Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Яраслаў Гашэк “Партрэт імпэратара Франца Іосіфа” У горадзе Млада Баляслаў жыў гандляр канцылярскімі таварамі Пецішка. Ён шанаваў законы і здаўна пражываў насупраць казармаў. На імператарскія імяніны ды іншыя імперскія аўстрыйскія мерапрыемствы ён вывешваў на сваім доміку чорна-жоўты сцяг і забяспечваў афіцэрскае казіно ліхтарыкамі. Прадаваў партрэты Франца Іосіфа ў яўрэйскія шынкі па ўсёй младабаляслаўскай акрузе, а таксама ў жандармскія пастарункі. Ён бы забяспечваў партрэтамі гасудара і школы мясцовай акругі, але ягоныя партрэты не мелі адпаведнага памеру, зацверджанага абласной школьнай радай. Пра гэта сказаў яму аднойчы імперскі абласны школьны інспектар у размове ў павятовай управе: “Вельмі шкада, пане Пецішка, але вы нам хочаце прадаць пана імператара больш шырокага і высокага, чымсьці прадпісана рашэннем абласной школьнай радай ад 20 кастрычніка 1891 г. Гэтым рашэннем пан імператар вызначаны трошкі карацейшым. Дапушчальны ёсць толькі пан імператар даўжынёй 48 см і шырынёй 36 см. Ваш пан імператар мае даўжыню 50 см і 40 см шырыню. Вы пярэчыце і кажаце, што ў вас засталося да дзвух тысячаў партрэтаў манарха. Але ж не думайце, што можаце навязаць нам любую лухту. Увесь ваш пан імператар – гэта тавар самай нізкай якасці і ганебнага выканання. Здаецца, нібыта ён ніколі не расчэсваў вусы. На нос вы яму наляпілі страшна шмат чырвонай фарбы, а да таго ж ён яшчэ і касавокі”. Калі пан Пецішка вярнуўся дадому, то не ў сабе ад расчуленасці сказаў жонцы: “Так вось мы праляцелі са старэнькім манархам”. І ўсё гэта было яшчэ да вайны. Каля дзвух тысячаў партрэтаў пана імператара засталося на карку пана Пецішкі. Калі ж выбухнула вайна, пана Пецішку ахапіла вялікая радасць і каласальная надзея, што ўдасца ўрэшце пазбавіцца ад гэтага тавару. Ён вывесіў патрэты крыважэрнага дзядулі ў сваёй краме з надпісам: “Выгадная пакупка. Імператар Франц Іосіф І па 15 крон”. Прадаў шэсць штук. Пяць партрэтаў пайшлі ў казармы, каб гэтыя літаграфічныя плакаты з выявай апошняга Габсбурга натхнялі рэзервістаў у казарменных сталоўках, а адзін партрэт купіў стары Шымр, гаспадар тытунёвай крамы. Гэты аўстрыйскі патрыёт выгандляваў партрэт па дванаццаць крон ды яшчэ звягаў, што гэта шалёная цана. Вайна працягвалася, але пан імператар неяк не карыстаўся попытам, хаця пан Пецішка ўзяўся і за газетную рэкламу. Ён замаўляў аб’явы і выстаўляў пана імператара ў “Народнай палітыцы” і Баштыраўскім “Голасе народа”: “У цяжкі час нельга, каб у чэшскім доме не было партрэта цяжка выпрабаванага манарха па 15 крон”. Замест замовы пан Пецішка атрымаў позву з загадам з’явіцца ў павятовую ўправу, дзе яму паведамілі, каб у наступных аб’явах ён пазбягаў слоў “цяжкі час” і “цяжка выпрабаваны”. Замест гэтага яму трэба выкарыстоўваць словы “слаўны час” і “пераможны”, а інакш ён добра ўляпаецца. Тады ён даў аб’яву: “У гэты слаўны час нельга, каб у чэшскім доме не было партрэта нашага пераможнага манарха па 15 крон”. Але ўсё было марна. Ён атрымаў некалькі грубых пісем, у якіх невядомыя аўтары раілі яму надта шчыра, каб ён павесіў пана імператара ў месцы, куды пан імператар ходзіць пешкі. Да таго ж яго зноў выклікалі ў павятовую ўправу, дзе галоўны камісар паведаміў яму, што яму трэба сачыць за паведамленнямі імператарскай інфармацыйнай канцылярыі і паводле іх кіравацца ў стылізацыі сваіх аб’яваў. “Рускія ў Венгрыі, ужо занялі Львоў, падыйшлі да Пярэмышля, і гэта нельга называць слаўным часам, пане Пецішка. Гэта выглядае як жарцік, як высмейванне, іронія. За такія аб’явы вы маглі б патрапіць у Градэц пад дывізіённы ваенны суд”. Пан Пецішка паабяцаў, што будзе больш уважлівы, і склаў такую аб’яву: “15 крон аддасць кожны чэх, каб у сваім жытле павесіць нашага старэнькага манарха”. У мясцовых часопісах ягоную аб’яву не прынялі. “Чалавеча,– сказаў яму адзін адміністратар,– вы, мабыць, хочаце, каб нас усіх расстралялі!” Раззлаваны пан Пецішка вярнуўся дадому. Ззаду ў катуху ляжалі ўпокат скруткі з запасам партрэтаў імператара. Пан Пецішка даў ім выспетка і напалохаўся. Баязліва азірнуўся навокал і супакоіўся, калі пераканаўся, што ніхто гэтага не бачыў. Ён пачаў меланхалічна выціраць пыл са скруткаў і заўважыў, што некаторыя з іх вільготныя і цвілыя. Ззаду сядзеў чорны кот. Не было сумневу, хто быў вінаваты ў цяперашнім стане скруткаў. Каб змыць з сабе падозру, кот пачаў варкатаць. Пан Пецішка шпурлянуў у здрадніка радзімы венікам, і кот супакоіўся. Раззлаваны гандляр вярнуўся ў кватэру і накінуўся на жонку: “Гэтую пачвару трэба выкінуць з хаты. Хто купіць пана імператара, абробленага катом? Пан імператар зацвіліў. Яго трэба прасушыць. Каб гэтага ката гром траснуў!” Пакуль жонка была ў краме, пан Пецішка прылёг пасьля абеду падрамаць, але ягоны сон быў вельмі неспакойны. Яму здалося, што па чорнага ката прыйшлі жандармы, што яны павялі ката разам з ім на ваенны суд. Потым яму здалося, што ката і яго самога асудзілі на пакаранне смерцю праз павешанне і што першым меліся павесіць ката. А ён, Пецішка, выступае перад судом са страшна блюзнерскай прамовай. Ён жудасна закрычаў і ўбачыў побач жонку, якая звярталася да яго з папрокам: “Напрамілы Бог, што гэта ты гаворыш, а раптам хто-небудзь пачуе”. І з хваляваннем распавяла, што калі спрабавала прасушыць пана імператара ў садзе, нейкія зухі абкідалі партрэты каменнем і цяпер яны выглядаюць, як рэшата. Высветліліся таксама іншыя страты. На адзін партрэт пана імператара, які прасыхаў на траве, паселі курыцы і пакінулі на ім змест сваіх страўнікаў. А ў іх такі арганізм, што ў выніку ягоныя вусы памаляваліся ў зялёную фарбу. Два партрэты спрабаваў зжэрці малады і нявопытны сенбернар мясніка Холэчка: ён жа нічога не ведаў пра параграф 63-ці крымінальнага кодэксу. Але ў шчанюка гэта ў крыві. Год таму ягоную маці забіў гіцаль, бо яна зжэрла на плацу сцяг 36-га палка. Пан Пецішка быў няшчасны. Увечары ў вінярне ён казаў нешта пра выгадныя пакупкі ды пра тое, якія мае цяжкасці з панам імператарам. З усяе прамовы можна было зрабіць выснову, што венская ўлада таму глядзіць з недаверам на чэхаў, што яны не купляюць у фірмы “Францішак Пецішка” у Младэ Балеславі партрэты манарха па пятнаццаць крон. “Прадавайце танней,– сказаў яму гаспадар вінярні, калі ён сыходзіў,– цяпер кепскія часы. Пан Гарэйсэк прадае паравую малацілку на трыста крон танней, чымсьці летась, тое самае і з панам імператарам”. Таму пан Пецішка напісаў наступную рэкламу ды вывесіў яе ў вітрыну сваёй крамы: “З прычыны гаспадарчага крызісу прадам вялікую колькасць прыгожых партрэтаў пана імператара замест па 15 крон усяго па 10 крон”. У краме запанавала ціша. Як справы з панам імператарам, пытаўся знаёмы гаспадар вінярні. “Кепска,– адказаў пан Пецішка,– на пана імператара зусім няма попыту”. “Ведаеце,– сказаў яму даверна гаспадар вінярні,– паспрабуйце прадаць яго па любой цане, пакуль не позна”. “Я яшчэ пачакаю,– адказаў пан Пецішка. А на партрэтах пана імператара ўсё сядзеў чорны неўтаймаваны кот. Праз паўтара гады цвіль дабралася і да скруткаў з панам імператарам на самым сподзе. У аўстрыйцаў усё сыпалася, а ў цэлым сітуацыя Аўстрыі была кату пад хвост. І тут пан Пецішка ўзяў аловак і з цяжкім сэрцам падлічыў, што такім чынам не разбагацее. А вось калі будзе прадаваць пана імператара па дзве кроны, то яшчэ паймее на адной штуцы крону. І ён зрабіў мэтавую рэкламу. Вывесіў на вітрыну адзін партрэт, а пад ім напісаў: “Гэты старэнькі манарх прадаецца цяпер замест па 15 крон усяго па 2 кроны”. Увесь горад Млада Баляслаў яшчэ ў той жа дзень прыйшоў пад краму пана Пецішкі, каб паглядзець, як рэзка ўпалі акцыі габсбургскай дынастыі. А ўначы па пана Пецішку з’явіліся жандармы і ўсё пайшло хутка. Яны зачынілі краму, арыштавалі пана Пецішку і паставілі яго перад ваенным трыбуналам за парушэнне грамадскага спакою і парадку. Ветэранская арганізацыя выключыла яго са свайго складу на агульным сходзе. Пан Пецішка атрымаў трынаццаць месяцаў турмы цяжкога рэжыму. Меўся артымаць пяць год, але прысуд аблегчыла тая абставіна, што ён ваяваў за Аўстрыю ў бітве пад Кустоцай. А скруткі з партрэтамі пана імператара тым часам ляжаць схаваныя на складзе ваеннага суду ў Тэрэзіне ды чакаюць гадзіны свайго вызвалення, калі пасля ліквідацыі Аўстрыі нейкі прадпрыймальны гандляр будзе пакаваць у іх сыркі. Jaroslav Hašek. Třetí dekameron. Grotesky a mystifikace. Praha, 1977. Пераклад з чэшскай - Валеры Буйвал Яраслаў Гашэк (1883-1923) – выдатны чэшскі пісьменнік. Аўтар сусветнавядомага рамана “Прыгоды бравага салдата Швейка”, майстар твораў сатырычнага жанру: гумарэсак, фельетонаў, навел. Апавяданне “Партрэт імператара Франца Іосіфа” – са зборніка Гашэка “Трэці дэкамерон” з выразным падтытулам “Гратэскі і містыфікацыі”. 11/11/2004 › Цікавая літаратура |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |