Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Бэртольд Брэхт “Аўгсбургскі мелавы круг” У часы Трыццацігадовай вайны швейцарскі пратэстант, імя якога было Цынглі, меў вялікую гарбарню і краму скураных вырабаў у вольным імперскім горадзе Аўгсбурзе. Ён быў жанаты на мясцовай жанчыне і меў з ёю дзіця. Калі каталікі наступалі на горад, сябры раілі яму хутчэй уцякаць, але ён не мог рашыцца так вось раптам ад’язджаць. Мабыць, таму, што не хацеў кідаць сваю гарбарню. Такім чынам, ён застаўся ў горадзе, які пачалі штурмаваць імперскія войскі. А калі ўвечары пачаліся рабункі, ён схаваўся ў каморы на двары, дзе звычайна захоўваў фарбы. Ягоная жонка павінна была разам з дзіцем перабрацца да сваякоў у прадмесце, але яна замарудзіла, збіраючы свае рэчы, вопратку, упрыгожанні і ложак, і раптам убачыла з акна другога паверху, як на двор ломіцца цэлая кодла імперскіх жаўнераў. Не з сабе ад страху, яна кінула ўсё і выбегла праз заднія дзверы. Дзіця засталося ў доме. Яно ляжала ў прасторных сенцах у сваёй калысцы і гулялася з драўляным шарыкам, падвешаным на вяроўцы пад столлю. У доме засталася толькі маладая служанка. Яна ўвіхалася на кухне, збіраючы медны посуд, калі пачула шум на вуліцы. Кінулася да акна і ўбачыла, як з другога паверху жаўнеры кідаюць прама на вуліцу нарабаваныя рэчы. Яна пабегла ў сенцы і хацела ўжо ўзяць дзіця з калыскі, калі пачула грукат цяжкіх удараў у дубовыя дзверы. У паніцы яна кінулася ўверх па лесвіцы. Сенцы напоўніліся п’янымі жаўнерамі, якія ламалі ўсё, што трапляла пад руку. Яны ведалі, што знаходзіліся ў доме пратэстанта. На шчасце падчас вобыску і пагрому Ганну, служанку, не знайшлі. Калі кодла сышла, Ганна вылезла з шафы, дзе яна схавалася, і знайшла дзіця ў калысцы. Яно не пацярпела. Яна хуценька схапіла яго і высклізнула на двор. Настала ноч, але чырвоная паланіца ад суседняга дому, што гарэў, асвятляла двор. Яна жахнулася, убачыўшы знявечаны труп гаспадара. Жаўнеры выцягнулі яго з каморы і забілі. Толькі цяпер дзяўчыне стала ясна, якая небяспека ёй пагражае, калі яе схопяць на вуліцы з дзіцем пратэстанта. З цяжкім сэрцам яна паклала яго назад у калыску, дала трошкі малака, палюляла, пакуль яно не заснула, і пайшла ў квартал, дзе жыла яе замужняя сястра. Уначы, каля дзесяці яна прабіралася разам з мужам сястры праз гармідар, наладжаны жаўнерамі, што святкавалі сваю перамогу, каб знайсці ў прадмесці фраў Цынглі, маці дзіця. Яны пастукалі ў дзверы высокага дома. Праз некаторы час дзверы прыадчыніліся. Маленькі стары чалавек, дзядзька фраў Цынглі, высунуў галаву. Ганна, задыхаючыся, паведаміла яму, што пан Цынглі загінуў, а дзіця засталося ў доме і не пацярпела. Стары холадна паглядзеў на яе рыбінымі вачыма і сказаў, што ягонай пляменніцы тутака няма, а сам ён не хоча звязвацца з пратэстанскім байструком. І зачыніў дзверы. Калі яны адыходзілі, швагер Ганны ўбачыў, як зварухнулася заслона ў адным з вокнаў. Ён быў перакананы, што фраў Цынглі была там. Яна, відавочна, не пасаромелася адмовіцца ад свайго дзіця. Пэўны час Ганна і яе швагер ішлі моўчкі! Потым яна сказала яму, што хоча вярнуцца ў гарбарню і забраць дзіця. Швагер, спакойны, прыстойны чалавек, выслухаў яе са страхам і паспрабаваў адгаварыць ад гэтай небяспечнай задумкі. Што ёй да гэтых людзей? Яны ніколі не ставіліся да яе нармальна. Ганна сцішылася і слухала яго, потым паабяцала не рабіць нічога неразумнага. Аднак, яна хацела што б там ні было хутчэй зазірнуць у гарбарню, ці не трэба чаго дзіцяці. Яна вырашыла пайсці туды сама. І дамаглася свайго. Пасярод разгромленай залі ў сваёй калысцы ляжала дзіця і спакойна спала. Ганна стомлена прысела побач і стала глядзець на яго. Яна не рашылася запаліць святло, але суседні дом ўсё яшчэ гарэў, і пры гэтым святле яна зусім добра магла бачыць дзіця. У яго на шыйцы была маленечкая родзінка. Калі дзяўчына пэўны час, можа з гадзіну, глядзела, як дзіця дыхае і смокча свой маленькі кулачок, яна зразумела, што заседзелася надта доўга і таксама, што не можа сысці адсюль без дзіцяці. Яна няўклюдна выпрасталася, нетаропка захінула яго ў ільняны абрус, узяла яго на рукі і пакінула двор, трывожна азіраючыся, нібыта чалавек з нячыстым сумленнем, нібыта злодзей. Пасля доўгіх размоваў з сястрой і шваграм яна праз два тыдні забрала дзіця на правінцыю, у вёску Гросайцінген, дзе жыў ейны старэйшы брат. Гаспадарка належала ягонай жонцы, яны толькі нядаўна пабраліся шлюбам. Было вырашана расказаць толькі брату, што гэта за дзіця, бо яны не ведалі, на што здольная маладая сялянка, як яна прыме такога небяспечнага госціка. Апоўдні Ганна прыехала ў вёску. Ейны брат, яго жонка і прыслуга сядзелі за абедам. Яе прынялі някепска, але ёй хапіла аднаго позірку на новую швагерку, каб вырашыць прадставіць дзіця як сваё ўласнае. Толькі пасля таго, як яна распавяла, што ейны мужык атрымаў у далёкай вёсцы месца ў млынара і што ён забярэ яе праз пару тыдняў, сялянка адтаяла, і ўсе пачалі захапляцца дзіцем. Пасля абеду яна пайшла з братам у лес па дровы. Яны прыселі на пянькі, Ганна наліла яму чыстага віна. Яна заўважыла, што яму няёмка ў новай скуры. Ягонае становішча ў маёнтку не было яшчэ трывалым, і ён пахваліў Ганну за тое, што яна пры жонцы трымала рот на замку. Было ясна, што ён не верыў у асабліва велікадушныя адносіны сваёй жонкі да пратэстанцкага дзіцяці. І хацеў, каб яны і надалей прытрымліваліся гэтай падманнай версіі. Аднак, доўга так не магло працягвацца. Ганна дапамагала ўбіраць ураджай і прыглядала за “сваім” дзіцем, бегаючы з поля ў дом, калі астатнія адпачывалі. Малы ачуняў і нават патаўсцеў. Усміхаўся, калі з’яўлялася Ганна і намагаўся падняць галоўку. Але потым настала зіма, і швагерка пачала распытваць Ганну пра яе мужа. Яна не была супраць, каб Ганна засталася ў маёнтку, з яе была карысць. Горш было, што суседзі здзіўляліся бацьку хлопчыка Ганны, бо той ні разу не аб’явіўся. Калі яны не здолеюць прадставіць бацьку дзіцяці, то пра іхны двор будуць балбатаць што зра. Аднойчы летняй раніцай селянін запрог каня і голасна крыкнуў Ганне, каб яна паехала з ім па цяля ў суседнюю вёску. Пад стукат колаў ён паведаміў ёй, што шукаў і знайшоў ёй мужа. Гэта быў нейкі смяротна хворы бабыль, які ледзь падняў змардаваную галаву з бруднай посцілкі, калі яны ўсталі пасярод ягонай нізкай хаты. Ён быў згодны пабрацца з Ганнай шлюбам. У галаве ложка стаяла старая з жоўтым тварам, ягоная маці. Яна павінна была прыняць ад Ганны плату за паслугу. Справу вырашылі на працягу дзесяці хвілін, і Ганна з братам маглі ехаць па свайго цяля. Вянчанне адбылося на прыканцы таго ж тыдня. Пакуль святар мармытаў чын вянчання, хворы ні разу не зірнуў сваімі шклянымі вачыма на Ганну. Брат не сумняваўся, што праз колькі дзён яны атрымаюць сведчанне аб смерці. Тады яны скажуць, што муж Ганны і бацька дзіцяці памёр недзе па дарозе ў вёсцы каля Аўгсбурга, і ніхто не будзе здзіўляцца, што ўдава застаецца ў доме брата. Ганна вярталася задаволеная са свайго дзіўнага вяселля, дзе не было ні званоў, ні духавога аркестра, ні дзяўчын-сябровак, ні гасцей. Яна падрыхтавала ў кладоўцы замест вясельнага пачастунку скібу хлеба з салам, а потым падышла з братам да скрыні, дзе ляжала дзіця, у якога цяпер было імя. Яна паправіла прасціну і ўсмяхнулася брату. Аднак, сведчанне аб смерці давялося чакаць доўга. Яго не атрымалі ні праз тыдзень, ні праз два. Ганна казала на двары, што яе муж ужо едзе да яе. Калі ў яе пыталіся, калі ён з’явіцца, тлумачыла, што глыбокі снег замарудзіў падарожжа. Але, калі прамінулі яшчэ тры тыдні, брат, сур’ёзна ўстрывожаны, паехаў у вёску каля Аўгсбургу. Ён вярнуўся позна ўначы. Ганна яшчэ не клалася, яна пабегла да дзвярэй, пачуўшы, як загрукацелі колы на двары. Яна ўбачыла, як павольна брат распрагае каня, і ейнае сэрца сціснулася. Ён прывёз кепскія весткі. Увайшоўшы ў тую хату, ён убачыў смяротніка за сталом. Той сядзеў у адной кашулі і еў папоўніцы. Нечакана выздаравеў. Селянін не глядзеў ў твар Ганне, калі расказваў пра гэта. Бабыль, яго звалі Отэрэр, і ягоная маці былі, здаецца, таксама ўражаны паваротам справы. Яны яшчэ не прынялі рашэння, што рабіць. Отэрэр зрабіў на яго някепскае ўражанне. Гаварыў мала, але, як толькі ягоная маці паспрабавала лямантаваць, што ў яго на шыі цяпер нялюбая жанчына з чужым дзіцем, той адразу прымусіў яе замаўчаць. Ён усё еў сваю сырную поліўку, пакуль ішла размова. Працягваў есці, калі селянін адыходзіў. У наступныя дні Ганна, натуральна, была вельмі заклапочаная. У перапынках паміж хатнімі справамі яна вучыла хлопчыка хадзіць. Калі ён адчапіўся ад калаўроту і патупаў да яе з выцягнутымі наперад ручкамі, яна ледзь стрымала хрыплы стогн і моцна прыцінула да сябе, злавіўшы яго рукамі. Аднойчы яна спытала брата: А што ён за такі? Яна бачыла яго толькі на смяротным ложку і толькі ўвечары, пры святле слабой свечкі. Цяпер яна даведалася, што ейнаму спрацаванаму мужу недзе каля пяцідзесяці і што ён, здаецца, беззямельны. Скора яна яго пабачыла. Адзін лахтыр паведаміў ёй з вялікай прэтэнзіяй на таямнічасць, што “пэўны знаёмы” у такі і такі дзень, а такой і такой гадзіне, каля такой і такой вёскі, там дзе пачынаецца дарога на Ландсбэрг, хоча сустрэцца з ёю. Так і сустрэліся павенчаныя паміж іхнымі вёскамі, як старажытныя палкаводцы паміж сваімі шыхтамі, на адкрытай прасторы, дзе ўсе было засыпана снегам. Мужчына не спадабаўся Ганне. У яго былі маленькія жоўтыя зубы. Ён глядзеў на яе зверху ўніз, хаця яна зусім знікла, захутаная ў тоўсты авечы кажух, а потым вымавіў нешта пра “таінства шлюбу”. Яна толькі сказала яму, што мусіла б яшчэ падумаць. А яго папрасіла, каб ён праз нейкага гандляра або мясніка, які пойдзе праз Гросайцінген, паведаміў ейнай швагерцы, што скора з’явіцца, але захварэў па дарозе. Отэрэр кіўнуў у сваёй дзіўнай манеры. Ён быў на цэлую галаву вышэй за яе і ўвесь час, пакуль яны размаўлялі, глядзеў збоку на яе шыю, што яе раздражняла. Аднак, паведамлення так і не было, і Ганна пачала меркаваць. каб проста сысці з дзіцем з двара і накіравацца на поўдзень, можа ў бок Кэмптэна або Зонтгофэна, ды знайсці там месца. Толькі неспакойныя дарогі, пра што шмат казалі тады ўсе, ды бясконцая зіма ўтрымалі яе ад гэтага. Але цяпер на двары станавілася ўсё цяжэй. Швагерка за абедзенным сталом пры ўсёй прыслузе падозрана пыталася ў яе пра мужа. Аднойчы яна нават, гледзячы на дзіця з фальшывым спачуваннем, сказала ўголас: “Бедны падкідыш”. Тады Ганна вырашыла сысці, але дзіця раптам захварэла. Яно ляжала з распаленай галоўкай і смутнымі вачыма ў сваёй скрыне, а Ганна сядзела над ім цэлымі начамі ў страху і спадзяванні. Калі яно пачало папраўляцца і зноў заўсміхалася, аднойчы пасля абеду нехта пастукаў у дзверы. Увайшоў Отэрэр. Акрамя Ганны і дзіцяці ў пакоі нікога не было, і ёй не прышлося прыкідвацца. Ды ў яе ад страху гэта і не атрымалася б. Яны нейкі час стаялі адзін перад адным моўчкі, а потым Отэрэр сказаў, што сам абдумаў справу і прыйшоў, каб забраць яе. Ён зноў згадаў пра таінства шлюбу. Ганна раззлавалася. Цвёрдым, хаця і прыцішаным голасам яна сказала мужчыне, што не збіраецца жыць з ім. Што пайшла на гэты шлюб толькі з-за дзіцяці і не хоча ад яго нічога, акрамя прозвішча, якое ён даў ёй і дзіцяці. Калі яна казала пра дзіця, Отэрэр паглядзеў у бок скрыні, дзе тое ляжала і агукала, але не падышоў да яго. Гэта яшчэ больш настроіла Ганну супраць яго. Ён прамармытаў яшчэ нешта. Яна, маўляў, няхай яшчэ раз усё абдумае. У яго, маўляў, ёсць дзе сесці ды няма чаго з’есці. Але маці можа спаць на кухні. Тут увайшла гаспадыня, цікаўна павіталася з ім і запрасіла на абед. Брата Ганны ён павітаў, ужо седзячы за сталом, ледзь кіўнуўшы, ці то прыкідваючыся, што не ведае яго, ці то не выдаючы, што ведае. На пытанні сялянкі ён адказваў нешматслоўна, не падымаючы вачэй ад талеркі. Маўляў, знайшоў месца ў Мэрынгу, куды Ганна можа пераехаць да яго. Аднак, ён не згадаў, што гэта трэба зрабіць цяпер. Пасля абеду ён неяк пазбегнуў кампаніі селяніна і пачаў секчы за домам дровы, пра што ніхто яго не прасіў. Пасля вячэры, за якой ён прасядзеў без слова, сялянка занесла ў пакой Ганны тапчан, каб ён мог там пераначаваць. Але ён раптам няўклюдна ўстаў і прамармытаў, што мусіць ад’ехаць увечары. Перад ад’ездам ён пустымі вачыма зірнуў на скрыню з дзіцем, аднак, не сказаў нічога і не дакрануўся да яго. Уначы Ганна захварэла, яе цэлы тыдзень калаціла ліхаманка. Яна больш ляжала напоўпрытомная. Толькі пару разоў перад абедам, калі трошкі адпускала ліхаманка, яна прабіралася да скрыні з дзіцем і папраўляла яму коўдру. На чацверты тыдзень яе хваробы на двор заехаў на колах Отэрэр і забраў яе разам з дзіцем. Яна не сказала ні слова супраць. Вельмі марудна да яе вярталіся сілы, не дзіва пры жыдкім супе ў хаце бабыля. Але аднойчы раніцай яна ўбачыла, якім брудным зрабілася дзіця, і рашуча ўстала. Малы сустрэў яе прыязнай усмешкай, пра якую ейны брат казаў, што гэта ў хлопчыка ад яе. Ён падрос і лазіў па пакою з неверагоднай жвавасцю, ляпаючы ручкамі і пранізліва крычучы, калі падаў тварам на падлогу. Яна памыла яго ў драўляным чопе і зноў сабралася духам. Праз колькі дзён жыццё ў хаце стала зусім невыносным. Яна захінула малога ў покрыўкі, прыхапіла трошкі хлеба і сыру і ўцякла. Яна меркавала дабрацца да Зонтхофэна, але далёка не зайшла. Яна яшчэ слаба трымалася на нагах, гасцінец ляжаў пад лядовай коркай, а людзі ў вёсках з-за вайны зрабіліся вельмі недаверлівыя і злыя. На трэці дзень падарожжа яна вывіхнула нагу ў калдобіне на дарозе, некалькі гадзін праляжала, хвалюючыся за дзіця, пакуль яе не занеслі на нечый двор, дзе паклалі ў хляве. Малы лазіў паміж нагамі кароў і толькі смяяўся, калі яна ўскрыквала ад страху. Урэшце яна мусіла сказаць гаспадарам двара імя ейнага мужа, і тыя завезлі яе ў Мэрынг. З тае пары яна больш не спрабавала ўцячы і змірылася са сваім лёсам. Надрывалася на працы. Было цяжка нешта вырасціць на маленечкім участку ды яшчэ трымаць мізэрную гаспадарку. Але муж не выказваў ёй няпрыязі, а дзіця было сытае. Часам заязджаў брат і прывозіў тое-сёе ў падарунак. А аднойчы яна нават дала пафарбаваць світку малога на чырвона. Так, думала яна, будзе да твару сыну фарбавальшчыка. З цягам часу яна супакоілася і бясконца цешылася, выхоўваючы малога. Так прамінула колькі гадоў. Але аднойчы яна пайшла за нечым у вёску Зіруп, а калі вярнулася, дзіцяці ўжо не было ў хаце, а ейны муж сказаў, што нейкая файна апранутая дама звязла яго ў сваёй карэце. Ад жаху яна прытулілася да сцяны, і ў той жа вечар выбралася ў дарогу на Аўгсбург, узяўшы толькі клунак з харчамі. У імперскім горадзе яна перш-наперш пайшла ў гарбарню. Яе туды не пусцілі і не паказалі дзіця. Сястра і швагер дарэмна спрабавалі супакоіць яе. Яна пабегла да ўладаў і пачала крычаць там немым крыкам, што у яе скралі дзіця. Яна зайшла так далёка, што заявіла, гэта, маўляў, пратэстанты скралі дзіця. Аднак даведалася, што цяпер насталі іншыя часы, бо паміж католікамі і пратэстантамі заключаны мір. Яна б хутчэй не дамаглася нічога, калі б не шчаслівы выпадак. Ейная справа была перададзена суддзе, які быў зусім адмысловым чалавекам. То быў суддзя Ігнац Долінгер, вядомы на ўсю Швабію сваёй грубасцю і вучонасцю. Курфюрст Баварыі, супраць якога ён выйграў працэс на карысць вольнага імперскага горада, абазваў яго “гэты засраны вясковы лацініст”. Але просты люд спяваў пра яго хвалебныя прыпеўкі. Ганна з’явілася ў яго ў суправаджэнні сястры і швагра. Прысадзісты, але надзвычай тлусты стары чалавек сядзеў у малым голым пакоі пасярод стосаў пергаментаў. Ён нядоўга слухаў яе. Потым нешта напісаў на аркушы паперы і прабурчэў: “Ідзі туды ды хутчэй!” І паказаў ёй сваёй кароткай пухлай рукой на куток у пакоі, куды падала святло з вузенькага акна. Колькі хвілін ён углядаўся ў яе твар, а потым, цяжка ўздыхнуўшы, даў знак, каб яны сышлі. На наступны дзень ён прыслаў па яе судовага служку, а калі яна толькі з’явілася на парозе, закрычаў: “Дык чаму гэта ты ні словам не згадала, што йдзецца пра гарбарню з неслабым даходам?” Ганна цвёрда сказала, што йдзецца толькі пра дзіця. “Выкінь з галавы, гарбарню ты не атрымаеш”.—крычаў суддзя.—“Калі падкідыш сапраўды твой, усё роўна маёмасць дастаецца сваякам Цынглі”. Ганна кіўнула, не гледзячы на яго. Потым сказала: “Яму не трэба гарбарні”. “Ён твой?”—гарланіў суддзя. “Так,– сказала яна ціха. “Каб толькі ён мог быць са мной, пакуль не вывучыць усе словы. Ён ведае цяпер толькі сем”. Суддзя закашляўся, перасоўваючы пергаменты на стале. Потым сказаў больш спакойным, але ўсё яшчэ раздражнёным тонам: “Ты хочаш мець гэтага карапуза і тая каза з яе пяццю спадніцамі хоча яго. Але яму трэба мець сапраўдную маці”. “Так”.—сказала Ганна і паглядзела на суддзю. “Знікні.—буркнуў ён.—Суд адбудзецца ў суботу”. У суботу на галоўнай вуліцы і плошчы перад ратушай сабралася процьма народу, што хацеў паглядзець на працэс па справе пратэстанцкага дзіцяці. Нетыповы выпадак з самага пачатку выклікаў вялікую цікаўнасць, у дамах і на працы людзі спрачаліся, хто ёсць сапраўдная і хто фальшывая маці. Стары Долінгер быў таксама шырока вядомы сваімі працэсамі, у якіх народная мудрасць зіхацела вострымі выказваннямі і прымаўкамі. Ягоныя разбіральніцтвы народ любіў больш, чым кілбасу і царкоўнае віно. Перад ратушай сабраліся паназіраць за падзеямі не толькі аўгсбургцы, нямала было таксама сялянскага люду з наваколля. Пятніца была базарным днём, і яны засталіся на ноч у горадзе. Зала, у якой вёў справу Долінгер, называлася Залатой Залай. То была знакамітае на ўсю Германію самае вялікае памяшканне без калон у інтэр’еры; столь была падвешана на ланцугах пад вільчаком. Суддзя Долінгер сядзеў унутры, як малая, круглая камлыга мяса перад зачыненай жалезнай брамай. Звычайны канат аддзяляў яго ад гледачоў. Але крэсла суддзі стаяла проста на падлозе, перад ім не было нават стала. За гады практыкі ён сам выпрацаваў гэты парадак; ён разумеў, наколькі важнае знешняе афармленне. Па-за канатам побач з суддзёй знаходзіліся фраў Цынглі з яе бацькамі, сваякі нябожчыка пана Цынглі, што прыехалі са Швейцарыі, два багата апранутых мужчыны, што выглядалі, як заможныя купцы, і Ганна з Отэрэрам ды ейная сястра. Побач з фраў Цынглі была нянька з дзіцем. Усе, бакі працэсу і сведкі, стаялі. Суддзя Долінген любіў казаць, што разбіральніцтвы доўжацца карацей, калі ўдзельнікі стаяць. Але хутчэй за ўсё ён прымушаў іх стаяць, каб яны хавалі яго ад публікі. І ўбачыць яго можна было толькі ўстаўшы на дыбачкі і выцягнуўшы шыю. На пачатку разбіральніцтва дайшло да інцыдэнта. Калі Ганна ўбачыла дзіця, яна ўскрыкнула і выйшла наперад. Дзіця таксама хацела да яе, яно пачало рвацца з рук нянькі і раўці. Суддзя загадаў вынесці яго з залі. Потым ён паклікаў фраў Цынглі. Яна зашамацела спадніцамі, выйшла наперад і пачала распавядаць, час ад часу прыкладаючы да вачэй хустачку, як падчас рабунку імперскія жаўнеры забралі яе дзіця. Яшчэ ў тую ж самую ноч служанка прыходзіла ў дом ейнага бацькі і паведаміла, што дзіця яшчэ знаходзілася ў разгромленым доме, мабыць, хацела атрымаць грашовую ўзнагароду. Бацька паслаў у гарбарню сваю кухарку, тая нікога там не знайшла. І яна мяркуе, што гэтая асоба (тут яна паказала на Ганну) завалодала малым, каб потым вымусіць у яе грошы. Служанка б выступіла рана ці позна з такімі патрабаваннямі, калі б дзіця ў яе своечасова не забралі. Суддзя Долінгер паклікаў сваякоў пана Цынглі і спытаў іх, ці яны тады наводзілі даведкі пра пана Цынглі і што ім расказала была фраў Цынглі. Тыя сказалі, што фраў Цынглі паведаміла ім, што ейны муж быў забіты, а дзіця яна даверыла нейкай служанцы, якая добра ім апякуецца. Яны гаварылі пра яе вельмі непрыязна і не дзіва, бо маёмасць пераходзіла да іх у выпадку, калі фраў Цынглі прайграе працэс. Пасля іхняга выступу суддзя зноў звярнуўся да фраў Цынглі, каб спытаць, можа яна падчас нападу проста згубіла галаву і пакінула дзіця ў бядзе. Фраў Цынглі паглядзела на яго нібыта здзіўлена сваімі бледна-блакітнымі вачыма і сказала, абражаная, што не кінула дзіця ў бядзе. Суддзя Долінген адкашляўся і спытаў яе з цікаўнасцю, як яна думае, ці можа якая-небудзь маці пакінуць сваё дзіця ў бядзе. Не, думаю, не можа, сказала яна цвёрда. Ці яна думае, распытваў суддзя далей, што маці, якая зрабіла гэта, трэба надраць задніцу незалежна ад таго, колькі на ёй спадніц? Фраў Цынглі прамаўчала, і суддзя выклікаў былую служанку Ганну. Яна хутка выйшла наперад і ціхім голасам расказала тое, што ўжо расказвала падчас папярэдняга разбіральніцтва. Яна, аднак, гаварыла так, нібыта адначасова прыслухоўвалася, і час ад часу паглядала на вялікія дзверы, за якія аднеслі дзіця, нібыта баючыся, ці яно яшчэ не плача. Яна расказала, што ў тую ноч пайшла ў дом дзядзкі фраў Цынглі, але потым не вярнулася ў гарбарню з-за страху перад імперскімі жаўнерамі і таму, што баялася за ўласнае пакінутае дзіця, якое знаходзілася ў добрых людзей у суседнім Леххаўзэне. Стары Долінгер груба перапыніў яе і раўнуў, што прынамсці аднаму чалавеку ва ўсім горадзе было ў той дзень страшна. Яму радасна канстатаваць гэта, бо гэта пацвярджае, што прынамсці ў адной асобы засталося трошкі розуму. Аднак, непрыгожа было з боку сведкі, што яна апекавалася толькі сваім уласным дзіцем, пра што народ кажа: кроў не вадзічка. Сапраўдная маці ідзе на крадзеж дзеля свайго дзіцяці, што, аднак, забаронена законам, бо маёмасць ёсць маёмасць, а хто крадзе, той таксама хлусіць, а хлусіць таксама забаронена законам. І тут ён пачаў сваю мудрую і грубую лекцыю пра чалавечыя хітрыкі, якімі людзі да пасінення дураць суд, потым ён трохі адхіліўся ад галоўнай тэмы і казаў пра сялян, якія змешваюць малако нявінных кароў з вадой, пра гарадскі магістрат, які бярэ з сялян надта высокія кірмашовыя падаткі, і ўсё гэта зусім не мела сувязі з працэсам. Раптам ён заявіў, што заслухванне сведкаў скончана і яно нічога не дало для справы. Потым ён зрабіў вялікую паўзу, дэманструючы ўсе прыкметы бязраднасці, аглядаючыся па баках, нібыта чакаючы адкуль-небудзь нейкай прапановы, якая дапамагла б прыняць рашэнне. Людзі разгублена глядзелі адзін на аднаго, некаторыя выцягвалі шыі, каб зірнуць на бездапаможнага суддзю. У зале настала ціша, і толькі па галасах з вуліцы можна было здагадацца пра натоўп. І вось суддзя ўздыхнуў і зноў узяў слова. “Не было высветлена, хто з’яўляецца сапраўднай маці.– казаў ён.– Дзіцяці можна паспачуваць. Мы ўжо чулі, як бацькі, бывае, сволачы, хаваюцца і не хочуць быць бацькамі, а тутака з’явіліся ажно дзве маці. Суд выслухоўваў іх настолькі доўга, наколькі яны заслужылі, а менавіта кожную роўна па пяць хвілін. І суд прыйшоў да высновы, што абедзве хлусяць не маргнуўшы вокам. Аднак, застаецца разабрацца, як кажуць, з дзіцем, якое мусіць мець маці. Дык вось і трэба, не залазячы ў пустую балбатню, высветліць, хто ёсць сапраўдная маці”. Раздражнёным голасам ён гукнуў судовага служку і загадаў прынесці кавалак мелу. Служка пайшоў і прынёс кавалак мелу. “Накрэслі мелам на падлозе круг, у якім могуць стаць тры асобы”.—сказаў яму суддзя. Служка нахіліўся і накрэсліў круг. Прывялі дзіця. Яно, аднак, зноў пачало раўці і хацела да Ганны. Стары Долінгер не звяртаў увагі на гармідар і толькі гаварыў грамчэй. “Спробу, якая цяпер будзе зроблена,– паведаміў ён,– я знайшоў у адной старой кнізе, і яна добра надаецца і цяпер. Асноўная ідэя спробы з мелавым кругам простая і дазваляе пазнаць сапраўдную маці паводле ейнай любові да дзіцяці. Дык вось, трэба паспрабаваць, наколькі моцная гэтая любоў. Судовы служка, пастаў дзіця ў мелавы круг”. Служка ўзяў дзіця, якое ўсё раўло, з рук нянькі і завёў яго ў круг. Суддзя працягваў, звяртаючыся да фраў Цынглі і Ганны: “І вы тасама ўстаньце ў мелавы круг, вазьміцеся моцна кожная за адну руку дзіцяці і, калі я скажу “цягніце”, пастарайцеся выцягнуць дзіця з круга. Хто з вас мае мацнейшую любоў, будзе мацней цягнуць дзіця на свой бок”. Зала захвалявалася. Гледачы паўставалі на дыбачкі і спрачаліся з тымі, хто стаяў наперадзе. Але зноў настала магільная ціша, калі абедзве жанчыны ўвайшлі ў круг і кожная ўзялася за руку дзіцяці. Дзіця таксама змоўкла, нібыта здагадваючыся, пра што йдзецца. Яно ўзняло свой заліты слязьмі тварык да Ганны. Тады суддзя скамандаваў “цягніце”. Адным моцным рыўком Фраў Цынглі выцягнула дзіця з мелавога круга. Разгублена і яшчэ не верачы, што ўсё скончылася, Ганна глядзела яму ў след. Баючыся нанесці яму шкоду, калі яго тузануць адначасова ў два бакі, яна адразу адпусціла яго. Стары Долінгер ўстаў. “І вось мы даведаліся,– сказаў ён голасна,– хто ёсць сапраўдная маці. Забярыце дзіця ў гэтай падлюгі. Яна была гатовая хладнакроўна раздзерці яго на кавалкі”. І ён кіўнуў Ганне, а потым шпарка выйшаў з залі, каб з’есці свой абед. На працягу наступных тыдняў мясцовыя сяляне, не якія-небудзь, што на галаву ўпалі, расказвалі, што суддзя, калі адсудзіў дзіця жанчыне з Мэрына, падмаргнуў ёй. Bertold Brecht. Kalendergeschichten. Leipzig, 1979. Пераклад з нямецкай - Валеры Буйвал Бэртольд Брэхт (1898-1956) – нямецкі драматург, пісьменнік, паэт, тэатразнаўца. Аўтар п’ес “Начныя барабаны”, “Трохграшовая опера”, “Уздым і падзенне горада Махагоны”, “Страх і мізэрнасць Трэцяга Рэйху”, “Матуля Кураж і яе дзеці”. Напісаў шмат вершаў і песень, раман “Справы пана Юлія Цэзара”. Апавяданне “Аўгсбургскі мелавы круг” – са зборніка Брэхта “Каляндарныя гісторыі” (1949). Брэхт звяртаецца да гісторыі свайго роднага горада Аўгсбурга, да чалавечай і нацыянальнай трагедыі часоў Трыццацігадовай вайны (1618-1648). На фоне міжрэлігійнага канфлікту пісьменнік вымалёўвае яркія характары і драматычныя эпізоды, за якімі ўгадваюцца біблейскія рэмінісцэнцыі: Мадона з дзіцем у хляве, Саламонаў прысуд у фінале. Шкада, што ён напісаў зусім мала прозы. 30/10/2004 › Цікавая літаратура |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |