Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі месяца (ліпень 2004 г.)

Валеры Буйвал
З першых дзён ліпеня на Украіне пачалася выбарчая кампанія. На змучаны электарат абрынулася хваля арганізаванай блытаніны. У гэтым сітуацыя падобная на нашу. Цяперашнему Кучме стварае сапраўдную пагрозу малады і энэргічны кандыдат Юшчанка. Спецслужбы рэжыму адразу ж вынайшлі спосаб барацьбы супраць канкурэнта.

Па цэнтру Кіева прайшла даволі шматлікая дэманстрацыя нейкага раней малавядомага “нацыяналістычнага” хаўрусу пад чырвонымі сьцягамі, стылізаванымі пад гітлерскую сімволіку. На рукавах у мардастых малойцаў чырвоныя павязкі з гатычнай абрэвіятурай СС. І ў дадатак выкрыкваліся на чыстай украінскай мове грубым агрэсіўным тонам лёзунгі ў падтрымку Юшчанкі. Так актыўна лепіцца вобраз фашыста. Хаця, хто яго там разьбярэ, гэтага Юшчанку… Тэлевізія паказала, як ён цалуецца і заключае хаўрус з Юляй Цімашэнкай, дэмагагічнай прамаскоўскай крэатурай, якую называюць украінскім Лукашэнкам у спадніцы. Падобна, што пасьля трагічнай сьмерці Вячаслава Чарнавіла нацыянальна-вызвальны рух Украіны ніяк ня можа вырвацца з пэрманэнтнага крызісу.

З ліпеня антынародны рэжым у чарговы раз наладзіў “народный празднік”. Раней гэта называлася “Дзень незалежнасьці” (усё дзеля таго, каб людзі забыліся на сьвяты Дзень Волі 25 Сакавіка). Цяпер маска канчаткова адкінута. Ненавіснае здраднікам слова “незалежнасьць” сьцертае. На ўсіх плякатах і расьцяжках выключна “освобожденіе от фашізма”. Манумэнтальная хлусьня пра вайну і перамогу ў чарговы раз запанавала ў нашай краіне. Афіцыйныя выступы рабіліся (упершыню) выключна па-расейску, славілі СССР і товарішча Сталіна, надрываліся ў праявах любові да Масквы. Канцэрты і “народныя гуляньні” набылі выразныя рысы вакханаліі. Хрысьціянскі народ павінен быў бы пайсьці ў храмы, на магілы ахвяраў вайны, праявіць чалавечнасьць і ўшанаваць памяць. А беларусаў пагналі да ўсялякіх паганскіх штучных “холмов славы” ды пустых помнікаў, што наляпілі камуністычныя кан’юнктуршчыкі.

Гэбоўскія “Зубры” працягваюць дэмаралізацыю нашай моладзі. “Барацьбіты” актыўна распаўсюджваюць сярод падлеткаў маечкі, якасна зробленыя ў Расеі. Маечкі чырвоныя, з гербам і абрэвіятурай СССР. Пра гэта ня згадвае, аднак, “незалежная” прэса, поўная панегірыкаў “юным героям”.

6 ліпеня некалькі амбасадараў уручалі Лукашэнку вярыцельныя граматы. Сярод экзатычных дыпляматаў вызначыўся, як заўсёды, немец (на гэты раз з Аўстрыі). Ён трос галавой і дрыготкім ад… няведама ад чаго голасам па-расейску (яшчэ адзін русіст на нашу галаву) пераконваў менскае начальства, што “прыкладзе ўсе намаганьні дзеля нармалізацыі адносінаў РБ з Эўразьвязам”. Пры чым ад лукашыстаў ён ніякіх намаганьняў не патрабаваў. Назіраючы за гэтай трагікамічнай сцэнай па БТ, успамінаўся змрочны пэрыяд гісторыі Аўстрыі. Рыхтуючы аншлюс – далучэньне Аўстрыі да нямецкага рэйху – фашысты называлі суседнюю краіну “недарэчнасьцю Вэрсальскай дамовы”. А калі ў 1938 г. нямецкі вэрмахт і гестапа ўваходзілі ў Аўстрыю, то сотні тысячаў аўстрыйцаў шалёна віталі свайго земляка Гітлера (ён атрымаў нямецкае грамадзянства толькі ў 1930 г.). Аўстрыйцы актыўна пабеглі запісвацца ў фашысцкія арганізацыі, армію, СС і г.д. і адпаведна моцна пацярпелі ў Другой сусьветнай вайне. Ня варта цяперашнім палітыкам і дыпляматам гэтай краіны так імпэтна дэманстраваць сваю “русскость” перад начальнікамі, якія сістэматычна зьнішчаюць усё жывое і нацыянальнае на нашай зямлі. Ня варта так кланяцца і тараторыць перад тымі, хто прадае Беларусь у расейскі аншлюс. Хаця, ім, русістам, ня сорамна: для іх газ з Сібіры праз беларускі транзіт, кантралюемы маскоўскімі гаўляйтэрамі, важней за сумленьне і за гістарычны досьвед.

У той жа дзень “усенародны галоўнакамандуючы” рабіў прыём-фуршэт для афіцэраў, што скончылі беларускія і (упершыню за ўсе гады правядзеньня гэтай цырымоніі) расейскія акадэміі. Усё было як мае быць: прамова “галоўнага” пра “мы ім пакажам, мы ім дадзім, хай толькі паспрабуюць”. А потым менш смешнае: спічы афіцэраў беларускай арміі (прынамсьці словазлучэньне такое колькі разоў ужывалася). Усё па-расейску, па-піянэрску звонкімі, аптымістычнымі галасамі, завучана і барабанна. Сярод іншага пра тое, як іх, мясцовых, высока ацанілі там у Маскве. У канцы кожны гарланіў “честь имею!” Да-а, даражэнькія, чакаюць вас, чакаюць крамлёўскія генэралы на залітых крывёй каўказкіх дарогах. І няма вам дзе больш вучыцца, як у правальных маскоўскіх дактрынёраў. Падобна, што Беларускае войска прыйдзецца ствараць нанова.

З грузінскім войскам усё ў парадку. 7 ліпеня яно з гонарам выканала свае абавязкі. Уначы грузінскія вайскоўцы спынілі расейскую ваенную калёну, што ішла па грузінскай тэрыторыі з Дагестана ў Цхінвалі, цэнтр аўтаномнай рэспублікі Паўднёвай Асеціі. Грузавікі са зброей (у тым ліку рэактыўныя ракеты для страляніны з верталётаў) былі арыштаваныя. Расейскі начальнік крычаў, што яны едуць сваёй дарогай, што “гэта зона канфлікту”. На гэта грузінскія афіцэры яму адказалі, што гэта грузінская тэрыторыя. Крамлёўская сьвіньня не ўпершыню нахабна залезла ў чужы гарод. Давялося нават вылазіць са свайго джыпа грузінскаму міністру абароны і ў карак штурхаць галаварэзаў, якія называюць сябе “міратворцамі”. У той жа дзень па камандзе з Масквы правакацыя атрымала свой працяг. У некалькіх паселішчах асецінскім сялянам пачалі раздаваць зброю, вывозіць адтуль жанчын і дзяцей. Масква распальвае чарговы міжнацыянальны канфлікт, не спыняецца ні перад чым. У некаторых месцах на дарогах аўтаноміі выстаўленыя агромністыя, высокай поліграфічнай якасьці (безумоўна, завезеныя з расейскай друкарні) шчыты з выявай крамлёўскага падпалкоўніка і надпісам “Путин – наш президент”. З чым мы асецінскую эліту і віншуем.

На пачатку ліпеня антыбеларускі рэжым пачаў татальную мабілізацыю моладзі ў лука-югенд. На прадпрыемствах і ў інстытуцыях замітусіліся камісары ад адміністрацыі, патрабуючы, каб усе супрацоўнікі, маладзейшыя за 30 год, запісаліся ў БРСМ (народ не выкарыстоўвае гэтую невымаўляльную абрэвіятуру, а кажа проста “лукамол”). Аднак, на прызначаны ўрачысты сход маладыя супрацоўнікі дружна не зьявіліся (і так па ўсёй краіне). Камісары пачалі запалохваць маладых звальненьнямі, нявыплатамі прэміі і г.д. Але і на наступны сход і яшчэ раз лукашыстам не ўдалося сабраць “неахопленых ідэалёгіяй”. Відаць, хто напалохаўся і хто хацеў, ужо ў лукамол запісаліся. Перад беларускай моладдзю стаіць выбар: даць свой подпіс нячысьціку альбо не запляміцца супрацоўніцтвам з рэжымам.

8 ліпеня “лепшы сябра расейскай імпэрыі і Лукашэнкі” нямецкі канцлер Шродэр зьявіўся ў Маскве. Нямецкія СМІ (а за імі расейскія) імпэтна трубілі пра заявы канцлэра наконт “палітычнай стабільнасьці і посьпеху эканамічных рэформаў у Расеі”, пра газаправоды з Сібіры ў Нямеччыну. І сьмешна і трывожна было глядзець на пацешныя абдымкі двух лідэраў, якія давялі свае краіны да глыбокага крызісу. Успомніўся поўны камплімэнтаў красавік 1941 г., калі на Беларускім вакзале ў Маскве Сталін праважаў у Бэрлін японскага прэм’ера Мацуоку. Крамлёўскі гаспадар убачыў сярод сьвіты нямецкага дыплямата, кінуўся да яго ў абдымкі і гукаў: “Нішто не разбурыць нашай шчырай дружбы!” Праз пару месяцаў пачалося вядома што.

У немцаў бывае кароткая памяць, але разьвіты інстынкт выгадніцтва. У гэтыя ж ліпеньскія дні Бундэстаг прыняў новы “Zuwanderungsgezetz” (Закон аб іміграцыі), у якім вызначаныя стратэгічныя напрамкі напаўненьня Нямеччыны працоўнай сілай з-за мяжы. Маюцца на ўвазе краіны Цэнтральнай Эўропы. Немцам мала сёньняшніх турак і курдаў, якія прыехаўшы ў Нямеччыну, хутка кінулі працу на заводах і пачалі актыўна нараджаць дзяцей ды камфортна жыць на сацыяльную дапамогу для шматдзетных, утварыўшы шэраг турэцкіх кварталаў, мястэчак і нават гарадоў, куды эўрапейцу няёмка, а часам страшна заходзіць. Самых немцаў на простых працах цяпер не прымусіш працаваць нават пад канвоем. І па газ яны не зьбіраюцца пасылаць сваіх грамадзянаў. Функцыя рабскай працы на сібірскіх радовішчах перадаецца паводле маскоўска-бэрлінскай змовы беларускім рабам, якіх пазбавяць уласнай дзяржавы і вырвуць з рук апошні кавалак хлеба. Пуцін пра гэта казаў шчыра: “У былых савецкіх тэрыторыях на Захадзе мы бачым крыніцу інтэлекту і працоўнай сілы”. Нямецкая палітычная публіка ў той жа час актыўна мабілізуе Эўропу на “правядзеньне дэмакратычных парляманцкіх выбараў у Беларусі” з мэтай канчатковай ліквідацыі Беларускай дзяржавы. Подлая змова двух драпежнікаў можа быць правалена толькі актыўным супрацівам беларусаў, якія павінны байкатаваць восеньскі выбарчы фарс.

Расейскае ТБ паказала вынікі аднаго статыстычнага конкурсу: на самы высокі ўзровень галечы ў Расеі (Расея ж “высокоразвитая страна”). Першае месца заняла Кіраўская вобласьць. Шэраг тэлеэпізодаў адтуль нагадвалі нейкія афрыканскія сюжэты. У вёсках мужчынскае насельніцтва вымірае ад голаду, пьянства і хваробаў дастаткова рана, пакідаючы жонкам яшчэ малых дзяцей. У сотнях семьяў (гэта хутчэй руіны семьяў) у якасьці старэйшага і адказнага за малых засталіся 11-13-гадовыя падлеткі. Многія маці паўцікалі ад дзяцей, пакінуўшы іх на ласку суседзяў. Грамадзтва праяўляе клопат аб бедных. Штонядзелю ў цэнтры Кірава адбываецца гуманітарная акцыя: людзі прыносяць і складваюць у цэнтры плошчы ношанае адзеньне і стары абутак. Часам здараюцца праявы “расейскай салідарнасьці”. ТБ паказала старую настаўніцу-пэнсіянэрку, якая напісала лісты сваім былым вучням з просьбай наведаць яе. Калі некаторыя зь іх зьявіліся, то замест настальгічных успамінаў пачалі зьбіраць на просьбу старой грошы на труну (у тэлекамэру яна казала: “Лепш так, больш жыць няма моцы…”). У той жа час з Эгіпту, Гішпаніі, Тайланда і Сэйшэльскіх выспаў паступаюць рэгулярныя зьвесткі пра агрэсіўныя паводзіны распярэзаных расейскіх турыстаў, якія не шануюць ні мясцовыя традыцыі, ні іншых замежных кліентаў. Хаця што зьдзіўляцца, у Расеі выведзены новы від зьвера – “новы рускі”, які зьнішчае і рабуе свае ўласныя расейскія джунглі ды ашчэрыўся на нашу Беларусь.

11 ліпеня шэраг тэлеканалаў паказалі вялікую залю са шматтысячнай аўдыторыяй, перад якой выступаў жвавенькі чалавек з рэзкімі жэстамі і распаленымі вачыма. Чалавек трыюмфальна гукаў: “Мы дамагліся, чaгo хацелі. З наступнага году гамасэксуальныя пары будуць мець права ў нашай краіне заключаць законныя шлюбы!” Аўдыторыя закрычала “ура!” і выбухнула авацыямі. Падумалася, што гэта сход нейкай сэксуальнай меншасьці. Ажно не: людзі, здаецца, тыпова і бяз выкліку апранутыя. Гэта была асамблея Сацыялістычнай партыі Гішпаніі, перад якой выступаў ейны старшыня, пераможца ў апошніх выбарах і цяперашні прэм’ер Гішпаніі. Праз цэнтр Мадрыда маршыравала ў гэты ж час шматтысячная дэманстрацыя геяў і лесбіек. Жудасна размаляваныя крыклівым шмінкам, яны дэманстравалі канвульсійныя танцы і голыя часткі цела. У інтэрвію тэлежурналістам сэксменшасьці крычалі: “Цяпер свабода! Мы шчысьлівыя!” Вось чаго чацелі і што робяць ружовыя сацыялісты па ўсёй Эўропе: даюць волю богапраціўнаму пароку і выдаюць гэта за “царства свабоды”. Трыюмф садомскай публікі ў Гішпаніі, падобна, усеагульны і канчатковы (прынамсьці, на гэтым гістарычным этапе). Краіна высачэйшай культуры і нацыянальнай традыцыі, угрунтаванай на каталіцкіх каштоўнасьцях, на Хрысьціянстве, кінута на калені сацыялістычнай групоўкай. Падобна, што пазыцыяў чалавечай нармальнасьці прытрымліваецца пакуль што толькі каталіцкая Ірляндыя. Нездарма лібэральная публіка так лёгка выкінула са сваёй “эўрапейскай Канстытуцыі” згадку пра Хрысьціянства. Крызіс сытага кантынэнту паглыбляецца.

14 ліпеня французы сьвяткавалі сваё нацыянальнае сьвята. Першапрычына сьвяткаваньня поўная сімвалізму – штурм і разбурэньне народам турмы Бастыліі ў 1789 г. Увечары таго ж дня БТ паказала свой ролік навінаў. Першай і найважнейшай падзеяй была пададзеная цырымонія ўручэньня ўзнагародаў нейкім героям. Мы адразу падумалі, што рэжым арганізаваў нейкі штурм і вялікую перамогу. Аказалася, што Лукашэнка раздаваў медалі і прызы “за арганізацыю сьвяткаваньняў 3 ліпеня сёлета” (!!!). Во, як лёгка зрабіцца “тройчы героем РБ”. Пасьля сярод іншай дэмагагічнай траскатні дыктарка раптам паведаміла, што “презідент назначіл выборы в парламент на 17 октября”. Зразумела, што рэжым з самага пачатку імкнецца заблытаць беларусаў. Задумана маштабная шматхадовая апэрацыя, аднім з элемэнтаў якой ёсьць стварэньне выгляду, што “нічога асаблівага з выбарамі не адбываецца”. Ясна, што выбаршчыкаў асабліва агітаваць ня будуць. Проста падгоняць да прадпрыемстваў, інтэрнатаў і інстытутаў аўтобусы і прымусам адвязуць электарат на ўчасткі. Сапраўды, навошта некага агітаваць, калі самае галоўнае – загнаць людзей да ўрнаў, абы зарэгістраваліся. Французам ня сьнілася такая Бастылія.

Як мала сур’ёзны атрымаўся таксама наступны камунікат БТ 14 ліпеня. Мужчынка з выглядам камэдыйнага актора (а на самай справе важны клерк Нацбанку РБ) расказаў нам: “Теперь фифкальная ответственность не должна вызываць фифологической реакции…” Справа ў тым, што рэжым паабяцаў усім прыватным асобам, якія накралі грошай і не плацілі падаткі, легалізаваць свае багацьці, паклаўшы іх у банкі, ды не нервавацца (мелася на ўвазе “фискальная ответственность” і “психологическая реакция”). А каб ня страшна было, то прапанову ў стылі мафійнага пахана зрабіла асоба, што патрабуе паслугаў лагапеда і не надаецца на грамілу. Як кажуць, і сьмех і грэх, але зразумела, што рэжыму спатрэбіліся грошы на выбарчы фарс.

Стразбурскі Эўрапейскі суд дапамагае бальшавікам. У сярэдзіне ліпеня “восторжествовала справедливость” у справе расейскай камуністкі, якая судзілася з Латвійскай дзяржавай. На пачатку 90-х гадоў латвійскія ўлады не дапусьцілі акупантку-камуністку да дэпутацкай працы, матывуючы рашэньне тым, што яна зьяўляецца сябрам антыдзяржаўнай і антычалавечай злачыннай арганізацыі. З дапамогаю Масквы няўдалая дэпутатка прайшла ўсе магчымыя суды і ў Стразбурзе такі дамаглася свайго. Паводле рашэньня “эўрапейскага” суду латышы маюць нават выплаціць ёй з казны 10 тысячаў эўра як кампэнсацыю (цікава, а хто заплоціць латыскаму народу за стагоддзі расейскай акупацыі, за мільёны замардаваных расейцамі людзей?). Калі ў 1944 г. антыгітлераўская кааліцыя вызваляла Францыю ад яшчэ адной антычалавечай акупацыі – нямецкага фашызму,– французы ня выплочвалі акупантам кампэнсацыі. Немцы баяліся трапляць фрацузам у палон (на забясьпечаныя зьдзекі і часта сьмерць). На працягу некалькіх дзён у выніку самасудаў па ўсёй краіне партызаны і насельніцтва забілі дзесяць тысячаў французкіх калябарантаў. Дэ Голь вымушаны быў тэрмінова стрымліваць народны гнеў, арганізоўваць рэгулярныя суды. Менавіта ён выратаваў ад сьмяротнага пакараньня дзядулю Пэтэна, героя-вэтэрана Першай сусьветнай вайны, а падчас Другой сусьветнай кіраўніка калябарацыянісцкага рэжыму Вішысцкай рэспублікі. Цяпер у французкім Стразбурзе недапушчэньне чырвонай фашысткі і актыўнай акупанткі да ўлады ў Латвіі названае “паляваньнем на чараўніцаў”. Заходняя лібэральная прэса бароніць ветэранаў НКВД (“ветеранов войны”), якія забівалі мірнае насельніцтва ў балтыйскіх краінах, а цяпер патрапілі на лаву падсудных. Як лёгка быць “гуманным” на чужой крыві і чужых пакутах.

Расейская мафія актыўна мацуе культурніцкія сувязі паміж народамі. На працягу ўсёй вясны адна маскоўская фірма займалася шумнай падрыхтоўкай фэстывалю народнай музыкі на Кіпры. Па ўсёй імпэрыі запросіны і яркія пражэкты атрымалі народныя калектывы і выканаўцы. Прапанова была заманлівая: трэба было прыслаць толькі па 54 доляра з чалавека і пашпарт. У прызначаны для ад’езду дзень на адрас фірмы ў Маскве прыбыла з Сібіры ды іншых страшна далёкіх куткоў больш за 900 чалавек (!). У офісе яны ўбачылі нейкую паненку (якая, канешне, нічога ня ведала) і кучу сваех запыленых пашпартоў з фоткамі (“піво без водкі – что паспорт без фоткі” – гэта ўжо маскоўскі фальклор). Жулікі бясьследна зьніклі. Перад тэлекамэрай РТР у чарговы раз абдураныя чукчы, эскімосы і карэлы наладзілі “канцэрт пратэсту” на нацыянальных інструмантах, бо яны ведаюць, што “Масква сьлязам ня верыць…”

26 ліпеня ў станіцы Медзьвядоўская Стаўрапольскага краю ў выніку галадоўкі пратэсту сканаў Пётр Будзёны, вэтэран ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Пра ягоныя акцыі пратэсту і патрабаваньні да расейскіх уладаў забясьпечыць былых ліквідатараў абяцанымі элемэнтарнымі ільготамі СМІ паведамлялі раней. Гэта адна з многіх сьмерцяў няшчасных людзей, якіх імпэрскія ўлады кінулі ў Чарнобыльскую зону і прымусілі выконваць там бязглуздыя дзеяньні без належнага мэдычнага забесьпячэньня (а на самай справе ліквідатары, як і насельніцтва, былі матар’ялам для антычалавечых экспэрымэнтаў). Цяпер у імпэрыі шмат больш важных праблемаў: войны, умацаваньне рэжыму КГБ і г.д. Пуцінскаму начальству няма справы да чарнобыльскіх інвалідаў.

Расейцы выжываюць, як могуць. Успомнілі нават пра народныя промыслы. У Тамбоўскай вобласьці, хто не пьяны, сеў за вязальныя станкі і пачаў вырабляць даволі прыстойнае адзеньне. З Масквы рэгулярна прыяжджаюць агенты і скупляюць прадукцыю (зразумела па дзіка нізкіх коштах), каб рабіць бізнэс у сталіцы. Каб мясцовая вязальная фабрыка (якая даўно ўжо дыхае на ладан) не замінала народнай творчасьці, некалькі неназваных народных прадстаўнікоў нядаўна спалілі яе. Аказваецца, жывыя традыцыі знакамітага Тамбоўскага сялянскага паўстаньня супраць бальшавікоў у 1920 г.

Творчасьцю (на гэты раз “прафэсійнай”) славіцца таксама паўночная сталіца Расеі. Начытаўшыся і наслухаўшыся рэклямы пра веліч расейскай культуры, туды накіроўваюцца многія тысячы замежных турыстаў. У Пецярбурзе іх сустракае сярод іншага цэлая армія жулікаў ад культуры. На летні пэрыяд дзялкі скалацілі некалькі дзесяткаў новых трупаў. Усе, як змовіўшыся, ставяць адзін балет – “Лебядзінае возера”. Такое Чайкоўскаму з Пеціпа ня сьнілася, яны б у труне перавярнуліся: адзін балет ставяць да 40 тэатраў. Ды як! У тэлеінтэрвію адзін з тэатральных дырэктараў прызнаўся, што замест трыццаці лебядзей, на сцэну выпускаецца сем-восем паненак з кардэбалету, танцуе нават прыбіральшчыца цётка Маня. А заходнікам можна “втюхивать любую туфту” (гэтак кажуць пра сваю творчасьць піцерскіе інтэлігенты). Турысты плачуць ад захапленьня таямнічай рускай душой.

У ліпені ў Петразаводзку ўрачыста адкрылі помнік Юрыю Андропаву, незабыўнаму гэбісту, які старшыняваў у гэтай арганізацыі рэкордны тэрмін: з 1967 па 1982 г. А потым зрабіўся генсекам КПСС ды ўславіўся аблавамі і хапунамі па ўсёй імпэрыі. Чаму помнік у Карэліі? А герой пачынаў тут сваю кар’еру. У 1937 г. 2-гі сакратар мясцовага абкаму Ю. Андропаў напісаў данос на першага сакратара Купрыянава. Першага пасадзілі на 10 гадоў, а другі стаўся першым. Успомнім, што менавіта пры Андропаве КГБ набыў непараўнальную магутнасьць. Для цяперашней расейскай улады Андропаў, зразумела, ідэал і ўзор для насьледваньня. Гэта прызнаюць нават тупаватыя заходнія журналісты. Яны разважаюць у дадатак, параўноўваючы Пуціна з Гіндэнбургам, які дапусьціў да ўлады ў Нямеччыне фашыстаў у 1933 г. Ролю самога Гітлера яны аддаюць блазну Жырыноўскаму ды правай малавядомай арганізацыі “Родіна”. Інфантыльныя разважальнікі ня ўбачылі, не зразумелі, што гэбоўскі фашызм ужо даўно пры ўладзе ў “дэмакратычнай” Расеі.

На прыканцы ліпеня ў Менск прыехаў суданскі прэзыдэнт Аль-Башыр. Візыт вельмі актуальны: СМІ ўсяго сьвету дэманструюць трагедыю ў суданскай правінцыі Дарфур, дзе ў апошнія тыдні пры падтрымцы хартумскага ўраду мясцовыя бандыты зьнішчылі да 50 тысячаў мірных жыхароў і каля мільёна былі вымушаныя ўцячы за мяжу. Прадстаўнікі антыбеларускага рэжыму выхвалялі госьця і ягоную стабільную краіну. Жонка Аль-Башыра наведала некалькі дзіцячых установаў (у той жа час тэлеканалы ўсяго сьвету дэманстравалі жудасныя рэпартажы пра сьмерць ад голаду і хваробаў малых суданскіх уцекачоў у Чадзе). Таму, хто думае, зразумела, што гэта ня ёсьць пазыцыя нашага народу ці ягоных прадстаўнікоў. Марыянэткавы прамаскоўскі ўрад выконвае загад свайго гаспадара – Масквы, дэманструючы цынічныя адносіны да ўсяго чалавецтва. У гэты ж час Масква элегантна галасуе ў Радзе Бясьпекі ААН супраць рэзалюцыі, дзе ёсьць адэкватная ацэнка падзеяў і пагроза санкцыямі хартумскаму рэжыму. Даўно адпрацаваная тэндэнцыя. Зусім нядаўна афіцыйны Менск з падачы Крамля ўсхваляў і бараніў Мілошавіча і Садама Хусэйна – дзе яны цяпер? Найбольш важным у гэтай гульні ёсьць дамова аб продажы Судану зброі (відаць, каб актыўней забіваць дзяцей). Наколькі памятаем, у Беларусі няма вялікіх магутнасьцяў па вытворчасьці зброі. Значыцца, ізноў расейская дзяржмафія будзе выкарыстоўваць нашу краіну (зганьбленую ў каторы раз) у якасьці транзіта расейскай зброі для яшчэ аднаго антычалавечага рэжыму.

1/8/2004 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2004
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024