Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Курапаты: трагедыя працягваецца

30 лістапада 1993 года на сваім чарговым пасяджэнні Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная Рада, якая працавала тады пры Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, надала месцу масавых растрэлаў ва ўрочышчы Курапаты статус “гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі”. Гэтае рашэнне было не толькі чарговым этапам прызнання тагачаснымі дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь фактаў масавых знішчэнняў людзей бальшавісцкімі карнымі органамі, але і вымушанаю мераю абароны магіл ад рабаўнікоў. Яшчэ ў лістападзе 1994 года міністр унутранных спраў Юры Захаранка, атрымаўшы чарговыя паведамленні пра рабаванне пахаванняў у Курапатах, аддаваў загад “…даручыць Мінскаму абласному Савету дэпутатаў здзейсніць неабходныя мерапрыемствы па ўрочышчу Курапаты сгодна з патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторычна-археалагічнай спадчыны”, а Міністэрству фінансаў вырашыць пытанне аб вылучэнні сродкаў на забяспячэнне аховы”.

Але пакуль аддаваліся загады, невядомыя асобы па-ранейшаму раскопвалі магілы і здзекваліся над мемарыяльнымі знакамі. Людзі, якія 2 травеня 1995 года на Радаўніцу прыйшлі ў Курапацкі лес ушанаваць бязвінна палеглых, убачылі на месцы больш дзесяці магіл вялізныя ямы з параскіданымі наўкол чалавечымі парэшткамі.

З гэтай нагоды 10 травеня 1995г. ў адмысловых заявах да тагачаснага Генеральнага Пракурора В.І.Шаладонава, Старшыні выканкама Мінгарсавета У.В.Ярмошына, міністра ўнутраных спраў мы (акрамя мяне заява была падпісаная Зянонам Пазьняком, Маяй Тодараўнай Кляшторнай, Георгіем Штыхавым) запатрабавалі ўзбудзіць крымінальную справу, пачаць следства па факту варварскіх разбурэнняў і знішчэння людзкіх пахаванняў, выкарыстаць ўсе неабходныя меры для затрымання злачынцаў, а таксама стварыць дзейсную сістэму аховы Курапацкага мемарыялу ад рабаўнікоў.

Крымінальная справа і cапраўды была ўзбуджаная. Чым скончылася тое следства мы так і не даведаліся. Я толькі добра памятаю, як пры аглядзе месца злачынства следчы ўсім сваім выглядам і размовамі падкрэсліваў, што ў яго ёсць больш важныя справы чым нейкія ямы з раскапанымі косткамі…

Тым часам раскопванне магіл у Курапатах набывала ўсё большы размах. Увосень 1998 года нейкія злачынцы выцягнулі з закапанай ямы нават тыя косткі, якія былі перазахаваныя пасля эксгумацыі магіл прадстаўнікамі следчай камісіі. Нішчыліся не толькі пахаванні. Невядомыя асобы раз-пораз псавалі курапацкія памятныя знакі.

На асвечаным святарамі Вялікім Крыжы, які ў 1989 годзе тысячы людзей неслі на сваіх плячах праз увесь Мінск, нехта разбіў металічную шыльду з надпісам “Пакутнікам Беларусі”, панішчыў іконы ды паадрываў рушнікі. На Радаўніцу 20 красавіка 1999 года прадстаўнікі амерыканскага пасольства наведалі Курапаты, каб ускласці кветкі на мемарыяльную каменную лаўку, якая была ўсталяваная ў 1995 годзе падчас прыезду ва ўрочышча амерыканскага прэзідэнта Біла Клінтана. Тое што ўбачылі амерыканцы не паддавалася аніякаму каментару: паліраваны граніт быў сарваны з каменных стаякоў і валяўся на траве, беларускі варыянт надпісу ў некалькіх месцах быў разбіты… Афіцыйным асобам нічога не заставалася, як самім усталёўваць пліту на ранейшае месца.

Апошняя наша скарга ў дзяржаўныя органы з патрабаваннямі папярэдзіць акты вандалізму ў Курапатах ды ўзбудзіць крымінальную справу (у які ўжо раз!) па факце знішчэння людзкіх пахаванняў была складзеная ў траўні 1999 гіда. Напярэдадні Радаўніцы, у красавіку пры наведванні Курапат мы ўбачылі 6 свежараскапаных магіл. Побач з ямамі ў выкінутым на паверхню пяску ляжалі парэшткі і фрагменты асабістых рэчаў некалі растраляных органамі НКВД людзей. Паводле нашых назіранняў, некаторыя ямы выкопваліся рабаўнікамі на глыбіню да 1,8м і на плошчы да 4 – 5 кв.м. Ямы распрацоўваліся на ўсю плошчу магілы і да самага яе дна, што сведчыць пра добра арганізаваную і падрыхтаваную акцыю. Злачынцы дзейнічалі вялікай групай і працяглы час.

У ліпені Мінскі РАУС вымушаны быў “по данному факту” ўзбудзіць чарговую крымінальную справу. Я не ведаю, чым займаліся супрацоўнікі міліцыі і якіх яны злачынцаў шукалі, адно толькі відавочна – рабаванне магіл не было спыненае і працягвалася ўлетку, як і не спыняецца яно цяпер, восенню. У верасні, пасля экспедыцыйных камандыровак я з тужлівым пачуццём і трывожным прадчуваннем накіраваўся ў Курапаты. Пад гарою, зусім недалёка ад сцежкі, па якой да каменя штодня паднімаецца не адна сотня людзей, зеўралі чорнаю пустатою пяць свежавыкапаных ям. Побач на жвіры пад дрэвамі валяліся чалавечыя косткі ды счарнелыя чарапы з дзіркамі ад энкэвэдысцкіх стрэлаў.

А ў кастрычніку злачынцы раскапалі яшчэ чатыры магілы…

Цынізм і масштаб, з якімі знішчаюцца ў Курапатах пахаванні з бязвінна растралянымі людзьмі, могуць здзівіць толькі недасведчаных у нашых палітычных ды сацыяльных рэаліях асобаў. Ад нашых уладаў няма сэнсу чакаць якіх-небудзь дзейсных захадаў па ахове Курапацкага мемарыялу ад вандалаў. Апошнія, рабуючы магілы, інтуітыўна адчуваюць: рэжым думае толькі пра сваё ўласнае выжыванне. Асабіста мяне здзіўляе іншае – ступень дэградацыі нашай айчыннай грамадзянскай супольнасці, якая не ў стане абараніць сябе ад цынізму і хамства. У нас так мала людзей, у якіх успыхвае жаданне любым коштам змагацца за памяць па бязвінна забітых…

Калі справы па актах вандалізму ў Курапатах мусяць распачынацца толькі для таго, каб потым ціха сканаць у нетрах міліцэйскіх архіваў, то куды з большым прапагандысцкім эфектам узбуджалася чарговае следства па факту выяўлення ў Курапатах месцаў масавых растрэлаў. Нагадаю, што ў гэтым годзе закончылася чацвертае па ліку разбіральніцтва, якое праводзілася з мэтаю праверкі адназначных высноў папярэдніх камісій: масавыя растрэлы ў Курапатах здзяйсняліся органамі НКВД з другой паловы 1930-ых да пачатку савецка-фашысцкай вайны 1941-1945 гадоў. Апошняе следства распачыналася і суправаджалася шумнай прапагандысцкай кампаніяй па апрацоўцы электарату ў накірунку пошукаў “нямецкага следу”: маўляў, у Курапатах забівалі людзей не энкэвэдзісты, а фашысты, а пра растрэлы ў часы сталіншчыны “прыдумаў” Пазняк. Ваеннай пракуратуры давялося на гэты раз прыняць на сябе ўдар старой камуністычнай гвардыі і пад яе няспыннымі позіркамі ( пра ўладу я ўжо і не кажу) весці следства. “Нямецкага следу” так і не ўдалося знайсці. Ва ўсялякім разе вынікі следства дагэтуль застаюцца невядомымі для шырокай грамадскасці. Эксгумацыя, шматлікія экпертызы і праверкі відаць толькі падцвердзілі тое, што растрэлы ў Курапатах вяліся органамі НКВД. Версія пра “нямецкі след”, чаго і трэба было чакаць, відаць па ўсім, у чарговы раз правалілася.

…Праўда пра Курапаты была, бадай, адной з самых значных заваёў дэмакратычнай апазіцыі ў часы далукашэнкаўскай Беларусі. З абнародаваннем жудасных фактаў масавых растрэлаў, якія здзяйсняліся пад Мінскам органамі НКВД, пачаўся абсалютна іншы этап нашай айчыннай найноўшай гісторыі. Курапаты, з аднаго боку, як сімвал татальнага пераследу і фізічнага вынішчэння тысячаў непавінных людзей, з другога, – як адна з яркіх перамог беларускай дэмакратычнай апазіцыі, аніяк не ўпісваюцца ў цяперашнюю афіцыйную дактрыну, скіраваную на ідэалізацую савеччыны і аднаўленне многіх інстытутаў камуністычнага мінулага. Можа, таму так упарта ў дзяржаўных сродках інфармацыі ігнаруецца факт існавання пад Мінскам месца масавых растрэлаў у часы сталіншчыны. Можа, таму раз-пораз, карыстаючыся момантам, пракамуністычныя арганізацыі інспіруюць перагляд курапацкай справы, падкідваючы версіі кшталту “нямецкага следу”. Можа, таму прадстаўнікі сённяшняй беларускай ўлады не ўскладаюць кветкі ля Курапацкіх крыжоў і скрозь пальцы глядзяць на знішчэнне магіл рабаўнікамі.

Мікола Крывальцэвіч

Надрукавана ў “Народнай Волі” 30.10.1999

30/10/2004 › Курапаты


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2004
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024