Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк “Мы на самым краі Хрысьціянства”, — пісаў Мікола Гусоўскі (чытай — эўрапейскага ладу жыцьця). Беларусы гістарычна прайгралі гэтую вайну. Прайгралі перш за ўсё таму, што ад самага пачатку ніхто ў Эўропе не зразумеў яе як сваё змаганьне ў абарону эўрапейскай культуры. Эўрапейскай салідарнасьці на той час хапіла хіба што на Крыжовыя паходы. Беларусь у асобе Вялікага Княства Літоўскага была адна перад Ардой, і сапраўды, як пісаў Гусоўскі, на краі Хрысьціянства. Манголы прайшлі праз Украіну, уварваліся ў Вугоршчыну, спустошылі Маравію, Славакію, Чэхію, Малдову, Румынію, Балгарыю, спалілі Кіеў. Аднак спынена нашэсьце было якраз у Беларусі беларускай зброяй і непахіснасьцю. Яно захлынулася перад беларускімі замкамі ды засекамі, было панішчана ў лясах ды на пераправах. А потым разьбіта на Сініх Водах беларускім войскам. Вялікае Княства Літоўскае, Вільня выступілі на той час у якасьці абаронцаў і зьбіральнікаў усіх усходне-славянскіх земляў. Вялікае Княства зрабілася дамінантай збройнай, палітычнай і культурнай сілай на ўсходзе Эўропы. Зьяўленьне тыранічнай імпэрыі на Ўсходзе прадвызначыла ўсю беларускую гісторыю. З гэтага часу пачалася вечная вайна, якая рабілася штораз больш жорсткай і бязьлітаснай, разам з умацаваньнем і разьвіцьцём імпэрыі, закладзенай Чынгіз-ханам. Змаганьне за ўладу паміж асобнымі землямі ды ўлусамі шматковай імпэрыі манголаў, паміж іхнымі ханамі ды князямі прывяло ў ХV-м стагоддзі да ўзмацненьня (не без дапамогі ВКЛ) Маскоўскага княства. Цэнтар імпэрыі паступова пераносіцца ў Маскву і з ХV-га стагоддзя менавіта Масква аб’явіла пра новы паход на Захад (на Беларусь), падхапіла праграмны кліч Чынгіз-хана – ісьці да апошняга мора. Абноўленная імпэрыя (хоць афіцыйна Расея аб’явіла сябе імпэрыяй у 1721 годзе), дзе ўжо палітычна ўзмацнелі маскоўцы, канкрэтна сфармулявала задачы сваёй агрэсіі на Захадзе: ліквідацыя беларускай дзяржавы (ВКЛ), захоп беларускай тэрыторыі і ўключэньне яе ў склад Маскоўскай дзяржавы. Мэтад – вайна (набегі, паходы, напады, зьнішчэньне, вынішчэньне, спаленая зямля, абязьлюд). Перайманьне Масковіяй прынцыпаў візантыйскай палітыкі, сымволікі і ідэалёгіі (праз дынастычныя шлюбы, дыпляматыю і рэлігію) зрабіла гэтую вайну пэрманэнтнай, штодзённай, спосабам дачыненьняў. Праз 250 гадоў вайна ператварылася ў крывавы кашмар. Пачаўся Патоп, які выклікаў у ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях катастрафічныя страты насельніцтва і татальнае вынішчэньне беларускай культуры. У выніку генацыду, які рабіла на беларускіх землях маскоўскае войска, была забіта большая палова беларускага народа. Перамога над Масковіяй ужо не ўратавала аслабленую Беларусь. У канцы ХVІІІ стагоддзя, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж немцамі і Масквой беларуская дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае – перастала існаваць. Уся тэрыторыя Беларусі была забрана пад Расею. Заходняя Эўропа заняла ў гэтым канфлікце тыповую для сябе прагматычна-філісьцерскую пазыцыю: стала падтрымліваць пэрспэктыўна мацнейшы бок (гэта значыць Расею), мяркуючы ўплываць на яе праз дачыненьні і дынастычныя шлюбы. У выніку Расейская імпэрыя ўмацавалася як ваенна-прыгонная дэспотыя, а ўлада ў ёй з мангола-вазантыйскай традыцыі фармалізавалася на расейска-нямецкі манер. Зьнішчэньне беларускай дзяржавы і ліквідацыя Вялікага Княства стала паваротным этапам у лёсе беларускага народа і ў лёсе Эўропы. А ў пэўнай ступені – ўсяго сьвету, бо прывяло да вялікіх (у тым ліку дзьвюх сусьветных) войнаў. Нічога ўжо не стаяла паміж Заходняй Эўропай і ваеннай Расеяй, не існавала ніякай магутнай тэрыторыі і дзяржаўнай сілы. Расея прышла да такога становішча ў выніку мэтанакіраванай палітыкі, а палітычная Эўропа — з прычыны хранічнай палітычнай дурноты. Аднак ліквідацыя Беларусі і расейскі забор ня скончылі беларуска-расейскую вайну. Яна не спынялася ні на хвіліну, але перамясьцілася ва ўнутраную сфэру грамадзтва, з дзяржаўна-палітычнага на этнічна-культурны ўзровень, прадаўжалася з боку Масквы прадумана, падступна, жорстка і бязьлітасна. Справа йшла ўжо не аб ролі ў Эўропе, не аб існаваньні беларускай дзяржавы (яе ўжо не было), а аб існаваньні беларускага народа, ягонай культуры, ягонай культурнай і фізічнай прысутнасьці на тэрыторыі. Расея, забраўшы Беларусь, паставіла задачу зьнішчыць беларускі народ дазваньня на культурна-гістарычным і этнічным узроўні, каб ніколі нішто ўжо не нагадвала пра існаваньне Вялікага Княства Літоўскага, каб ня ўзьніклі ня тое што ідэі вяртаньня, а нават успаміны, нават веды пра мінулы час, каб не было ніякіх культурных падставаў і ніякага народнага родава-пляменнага, этнічнага грунту для супраціўленьня, для барацьбы супраць глуму і грукату капытоў, што лавінай каціліся “да апошняга мора”, каб ужо нішто не магло аддзяліцца ад “искони русской” зямлі (як называлі Беларусь акупанты) і каб ніхто больш ня змог супроцьстаяць Маскве. Страх перад Вялікім Княствам сядзеў у падсьведамасьці маскоўскай агрэсіі і расейскай палітыкі супраць Беларусі. Сымволіку гэтай вайны і прычыну гістарычнага паражэньня Беларусі вобразна паказвае вядомы факт, адлюстраваны ў хроніках, калі Вялікі князь Альгерд у чарговы раз зваяваў Маскву. Маскоўскі князь Дзімітры (Данской) стаў на калені ў гразь разам з баярамі перад Альгердам і прасіў зьлітвацца над імі, не паліць Маскву. За гэта Дзімітры абяцаў сваю паслухмянасьць, падпарадкаваньне і багаты выкуп, срэбра ды золата. Альгерд зьлітваўся, але прысланіў сваё кап’ё да маскоўскай сьцяны, маўляў, каб заўсёды памяталі маскоўцы, чыя зброя можа спыніць іхнае існаваньне. Высакародны князь Альгерд, жывучы ў традыцыях беларускага рыцарства, спадзяваўся, відаць, што Вялікае Княства будзе гэткім чынам вечна трымаць Маскву ў кулаку, ведаючы, безумоўна, што Масква і Арда ня маюць літасьці, паляць і зьнішчаюць дарэшты. Гэтак вайна з азіяцкай навалай не выйграецца. Калі б сымволіка паводзінаў (ці дакладней — парадыгма) была іншай (такой, як у маскоўцаў), скажам, напрыклад, калі б Маскву ў гэтым выпадку спалілі разам з жыхарамі (гэтак, як рабілі маскоўцы зь беларусамі), а баяраў пасадзілі б на кол, то і вынікі вечнай вайны і гісторыя Беларусі склаліся б па-іншаму. Праўда, ці засталіся б мы тады эўрапейцамі? Але склалася так, як склалася. Пасьля ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай сумеснымі намаганьнямі расейцаў і немцаў, пэрыяд вынішчэньня беларусаў доўжыўся да 1918 года. Потым, пасьля акупацыі Беларускай Народнай Рэспублікі бальшавіцкай Расеяй, вынішчэньне і ўціск працягваліся яшчэ амаль усё ХХ-е стагоддзе, аж да 1991 года. Пасьля 1994 года і ўстанаўленьня ў Беларусі аўтарытарнай прамаскоўскай дыктатуры палітыка вынішчэньня беларускай нацыі аднавілася ў форме ўнутранай акупацыі і, перш за ўсё, перасьледуе мэту ліквідаваць адноўленую дзяржаву Беларусь. У зьменшаным маштабе паўтараецца сітуацыя канца ХVІІІ стагоддзя, з тымі ж дзейнікамі і выканаўцамі. Як некалі, так і цяпер, гэта ня разавае дзеяньне, а стратэгія (пакрокавая палітыка), разьлічаная на ўвесь час, пакуль будзе існаваць Расея і жыць Беларусь. МЭТАДАЛЁГІЯ Пасьля анэксіі Беларусі Расеяй у канцы ХVІІІ стагоддзя была вызначаная асноўная мэта палітыкі на забранай тэрыторыі – русіфікацыя і вынішчэньне. Першым чынам былі ліквідаваныя беларускія адукацыйныя цэнтры і беларускае школьніцтва, якое знаходзілася пры базылянскіх манастырах. Потым быў забаронены Базылянскі ордэн (на якім трымалася Вунія), ліквідаваныя школы і зачынены Віленскі ўнівэрсітэт. Наступны этап – ліквідацыя рэлігіі (нацыянальнай канфэсійнасьці). Так была зьнішчана Вунія (1839 г.). Ліквідацыя Вуніі суправаджалася актамі генацыду, тэрору, масавым спальваньнем беларускіх абразоў і беларускіх кніг, пераробкай храмаў на маскоўскі манер. Потым (1840 г.) — забарона ўжываньня назвы Беларусь, якая стала знакам для забароны афіцыйнага ўжываньня беларускай мовы і беларускага друку. У другой палове ХІХ-га стагоддзя стаўка ў русіфікацыі была зроблена на рускае праваслаўе і рускую школу. Вядомая формула начальніка Віленскай вучэбнай акругі П. Карнілава: “Руская школа на Беларусі зробіць больш, чым рускі штык”. “Галоўнае ў русіфікацыі беларускага краю – гэта навучыць беларускіх дзяцей сьпяваць рускія песьні”, — пісалі ў 1898 годзе “Русские биржевые ведомости”. Наступнай вобласьцю, дзе не спынялася русіфікацыйная праца, была гістарычная навука і ідэалёгія разьвіцьця культуры. Гісторыя беларускага народа была замоўчана, перакручана і сфальсіфікавана ў расейскіх інтарэсах, беларуская культура аб’яўлена “заходне-рускай”. Важнейшай задачай для русіфікатараў было зьнішчэньне сацыяльнай эліты народа, найперш — беларускай шляхты. Пакуль існавала шляхта – жыла ідэя змаганьня за незалежнасьць. Дзясяткі тысячаў вольнай шляхты было зьнішчана фізічна, трыццаць тысячаў саслана ў Сібір пасьля 1864 года, бальшыня была сацыяльна паніжаная і абмежаваная ў правах, пераведзеная ў сялянства. Канчаткова расправіліся зь беларускай шляхтай і выхадцамі зь яе рускія бальшавікі за часы сталінскага генацыду. У ХХ-м стагоддзі адбыліся вялікія перамены ў ідэях, дачыненьнях і структуры грамадзтва, але мэтадалёгія вынішчэньня і русіфікацыі , выкарыстаная ў ХІХ-м стагоддзі, захавалася поўнасьцю, зь нязначнымі мадыфікацыямі. У пачатку ХХ-га стагоддзя ў Расеі быў кароткі пэрыяд “паў-дэмакратыі”, зьявіліся палітычныя партыі. Але самае істотнае тое, што ў выніку нацыянальных імкненьняў паняволеных краінаў імпэрыі ўзьніклі партыі нацыянальна-вызвольнага накірунку. У Расеі зьявіліся ворагі, якіх раней не было: партыйна арганізаваныя нацыянальныя рухі народаў. Імпэрская палітыка па вынішчэньні беларусаў перажывае мадэрнізацыю, укараняюцца новыя формы, узмацняецца роля і дзейнасьць тайнай паліцыі. Уся расейская палітыка ХХ-га стагоддзя (і ня толькі расейская) разьвівалася і стваралася пры дапамозе, выкарыстаньні і ўплывах спэцслужбаў. Мэтады Бэнкендорфа былі дастасаваныя да новых умоваў – да змаганьня з нацыянальнымі рухамі, з нацыянальнай ідэалёгіяй, легальнымі партыямі, з нацыянальна-культурнымі арганізацыямі, нацыянальным друкам і літаратурай, а ў цэлым – з рэвалюцыяй і лева-рэвалюцыйнай дзейнасьцю, якую падтрымлівалі нацыянальныя рухі. Усё гэта ўжо адбывалася пры існаваньні незалежных газэт. У новых абставінах Расея выраблена ўдасканаліла сваю ахоўніцка-уціскальніцкую жандармскую сістэму, шырока ўвяла ў практыку раней не вядомыя паліцэйскія тэхналёгіі разбурэньня структураў. Найперш быў створаны, пашыраны і субардынаваны апарат тайнай паліцыі, падрыхтавана і завербавана велізарная сетка агентуры, шпікоў, даносчыкаў, інфарматараў і правакатараў. Руская Праваслаўная царква (якая абапіралася на погляды цэзарапапізму і стала часткай бюракратычнай дзяржаўнай сістэмы яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі пры Пятры Шалёным) цяпер была непасрэдна ўлучана ў паліцэйска-агентурную ахоўніцкую дзейнасьць. (Ніводзін сьвятар-беларус, дарэчы, ня мог атрымаць парафіі на Беларусі, не папрацаваўшы два гады ва ўнутраных губерніях Расеі, куды іх адміністрацыйна адсылалі, каб набраліся “рускага духу”.) Але галоўным новаўвядзеньнем расейскай паліцэйскай сістэмы ў барацьбе з паняволенымі народамі стала яе непасрэдная арганізацыйная і імітатарская дзейнасьць у палітыцы. Агентура пад кіраўніцтвам спэцслужбаў стварала свае палітычныя ахоўніцкія арганізацыі, якія дзейнічалі легальна і змагаліся з народамі (“инородцами”) быццам бы самы ад сябе, паліцэйскай шыльды было не відаць. Такімі ўтварэньнямі былі тады ў Расеі, перш за ўсё, так званыя “чорнасоценныя” арганізацыі (напрыклад, “Саюз Міхаіла Архангела”, “Саюз рускага народа” і іхныя аддзелы на месцах, якімі часта кіравалі зьвязаныя з “ахоўкай” папы ды архіепіскапы (як у Менску, напрыклад). У галіне паліцэйскай імітацыі расейцы сталі безумоўнымі наватарамі, засьведчылі вырабленасьць агентуры. “Наватарства” заключалася ў тым, што спэцыяльна падрыхтаваная паліцэйская агентура сама стварала і абавязкова ўзначальвала свае нібыта “нацыянальныя” ці нібыта “рэвалюцыйныя” арганізацыі, газэты, “культурніцкія” таварыствы і г.д. Імітатарскія арганізацыі прываблівалі і адцягвалі ад рэальнай справы тых людзей, што шукалі прыкладаньня сваім нацыянальным ці рэвалюцыйным імкненьням, кантралявалі іхную дзейнасьць, уцягвалі ў пустапароднія маргінальныя ды правакацыйныя дзеяньні; пры абставінах заводзілі ўсіх у сьляпы завулак, кампрамэтавалі ідэі ў вачах грамадзкасьці і г.д. Гэта былі кіруемыя спэцслужбамі арганізацыі, створаныя для кампрамэтацыі і разбурэньня рэальнай нацыянальнай палітычнай працы і рэальнай барацьбы. Вядомымі і тыповымі ўтварэньнямі такога кшталту ў Беларусі былі, напрыклад, віленскае нібыта “беларускае” таварыства “Крестьянин” (узначальваў агент С. Кавалюк), “Белорусское общество” (узначальваў агент Л. Саланевіч), газэты “Белорусская жизнь”, “Северо-западная жизнь” і г.д. Трэба ўдакладніць, аднак, што русіфікатарская ідэалёгія “заходнерусізму” была створана пры непасрэдным удзеле расейскіх спэцслужбаў, і менавіта імі найперш гэтыя погляды ўкараняліся ў грамадзкую сьведамасьць. Вышэйпамянёныя арганізацыі і газэты і іншыя такога кшталту стаялі на пазыцыях “заходнерусізму”, гэта значыць, прызнавалася адметнасьць Беларусі, мовы (“наречия”) і беларусаў (“ветви русского племени”). Але сэнс існаваньня “племени” быў, на іх думку, у тым, каб хутчэй стаць рускімі (“возвратиться в лоно”) і зьліцца з Расеяй (“в едином языке и народе”). Пазьней гэтую ідэалёгію афіцыйна прымерылі для беларусаў рускія бальшавікі і “будаўнікі камунізму”, замяніўшы толькі сутнасьць рэчы эўфэмізмамі тыпу “слияния наций”, “коммунистическое общество”, “советский народ”, “общечеловеческий язык”, у выніку чаго беларуская мова павінна была “отмереть” і г.д. Агентурна-правакацыйная разбуральніцкая дзейнасьць царскіх спэцслужбаў рабілася ў шырокім маштабе, мела свае легенды (напрыклад, Азэф, Джугашвілі-Сталін) і “дасягненьні”, але тым ня менш яны ня здолелі зьнішчыць беларускі нацыянальна-вызвольны рух і Адраджэньне Беларусі. Гэтую задачу ўзялі на сябе наступныя ўладары Расеі – тэрарысты-бальшавікі. БАЛЬШАВІЗМ Галоўная мэтадалёгія бальшавізму ў вайне зь Беларусяй была адна – тэрор. Выконваў тэрор НКВД. Спэцслужбы сталі другой (пасьля кампартыі) дзяржаўна-палітычнай сілай у СССР. Улада НКВД была ўсюдыіснай і рэальна абмяжоўвалася толькі дыктатарам Сталінам. Сталін у вайне зь Беларусяй удасканаліў царскую мэтадалёгію зьнішчэньня, давёў яе да кшталту сацыяльнага сатанізму, вывеў за рамкі чалавечага разуменьня. Сталінскі генацыд выклікаў містычны жах, здранцьвеньне ў грамадзтве, паралізоўваў розум і фантазію. Людзі паводзілі сябе, як жывёла на бойні ў чаканьні расправы. Ліквідацыя беларускага народа была бальшавікамі скрупулёзна прадуманая. Акрамя сістэмы даносаў, якімі займалася ў асноўным агентура, існаваў плянавы масавы генацыд па вынішчэньню, па высяленьню і па пастаўцы дармовай рабочай сілы за калючы дрот на будовы сацыялізму (так званы ГУЛАГ). Першым чынам вынішчалася беларуская эліта (адміністрацыя, творчыя і навуковыя працаўнікі). На гэтым узроўні найперш зьнішчалі тых, хто меў сувязі зь беларускім адраджэнцкім рухам. Потым – усіх выхадцаў са шляхты і ўсіх, хто меў дачыненьні да каталіцызму (бо праваслаўнай беларускай шляхты тады ўжо амаль не засталося), пасьля тых, хто пісаў і гаварыў па-беларуску. Паралельна Масква пастанавіла вынішчыць сацыяльна-этнічную базу нацыі – сялянства. Напачатку забівалі і вывозілі заможных, працавітых і паважаных. Потым – выбарачна. Ад астатніх адабралі зямлю, сродкі вытворчасьці і ўвялі прыгон на абагуленых (дзяржаўных) землях (гэтак званыя “калгасы” ды “саўгасы”). Пашпарты не выдаваліся, пераезд зь месца на месца быў абмежаваны, прыгонная праца не аплочвалася (хіба што сымвалічна). Гісторыя Беларусі была фактычна ліквідаваная. Пачатак яе адлічваўся з 1917 года (бальшавіцкі пераварот у Расеі). Прытым зьмест нават гэтай “гісторыі” быў таксама сфальсіфікаваны. Адначасна расейскі рэжым прыступіў да пакрокавай ліквідацыі беларускай мовы, шляхам дэкрэтнага зьмяненьня беларускага правапісу, прымусовага яго набліжэньня да рускага напісаньня, гвалтоўнага ўвядзеньня ў беларускую мову рускіх словаў і г.д. Прадаўжалася ўжо выпрацаваная раней мэтадалёгія: разбурэньне нацыянальнай архітэктуры, помнікаў гісторыі і культуры, гістарычных цэнтраў гарадоў, зьмяненьне нацыянальнай тапанімікі, русіфікацыя беларускай моладзі праз рускую школу, унівэрсітэт, службу ў савецкім войску, праз рускую літаратуру, машыну прапаганды і г.д. Сімптаматычна, што ў сістэме генацыду, русіфікацыі і вынішчэньня беларусаў рускія бальшавікі, у адрозьненьне ад царскіх нішчыцеляў, ніколі не называлі рэчы сваімі імёнамі, а карысталіся выключна эўфэмізмамі і словазамяняльнікамі. Для вынішчэньня сялянства, напрыклад, ужывалася такая тэрміналёгія, як “кулаки”, “вредители”, “классовые враги”, “эксплоататоры”. Прыгонны рэжым называўся “коллективизация”, “колхоз”, “совхоз”, “коммуна”, адбіраньне маёмасьці і сродкаў вытворчасьці – “обобществление”. Для ліквідацыі нейкай групы ці колькасьці людзей прыдумвалі тэрміны, кшталту “троцкисты”, “нацдемы”, “нацуклонисты” і г.д. Пад гэтае словаблудзтва хапалі памечаных для ліквідацыі людзей; русіфікацыя і зьнішчэньне нацыянальнай культуры называлася “строительсвом коммунизма”, “стиранием национальных различий”, “отмиранием национального языка” і г.д. Эўфэмілёгія стварала бачнасьць, ілюзію нейкіх быццам бы асаблівых палітычных працэсаў, нейкай асаблівай нібыта палітыкі там, дзе адбывалася звычайнае варварства, масавыя забойствы, тэрор і азіятчына. Бальшавіцкія русіфікатары і нішчыцелі не ўжывалі лапідарных імпэрскіх слоўцаў тыпу “инородцы”. Для забойства беларускіх “инородцев” існаваў тэрмін “нацдэм” і ліквідоўвалі “нацдэмаў”, стваралі бачнасьць шкоднай зьявы, зь якой нібыта змагаюцца. Ніхто ня бачыў таямнічага нацдэмаўскага фантому, але ўсе назіралі, як зсякалі галовы беларусам. І некаторыя верылі ў міфічных “нацдэмаў” і іншыя выдумкі бальшавікоў. Такія былі правілы забойстваў, уведзеныя рускім НКВД. Прыёмаў было шмат. Прыдумвалі цэлыя неіснуючыя беларускія арганізацыі і рабілі пад іх заплянаваны “хапун”. Вынік зьнішчальных дзеяньняў левай расейскай улады быў катастрафічны для беларусаў. 30-я гады ХХ-га стагоддзя нашай гісторыі – гэта быў другі Патоп. Беларусь страціла каля двух мільёнаў чалавек, а беларускае нацыянальнае Адраджэньне было поўнасьцю разгромлена, ягоныя дзеячы замардаваныя, зьнішчаныя і забітыя. Аднак незьнішчальнасьць Беларусі і беларускай нацыянальнай ідэі засьведчыла тым часам Другая Сусьветная вайна. З 1941 па 1944 гады цэнтральная Беларусь (на якой дзейнічала нямецкая цывільная адміністрацыя на чале з В. Кубэ) перажыла моцны нацыянальны ўздым. Гэта ўшчэнт зьбянтэжыла бальшавікоў і прывяло Маскву ў шаленства. Зь вяртаньнем саветаў на Беларусь сотні тысячаў сьведамых беларусаў эмігравалі на Захад. Пасьля 2-й Сусьветнай вайны, і асабліва пасьля сьмерці Сталіна, уся беларуская ўлада была абсаджана найбольш агрэсіўнай і “беларусажэрнай” групай функцыянераў партыі і НКВД – былымі савецкімі партызанамі. Масква скарэктавала тактыку барацьбы зь беларускай ідэяй. Стаўка была зроблена, як і за часы Карнілава ды Мураўёва, найперш на русіфікацыю праз рускую школу і на мясцовыя прарасейскія кадры адміністрацыі. Партызанская ўлада праіснавала, практычна, да 80-х гадоў і цалкам апраўдала спадзяваньні Масквы. З асяроддзя гэтай улады і яе пераемнікаў ня выйшла ніводнага нацыянал-камуніста, усё жывое беларускае затоптвалася, скрупулёзна, зь веданьнем справы, з двайной энэргіяй рэнегатаў. Беларускія школы былі тым часам поўнасьцю ліквідаваныя ў беларускіх гарадах і раённых цэнтрах. Кашмар русіфікацыі гарадзкой рускай школы, служба ў Савецкай арміі і бяспамяцтва зглумілі некалькі пакаленьняў пасьляваенных беларусаў. Савецкая праграма русіфікацыі і вынішчэньня нацыянальнай культуры, разьлічаная на доўгі час, стварала перавернутае грамадзтва манкуртаў ды мамелюкаў, нацыянальных вырадкаў, што зьдзекваліся над усім сваім. Сталінскі плян зьнішчэньня беларускага сялянства быў выкананы. Сялянства як супольнасьць уласьнікаў-земляробаў і супольнасьць вясковай традыцыйнай культуры было разбурана. Але заставалася вёска, існавалі вясковыя людзі, носьбіты жывой беларускай мовы і этнічных прыкметаў. А значыць (нішчыцелі разумелі) заставалася небясьпека адраджэньня сялянства. Нягледзячы ні на што, вёска яшчэ заставалася крыніцай, што жывіла нацыянальныя карані. Сітуацыя была прааналізаваная ў Маскве, і ў 1964 годзе зьявіўся бадай ці ня самы страшны (пасьля вяртаньня прыгону) і самы небясьпечны для беларускай нацыі плян зьнішчэньня (зносу) беларускіх вёсак. Праект падаваўся пад эўфэмізмам “ликвидация неперспективных деревень”. (У 1950-м годзе, напрыклад, зьнішчалі беларускія хутары пад лёзунгам “укрупнение населённых пунктов”. ) З трыццаці пяці тысячаў беларускіх вёсак плянавалі пакінуць 9 тысячаў. Гэты плян ажыцьцявіць на пасьпелі. Разваліўся Савецкі саюз. НОВЫЯ ТЭХНАЛЁГІІ У 1960-х гг. У самы разгар халоднай вайны ЗША і СССР ліхаманкава працавалі над тэхналёгіямі лягічна-падсьведамага і псіхічнага ўзьдзеяньня на праціўніка. Фактычна, стваралася новая нябачная і незразумелая для масавай сьведамасьці зброя масавага ўзьдзеяньня. У глыбокай сакрэтнасьці ў КГБ дасьледвалі псіхалёгію, біяінфарматыку, астралёгію, парапсіхалёгію, гіпноз, нават магію, высьвятляючы магчымасьці ўзьдзеяньня на масавую сьвядомасьць. Вынікі былі дасягнутыя, і немалыя. Цяпер кожны адукаваны чалавек ведае, што такое інфармацыйная зброя, як яна ўзьдзейнічае на падсьведамасьць, як ствараецца масавы псіхоз, уплыў на асобу, праграмаваньне псіхікі, стварэньне скрыўленага вобраза і г.д. Камуністычная кіруючая бюракратыя, аднак, глядзела на гэта, як на экспэрымэнты, ня больш. У іх былі свае, бюракратычныя правілы франтальнай ідэалягічнай апрацоўкі народа і ўся паўната ўлады. Экспэрымэнты засталіся незапатрабаванымі. Масква лічыла, што Беларусі ўжо канец, што беларуская нацыя памерла і толькі дажывае фізічна. КГБ тым часам рабіў пэрспэктыўны аналіз і ажыцьцяўляў прэвентыўныя меры. Дзесьці ў сярэдзіне 1970-х гг. На адкрытых партыйных сходах розных “ідэалягічных” арганізацыяў выступаў зь лекцыямі адзін палкоўнік КГБ, які казаў пра падрыўную дзейнасьць заходніх ідэалёгіяў і даверліва, паўканфэдыцыяльна паведамляў прысутным, што ў Беларусі, і найбольш у Менску, зьявіліся беларускія фашысты. Прыкметы: гэта маладыя людзі, галовы паголеныя, у ботах і галіфэ, гавораць па-беларуску, сьпяваюць беларускія народныя песьні. Але гэта, маўляў, камуфляж, за народнымі песьнямі схаваны фашызм. Далей паведамлялася нібыта пра “факты” фашысцкіх зборак і правакацыяў. Інфармацыя гэбіста была выдумкай, несусьветным глупствам, такіх групаў моладзі ў сярэдзіне 70-х гадоў у Беларусі не існавала. Аднак савецкі абывацель, праслухаўшы лекцыю “спэцыяліста” ўжо падазрона вастрыў слых і азіраўся на вуліцах, шукаючы “фашыстаў”. Прэвентыўны разьлік палкоўніка быў прадбачлівым. Абывацель знайшоў ягоных “фашыстаў” праз 10 гадоў, калі ў 80-х зьявіліся беларускія культурніцкія моладзевыя суполкі і пачалі сьпяваць беларускія народныя песьні. Тады на сьвята Купальле ноччу ў полі міліцыя нападала на іх з сабакамі пры выкарыстаньні гелікоптэра, а кагэбоўскім нападам на школьніцкае сьвята “Гуканьне вясны” (якое адбылося 20 красавіка 1986 года ў цэнтры Менска ў Траецкім прадмесьці) кіравалі ЦК ЛКСМБ і Менскі гаркам КПБ КПСС. Гэтак савецкі КГБ пачынаў выкарыстоўваць новыя, толькі што засвоеныя “тэхналёгіі” ў пэрманэнтнай антыбеларускай вайне. Беларускі Народны Фронт яшчэ не зьявіўся, а ярлык “фашыстаў” яму ўжо рыхтавалі за 10 гадоў да зьяўленьня. Прытым тады гэта рабілася, відаць, так, на ўсялякі выпадак, для “прафілактыкі”. Беларускі народ (па расейскай лёгіцы) мусіў быў заставацца трупам і нізавошта не павінен быў падняцца, нават адчыніць напалову вейкі вачэй. Але ён падняўся. ГЭБІЗМ У Беларусі і Расеі ўсталяваная новая тэхналёгія ўлады – “гэбізм” (ад назвы службы бясьпекі). Дзяржаўная ўлада знаходзіцца ў руках былога савецкага КГБ. Улада спэцслужбаў (разьведка, бясьпека, палітычная паліцыя і г.д.) бывае вельмі вялікай, нават вызначальнай, як у СССР, але да апошняга часу яшчэ не было выпадку, каб дзе-небудзь спэцслужбы занялі ўсю ўладу ў дзяржаве і валодалі неабмежаванай і абсалютнай яе паўнатой. Першая спроба НКВД пераняць абсалютную ўладу ў СССР была зроблена Берыям адразу пасьля сьмерці Сталіна. Берыя паставіў на рэспублікі, плянуючы зьнішчыць маскоўскую кіруючую групоўку ВКПБ і расчысьціць шлях да ўлады. Але ў выніку маскоўская групоўка зьнішчыла Берыю. З таго часу спэцслужбы былі пад строгім кантролем кіраўніцтва КПСС. Наступная сумбурная спроба верхавіны КГБ захапіць уладу ў СССР шляхам перавароту адбылася ў 1991-м годзе (так званы ГКЧП). Путч праваліўся, але ў выніку была ліквідаваная КПСС, самая галоўная перашкода на шляху да гэбоўскай улады. Адбыўся частковы распад імпэрыі. Аднак Ельцын не расфармаваў КГБ, як таго вымагала неабходнасьць пабудовы дэмакратычнай улады, ніхто з путчыстаў ня быў пакараны. КГБ дэкляраваў падтрымку Ельцыну і, выкарыстоўваючы ягоную палітычную і асабовую слабасьць (адсутнасьць апоры на моцную правячую партыю, алькагалізм), пачаў мэтадычную працу па стварэньні кантролю над уладай, фінансамі, эканомікай, грамадзтвам і дзяржавай. У слабакіруемай ельцынаўскай Расеі КГБ быў найбольш арганізаванай і структураванай сілай улады з добра падрыхтаванымі кадрамі, агентурай і дзяржаўным бюджэтам. Нібыта рэарганізацыі КГБ і скарачэньні, якія рабіў Ельцын і ягоныя стаўленьнікі, толькі дапамаглі спэцслужбам арганізавацца ў новых умовах. Праз некалькі гадоў прадуманай працы КГБ праз агентуру кантраляваў ахову і функцыянаваньне, практычна, усіх банкаў у Расеі, цалкам быў узяты пад кантроль КГБ увесь так званы “шэры” (крымінальны) бізнэс і, што істотна, — дзейнасьць міліцыі і крымінальны сьвет. За гады ўлады Ельцына адбылося глыбокае і татальнае пранікненьне КГБ у бізнэсовыя структуры Расеі. КГБ набыў магчымасьць кантраляваць грашовыя плыні і ўплываць на рух капіталу. Ён шырока пранік у сродкі масавай інфармацыі, стварыў і кантралюе мноства грамадзкіх і палітычных арганізацыяў. Узмацненьне КГБ у ельцынскай Расеі адбылося ўжо ў 1992 годзе. З гэтага часу пачынаецца ягонае актыўнае пранікненьне ў беларускую палітыку, дзе інстытут КГБ застаўся ў некранутым выглядзе з савецкіх часоў. У 1994 годзе, выкарыстаўшы палітычную і нацыянальную нясьпеласьць беларускага грамадзтва, Масква праз КГБ шляхам фармальна дэмакратычных выбараў прыводзіць да ўлады ў Беларусі свайго стаўленьніка А. Лукашэнку. Два аспэкты трэба адзначыць у гэтай падзеі. Першы: вяртаецца старая расейская палітыка вынішчэньня ўсяго беларускага. Другі: функцыянаваньне прамаскоўскай улады на Беларусі ёсьць экспэрымэнтальным рэжымам для будучай сістэмы ўлады КГБ у Расеі. Зьяўленьне ў 1999 годзе ў вышэйшым дзяржаўным кіраўніцтве Расеі нікому раней не вядомага афіцэра КГБ У. Пуціна адкрыта, лапідарна і наўпрост сьведчыць, што гэта не самастойная фігура, а стаўленьнік пэўных сілаў і канкрэтных групаў. Не да канца зразумела, хто ўваходзіць у гэтую кіроўную ценявую групу ўлады (КГБ – арганізацыя напоўсхаваная), але відаць, што там знаходзіцца таксама старая вышэйшая савецкая намэнклятура КГБ – Прымакоў, Кручкоў, Лук’янаў, “плакучы бальшавік” Рыжкоў (словам, былыя гэкачэпісты). Сілу і моц новай (калектыўна-ценевай) гэбоўскай улады засьведчылі найперш апошнія выбары ў расейскую Дзяржаўную Думу, калі КГБ ішоў на выбары амаль адкрыта, стварыўшы штучную прапуцінскую партыю, якая ня мела нават выбарчай партыйнай праграмы, і тым ня менш – поўнасьцю перамагла на выбарах, дзякуючы ўладзе, уладнаму рэсурсу, уладнай прапагандзе, агітацыі і ўладнай фальсіфікацыі. У фармаваньні гэбоўскай Думы была ўжыта мадэль рэжыму Лукашэнкі – поўнасьцю выключаныя з выбараў дэкаратыўныя так званыя “дэмпартыі”. Гульні скончыліся. Нішто не павінна было больш блытацца пад нагамі ў новай улады. Што ж адбылося? Праз 14 гадоў пасьля ліквідацыі КПСС і распаду СССР поўная і абсалютная ўлада ў Расеі легальна, фармальна законна апынулася ў кулаку савецкай службы бясьпекі. (У Беларусі – на 8 гадоў раней, у 1996 годзе і незаконна.) Абсалютная ўлада ў імпэрскай краіне з імпэрскай мэнтальнасьцю і ідэалёгіяй сканцэнтравалася ў руках супэрпартыі, назва якой — КГБ. Аналягаў такой партыі і такой сітуацыі цяжка адшукаць у гісторыі. Гэта партыя, якая зьяўляецца дзяржаўнай цэнтралізаванай структурай улады, яе члены строга структураваныя і субардынаваныя. Супэрпартыя існуе на дзяржаўным бюджэце, прысутнічае ва ўсіх адміністрацыйных цэнтрах краіны. Яе дзейнасьць у значнай ступені засакрэчаная згодна з законам. Супэрпартыя валодае велізарным штатам схаванай ад грамадзтва (і таксама згодна закону) унутранай і зьнешняй агентуры, здольнай пранікаць і кантраляваць усе ўстановы, усе групы грамадзтва. Пераход вярхоўнай улады ў рукі гэтай партыі абазначае неабмежаваную магчымасьць кантролю над усімі сфэрамі дзяржаўнай, грамадзкай і палітычнай дзейнасьці. Ніякая таталітарная КПСС зь яе абсалютнай уладай над грамадзтвам ня можа параўнацца з магчымасьцямі гэтай партыі. КПСС існавала ва ўмовах адміністрацыйнага прымусу і адміністрацыйна-разьмеркавальнай сістэмы. Усе грошы кантраляваліся дзяржавай. КПСС сама была закладніцай свайго дзяржаўнага ўладкаваньня. КГБ цяпер існуе ва ўмовах вымушанай прадажы людзьмі сваёй рабочай сілы ва ўмовах існаваньня грашовых патокаў, кантралюемых гэтай супэрпартыяй улады. У сваёй аснове, такім чынам, супэрпартыя ёсьць легальна і законна арганізаваная дзяржаўная мафія пад аховай сваёй улады і сваіх законаў. Таму заканамерна, што супэрпартыя адразу павяла вайну з фінансавай сілай незалежных расейскіх алігархаў. Прытым Гэбэ не цырымоніцца, дзейнічае дзядоўскім мэтадам сваіх папярэднікаў – за карак ды за краты (гэтак жа і ў Беларусі). Цяперашняй супэрпартыі ўлады непатрэбны ГУЛАГ, бо нікога ня трэба гнаць на працу (як некалі рабілі камуністы). Людзі самы просяцца, і за няшмат. Палітычныя і эканамічныя рэпрэсіі выконвае нябачны інстытут кілераў, які пад кантролем. Кожны дзень у Маскве кілеры забіваюць у сярэднім двух чалавек. Яшчэ ніводнага забойцу не знайшлі. Супэрпартыя Гэбэ больш адукаваная, чым былая КПСС, у пляне палітычнага разьвіцьця. Яе кіруючыя функцыянеры знаёмыя з сучаснымі ведамі і тэхналёгіямі, валодаюць замежнымі мовамі, не зашораныя на тупой ідэалёгіі, як камуністы, і адпаведна – не абцяжараныя ніякай маральлю (нават “камуністычнай”) – цынікі і прагматыкі. Галоўная іхняя “ідэалёгія” – грошы. Але валоданьне дзяржаўнай уладай канцэптуальна абумоўлена імпэрскай мэнтальнасьцю расейскага грамадзтва. Гэты аспэкт прынцыпова ўлічаны. Таму афіцыйнай палітычнай ідэалёгіяй супэрпартыі дэкляруецца дзяржаўны патрыятызм, адданасьць інтарэсам Расеі (якія супадаюць з асабістымі і партыйнымі інтарэсамі Гэбэ). Эканамічнае існаваньне такой мафійнай сістэмы па сутнасьці тупіковае, беспэрспэктыўнае. Але ў Расеі яна можа трываць доўга. Відавочна, што гэтакая гэбоўская сістэма ўлады ніколі ня будзе дэмакратычнай. Па сваёй прыродзе яна ўвесь час імкнецца да кантролю над грамадзтвам, над друкам і грамадзкай думкай, над камэрцыйнай і прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Геапалітычны ўзровень думаньня і палітычныя магчымасьці супэрпатыі КГБ таксама большыя, чым у былой КПСС. Валодаючы сучаснымі тэхналёгіямі і аналізам, супэрпартыя здольная пралічваць свае дзеяньні крок за крокам на доўгі пэрыяд і дамагацца вынікаў. Прарыў КГБ да ўлады ў Расеі адбыўся якраз пасьля такога аналізу шляхам пасьлядоўных дзеяньняў. Супэрпартыя Гэбэ, не дэкляруючы, прапануе, фактычна, сваю вэрсію глябалізацыі шляхам пранікненьня спэцслужбаў у капітал. Гаворачы спрошчана, прапануецца кантроль спэцслужбаў над сусьветнымі грашовымі плынямі, таварамі і рэсурсамі. Трэба ўлічыць, што ўсе спэцслужбы выконваюць палітычныя задачы сваіх нацыянальных урадаў. Тым часам расейская спэцслужба КГБ ёсьць цяперака сама сабе і ўрад, і партыя, і дзяржава. Канцэнтрацыя рускага шэрага капіталу на Захадзе (мяркуюць, што ў Эўропе знаходзіцца ад 300 да 500 мільярдаў даляраў расейскіх грошай) зьвязана ня толькі з крымінальным вывазам. Вывезеныя грошы ўжо працуюць на інтарэсы супэрпартыі КГБ і ў будучыні яшчэ могуць сыграць сваю злавесную палітычную ролю. Захад, напалоханы расейскім крыміналам, ня ў стане зразумець, у чыіх руках рычагі і кантроль над яго прасоўваньнем у Эўропу. Тым часам заключаючы зьдзелкі аб сумеснай дзейнасьці з расейскай бізнэсовай фірмай, заходнія людзі думаюць па сваіх стэрыатыпах і ня здольныя ўцяміць, што маюць справу з дзяржаўным гэбізмам, і ўпускаюць рускую разьведку ў свае інтарэсы. Правалы КГБ бываюць толькі ва Ўсходняй Эўропе, дзе ведаюць расейцаў і прыёмы расейскай палітыкі. Напрыклад, апошнія скандальныя падзеі ў Летуве (прадажа нафтакамбіната ў Мажэйках і справа прэзыдэнта Паксаса). Рускі КГБ – арганізацыя з жахлівым злачынным мінулым, з крымінальнымі тэрарыстычнымі традыцыямі, ад якіх ніхто ва ўладзе Расеі не адмовіўся, наадварот, глядзяць на іх, як на “героические традиции прошлого”. Цяпер, калі ўлада поўнасьцю перайшла ў рукі КГБ, амаль кожны дзень па расейскім тэлебачаньні, у друку ды радыё ідуць матэрыялы пра невядомых раней “герояў-чэкістаў”, пра тое, як яны шпіёнілі, ажыцьцяўлялі забойствы і тэрарыстычныя акты “во имя родины” і г.д. Ніхто ўжо не хаваецца. Рускі кніжны рынак завалены кнігамі пра крымінальнікаў ды зладзеяў у законе (нават бандыцкія энцыклякпэдыі выпусьцілі). Усё гэта – павевы часу і адлюстраваньне аблічча новай улады. Тэрарызм заўсёды быў галоўнай сфэрай дзейнасьці КГБ. За часы халоднай вайны тэрарыстычная актыўнасьць чэкістаў была пашырана, структуравана і сістэматызавана, набыла рысы міжнароднай палітыкі з пляцоўкамі на ўсіх кантынентах. У Савецкім саюзе пры ваенных частках і навучальных установах узьнікла шмат цэнтраў па падрыхтоўцы міжнародных тэрарыстаў з усяго сьвету (з Кубы, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі, з арабскіх краінаў і г.д.). У 1960-х гадах быў нават створаны спэцыяльны “Ўнівэрсітэт Дружбы Народаў імя Патрыса Лумумбы” ў Маскве, дзе рыхтавалі тэрарыстаў (там прайшоў падрыхтоўку, напрыклад, вядомы міжнародны сэрыйны тэрарыст-забойца і марксіст Санчэс Ільіч Рамірэс (Шакал), якога ў 1990-х гг. схапілі і судзілі ў Францыі). Атрымаўшы вывучку ў СССР, тэрарысты пад кантролем КГБ актыўна дзейнічалі ў Афлыцы і Лацінскай Амэрыцы, дзе экспартавалі “рэвалюцыю” ды “змагаліся” ў такіх краінах, як Егіпет, Іарданія, Ліван, Сірыя, Аўганістан, і ўвогуле – на Блізкім Усходзе, ня кажучы ўжо пра В’етнам. Гэты “вопыт” і міжнародная сетка тэрарызму, створаная КГБ, ня згінула з распадам СССР, ня зьнікла канчаткова, засталіся кадры, навыкі, сувязі, і нарэшце – застаўся прыклад, прэцэдэнт тэрарыстычнай дзейнасьці, якая аднавілася цяпер на новым этапе, як вайна з Амэрыкай. Ёсьць пытаньні, якія ляжаць на паверхні, і выклікае вялікае зьдзіўленьне, што ніхто іх не задае цяпер, калі тэма тэрарызму стала галоўнай у Заходнім сьвеце. Першае: дзе ёсьць цэнтар тэрарызму? Хто ім кіруе? Хто падрыхтаваў і давёў да выкананьня такую складаную дыверсію, як зьнішчэньне вежаў Гандлёвага Цэнтру ў Нью-Ёрку і разбурэньне будынку Пентагона ў Вашынгтоне? Хто? Бін Ладэн? Гэта выглядае несур’ёзна. Кожны, хто здольны аналізаваць, зразумее, што такая апэрацыя была не пад сілу толькі тэрарэстычнай арганізацыі. Камісія Кангрэсу ЗША прышла да высновы аб няўзгодненых дзеяньнях і памылках спэцслужбаў Амэрыкі, якія не прадухілілі дыверсію 11 верасьня. Але вядома (нават зь літаратуры і кіно), што прафэсіяналы спэцслужбаў пачынаюць раптам усе памыляцца перад нейкай падзеяй тады, калі на іх (ці ўнутры іх) дзейнічае і ўплывае іншая спэцслужба. Пасьля дыверсіі 11 верасьня Амэрыка была лёгка ўцягнута ў дзьве вайны на Блізкім Усходзе. Так, вайна адпавядала інтарэсам бясьпекі Амэрыкі і крок быў неабходны (і з пункту гледжаньня лёгікі барацьбы — правільны). Але зададзім пытаньне, чыім яшчэ інтарэсам адпавядала гэтая вайна? І чаму, калі ў Іраку не знайшлі зброі масавага зьнішчэньня, раптам зноў выявілася, што прымітыўна і бяздарна памыліліся ў гэтым ужо адразу дзьве нацыянальныя разьведкі – амэрыканская і ангельская. А “памылка” такая: разьведкі сцьвярджалі, што зброя ёсьць. Але калі б было вядома, што зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку няма, то вайна магла б не пачацца. Часам карысна лапідарна паразважаць на тэму выгады. Дыверсія 11 верасьня ўдарыла па ўсім Заходнім сьвеце. Ні адна краіна не атрымала пасьля гэтай падзеі ніякага палітычнага прыбытку. Але Расея адразу скарыстала сітуацыю, каб схаваць свой дзяржаўны тэрарызм і злачынную вайну ў Чачэніі, паказваючы на ісламскую рэлігійнасьць чачэнцаў, якія абараняюць бацькаўшчыну. І гэтае парва на абарону выстаўляецца расейцамі як ісламскі тэрарызм. Маніпуляцыя ўдалася. Захад па-здрадніцку здаў чачэнскі народ на зьнішчэньне. Ад вайны ў Іраку на сёньняшні дзень ніхто не атрымаў эканамічнай выгады, акрамя Расеі. Добра вядома, што эканоміка, і нават існаваньне палітычных рэжымаў у гэтай краіне, залежыць ад цаны на нафту. У выніку вайны ў Іраку цэны на нафту высока падскочылі ўверх. У Расею пацяклі незаплянаваныя нафтадаляры. Даляраў цяпер поўна, ня ведаюць, куды прыткнуць. Далі вось 175 мільёнаў на незаконны рэфэрэндум Лукашэнку (пад выглядам крэдыту). Нафтадаляры даюць рух бізнэсу, новым ініцыятывам. Выгада, якую за кароткі час атрымала Расея і супэрпартыя КГБ ад прытоку нафтадаляраў эквівалентная вялікім дзяржаўным высілкам па эканамічных рэформах, інвэстыцыях ды крэдытах, ды на доўгія гады. Але ўсё гэта можна было дасягнуць хутка. Дастаткова толькі, каб Амэрыка пачала вайну ў Іраку. Ня будзем, аднак, варушыць думак у галовах заходніх палітыкаў. Там непапраўна. Пагодзімся, што ў крамлёўскім КГБ сядзяць прасьцячкі ды сябры Амэрыкі, і што бін Лядан кіруе міжнародным тэрарызмам. Тэма нашай гаворкі – беларуска-расейская цывілізацыйная вайна. Зыход, ці дакладней, працяг гэтай вайны напрасткі зьвязаны з характарам улады ў Расеі. У залежнасьці ад гэтага можа зьмяняцца тактыка вайны. Але хто б ні сядзеў у Крамлі, агрэсіўная сутнасьць расейскай палітыкі ў дачыненьні да беларусаў ня зьменіцца ніколі. Гэбізм, як бы я яго ацаніў, — гэта, вобразна кажучы, прыватызацыя дзяржавы спэцслужбамі (у дадзеным выпадку КГБ). Спэцыфіка гэтай улады ў тым, што супэрпартыя КГБ фармальна як бы ня бачная. На паверхні плаваюць розныя палітычныя ўтварэньні і асобы, бізнэсовыя фірмы, банкі, але няма відавочнай дэклярацыі прыналежнасьці да КГБ. Такая сістэма нагадвае крыху структуру масонскай ложы. Яе няпроста палітычна разбурыць. Тым больш, што Гэбэ скарыстоўвае фармальна дэмакратычныя мэханізмы абстаноўкі ўлады (выбары, парлямант і г.д.) і кантралюе рэжым іхняга функцыянаваньня. Абсалютызацыя ўлады КГБ дазволіла яму ў дзяржаўным маштабе бесперашкодна выкарыстоўваць тэхналёгіі падсьведамага, псіхічнага і інфармацыйнага ўзьдзеяньня на грамадзтва. Зьявілася цэлая “паліттворчасьць” гэбізму. На палітычнай сцэне ставіліся палітычныя спэктаклі, хэпэнінгі, выступалі салісты, разыгрываліся псэўдаканфлікты, ствараліся псэўдаарганізацыі і г.д. – усё для ашуканства людзей і дасягненьня палітычных мэтаў. І людзі ашукваюцца цэлымі групамі, масамі. Ва ўсіх гэтых “творчых гульнях” стаіць разьлік, выконваецца пэўная задача. Найбольшая небясьпека хаваецца ў тым, што рускі гэбізм скрыта агрэсіўны, а акаляючы сьвет яшчэ ня можа разабрацца, што за тып улады ўтварыўся ў Расеі, і гатовы называць яго нават “дэмакратыяй”, што выглядае насьмешкай над здаровым сэнсам. ЭЎРОПА Эўропа бессаромна пагадзілася з расейскім гэбізмам, не разумеючы, як відаць, ягонай небясьпечнасьці, і гэтак жа, як некалі пагаджалася з камунізмам і пасавала перад Гітлерам. Улічваючы, што ў сістэму гэбоўскай улады ўключана Беларусь, Захад (маецца на ўвазе Эўразьвяз і найперш — Нямеччына) шукае супольнага з Расеяй вырашэньня пытаньня наконт рэжыму Лукашэнкі. Лукашэнка, як крэатура КГБ, Маскву цалкам задавальняе. Масква ніколі не пагодзіцца здаць Лукашэнку ўзамен на якога-небудзь “дэмакрата”, які быў бы пад уплывам Бэрліна ці Брусэля. Тут справа зразумелая і скончаная. У Менску Крэмль хоча мець свайго чалавека. На гэтай глебе вяжацца антыбеларуская дыпляматыя і точыцца гандаль. Бэрлін падтрымліваў у Беларусі “барацьбу за дэмакратыю” супраць дыктатуры і адначасна стараўся перацягнуць Лукашэнку на свой бок, “дэмакратызаваць” яго. Немцы таемна супрацоўнічалі пры гэтым з КГБ (місія Ганса Віка). З гэтага, аднак, нічога ня вышла. Ня немцы скарысталі рэжым, а рэжым немцаў. Вік дапамог рэжыму разваліць Беларускі Народны Фронт і стварыць кантралюемую агентурай псэўдаапазыцыю (без нацыянальнай ідэі), пасьля чаго ад Віка пазбавіліся. У беларуска-расейскім канфлікце эўрапейскі Захад і на гэты раз аказаўся дрэнным саюзьнікам Беларусі. Левы лібэралізм, які цяпер усталяваўся ў Эўропе, добра каардынуецца з рускім гэбізмам. Самае істотнае, дзе яны зыходзяцца ў ацэнцы Беларусі, заключаецца ў тым, што эўралібэралізм адмаўляе нацыянальныя каштоўнасьці і нацыянальную ідэю. Таму цяперака ніякай падтрымкі ў лібэральнай Эўропе беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух ня мае, ня меў і мець ня будзе. Тут ня мае значэньня дэмакратычная сутнасьць беларускага руху. Для іх істотна, што гэтая зьява нацыянальная і культуратворная, якая ў сутнасьці сваёй пагражае амаральнай свабодзе і разбэшчанасьці лібэралізму. У эканамічным падыходзе нацыянальны рух імкнецца стварыць моцную нацыянальную дзяржаву і незалежную эканоміку. Такая пазыцыя супярэчыць лібэральнай канцэпцыі “адчыненага грамадзтва” (Сорас), куды замежны капітал мог бы вольна заходзіць, як у свае дзьверы, і гаспадарыць без перашкод. Цяперашні лібэралізм ёсьць касмапалітычны ў эканоміцы і шкодны, збочаны, распусны ў культуры, паколькі, грунтуючыся на лібэральным пастулаце свабоды асобы і на індывідуалізме, ператварае культуру ў сродак бізнэсу, нажывы, здабыцьця прыбытку любымі спосабамі, эксплуатуе слабыя месцы ў маральнасьці чалавека (фактычна, разбурае ўсялякую культуру, і перш за ўсё – нацыянальную). Ня дзіўна, што шмат якія прадстаўнікі эўрапейскага лібэралізму, ягоныя экспарцёры на Беларусі, знаходзяць паразуменьне з расейскім гэбізмам у спрыяньні справе “дэмакратыі” на Беларусі, а дакладней – у разбурэньні беларускай дэмакратычнай нацыянальна-вызвольнай сілы. Самую шкодную і подлую справу, якую яны зрабілі ў сумеснай працы, гэта разбурэньне (раскол) Беларускага Народнага Фронту – галоўнай палітычнай сілы краіны, той, што вярнула незалежнасьць Беларусі і накіроўвала грамадзтва на шлях дэмакратыі. Адна Масква раскалоць БНФ не змагла б. У 1999 годзе, сумеснымі намаганьнямі расейскіх і нямецкіх спэцслужбаў, Беларускі Народны Фронт быў расколаты на дзьве арганізацыі. Адна частка засталася на пазыцыях нацыянальнай дэмакратыі і рэзка выступае супраць расейска-нямецкай палітыкі на Беларусі. Другая – далучылася да намэнклятурна-дэмакратычнай псэўдаапазыцыі, кіруемай немцамі і Масквой і кантралюемай агентурай. Кіруемая псэўдаапазыцыя была ўтворана на Беларусі стараньнямі кіраўніка Місіі АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка, які таемна супрацоўнічаў у гэтай справе (па яго ўласным прызнаньні) з КГБ. (Гл. “Белорусская газета”, — 2004, 12 студзеня) Народны Фронт, аднак, захаваў сваю аснову і бальшыню структураў, але ранейшыя пазыцыі страчаныя. Пры навязьлівым умяшаньні Ганса Віка разбуральнікі сфармавалі па сутнасьці сваю асобную прамаскоўскую “альтэрнатыву” рэжыму. Нямецка-маскоўская задума якраз у гэтым і заключалася, каб выбіць зь беларускай палітыкі нацыянальную альтэрнатыву і замяніць яе прарасейскай. Тады (у выпадку, напрыклад, зьмены рэжыму) уладу ізноў можна было б абставіць сваімі прамаскоўскімі людзьмі. Сітуацыя задавальняла Эўропу (яна атрымала тут свой уплыў) і Маскву (якая ўкараніла агентуру і ўмацавала ўплыў). ТРЭЦІ ПАТОП У нішчэньні беларускіх сілаў на палітычным полі зноў паўтарыўся (у каторы раз) прынцып канца ХVІІІ стагоддзя –расейцы і немцы ў супольнай антыбеларускай працы. Нічога дзіўнага. Калі на адну сілу нападаюць з двух бакоў другая і трэцяя сілы, то яны часова злучаюць свае інтарэсы. Імкненьне “дранг нах остэн” існуе, практычна, з таго часу, як і мангольскі імпэт “да апошняга мора”. Немцы ставяць задачу ператварыць Эўразьвяз у фэдэратыўную дзяржаву, у якой плянуецца дамінаваньне немцаў (у рэальнасьці гэта праяўляецца ўжо цяпер). Тады для немцаў паўстае магчымасьць вырашэньня цэлага шэрагу геапалітычных задачаў (пра гэта гаворыцца яшчэ толькі ў кулуарах): Усходняя Прусія, Судэты, Сілезія, Данцынг, Одэр і г.д. Пытаньне Беларусі разглядаецца пакуль што як разьменная вобласьць інтарэсаў. У будучым яно ўвязваецца з пытаньнем Усходняй Прусіі. На Беларусь будуць старацца ськінуць састарэлае і дэмаралізаванае савецкае насельніцтва Калінінградзкай вобласьці (ні немцам, ні рускім гэбістам яно непатрэбнае). На сёньняшні дзень неафіцыйная дамоўленасьць паміж немцамі і расейцамі аб падзеле асноўных рэсурсаў Беларусі (таварнага насельніцтва) ужо дасягнута. Кіраўнік Расеі Пуцін сказаў пра гэта ў сваім гэбоўскім стылі па-салдафонску проста: “У былых савецкіх тэрыторыях на Захадзе мы бачым крыніцу інтэлекту і працоўнай сілы”. (Думаньне, нібы ўзятае з плянаў Бормана.) Немцы забіраюць галоўны рэсурс – беларускі інтэлект, укладваюць сродкі ў ягонае нямецкае навучаньне (у асноўным – тэхнічныя спэцыяльнасьці, кампутарныя сістэмы, праграмістыка і г.д.) і арганізуюць працоўныя месцы ў Нямеччыне (з аплатай, большай, чым у Беларусі, але меншай, чым у Нямеччыне). Расейцы забіраюць беларускія рабочыя рукі (ствараюць безальтэрнатыўныя ўмовы выезду, выцісканьне беларусаў зь Беларусі) на абслугоўваньне газавых і нафтавых радовішчаў у Сібіры (адкуль газ ідзе ў тую ж Нямеччыну праз Беларусь). Гэтыя пляны і жаданьні фармуюцца пад звон пра “правы чалавека”, “інтэграцыю”, увядзеньне расейскіх грошай, “чатыры патрабаваньні АБСЭ”, загон на “выбары” і г.д. Але нідзе, вядома, няма гаворкі пра выжываньне беларускай нацыі і культуры, беларускай мовы, беларускай незалежнасьці, пра абарону беларускіх прыродных і інтэлектуальных рэсурсаў і г.д. Увесь гэты квазідэмакратычны шум, які мы чуем у паветры вакол Беларусі, — гэта словаблудзтва і палітыка чужых. Нямецкія палітыкі, фактычна, гатовыя прыняць гэбоўскую канцэпцыю глябалізацыі як новага падзелу сьвету (прынамсі, ва Ўсходняй Эўропе). З 1994 года за 10 гадоў прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і становішча ўнутранай акупацыі ў велізарных маштабах была вынішчана беларуская нацыянальная культура, зглумлены беларускі нацыянальны патэнцыял. Адбыўся пэрманэнтны пагром беларускай нацыі, які парцягваецца. Зьнішчэньні такія вялікія, што гэтая акупацыя гэбізму на Беларусі (у каторы ўжо раз) выглядае Патопам. Беларускія школы, пэрыядычны друк, літаратура, беларускае радыё, тэлебачаньне, сымвалы, навука, асьвета, песьні і музыка, палітыка, беларускія арганізацыі і калектывы і проста нацыянальная годнасьць альбо перасталі існаваць, альбо сціснуліся, звузіліся да мінімальных памераў. Але самае страшнае, што зьнішчаны, забіты каштоўны і непаўторны час які не вяртаецца. У 1991 годзе, пасьля забароны КПСС і ліквідацыі Савецкага саюза, у беларускім грамадзтве назіраўся ўздым і гатовасьць жыць у сваёй краіне, дзяцей імкнуліся аддаваць у беларускія школы, бо разумелі, што будзе дзяржава Беларусь. Беларуская школа хутка адраджалася. Сярод шмат якіх навукоўцаў і пэдагогаў жыў ахвярны дух працы дзеля новай Беларусі. За кароткі час былі напісаныя і выдадзеныя добрыя падручнікі для школаў, пачаўся ўздым у гістарычнай навуцы, у музыцы і тэатры. І гэта ня гледзячы на супраціўленьне старой савецкай улады, савецкага ўраду і намэнклятуры. Вось гэты дух, гатоўнасьць жыць у новай нармальнай беларускай Беларусі і плянаваць беларускую будучыню, вось гэты стан грамадзкай надзеі, падрыхтаванасьці і чаканьня – зглумлены, зьняважаны і абпляваны. Зроблена вялікая шкода народу. Бо той стан ужо ня вернецца, як не вяртаецца маладосьць, нават калі мы ліквідуем існуючы рэжым, разам зь ягоным гэбізмам. Вядома, будзе іншая сітуацыя і іншы стан. Але шмат што нам прыдзецца ўжо зноў пачынаць ад пачатку. Такія ёсьць умовы нашай вечнай вайны з Масквой. Сучасная бітва з расейскім гэбізмам, дакладней – пабіцьцё непадрыхтаванага да вайны беларускага грамадзтва характарызуецца вырабленай падступнасьцю Масквы і ашуканствам людзей. Шырока выкарыстоўваюцца яшчэ царскія тэхналёгіі падстаўных арганізацыяў з агентурным кіраўніцтвам. Пры ўдзеле КГБ ствараюцца адмысловыя ўтварэньні пад выглядам беларускіх, напрыклад, “Край”, “Белы легіён”, “Зубр”, “Хартыя-97” і іншыя менш вядомыя групы, маргінальныя імітацыі ці праявы разавага ўжываньня. Падобная сітуацыя і з пэрыядычным друкам. Тут пастаўлена задача (якая ўжо амаль што выкананая) ліквідаваць беларускамоўны друк. Пад выглядам “апазыцыйных” выдаюцца рускія газэты, якія кантралююцца з адпаведных структур і выяўляюць прарасейскую ацэначную пазыцыю беларускіх зьяваў з узроўню маскоўскай так званай “дэмакратычнай апазыцыі” (якой цяпер, дарэчы, у Маскве, фактычна, ужо не існуе). У сродках масавай інфармацыі выкарыстоўваецца тыпова савецкае грубае гэбоўскае пасквілянцтва, фальсіфікацыя падзеяў, прыдумваньне неіснуючага. Усё гэта (асабліва па тэлебачаньні) мае велізарнае ўзьдзеяньне на нацыянальна асьлепленае грамадзтва. Цэлыя групы насельніцтва фанатычна вераць самай неверагоднай хлусьні, як сьвятому адкрыцьцю. Разам зь ліквідацыяй беларускага друку і з падменай апазыцыі адбылася, адпаведна, і падмена інфармацыі. У рускім і квазіапазыцыйным друку, у рэляцыях Місіі АБСЭ, у перадачах радыёстанцыі “Свабода” (“Liberty”) падзеі, зьвязаныя з палітычнымі дзеяньнямі арганізацыяў беларускага Адраджэньня (найперш Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ), зь гераізмам ягоных змагароў не адлюстроўваюцца і сьведама замоўчваюцца. На “Лібэрці”, напрыклад, калі падаюцца, то ў абмежаванай дозе, і часам з падменай інфармацыі (даецца падзея, але замоўчваюцца выканаўцы і арганізатары). Практычна, і расейскі гэбізм, і заходні лібэралізм праводзяць у Беларусі аднолькавую антынацыянальную інфармацыйную палітыку. Часта выкарыстоўваецца прыём інфармацыйнага глушэньня ініцыятывы. Першым чынам вакол такой беларускай ініцыятывы ствараецца інфармацыйны вакуум. Калі падзея стала ўсё ж вядомай, зьяўляецца адразу некалькі штучных пустых (“апазыцыйных”) ініцыятываў (напрыклад, збор подпісаў у абарону лукашэнкаўскай канстытуцыі і т.п.). І ў сродках масавай інфармацыі, па радыё пачынаюць на розныя лады абмяркоўваць інфармацыйнае шалупіньне, ствараюць пустапарожні шум, галас, вэрхал, каб заглушыць інфармацыю пра небясьпечную для Масквы падзею. Часта выкарыстоўваецца прыём падмены і забяганьня наперад. Напрыклад, па тэлебачаньні паказваюцца рэальныя здымкі падзеі, але дыктарскі тэкст і інфармацыя пра сэнс гэтай падзеі падаецца зусім іншая (найчасьцей – паклёпніцкая), зручная рэжыму. Гэта ў афіцыёзе. Другі варыянт. Адбываецца публічнае дзеяньне на палітычную тэму, якое праводзіць беларуская нацыянальна-вызвольная арганізацыя. У гэты час прадстаўнікі агентурнай (нібыта “апазыцыйнай”) арганізацыі прыводзяць сваіх журналістаў (тэлеаператараў), становяцца перад камэрамі на фоне рэальных падзеяў і пачынаюць даваць ад свайго імя інтэрв’ю і камэнтары пра гэтыя падзеі, да якіх у сапраўднасьці яны ня маюць дачыненьня. Пэўныя людзі і друкаваныя органы, “свабодныя” радыёстанцыі падхопліваюць гэтую імітацыю і тыражуюць, робяць падмену, затоптваньне інфармацыі і рэальнага сэнсу падзеі. Трэці варыянт “забяганьня”. Калі плянуецца нейкая нацыянальна-вызвольная ініцыятыва, тады агентурная “апазыцыя” пачынае ствараць такую ж самую (ці аналягічную) ініцыятыву ў той жа дзень, ці напярэдадні (напрыклад, перад 25 Сакавіка), каб адцягнуць увагу і заблытаць людзей. Шырока выкарыстоўваюцца інфармацыйныя пустышкі (найчасьцей таблоіднага, скандальнага кшталту). Ізноў жа – каб адвесьці увагу ад вызвольнай падзеі ці калі рэжым праводзіць нейкую сваю акцыю, да якой не хацеў бы прыцягваць увагі. У абставінах, дзе створаныя падстаўныя групы і “кіруемая апазыцыя”, для рэжыма адчыняецца шырокае поле дзейнасьці супраць рэальнага беларускага змаганьня. Масква такім чынам стварыла вірусы і ўвяла іх у беларускі арганізм дзеля ягонага разбурэньня. Вірусы ня толькі агрэсіўна рэагуюць на рэальную змагарную беларускую дзейнасьць, але і самы яны ёсьць мабільныя, рухомыя, прапануюць і ўкараняюць у беларускае палітычнае жыцьцё свае разбуральныя квазіапазыцыйныя праекты. Па віруснай схеме разбуралі, напрыклад, Беларускі Народны Фронт, арганізоўвалі (пры дапамозе Ганса Віка) так званы “перамоўны працэс” з рэжымам, а потым – так званую “аб’яднаную апазыцыю”. Пры гэтым немцы, асабліва Масква, шырока ўжываюць за мяжой так званую “кулуарную дыпляматыю”, дзе тонка паклёпнічаюць на Беларусь, уплываючы на абмежаваных і недасьведчаных асобаў на Захадзе разважаньнямі аб шкодзе беларускай незалежнасьці. У міжнародным пляне найбольш небясьпечнай ёсьць тэхналёгія гэбізму, якую б мы назвалі дымнай заслонай ці адцягненьнем увагі. Сутнасьць яе ў тым, што як толькі ў Расеі ці ў Беларусі, ці ў іншым месцы павінна адбыцца нейкая важная падзея, якой бы рэжым хацеў зманіпуляваць, то абавязкова недзе здараецца буйны тэрарыстычны акт, альбо іншая падзея, якую ў першую чаргу стане абмяркоўваць міжнародная супольнасьць, але ня тую, што адбылася ў гэты час у Расеі ці ў іншым месцы, дзе ёсьць “расейскія інтарэсы” (скажам, выбары, вайсковыя апэрацыі па вынішчэньні людзей у Чачэніі, выбары ў Грузіі і т.п.) Выпадковымі супадзеньнямі такія тэракты не выглядаюць. Ня выключана, што перад 17 кастрычніка (дата выбараў і магчымага незаконнага рэфэрэндуму на Беларусі) таксама здарыцца якое-небудзь “адцягненьне ўвагі”. Часта ўжываецца тэхналёгія палітычных спэктакляў, што разыгрываюцца, як правіла, на вышэйшым узроўні. Напрыклад, так званая “газавая вайна” зімой 2004 г. паміж Пуціным і Лукашэнкам. Альбо перацягваньне пратэстнага электарату на свой бок (дэмагогія пра абарону суверэнітэту) і г.д. Унутраная палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі пры гэтым не зьмяняецца (нават робіцца больш жорсткай). Пагром беларускай нацыі, разбурэньне і зьнішчэньне ўсяго беларускага працягваецца. МАГЧЫМАЕ І НЕАБХОДНАЕ Але Беларусь не разгромлена. Хоць становішча нядобрае з прычыны вычарпанасьці на сёньняшні дзень чалавечых рэсурсаў – духоўных, палітычных і сацыяльных. Выташчаная этна-сацыяльная крыніца беларускай нацыі. З прычыны пэрманэнтнай вайны і вынішчэньня яна не разьвілася ў паўсюдны культурна-нацыянальны пласт, для якога найперш неабходна ўнівэрсальнае функцыянаваньне жывой беларускай мовы. Да такога стану камуністычныя русіфікатары давялі нацыю яшчэ ў 1970-я гады. Але з таго часу структура яшчэ больш разбурылася, пачалося выміраньне насельніцтва, маштабнае п’янства, маральны заняпад. Самае дрэннае, што за апошнія 10 гадоў стала адчувацца страта духоўных ідэалаў (і ўвогуле ідэалаў) у беларускім грамадзтве, адбываецца агрубленьне сьвядомасьці, абмежаваньне інтарэсаў, прымітывізацыя асобы, канцэнтрацыя яе імкненьняў на простым, матэрыяльным, выгадным, што не вымагае ахвярнасьці і душы. Няразьвітасьць нацыянальнай сьвядомасьці грамадзтва прыводзіць да замыканьня такой асобы на самой сабе, на сваіх простых дзеяньнях і патрэбах. Такія людзі не выяўляюць разуменьня неабходнасьці адстойваць агульныя беларускія інтарэсы. Адпаведна, практычна адсутнічае ў грамадзтве дух змаганьня – галоўны чыньнік супраціўленьня і перамогі народа над неспрыяльнымі акалічнасьцямі. Становішча , аднак, такое, што трэба якраз толькі змагацца, толькі наперад, толькі ваяваць. І чым мацней, сьмялей і разам – тым лепш. Тым часам сілы для гэтага цяпер мала. Але ўспомнім, што ў пэрыяд рэакцыі павінна адбывацца накапленьне сілы. І гэта трэба скарыстаць. Кожны беларускі змагар, ацаніўшы становішча, задасьць сабе пытаньне: што рабіць зараз, цяпер, у гэты мамэнт? Горш за ўсё ў такім стане – гэта рабіць глупствы, неабдуманныя дзеяньні. Гісторыя паказвае і вучыць, што калі заціснута і нішчыцца ўсё і не падняць галавы, і сіла чужая – тады працуецца дзеля будучыні. Часьцей за ўсё гэты аспэкт змагарнай працы ня стане галоўным, але ён абавязкова павінен быць. Інакш – будучыні ня будзе. Так разьвіваецца нацыянальнае асьветніцтва, якое адродзіць дух змаганьня. Беларуская нацыя мае вялікую і слаўную гісторыю, нацыянальную літаратуру і мастацтва, найбагацейшы ў Эўропе фальклёр, нацыянальную навуку і нацыянальных герояў. Беларусы маюць шматлікія сакральныя сымвалы нацыі. Гэта найперш Бел-Чырвона-Белы сьцяг і гэрб Пагоня, Крыж Эўфрасіньні Полацкай, Вільня і Вострая Брама, Няміга і Полацкая Сафія, Мірскі замак, Нарач і Нёман, Скарына і Кастусь Каліноўскі, палітычны сымвал нацыі – Рада БНР, хавальніца нацыянальных ідэалаў 25 Сакавіка. Ідэал – вечны рухавік разьвіцьця, пэрпэтуум мобіле чалавечага духу. Майма ідэалы – мецьмем прышласьць. Не заўсёды ідэалы дасягаюцца. Але дасягаюцца – калі ёсьць, і ніколі – калі няма. Ідэал – гэта тое, што неабходна для вольнага разьвіцьця і дасягненьня дасканаласьці. І тут відаць, што ідэал ёсьць духоўная неабходнасьць, а не капрыз і не адцягненая мара. Маючы ідэалы, будзем мець рэальнасьць, што валодае пэрспэктывай. Ідэалізм унівэрсальны і выступае як закон разьвіцьця, дзе першаснае ёсьць ідэя. “Палітыка – мастацтва магчымага”, — чулі мы ня раз гэтую прымітыўную бяскрылую сэнтэнцыю, формулу палітычнага філісьцерства і бяздарнасьці. Людзі, якія кіраваліся такім правілам, нічога не дасягалі. Гэта чэмбэрленаўшчына. Калі б палітыкі займаліся толькі магчымым паводле сваіх магчымасьцяў, то не было б ні подзьвігаў, ні герояў, ні палёту, ні дасягненьняў. Калі б дэпутацкая Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце ХІІ-га скліканьня, 25 асобаў, зыходзілі толькі з сваіх магчымасьцяў ў 345-асабовым варожым асяроддзі камуністаў, ветэранаў намэнклятуры і бязбожнікаў, то Беларусь проста ня мела б незалежнасьці, ні гэрба Пагоня, ні Бел-Чырвона-Белага сьцяга, ні дзяржаўных сьвятаў Вялікадня і Нараджэньня Хрыстовага, ні праўды пра Чарнобыль ды Курапаты. Калі б уявіць, што палітычныя чэмбэрлены, “мастакі магчымага” зблудзілі б пад Воршу ў 1514 годзе, то і Воршы не было б. Каб рабіць магчымае ў палітыцы, ня трэба “мастакоў”, хопіць дземянцеяў. А калі пра “мастацтва”, то палітыка якраз ёсьць уменьне немагчымага, майстэрства неабходнага. Магчыма ці немагчыма Беларусі перамагчы ў пэрманэнтнай вайне з Расеяй на сваёй тэрыторыі? Калі лічым, што немагчыма (такая ж бо “Расея вялікая”), тады – усё, апускаем рукі і здаёмся. Будзе для нас “мастацтва магчымага” – сканаць пад маскалём, ператварыцца ў рабсілу, стаць гноем гісторыі. Калі ж лічым, што “ТАК”, мы пераможам, то гэтак і станецца, толькі трэба перамагаць. Чалавек жыве сваім жыцьцём і сваім векам. Нацыя жыве гісторыяй, якая можа быць бясконцай. Ёсьць цяпершчына і рэальны сьвет, дзе мы, беларусы (цяперашняе пакаленьне), уладкоўваемся па нашаму праву і па нашай сіле, якая можа быць малой, але можа стаць і вельмі вялікай, у залежнасьці, як мы захочам. Таму ў нашым нацыянальным змаганьні мы зыходзім са справядлівасьці і з магчымасьці нашай сілы. Але ў пэрспэктыве – мы зыходзім толькі з неабходнасьці, не зважаючы на існуючую рэальнасьць. Бо, паўтаруся, нацыя жыве гісторыяй. І гэтак жа, як праз 500 гадоў, нашы разумныя нашчадкі будуць думаць пра нас, гэтак і мы цяперака мусім думаць пра сваіх радакоў, што будуць жыць праз паўтысячы год. Бо нашая зямля – гэта таксама іхняя зямля, наш дом – гэта іхны дом, і нават нашыя справы ёсьць досьвед нашчадкаў, дзе нашыя ідэалы могуць стаць іхным быцьцём. Вось гэта і ёсьць вышэйшыя нацыянальныя інтарэсы, што зьвязваюць нас у адно. І толькі калі ўсьведамляем гэта, мы — нацыя. Перад жывым народам высока і далёка мусіць вечна сьвяціць пуцяводная зорка народных ідэй. Тады існаваньне яго – гэта шлях. Калі зоркі няма ці пагасла яе сьвятло – існаваньне людзей стане іхняй магілай. “Будзе ім стол іх сеткаю і цянётамі, і спакусай, і адплатаю”. (Рым., 11; 9) * * * Беларусь павінна перамагчы ў цывілізацыйнай вайне з Расеяй. Ня маюць ніякага значэньня чые б там ні былі меркаваньні на тэму “магчыма” перамагчы ці “немагчыма”. Магчыма, бо неабходна. Беларусам трэба найперш умацаваць сваю незалежнасьць і сваю нацыю. Для ўмацаваньня незалежнасьці першы крок – гэта зьмена акупацыйнага прамаскоўскага кіраўніцтва на беларускае нацыянальнае кіраўніцтва. Але ўвага! Без наяўнасьці беларускай альтэрнатывы перамены рабіць нельга, бо гэта было б самаашуканствам і нічога не зьмяніла б (хіба што ў горшы бок). Менавіта такую сітуацыю Масква са сваімі заходнімі саюзьнічкамі і са сваёй кіруемай бяздумнай “апазыцыяй” падрыхтавалі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе, калі “супернікам” Лукашэнку выставілі неальтэрнатыўную фігуру прамаскоўскага і прагэбоўскага савецкага намэнклятуршчыка У. Ганчарыка (хоць Лукашэнку зьмяняць не зьбіраліся, але страхоўку зрабілі). Пасьля зьмены прамаскоўскага кіраўніцтва на беларускае першым пытаньнем па ўмацаваньні нацыі і адраджэньні культуры павінна стаць вяртаньне беларускай мовы на дзяржаўны пасад і ва ўсе сфэры жыцьця краіны. Гэта галоўнае пытаньне, задача нумар 1, якую вырашыць трэба першым чынам. Адразу вяртаюцца беларуская школа, вучэльні, унівэрсітэты, дзейнічае законная Канстытуцыя, вяртаецца дзяржаўная нацыянальная сымволіка, адмяняецца ўсё беззаконьне прамаскоўскага рэжыму, крымінальныя міжнародныя дамовы і пагадненьні, вяртаецца беларускі друк, беларускія часопісы, выдавецтвы, тэлебачаньне і радыё, адбываюцца выбары, улада і дзяржава пачынае функцыянаваць, зыходзячы з патрэбаў беларускага народу, беларускай культуры і нацыянальных інтарэсаў грамадзтва. Але якія б ні былі перамены ў нашай краіне і хто б ні сядзеў ва ўладзе ў Расеі, нязьменнай застанецца расейская агрэсіўная палітыка ў дачыненьні да Беларусі. Вайна супраць беларусаў будзе працягвацца. Яна будзе то ўзмацняцца, то затухаць, то існаваць у форме небясьпекі, ствараючы ілюзію спакою, а потым з новай сілаю пачнецца. Гэта ня ёсьць вайна на жыцьцё, а на сьмерць. Як і тысячу год, нічога ня зьменіцца да таго часу, пакуль будзе існаваць расейская імпэрыя. Гэта добра разумелі ў Польшчы, у Эстоніі, Латвіі ды Летуве, калі кінуліся ў НАТО і прасіліся ў Эўразьвяз. Тым самым, аднак, была разбурана вялікая і спрыяльная ўсім ідэя Балта-Чарнаморскай Садружнасьці (БЧС) – ідэя палітычна-эканамічнай арганізацыі Ўсходняй Эўропы. Гэты плян, агучаны Беларускім Народным Фронтам у 1990-м годзе, выклікаў шалёную адмоўную рэакцыю ў камуністычнай Маскве і з маўклівай трывогай і непрыхільнасьцю ўспрыняты ў Заходняй Эўропе. Аднак галоўнай прычынай нерэалізацыі БЧС стаў прыход да ўлады ў Беларусі стаўленьніка расейскага КГБ (1994 г.), пачатак гэбізму і ўнутраная акупацыя краіны гэбоўскай Масквой. Здавалася б, што пасьля ліквідацыі прамаскоўскага гэбізму ў краіне, шлях Беларусі стане такі ж, як і Польшчы: НАТО і Эўразьвяз. Аднак гэта быў бы вымушаны, капітулянцкі і чужы шлях, які пагражае нашай культурнай ідэнтычнасьці і нашай нацыянальнай свабодзе. Гэта ўцёкі ў чужое сховішча ад тысячагадовай вайны з Расеяй. Польшчы спатрэбілася 15 гадоў, каб увайсьці ў Эўразьвяз. Для Беларусі гэта дастатковы час, каб стаць на моцныя ногі і ня йсьці ў Зьвяз на каленях. Аднак ці трэба ўвогуле такое рабіць? Цяперашняя леваарыентаваная Эўропа знаходзіцца ва ўладзе лібэральнай ерасі, яе інтэлектуальныя пласты і вярхі грамадзтва перыжываюць пэрыяд духоўнага раздарожжа, змаленьня і маральнага рэгрэсу ідэй. Скрыўленая карціна сьведамасьці, дэфармацыя каштоўнасьцяў уводзіцца ў норму лібэральнага права, у паняцьце свабоды і паводзінаў чалавека. Збочаны індывідуалізм і разбэшчанасьць ператвараюцца ў агрэсіўную ідэалёгію, якая імкнецца выступаць пад маскай права ў выглядзе новай эўрапейскай культуры, якую хочуць навязаць цэламу сьвету. Садомія і гразь вышлі з падпольля на вуліцу, у тэлебачаньне і друк, ціснуцца ў парляманты, касьцёл, школы і суд. Зьбянтэжанае грамадзтва глядзіць на ўсё гэта, нібы ў паралічы, анямелае ад неверагоднасьці таго, што адбываецца ў яго на вачах. Стан аняменьня грамадзтва перад маніфэстацыяй зла – гэта вынік згніцьця грамадзкіх эліт. Цяперашняя сітуацыя выглядае капітулянцкай перад злом, бо зьмясьціліся акцэнты каштоўнасьцяў людзей хрысьціянскай Эўропы ў бок матэрыялізму, геданізму і асабістага задавальненьня ад жыцьця. Людзей цікавіць толькі задавальненьне сваіх фізічных патрэбаў. Тым часам у “аб’яднанай Эўропе”, якую будуюць будаўнікі, значэньне дзяржаўных нацыянальных межаў і дзяржаўных нацыянальных законаў будзе малець. Асабліва, калі немцам і французам удасца накінуць усім структуру эўрапейскай фэдэратыўнай дзяржавы з агульным прэзыдэнтам, урадам, міністрамі, зьнешняй палітыкай і г.д. У гэтакім становішчы першасную ролю павінна будзе адыгрываць мова і нацыянальная культура, нацыянальна-культурныя межы паміж народамі. Успомнім галоўны лёзунг савецкай русіфікацыі ў СССР – “стирание культурно-национальных различий между народами”. У дэмакратычнай Эўропе ўніфікаванай адзінамоўнай асіміляцыі ня будзе. Але ўзьнікне небясьпека размываньня слабой культуры. Таму, перш чым апынуцца ў такім фэдэратыўным Эўразьвязе, трэба адрадзіць беларускую культуру, дзяржаўна сцьвердзіць беларускую мову і моцна стаць на нацыянальныя ногі, на што спатрэбіцца 2-3 пакаленьні. Аднак Беларусь ужо была ў адным “Савецкім Саюзе”. Уваходзіць самахоць у чужую дзяржаву, дзе зьбіраюцца камандваць немцы з французамі (можна ўявіць, што з гэтага атрымаецца) выглядала б абсурдам, нават улічваючы вечную навалу Масквы. Больш прывабнай выглядае пазыцыя скандынаўскіх краінаў, да якой далучаецца Польшча і прыбалтыйскія краіны. Яны выступаюць за канцэпцыю Эўразьвязу як садружнасьці, як саюзу айчынаў, дзе кожная краіна цалкам суверэнная і праводзіць сваю ўнутраную і зьнешнюю незалежную палітыку, каардынуючыся (дзе неабходна) з Эўразьвязам. Сама сітуацыя падказвае, што вольная Беларусь павінна разьвіваць і мацаваць добрыя дачыненьні з Паўночнай Эўропай – краінамі Скандынавіі, Прыбалтыкі, а таксама з Польшчай і Ўкраінай. Гэта дачыненьні, якія вядуць да аднаўленьня ідэі Балтыйска-Чарнаморскай Супольнасьці і будуць спрыяць больш стабільнаму гістарычна-натуральнаму, эканамічна і культурна абгрунтаванаму ўладкаваньню Ўсходняй Эўропы. Думаючы пра дачыненьнямі з суседзямі, пра ўмацаваньне нашай незалежнасьці і перамогу ў вайне з Расеяй, мы мусім перш за ўсё зважаць на Ўкраіну. Гэта натуральны наш саюзьнік і найбліжэйшы нам народ, зь якім у беларусаў склаліся прыхільныя адносіны, што зьяўляецца нашым агульным набыткам і што зыходзіць з падобнага гістарычнага лёсу нашых народаў, з гістарычнага перажываньня агульнай небясьпекі. Разьвіцьцё падзеяў у каторы раз паказвае, што краіны Ўсходняй Эўропы (дзяржавы Балта-Чарнаморскага шляху) мусяць нарэшце сур’ёзна падумаць аб сваім геапалітычным адзінстве. Найперш зважаем, што яно склалася гістарычна і ёсьць найбольш узаемавыгаднай формай дачыненьняў для краінаў гэтай часткі Эўропы. Анэксія Ўсходняй Эўропы і інкарпарацыя яе ў эўразійскую зону Расеі 200 гадоў таму прынесла незьлічоныя няшчасьці гэтым краінам. Тым часам ні 1918-ы, ні 1991 вызвольныя гады не прывялі да самаарганізацыі Ўсходняй Эўропы. Пасьля 1991 года магчымасьці былі значна большыя, чым у 1918-м, але ўсё перабіў штучны і нетрывалы праект з Захаду – праект “аб’яднанай Эўропы” (праект без ідэі). Уцяканьне ад Расеі ператварылася ў капітуляцыю перад Захадам. Цяпер у галовах французка-нямецкіх палітыкаў гуляюць часам мудрыя чэмбэрленаўскія разважаньні: аддаваць Беларусь ды Ўкраіну на ядзеньне Расеі ці забраць пад сябе. Мяркую, што з гэтакай эўрапалітыкі, аднак, нічога не атрымаецца, бо ёсьць яшчэ Амэрыка. Але спадзявацца мы, беларусы, мусім толькі на сябе. Тады пераможам. У нашай адвечнай вайне з Расеяй Эўразьвяз зусім не зьяўляецца альтэрнатывай. Ня трэба панікі і ўцяканьня без разбору. Мы самы ёсьць альтэрнатыва для Расеі і мусім стварыць яе ва Ўсходняй Эўропе. У нашых інтарэсах будзе супрацоўнічаць і потым уступіць у НАТО, але не ў Эўразьвяз, дзе нас дзяржаўна аслабяць, раззброяць, разбэсьцяць за падачкі, высмакчуць інтэлектуальныя рэсурсы і потым здадуць пры першым удары грому. Ва Ўсходняй Эўропе гэта ўжо праходзілі ня толькі мы. Адносна Эўразьвязу варта выказаць яшчэ некалькі істотных заўваг. Першая. Які б ні быў Эўразьвяз (“фэдэральны” ці “саюзьніцкі”), вольнай Беларусі туды ўступаць ня трэба, але неабходна будзе падтрымліваць добрыя і шчыльныя дачыненьні, асабліва ў палітычнай і эканамічнай сфэрах. Наша палітычная арыентацыя і разварот тварам павінен быць да Эўразьвязу. Але паўтаруся, абаперціся мы зможам хутчэй на Амэрыку. Амэрыка можа стаць нашым заходнім прыарытэтам. На маю думку, малаверагодна, каб Эўразьвяз (асабліва пасьля пашырэньня 2004 года) беспраблемна праіснаваў бы даўжэйшы час. Крызіс Эўропы ўжо пачаўся. Абвал непазьбежны. Крызіс мае глыбейшыя прычыны і заключаецца ня толькі ў эканоміцы. Відавочны духоўны рэгрэс, зьнікненьне культуры і здрабненьне элітаў. Упершыню ў гісторыі заходняга Хрысьціянства Эўропа (25 краінаў) пасьля працяглай дыскусіі аб канстытуцыі аб’яднанай Эўропы адмовілася ад Хрысьціянства і хрысьціянскіх традыцыяў у культуры. Гэтая адмова – абсурд, які ўсім відаць. Эўропа вырасла на Хрысьціянстве. І тым ня менш факт адмовы адбыўся. Эўропа заявіла тым самым, што сьветапоглядам і ідэалёгіяй Эўразьвязу ёсьць бязбожніцтва. Адначасна ўзаконьваецца садомія (гомасэксуальныя сувязі), забойства ненароджаных (аборты) і забойства сьмяртэльнахворых людзей (эўтаназія), і ў гэты ж час забараняецца сьмяротнае пакараньне забойцаў, садыстаў, гвалтаўнікоў, кілераў і іншых вылюдкаў. Гэта значыць, што дзяржаўным законам адмяняецца сьмяротны грэх, вылучаны ў Хрысьціянстве. Закон і права ў пытаньнях меры пакараньня становяцца на баку забойцы (дакладней, на прыарытэце захаваньня ягонага жыцьця). Дыскусіі па гэтым пытаньні носяць дэмагагічны і сафістычны характар. Вядома, дзяржавы існавалі (і існуюць) ня толькі бязбожныя, але і сатанінскія (СССР), аднак цяперашняя Эўропа – асаблівы факт. На Захадзе мала хто яшчэ ўсьведамляе, што сьвет, у якім яны жывуць, паступова робіцца арэнай сусьветнай вайны, якая вядзецца партызанскімі (тэрарыстычнымі) мэтадамі і маніпуляцыямі насельніцтвам. Эўропа якраз (а не Амэрыка) зьяўляецца галоўным тэатрам акупацыйных дзеяньняў. (Вынік клясычнай вайны, як вядома, — акупацыя, заняцьце тэрыторыі.) Заходняя Эўропа стала ахвярай сваёй недасканалай сістэмы лібэральна-дэмакратычнай улады, амаральных прынцыпаў эканомікі (здабываньне выгады) і індывідуалістычнага сьветапогляду, заснаванага на абсалютным прыярытэце (першаснасьці) правоў чалавека (прыдуманых таксама “чалавекамі”). У выніку пабудовы жыцьця на такіх, здавалася б гуманных, але бездухоўных і матэрыялістычных каштоўнасьцях, пачалося інтэнсіўнае “перасяленьне народаў” у Заходнюю Эўропу з былых афрыканскіх ды азіяцкіх калёніяў эўрапейскіх краінаў. Валодаючы эўрапейскімі мовамі, выхадцы з калёніяў і танныя работнікі з “трэцяга сьвету” па абслугоўваньні дэмакратычных эўрапейцаў не асімілююцца, аднак, ні культурна, ні рэлігійна, ні мэнтальна, ні нацыянальна, ствараюць шматдзетныя сем’і, карыстаюцца ўсімі дэмакратычнымі правамі і льготамі. Тым часам нараджальнасьць забясьпечанага эўрапейскага насельніцтва зьніжаецца ўвесь час (адна з прычынаў – жаданьне жыць толькі для сябе). У некаторых краінах (у Вялікабрытаніі, напрыклад) неэўрапейцы складаюць ужо палову насельніцтва. Адбываецца чужая цывілізацыйная ін’екцыя ў Эўропу. І ў гэты час Эўропа адмаўляецца ад традыцыяў хрысьціянскай культуры. З пункту гледжаньня эканамічнага лібэралізму, прыток таннай рабочай сілы – гэта выгадна. З палітычнага гледзішча лібэральнага думаньня – гэта добра і правільна, бо забясьпечаны правы чалавека і дэмакратыя. Гэтага паняцьця Эўропе дастаткова, каб не праймацца. Калі дапусьціць, што гэтакі, як сёньня, эўрапейскі спакой, статыстыка, працэсы і паскарэньне працэсаў працягнуцца нязьменнымі даўжэйшы час, то праз якіх 60 гадоў Эўропа (найперш разьвітыя краіны) поўнасьцю зьменяць свой рэлігійна-культурны кшталт і дэмаграфічнае аблічча. Улічваючы аднак сусьветныя канфлікты і тое, што за плячыма новых пераселеных народаў Эўропы стаяць іхныя краіны мэтраполіі, наўрад ці трэба спадзявацца на доўгі спакой на старым кантыненце. Беларуы мусяць ужо цяпер уважліва прыглядзецца і ацаніць дрэнную пэрспэктыву лібэралізму ў Эўропе. Мы памятаем, што натварыў бальшавізм на Ўсходзе. Лібэралізм у культуры, сацыялізм, камунізм, бальшавізм – гэта зьявы, што растуць з аднаго антыхрысьціянскага і агрэсіўнага бязбожнага кораня. Інтэлектуалы Ўсходняй Эўропы, перш чым разважаць аб уяўных перавагах уступленьня ў Эўразьвяз, павінны падумаць аб арганізацыі міжнароднага змаганьня зь ерасьсю расьперазанага лібэралізму дзеля зьберажэньня і аховы традыцыяў нацыянальнай культуры. Перад беларусамі найперш стаіць задача нацыянальна-культурнага Адраджэньня, аднаўленьня культуры беларускай цывілізацыі і пабудовы нашай магутнай справядлівай нацыянальнай дзяржавы. Нам недаспадобы плян Нямеччыны-Францыі аб фэдэратыўнай Эўропе. Крызіс такога Эўразьвязу, які фармуецца без апоры на якую-небудзь агульную духоўную ідэю, адмаўляецца ад духоўных традыцыяў хрысьціянскай Эўропы, — непазьбежны. Для беларусаў непрыймальная ідэя стварэньня лібэральнай супэрдзяржавы на Захадзе, замест вольнай Эўропы вольных народаў. Нам няма чаго ў ёй рабіць. Беларусам бліжэй Эўропа айчынаў і ідэалёгія айчынаў, якая ёсьць асновай свабоды. Будучая вольная Беларусь аб’ектыўна будзе збліжацца найперш з паўночна-заходняй (скандынаўскай і балтыйскай) групай краінаў Эўропы, якія прыхільныя да каштоўнасьцяў айчыны, свабоды і незалежнасьці. Тым самым стане вяртацца ідэя Ўсходняй Эўропы – стварэньне Балта-Чарнаморскай садружнасьці. * * * Мы гаварым пра магчымае і неабходнае для Беларусі ў абставінах, якія склаліся альбо маглі б скласьціся. Беларускі выбар і паводзіны ў абставінах – гэта шляхі нашай дзяржаўнай палітыкі. Але ёсьць іншыя задачы, якія не вынікаюць з абставінаў і нават супярэчаць ім. Гэта задачы аб’ектыўнай неабходнасьці, што стаяць над часам і па-над абставінамі. Задачы аб’ектыўнай неабходнасьці не заўсёды, ня ў кожнай пары могуць быць увасобленыя ў дзяржаўнай палітыцы, але яны абавязкова павінны быць у сьведамасьці нацыі ведамі грамадзтва. У супроцьлеглым выпадку нацыя можа асьлепнуць на сваім шляху і пачне блудзіць. Гэта тая зорка ідэалаў, якая сьвеціць перад і пра якую я ўжо пісаў. Што забясьпечвае Беларусі і яе народу паўнавартаснае жыцьцё? На гэта дала адказ яшчэ ў 1918 годзе Рада БНР – незалежная Беларуская дзяржава ў яе этнаграфічных межах. Другая неабходнасьць – спыненьне вечнай агрэсіі расейскай імпэрыі. Спыніць палітычную агрэсію Расеі – гэта ня значыць ваяваць зь ёй зброяй, танкамі ды самалётамі (хаця да гэтага беларусы павінны быць заўсёды гатовымі і трымаць порах сухім). Каб абмежаваць агрэсіўную палітыку Расеі супраць Беларусі, трэба, перш за ўсё, заручыцца ўнутранай моцнасьцю і культурным адзінствам беларускага грамадзтва. Тады будзе гарантаваная і рэальная міжнародная падтрымка Беларусі. Расейская небясьпека павінна стаць абавязковай часткай ведаў кожнага беларуса. Для беларусаў побач з тэзісам “Люблю Беларусь!” мусіць стаяць у сьведамасьці папярэджаньне: “Сьцеражыся Расеі!”. Гэтак склалася нашае гістарычнае існаваньне. Няшчасным вынікам вечнай вайны з Расеяй сталася для Беларусі страта паловы яе этнічных і дзяржаўных тэрыторыяў. Преад 2-й Сусьветнай вайной Беларусь вярнула частку сваіх усходніх земляў. У 30-х гадах было пастаўлена пытаньне перад Расеяй аб вяртаньні ў Беларусь Смаленшчыны і Браншчыны. Замест вяртаньня пачаўся сталінскі тэрор, і Беларусь захлынулася ў крыві. 16 жніўня 1945 года Сталін, маніпулюючы беларускай зямлёй, перадаў Польшчы ўсю Беластоцкую і частку Берасьцейскай вобласьцяў. Так зьявілася беларуская нацыянальная меншасьць у Польшчы. З усіх несправядлівасьцяў расейскай сталінскай палітыкі і ўсіх страт, самай балючай і самай вялікай шкодай для Беларусі была ашуканцкая перадача Вільні і Віленшчыны Летуве. Страта Вільні непапаўняльная. Страта нацыянальнай сталіцы дэзарганізуе нацыю, спараджае нэгатыўныя зьявы ў культуры, парушае культурныя міграцыйныя цыклы, спараджае правінцыялізацыю грамадзтва, запавольвае і тармозіць культурна-нацыянальнае разьвіцьцё. Якія б ні былі абставіны і колькі б яны ні доўжыліся, у думках кожнага беларуса павінна жыць разуменьне велічыні страты і ўсьведамленьне неабходнасьці вяртаньня беларускай сталіцы. Калі такое ўсьведамленьне будзе дасягнута, яно стане элемэнтам палітыкі. Рана ці позна несправядлівасьць сталінскай акупацыі будзе папраўлена. Расейска-беларуская вечная цывілізацыйная вайна несканчальная, пакуль існуе расейская імпэрыя. Простая лёгіка падказвае – расейская імпэрыя мусіць быць ліквідаваная. Толькі гэтакая ўмова дасьць магчымасьць вольна жыць і разьвівацца Беларусі. Звышзадача ліквідацыі расейскай імпэрыі павінна ўвайсьці ў кроў беларускай палітыкі, стаць беларускім нацыянальным інтарэсам. Гэтак жа сама, як у кроў рускай імпэрскай палітыкі прышчэплены імпэт агрэсіі і пашырэньня, імкненьне захапіць Беларусь, гэтак жа і ў беларусаў мусіць быць імпэт “ліквідаваць небясьпеку”. Імпэрыя павінна быць разбурана. Нельга абараняцца тысячу год. Гэта параза. Лёгіка сацыяльна-гістарычнага працэсу такая, што Расея як імпэрыя распадзецца. Беларуская зьнешняя палітыка павінна будзе спрыяць гэтаму і будавацца на звышзадачы “ліквідацыі небясьпекі”. На руінах вечна дэспатычнай імпэрыі ўтворацца дзясяткі новых дзяржаваў, сярод якіх руская дзяржава стане, магчыма, наймацнейшай. Але гэта ўжо будзе краіна, якая пачне жыць па законах свабоднай нацыі, а не імпэрыі, бо не застанецца каго прыгнятаць, і дачыненьні зь ёй стануць іншымі. * * * Падсумоўваючы свае нататкі пра сутнасьць беларуска-расейскай вайны, мушу сказаць, што ў няроўным змаганьні мы, беларусы, не павінны спадзявацца на цуд. Трэба верыць у самых сябе. Ня гледзячы на апошні пагром беларускай нацыі, у нашым народзе ёсьць вялікія неадчыненыя сілы. Іх дапаможа абудзіць найперш нацыянальная самаадукацыя, распаўсюджваньне ведаў пра Беларусь. Ёсьць каму гэта ажыцьцяўляць. Толькі памятайма, што найперш трэба рабіць так, каб сфармаваць беларускую эліту нацыі — інтэлігенцыю, дзеячоў, нацыянальна актыўных людзей. Толькі тады стане магчымай асьвета масаў. Без нацыянальнай эліты масы ня робяць ні палітыкі, ні навукі, ні ідэалёгіі, ні мастацтва, а па вялікаму кошту — ня робяць і гісторыі, хоць і ўдзельнічаюць у ёй заўсёды. Нацыянальную гісторыю і нацыянальную палітыку будуюць лепшыя, ствараюць і робяць нацыянальна-актыўныя групы людзей, што абапіраюцца на народ, выяўляюць і сцьвярджаюць інтарэсы свайго народа. Нью-Ёрк 10/8/2004 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |