеагульнага крызісу дэмакратыі ў сьвеце. Пасьля распаду СССР у бальшыні эўрапейскіх краінаў ва ўладу праніклі агрэсіўныя лева-лібэральныя палітычныя праслойкі, людзі багемнага, нізкага палітычнага ўзроўню, якіх раней ніхто не ўспрымаў усур’ёз (як і ўвогуле лібэральныя партыі). Да гэтага Эўропа ведала эканамічны лібэралізм. (Мы маем тут свае засьцярогі, бачым у эканамічным лібэралізме плюсы і мінусы, але не пра гэта будзе наша гаворка.) У канцы ХХ-га стагоддзя сітуацыя пагоршылася, і грамадзтва загаварыла пра лібэралізм у культуры як пра адмаўленьне ад народных і хрысьціянскіх традыцыяў культуры, этыкі і маралі, і нават – ад законаў прыроды. Лібэралізм у культуры разумее дэмакратычную свабоду як свабоду ўсяго, абсалютызуе правы індывідуальнасьці, незалежна ад этычных і ацэначных каштоўнасьцяў грамадзкай маралі. У сьветапогляднай аснове лібэралізм у культуры апэлюе да філясофіі рэлятывізму, што дае яму магчымасьць, агулам кажучы, ўраўноўваць зло з дабром. Жыцьцёвыя ўстаноўкі асобы лібэральнага грамадзтва арыентаваныя на посьпех, узровень жыцьця – на камфорт, маральна-этычнае існаваньне – на геданізм і вострыя адчуваньні, што прыводзіць да зацыкліваньня на палавых дачыненьнях і да камплексацыі на збачэнствах. Дэмакратычная атмасфэра і рэлятывісцкі падыход спрыялі разьвіцьцю лібэральных маргінальных групаў і пашырэньню рэгрэсу, што асабліва стала адчувацца з ростам мас-культуры і з посьпехам тэхнікі тэлебачаньня, дзе лева-лібэральныя падыходы знаходзілі асяроддзе існаваньня і сродкі прапаганды. Дэмакратычная сістэма стварыла мэханізм пранікненьня збочанасьці ва ўладу, выплываньня маральнага дна на паверхню грамадзтва. Такім мэханізмам легалізацыі стала электаральная схема дэмакратычных выбараў. Палітыкі, змагаючыся за галасы, сталі апэляваць да маргінальных групаў дэмакратычнага грамадзтва, адмяжоўваючыся ад маралі. Найбольш шырока і бессаромна выкарыстаў гэтую схему прэзыдэнт ЗША Уільям (Біл) Клінтан. Цяпер стала за звычай, калі ўзамен за якіх пару сотняў галасоў палітыкі на Захадзе абяцаюць свабоду і льготы збачэнцам. Пачалося перакульваньне натуральных і народных каштоўнасьцяў. У сістэме права дэмагагічна выкарыстоўваецца паняцьце свабоды, у сістэме заканадаўства – права нацыянальных мяншыняў на культурна-этнічнае разьвіцьцё (калі збачэнцы і маргінальныя групы сацыяльнай рызыкі прыроўніваюцца да этнічных меншасьцяў) і г.д. У сістэме лібэральнай эканомікі збочанасьць уведзена ў бізнэс, стала таварам. Распуста, звыродлівыя палавыя мутацыі, адхіленьні ад прыроды і ад нармальнасьці атрымалі легальны шырокі рынак тавараў і паслуг, прыносяць мільённыя даходы. Перш за ўсё з гэтай прычыны легалізаванае паскудства характарызуецца паўсюднай агрэсіўнасьцю. Карыстаючыся ўсёдазволенасьцю, яно пранікае ва ўсе поры заходняга грамадзтва, сьведама імкнецца ў сродкі інфармацыі, у палітыку і бізнэс, у рэлігію, у сістэму адукацыі і выхаваньня, разбурае мастацтва і цалкам апанавала мас-культуру, дэфармуе духоўныя адносіны людзей, разбурае сям’ю. Узьнікае цывілізацыя абсурду, у якой людзі трацяць здаровы сэнс, перасталі разумець адзін аднаго і прыроду рэчаў. На першы погляд, складваецца ўражаньне, што Эўропа і сьвет (акрамя сьвету ісламу) перажываюць шок. Усе маўчаць, нібы паралізаваныя. Настолькі хутка і легальна адбываецца маральны рэгрэс, што людзі ня ў стане паверыць у сур’ёзнасьць абсурду і рэальнасьць зьяваў, якія разгортваюцца ў іх на вачах. Тым ня менш, гэта сур’ёзна і небясьпечна, бо крызіс дэмакратыі навідавоку. Лібэралізм не цікавіцца пытаньнямі нацыянальнага разьвіцьця. Нацыянальная культура – гэта сьмерць для расперазанага лібэралізму. У гэтакіх абставінах дэградацыі культуры ажыцьцяўляецца цяпер ідэя “аб’яднанай Эўропы”. Ідэя ня новая. Пра лёзунг “злучаных штатаў Эўропы” (перш, чым пабудаваць свой камуністычны “новы сьвет”) гаварылі яшчэ ў пачатку ХХ-га стагоддзя розныя масоны і сацыялісты. Потым, у 1930-1940-х гг. за пабудову “новай Эўропы” ўзяўся Гітлер. Ідэя была нацыянал-сацыялістычная. І, нарэшце, у другой палове ХХ-га стагоддзя ўзьнік плян “аб’яднанай Эўропы”. Плян без ідэі. Аб’яднаньне на падставе агульнага рынку, гандлю, вытворчасьці і дэмакратыі. Гэта значыць, на падставе той дэмакратыі, пра крызіс якой я толькі што гаварыў. Эканамічна спустошаным краінам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія хочуць выйсьці з-пад пагрозы Расеі і паправіць сваё гаспадарчае становішча, уступіўшы ў Эўразьвяз, заходнія краіны ставяць крызісныя ўмовы ўваходжаньня. Напрыклад, прапануюць прызнаць адмаўленьне ад Бога і ад традыцыяў хрысьціянскай культуры на грамадзка-дзяржаўным і палітычным узроўні, патрабуюць прыняць законы аб свабодзе рабленьня абортаў, аб свабодзе і легальнасьці палавых збачэнцаў, аб сацыяльных льготах для іх, аб легальнасьці так званых аднаполых “шлюбаў” збочаных людзей, і нават аб “праве” іх браць на выхаваньне чалавечых дзяцей. Я называю рэчы, якія беларусу былі невядомыя і не маглі б прысьніцца нават у кашмарным сьне. А яны тут во, ужо зьявіліся, існуюць побач – будуецца “аб’яднаная Эўропа”. Цяпер сярод польскіх палітыкаў усё часьцей гучаць выказваньні, што Польшча пасьпяшалася ўступаць, што трэба было пачакаць, стаць на ўласныя ногі, упарадкаваць краіну і ня йсьці ў Эўразьвяз на каленях. Для нас пытаньне, аднак, у тым, ці трэба увогуле туды ісьці. Ужо выразна відаць, што ў Эўропе ствараецца новая лібэральная звышдзяржава на цалкам не жыцьцёвай аснове. Тыранія дрэні яшчэ не выяўляецца, але агрэсія ўжо ёсьць. Эўразьвяз будуецца вакол паразуменьня дзьвюх дзяржаваў — Францыі і Нямеччыны, — якое можа скончыцца, як толькі Нямеччына набярэ сваёй патэнцыйнай моцы, а Францыя пакрыўдзіцца. Нямеччына ўжо цяпер вядзе сваю традыцыйную палітыку паразуменьня з Расеяй, гандлюецца Беларусяй, росьціць пляны пра будучыню Ўсходняй Прусіі і г.д. Усё гэта мы добра ведаем. Цяпер у Бэрліна новая тактыка для Беларусі. Фармуюць прыхільнікаў крочыць у Эўразьвяз. Вось ваша будучыня, маўляў, — у аб’яднанай Эўропе, разам з намі. Адным словам, засталося толькі: на калені – і крокам руш. Палітычная карціна, якую ствараюць немцы з маскоўцамі на Беларусі, такая: адны беларусы “інтэгруюцца” з Расеяй, іншыя – крочаць па шчасьце ў Эўразьвяз. Але і ў Масквы, і ў Эўразьвяза свае інтарэсы ў нашай краіне. Па-за межамі гэтых інтарэсаў і Маскве, і Эўразьвязу напляваць на Беларусь, на беларускі народ, на беларускую мову і на беларускую незалежнасьць. Дастаткова толькі пачытаць выказваньні розных “эўраваяжораў” на Беларусь (усялякіх гросэраў ды мюлеманаў), каб пераканацца ў гэтым (пра Г. Віка ўжо не ўспамінаем). Так што расейцы зь немцамі тут добра каардынуюцца. Гэтакая сітуацыя і дачыненьні паміж Усходам і Захадам у нас існавалі апошнім часам пастаянна. Аднак усё абвастрылася, калі Маскве і Брусэлю (дакладней – Бэрліну) ўдалося аслабіць і раскалоць Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, прыдушыць нацыянальна-вызвольныя сілы. * * * Нашыя бліжэйшыя задачы усім нам, беларусам, павінны быць зразумелыя – любой цаной не дапусьціць страты незалежнасьці нашай краіны, зьберагчы мову, культуру, працу і маёмасьць Беларусі шляхам ліквідацыі нелегітымнай прамаскоўскай улады. Але змагаючыся штодзень з прамаскоўскім рэжымам за нацыянальнае выжываньне і дзяржаўнае існаваньне, мы мусім улічваць становішча ў сьвеце і мець бачаньне нашай будучыні. Само жыцьцё паказвае нам, што мы павінны рабіць і як весьці свой нацыянальны рэй. Наш шлях – незалежная моцная Беларусь. Нам ня трэба ні ўлева, ні ўправа, ні на Ўсход, ні бяздумна на Захад. Мы – Эўропа. Эўропа Ўсходняя. Нас нічога добрага не чакае ў цяперашняй лібэральнай заходняй Эўропе. Мы там чужыя. Гэтак жа, як чужыя і ў Расеі. Мы іншыя эўрапейцы, бо не згубілі душы. Беларусь – наша Эўропа. Але акрамя падступных палітыкаў, сквапных інтэрасантаў, дзялуноў і спажыўцоў, мы маем там, на Захадзе, мноства прыхільнікаў і добрых сяброў, якімі трэба даражыць. У нас ёсьць таксама свой інтэрас на Захадзе. Нам ня варта ўступаць у Эўразьвяз, але нам трэба, мы мусім супрацоўнічаць зь ім і з НАТО на ўзаемных умовах. Нашыя саюзьнікі – гэта нашыя суседзі, для якіх Расея ёсьць таксама агульным суседам і агульным антаганістам. У нашай беларускай незалежнасьці, у нашай дзяржаўнасьці гістарычна не было і аб’ектыўна не існуе цяпер ніякіх сяброў, ніякіх прыхільнікаў і ніякіх спрыяльнікаў у Расеі. Там толькі непрыяцелі нашай незалежнасьці. Гэтая сумная, але відавочная аксіёма павінна вызначаць нашу пазыцыю і нашу палітыку цяпер і ў будучыні. (Добрая мяжа, мінімалізацыя эканамічнай залежнасьці ў гандлі таварамі і энэргетычнымі рэсурсамі, разьвіцьцё інфраструктуры транзіту, ахова інфармацыйнай прасторы, увядзеньне новых стандартаў ва ўзбраеньні, разбудова нацыянальнай арміі па міжнародных (эўрапейскіх) прынцыпах і г.д.) Цяперашнія падзеі ў Летуве наводзяць на думку, што там ажыцьцяўляецца маскоўскі плян перамены ўлады, які можна назваць праектам “Лукашэнка-2” (па аналёгіі з мэтадам захопу ўлады ў Беларусі, толькі на ролю летувіскага лукашэнкі прызначаны прэзыдэнт Паксас). Гэтыя падзеі абавязваюць нас запабегчы ў будучыні ўсялякім магчымасьцям інфільтрацыі расейскага гэбізму ў грамадзянскія і палітычныя структуры Беларусі. Расейскі гэбізм як татальная сістэма ўлады, абапертая на татальныя спэцслужбы, стварае вялікую небясьпеку ня толькі на Каўказе, у Сярэдняй Азіі і ў краінах Усходняй Эўропы, але і ў цэлым у Эўропе. Праўда, да чэмбэрленаўскай сьведамасьці эўрапейскіх лібэралаў гэта цяжка даходзіць. Мы мусім добра разумець цяперашняе становішча ўнутры краіны. Мы маем перадышку на некалькі месяцаў (да канца прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі). Пасьля гэтага, магчыма, захочуць зрабіць тое, што ў Маскве выраблена рыхтуюць цяпер, — рэфэрэндум на Беларусі аб так званым “канстытуцыйным акце”. Пра гэта сьведчыць уся ўнутраная палітыка рэжыму Лукашэнкі: дэмагогія аб суверэнітэце — і адначасна вынішчэньне ўсяго беларускага, пасьлядоўная праца спэцыяльных структураў над увядзеньнем рускіх грошай і (на першы погляд, бязмозглая, але мэтанакіраваная) агітацыя вікаўскай “апазыцыі” ісьці на далёкія палатныя выбары, а на рэфэрэндуме сказаць сваё важкае “не” трэцяму тэрміну Лукашэнкі і г.д. (у той час калі відавочна, што на рэфэрэндум ісьці нельга). З функцыянерамі “кіруемай апазыцыі” пытаньняў няма. Гэта “прафэсіяналы” – за “мзду” ідуць на любыя выбары і мерапрыемствы. Але кожны беларускі адраджэнец павінен ужо добра ведаць, што ва ўмовах жорсткага антыдэмакратычнага, антынацыянальнага рэжыму, пры нулявых функцыях парляманту, пры недэмакратычным выбарчым законе і некантралюемай машыне фальсіфікацыі галасаваньня, — на выбары хадзіць нельга. У такіх умовах хаджэньне на выбары ёсьць нацыянальная здрада з боку палітычных партыяў, паколькі рэжыму патрэбная партыйная статыстыка ўдзелу ў выбарах для фармальнай легітымізацыі антыдэмакратычнага выбарчага працэсу. Ніхто па-за кантролем, па-за воляй рэжыму праз такія выбары ў парлямант не праходзіць. Эфектыўным сродкам супраць гэтага выбарчага гвалту можа быць усеагульны байкот. Нацыя не павінна хадзіць на фальшывыя выбары і рэфэрэндумы. Трэба пакінуць рэжым у падвешаным стане, паставіць яго ў нязручнае становішча, пазбавіць яго падставы для дэмагагічнай аргумэнтацыі на сваю карысьць, бо час працуе не на рэжым. Збайкатаванае галасаваньне ніхто не прызнае, як бы ні сфальсіфікавала яго адміністрацыя (ды і сфальшаваць тады цяжка, а часам і немагчыма). Байкот рэфэрэндума — гэта моцны ўнутраны ўдар па рэжыму. Гэта вынік, які дае сілу народу. Тыя партыі і тыя партыйныя функцыянеры, што пойдуць на забойчы, антынацыянальны рэфэрэндум, тыя, што возьмуць за гэта юдавы маскоўскія ці нямецкія грошы, тыя павінны быць прыраўняныя да калябарантаў і здраднікаў радзімы, з усімі вынікаючымі з гэтага акалічнасьцямі. Прозьвішчы іхныя мусяць быць абнародаваныя і надрукаваныя. Мы ўжо мелі два антынародныя сфальшаваныя рэфэрэндумы, і ніхто яшчэ не панёс ніякой адказнасьці і ніякой кары. Я кажу “яшчэ”, але час гэты прыдзе і скажа сваё важкае, справядлівае слова. Але найперш сьвятая воля і сьветлая будучыня Беларусі чакае на свой народ. Зянон ПАЗЬНЯК, Варшава 14/12/2003 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |