Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Лістападаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

14 лістапада ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Быў заслуханы выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.

Зянон Пазьняк: “Беларусы зьбянтэжаныя, прыслухоўваюцца да новых ветраў. Ня ўсе прыслухоўваюцца, але задумаліся многія. Тым часам нічога ня зьменіцца да лепшага (нават калі б і справакаваліся б якія-небудзь падзеі) пакуль ня створыцца, не нарасьце крытычная маса адраджэнскай нацыянальнай эліты, актыўных беларусаў, здольных змагацца, павесьці за сабой іншых і ўсьведамляць беларускія інтарэсы. Стварэньню гэтакай сілы мы мусім актыўна спрыяць.

Што адбылося 17 кастрычніка, Вы бачыце і разумееце. (Мы папярэджвалі грамадзтва яшчэ за год да падзеяў). Прамаскоўскі рэжым застаўся і захаваўся. Лукашэнка захаваў уладу на нявызначаны тэрмін.

Парадыгма паводзінаў рэжыму (створаная і праілюстраваная ў пачатку 2004 года на выбарах у Расеі) была зразумелай. Уладу зьбіраліся ўтрымаць любым спосабам, не зважаючы ні на што. Законнасьць, легітымнасьць, міжнароднае прызнаньне – ня мелі значэньня. Толькі ўтрымацца – вось задача. (Таму і пусьцілі ў Беларусь усіх міжнародных назіральнікаў, якіх пры патрэбе вытурвалі з участкаў).

Маскоўская схэма таксама засьведчыла, што забаўкі ў “апазыцыю” скончыліся. У лукашэнкаўскую “палату” не павінен быў прайсьці ніхто са штатных апазыцыянэраў. Функцыя лукашэнкаўскай “апазыцыі” (якая заключалася, найперш, у кампрамэтацыі самой ідэі апазыцыі ў грамадзтве) з гледзішча рэжыму ўжо выкананая. “Апазыцыя” выдатна справілася з роляй загоншчыкаў людзей на “рэфэрэндум”. Цяпер можна яе засунуць у кут.

Пасьля “рэфэрэндуму” гэтую “апазыцыю”, як і ў Расеі, адвядуць на запасныя пуці (асноўную агентуру), а частку проста прыдушаць, абмяжуюць поле дзейнасьці, каб ня блыталіся пад нагамі. Такое мы ўжо назіраем. Працэс небясьпечны, бо ў гэтай справе ўдар будзе нанесены найперш па беларускіх культурных інстытуцыях якраз у рэчышчы антыбеларускай палітыкі гэбоўскага рэжыму.

Мы павінны разумець, што рэжым ніколі поўнасьцю не ліквідуе сваю “апазыцыю”, бо адна з функцыяў яе – гэта перашкаджаць разьвівацца беларускаму нацыянальна-вызвольнаму руху. Рэжым тут нават ня траціцца. Справу аплочвае Брусэль з Бэрлінам.

Мы не павінны недаацэньваць таксама палітычных здольнасьцяў рэжыму. З пункту гледжаньня складанай задачы захаваньня бястэрміновай улады ў неспрыяльных умовах апэрацыя “рэфэрэндум” была праведзена па-гэбоўску рашуча, арганізавана, жорстка, пасьлядоўна і безаглядна.

Паводзіны рэжыму лёгка прагназаваць, калі правільна разумець ягоную сутнасьць і мэтады. Тым часам тупізм заходніх палітыкаў толькі для тых, хто ня жыў на Захадзе, зьяўляецца сакрэтам. Нават калгасны Лукашэнка лёгка перагульвае іх на ўсе 100. Прытым ніякіх разумных высноваў з гэтага яны ня здольныя зрабіць. Аднак шкоды ад іх для Беларусі ня менш чым ад Лукашэнкі.

Нядаўна сумнавядомы Ганс Вік выступіў з чарговай “дэмакратычнай” прапановай стварыць незалежнае ад Лукашэнкі тэлебачаньне ды радыё ў Расеі і з Расеі трансляваць інфармацыя на Беларусь (зразумела на “обшчэпанятным языке”). Гэта значыць, усю гэтую лібэральную лухту, папсу, “свабоду Марынічу” ды “Шарамету”. Кажуць, што на Брайтане ўжо рэкрутуюць кадры ў вольнае “беларускае” тэлебачаньне, аб’явіўся нават нейкі Бахціяраў (жывы, курылка). На чарзе заявы розных Фіцпатрык ды Цапф пра перавод радыё “Лібэрці” на расейскую мову і г.д. Беларускай дэмакратыяй, бачыце, заняцца хочуць немцы. Такая вось чакаецца русіфікатарская навала “дэмакратаў” і шмат чаго яшчэ.

Нашыя дзеяньні цяпер павінны палягаць найперш на пазытыўнай нацыянальнай працы. Пратэстныя высновы павінны вынікаць з нашай пазыцыі. Мы мусім рыхтаваць беларускі грунт і спрыяць стварэньню беларускай сілы цераз нацыянальную і палітычную асьвету, праз ідэі і праз арганізацыі яднаньня дзеля нацыянальных інтарэсаў.

Цяперака ідэяй, якая будзе найбольш лучыць і аб’ядноўваць грамадзтва, ёсьць Беларуская Нацыянальная ідэя. Трымаем яе голасна і высока.

Адной з галоўных праграмаў нашага дзеяньня павінна стаць ініцыятыва Беларуская Салідарнасьць. Мы мусім разгортваць яе на ўсіх узроўнях, памятаючы пра магчымасьць разьвіцьця яе і ўключэньня ў Нацыянальна-Вызвольны Рух.

Мы павінны ізноў прадоўжыць акцыю “Суд”, якая прыпынілася ў сувязі з “рэфэрэндумам”.

Вельмі важна стварыць грамадзкую палітычную альтэрнатыву рэжыму і ягонай “апазыцыі”. Дарогай да гэтага можа стаць “Беларуская Салідарнасьць”.

Наступны момант - асабовая альтэрнатыва ўзурпатару. Тут ужо вырашана і будзем дзейнічаць рашуча. Але ўся партыя і ўвесь рух павінны цяпер падрыхтаваць магчымасьць, гарантыю збору 150 тысячаў подпісаў. Калі гэтага не падрыхтуем - трэці тэрмін для рэжыму забясьпечаны.

Акцыю Грамадзянства БНР у сеціве трэба падтрымліваць і хай яна йдзе сваім ходам і сваёй чаргой. Высновы потым будуць ўдакладненыя. Бо трэба мець на ўвазе працэсы дэградадыі беларускай палітычнай эміграцыі, якія не спыняюцца.

Што датычыць тых групаў, якія зазывалі на незаконны “рэфэрэндум”, то прасіў бы Вас зьвярнуць увагу, што яны крычаць: “Лукашэнка прайграў!”. Неадэкватнасьць паводзінаў была і ў 2001 годзе. Пасьля так званай “элегантнай перамогі” Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах лёзунг гэтых людзей, што падтрымлівалі тады камуністычнага намэнклятуршчыка Ганчарыка, быў такі: “Мы перамаглі!” Можа яны і праўда перамаглі разам з Лукашэнкам і Ганчарыкам. Але выглядае, што тут, як у французкім тэатры клясыцызму, калі актор канчаў маналёг ролі, то, зыходзячы са сцэны, падымаў у гару правую руку. Аднойчы адзін забыўся падняць, але за кулісамі ўспомніў. Дык вярнуўся на сцэну і падняў гэтую сваю руку.

Брусэльскім лібэралам, відаць, сьніцца Бялград. Вось яны і прыдумваюць сваім кліентам лёзунгі на мамэнт пасьля галасаваньня, якія трэба было агучваць перад абураным сэрбскім народам. Але народ тутака ня сэрбскі, а беларускі і ня сто тысячаў, а сто асобаў (і то штатных). Але ж лёзунгі. Вось і падымаюць руку ўверх, каб адзначыцца.

Цяпер гэтыя пацыенты прыдумваюць сабе чарговы грантавы праект пад назовам “альтэрнатыўны парлямант”. (Мадыфікацыя нашай ідэі “грамадзянскага парляманту”, якую яны некалі гробілі як маглі). У 1999 годзе, калі яшчэ не існавала кантрактнай сістэмы працы і ня ўсе шрубы былі закручаныя, ідэю можна было ажыцьцявіць. Зараз – гэта сэрыйная ліпа палітбізнэсу, якім займаюцца адны і тыя ж кантракцёры.

Беларусы павінны ведаць, што, зьмятаючы рэжым, трэба будзе зьмятаць і ягоную падстаўную “апазыцыю”. Так нізка, як гэтыя, відаць, яшчэ ніхто не апускаўся.

Аднак яны не павінны стаць аб’ектам марнаваньня нашай увагі. Нас чакаюць высакародныя абавязкі і добрыя справы – дзейнасьць на карысьць нашай сьветлай і дарагой Бацькаўшчыны дзеля волі, незалежнасьці, творчасьці і жыцьця нашага народу, дзеля будучыні роднай Беларусі”.

Выступілі таксама сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Яны паведамілі, што практыка паказала правільнасьць нашай пазыцыі па байкоту выбарчага і рэфэрэндумнага фарсу, слушнасьць нашых заклікаў да байкоту, зь якімі мы зьвярталіся да грамадзтва. Менавіта байкоту (а не “галасаваньня супраць”) баяўся рэжым, бо байкот азначаў бы ягоны правал. Выступоўцы працытавалі па матэр’ялах СМІ выказваньні кіраўнікоў псэўдаапазыцыі (“пяцёрка плюс” ды іншыя) супраць байкоту і за ўдзел у незаконным рэфэрэндуме, зробленыя публічна перад 17 кастрычніка. Практыка паказала, што яны сьведама заганялі людзей на выбарчы і рэфэрэндумный фарс, дзейнічалі разам з рэжымам, імкнуліся падмануць і прынізіць наш народ. Цяпер яны прызнаюцца, што заранёў ведалі пра фальшывасьць выбараў і што рэжым будзе падтасоўваць вынікі галасаваньня. Мы становімся сьведкамі поўнай і канчатковай дыскрэдытацыі гэтых палітычных дзеячаў і правалу іхнай палітыкі, мэтай якой ёсьць зарабляць грошы на народнай бядзе (такзваны “палітычны бізнэс”). Цяпер гэтыя фальсіфікатары ня згадваюць пра антызаконны рэфэрэндум, робяць выгляд, што Лукашэнка застаўся пры ўладзе законна і рыхтуюцца да “новых выбараў у 2006 г.”. Яны зноў, у каторы ўжо раз шукаюць “агульнага кандыдата”. І ўсё дзеля таго, каб зноў ашукаць разам з ворагамі Беларусі наш народ і выканаць сваю ролю падстаўных гульцоў рэжыму. Падзеі паказалі, што большасьць беларускага народу стаіць у апазыцыі да антыбеларускага рэжыму – гэта ёсьць сапраўдная апазыцыя. А тыя груповачкі (створаныя Гансам Вікам па ўзгадненьні з мясцовым КГБ, аб чым Вік публічна прызнаўся ў газэтах), якія называюць сабе “аб’яднанай апазыцыяй”, на самай справе зьяўляюцца неад’емнай часткай антыбеларускага рэжыму, яны дзейнічаюць супраць нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў Беларусі. Таму наша задача – аб’ядноўваць беларускае грамадзтва, асабліва моладзь дзеля стваральнай, асьветніцкай працы і змаганьня за незалежнасьць і свабоду нашай Бацькаўшчыны.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра шок, які перажыло грамадзтва пасьля нахабнага падману, арганізаванага рэжымам і ягонай падстаўной “апазыцыяй”. Большасьць людзей, якіх загналі на выбары і рэфэрэндум, галасавалі супраць рэжыму. Цяпер неабходна тлумачыць людзям, хто арганізаваў гэтую афёру і чаму нельга ўдзельнічаць у далейшых выбарчых шоў рэжыму. Псэўдаапазыцыя згубіла твар – так ахарактарызавалі вынік палітычнага жульніцтва простыя грамадзяне. Сябры паведамілі таксама пра адэкватную ацэнку беларусамі ў розных рэгіёнах краіны палітыкі расейскай імпэрыі і падзеяў у Расеі: “Расея – гэта жудасная краіна, дзе пануе мафія, дзе ідуць войны і развальваецца эканоміка. Расейскія бандыты рабуюць, калечаць і забіваюць беларускіх рабочых, што едуць у Расею на заробкі. Нельга ствараць ніякіх саюзаў і агульных дзяржаваў з дэспатычнай Расеяй”. Фронт і Партыя будуць разгортваць асьветніцкую і арганізатарскую працу па ўсёй Беларусі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

14/11/2004 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2004
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024