Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Габрыэль Гарсія Маркэс “Навэлы” 1. Самалёт спячай прыгажуні САМАЛЁТ СПЯЧАЙ ПРЫГАЖУНІ Яна была прыгожая, зграбная, з пяшчотнай скурай колеру хлеба і вачыма зяленага міндалю. Яе валасы, гладкія і чорныя, спадалі да плячэй, а ўся яна мела аўру старажытнасці хутчэй інданезійскай, чымсьці ёйных Андаў. Была апранута з вытанчаным густам: жакетка з рысі, блуза з натуральнага шоўку з рэдкімі кветкамі, штаны з грубага ільну і строгія светлыя чаравікі. “Такой прыгожай жанчыны я яшчэ не бачыў ў сваім жыцці”, думаў я, стоячы ў чарзе на пасадку ў самалёт на Нью-Йорк у парыжскім аэрапорце Шарля дэ Голя і гледзячы, як яна праходзіць, нібыта львіца, мягкімі і шырокімі крокамі. То была звышнатуральная з’ява, якая праіснавала толькі імгненне і знікла ў вестыбюле сярод натоўпа. Было дзевяць раніцы. З самай начы ішоў снег, на вуліцах гораду машынам было надзвычай цесна, на магістралі яны ехалі яшчэ больш павольна, на ўзбочыне стаялі доўгія шэрагі фур і аўтамабіляў, што дымілі сярод снегу. У вестыбюле аэрапорта, наадварот, віравала веснавое жыццё. Я стаяў у чарзе на рэгістрацыю за старой галандкай, якая ўжо амаль гадзіну спрачалася наконт вагі сваіх адзінаццаці чымаданаў. Гэта ўжо пачало раздражняць мяне, як раптам я ўбачыў імклівае з’яўленне, у мяне перахапіла дыханне. Так што я і не памятаю, чым скончылася спрэчка. Я так стаяў, пакуль служачая не спусціла мяне з нябёсаў, папракаючы за разгубленасць. Каб неяк загладзіць віну, я спытаўся ў яе, ці яна верыць у каханне з першага позірку. “Канешне, так”, сказала яна. “Інакш і нельга закахацца”. Потым зірнула на экран камп’ютара і спытала, у якой частцы самалёта я хацеў бы сядзець: для курцоў або не. – Мяне ўсё роўна,– сказаў я з намёкам,– абы не побач з адзінаццаццю чымаданамі. Ёй гэта спадабалася і яна адказала афіцыйнай усмешкай, не адрываючы вачэй з фасфарэсцэнтнага экрану. – Выбірайце месца,– сказала яна,– трэцяе, чацьвертае або сёмае. – Чацьвертае. Ейная ўсмешка набыла трыумфальны бляск. – Я працую тут ужо пятнаццаць гадоў,– сказала яна,– і вы першы, хто не выбраў сёмае. Яна пазначыла на пасадачнай картцы нумар месца і перадала яе мяне разам з паперамі, упершыню зірнуўшы на мяне вачыма колеру вінаграда, як суцяшэнне да тае пары, пакуль я зноў не ўбачыў прыгажуню. Толькі потым яна папярэдзіла мяне, што аэрапорт спыняе працу, а рэйсы адкладваюцца. – На колькі? – Адзін Бог ведае.—сказала яна з усмешкай.—Па радыё паведамілі, што сёння раніцай будзе самая моцная ў гэтым годзе мяцеліца. Яна памылялася: такой мяцеліцы тут не было цэлае стагоддзе. Але ў чакальнай зале першага класа вясна была такая рэальная, што, здавалася, ў вазах квітнелі жывыя ружы, а навязлівая музыка ўспрымалася ўзнёслай і супакойвала так, як і задумалі яе стваральнікі. Раптам мне прыйшло ў галаву, што тут прыгажуня магла б пачувацца, як у сапраўдным прыстанішчы, і я пачаў шукаць яе ў іншых залах, надта здзіўлены ўласнай смеласцю. Але большасць там складалі мужчыны практычнага кшталту, што чыталі газеты на англійскай мове, а тым часам іхнія жонкі думалі пра іншых мужчын, узіраючыся праз шырокія шыбы ў мёртвыя самалёты сярод снега, ў абледзянелыя фабрыкі і неабсяжныя палеткі Руасі, спустошаныя львамі. Пасля абеду ўжо не было ніводнага вольнага месца, і стала так невыносна горача, што я выйшаў, каб падыхаць свежым паветрам. Звонку я стаўся сведкам ашаламляльнай сцэны. Разнамасная публіка ўжо не ўмяшчалася ў чакальныя залы і размясцілася ў задушлівых калідорах, нават на лесвіцах. Людзі сядзелі на падлозе разам са сваімі жывёлінамі і дзецьмі, разам са сваім багажом. Усё ад таго, што сувязь з горадам перарвалася, і пластыкавы празрысты палац выглядаў, як агромністы касмічны карабель, што сеў на мель сярод буры. Я не мог не падумаць, што і прыгажуня таксама павінна быць недзе тут, пасярод густога натоўпу, і гэты вобраз надаў мяне новых сіл дзеля чакання. Калі настаў час снедаць, усе канчаткова асэнсавалі сябе ў ролі ахвяраў караблекрушэння. Людзі стаялі ў бясконцых чэргах перад сям’ю рэстаранамі, кавярнямі, перапоўненымі барамі. Менш чым праз тры гадзіны іх трэба было зачыняць, таму што не было ўжо што есці і піць. Дзеці, што сабраліся тут, здавалася, з усяго света, раптам пачалі ўсе разам плакаць. З натоўпу пачаў уздымацца пах статка. Настаў час інстынктаў. Адзінае, што я паспеў з’есці пасярод вэрхалу, дык гэта два апошнія стаканчыкі крэмавага марожанага ў нейкай дзіцячай забягалаўцы. Я нетаропка еў, прытуліўшыся да стойкі, а тым часам афіцыянты складалі крэслы на сталы, як толькі кліенты сыходзілі. Я бачыў самога сябе ў люстры, што вісела ў глыбіні, з апошнім кардонным стаканчыкам і апошняй кардоннай лыжачкай. Я думаў пра прыгажуню. Рэйс на Нью-Йорк, прадугледжаны на адзінаццаць раніцы, адбыўся а восьмай вечара. Калі я ўрэшце ўвайшоў у самалёт, пасажыры першага класу ўжо сядзелі на сваіх месцах, і сцюардэса правяла мяне да майго крэсла. У мяне перахапіла дыханне. На суседнім крэсле, побач з акенцам сядзела прыгажуня, займаючы сваю прастору з упэўненасцю дасведчаных падарожнікаў. “Калі я напішу пра гэта, ніхто не паверыць”, падумаў я. Я нерашуча павітаўся сваім анямелым языком, але яна не звярнула на мяне ніякай увагі. Яна ўладкоўвалася, нібыта збіраючыся пражыць тут шмат гадоў, кладучы кожную рэч на сваё месца і ў вызначаным парадку. Такім чынам, камфорт быў поўны, як у ідэальным доме, дзе ўсё пад рукой. Пакуль яна гэта рабіла, афіцэр пачаў разносіць шампанскае ад авіякампаніі. Я ўзяў бакал, каб прапанаваць ёй, але яна адразу ж адмовілася. Яна хацела толькі шклянку вады і папрасіла аб гэтым афіцэра спачатку на слабай французскай, а потым больш бегла па-англійску, больш ні разу не азваўшыся на працягу ўсяго палёту. Ейны голас, глухі і ціхі, выдаваў усходні сум. Калі ёй прынеслі вады, яна раскрыла на каленах сумку з меднымі вугалкамі, падобную на бабулін куфэрак, і дастала дзве бліскучыя таблеткі з футляра, унутры якога ляжалі іншыя рознакаляровыя таблеткі. Яна рабіла ўсё гэта настолькі метадычна і арганізавана, нібыта не было нічога непрадугледжанага з дня яе нараджэння. Урэшце яна апусціла заслонку акенца, максімальна адкінула крэсла, накрылася коўдрай па пояс, чаравікі не зняла, насунула маску для спання, лягла бокам на крэсла спіной да мяне і спала без перапынку, не ўздыхнуўшы ні разу, не змяніўшы позу нават крыху, на працягу васьмі бясконцых гадзін і дванаццаці мінут у дадатак, пакуль працягваўся палёт да Нью-Йорка. То было хвалюючае падарожжа. Я заўсёды думаў, што ў прыродзе няма нічога больш прыгожага за прыгожую жанчыну, і ніяк не мог ні на імгненне пазбавіцца ад уплыву чараў гэтага казачнага стварэння, якое спала побач са мной. Афіцэр некуды знік і яго замяніла сцюардэса з рэкламнага плаката, якая паспрабавала абудзіць прыгажуню, каб даць ёй гігіенічны пакет і навушнікі для слухання музыкі. Я ўсё паўтараў ёй, што мая суседка ўжо пра ўсё паведаміла афіцэру, але сцюардэса настойвала, што хоча пачуць ад яе самой, ці будзе яна вячэраць. Я павінен быў пацьвердзіць гэта таксама і афіцэру, і той папракнуў мяне за тое, што прыгажуня не павесіла на шыю таблічку з загадам не абуджаць яе. Я вячэраў ў самоце, кажучы сам сябе ўсё тое, што сказаў бы ёй, калі б яна не спала. Ейны сон быў такі стабільны, што ў пэўны момант я пачаў непакоіцца: а можа яна выпіла таблеткі не дзеля таго, каб паспаць, а каб памерці. Перад тым як глынуць, я падымаў чарку і казаў ёй: – Тваё здароўе, прыгажуня. Пасля сканчэння вячэры згасла святло, пачалі круціць фільм невядома для каго, а мы ўдваіх засталіся ў цемры пасярод сусвету. Найвялікшая ў гэтым стагоддзі бура скончылася, ноч над Атлантыкай была бязмежная і ясная, самалёт здаваўся нерухомым сярод зорак. Я глядзеў на яе некалькі гадзін, разглядаў пядзю за пядзяй. Адзіным знакам жыцця, які я заўважыў, былі цені сноў, што праляталі па ейным твары, нібыта воблакі ў вадзе. На ейнай шыі вісеў танюсенькі ланцужок, амаль нябачны на фоне залацістай скуры, дасканалыя вушы без адтулін для завушніц, ружаватыя пазногці, — сведчанне добрага здароўя, і гладкае кальцо на левай руцэ. Ёй, здавалася, не магло быць больш за дваццаць гадоў, і я цешыўся думкаю, што гэта не шлюбнае кальцо, а знак нейкіх эфімерных заручынаў. “Ведаю, што ты спіш, верная, надзейная, на ростанях, чыстая рыса, так блізкая ад маіх звязаных рук”, думаў я, паўтараючы на грабяні пены шампанскага такі дакладны цяпер санет Герарда Дзіега. Потым я адсунуў крэсла на ўзровень ёйнага крэсла, і мы апынуліся побач, нібыта ў шлюбным ложку. Адценне ейнага дыхання было такое ж, як ёйны голас, а скура мела тонкі водар, які мог быць уласна толькі подыхам яе прыгажосці. Здавалася неверагодным: мінулай вясною я прачытаў прыгожую навелу Ясунары Кавабаты пра старых багачоў у Кіота, якія плацілі агромністыя сумы, каб правесці ноч у назіранні прыгажэйшых дзяўчын горада, аголеных і ачмурэлых ад наркотыкаў, і ўвесь час паміраць ад кахання побач з імі ў ложку. Яны не маглі абудзіць іх альбо дакрануцца да іх, ды і не думалі рабіць гэта, таму што сэнс асалоды быў у назіранні за тым, як дзяўчыны спяць. Той ноччу, ахоўваючы сон прыгажуні, я не толькі зразумеў гэта старэчае замілаванне, але і ўсёй душою перажыў яго. – Хто б мог падумаць,– казаў я сябе з самазамілаваннем, узмоцненым шампанскім,– я – стары японец у гэтых вышынях. Здаецца, я засынаў колькі разоў, пераможаны шампанскім і нямымі ўспышкамі фільма, потым абудзіўся з цяжкай галавой. Пайшоў у прыбіральню. Праз два месцы ад мяне ляжала старая адзінаццаці чымаданаў, непрывабна раскінуўшыся ў крэсле. Яна была падобная на забітага, якога забыліся на поле бою. На падлозе пасярод праходу ляжалі ейныя акуляры з стракатымі каралямі. Імгненне я змагаўся з подлай думкай не падымаць іх. Пасля таго, як я пазбавіўся ад лішкаў шампанскага і нечакана убачыў сябе ў люстры, брыдкага і пачварнага, мяне ўразіла, наколькі страшнымі ёсць пакуты кахання. Раптам самалёт увайшоў у піке, выпраміўся наколькі мог і паляцеў скачкамі. Запаліўся загад вярнуцца на сваё месца. Я выйшаў сярод грукату, цешачыся ілюзіяй, што толькі грымоты Бога маглі б абудзіць прыгажуню, якая кінулася б ад страху ў мае абдымкі. Спяшаючыся, я ледзь не растаптаў акуляры галандкі, што абрадавала б мяне. Але я вярнуўся, падняў іх і паклаў ёй на калені, ахоплены раптоўнай удзячнасцю за тое, што яна не выбрала крэсла нумар чатыры. Прыгажуня спала сном праведных. Калі самалёт канчаткова выпраміўся, мне давялося супраціўляцца памкненню штурхнуць яе пад якім-небудзь прэтэкстам. Таму што адзінай думкай у гэтую апошнюю гадзіну палёту было жаданне абудзіць яе, нават калі б яна ўзвілася ад раздражнення. А я б затое вярнуў сябе сваю волю, а можа і сваю маладосць. Але я не мог рашыцца. “Халера,– казаў я сябе з вялікай пагардай. – “І чаму я не нарадзіўся пад знакам быка!” Яна абудзілася без чыей-небудзь дапамогі ў момант, калі запалілася паведамленне аб прызямленні, і была такая прыгожая і свежая, нібыта спала сярод руж. Толькі тады я ўспомніў, што суседзі па крэслах у самалёце, таксама як і старыя сямейныя пары, не кажуць дабрыдзень абудзіўшыся. І яна не сказала. Зняла маску, расплюшчыла бліскучыя вочы, выпраміла крэсла, адкінула ў бок коўдру, страсянула сваімі космамі, што ўлягліся самі сабой, зноў паставіла на калені куфэрак і хуценька зрабіла сябе павярхоўны макіяж, за ўвесь час не зірнуўшы на мяне. Дзверы адкрыліся, яна адразу нацягнула на сябе жакетку з рысі, прайшла зусім побач са мной, кінуўшы звычайныя словы прабачэння на чыстай касцільскай мове абодвух Амерык, і пайшла, нават не развітаўшыся, не адудзячыўшы прынамсці за ўсё тое, што я зрабіў на працягу нашай шчаслівай ночы. Растварылася ў сонцы дня, які настаў сярод амазонскіх джунгляў Нью-Йорка. Чэрвень 1982 г. ЖНІВЕНЬСКІЯ ЖАХІ Мы прыехалі ў Арэца амаль апоўдні і змарнавалі каля дзьвюх гадзін, шукаючы рэнэсансавы палац, які вэнэсуэльскі пісьменьнік Мігэль Атэра Сільва купіў сябе ў гэтым ідылічным кутку тасканскай зямлі. То была нядзеля на пачатку жніўня, сьпякотнага і навальнічнага, і няпроста аказалася спаткаць каго-небудзь на вуліцах, набітых турыстамі, хто ведаў бы штокольвечы. Урэшце, пасьля дарэмных спробаў мы вярнуліся да машыны, пакінулі горад і рушылі па сьцяжыне з кіпарысамі абапал і без дарожных знакаў, дзе нейкая старая, што пасьвіла гусей, паказала нам, дзе сапраўды знаходзіцца палац. Разьвітваючыся, яна спыталася, ці мы думаем там спаць, і мы адказалі, як вырашылі раней, што ідзем туды толькі пасьнедаць. – Ну, гэта яшчэ нічога,—сказала яна,– а то ў гэтым доме жахі. Мігэль Атэра Сільва, ня толькі добры пісьменьнік, але да таго ж чалавек надзвычай гасьцінны і вытанчаны гурман, чакаў нас з незабыўным сьнеданьнем. З прычыны нашага спазьненьня мы ня мелі часу агледзецца ў інтэр’еры палацу, калі ішлі есьці, але ягоны зьнешні выгляд ня меў нічога жахлівага. Так што неспакой сам сабой расьсеяўся, калі мы ўбачылі горад, як на далоні, з поўнай кветак тэрасы, дзе селі сьнедаць. Цяжка было паверыць, што на гэтым пагорку, па якім караскаліся дамы і дзе жылі ледзь дзевяноста тысячаў чалавек, нарадзілася столькі людзей выключнай геніяльнасьці. Аднак, Мігэль Атэра Сільва сказаў нам са сваім карыбскім гумарам, што па-за адным ніхто з іх не быў такім знакамітым. – Найвялікшым,– заключыў ён,– быў Людaвіка. Гэта так, і ня трэба тытулаў: Людавіка, магнат мастацтваў і вайсковай справы, які пабудаваў гэты палац на сваё няшчасьце. Пра яго Мігэль гаварыў нам на працягу ўсяго сьнеданьня. Казаў пра ягоную неабмежаваную ўладу, пра адкінутае каханьне і жудасную сьмерць. Распавядаў нам, як з ашалелым сэрцам ён закалоў кордам сваю даму, зь якой толькі што скончыў кахацца, і адразу ж нацкаваў на сябе сваіх лютых вайсковых сабакаў, якія разарвалі яго на шматкі. Пераконваў на поўным сур’ёзе, што апоўначы прывід Людавіка пачынае блукаць па дому ў цемры, наганяючы страх у сваім любоўным чысьцяцы. Палац насамрэч быў неабсяжны і змрочны. Але ў сьветлы дзень з поўным страўнікам і спакойным сэрцам расповед Мігэля ня ўспрымаўся інакш як жарт сярод іншых, якімі ён забаўляў сваіх гасьцей. Восемдзесят дзьве залі, якія мы, трошкі адпачыўшы, абышлі без страху, перажылі па чарзе ўсе магчымыя пераўтварэньні ад сваіх гаспадароў. Мігэль цалкам перабудаваў першы паверх, зрабіў там сучасную спальню з мармуровымі падлогамі і абсталяваньнем для саўны і фізкультуры, а таксама тэрасу, зарослую кветкамі, дзе мы сьнедалі. Другі паверх, які на працягу стагоддзяў выкарыстоўваўся найбольш, уяўляў сабой шэраг зусім безаблічных заляў, з мэбляй розных эпох, пакінутай на волю лёсу. Але ў канцы захаваўся некранутым пакой, дзе час спыніў сваю хаду. Спальня Людавіка. Гэта было магічнае імгненьне. Там стаяў ложак з балдахінам, вышытым залатымі ніткамі, і пакрыўцом з вычварнай махрой, на якім дагэтуль была ссохлая кроў прынесенай у ахвяру каханкі. Быў камін з халодным попелам і апошнім паленам, што ператварылася ў камень, шафа з ягонай старанна вычашчанай зброяй і алейны партрэт задуменнага кабальера ў залатой раме, намаляваны нейкім з фларэнційскіх майстроў, якому не пашэнціла перажыць свой час. Аднак, што мяне ўразіла найбольш, дык гэта пах сьвежых суніцаў, які вісеў без якогакольвечы вытлумачэньня ў прасторы спальні. Восеньскія дні ў Таскане доўгія і лагодныя, а далягляд стаіць на месцы да дзевятай вечара. Калі мы скончылі агляд замка, было ўжо пасьля пятай, але Мігэль настойваў, каб мы пайшлі паглядзець фрэскі П’ера дэля Франчэска ў Касьцёле Сьвятога Францыска. Потым мы выпілі кавы, прыемна гутарачы пад скляпеньнямі галерэі. А калі вярнуліся, каб сабраць чымаданы, то ўбачылі накрыты стол. Так мы засталіся на вячэру. Пакуль мы елі пад ціхім небам з адзінай зоркай, дзеці ўзялі на кухні падсьвечнікі і пайшлі абсьледваць цемру на верхніх паверхах. Седзячы за сталом, мы чулі, як яны лётаюць галопам па лесьвіцах, нібыта дзікія коні, як вішчаць дзьверы, як малыя весела гукаюць Людавіка ў цёмных пакоях. Гэта ім прыйшла ў галаву кепская ідэя застацца там начаваць. Мігэль Атэра Сільва падтрымаў іх з захапленьнем, а нам не хапіла грамадзянскай мужнасьці адказаць не. Нягледзячы на маю боязь, мы – мая жонка і я — спалі вельмі добра ў спальні на першым паверсе, а мае дзеці ў сьмежным пакоі. Абодва пакоі былі мадэрнізаваныя і ў іх ня было нічога змрочнага. Пакуль я спрабаваў нагнаць сон, то падлічыў дванаццаць нястомных ўдараў гадзіньніка з ківачом, што стаяў у зале, ды ўспомніў жудаснае папярэджаньне старой, што пасьвіла гусей. Але мы былі такія стомленыя, што пазасыналі вельмі хутка, спалі моцна і доўга. Я абудзіўся пасьля сёмай, калі яркае сонца прабівалася праз расьліны ў акно. Побач са мной мая жонка яшчэ плыла ў ціхамірным моры ўсіх рахманых. “Што за глупства,– сказаў я сябе,– калі нехта ў наш час яшчэ прызнаецца, што верыць у прывіды”. І толькі тады мяне скаланула ад паху сьвежа сабраных суніцаў, я ўбачыў камін з халодным попелам і апошнім паленам, што пераўтварылася ў камень, і партрэт сумнага кабальера, які глядзеў на нас з далечыні трох стагоддзяў у залатой раме. А былі мы не ў алькове на першым паверсе, дзе паклаліся мінулай ноччу, а ў спальні Людавіка, пад пыльным карнізам і балдахінам, пад прасьцінамі, прасякнутымі яшчэ гарачай крывёй ягонага праклятага ложка. Кастрычнік 1980 г. ТРАМАНТАНА Я бачыў яго ўсяго раз у “Бакачыо”, модным кабарэце ў Барсэлоне, за некалькі гадзінаў да яго страшнай сьмерці. Да яго чаплялася кодла маладых швэдаў, якія а другой ўначы навязьліва спрабавалі цягнуць яго з сабой, каб завершыць гулянку ў Кадакэс. Іх было адзінаццаць, і цяжка было іх адрозьніць, таму што мужчыны і жанчыны здаваліся аднолькавымі: прыгожыя, з вузкімі сьцёгнамі і доўгімі залацістымі валасамі. Яму, здавалася, было ня больш за дваццаць гадоў. Пышна кучаравая галава, скура бляклая і гладкая, як ва ўсіх карыбцаў, якіх мамкі прызвычаялі хавацца ў ценю, і нейкі арабскі выраз вачэй, што бянтэжылі швэдак, а часам і некаторых швэдаў. Яго пасадзілі за стойку, як ляльку ў нумары з чэрававяшчальнікам, і пачалі сьпяваць яму модныя песьні, біючы ў ладкі, каб пераканаць яго пайсьці зь імі. Напалоханы, ён тлумачыўся перад імі. Нехта гаркнуў, каб яго пакінулі ў спакоі, і адзін са швэдаў агрызнуўся, давячыся сьмехам. – Ён наш.—крычаў швэд.—Мы знайшлі яго на сьметніку. Я толькі што ўвайшоў у кабарэ з групай сяброў пасьля апошняга канцэрта Давіда Ойстраха ў Палаў дэ ла Музіка. Ад нахабства швэдаў аж дрыжыкі па скуры прахапілі. Тлумачэньні юнака былі проста неабвержнымі. Ён жыў у Кадакэс з мінулага лета. Там яго нанялі ў адзін модны шынок, дзе ён сьпяваў анцільскія песьні, аж покуль не наляцела трамантана. Ён здолеў уцячы на наступны дзень, вырашыўшы ніколі не вяртацца туды – была трамантана або не, упэўнены, што, калі вернецца, яго чакае там сьмерць. То была карыбская ўпэўненасьць, якую ня здольная была зразумець кодла нардычных рацыяналістаў, разгарачаных летам і моцнымі сэзоннымі каталонскімі вінамі. Так што ягоныя адгаворкі здаваліся абсалютна бязглуздымі. Я разумеў яго, як ніхто. Кадакэс – гэта адна з найпрыгажэйшых вёсак на Коста Брава, да таго ж яна цудоўна захавалася. Часткова таму, што пад’яздной дарогай да вёскі служыў вузкі і пакручасты карніз над глыбокай безданьню. І толькі той, ў каго не ўцякала душа ў пяткі, мог там весьці машыну шпарчэй за пяцьдзесят кілометраў на гадзіну. Даўнія хаты, белыя і прысадзістыя, былі пабудаваны ў традыцыйным стылі рыбацкіх вёсак Сяродземнамор’я. Новыя пабудавалі вядомыя архітэктары, якія з павагай паставіліся да спрадвечнага суладдзя. Улетку, калі сьпека, здавалася, напірала з афрыканскіх пустыняў, што віднеліся на лініі далягляду, Кадакэс пераўтвараўся ў шалёны Вавілон, поўны турыстаў з усяе Еўропы. Яны на працягу трох месяцаў спрачаліся за гэты рай з тутейшымі і чужаніцамі, якім пашэнціла купіць тут дом па сходнай цане, пакуль гэта было магчыма. Аднак, увесну і ўвосень, у час, калі ўсе імкнуліся ў Кадакэс, нікога не пакідала трывожная думка пра трамантану – бязьлітасны і ўпарты вецер, які дзьмуў з кантынэнта. Тутэйшыя і некаторыя з дасьведчаных пісьменьнікаў думалі, што трамантана прыносіць з сабой семя шаленства. Нейкіх пятнаццаць гадоў таму я быў адным са сталых наведвальнікаў вёскі, аж покуль трамантана не ўварвалася ў нашыя жыцьці. Я адчуў яе яшчэ да яе прыходу, у нядзелю, падчас сіесты. Было невымоўнае прадчуваньне чагосьці непазьбежнага. Стала так цяжка на душы, я адчуў беспрычынны смутак і меў ўражаньне, што мае сыны, тады малодшыя за дзесяць гадоў, глядзелі мне ўсьлед варожымі поглядамі. Скора ўвайшоў брамнік са скрыняй інструмантаў і марскімі канатамі, каб замацаваць дзьверы і вокны. Ён ня зьдзівіўся майму прыгнечанаму стану. – Гэта трамантана.—сказаў ён мне.—Праз гадзіну яна будзе тут. То быў марскі бывалец, вельмі стары. Ад былой справы ў яго засталіся непрамакальная куртка, фуражка і файка, ды яшчэ прасоленая ўсімі вятрамі скура. У вольны час ён гуляў у пэтанку на плошчы разам з вэтэранамі розных прайграных войнаў і папіваў апэрытыў з турыстамі ў тавэрнах на пляжы, дзе славіўся тым, што на сваёй каталонскай старога артылерыста мог паразумецца з чалавекам любой мовы. Ён ганарыўся, што ведаў усе порты планэты, але аніводнага горада ў глыбіні сушы. “Не, Францыя гэта не Парыж”.—казаў ён. Да таго ж не давяраў ніякому мэханізму, калі той не быў зьвязаны з морам. Апошнімі гадамі ён раптам пастарэў і больш не выходзіў на вуліцу. Большую частку часу сядзеў пры браме, самотны, як усё жыцьцё. Сам гатаваў сябе ежу ў бляшанцы на газьніцы, але гэтага было дастаткова, каб паласаваць нас часам вытанчанымі стравамі высакароднай кухні. Зраньня ён апекаваўся жыхарамі, хадзіў з паверха на паверх. Я ніколі ня ведаў больш руплівага чалавека, такой непасрэднай шчодрасьці і шурпатай пяшчотнасьці, уласьцівай каталонцам. Ён гаварыў мала, але ягоны стыль быў прамы і дакладны. Калі ня меў што рабіць, бавіў цэлыя гадзіны, запаўняючы фармуляры футбольных прагнозаў, але высылаў іх толькі зрэдку. У той дзень, замацоўваючы дзьверы і вокны напярэдадні навальніцы, ён казаў нам пра трамантану, нібыта пра абрыдлую жанчыну, безь якой, аднак, жыцьцё было б пазбаўлена сэнсу. Мяне зьдзівіла, што чалавек мора з такім рэспэктам адгукаўся аб кантынэнтальным ветры. – Гэта даўніна.—сказаў ён. Складалася ўражаньне, што для яго год быў падзелены не на дні і месяцы, а на навалы трамантаны. “Летась, гэта значыць, праз тры дні пасьля другой трамантаны ў мяне быў прыступ колькі”.—сказаў ён мяне аднойчы. Мабыць, гэта было тлумачэньнем ягонай веры ў тое, што пасьля кожнай трамантаны чалавек становіцца на колькі гадоў старэйшым. Ягоная перакананасьць была настолькі моцная, што нас ахоплівала прага спазнаць трамантану, сустрэць яе, сьмяротна небясьпечную і жаданую. Чакаць давялося нядоўга. Як толькі брамнік выйшаў, пачуўся сьвіст, які паступова станавіўся ўсё больш тонкім і пранізьлівым, потым перарос у грукат землятрусу. І тады пачаўся віхор. Спачатку ён шугаў шырака і часта, аж потым набыў сталасьць, бесперапыннасьць, не даваў дыхнуць, валіў з інтэнсіўнасьцю і жорсткасьцю, у якіх было нешта звышнатуральнае. Дом, дзе мы жылі, насуперак нашай карыбскай традыцыі, стаяў тварам да гары, мабыць, у адпаведнасьці з рэдкім густам старажытных каталонцаў, якія любілі мора, але не ўглядаліся ў яго. Такім чынам, вецер наваліўся прама на нас і пагражаў разламаць засаўкі вокнаў. Што найбольш прыцягвала маю ўвагу, дык гэта бездакорна прыгожае надвор’е, залатое сонца і чыстае неба. Было так лагодна, што я вырашыў выйсьці на вуліцу з дзецьмі, каб паглядзець, у якім стане мора. Яны, зрэшты, вырасьлі пасярод мэксіканскіх землятрусаў і карыбскіх ураганаў. Так што яшчэ адным ветрам больш ці менш – гэта нікога асабліва не трывожыла. Мы прайшлі на дыбачках каля каморкі брамніка і ўбачылі яго. Ён застыў каля блюда з фасольлю і кілбасой, назіраючы за ветрам праз акно. Ён не ўбачыў, як мы выходзілі. Мы змаглі прайсці наперад, трымаючыся за прысьбу дома, але калі завярнулі за рог, то бездапаможна ўчапіліся адзін ў аднаго і ўсталі на месцы, каб ня быць зьмеценымі ветрам. Так і стаялі там, гледзячы на спакойнае і празрыстае мора пасярод катаклізма, пакуль брамнік з дапамогай суседзяў не адцягнуў нас адтуль. Толькі тады да нас дайшло, што адзіным рацыянальным рашэньнем было сядзець у зачыненым доме да пары, пакуль захоча Бог. А тады ніхто ня меў найменшага ўяўленьня, калі ён захоча. Праз тры дні у нас было ўражаньне, што гэты магутны вецер быў не фэномэнам прыродных стыхій, а агрэсіўным чынам нейкай асобы, якая зьвяртала сваю агрэсію супраць іншай асобы, выключна супраць нейкага аднаго. Брамнік прыходзіў да нас па некалькі разоў на дзень, хвалюючыся за стан нашай душы, прыносіў садавіну са сваёй каморкі ды пернікі дзецям. На сьнеданьне ў аўторак ён адарыў нас шэдэўрам каталонскай кухні, звараным у ягонай бляшанцы: трусам са сьлімакамі. То было сьвята пасярод жаху. У сераду не было нічога, акрэм ветру. І гэта быў найдаўжэйшы дзень у маім жыцьці. Але здавалася, насталі нібыта прыцемкі сьвітанка, таму што пасьля поўначы мы папрачыналіся ўсе і адразу, аглушаныя абсалютнай цішай, якая магла належаць толькі сьмерці. Не рухаўся ніводзін лісьцік на дрэвах за гарою. Дык вось, мы выйшлі на вуліцу, калі ў каморцы брамніка яшчэ не было сьвятла, цешыліся ранішнім небам, дзе сьвяціліся ўсе зоркі, і зіхоткім морам. Нягледзячы на тое, што не было яшчэ пяці, шмат турыстаў песьцілася на камянях пляжа, з’явіліся таксама ветразьнікі, якія хаваліся на працягу трох дзён. Выходзячы, мы не зьвярнулі ўвагі на цемру ў каморцы брамніка. Але калі вярнуліся дадому, паветра ўжо мела тую ж зіхоткасьць мора. У каморцы ўсё не было сьвятла. Зьдзіўлены, я пастукаў пару разоў і, калі ніхто не адказаў, штурхнуў дзьверы. Думаю, дзеці ўбачылі яго раней за мяне і закрычалі ад страху. Стары брамнік з усімі сваімі інсігніямі выдатнага марака, прымацаванымі на штрыфелі мундзіра, вісеў пад цэнтральнай бэлькай і яшчэ гойдаўся ад апошняга подыху трамантаны. У разгар сэзону, ахопленыя заўчаснай настальгіяй, мы ўцяклі з вёскі раней, чым меркавалі, і цьвёрда вырашылі ніколі больш тудой не вяртацца. На вуліцы ізноў былі турысты, іграла музыка на плошчы вэтэранаў, якія ледзь соваючыся, штурхалі шары пэтанкі. Праз запыленыя шыбы бару “Марыцім” мы маглі разглядзець некалькі сяброў, што засталіся жывымі і ў другі раз пачыналі жыцьцё зьзяючай вясною. Але гэта ўсё ўжо належала мінуўшчыне. Таму, смутным ранкам у “Бакачыо” ніхто лепш за мяне не разумеў страх таго, хто адмаўляўся вяртацца ў Кадакэс, бо быў упэўнены, што памрэ. Аднак, не знайшлося спосабу, каб пераканаць швэдаў. І яны ўрэшце сілай пацягнулі за сабой юнака з эўрапейскай прэтэнзіяй зрабіць прыпарку ад ягоных афрыканскіх забабонаў. Ён дрыгаў нагамі, калі яны, зусім п’яныя, кідалі яго ў машыну. А вакол білі ў ладкі і сьвісьцелі кліенты, хаця й ня ўсі. Потым тыя вырушылі ў няблізкі шлях да Кадакэса. На наступную раніцу мяне абудзіў тэлефон. Я быў забыўся закрыць шторы, вяртаючыся са сьвята, і ня меў найменшага ўяўленьня, колькі было часу. Але спальня купалася ў летнім зіхаценьні. Рэзкі голас у слухаўцы, які я адразу й не пазнаў, абудзіў мяне канчаткова. – Ты памятаеш юнака, якога зьвезьлі ўвечары ў Кадакэс? Мне ня трэба было слухаць далей. Толькі ўсё здарылася не так, як я сябе ўяўляў, а яшчэ больш драматычна. Юнак, напалоханы гвалтоўным вяртаньнем, выкарыстаў няўвагу ачмурэлых швэдаў і кінуўся на поўнай хуткасьці з машыны ў бездань, імкнучыся выбавіцца ад непазьбежнай сьмерці. Студзень 1982 г. СЬВЯТЛО – ЯК ВАДА На Каляды дзеці пачалі прасіць човен з вёсламі. – Згода,– сказаў бацька,– купім, калі вернемся ў Картахэну. Дзевяцігадовы Тато і сямігадовы Хаэль былі настроены больш рашуча, чым думалі бацькі. – Не.—сказалі яны хорам.—Ён нам трэба цяпер і тут. – Пачнем з таго,– сказала маці,– што тут няма вады, каб плаваць, акрэм як у ваннай. І яна і ейны муж мелі рацыю. У Картахэне дэ Індзіяс у іхнім доме быў двор з прычалам у бухце, а таксама свая гавань для вялікіх яхтаў. А вось тут, у Мадрыдзе яны жылі адзін на адным на пятым паверсе ў доме нумар 47 на Пасэа дэ ла Кастэльяна. Але ўрэшце ні ён, ні яна не сталі ўпарціцца, а паабяцалі ім човен з вёсламі, сэкстантам і компасам, калі тыя пасьпяхова скончаць трэці клас. Дзеці сваё выканалі. Тады бацька купіў усё абяцанае, нічога не кажучы жонцы, якая не любіла плаціць па прайграных рахунках. Гэта быў дарагі алюмініевы човен з залатой ніткай па ватэр-лініі. – Човен у гаражы.—паведаміў тата за сьнеданьнем.—Праблема ў тым, што яго не зацягнуць сюды ні на ліфце, ні па лесьвіцы, а ў гаражы проста няма месца. Аднак, у бліжэйшую суботу дзеці запрасілі сваіх аднакласьнікаў, каб зацягнуць човен па лесьвіцы, і тыя здолелі давалачы яго да каморы. – Віншую.—сказаў ім тата.—А цяпер што? – А цяпер нічога.—сказалі дзеці.—Мы хацелі аднаго – каб човен быў у гэтым пакоі, і зрабілі гэта. У сераду ўвечары, як заўсёды па серадах, бацькі пайшлі ў кіно. Дзеці, непадзельныя гаспадары дому, зачынілі дзьверы і вокны ды разьбілі запаленую лямпу ў залі. Плынь сьвятла, залацістага і сьвежага, пацякла, як вада, з разьбітай лямпы, а яны не спынялі яе, аж покуль яе ўзровень не дасягнуў чатырох далоняў. Тады яны адключылі ток, выцягнулі човен і пачалі плаваць сябе на пацеху сярод выспаў па ўсяму дому. Казачная прыгода была вынікам маёй легкадумнай заявы на сэмінары, прысьвечаным паэзіі бытавых прыбораў. Тато спытаў мяне, як гэта сьвятло запальваецца, калі націскаеш выключацель, а я адказаў яму, не падумаўшы як сьлед. – Сьвятло – як вада.—заявіў я.—Адкрываеш кран, і яно цячэ. Такім чынам, яны пачалі плаваць на чаўне па вечарах штосераду, вучыліся абыходзіцца з сэкстантам і компасам, а калі бацькі вярталіся з кіно, яны спалі сном анёлаў сушы. Праз колькі месяцаў ім закарцела большага і яны пачалі прасіць купіць ім камплекты для падводнага плаваньня. Поўныя камплекты: з маскамі, ластамі, балёнамі і падводнымі ружжамі. – Кепска, што яны трымаюць у каморы гэты непатрэбны човен з вёсламі.—сказаў бацька.—А яшчэ горш, што яны хочуць займець камплекты для ныраньня. – А калі мы атрымаем у школе за першае паўгоддзе залаты прыз? – спытаў Хаэль. – Не.—сказала маці.—не дастанеце больш нічога. Бацька папракнуў яе за ўпартасьць. – Так ужо ёсьць, што дзеці ні ражна ня зробяць, калі гэта абавязак,– казала яна,– а па прыхамаці ім сам настаўнік ня роўня. Урэшце рэшт бацькі не сказалі ні так, ні не. Але Тато і Хаэль, якія былі апошнімі ў класе за два папярэднія гады, у ліпені атрымалі два залатыя прызы і публічную падзяку ад рэктара. Яны не паўтаралі сваёй просьбы, але ў той жа вечар знайшлі ў спальне ўпакоўкі з камплектамі для ныраньня. Такім чынам, ужо ў наступную сераду, пакуль бацькі глядзелі “Апошняе танга ў Парыжы”, яны запоўнілі сьвятлом усю кватэру на глыбіню дзьвюх рук і ныралі, як акулы, пад мэбляй і ложкамі, дастаючы з дна сьвятла рэчы, даўным-даўно згубленыя ў цемры. У канцы навучальнага году братоў славілі як прыклад для ўсёй школы і ўручылі ім дыпломы выдатнікаў. На гэты раз ім ня трэба было нічога прасіць, таму што самі бацькі спыталі, што яны сябе жадаюць. Ім хапіла розуму папрасіць наладзіць толькі адно сьвята ў доме, каб пазабаўляцца з аднакласнікамі. Застаўшыся самі, бацька і маці задаволена зьзялі. – Гэта – сьведчаньне сьпеласьці.—казаў ён. – Твае словы ды Богу ў вушы.—сказала жонка. У наступную сераду, пакуль бацькі глядзелі “Бітву за Алжыр”, людзі, што праходзілі па Кастэльяне, убачылі, як са старога будынку за дрэвамі фантанам б’е сьвятло. Яно лілося па балконах, бурна сьцякала па фасаду і запаўняла праспэкт залатой плыньню, асьвятляючы горад да самай Гвадарамы. Тэрмінова выклікалі пажарных, якія выбілі дзьверы на пятым паверсе і ўбачылі кватэру да столі запоўненую сьвятлом. Сафа і крэслы, абшытыя пад леапардавую скуру, бязладна плавалі ў зале сярод пляшак, што выпалі з бару, побач з раялем і манільскім манто, што пляскала, як залатая мэдуза. Бытавыя прыборы, поўныя паэтычнасьці, лёталі на ўласных крылах па небу кухні. Інструманты вайсковага аркестра, пад які дзеці любілі танцаваць, плавалі дзе папала сярод каляровых рыбак матчынага акварыюму, і то былі адзіныя істоты, што, жывыя і вясёлыя, плавалі па сваёй воле ў глыбокай дрыгве сьвятла. У ваннай плавалі усе зубныя шчоткі, татавы прэзэрватывы, слоікі з мамчыным крэмам і ейнай ўстаўной ськівіцай. У зале плаваў на баку тэлевізар, уключаны на апошнім эпізодзе начнога фільму, забароненага для дзяцей. У канцы калідора пасярод вады сядзеў Тато на карме чаўна, учапіўшыся ў вёслы і ў масцы. Шукаў маяк порта, уяўляючы, што ён на танкеры. А Хаэль быў на носе, шукаючы сэкстантам палярную зорку ў вышыні. Па ўсяму дому плавалі трыццаць шэсьць іхніх аднакласьнікаў, навечна застылых у момант, калі яны сікалі ў вазу з геранямі, сьпявалі школьны гімн са словамі, зьмененымі ў вершы, што высьмейвалі рэктара, пілі крадком брэндзі з татавай пляшкі. Яны адначасова ўключылі столькі сьвятла, што дом заліўся ім, а ўвесь чацьверты клас школы Сан Хуліян ель Аспіталарыо патануў на пятым паверсе ў кватэры дому нумар 47 па Пасэа дэ ла Кастэльяна. У іспанскім Мадрыдзе, горадзе далёкім ад сьпякотнага лета і ледзяных вятроў, дзе няма ні мора, ні ракі, а абарыгены сушы ніколі не валодалі майстэрствам мараплаваньня пасярод сьвятла. Сьнежань 1978 г. Gabriel Garcia Marquez. Doce quentos peregrinos. Barcelona, 1997. Пераклад з іспанскай - Валеры Буйвал Навэлы ўзятыя з кнігі Маркэса “Дванаццаць дзіўных навэлаў” (1976-1992). У прадмове аўтар тлумачыць ідэю нізкі: “Мы ўсе, здавалася, былі разам. Я быў задаволены больш за іншых той магчымасьцю, што давала мне сьмерць, якая дазволіла пабыць разам з маімі лацінаамэрыканскімі сябрамі, самымі даўнімі, найдаражэйшымі, якіх я не бачыў так даўно”; “Рэальныя ўспаміны падаліся мне зданямі памяці, у той час як несапраўдныя ўспаміны былі настолькі пераканаўчыя, што засьцілі сабой рэчаіснасьць”. 3/10/2004 › Цікавая літаратура |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |