Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Ойвін Бульстад “Наймацнейшы”

Мінаў першы тыдзень пасьля дня “Д” (1). Па ўсёй Нарвэгіі немцы разгарнулі стратэгічную папераджальную акцыю з узброенымі да зубоў патрулямі, ператрусамі ў аўтобусах і цягніках, начным аблавамі у раёнах, дзе, на іхную думку, трэба было зрабіць калі не рашучы ўдар, то прынамсьці надзвычайныя захады.

Сярод ночы зазьвінеў тэлефон у Асб’ёрна Колінга. Ён саскочыў з ложка і рвануў слухаўку. “Да!”—гаркнуў ён злосна. У слухаўцы доўга маўчалі. А потым загучаў шэпт, хуткі і надтрэснуты: “Яны едуць да Крысьціяна. Бяжы да яго. Хутчэй! У цябе на гэта некалькі хвілінаў, а я стаю ля шапіка на вакзале!”

Заспаны Асб’ёрн адказаў: “Што за жарты? Хто едзе і…?” І тут ён раптам апрытомнеў і аслупянеў.

– Яны едуць, ты павінен..! Хто гэта? Гэта ты, Рольф? Рольф? Адкажы, я рызыкую галавой, стоячы тут.

– Гэта не Рольф,– рэзка адказаў Асб’ёрн.—Вы памыліліся!

– Э, д’ябал,– прагучала горка й адчайна, а потым напорыста й энэргічна.—Калі Вы ведаеце Крысьціяна Дагэстада, то падскочце да яго і скажыце яму тое, што я сказаў, сьпяшайцеся, я тут стаю і не магу…

Голас зьнік. Магчыма навальніца, што была за вокнамі, абарвала сувязь, а можа хто перапыніў яго. Асб’ёрн адчуваў: у дзьверы ўвайшоў нехта, хто не павінен быў пачуць размову. Ён, Асб’ёрн, атрымаў зьвестку і мусіў перадаць яе. Але той, хто тэлефанаваў, ня ведаў яго.

– Я ўсё чула,– прашаптала Элна.

Яна стаяла ля яго, спалатнелая, але з бляскам уваччу. Вочы зьзялі так дзіўна на невыразным, застылым твары. Зь немым страхам, але цьвёрда й рашуча, як падалося Асб’ёрну. На двары слаба шамацелі дрэвы. У Асб’ёрнавых вушах чуўся гул, які, здавалася, сыходзіў адусюль манатонным, магутным сьпевам, што мацнеў і мацнеў.. Яго нібыта шпурлянула ў вір, які ўсё круціў і круціў яго, як цыклён, што налятае раптам на спакойны, мірны, зацішны куток і заграбае ўсё ў свае забойчыя абдымкі. І гэтае шамаценьне, сьпеў і гул віравалі ў ім, пакуль ён зрываў зь сябе піжаму, кідаў яе прэч і схапіўся за кашулю. Пальцы працавалі ліхаманкава й няспрытна. Ён выставіў правую нагу, і Элна насунула яму бот. Потым левую. Ён ірвануў на сябе вопратку, якую яна трымала ў руках. Усё адбылося ў некалькі сэкундаў, пакуль цыклён віраваў у ім, і раптам ён здрыгануўся ад страху. Ён ведаў толькі: Я мушу плысьці на той бераг затокі! Ведаў адно, а жаласны голас усярэдзіне ўсё шаптаў: “Калі цябе схопяць, то будуць катаваць адмыслова доўга, таму што ты напалоханы, перапуджаны, баязьлівы мужык. Якраз ты адчуеш усё гэта, таму што тым людзям падабаецца такі матэрыял, як ты”. – “Табе ня трэба плысьці,– крычаў у ім другі голас. – “Недарэка,– гукаў яшчэ адзін.—Ты не паспееш!” На ягоных вачах выступілі сьлёзы, ён шалеў. Элна стаяла і глядзела на гадзіньнік. Яна кінулася да дзьвярэй і закрычала: “Ты нікуды ня пойдзеш, Асб’ёрн, тудой ад горада дзесяць хвілін бягом, а ты ўжо змарнаваў шэсьць. Ужо позна! Я так не магу. Спачатку бацька, потым Райдар, а цяпер ты!”

Ён ведаў гэта, але ўсё роўна мусіў зрабіць нешта. Ён ударыў яе, і яна паляцела на падлогу, а ён ірвануўся ўніз па лесьвіцы, тузануў парадныя дзьверы і вылецеў на двор. Тады зноў вярнуўся голас: “Ты ўдарыў Элну, і ты ўклаў ва ўдар усю сілу? Чаму? Таму што ты шалееш, баязьлівец, а яна павінна пакутваць!” Голас перасьледваў яго. Асб’ёрн пераскочыў цераз сьцежку. Як Элна ўпала на лесьвіцу і ўдарылася галавой аб парог – гэта зусім ясна ўстала перад ім, калі ён улазіў у човен і выцягваў вёслы. Біў-біў-біў, — казалі ўключыны, пакуль ён веславаў, як утрапёны. Куды б ён ні зірнуў, паўсюль сустракаў вочы Элны. Бераг раптам вырас перад ім у цемры, як счарнелы начны цень. Не зважаючы ні на што, ён скіраваў човен на прыпаромак, і той наўскось урэзаўся ў пясок. Ён выскачыў з чаўна і сігануў уверх па адхоне, пачаў караскацца на ўзгорак. Потым бег па прыступках. Пераскочыў цераз плот і ўпаў тварам проста ў размоклае балота на сьцежцы. Сэрца грукала пад самым горлам, рот хапаў паветра. Густы салодкі прысмак крыві зьмяшаўся са сьлінай, што душыла яго. Ён спатыкнуўся, паляцеў кулём, папоўз на карачках і так пераадолеў апошнія ўступы скалы. Дом стаяў перад ім. Дарога рэзка ішла ўніз на другім баку скалістага адхону да самага берагу і ўпіралася ў драўляны прыпаромак. Ён пераскочыў цераз агароджу і ў гэтае ж імгненьне пачуўся грукат машыны, якая ўзьязджала ў садовую браму. На хвіліну ён здранцьвеў, потым ўголас прашаптаў сам сабе: “Элна!” Нахіліўся, схапіў камень з агароджы і шпурлянуў з усяе сілы ў вакно. Бразгат разьбітай шыбы яшчэ гучаў у ягонай галаве, а ён, замест таго, каб лезьці ўніз па скале, скочыў наперад, пасьлізнуўся, шпарка прабег наўскось праз мурог і пашыбаваў па сьлізкай дарозе. Крыкі за сьпінай зьліліся ў дзікі вой і ён з захапленьнем адчуваў, як кулі падалі пад ягонымі нагамі, утрапёна сьмяяўся, а сьлёзы цяклі па ягоных шчаках. Ён ускочыў у калдобіну, пачуў хрыпаты аўтаматны трэск з дарогі і бзычэньне сотняў пчолаў перад самым тварам. Ён выпрастаўся зноў. Шырокая пасма сьвятла дрыганулася ў паветры і сьлізнула па дарозе. Ён ясна бачыў перад сабой кожнае залітае сьвятлом дрэва. Цёмныя выявы мільгацелі перад вачыма, а дождж куляў глуха ляпаў па ствалах. Ён зноў выскачыў з калдобіны, пабег праз поле. Урэшце дасягнуў берага. Кожны крок даваўся цяжка, ногі наліліся сьвінцом. Усяго некалькі мэтраў засталося да прыпаромку! Але ён трапіў у сьвятло. Яму падалося, што ён зьнерухомеў, што час спыніўся. Ён ня чуў аўтаматных чэргаў, калі скочыў праз акрайчык прыпаромку і даў нырца з такім пляскам, што тыя наверсе зразумелі, у які бок ён падаўся…

Крысьціян Дагэстад пачуў, як бразнула й разбляцелася шыба. Ён скаціўся з канапы, падышоў да вакна, адчыніў яго, вылез і аўтаматычна зачыніў вакно за сабою, прабег скачкамі па жвіры, пралез да жываплоту, ускараскаўся на агароджу і ўпаў наўсплась жыватом, сьцішыўся і зьдзіўлена ўслухоўваўся ў страляніну ды ўглядаўся ў немцаў, што беглі па дарозе на прыпаромак. Тады ён падняўся і кінуўся праз агароджы і палі, перасек гасьцінец і ўскочыў у лес. Ногі ледзь дакраналіся да зямлі. Яго, здавалася, перапаўняла неверагодная сіла. Але далей на парослым лесам узгорку ён паваліўся нібы ад удару ў сьпіну. Так, яго ахапіла паніка. Лепш паляжаць, аддыхацца і падумаць. Празь дзьве гадзіны ён пралез у спальню. “Ня ведаю,– адказаў ён на пытаньне,– уявіць не магу, хто гэта мог быць. Пэўна ня Рольф, але той чалавек выратаваў мне жыцьцё!.. Выратаваў, можа, ня толькі мяне, можа ўсю нашую групу!”

Крысьціян задумаўся і раптам гукнуў: “Яны ледзь не пасьпелі! Я пачуў бразгат, а ён кінуўся на ўцёкі. Ледзь не пасьпелі. Не! Ён ня вырвецца. Яны ж літаральна віселі на ім!”

А Асб’ёрн даў нырца і хутка вынырнуў, апынуўшыся сярод залітай сьвятлом затокі. Ён пачуў, як яны корпаюцца ў чаўне Крысьціяна Дагэстада, але ня могуць адчапіць яго, настолькі добра ён быў умацаваны. Ён ныраў і плыў, ныраў і плыў. Кулі даляталі на долю сэкунды пазьней. Ён нырнуў каля каменнага абрыву і паплыў пад вадой… Човен быў лёгкі, як пёрка, калі ён цягнуў яго да вады. Шырокімі ўскідамі ён веславаў каля берага, што затуліў яго, а потым плынь панесла яго далей у затоку. Схаваны цемрай, ён перасеў у самы малы прышвартаваны човен, не забыўся забраць з сабой вёслы і засунуў іх у будыніну для чоўнаў. Ён заўважыў, што ўсе астатнія чоўны былі зь вёсламі. “Хутчэй!– прашаптала яна. Ён кінуўся за ёю. Вада плюхала ў ботах. Як у сьне ён шыбаваў усьлед за ёй празь лясок, каля маёнтка, — увесь час наўпрасткі. На тым беразе затокі цяжкая машына прадзёрлася па бездарожжу, і над воднай паверхняй, як ветрык, раптам пранёсься вахляр сьвятла, соваючыся ў кожную ўпадзіну, ціснучы кожны прыпаромак, прачэсваючы кожную пяду мора.

Яны ўсталі перад дзьвярмі поруба, потым улезьлі туды. – “Здымай вопратку! Хутчэй!” – сказала яна дрыготка. Ён сарваў зь сябе адзежу, тросься і шоргаў цела. “Хутчэй! – рэзка зашаптала яна.—Уставай і апранай піжаму. На стале бэнзыфініл. Вазьмі тры пігулкі і трасца зь імі!”

Ён выбраўся з поруба, а яна скруціла вопратку разам з ботамі. У спальні ён устаў і тупа ўтаропіўся перад сабой. Раптам апрытомнеў. Накінуў на сябе піжаму, схапіў пляшку зь лекамі са стала, узяў тры пігулкі, праглынуў і пачаў чакаць, што скажа голас, ці дасьць яму загад, што цяпер рабіць. Не, больш не пачулася нічога. Ён палез пад коўдру. Элна? У яго стукаталі зубы. Што здарылася? Ён ударыў яе? Пане Божа, як цяпер яму глядзець ёй у вочы? Як растлумачыць ёй, што ўсё было са страху, зь перапуду?

Сэрца стала працаваць больш напружана. Маленькі камяк засеў пад коўцікам, ён глынуў. Ледзь адчувальная, слабая дрыжака ахапіла цела. Лекі пачалі дзейнічаць. Толькі б яны адразу не прысунуліся ў ягоны дом. Яму трэба хаця б чвэрць гадзіны, каб гэтая заказа прыбадзёрыла яго. Увайшла Элна. Ён пачуў яе праз расчыненыя дзьверы, яна трымала пачатую пляшку “Боргера” і поўны ахапак адзежы, дала выпіць яму, сама глынула трохі і званітавала. “Чаму ты не зачыніла дзьверы?” – спытаўся ён хрыпата. Яна не адказала, сьцягнула зь сябе піжаму і, стоячы перад ім голая, пачала раскідваць порткі, куртку і сподні па падлозе. Ён аўтаматычна паўтараў усё за Элнай. Яна залезла пад коўдру і абхапіла яго рукамі, каб сагрэць. Ён прыгарнуў яе. Немцы, гестапа, Крысьціян, затока, вада, човен, уцёкі адступілі ад яго. Вусны Элны прыціснуліся да ягоных, ён адчуў скурай, як трымцяць ейныя грудзі і яе нага сьлізнула па ім. Ён адключыўся. Усё было забытае. Вакол нібыта гойдаліся і закалыхвалі болкі, а сонца працінала іх і сагравала да самых касьцей. Ён і не пачуў, як яны высадзілі дзьверы. Разгубленасьць і раздражненьне былі такімі натуральнымі, што тройка немцаў дружна зарагатала. Адзін зь іх з уедлівым сьмехам наблізіўся і адным махам сарваў зь іх коўдру. Элна закрычала, спрабуючы затуліцца. Асб’ёрн брыдка вылаяўся. Лейтэнант шпарка ўвайшоў з рэвальвэрам напагатове. Ён зразумеў сытуацыю і даў высьпетка цікаўнаму, разьвярнуўся і, кідаючы прабачэньне, вывеў жаўнераў. Яны ляжалі і чулі, як тыя тупаюць па лесьвіцы, выходзяць з грукатам празь дзьверы. Потым аддаленыя крокі па жвіры. І далёка гучныя камандныя крыкі. Як стукаюць у зачыненыя брамы. Усё далей і далей.

Прытомнасьць паволі вярталася да іх. Асб’ёрн рэзка таргануўся празь яе і, выхінуўшыся з ложка, званітаваў на падлогу.

Яны амаль канчалі, каі ўварвалася тройка немцаў.

Яны не спрабавалі нараўняць згубленае. Яна прытулілася да ягонага пляча з заплюшчынымі вачыма. Аголеныя целы ляжалі шчыльна самкнёныя.

Паступова супакоіліся сэрцы.

За сьнеданьнем яны, нібыта спахапіўшыся, узьнялі галовы і паглядзелі адзін на аднаго. Пранікліва. “Хто ты такі?—пыталіся іхныя вочы.—Ці я сапраўды ведаю цябе?”

Потым яны прымірэнча ўсьміхнуліся. Да іх вярнуліся сілы. І раптам, задраўшы галовы, яны зарагаталі. Але здаровым, добрым сьмехам.

– Не, не,– казала яна, калі ён нёс яе наверх,– ты спозьнісься ў кантору.

– Гары яна ясным агнём,– сказаў ён задорыста,– ня можам мы з-за рознай лухты абрываць песеньку. Пачнем з прыпеву.

1. Desant-Day – 6 чэрвеня 1944 г., калі войскі антыгітлераўскай кааліцыі высадзіліся ў Нармандыі.

Øivind Bolstad. Fortellinger og fabler. Oslo, 1966.

Пераклад з нарвэжскай - Валеры Буйвал

Ойвін Бульстад (1905-1979) – нарвэжскі пісьменьнік і драматург. Аўтар раманаў “Залатыя ланцугі”, “Чырвоная бэгонія”, “Танго сьмерці”, п’есаў “Патрыёты”, “Тэстамэнт старога Вінсэнта”, навэлаў і казак.

10/11/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2004
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024