Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Факты і падзеі месяца (верасень 2004 г.) Валеры Буйвал Гледзячы на гэтую сцэну, успаміналася нядаўнее: акупацыя Латвіі расейскім монстрам, здушэньне ўсяго латышскага, шалёная русіфікацыя балтыйскай краіны, народ якой акупанты былі саштурхнулі ўжо на ролю меншасьці на ўласнай зямлі. Успамінаецца, як савецкія спэцслужбы зьбівалі латыскую моладзь каля Помніка Волі ў цэнтры Рыгі… Нашчадкі акупантаў, абсалютная большасьць зь якіх дзеткі афіцэр’я, гэбоўцаў ды акупанцкіх начальнікаў, па камандзе з Масквы з пэўнай рэгулярнасьцю дэманструюць нянавісьць да латышскай мовы і нежаданьне інтэгравацца ў латвійскае грамадзтва. Міністр адукацыі спакойна адказала аднойчы на правакацыі: “Яны могуць ад’ехаць у Расею, тамака ўсё рускае”. Але “жертв” ня выпхнеш у пьяную і жудасную Расею, яны зубамі трымаюцца за рыжскі асфальт, яны хочуць быць рускімі тут, а не там (бо разумеюць розьніцу). І ўсё гэта адбываецца па суседству з нашай Беларусяй, дзе расейскія акупанты нішчаць беларускія школы, дзе разгортваецца гнюсная русіфікацыя ўсяго жывога. Як раз у гэты ж дзень рэжым закрыў апошнюю беларускую школу ў Гомлі – цяпер беларуска-славянская гімназія №36 імя Івана Мележа будзе функцыянаваць па-расейску. Лакальны скандал прадэманстраваў яшчэ адну грань разьбітай расейскай ночвы з казкі пра залатую рыбку. На працягу двух гадоў паштарка вялікай вёскі Троіцкі Сунгур Ульянаўскай вобласьці распісвалася ў ведамасьцях і прысабечвала грошы, адрасаваныя магутнай расейскай дзяржавай аднасельчанам у якасьці сацыяльнай дапамогі на дзяцей, інвалідаў і г.д. У выніку назьбіралася нібыта салідная сума ў 50 тысячаў рублёў. Аднак, пры пераводзе ў даляры атрымліваецца пшык: каля палутара тысячаў за два гады. І гэта на ўсіх няшчасных! Аказваецца, штомесяц на інваліда сямья павінна была атрымліваць ажно 50 рублёў (няпоўныя два даляры). Хаця трэба разумець таксама “сьвяшчэнныя інтересы велікой Родіны”. На якія ж грошы тады ўтрымліваць армаду галаварэзаў на Каўказе, каб забіваць і калечыць дзяцей? 5 верасьня антыбеларускі рэжым праводзіў Дзень беларускай пісьменнасьці ў старажытным горадзе Тураве. Які рэжым – такая й пісьменнасьць. Для гасьцей сьвята ўсё пачыналася з мясцовага музэю. А тамака экскурсавод тэмпэрамэнтна распавядаў пра земляка Кірылу Тураўскага, “які ў 12-м стагоддзі быў выказаў такія сучасныя ідэі пра адзінства славян – беларусаў, рускіх і украінцаў…” Месьцячковыя ідэёлягі забыліся, што ў часы Кірылы Русь Залеская (цяперашняя Расея) толькі яшчэ пачынала засяляцца славянамі, на месцы Масквы стаяў тракцір і “русских” у сёньняшнім сэнсе слова не існавала ў прыродзе. Гэта як у савецкім анэкдоце пра тое, што Пушкін – рэвалюцыйны паэт, бо напісаў быў: “Октябрь уж наступил…” Экспазыцыя, якую, відаць, не мянялі з 1937 г., прадставіла нам друкаваныя матар’ялы бальшавіцкага рэўкома пра бандыта Булак –Балаховіча (армія вялікага змагара за незалежнасьць Беларусі пачала ў лістападзе 1920 г. менавіта з Турава наступ на расейскіх агрэсараў). Непісьменная бездухоўнасьць панавала на вуліцах мястэчка і на старажытным замчышчы. Прадстаўнікі сталічнага і мясцовага начальства публічна прызнаваліся (па-расейску, канешне) ў любові да беларушчыны. Колькасьць ахоўных дзяржымордаў уразіла нават мясцовых лукашыстаў. Кэгэбісты, разганяючы публіку, вадзілі па вуліцах яшчэ нейкую групку мужчынаў у сьветлых касьцюмах і велічных позах. Што, хто такія?! Аказалася, што ад народу ахоўваюць купку палатнікаў псэўдапарляманту (Божа, і яны ўжо баяцца!). За сваімі начальнікамі й абсалютная большасьць выступоўцаў замалаціла пра “белорусский язык” і пра “мы покажем Западу, нам без России никак…” Клоўны па-расейску забаўлялі мясцовую дзятву (ясна, што жарты і гульні па-беларуску малыя палешукі “не зразумелі б”). Большасьць надпісаў і абьяваў былі па-маскоўску (на городском языке). І толькі вечна жывая беларуская песьня часам заглушала гэты крывадушны антыбеларускі гармідар. 8 верасьня сталіца расейскага Уралу г. Екацерынбург адгукнулася на заклікі Масквы, зробленыя напярэдадні на штучных антытэрарыстычных мітынгах (куды масава зганялі людзей з месцаў працы і вучобы): “быть вместе и на колени не вставать”. Уначы група “народных борцов протів террорізма” разграміла і спаліла дзесяткі сталовак, якімі валодалі грамадзяне каўказкага паходжаньня (у асноўным армяне і азэрбайджанцы). Каўказцаў жорстка білі, цяжка параніўшы многіх і забіўшы аднаго. Такім чынам, мабыць, дзячылі за азнаямленьне мясцовага насельніцтва з усходней кухней. А калі сур’ёзна, то ўсім пара зразумець, што трэба расейцаў пакінуць у спакоі з іхнімі гастранамічнымі традыцыямі (шклянка самагонкі, занюханая рукавом) і вяртацца дадому, пакуль жывыя. Гэта тычыцца й тысячаў беларусаў, што запісаліся на рабскую працу ў Расею. Адгукнулася на заклікі таксама й сама Масква. 10 верасьня міліцэйскаму патрулю не спадабалася фізіяномія, а потым прозьвішча Магамеда Талбоева. Яго кінулі на зямлю і пачалі біць. Мінакоў, якія спрабавалі выратаваць немаладога чалавека, міліцыянты адагналі ўдарамі прыкладаў. М.Талбоеў – заслужаны лётчык-выпрабавальнік, касманаўт, герой Расеі, былы сакратар рады бясьпекі Дагестану. Ён немым крыкам называў катам свае тытулы, потым пачаў проста прасіць: “Ня бейце па сьпіне, у мяне на выпрабаваньнях і так усё паламана!” Не дапамагло таксама й прад’яўленае пасьведчаньне памочніка дэпутата Дзярждумы. Усе ахвяры паліцэйскага тэрору засталіся задаволеныя, што іх не расстралялі. 11 верасьня сьвята прышло ў падмаскоўны горад Дзяржынск. Летась там рассыпаўся стары помнік крывава-знакамітаму ўраджэнцу нашага Крутагор’я. Новы манумэнт адлілі ў бронзе і сабраліся, каб адкрыць яго. Прыехаў нат унук першага чэкіста Фэлікс Янавіч. Ён абзываў катамі маскоўскага мэра Лужкова і іншае цяперашнее начальства. Прадстаўнік ФСБ па Маскоўскай вобласьці расказаў пра прафэсіяналізм і высокія душэўныя якасьці заснавальніка ягонай канторы. Пераплюнуў усіх мясцовы мэр. Цытуем: “Время было такое (пра “время” гэта ў іх унівэрсальны аргумант: можна апраўдваць, што заўгодна). Тогда все убивали и отдавали приказы убивать. Брат шёл на брата. Мы уважаем этого человека…” Піянэры ўскладалі пад помнік кветкі, аркестар наярываў гімн Савецкага саюза. Можна было шчыпаць сябе, думаючы, што сьніш былое. Але бальшавіцкі карнавал адбываўся на поўным сур’ёзе. Можна зразумець, што гэта толькі правінцыйны пачатак таго, што паступова разгортваецца па ўсёй імпэрыі: рэстаўрацыя гэбоўскага фашызму з уласьцівым яму чалавеканенавісьніцтвам, цынізмам і блюзьнерствам. Калі б падобнае паспрабавалі наладзіць недзе ў Нямеччыне з адкрыцьцём помніка Кальтэнбрунэру альбо Гімлеру, падняўся б сусьветны лямант. Эўрапейская паліцыя дзейнічала б эфэктыўна і хутка. У Дзяржынску мясцовыя “іскусствоведы в штатском” тлумачыліся, што Дзяржынскі арганізаваў быў у гэтым гарадку калёнію для дзяцей-беспрытульнікаў (зразумела, расстраляўшы спачатку іхніх бацькоў) – за гэта, маўляў, яму й помнік. Цікава, а што гэты спэцыяліст па пэдагогіцы сказаў бы пра забойства дзяцей у Беслане? Відаць, нешта накшталт: “Грязно работаете, товарищи”. Не-е, у Фэлікса ніводзін сьведка ня вырваўся б з жудаснай школкі. Дарэчы, а чаму гэта ФСБ арганізавала кілерскі хэпэнінг менавіта 11 верасьня, у гадавіну тэрарыстычных атакаў на ЗША? Амэрыканцам даўно трэба задумацца пра гэтую чэкісцкую “кузькину мать”. Яшчэ адзін напамін амэрыканцам быў зроблены 13 верасьня ў сталіцы Уралу – г. Екацерынбургу (спадзяемся, Пуцін скора пераймянуе горад у Ельцынбург). Генконсул ЗША запрасіў на афіцыйны прыём акрэдытаваных у горадзе дыпляматаў і мясцовую культурніцкую эліту. Пакуль падавалі пачастунак, пад будынак кансуляту пад’ехалі аўтамашыны і заблякавалі усе дзьверы. Змрочныя дзецюкі ў чорных скуранках агрэсіўна тлумачылі ахове, што кансулят не заплаціў за сьвятло ў гэтым памяшканьні. Бедныя госьці вымушаныя былі прама ў вячэрных сукнях і смокінгах лезьці па драбіне з другога паверху, каб пакінуць памяшканьне. Яны казалі журналістам, што шчасьлівыя былі вырвацца на волю ў сьвятле апошніх падзеяў. Аднаго з гасьцей адвезьлі ў шпіталь з сардэчным прыступам. Генконсул Скот Роланд перад тэлекамэрамі трос за каўнер аднаго з чорнаскураных, той вырваўся і ўцёк. Кожнаму ясна, што Расея паступова распярэзваецца, дэманструе Штатам “кто тут хозяін”, прычым пад “тут” трэба разумець усю плянэту. У той жа дзень Пуцін усім патлумачыў, што ўсё гэта значыць. Сабраўшы імпэрскае начальства ў Крамлі, ён абвесьціў, што “пачынаецца другая перастройка”. Умацаваньне рэжыму будзе адбывацца на ўсіх напрамках. Цяпер губэрнатараў будуць не абіраць на месцах, а прызначаць у Крамлі. Будуць “мацаваць прэзыдэнцкую вертыкаль”. (Якое ўсё знаёмае! Мы ўжо заўважылі, што ў Беларусі праводзіўся лабараторны экспэрымэнт, каб потым прышчапіць мадэль у Расеі. Толькі ў непараўнальна большых і жудасных маштабах). Вырашылі вярнуць сьмяротную кару, у тэрарыстаў і іхных памагатых будуць канфіскаваць маёмасьць, паабяцалі чалавецтву “прэвэнтыўныя ўдары па тэрырыстых у любой краіне”. На Каўказ пашлюць яшчэ больш галаварэзаў. Вось, аказваецца, дзеля чаго трэба было рэжыму Пуціна ў апошнія тыдні састрэльваць ракетамі пасажырскія самалёты, забіваць і калечыць дзяцей у Беслане. Расейскі кашмар матэрыялізуецца на вачах. Раней рэзкія рухі Крамля камэнтавалі ў СМІ “расейскія дэмакраты”. Цяпер іх не чуваць. Іх выкарысталі, выцерлі імі боты і выкінулі. Да таго ж рэжым стварыў такую сітуацыю, што любы проста баіцца кукарэкнуць: можна, як Галіна Старавойтава, атрымаць кулю ў сваім пад’езьдзе. Расейскае ТБ дэманструе ўнівэрсальнае адабрам-с адміністратараў і насельніцтва: “даўно пара… слушна… вось гэта дэмакратыя!..” Якое ўсё знаёмае. Цяпер ясна, чым скончыць Расея, мы ўжо гэта праходзілі. Расейскае ТБ у сьвятле “другой перастройкі” усё больш нагадвае лукашэнкаўскае БТ РБ. Пакуль толькі ў інтэрнэце расейкія спэцы забясьпечылі публіку паведамленьнем пра тое, што “дзяцей у Беслане пазабівалі іхныя бацькі, якія кінуліся страляць з аўтаматаў падчас штурму”. Па РТР заявілі, што “бацькі заміналі спэцназу зьдзяйсьняць штурм, блыталіся пад нагамі”. Хаця цяпер ужо вядома: у плянах ФСБ было забойства усіх закладнікаў (таксама ж, як у маскоўскім тэатры на Дуброўцы). “Вызваліцелі” падагналі пад школку танк і стралялі баявымі снарадамі. Калі ў асобным будынку закрыліся двое тэрарыстаў з дзесяткамі дзяцей, іх штурмавалі з вогнемётамі. Ня дзіва, што цяпер расейскія паталягаанатамы прызнаюцца, што немагчыма высьветліць нават пол многіх трупаў. І толькі адчайныя дзеяньні асэцінскіх мужчын, якія ратавалі сваіх дзяцей, дазволілі сарваць гэбоўскую акцыю і выратаваць частку закладнікаў. Наступным тэлесюжэтам з Беслана быў “гуманітарны”. Бадзёры голас тэлевядучай расказаў нам на фоне мітусьні з мяшкамі і пакункамі, што “у Беслан паступіла столькі мяккіх цацак, што няма каму раздаваць, і частку перадалі ў прытулкі рэгіёну…” Да такога не дадумаліся нават Чынгіс-хан з Гітлерам: пазабіваць дзяцей, а потым прыслаць ім цацак. Тэму “спасибо товарищу Путину за наше счастливое детство” працягнулі на матар’яле з Краснадарскага краю. Там адзінаццацігадовы Максім працаваў цэлае лета на камбайне разам з дзядзькам Сашам. У кабіне камбайна на працягу жніва іграла музыка, начальства выдала падлетку ганаровую грамату. Ён купіў сябе ролікі і катаецца па вёсцы. Калгасьнікі ганарацца ім перад камэрай. Напудраная тэлелухта становіцца нормай для расейскага эфіру. Не забываймася пра традыцыі ЧК, чакайма тэлепартрэтаў новых паўлікаў марозавых, якія павінны пачаць ужо здаваць бацькоў-“тэрарыстаў”. Тэрыторыя Расеі, як восьпінамі, пабітая зонамі лакальных няшчасьцяў і катастрофаў. У нармальнай краіне любая зь іх была б прадметам парляманцкіх слуханьняў, выступаў прэзыдэнтаў і міністраў, сур’ёзных пакараньняў вінаватых у адпаведнасьці з законам, а калі што, то й масавых пратэстаў насельніцтва. Вось, напрыклад, пара катастрофаў сярэдзіны верасьня. У Сьвярдлоўскай вобласьці мясцовая фабрыка выпусьціла дзённую норму атручанай шкоднымі мікробамі малочнай прадукцыі. У шпіталі на працягу некалькіх гадзін паступіла больш за 200 асобаў (большасьць дзеці) з дыягназам дызэнтэрыя. Але самае галоўнае, што мясцовыя карэспандэнты паведамляюць: “атручаныя прадукты былі завезены ў шэраг гандлёвых цэнтраў і цяпер продаж іх актыўна працягваецца; лекары чакаюць паступленьня новых пацыентаў”. На ўскраіне Калінінграду (былы крыжацкі Каралявец) стаяць руіны хімічнага камбінату, які яшчэ 15 гадоў таму скончыў жыцьцё банкруцтвам. На агромністай тэрыторыі засталіся цэлыя геалагічныя слаі жудасна шкодных адходаў (асабліва ад коксава-ачышчальнай вытворчасьці). Ведаеце, якую дзейнасьць разгарнулі на гэтай згвалтаванай зямлі гарадзкія ўлады? Тут знаходзяцца дзесяткі таварных складаў харчовых фірмаў. Імпэрыя, якая так ставіцца да сваех людзей, да сваех дзяцей, дзе злачынства – гэта нешта агульнанармальнае, павінна напаўняць сэрцы ўсяго чалавецтва жахам і жаданьнем як мага хутчэй дэмантаваць гэтага звышдзяржаўнага монстра і ўрэшце ўзяць яго пад кантроль. У Расеі ахвярамі эканамічнага крызісу становяцца цэлыя гарады. Горад Новашахцінск (Растоўская вобласьць) трэба пераймяноўваць цяпер у Безшахцінск. На здабычы вугля ўзьнікла і існавала дзесяцігоддзямі вялікае паселішча. Апошнюю шахту, аднак, зачынілі, спыніўшы вытворчасьць, колькі гадоў таму. Дзесяткі тысячаў людзей (амаль усё насельніцтва горада) засталіся без сродкаў на існаваньне. Занятая войнамі і пашырэньнем імпэрыі, крамлёўскае начальства не распрацавала ніякіх сацыяльных праграмаў прафэсійнай пераарыентацыі насельніцтва. Нямногія мужчыны запісаліся ў будаўнічыя брыгады, якія працуюць далёка ад роднага гораду ў цяжкіх умовах. Дзеці практычна ня бачаць бацькоў, семьі жывуць ненармальна. У якой-небудзь Англіі беспрацоўныя шахтары даўно б вышлі на акцыі пратэсту з пытаньнем да ўраду: куды гэта вы падзелі мільёны нафтадоляраў, што пасыпаліся на вас ў апошні час? Але ў растоўскай глыбінцы людзі ціха сьпіваюцца і маўчаць. “Никаких инородцев!” – чарнасоценны лёзунг набывае актуальнасьць. 20 верасьня ў сталіцы Калмыкіі г. Элісьце адбыліся, як паведамілі расейскія СМІ, “выступы апазіцыі”. Прычым гэтыя СМІ неяк не растлумачылі, што гэта за “апазыцыя” такая, з каго складаецца, кім кіруецца. Назвалі толькі адзін ейны лёзунг – “Ілюмжынава ў адстаўку!” З крыкам і гвалтам некалькі сотняў малойцаў (расейскія журналісты чамусьці паведамлялі пра 10-тысячную акцыю) прарываліся праз міліцэйскія кардоны да будынку калмыцкага парляманту, прафэсійна біліся з аховай. Прычым большасьць тэлездымкаў драмы былі зроблены здалёк, агульным плянам або ў прыцемках. Калі ж здымалі тузаніну зблізу, то па-майстэрску нахілялі камэру, каб ня было бачна твараў “дэманстрантаў”. Знаёмая манэра спэцслужбаў: не здаваць сваіх. Менавіта не мірнае калмыцкае насельніцтва, а “свае” у каторы раз ужо спрабуюць скінуць калмыцкага лідэра Ілюмжынава, які назаляе Маскве (разьвіваецца нацыянальная культура і школьніцтва, традыцыйны буддызм, мацуюцца самастойныя сувязі з замежжам). У Крамлі ўжо даўно падрыхтавалі нейкага заслужанага генэрала ГБ на прэзыдэнцкае месца, а тут нейкі калмык уладу не аддае. У Пецярбурзе 25 верасьня быў атручаны і памёр мясцовы аўтарытэт Раман Цэпаў. Нічога, здаецца, надзвычайнага: у Расеі аўтарытэтаў прыбіраюць даволі рэгулярна. Цэпаў займаўся ахоўным бізнэсам, ведаў шмат каго з крымінальнага сьвету. Аднойчы нават сыграў ролю самога сябе ў крымінальным серыяле “Бандыцкі Пецярбург” (!). Але ў свой час агенцыя Цэпава займалася аховай пецярбургскага мэра Сабчака. А як памятаем, начальнікам выбарчай групы Сабчака быў такі Уладзімер Уладзімеравіч Пуцін. Сабчака колькі год таму прыбралі. Цяпер прыбралі й яшчэ аднаго, хто надта шмат ведаў. На прыканцы верасьня сто ўплывовых палітыкаў і інтэлектуалаў ЗША і Эўропы апублікавалі адкрыты зварот да палітычнага кіраўніцтва дзяржаваў НАТО і Эўразьвязу, у якім яны патрабуюць пераглядзець адносіны дэмакратычнага сьвету да Расеі. Сярод падпісантаў лідэр Партыі зялёных Нямеччыны Райнхард Бюцікофэр, сэнатары ЗША Джозэф Байдэн, Джон Маккэйн і Рычард Холбрук, а таксама шэраг былых кіраўнікоў эўрапейскіх краінаў, сярод якіх былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, былы прэм’ер-міністр Італіі Джуліяна Амата і былы прэм’ер Швэцыі Карл Більдт. У звароце гаворыцца: “Расейскае кіраўніцтва парвала з асноўнымі дэмакратычнымі традыцыямі эўраатлантычнай супольнасьці. Расея парушае свабоду прэсы, парушае правы чалавека ў Чачэніі. Прэзыдэнт Пуцін абмяжоўвае свабоду і незалежнасьць прэсы, зьнішчае фэдэратыўную сістэму Расеі, адвольна заключае ў турму рэальных і прыдуманых палітычных праціўнікаў, адхіляе ад удзелу ў выбарах законных кандыдатаў, запалохвае лідэраў няўрадавых арганізацыяў і аслабляе палітычныя партыі”. Падпісанты робяць рэдкую для багатага і самаўпэўненага Захаду выснову: “Заходнія палітыкі павінны прызнаць, што наша стратэгія ў адносінах з Расеяй правалілася”. Вось так… Як раз пра гэта нястомна папарэджваў заходні эстэблішмэнт Зянон Пазьняк, пра гэта даўно паведамляў заходнікам Беларускі Народны Фронт. 1/10/2004 › Актуаліі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |