Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Факты і падзеі месяца (кастрычнік 2004 г.) Валеры Буйвал А ў Петрапаўлаўску-Камчацкім вось-вось пачнецца ацяпляльны сэзон. Ён павінен пачацца па ўсёй Расеі, але ў сталіцы Камчаткі мясцовыя спэцы вынайшлі новы спосаб вырашэньня ацяпляльных праблемаў. Трубы цепласетак, як прынята, пагнілі. Улетку ніхто імі не займаўся. 1 кастрычніка на плошчу пад помнікам Леніну (ну, выліты камчадал) выйшлі сотні работнікаў камунальных службаў і закрычалі з-пад транспарантаў: “Аддайце нам нашы грошы!” Грошай, вядома, няма. Тады начальнікі вырашылі ўзяць грошы з дзяцей. З фондаў, якія прадназначаны на харчаваньне ў дзіцячых садках, зробяць адлічэньні на рамонт цепласетак. Дзьве справы залагодзяцца адначасова: і дзецям цёпла будзе, і на дыеце маладыя арганізмы здаравей будуць. Ня дзіва, што большасьць насельніцтва экзатычнай далёкаўсходней ускраіны імпэрыі гатова хоць заўтра далучыцца да Японіі. Пра яшчэ адзін спосаб клопату аб дзецях паведамілі журналістам з Іркуцкай вобласьці на прыкладзе сямьі Антонавых. Бацькі названай сямьі – дэградаваныя алкаголікі, яны былі судом пазбаўленыя бацькоўскі правоў. Іхных чацьвёра дзяцей былі прыгарнутыя дзяржавай у дзіцячым доме. А тым часам тая ж дзяржава рукамі мясцовых чыноўнікаў пазбавіла Антонавых кватэры. Калі настаў час дзецям вяртацца ў жыльлё, аказалася, што ім можна пасяліцца толькі ў нейкі сарай. Іхная бабуля спрабавала зьвярнуцца ў суд, каб вярнуць дзецям іхнае (а ня толькі бацькоў-алкаголікаў) жыльлё. Суд заяву не прыняў. Трэба разумець, што дзяржаўныя ворганы актыўна забясьпечваюць соцыюм яшчэ адным асацыяльным пакаленьнем. Сіратаў, у якіх такім чынам адабралі жыльлё толькі ў Іркуцкай вобласьці,– больш за 700. 30 верасьня Лічыльная палата Расеі паведаміла, што Расея мае фінансавыя прэтэнзіі да краінаў Балтыі – больш за 3 мільярды даляраў. Вось так, аказваецца. Гэта тое ж самае, як бы клюб адстаўных эсэсаўцаў г. Нюрнбэрга прад’явіў бы фінансавыя прэтэнзіі Польшчы за канфіскаваныя польскімі ўладамі баракі і крэматорый Асьвенцыма. Міністр замежных справаў Летувы Антанас Валеніс адэкватна выказаўся на гэтую тэму: “Патрабаваньне з боку агрэсара зьяўляецца нечувальным нахабствам”. Міністр паведаміў, што летувіскі парлямант ацаніў шкоду, нанесеную Расеяй Летуве за гады расейска-савецкай акупацыі, ў 20 мільярдаў даляраў. Міністр замежных справаў Латвіі Арціс Пабрыкс выказаўся таксама: “Мы не бачым ніякіх маральных, прававых альбо эканамічных абгрунтаваньняў дзеля расейскіх прэтэнзіяў. Правапераемніцай СССР зьяўляецца толькі і адно Расея”. Заявіўшы ў 1991 г. пра сваю правапераемнасьць, Расея тады захапала сабе ўсю замежную рухомую і нерухомую маёмасьць СССР, гандлёвы флёт, залаты і алмазны савецкія фонды і г.д. (усё тое, што створана было працай усіх паняволеных Масквой народаў). Відаць, крамлёўская мафія ўжо ўсё гэтае дабро даўно праматала і зьбіраецца рабаваць ізноў. У Латвіі агрэсіўныя расейскія заявы абмяркоўваліся ў парляманце. Старшыня парляманцкай камісіі па замежных справах Аляксандрс Кірштэйнс заявіў: “Мы павінны прад’явіць Расеі адзіныя патрабаваньні ад краінаў Балтыі. Але як можна падлічыць кампэнсацыю за пакт Молатава-Рыбэнтропа, у выніку якога мы згубілі траціну насельніцтва краіны?” У латвійскім парляманце абмяркоўваецца праект дэклярацыі асуджэньня злачынстваў расейскага рэжыму, у якім разам з ідэяй кампэнсацыяў ёсьць таксама патрабаваньне да Расеі распачаць дэкалянізацыю Латвіі і рэпатрыацыю соцень тысячаў былых грамадзянаў СССР. Ясна, чаму эсэсаўскія пэнсіянэры не патрабуюць ад Польшчы кампэнсацыяў. Таму што іхная фашысцкая Нямеччына была разгромлена, гітлерскі нацызм і ягоныя арганізацыі асуджаныя як антычалавечая ідэалёгія і практыка, шэраг лідэраў былі павешаныя паводле прысуду Нюрнбэргскага трыбунала, Нямеччына была акупаваная войскамі пераможцаў і падданая дэфашызацыі і дэмакратызацыі. А крамлёўская гідра, як існавала, як забівала, так і працягвае існаваць, рабаваць і забіваць. Толькі цяпер пад шыльдай “дэмакратыі”. Перад чалавецтвам стаіць сур’ёзная задача пазбавіць сабе ад гэтай пагрозы. У прэс-рэлізе за сёлетні верасень мы паведамлялі пра адкрыцьцё помніка Дзяржынскаму ў Падмаскоўі. Паведамлялі з іроніяй. А вось 7 кастрычніка было ўжо зусім ня сьмешна. Кіраўнікі спэцслужбаў усіх краінаў СНД (прынамсьці так паведамілі лукашэнкаўскія СМІ, а Патрушава з ФСБ мы й самы пазналі) зьехаліся ў Крутагор’е пад нашым Менскам, каб урачыста адкрыць адрэстаўраваны музэйны комплекс “Сядзіба Фэлікса Дзяржынскага” у Дзяржынску. У адрозьненьне ад падмаскоўнай інаўгурацыі (з піянэрамі, горнамі, кветкамі, удзячнымі трудзяшчыміся і г.д.) у Дзяржынску была арганізавана чыста гэбоўская тусоўка. Усі з аднолькавымі фрызурамі, халоднымі ўсьмешачкамі, аніводнай дамы – ну проста нейкі рыцарскі ордэн (пра што, дарэчы, марыў услых жалезны Фэлікс). Сярод генэралаў круціўся маёр Лукашэнка, яму было камфортна сярод сваіх. Ён так клапоціцца аб “аднаўленьні і выратаваньні нацыянальных каштоўнасьцяў”, што скора наладзіць музэі-кватэры гэбісцкіх начальнікаў у кожным беларускім мястэчку. “Гэта сімвалічна!—гудзеў маёр.—Мы вяртаемся да нашай гісторыі, вось прыклад для маладых…” Ну, пра тое, што гэта сімвалічна, мы адразу здагадаліся. Таксама й пра тое, куды мы вяртаемся. У душах беларусаў у апошнія гады жыве трывога за будучыню сваех дзяцей. У Маскве працягваецца заблытаны скандал з чарговай спробай тэракту. У ноч на 18 верасьня міліцыя спыніла ў цэнтры Масквы легкавую аўтамашыну. Кіроўцу затрымалі і адвялі ў пастарунак. А пад сядзеньнямі знайшлі бомбу. Калі кіроўцу вялі ў падвал, то маёр міліцыі Душэнка казаў: “Ён у мяне будзе гаварыць…” Невядома, што казаў маёру затрыманы, толькі раніцай у морг завезьлі ягоны (?) труп, у якога практычна не было твару і цэлага месца на целе. Паведамілі, што машыну вёў былы афіцэр-падводнік Аляксандр Пуману, але жонка ў моргу не апазнала мужа нават па каронках зубоў. Па тэлевізіі выступіў начальнік маскоўскай міліцыі генэрал Пронін і сказаў, што “ёсьць недахопы ў працы сталічнай міліцыі”. Праз пару дзён ён адмовіўся ад сваех словаў і заявіў, што “тэлевізія яго няправільна зразумела”. Тая ж тэлевізія паведаміла, што маёр Душэнка зьнік. Пазьней па той жа тэлевізіі выступіла маладая жанчына Анікіна, зь якой летась пасьля затрыманьня “размаўляў” Душэнка. Яна сказала сярод іншага: “Я вельмі ўдзячная Душэнку за тое, што я не калека, што у мяне ня быў збрыджаны твар. Ён проста надзяваў мне поліэціленавы ворак на галаву і не даваў дыхаць…” Такі вось горад і такая паліцыя. Сярод розных гіпотэзаў найбольш верагодна выглядае наступная: ФСБ рыхтавала яшчэ адзін выбух і забойства людзей у Маскве. Міліцыя выпадкова злавіла выканаўцу і перастаралася. Хаця невядома, адкуль і чый труп завезьлі ў морг і дзе цяпер сапраўдны выканаўца. Вось такія “подмосковные вечера”. Нават арабскія студэнты, што вучацца ў Менску, сьмяюцца з паведамленьняў пра “усемагутную Аль-Каеду”, якая вядзе вайну супраць усяго сьвету. Несур’ёзнасьць гэтай тэзы пацьвярджаецца рэгулярна. Праз пару дзён пасьля забойства дзяцей у Біслане сэнтымэнтальныя італьянцы правялі ў цэнтры Рыму стотысячную дэманстрацыю салідарнасьці з ахвярамі трагедыі і паведамілі пра пляны не пакідаць без увагі гэтую тэму. На наступны ж дзень у Іраку былі скрадзеныя дзьве маладыя італьянкі, што дапамагалі ірацкім дзецям. Энэргія ўсёй Італіі адразу пераключылася на дэманстрацыі салідарнасьці з захопленымі італьянкамі; пра масавае забойства, наладжанае расейскімі спэцслужбамі, яны забыліся. 8 кастрычніка выбухнулі тры машыны на прэстыжовых курортах у Егіпце, шмат людзей загінула. Ужо на наступны дзень на патрабаваньне Расеі зьбіраецца рада бясьпекі ААН. Расейскі прадстаўнік Дзянісаў зачытвае тэкст, у якім фармулюецца “новы падыход да тэрарызму”: Расея патрабуе скласьці агульны сьпіс тэрарыстаў і дзейнічаць паводле сьпісу (ясна, што першым ў расейскім сьпісе пазначаны прэзыдэнт змагарнай Чачэніі Масхадаў). Такім чынам забойцы дзяцей будуць камандаваць складаньнем сьпісаў тэрарыстаў. У той жа дзень цана на нафту дасягнула рэкорднага ўзроўню – 53,31 даляра за барэль. Нафтадаляры плывуць у крамлёўскую скарбонку. Дык трэба ўрэшце разабрацца, каму гэта ўсё выгадна, чыя сапраўды магутная сістэма стаіць за масавымі забойствамі. Увечары 13 кастрычніка ў гістарычным цэнтры Санкт-Пецярбурга быў па-зьверску забіты в’етнамскі студэнт Політэхнічнага інстытута. На яго напала група з 10-15 дзецюкоў і нанесла яму дзесяткі нажавых раненьняў. На наступны дзень каля месца злачынства сабраліся сотні замежных студэнтаў, каб патрабаваць ад уладаў абароны і спыненьня фашыстоўскіх злачынстваў. Яны казалі журналістам, што кожны зь іх мае свой эпізод са зьбіцьцём і пагрозай жыцьцю. У Пецярбурзе зараз праходзіць адразу два судовыя працэсы над фашыстоўскімі групоўкамі, якія ўжо забівалі людзей. А расейскіх фашыстаў становіцца ўсё больш і паводзяць яны сябе ўсё больш нахабна. Дарэчы, а дзе былі расейскія студэнты, чаму ніхто зь іх не зьявіўся на мітынг салідарнасьці? Ім не цікава, яны не баяцца фашызму? Вось такі зьлепак з расейскага грамадзтва і ягонай гасьціннасьці. 13 кастрычніка зборная Расеі па футболу пацярпела сакрушальную паразу ад зборнай Партугаліі на адборачным турніры чэмпіяната сьвету. Усіх уразіў вынік гульні – 7 : 1. Такога пагрому не было ў гісторыі расейскага футболу з 1912 г., калі на стакгольмскай алімпіядзе нямецкая зборная пабіла групу расейскіх арыстакратаў-аматараў з лікам 16 : 0. Дэмаралізацыя расейскага грамадзтва рэгулярна адбіваецца на спартовых паказчыках. Як і паўсюль, у расейскім спорце запанавалі скрайні цынізм, жорсткасьць, наркатычная залежнасьць ад допінгаў. Не апошнім аргумантам стала таксама арганізацыя нацыянальнага спартовага жыцьця новымі постсавецкімі дзяржавамі. Масква ня можа ўжо карыстацца здароўем і талентамі паняволеных некалі народаў. І калі б магчыма было татарам, башкірам, каўказцам ды яшчэ шмат якім этнасам РФ выступаць пад сваімі сьцягамі, то справы РФ былі б зусім нягеглыя. Партугалія цэлае пакаленьне таму распусьціла сваю імпэрыю. Цяпер гэта невялікая, але вельмі сучасная і дынамічная краіна з магутным нацыянальным пачуццем і народнай салідарнасьцю. Таму й вынікі такія. Viva Portugal! 14 кастрычніка расейская тэлевізія паказала два красамоўных сюжэты пра ўдзельнікаў бесланскай трагедыі. Першы сюжэт зазьнялі ў Нью-Ёрку. Гарадзкія ўлады запрасілі ў госьці шаснаццацігадовага Саслана Гусіева. Амэрыканцы ўзнагародзілі яго мэдалём за адвагу і прынялі ў склад прэстыжовай арганізацыі “Анёлы-абаронцы”. Калі расейскія галаварэзы пачалі забіваць закладнікаў у бесланскай школе, Саслан, які быў сам паранены, выратаваў дзесяткі малых дзяцей. Людзі ў Беслане даюць яму кароткую (і самую высокую на Каўказе) ацэнку – “гэта сапраўдны мужчына”. У гэты ж дзень у Пэкіне прызямліўся самалёт з Пуціным, які 1-3 верасьня сёлета быў старшынём апэратыўнага штабу, які кіраваў апэрацыяй “па вызваленьні закладнікаў у Беслане”. Гэта той самы Пуцін, які аддаў загад страляць па школе з танкавых гарматаў, агнемётаў і верталётаў. У Кітае яго, аднак, прыймалі як прэзыдэнта РФ. Цяпер Пуціну толькі ў Кітай і езьдзіць: тамака, як вядома, “на мільёнчык забітых больш альбо на мільёнчык менш” – значэньня ня мае. Памятаем, як сваю моладзь у чэрвені 1989 г. кітайскія бальшавікі падушылі танкамі ў цэнтры Пэкіну. Забойцы кітайскай моладзі з салодкімі ўсьмешачкамі прымалі ў сваім імпэратарскім палацы крамлёўскага імпэратара (а па сумяшчальніцтву забойцу асэцінскіх дзяцей). Дзікая сцэна, якой пасароміўся б Канфуцый. 15 кастрычніка на поўначы Сібіры займаліся “памяншэньням адміністрацыйных адзінак” РФ. Дума Краснаярскага краю разам з дэпутатамі Таймырскага Даўгіна-Нянецкага і Эвэнкійскага нацыянальных акругаў энтузіястычна прагаласавалі за ліквідацыю названых нацыянальных акругаў і злучэньне іх у названы край. Што праўда, канчаткова гэта будзе вырашацца на рэфэрэндуме. Але ва ўмовах пуцінскай дэмакратыі ясна, якім будзе ход і вынік фарсу: у чумы падвязуць бясплатнай гарэлкі і мясцовыя плямёны прагаласуюць, як трэба. Маскоўскаму рэжыму падалося мала дэмаралізацыі і фізічнага зьнішчэньня большасьці насельніцтва Поўначы, разгрому нацыянальных культураў і моваў, шалёнай русіфікацыі. Цяпер вырашылі проста сьцерці бруднай шматай імёны няшчасных этнасаў з палітычнай мапы, пазбавіўшы іх нават намінальнай аўтаноміі. А на Поўдні ў той самы час адбываецца акт дзіўнага самагубства этнасу. Крыкам і вэрхалам скончыліся “прэзыдэнцкія выбары” у Абхазіі, якая з дапамогай расейскіх танкаў аддзялілася ад Грузіі. Прайграўшы кандыдат нязгодны з перамогай суперніка. Абодва выступілі на цэнтральнай плошчы Сухумі і казалі тое ж самае: “Галоўнае для нас – гэта незалежнасьць Абхазіі. Таму трэба як мага хутчэй далучацца да Расеі…” Шызафрэнічная лёгіка месьцячковых палітыкаў мае сваё тлумачэньне. Расейскія СМІ прадстаўлялі іх: аднаго як спэцыяліста па трапікальнай флоры, а другога таксама як навуковага работніка. Аднак, дадавалі, што асноўную кар’еру “навукоўцы” зрабілі ў КГБ, дзе даслужыліся да залатых пагонаў. Вось гэты штрых і дае завяршэньне экзатычнай карціне. 23 кастрычніка ў нямецкім Бундэстагу ішлі спакойныя дэбаты. Ажно раптам да трыбуну жвава пабег Ганс-Георг Вік, наш даўні знаёмы (за антыбеларускую дзейнасьць ён быў абвешчаны Нацыянальна-Вызвольных Рухам персонай нон грата). Той самы старшыня Місіі АБСЭ ў Менску, якая 3-5 гадоў таму актыўна наладжвала дыялёгі з лукашэнкаўскай дыктатурай, стварала ў Беларусі на грошы эўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў падстаўную намэнклятурную псэўдаапазыцыю (цяпер яна саманазвалася карацей – “пяцёрка плюс” ды іншыя), якая зусім нядаўна штурхала наш народ на ўдзел у выбарчым фарсе. Здавалася б, капітальная хлусьня і выбарчы падлог у Беларусі, утвораныя антыбеларускім рэжымам, павінны былі б азначаць правал палітыкі Віка. А ён хоць бы што, так і застаўся “абаронцам” нашых інтарэсаў. Ён не раскайваўся, а шумеў на трыбуне: “Пасьля таго, як ЗША прынялі Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, і мы павінны зрабіць гэта…” Якая ж была аргумэнтацыя асуджэньня выбарчага фарсу 17 кастрычніка ў Беларусі? “Палітыка асьцярожнага набліжэньня не працуе.—гукаў з трыбуны Вік.—Размова не аб тым, што ўлады прымушаюць беларусаў падпарадкавацца. На карту пастаўленае пытаньне даверу да Эўропы!” Эўропа, якая прыслала сваіх назіральнікаў на заведамы выбарчы фарс, якая цяпер выкручваецца, каб апраўдаць сваю прарасейскую палітыку, пасьпяшае ўсьлед за прынцыповымі і пасьлядоўнымі амэрыканцамі пракукарэкаць нешта пра сваё асуджэньне. Атрымліваецца цікава – самы натварылі, самы й асуджаюць. 25 кастрычніка на стадыёне ў паўднёваітальянскім горадзе Таранта выставілі два агромністыя сьцягі – Італіі і Расеі, аркестар іграў “Союз нерушімый…” Калі на поле выбеглі гульцы, тэлевядучы паведаміў, што тут адбудзецца “футбольны матч дружбы з Бесланам”. На стадыёне сядзела шмат дзяцей і вайскоўцаў мясцовай ваенна-марской базы (яны сабралі шмат грошай на дапамогу бесланскім ахвярам пуцінскага тэрору), а таксама спікер парляманту Італіі і шмат іншых вышэйшых чыноўнікаў. Аказваецца, матч адбываўся паміж камандамі італьянскага парляманту і расейскай Думы: па полю бадзёра бегаў у трусах старшыня Думы Б. Грызлоў (нядаўні міністар унутраных справаў Расеі, пры якім адбываліся масавыя забойствы на Каўказе і паліцэйска-мафійны тэрор супраць беларускіх грамадзянаў у Маскве). На трыбунах шмат сьмяяліся з-пад транспарантаў “Беслан, о’кэй!”, “Беслан, о-ха-ха!” Усім было чамусьці весела. Так, відаць, хацелі арганізатары “сьвята” – італьянскія таварышы, што любяць забаўляць дзяцей і публіку. Назіраючы за гэтым усім, на душы ў нармальнага чалавека станавілася брыдка. Замест таго, каб запрасіць на адпачынак у Італію, а заадно на нейкае мерапрыемства дзяцей Беслана з мацеркамі і настаўнікамі, рымскія цынікі наладзілі камэдыю з удзелам тых, хто актыўна кіруе з Масквы забойствамі дзяцей і дарослых на Каўказе. Гэта тое ж самае, як бы нэйтральная Швэцыя падчас вайны запрасіла б на “матч дружбы” Гэбельса з Гімлерам, а на трыбунах крычалі б: “Асьвенцым, у-лю-лю!, “Хатынь, тра-ля-ля!” Безумоўна, сабраныя вайскоўцамі і тысячамі іншых італьянцаў грошы былі ўрачыста перададзеныя Грызлову з кампаніяй (вось яны, крамлёўскія гуманісты, задаволена паціралі ручкі). Амаральны акт, наладжаны італьянскім эстэблішмэнтам, мае сваё тлумачэньне. На мінулым тыдні ў Маскву езьдзіў цалавацца з Пуціным віцэ-прэм’ер Італіі, дамаўляўся “пра трубу”, пра пастаўкі нафты і газу з Сібіры праз Беларусь у Эўропу. Там яму й падказалі, што трэба было б арганізаваць у Італіі нейкае рэклямнае шоў “для бесланскіх дзяцей” з удзелам забойцаў дзяцей. Італьянскае начальства й радае старацца. А вось потым было цікава. Адзін італьянскі тэлеканал паказаў быў гэтае гнюснае відовішча, а потым, мабыць, арганізатары схамянуліся. Давялося хаваць тое, што мела стацца падзеяй дня і тыдня. Ніводзін з цэнтральных тэлеканалаў Італіі не паведаміў у блёку навінаў пра тарантскі матч, ніводная цэнтральная газэта не згадала пра яго (!). Такое ж маўчаньне пра трыюмф дружбы над дзіцячымі трупамі панавала на расейскіх тэлеканалах. Можна ўявіць сябе, якую рэакцыю можа выклікаць паведамленьне пра гэтае шоў у Асэціі. З маскоўцамі і іхнай Думай усё ясна. Але вось да якой нізасьці дакацілася эўрапейская палітычная эліта! Хаця чаму тут зьдзіўляцца? Названая эліта занятая цяпер легалізацыяй шлюбаў і вянчаньняў сэксменшасьцяў, умацаваньнем супрацоўніцтва з пуцінскай імпэрыяй. Эліта навыперадкі езьдзіць кланяцца і кленчыць перад лівійскім дыктатарам Муамарам Кадафі, які на працягу дзесяцігоддзяў арганізоўваў забойствы амэрыканскіх і эўрапейскіх вайскоўцаў, паліцэйскіх, палітыкаў, дзяцей і іншых грамадзянаў. Гэтая нізасьць называецца “прагматычнай палітыкай” у інтарэсах атрыманьня лівійскай нафты. А што да Гімлера з Гэбельсам на футбольным полі, дык гэта зусім не футурызм. Дэмакратычныя краіны актыўна паперліся (нягледзячы на пратэсты і байкот сумленных людзей) на гітлерскую алімпіяду 1936 г. у Бэрлін, на гэбоўскую алімпіяду 1980 г. у Маскву. Гістарычныя ўрокі праходзяць для “прагматыкаў” бясьсьледна. Паводле афіцыйных дадзеных, штогод у Расеі зьнікае больш за 30 тысячаў дзяцей і падлеткаў. Пра гэта 20 кастрычніка паведаміў журналістам старшыня расейскай грамадзкай арганізацыі з трывожнай назвай “Будучыня Расеі” Леанід Чакалін. За апошнія 5 гадоў расейскі МУС зарэгістраваў 190 выпадкаў гандлю дзецьмі (ясна, што прадавалі ў кожным выпадку больш за адно дзіця). Паводле ацэнкі МУС, у Расеі налічваецца ад 500 тысячаў да 2,5 мільёны дзяцей-беспрытульнікаў (жудасная азіятчына – урад ня ведае нават, колькі дзяцей на ягонай тэрыторыі жывуць на вуліцы). Штогод 2 тысячы дзяцей і падлеткаў канчаюць жыцьцё самагубствам, 2 мільёны дзяцей – непісьменныя (!). У Расеі дзейнічаюць 41 тысяча дзіцячых і маладзёвых злачынных груповак, гэта ўдвая болей за колькасьць скаўцкіх арганізацыяў. Да-а, таварыш Грызлоў, вы можаце гуляць у футбол “на благо детей” круглымі суткамі. 26 кастрычніка споўнілася два гады з дня, калі пуцінскія галаварэзы падчас “вызваленьня” патруцілі сотні людзей баявымі газамі ў маскоўскім тэатры на Дуброўцы. Улады запрасілі прадстаўнікоў сем’яў, якія пацярпелі тады, на 11.00 раніцы, каб правесьці мэмарыяльную цырымонію каля тэатральнага будынку. А каб не сустракацца з сіратамі і ўдовамі ды не глядзець у вочы няшчасным людзям, чыноўнікі хуценька адсьпявалі гімн савецкага саюзу каля мэмарыяльнага знаку на гадзіну раней і разьбегліся. Дарэчы, мэмарыяльных знакаў ёсьць два (як у нашых Курапатах) Адзін афіцыйны, дзеля адчэпкі, з нейкай няшчырай фармулёўкай эпітафіі і казённых формаў. А другі у сапраўдным сэнсе народны, самаробны, але з прозьвішчамі усіх ахвяраў зьверскай атакі ФСБ (улады люта супраціўляліся пераліку прозьвішчаў). Менавіта каля другога, народнага знаку і сабраліся людзі, маліліся, запальвалі сьвечкі. У гэты ж дзень адбылася важная падзея ў шматпакутным горадзе Грозным. Расейская тэлевізія рапартавала, што там адкрыўся фітнэс-цэнтар. Сярод іншага рэпарцёры паказалі і расказалі, як некаторыя жанчыны “зганяюць на трэнажорах лішнюю вагу” і г.д. Тэлетуфту вынайшла далёка не расейская ТБ. Гэтым праславілася яшчэ ведамства Гэбельса, якое накруціла шэраг фільмаў пра шчасьлівую дзятву ў нямецкіх канцлягерах. Нядаўна адзін з польскіх тэлеканалаў дэманстраваў дакумэнтальную стужку пра тысячы чачэнскіх уцекачоў, якія прарываюцца праз беларускую мяжу ў Польшчу, ратуючыся ад расейскага генацыду. Сярод іншага было паказана, як чачэнскія дзеці плачуць і вырываюцца з рук мацерак падчас мэдычнага агляду польскімі лекарамі. За апошнія дзесяць гадоў дзеці вайны ня бачылі мэдыкаў, баяцца іхных белых халатаў і прадметаў у руках. У руінах пад кулямі вырасла цэлае пакаленьне чачэнскага народу. Вось такая “лішняя вага…” 1/11/2004 › Актуаліі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |