Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Ёсьць магчымасьць у народа

Зянон Пазьняк
Становішча, якое ўтварылася на Беларусі перад рэфэрэндумам, і ўмовы, у якіх адбываецца агітацыя “за” і “супраць”, вымушае мяне зноў вярнуцца да тэмы няўдзелу ў галасаваньні.

Нагадаю, я паведамляў раней, што ў палату ня будзе прапушчаны практычна ніводзін крытычна настроены да рэжыму чалавек. Такая ўстаноўка гэбізму палітычна ўжо рэалізаваная на выбарах у Дзяржаўную Думу Расеі ў пачатку гэтага году. Так павінна было стацца і ў Беларусі, паколькі дзейнічае адзіная гэбоўская палітыка. Так яно й робіцца. Мы гэта бачым.

Для рэалізацыі ўстановак рэжым стварыў неабходныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, арганізацыйныя і палітычныя ўмовы, якія гарантуюць яму перамогу пры любым галасаваньні.

Нагадаю гэтыя ўмовы: аўтарытарная сіла ўлады, здольная на ўсё; фальсіфікацыйная машына галасаваньня; адміністрацыйны кантроль над фальсіфікацыйнай машынай галасаваньня і заканадаўчая абумоўленасьць кантролю ўлады над галасаваньнем.

Апошняя пазыцыя абазначае, што нават калі б фальсіфікацыйная машына зламалася б ці прабуксавала – вынікі галасаваньня тады будуць вызначаны ўладнай адміністрацыяй (зрэшты, так яно ў канцовым выпадку заўсёды і робіцца).

Не палянуюся паказаць гэта больш падрабязна. У артыкуле 120 Выбарчага Кодэксу напісана: (цытую ў арыгінале) “Результаты референдума в областях, городе Минске устанавливаются на заседаниях областных, Минской городской комиссий по референдуму и заносятся в протокол. Протокол подписывается председателем, заместителем председателя, секретарем и членами областных, Минской городской комиссий по референдуму и передается не позднее чем через три дня после окончания голосования лично председателем или заместителем председателя либо секретарем комиссии в Центральную комиссию и в органы, образовавшие областные, Минскую городскую комиссии по референдуму, для информации.” “Ворганы”, што ствараюць камісіі – гэта выканкамы, вертыкаль (гл. Арт. 34, разьдзел 9). І далей: “В случае обнаружения органами, образовавшими областную, Минскую городскую комиссии по референдуму, нарушений требований настоящего Кодекса и иных актов законодательства Республики Беларусь, допущенных в ходе голосования или при подсчете голосов, об этом немедленно сообщается в Центральную комиссию”.

Арт. 121: “Центральная комиссия по представлению соответствующих комиссий по референдуму и органов, образовавших комиссии,… может признать результаты референдума… недействительными из-за допущенных нарушений…” і г. д.

Вось, так бы мовячы, заканадаўчая гарантыя перамогі рэжыму ў любым галасаваньні. Вынікі галасаваньня (ужо сфальсіфікаваныя “машынай”) на пэўным этапе трапляюць у рукі ўладнай “вертыкалі”, якая можа зрабіць зь імі што захоча і “рэкамендаваць” Цэнтральнай камісіі.

У такім становішчы спадзявацца перамагчы кантрольна-фальсіфікацыйную сістэму “свабодным” галасаваньнем, тое самае, што імкнуцца ўтапіць акулу ў моры.

Элемэнтарная лёгіка паказвае, што каб перакуліць кантрольна-фальсіфікацыйную сістэму, трэба пазбавіць яе вынікаў галасаваньня. Гэта дасягаецца байкотам.

Байкот пазбаўляе працу фальсіфікацыйнай машыны ад сакрэтнасьці, зрывае пакрывала таямнічасьці. Дзеяньні выбарцаў пры байкоце адкрытыя, паддаюцца адкрытаму ўліку, а значыць узьнікае карціна канкрэтная і даказальная (чаго няма пры таемным галасаваньні і на што абапіраецца сістэма фальсіфікацыі). Пры адсутнасьці вынікаў галасаваньня (непрыход бальшыні выбаршчыкаў на ўчасткі) рэжым будзе вымушаны альбо здацца, альбо фальсіфікаваць адкрыта, дзейнічаць, што называецца, не ў сваім фармаце, ужываць незаплянаваныя спосабы. А гэта ўжо грубая ўзурпацыя ўлады, якая будзе ўсімі зафіксавана. Што гэта будзе абазначаць для рэжыму – зразумела: пачатак канца.

“Пра байкот добра разважаць,” — пярэчаць мне некаторыя мудрыя людзі, але на практыцы, маўляў, зусім іншае, ня той народ, не зразумее, ня ўцяміць і г. д.

Аднак дзеяньні патрабуюцца найперш ад самых “мудрацоў”, а не ад народа. За сябе трэба й адказваць. А то самы цягнуцца ў прорву, і вінавацяць грамадзтва.

Усё, пра што я сказаў вышэй, ёсьць сьведчаньні і аргумэнты лёгікі, практычнай неабходнасьці. Але галоўнае тут – патрабаваньне вышэйшага парадку: рэфэрэндум, у той фармулёўцы, у якой ён аб’яўлены, супярэчыць закону і зьяўляецца незаконным.

Грамадзяне не павінны ўдзельнічаць у незаконных дзеяньнях улады, ад каго б яны не зыходзілі.

Калі зьбіраецца група юрыстаў, наглядна паказвае незаконнасьць рэфэрэндуму і тут жа іншыя заклікаюць ісьці галасаваць, — такія паводзіны бянтэжаць сваёй неадэкватнасьцю. Але прычына, як я лічу, не ў зацьменьні розуму, а ў зацьменьні грамадзянскага сумленьня.

Лёс рэжыму вырашаецца на рэфэрэндуме, а не на выбарах. Выбары толькі прынада дзеля яўкі на рэфэрэндум. Група Лукашэнкі ставіць задачу палітычна жорстка – утрымаць уладу любой цаной. На законнасьць тут ніхто зь іх не зьвяртае і ня будзе зьвяртаць увагі. Гэтыя людзі пайшлі ва-банк і рыхтуюцца да ўсяго, нават да ваенных дзеяньняў на выпадак агрэсіі з Захаду.

Трэба сказаць, што ў сёньняшняй сітуацыі Лукашэнка рашыўся на вялікую рызыку і хоча зноў усіх ашукаць, спадзеючыся на заўсёдную беларускую палітычную наіўнасьць ды на дурноту так званай “апазыцыі”.

Аднак Лукашэнка можа й загрымець. Адно толькі нагадваньне пра байкот выводзіць рэжым з раўнавагі. Баяцца ўсялякага розгаласу пра пяту Ахілеса. Усе законныя ініцыятывы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ па агітацыі супраць галасаваньня на рэфэрэндуме тут жа душаць, не зважаючы ні на што. Хапаюць, судзяць, даюць штрафы і саджаюць пад арышт. (“Змагары” за правы чалавека, вядома ж, ціхенька маўчаць – ня нашых узялі.)

Часу засталося няшмат і каб паправіць становішча, трэба дзейнічаць хутка.

Найперш, з прычыны грубых і сістэматычных парушэньняў заканадаўства і невыносных антыдэмакратычных умоваў кампаніі неабходна партыям і кандыдатам у дэпутаты адмовіцца ад удзелу ў выбарах і рэфэрэндуме. (Ім ужо вочы заплявалі, а яны ўсё кажуць – дождж ідзе.)

Другое. Зьвярнуцца да кіраўніцтва АБСЭ і Эўразьвязу з патрабаваньнем аб адкліканьні назіральнікў за выбарамі па тых жа прычынах.

Трэцяе. Прапанаваць АБСЭ зрабіць папярэджаньне аб непрызнаньні выбараў і рэфэрэндума на Беларусі за законныя, справядлівыя і дэмакратычныя.

Чацьвертае. Кожнаму кандыдату, які адмовіўся ад удзелу ў выбарах і рэфэрэндуме, і кожнай партыі заклікаць да байкоту галасаваньня. Пачаць агітацыю за байкот. Усім незалежным грамадзкім і палітычным арганізацыям Беларусі прыняць удзел у фіксацыі прыходу выбаршчыкаў на ўчасткі.

Пятае. Грамадзянам зьвярнуцца ў Вярхоўны Суд з заявай ініцыяваць справу ў Канстытуцыйным Судзе аб неадпаведнасьці заяўленага рэфэрэндуму Канстытуцыі і Закону пра рэфэрэндум. (З прапановай ініцыяцыі зьярнуцца ў Канстытуцыйны Суд.)

Шостае. Патрабаваць ад Лукашэнкі (пісьмова) адклікаць сваю ініцыятыву пра рэфэрэндум з прычыны неадпаведнасьці закону.

* * *
Шчыра кажучы, нічога нечаканага з боку рэжыму ня сталася і нічога ўжо не зьдзіўляе. Адзінае, чаму я не магу надзівіцца, гэта той бесклапотнасьці, той безадказнасьці, зь якой адносяцца да сваіх паводзінаў некаторыя людзі што апынуліся ў палітыцы і, заплюшчыўшы вочы, пнуцца на выбары-рэфэрэндум. Ужо ж усё праходзілі, пачынаючы з 95-га. Гэта трэці ашуканцкі рэфэрэндум. Ніякіх высноваў. Як бы й не жылі. Ці мо’ гэтыя “мудрацы” думаюць, што можна нізавошта не адказваць, што ўсё забудуць?

Усе, хто так думалі, памыляліся. Дрэнна калі беларусаў зноў усіх разам абуюць у чарговыя рэфэрэндумныя лапці. Тады страчанага ня вернеш. І што найгорш, страчаным стане ўжо новае пакаленьне беларусаў, якое адпакутуе спаўна за памылкі бацькоў.

Але яшчэ ёсьць магчымасьць у народа – два тыдні.

29/9/2004 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2004
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024