Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Вісэнтэ Бласка Ібан’ес “Марскія ваўкі” Спісаны на бераг ад “справы” пасля сарака год плавання, поўных рызыкоўных прыгод, капітан Лёвэт стаў найпрыкладнейшым жыхаром Кабаньяла, вёскі з белымі дамамі ў адзін паверх, вузкімі, прамымі і абпаленымі сонцам вулічкамі, што была падобна на невялічкае амерыканскае мястэчка. Валенсійцы, якія прыязджалі туды на летні адпачынак, з цікаўнасцю глядзелі на старога марскога ваўка, што сядзеў у вялікім крэсле пад паласатым брэзентавым тэнтам у ценю ля дзвярэй дома. За сорак год, праведзеных пад голым небам на палубе карабля, загартаваны дажджамі і баўтанкай, ён набрынеў вільготнасцю да самых касцей. Раб рэўматызма, ён большасць часу нерухома сядзеў у сваім крэсле, грымаючы вохканнямі і праклёнамі штораз, калі трэба было падняцца. Высокі, мускулісты, з напухлым жыватом, што спаўзаў на калені, з загарэлым, чыста паголеным тварам, капітан быў падобны на курортніка, ціхамірнага дабрачка ля дзвярэй свайго дома. Толькі ягоныя шэрыя вочы сваім прамым і цвёрдым выразам, вочы чалавека, прызвычаянага загадваць, апраўдвалі славу капітана Лёвэта, змрочную легенду, што ахутвала ягонае імя. Ён правёў сваё жыццё ў бесперапыннай барацьбе супраць каралеўскага англійскага флота, смеючыся ўхадзіў ад крэйсераў, якія пераследвалі ягоную славутую брыганціну, напоўненую чорным грузам, які ён перавозіў ад берагоў Гвінеі на Антылы. Смелы і непахісна ўраўнаважаны. Ягоныя матросы ніколі не бачылі, каб ён сумняваўся. Пра яго расказвалі жудасныя рэчы. Як выкідвалі ў мора ўсіх неграў, набітых у трумах, каб адарвацца ад крэйсера, што паляваў на яго; як акулы Атлантыкі сплываліся статкамі, і хвалі ўскіпалі ад іхніх змрочных целаў, мора пакрывалася крывавымі плямамі, а яны рвалі зубамі рабоў, якія адчайна ўздымалі рукі над вадой; пра бунты на караблях, якія ён падаўляў стралянінай і ўдарамі сякеры; пра прыпадкі сляпой злобы, калі ён хадзіў па палубе, як драпежнік; урэшце пра жанчыну, якая суправаджала яго ў падарожжах і была выкінута апантаным рэўнасцю, ашалелым капітанам у мора. І разам з тым, пра нечаканыя праявы высокароднасці; шчодрую дапамогу сем’ям ягоных матросаў. У парыве нянавісці ён быў здольны забіць любога са сваіх; але калі хтосьці з іх падаў у ваду, кідаўся ратаваць таго, не баючыся ані мора, ані яго жарлівых пачвар. Абураны, ён шалеў, калі гандляры неграмі ашуквалі яго на некалькі песет, а той жа ноччу мог выкінуць тры або чатыры тысячы дурас на оргію, якімі ён уславіўся ў Гаване. “Б’е, да двух не лічыць”.—казалі пра яго матросы; і прыгадвалі, як аднойчы ў моры ён, западозрыўшы свайго памочніка ў арганізацыі змовы, разнёс яму галаву стрэлам з пісталета. Пры тым ён быў вельмі дасціпны, нягледзячы на свой змрочны твар і цяжкі позірк. На пляжы Кабаньяла, сабраўшыся ў ценю барак, дзядзкі рагаталі, успамінаючы яго жарты. Аднойчы ён наладзіў святочны прыём на борце для афрыканскага царка, што гандляваў рабамі, і калі ўбачыў, як напіліся чорная вялікасць і ягоныя прыдворныя, то зрабіў, як гандляр рабамі ў Мэрымэ: узняў ветразі і прадаў тых у рабства. Другі раз, уцякаючы ад брытанскага крэйсера, ён за адну ноч цалкам змяніў выгляд карабля, памаляваўшы яго ў іншы колер ды пераставіўшы мачты і рэі. Англійскія капітаны мелі больш чым дастаткова дадзеных аб караблі смелага гандляра неграмі, але засталіся ні з чым. Капітан Лёвэт, як казалі на пляжы, быў цыганам мора і вырабляў са сваёй баркай цудоўныя пераўтварэнні, як з ярмарачным аслом. Жорсткага і высакароднага, гатовага праліць сваю і чужую кроў, цвёрдага ў справе і няўрымслівага ў забаве, кубінскія гандляры называлі яго “Бліскучы Капітан”. І так працягвалі называць яго нямногія матросы з яго былой каманды, якія яшчэ цягаліся па пляжы на рэўматычных нагах, кашляючы і сагнутыя ў крук. Пасля амаль поўнага разарэння на гандлёвых аперацыях і адыходу ад “чорнага гандлю” ён асеў у Кабаньяле. Глядзеў, як жыццё праходзіць перад яго вачыма, не маючы іншай разрыўкі і толькі лаючыся, як катаржнік, калі рэўматызм прыкоўваў яго да крэсла. З павагай і шанаваннем прыходзілі і сядалі побач з ім на ходніку некалькі з тых старэчаў, якія некалі атрымлівалі ад яго загады і пакаранні палкамі. Разам яны гаманелі з пэўнай тугой пра “вялікі шлях”, як капітан называў Атлантыку. Падлічвалі, колькі разоў яны мянялі маршруты, ідучы з Афрыкі ў Амерыку, уцякаючы ад штормаў і падманваючы жандармаў мора. Улетку, у дні, калі не дапякалі болі і ногі мацнелі, яны спускаліся на пляж; і капітан, узбуджаны морам, даваў волю сваёй нянавісці. Ён ненавідзеў Англію, бо не раз чуў свіст ядраў яе гармат. Ненавідзеў параходы як блюзнерства над мараплаваннем. Клубы дыма, што цягнуліся на даляглядзе, былі пахавальнай працэсіяй флота. На хвалях не было ўжо месца сапраўдным прафесіяналам; мора цяпер належала качагарам. Штармавымі зімовымі днямі яго заўсёды бачылі на пляжы. Выставіўшы нос, ён прынюхваўся да буры, нібыта ўсё яшчэ стаяў на палубе і рыхтаваўся да змагання са стыхіяй. Аднойчы дажджлівай раніцай ён убачыў, як людзі пабеглі да мора. І ён падаўся туды ж, суправаджаемы папрокамі сям’і, якая нагадвала яму пра рэўматызм. Сярод чорных барак, што стаялі на якары ля берага, вылучаліся на фоне мора, бурнага і пакрытага пенай, групы людзей у блакітных блузах. Віхор задзіраў спадніцы сагнутых пад дажджом жанчын. Далёка, у густым тумане, што затуліў далягляд, несліся, як напалоханыя авечкі, рыбацкія баркі з ветразямі, што ледзь трымаліся, пачарнелыя ад вады. Яны прабіваліся страшнымі скачкамі, паказваючы кіль пры кожным перуэце, пакуль не перасякалі мяжу порта, чырвонае скальнае нагрувашчванне, адшліфаванае хвалямі, дзе кіпела жаўтаватая пена, жоўць раз’юшанага мора. Адна барка без мачты пералятала, як мячык, з хвалі на хвалю ў бок правага мыса. Людзі на беразе закрычалі, убачыўшы на палубе каманду, прыгнечаную блізкасцю смерці. Пачуліся галасы, што трэба было б падплыць да баркі, перадаць ім канец і выцягнуць на пляж. Але найсмялейшыя, зірнуўшы на свінцовыя хвалі, якія напаўнялі паветра вадзяным пылам, змаўкалі ад страху. Любая барка перакулілася б, нават не ўдарыўшы весламі. – Гляньце, людцы, ды што ж гэта! Трэба ратаваць бедалаг. Гэта быў грубы і ўладарны голас капітана Лёвэта. Ён уздымаўся на сваіх лядашчых нагах, вочы яго шалёна ззялі, рукі трэсліся ад усхвалявання, абуджанага небяспекай. Жанчыны спалохана глядзелі на яго; мужчыны пасунуліся, стварыўшы вакол яго шырокае кола. А ён выбухнуў праклёнамі, махаючы рукамі, нібы адбіваўся ад усяго натоўпа. Яго раззлавала маўчанне людзей. Ён быў, нібыта сам-насам з бунтам на караблі. – З якой гэта пары капітан Лёвэт не можа знайсці ў сваёй вёсцы мужчын, гатовых выйсці ў мора? Ён роў, як тыран, якому не падпарадкоўваліся, як бажаство, што бачыла ўцёкі сваіх вернікаў. Крычаў на касцільскай мове, што было знакам сляпой злобы. – Слухаем загад, капітане! – пачуўся крык некалькіх дрыготкіх галасоў. – Дзядуля! – крычалі ўнукі. – Бацька! – стагналі маладыя. А мужныя старэчы, схамянуўшыся, як паўмёртвыя каняжкі, якія пачулі баявую трубу, аддзіралі рукі, што ўчапіліся ім за каўнеры і лыткі, і крычалі ў адказ камандзіру: – Слухаем загад, капітане! Марскія ваўкі начале са сваім кумірам прайшлі праз натоўп, каб спіхнуць у ваду адну з барак. Чырвоныя, налітыя крывёй ад намаганняў, з шыямі, набычанымі ад злосці, яны здолелі толькі на некалькі крокаў скрануць барку. Раздражнёныя на сваю старасць, яны наваліліся з новай сілай; але натоўп не пагадзіўся з іхнім шалёным памкненнем, усе кінуліся на іх, сем’і адвалаклі старых. – Пакінце мяне, баязліўцы! Хто падыдзе, той труп! – грымаў капітан Лёвэт. Але ўпершыню людзі, якія захапляліся ім, пусцілі ў ход рукі. Яго скруцілі, як вар’ята, не слухаючы ягоных просьбаў, раўнадушныя да ягоных праклёнаў. Барка, застаўшыся без дапамогі, ляцела насустрач смерці, скачучы па хвалях. Ужо наблізілася да скал, каб разбіцца сярод успененых віраў. А гэты чалавек, які так не шанаваў жыццё бліжняга, які скарміў акулам цэлыя плямёны і насіў жудаснае імя, ахутанае змрочнай легендай, шалеў, стаўшы здабычай сотні рук. Праклінаючы іх за тое, што не давалі яму рызыкнуць жыццём, каб дапамагчы невядомым. Урэшце, вычарпаўшы сілы, ён заплакаў, як дзіця. ДАКЛАДНЫ СТРЭЛM Адчыняючы дзверы сваёй хаты, Сента знайшоў у замочнай адтуліне паперку… Гэта было ананімнае пасланне з пагрозамі. Ад яго патрабавалі сорак дурас, якія трэба было пакінуць сёння ўначы ў печы насупраць хаты. Гэтыя бандыты тэрарызавалі ўсю вёску. Калі хто-небудзь адмаўляўся задавальняць патрабаванні, ягоныя палеткі вытаптывалі, ураджай нішчылі. Нават можна было абудзіцца сярод ночы і ледзь паспець уцячы з-пад саламянага даха, ахопленага полымем, задыхаючыся ў чадным дыме. Гафарó, самы заможны мужык у вёсцы Рутафа, пакляўся накрыць іх і цэлымі начамі цікаваў у трыснягу, хадзіў па сцежках са стрэльбай у руках. Але аднойчы раніцай яго знайшлі ў калдобіне з распоратым жыватом і разбітай галавой… і паспрабуй здагадацца, хто гэта зрабіў. Нават валенсійскія газеты пісалі пра тое, што адбывалася ў вёсцы, дзе на змярканні ўсе зачынялі хаты і запаноўвала эгаістычная істэрыя, калі кожны шукаў паратунку сам, забыўшыся пра суседа. Пры гэтым дзядзка Батыстэ, раённы алькальд, сыпаў перунамі штораз, калі ўлады звярталіся да яго як да выбарнай асобы з запытаннем па справе, і ўпэўніваў, што ён і яго верны альгвасіл (1) Сігрó змогуць самі адолець гэтую напасць. Нягледзячы на гэта, Сента і не думаў ісці да алькальда. Навошта? Не хацелася марнаваць час, выслухоўваючы хлуслівую балбатню. Было ясна, што ад яго патрабавалі сорак дурас. І калі ён не пакладзе іх у печ, яму спаляць хату. Хату, на якую ён ужо глядзеў як на згубленае дзіця. Сцены яе зіхацелі беллю, дах з пачарнелай саломай меў крыжыкі на вільчаку, стаўні блакітныя, дзікі вінаград зялёнымі жалюзямі навісаў над дзвярыма, і цераз яго залатымі блікамі прасочвалася сонца. Клумбы з геранямі і настурцыямі аблямоўвалі двор, абкружаны штакетнікам. А за старой смакоўніцай стаяла печ з гліны і цэглай, круглая і прыплюснутая, як афрыканскі мурашнік. Гэта было ўсё ягонае багацце, гняздо, у якім месцілася найдаражэйшае: жонка, трое малых, пара старых каняг, верных памочнікаў у штодзённым змаганні за лусту хлеба, і бела-рыжая карова, якая штораніца праходзіла па вуліцах мястэчка, абуджаючы ўсіх сумным мыканнем і даючы малака на цэлых шэсць рэалаў са свайго заўсёды налітага вымя. Колькі яму прышлося горбіць на чатырох сотках, палітых потам і крывёй усёй сям’і з дзеда-прадзеда, каб сабраць жменю дурас, якія ён закапаў у збане пад ложкам! А тут яму хочуць атабраць сорак дурас!.. Ён мірны чалавек, уся вёска можа пацвердзіць. Ніколі не лез у бойку за ваду, не хадзіў у шынок, не куражыўся са стрэльбай. Працаваць што было моцы для Пепеты і трох смаркачоў было ягонай адзінай уцехай. Але, калі нехта хоча абрабаваць яго, ён дасць рады абараніцца. Божа! У спакойнай душы дабрака абуджалася жарсць арабскіх гандляроў, якія дазвалялі бедуіну лупцаваць сябе палкай, але станавіліся львамі, калі рабіўся замах на іхнюю маёмасць. Набліжалася ноч, а нічога яшчэ не было вырашана. Ён пайшоў параіцца да старога, што жыў у хаце па суседству. Лядашчы дзед, здольны толькі прыбіраць лісце з дарожак. Але пра яго казалі, што ў маладосці ён шмат каго пакінуў гніць у зямлі. Стары слухаў яго, утаропіўшыся ў тоўстую сігару, якую скручваў дрыготкімі рукамі, пасыпанымі каростай. Добра, што ты не хочаш аддаць грошы. Іншая справа калі рабуюць на дарозе, як мужчыны, твар у твар, рызыкуючы скурай. Мне семдзесят год, але гэткія штучкі са мной не пройдуць. Вось і паглядзім, ці хопіць духу, каб бараніць сваё дабро? Упэўнены спакой старога заразіў і Сенту, які пачуваўся здольным на ўсё, каб абараніць хлеб сваіх дзяцей. Стары з урачыстым выглядам, нібыта рэліквію, дастаў з-за дзвярэй сямейную каштоўнасць: капсульную стрэльбу, падобную на мушкет, і пяшчотна, з замілаваннем пагладзіў адпаліраваны прыклад. Ён хацеў набіць яе сам, бо знаўся на гэтым лепш за суседа. Дрыготкія рукі памаладзелі. Порах сюды! Цэлую жменю. З дрокавай вяроўкі натаўкці пыжы. Цяпер зарад з пяці-шасці кулек; усыпаць шрапнелі, што на лісу, яшчэ дробнага шроту і ўрэшце шчыльна забіць пыж. Калі стрэльбу не разарве такой смертаноснай начынкай, то барані Божа. Гэтай ноччу Сента сказаў жонцы, што будзе чакаць чаргі на паліўку. Сям’я паверыла і пайшла спаць раней. Калі ён выйшаў, добра зачыніўшы хату, то ўбачыў у зорным святле пад смакоўніцай акрыялага старога, які зарадзіў яму “сябручка”. Ён яшчэ раз растлумачыў усё Сенту, каб той не прамахнуўся. Нацэліцца дакладна ў адтуліну печы і сядзець ціха. Калі яны нахіляцца, шукаючы “куклу” у сярэдзіне… плі! Гэта ж так проста, і хлапец бы здолеў. Сента, як і параіў аўтарытэт, засеў сярод клумб з геранямі ў ценю хаты. Цяжкая стрэльба стырчэла у штакетніку, скіраваная дакладна ў адтуліну печы. Прамахнуцца нельга. Толькі спакойна, а калі трэба, націснуць на курок. Ну, бывай хлопча! Мне вельмі падабаліся гэткія штукі, але цяпер маю ўнукаў, ды і такія справы лепш вырашаць самому. Стары асцярожна адышоў, як чалавек, прызвычаены хадзіць агародамі і чакаць ворага за кожным рогам. Сенту здавалася, што ён застаўся сам на цэлым свеце, што на ўсю неабсяжную даліну пад пранізлівым ветрыкам не было больш жывых істот, акрамя яго і “тых”, каторыя меліся прыйсці. Хаця б не прышлі! Ствол стрэльбы дрыготка бразгаў аб штакетнік. Было не холадна, было страшна. Што сказаў бы стары, калі быў бы тут? Нагамі ён упіраўся ў хату, і падумаў, што за гэтай сцяной спяць Пепета і малыя, не маючы іншай абароны, а толькі ягоныя рукі. Што яго хочуць абрабаваць. І бедняк зноў адчуў дзікую злобу. Скалыхнулася паветра. Нібыта далёка, вельмі далёка з вышыні прагучаў голас кантара. Гэта звон царквы ў Мігулетэ. Дзевятая гадзіна. З дальней дарогі пачуўся скрып воза. Брахалі сабакі, перадаючы ўзбуджаны вой ад двара да двара. “Ква-ква” саковак у арашальным канале па суседству перапынялі толькі ныркі жаб і пацукоў, што скакалі з берагоў у трыснёг. Сента падлічваў гадзіны, якія адбіваў звон у Мігулетэ. Толькі гэта выводзіла яго, застылага ў чаканні, з аспаласці і ачмурэння. Адзінаццатая! Ужо не прыйдуць? Госпад крануў іхнія сэрцы? Раптам сакоўкі сцішыліся. Па сцежцы шыбавалі две цёмныя плямы, якія падаліся Сенту вялізнымі сабакамі. Наблізіліся: ішлі людзі, схіленыя, амаль на каленях. – Ужо тут.—прамармытаў ён і яго сківіцы затрэсліся. Людзі азірнуліся на ўсе бакі, нібы баючыся нечаканасці. Прайшлі ў трыснёг, агледзелі яго. Потым вярнуліся да дзвярэй хаты, прыставілі вушы да замочнай адтуліны і, робячы гэта, два разы абмінулі Сенту, які так і не пазнаў іх. Былі захінуты ў плашчы, пад якімі натапырыліся стрэльбы. Гэта дадало адвагі Сенту. Прыйшлі тыя ж, што забілі Гафаро. Трэба забіць іх, ратуючы жыццё. Яны ўжо наблізіліся да печы. Адзін з іх укленчыў, прасунуў руку ў адтуліну і выставіўся перад нацэленай стрэльбай. Цудоўная мішэнь. А што рабіць з другім? Бедны Сента адчуў прыліў страха, на яго твары выступіў халодны пот. Калі забіць аднаго, ён застанецца сам-насам з другім. Калі адпусціць іх беспакарана, то адпомсцяць і спаляць хату. Але той, што стаяў напагатове, стаміўся ад дурасці свайго напарніка і палез дапамагаць яму ў пошуках. Абодва зліліся ў адну цёмную масу, што засланіла сабой адтуліну печы. Вось дык шанец. Смялей, Сента! Цісні на курок! Грукат скалануў усю вёску, выклікаючы буру крыкаў і сабачага брэху. Сента ўбачыў вахляр іскраў, адчуў, як абпякло твар; стрэльба адляцела, і ён памахаў рукамі, каб пераканацца, што яны цэлыя. Ясна, што “сябручка” разарвала. Ля печы ён нічога не ўбачыў; тыя, відаць, збеглі. І калі ён хацеў ужо сам даць драла, расчыніліся дзверы хаты, і выйшла Пепета, у споднім, са свяцільнікам. Яе абудзіў аглушальны стрэл і яна выскачыла напалоханая, баючыся за мужа, якога не аказалася ў хаце. Чырвонае святло свяцільніка з яго неспакойным мільгаценнем кранула адтуліну печы. На зямлі ляжалі двое людзей, адзін на адным, наўскрыж, сплеценыя, як адно цела, нібыта збітыя нябачным цвіком праз пас і спаяныя крывёю. Ён не прамахнуўся. Старая стрэльба ўдарыла з двух ствалоў. І калі Сента і Пепета з бояззю і цікаўнасцю асвяцілі трупы, каб разглядзець іхнія твары, то адразу адхінуліся, ускрыкнуўшы ад жаху. То былі дзядзка Батыстэ, алькальд. І ягоны альгвасіл Сігро. Вёска засталася без уладаў, але ў спакоі. 1. Участковы паліцэйскі (іспанск.). СЦЯНА Заўсёды пасля таго, як унукі дзядзкі Рабóсы сустракаліся з сынамі ўдавы Каспóры ў полі або на вуліцах Кампанара, усё наваколле абмяркоўвала падзеі. Яны паглядзелі адзін на аднаго!.. Абражалі адзін аднаго жэстамі!.. Гэта кепска скончыцца, і аднойчы, калі менш за ўсё чакаеш, вёска перажыве яшчэ адзін пачварны інцыдэнт. Алькальд разам з найбольш шанаванымі суседзямі звяртаўся да юнакоў дзвух варагуючых сем’яў з заклікамі да прымірэння. Да іх, з аднаго дома ў другі, хадзіў святар, стары Божы слуга, пераконваючы забыцца пра крыўды. Трыццаць год як нянавісць паміж Рабосамі і Каспорамі парушала спакой Кампанара. Амаль ля самай брамы Валенсіі, у прыгожай вёсачцы, якая глядзела на горад з берагу ракі круглымі вокнамі сваёй востраверхай званіцы, гэтыя варвары паўтаралі з афрыканскай лютасцю гісторыю боек і гвалту шляхецкіх сем’яў сярэднявечнай Італіі. Некалі яны былі лепшымі сябрамі; іхнія дамы хаця і месціліся на розных вуліцах, але сутыкаліся дварамі, падзеленымі толькі нізкай загароджай. Аднойчы ўначы падчас спрэчкі за ваду для паліўкі адзін з Капораў забіў сына дзядзкі Рабосы стрэлам са стрэльбы. А ягоны малодшы сын, каб не казалі, што ў сям’і не засталося мужчын, працікаваўшы месяц, загнаў кулю паміж вачэй забойцу. З тае пары сэнсам жыцця абедзвух сем’яў стала ўзаемнае знішчэнне. Яны думалі больш пра выкарыстанне памылак суседа, чым пра працу на палетках. Стрэльбы грымелі сярод вуліцы; на змярканні стрэлы ўспыхвалі каля арашальнага канала, сярод трыснёгу і на фоне пагоркаў, калі ненавісны вораг вяртаўся з поля. Час ад часу то некага з Рабосаў, то некага з Капораў неслі на могілкі з цэлай унцыяй свінца пад скурай. А прага помсты не толькі не слабела, але мацнела з кожным пакаленнем. Здавалася, што ў гэтых дамах немаўляты выходзілі з матчынай утробы, працягваючы рукі да стрэльбы, каб забіваць суседзяў. Пасля трыццаці гадоў змагання ў доме Капораў засталіся толькі ўдава з трыма малойцамі-сынамі, сапраўднымі вежамі з мускулаў. У другім доме быў васьмідзесяцігадовы дзядзка Рабоса, прыкаваны да дрокавага крэсла, бо ногі яму амярцвіў паралюш. Ён сядзеў як зморшчаны ідал помсты, перад якім ягоныя двое ўнукаў кляліся абараніць гонар сям’і. Але часы змяніліся. Ужо нельга было пачынаць страляніну, як іхнія бацькі, сярод плошчы пасля сканчэння імшы. Гвардзейцы не спускалі з іх вачэй; суседзі за імі сачылі. І дастаткова было, каб нехта з іх затрымаўся на колькі хвілін на сцежцы або на рагу, як яго імгненна атачалі людзі і прасілі прымірыцца. Стомленыя гэтай увагай да сябе, якая пераўтварылася ў абсурдны пераслед і ўстала паміж імі, як непераадольная перашкода, Капоры і Рабосы больш не шукалі адзін аднаго і нават уцякалі, калі выпадкам сутыкаліся твар у твар. Яны так хацелі пазбегнуць адзін аднаго і ніколі не бачыцца, што сцяна, якая падзяляла іхнія двары, стала здавацца ім нізкай. Курыцы і тых і другіх, узлятаючы на дровы, браталіся на вышыні; жанчыны з абодвух дамоў праз вокны абменьваліся абразлівымі жэстамі. Гэта стала невыносным: жыццё нібыта адной сям’ёй. І ўдава Капора загадала сынам надбудаваць сцяну на адну вару. Суседзі паспяшаліся прадэманстраваць сваю недабразычлівасць, кідаючыся камянямі і камлякамі раствору, ды дабудавалі сцяну яшчэ на некалькі слаёў. І вось так, як нямая і бесперапынная дэманстрацыя нянавісці, сцяна ўсё расла і расла. Ужо не бачна было вокан; трохі пазней стала не бачна і дахаў. Бедная хатняя птушка імкнулася ў смутны цень гэтай сцяны, якая засцінала сабой частку неба. Квохканне гучала жаласна і прыглушана праз сцяну, гэтую прыладу нянавісці, якая, здаецца, была ўзведзена на трупах і крыві ахвяр. Так мінаў час для сем’яў, якія не нападалі ўжо адна на адну, як раней, але і не набліжаліся: непахісныя і застылыя ў сваёй нянавісці. Аднойчы ўвечары званы на ўсю вёску падалі сігнал трывогі. Гарэў дом дзядзкі Рабосы. Унукі былі ў полі, жонка аднаго з іх пайшла мыць бялізну, а цераз шчаліны ў дзвярах і вокны валіў густы дым, гарэла салома. Унутры, у гэтым пекле, маліў аб паратунку стары, бедны дзядзка Рабоса, прыкаваны да свайго крэсла. Унучка рвала на сябе валасы, крычала, што гэта яна вінавата ва ўсім праз сваю неабачлівасць. Людзі віравалі на вуліцы, натоўп хваляваўся, напалоханы сілай пажара. Смялейшыя расчынілі дзверы, але адскочылі перад хмарай густога дыму, прасякнутай іскрамі, якая пачала запаўняць сабой вуліцу. – Дзядуля! Бедны дзядуля! – крычала Рабоса, дарэмна шукаючы вачыма выратавальніка. Напужаныя суседзі адчувалі такі жах, нібыта ўбачылі, як званіца скранулася і пайшла на іх. Тры юнакі забеглі ў палаючы дом. Гэта былі Капорасы. Яны пераглянуліся, усё зразумелі і без слоў кінуліся туды стрымгалоў, як саламандры. Натоўп запляскаў у ладкі, убачыўшы, як яны выйшлі, трымаючы высока, як святога на працэсіі, дзядзку Рабосу ў ягоным дрокавым крэсле. Пакінулі старога, не зірнуўшы на яго, і зноў вярнуліся назад. – Не, не! – крычалі людзі. Але яны ўсміхаліся і не думалі спыняцца. Хацелі выратаваць нешта з маёмасці сваіх ворагаў. Калі б там былі ўнукі дзядзкі Рабосы, яны б не палезлі ў дом ратаваць іх. Але там быў толькі бедны стары, якога яны абавязаны былі абараніць як сапраўдныя мужчыны. Людзі бачылі, як яны то з’яўляліся на вуліцы, то ныралі ў дом, поўны дыма. Рассыпаючы іскры, як дэманы, яны выцягвалі мэблю і воркі, каб ізноў кінуцца ў полымя. Натоўп загаласіў, убачыўшы, што старэйшыя браты цягнуць малодшага на руках. Бервяно ўпала і зламала яму нагу. – Хутчэй, крэсла! Людзі рвануліся, выхапілі з-пад старога Рабосы дрокавае крэсла, каб пасадзіць параненага. Хлапец, абпалены, з закураным тварам, спрабаваў перасіліць боль, што скрывіў яму вусны. Ён адчуў, як дрыготкія рукі старога сціскалі ягоныя рукі. – Сынок! Сынок! – стагнаў дзядзка Рабоса і цягнуўся да яго. І перш чым бедны юнак змог адхінуцца, паралітык прыпаў бяззубым, праваленым ротам да яго рук, учапіўся, пачаў цалаваць іх, паліваючы слязьмі… Дом згарэў дашчэнту. І калі з’явіліся муляры, каб пабудаваць новы, унукі дзядзкі Рабосы не дапусцілі іх ачышчаць участак, увесь завалены чорнымі абломкамі. Тыя мелі больш тэрміновую работу: разбурыць праклятую сцяну. Яны самі ўзяліся за кіркі і пачалі дзяўбсці яе. Vicente Blasco Ibañez. La Condenada. Valencia, 1919. Пераклад з іспанскай - Валеры Буйвал 3/11/2004 › Цікавая літаратура |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |