Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Аўгуст Стрындбэрг “Апошні стрэл”

У адзін з апошніх дзён кастрычніка 1648 года на вуліцах невялікага горада Ліндаў на возеры Бодэн запанаваў вялікі вэрхал. Горад гэты – швабская Венецыя, што плыла на трох пагорках побач з баварскім берагам – даўно быў абложаны шведскім фельдмаршалам Урангелям, які ў апошнія гады дзейнічаў разам з французамі, а цяпер стаяў ва ўмацаваным лагеры на вышынях каля мястэчка Эшах. Мірныя перамовы, што цягнуліся ўжо чатыры гады, не далі нават перамір’я, а зусім нядаўна Кёнігсмарк штурмаваў Прагу. Гэтыя падзеі, аднак, прыспешылі перамовы ў Аснабруку і Мюнстэры, да Швабіі дакаціліся чуткі пра блізкі мір.

Ліндаў перажыў усе жахі аблогі на працягу пару месяцаў. А пасля абеду ў дзень, калі раптам спыніліся шматдзённыя бамбардоўкі з Эшаха, бургамістр вярнуўся з патаемнай паездкі ў Брэгэнц. Ён адразу пайшоў у заезд Пад Каронай , таму што ратуша была разбурана. Хацеў паглядзець, ці не сустрэнецца хто са знаёмых, не заняты службай на мурах горада. У залах не было ні душы, і ў прыгнечаным стане ён выйшаў на тэрасу, каб паглядзець, што робяць шведы на тым беразе.

Бодэнскае возера было спакойнае, адлюстроўвала снежныя вершаліны грады Хоэ Сэнці з боку Санкт-Галена. На захадзе віднелася блакітная дымка шварцвальдскага лесу, падобная на вечаровыя воблакі, а на ўсходзе плынь Рэйна паміж Форальбэргам і Рэціконам. Ягоныя глініста жоўтыя хвалі зліваліся ўрэшце з сіне-зялёнымі водамі возера. Але бургамістру было не да красы прыроды. За апошнія восем дзён ён нацярпеўся голаду і холаду, а больш за месяц не выходзіў з бою. Ён убачыў толькі, як віруе народ на набярэжнай. Там лагодныя баварцы змяшаліся ў гурму з крыклівымі вюртэмбэргцамі і жвавымі бадэнцамі. Ён мог бачыць, як народ пасунуўся да францысканскага касцёла па харчовую дапамогу. Але ўнізе на набярэжнай ён заўважыў групу людзей, што стаяла і глядзела на возера, дзе некалькі бочак павольна плылі па хвалях. Людзі з імпэтам кінуліся выцягваць іх на бераг бусакамі і канатамі.

“Што гэта там такое, людцы?”—крыкнуў бургамістр з тэрасы.

“Падарункі ад швейцарскіх сяброў з Санкт-Галена!”—адказаў нейкі голас.

“Мабыць, віно ці медавуха. Яны доўга чакалі заходняга ветру, каб падплыць з боку Рамансгорна”.—азваўся яшчэ нехта.

Бургамістр пайшоў з тэрасы ў залу, сеў там і пачаў чакаць, чым скончыцца справа на набярэжнай.

На знешне няўзрушаным твары рослага баварца чыталіся заклапочанасць, сум і горыч. Вялікія кулакі, абапертыя на дубовы стол, час ад часу сціскаліся, нібыта ён вагаўся – выпускаць з іх нешта ці трымаць моцна. Ягоныя ногі, што, здавалася, вось-вось разарвуць халявы высокіх ботаў, тупалі па непрыбранай падлозе так, што пыл стаяў слупом, як дым з файкі. Ён не мог уседзець спакойна. Раптам ён шпурнуў свой меч на падлогу, дастаў з тытунёвай тэчкі з сярэбраным гарадскім гербам пару вялікіх ключоў і пачаў круціць імі ў паветры, нібыта спрабуючы зачыніць нябачныя дзверы, каб ніхто больш не мог іх адчыніць. Потым прыціснуў да вуснаў адзін з ключоў і прасвісцеў сігнал трывогі, якому добра навучыўся за доўгі час аблогі, адбітых атак і няўдалых вылазак.

Пачуліся громкія крокі на лесвіцы і бразгат зброі. Бургамістр кінуў сьвісцець, зашпіліў гузік і перасунуў тэчку на рэмні назад. Потым заняў позу, нібыта збіраўся абараняцца, мабыць, ведаючы, хто набліжаўся да дзявярэй.

“Пахвалёны, пане камендант.”—павітаў ён афіцэра, што ўвайшоў і кінуў на лаву памяты капялюш з абпаленым пяром.

“Рады бачыць Вас зноў, пане бургамістр”.—адказаў маёр і сеў за стол насупраць.

Нейкі час было ціха, нібыта абодва набівалі сваю зброю, перш чым даць залп. Урэшце маёр парушыў маўчанне пытаннем у лоб:

“Што сказалі ў Брэгэнцы?”

“Не дадуць ніводнага мяшка мукі, ні жмені крупы, пакуль горад не выдасць ключы! Так сказалі ў Брэгэнцы”.

“Вось як?”

“Вось як.”—паўтарыў бургамістр, пагрозліва пазіраючы.

“А Вы не хочаце выдаваць ключы?”

“Не, тысячу разоў не, мільён разоў не!”– закрычаў бургамістр і ўскочыў з-за стала, кроў ударыла яму ў твар.

“А ведаеце,– казаў далей маёр,– што мёртвыя целы атручваюць горад з тае пары, як шведы захапілі могілкі ў Эшаху?”

“Ведаю!”

“Ведаеце, што ў горадзе з’елі ўсіх коней і сабак?”

“Ведаю! Я ведаю таксама, што майго Пакана, майго вернага спадарожніка апошніх дваццаці гадоў з часу, як я згубіў жонку і дзяцей, забілі першага!”

“Ведаеце, што вада ў возеры паднялася і заліла сутарэнні? Так што людзям няма дзе хавацца, калі зноў пачнуцца бамбардоўкі.”

“Ведаю!”—адказаў бургамістр.

“Ведаеце, што саспеў наш вінаград на прылеглых пагорках на Хоербэргу, каля Шахтэна, каля Айхбюля, пара збіраць ураджай? А шведы з французамі ўжо накінуліся на вінаграднікі”.

“Ведаю! Але ці ведаеце Вы, што мір можа быць заключаны ўжо сёння? Можа ён ужо заключаны, і мы можам выратаваць наш гонар, калі яшчэ на дзень адцягнем капітуляцыю.”

“Яшчэ адзін дзень!—паўтарыў маёр.—Яшчэ адзін дзень! Мы казалі гэта ўсе тры месяцы, пакуль паміралі нашы дзеці. Вы, мабыць, не ведаеце, што скончыўся хлеб, што людзі паелі мох на дахах і лісце на дрэвах, салому ў стайнях, злізалі рэшткі малака ў пустых бочках, пілі сваю..! Такія вось справы, а дзеці крычаць і просяць малака”.

“Дзеці! Не кажыце мне пра дзяцей. Маю адзіную дачку згвалцілі і забілі на вачах у яе маці! Тады я маліў Вас дапамагчы, але дарэмна. У Вас тады ўзніклі нейкія непераадольныя перашкоды. Да д’ябла дзяцей! Чаму ж вы не вывезлі іх па возеры, пакуль шведы не пусцілі свае паромы?”

“Вы – дзікая жывёліна, бургамістр, а не чалавек. Вам, мабыць, хацелася б убачыць, як іх будуць тапіць у мяшках альбо есьці, як гэта было ў Багеміі, калі там гаспадарыў Фрыдланд!”

“Так, мы ўсе пераўтварыліся ў дзікіх звяроў за гэтыя трыццаць гадоў забойстваў і агню, крадзяжоў і блудадзейства. Яны маглі называць гэта вайной, пакуль шведскі кароль быў жывы і камандаваў жаўнерамі. Але потым яны пераўтварыліся ў забойцаў, бандзюг і іракезаў, што нішчаць усё абы нішчыць. Гуны, готы і вандалы, якія разбураюць таму, што не могуць стварыць нічога…”

Крык на вуліцы не даў маёру адказаць, абодва споршчыкі кінуліся на тэрасу. Людзі збіліся ў кучу каля выцягнутых на бераг бочак. Выбілі коркі так, што змесціва пацякло па вуліцы.

“Што ў вас там?”—крыкнуў маёр.

“Э-э, гэта толькі малако, што прыслалі сквапныя швейцарцы замест віна.”—адказалі знізу.

З’явілася нейкая жанчына з дзіцем на руках. Калі яна ўбачыла белы струмок, што цёк па вуліцы, то жудасна загаласіла і паклала дзіця на брук, каб тое магло піць. Неўзабаве сабралася шмат мацерак, прывабленых крыкамі. Дзеці, як прагныя парсючкі, сквапна хапаліся за камяні бруку, нібыта тыя былі мягкімі грудзямі і смакталі малако. А мацеркі тым часам пракліналі паганых мужыкоў, што думалі толькі пра сябе.

“Пане бургамістр!—зноў пачаў маёр, усхваляваны брыдкай сцэнай.—Пойдземце на дах ды паглядзім, што там робяць шведы. А ўжо потым высветлім нашы адносіны! Як Вы бачыце, рассыпаюцца ўсе сувязі. Адзін хапае тое, што другі ўжо не можа ўтрымаць. Ёсць пагроза, што распадуцца сем’і, усё раскоціцца дагары нагамі. У любы момант можа пачацца бунт…”

Бургамістр не слухаў яго. Ён падняўся па вінтавой лесвіцы, потым праз шчыліну паміж слупамі пралез па ўступах фасада. Ускараскаўся на франтон, увенчаны флагштокам, да якога была прымацавана падзорная труба. Унізе раскінуўся разбураны горад. Не было бачна ніводнага цэлага даху; ніводнага дрэва ў старых прысадах – усе пайшлі на ежу і дровы. З боку набярэжнай усе дамы былі знічшаны, усе сады высечаны, каб здабыць матэр’ял для ўмацаванняў. А па вуліцах соваліся абарваныя, згаладнелыя, брудныя і здзічэлыя людзі. Аднак, было бачна, што яны накіроўваюцца да заезду Пад Каронай, дзе ўжо сабраўся натоўп.

Бургамістр прыклаў вока да трубы, скіраванай на далёкі бераг. Там віднеліся пагоркі з белымі сялянскімі хатамі пад спаленымі дахамі, а навокал разрабаваныя яблыневыя сады і вінаграднікі. Углыбі было бачна Эшах з шведскім галоўным станам. Пасярод сіне-жоўтых сцяжкоў быў прыкметны незвычайны рух. Кнехты ўвіхаліся каля гармат. Бургамістр паспеў пазнаёміцца з імі за час доўгай аблогі. Так, ён нават даў імёны кожнаму з найгразнейшых монстраў першай лініі.

Доўгі бамбіза з чырвонай медзі нядаўна разбіў вітраж у гарадскім касцёле – ён называў яго Чырвоным Сабакам. Злева была магутная марціра, што атрымала імя Гракатун, проста шпігат, калі пачынала вырыгваць зарады. Маткай Д’ябла ён назваў трэцюю, мабыць, адлітую з шведскай сталі паводле праекта самога караля. І гэтак далей. Па-за валам на садовай тэрасе ён убачыў фельдмаршала, што сядзеў разам з афіцэрамі і піў мясцовае віно, іхняе віно, што было вырашчана і выціснута імі. А яны, такія дурныя, пакінулі яго ў склепах на тым беразе. За шклянкай і папыхваючы файкамі высокія паны разглядалі нейкі чарцёж, здаецца, не карту. Бургамістр успомніў чутку, што Урангель хацеў перавезці баварскі замак Ашафэнбург дадому, у свой маёнтак над возерам у Швецыі. А калі гэта не ўдалося, загадаў архітэктару зрабіць чарцяжы будынка, з якога ён ужо павывозіў усю мэблю, абсталяванне і экзатычныя прадметы.

Убачыўшы віно і курцоў, бургамістр на імгненне перажыў даўно забытыя прыхамаці. Потым яго ахапіла даўняя нянавісць і злоба. Для тых, каму бракавала ежы і пітва, хто згубіў блізкіх і забыўся, што такое мір, заставаўся адно гонар. І ён пакляўся над трупам сваёй дачкі, якую сам забіў, каб яна не нарадзіла дзяцей д’ябла і не дала д’яблава семя (гэтую таямніцу ён не мог згадваць як аргумент сваёй упартасці), што не выдасць ключы ад горада, пакуль жывы.

Ён убачыў, як з Чырвонага Сабакі вырваўся парахавы дым, пачуў свіст над сваёй галавой, а потым грукат выбуху на набярэжнай, адкуль пачуліся крыкі людзей.

“Ключы, бургамістр, альбо ўсім нам канец!”—закрычаў маёр з драбіны.

“На пазіцыю, пане маёр, на валы, альбо будзеце павешаны!”—адказаў бургамістр.

“Ключы сюдой! Альбо дабярэмся да Вас і самі адбярэм!”—гарланіў маёр.

“Хадзіце ды вазьміце!”

Раптам у акенцы на даху з’явілася некалькі галоваў, усчаўся крык, каб ён аддаў ключы.

“Адыдзіце з даху; яны цаляюць па нас!”—закрычаў бургамістр людзям, што пачалі караскацца па мурах, каб здзейсніць сваю пагрозу.

Праз імгненне флагшток прапаў, раструшчаны, як сухое дрэва. Паляцелі трэскі ад удара ядра, якое прабіла дах.

Бургамістра скаланула і ён упаў бы, каб не абаперся на свой вялікі меч.

Ён выпрастаўся і ўстаў на даху, як статуя з талькавага каменя на саборы. Людзі закрычалі ад захаплення мужнасцю бургамістра. Яны ўсё ж пабаяліся паўтарыць напад на таго, хто валодаў ключамі ад горада. А без іх фармальная здача горада не магла адбыцца.

Але з дапамогай некалькіх незадаволеных капітан рашыўся напасць на неўступлівага бургамістра. Ён палез па небяспечнай драбіне, выцягнуў сваю шпагу і запатрабаваў ад бургамістра сысці альбо абараняцца.

Але скора стала ясна, што пазіцыя бургамістра непрыступная. Пераканаўшыся, што немагчыма ўгаварыць яго здацца, маёр звярнуўся да масы народу і спытаў людзей тройчы запар, ці яны даюць яму права разбіць гарадскую браму і вывесіць белы сцяг.

Адказам на ягоны запыт быў аглушальны крык згоды. Ён спусціўся ўніз і разам з натоўпам падаўся на валы.

Бургамістр застаўся сам. Ён разумеў, што не засталося ніякой надзеі на выратаванне горада. Ён, здавалася, бездапаможна асунуўся. І раптам выпрастаўся зноў, прыняўшы рашэнне. Дрыготкімі рукамі дастаў з тэчкі вялікія ключы, перажагнаўся і шпурнуў іх у возера так далёка, наколькі стала моцы. Калі яны зніклі ў вадзе, ён укленчыў і склаў рукі ў доўгай, ціхай малітве.

У гэтае імгненне ён хацеў бы аглохнуць. Але звяртаючыся да Бога і Святой Дзевы, ён усё ж чуў удары сякеры па браме, праз якую вораг павінен быў увайсці ў горад, каб рабаваць і блюзнерыць, вешаць і паліць.

Нейкі час ён ціха маліўся і раптам заўважыў, што над горадам запанавала ціша, а кананада скончылася. З боку валоў пачуўся слабы гул, нібыта галасы людзей, што гаварылі усе адразу. Гул нарастаў і ператварыўся ў рык, а потым адразу ж у крык радасці.

Ён падняўся з кален і ўбачыў белы сцяг, што лунаў над шведскім станам. Потым пачуў гук трубаў і звон літаўраў, з валоў Ліндаў адказалі тым жа. Зноў пачуліся ўдары сякеры па браме. Ад шведскага лагера адплыў чоўн. На беразе іграла палкавая музыка. Па вуліцах горада пракаціўся крык. Спачатку бязладны, як грукат хваляў аб прыбярэжныя скалы, гром без прычыны, крык без сэнсу. Але ён быў усё бліжэй, і цяпер можна было адрозніць апошняе слова “канец”. Немагчыма было разабрацца, ці гэта была капітуляцыя, ці нешта іншае.

Урэшце крык стаў больш выразным, калі маса народу рынула па набярэжнай, махаючы капялюшамі і кучомкамі. Усе крычалі свайму мужнаму бургамістру: Мір заключаны!

х х х

Увечары ў францысканскім касцёле спявалі Te Deum laudamus! А гараджане упіваліся віном з бочак, прывезеных з прыбярэжных вёсак.

August Strindberg. Svenska öden och äventyr. Stockholm, 1954.

Пераклад са шведскай - Валеры Буйвал

Канфлікт 1618-1648 гадоў гісторыкі называюць першай агульнаеўрапейскай і апошняй вялікай рэлігійнай вайной. Сапраўды, Трыццацігадовая вайна пачыналася як міжканфесійная драма. Шведы высаджваліся на нямецкім беразе і распаўсюджвалі улёткі ды памфлеты з гравюрнымі выявамі свайго геральдычнага льва, які прыйшоў на дапамогу пратэстанскім княствам. Але неўзабаве франты і хаўрусы змяшаліся, настала вайна ўсіх супраць усіх, бесперапынная серыя рабункаў, забойстваў і разбурэнняў пераўтварыла цэлыя рэгіёны Еўропы ў пустыню. Выпакутаваны Вестфальскі мір 1648 года ўгрунтаваў цывілізаваную традыцыю мірнага суіснавання розных дзяржаваў, рэлігійнай талерантнасці і дагэтуль служыць станоўчым урокам еўрапейскага пагаднення. Шведскі класік не ідэалізуе айчынную гісторыю, імкнецца перадаць яе чалавечае вымярэнне, увесь яе драматызм. Ва ўсе часы ў найбольш безвыходныя моманты людзі звярталіся да Госпада, і Ён чуў іхнія малітвы.

Аўгуст Стрындбэрг (1849-1912) – выдатны шведскі драматург, пісьменнік, паэт. Аўтар п’есаў “Густаў Ваза”, “Вялікдзень”, “Прыяцелі”, “Бацька”, “Паненка Юлія”, кніг прозы “Пекла”, “Самотны”, зборнікаў навэл “Новая дзяржава”, “Сагі” (беларускі пераклад – 1999 г.), “Утопіі ў рэчаіснасці”, нізак вершаў. Навэла “Апошні стрэл” – са зборніка “Шведскія лёсы і прыгоды”, выдадзенага ўпершыню ў 1882-83 гг.

30/10/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2004
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024