Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Віліс Лацыс “Краіна турмаў”

Ягоная эксцэленцыя міністар юстыцыі і ўнутраных справаў Тарабумбіі Бурбуліс (1) сядзеў у сваім службовым кабінэце і паглыбляўся ў справаздачы ведамстваў. Усё было ў парадку, выдаткі да цэнта сходзіліся з прыбыткамі, апошняя драбніца адпавядала нормам бюджэту.

Бурбуліс ужо другі год кіраваў міністэрствам унутраных справаў і юстыцыі Тарабумбіі. Цяпер яму падпарадкоўваўся увесь выканаўчы апарат: паліцыя, грамадзянская міліцыя, суды і турмы. І зь дзіўнай празорлівасьцю ён ужо думаў пра падпарадкаваньне сваёй кампэтэнцыі трэцяга – вайсковага ведамства. Усе ўзброеныя сілы ў адных руках! Бурбуліс – камандзір на зямлі, моры і ў небе!

У цішы кабінэта гэты чалавек захапляўся марамі, годнымі Напалеёна. Праўда, ён ня ўмеў камандаваць палкамі, стратэгія і тактыка былі для яго чужымі паняцьцямі, але ў гэтым стагоддзі не заўсёды лёс народаў вырашаўся на полі бітвы.

Міністар гартаў адну за адной старонкі справаздачы; там-сям ставіў чырвоным алоўкам запытальнік, падкрэсьліваў адну-другую лічбу. Раптам Бурбуліс зварухнуўся, ажывіўся і зь непрыхаванай цікаўнасьцю нахіліўся над аркушам паперы.

“Дзяржаўныя турмы далі чыстага прыбытку 846255 франкаў”.

Ягоную эксцэлэнцыю вельмі ўразіў гэты факт, гэта гучала амаль неверагодна. Бурбуліс паглыбіўся ў падрабязнасьці справаздачы турэмнага ведамства. Вялікія прыбыткі паступілі зь месцаў катаржнай працы, каменяломняў і тарфяных балотаў, але таксама й турэмныя майстэрні далі прыбытак.

– Гм…

Міністар глыбока задумаўся. Турмы аказаліся выгадным прадпрыемствам – нават пры той прымітыўнай арганізацыі, пры якой яны існавалі дагэтуль. Але каб там правесьці рэформы… усталяваць усё на асновах сучаснага грамадзтва…

Бурбуліс ускочыў, пачаў нэрвова крочыць па кабінэце. У ягоных мазгах зьявілася нейкая ідэя, настолькі сьмелая і бліскучая, што ў яе стваральніка пацямнела ў вачах ад захапленьня. Вялікая мара, — пара пра ўладу, — здаецца, збывалася.

Бурбуліс энэргічна націснуў кнопку на пісьмовым стале. Увайшоў сакратар.

– Я сёньня не прымаю. Нікога, абсалютна нікога. Паклапаціцеся, каб мне не перашкаджалі.

– Пастараюся, Ваша эксцэлэнцыя!

Як толькі за чыноўнікам зачыніліся дзьверы, Бурбуліс сеў за пісьмовы стол і пачаў працаваць.

1. Бурбалка (латышск.)

2

На пісьмовым стале ўзрастаў стос аркушаў. Позна ўначы Бурбуліс паставіў апошнюю кропку і ўздыхнуў з палёгкай.

“Ну вось і гатова. Цяпер толькі арганізаваць і запусьціць машыну…” Ён узважыў пачак паперы, усьцешаны, што зрабіў вялікую працу. Гэта быў вялізны плян, геніяльны праект, зусім новая канстытуцыя дзяржавы. Усё было пабудавана на, здавалася б, непрыкметных заўвагах у гадавой справаздачы міністэрства.

“Дзяржаўныя турмы далі чыстага прыбытку 846255 франкаў”.

Турмы прыносілі дзяржаве прыбытак – ня толькі маральны, у сэнсе грамадзкай бясьпекі, але й матэрыяльны, у прыгожых звонкіх франках. Выгаднае прадпрыемства трэба было пашыраць да магчымых межаў, каб дзяржава артымлівала з турмаў яшчэ больш прыбытку. Плян Бурбуліса прадугледжваў паступовае пераўтварэньне турмаў у грандыёзнае грамадзкае прадпрыемства.
Прадугледжвалася заснаваць апарат спэцыяльнай службы на чале з дырэкторыяй і генэральным дырэктарам. Гэты пост Бурбуліс вырашыў пакінуць за сабой. У дырэкторыю ён хацеў запрасіць асабліва карысных, дасьведчаных і ўладалюбных асобаў. Гэта былі генэральны пракурор Вярхоўнага суду Тарабумбіі Цылпа, старшыня парляманцкай заканатворчай камісіі Упіс, камандуючы арміяй і начальнік генштаба Дурэ, вярхоўны камісар грамадзкай міліцыі Вілкс, прэзыдэнт выдавецкага канцэрну Вэйш і прафэсар народнай гаспадаркі Скайтліс (2).

“Генпракурор Цылпа атрымае пасаду адміністрацыйнага дырэктара…—вырашыў Бурбуліс.—Яму трэба перадаць жывую сілу, працоўную армію. Парлямэнтарыст Упіс стане юрыдычным дырэктарам прадпрыемства і паклапоціцца пра прыняцьце ў парляманце патрэбнага нам закону. Генэрал Дурэ возьме на сябе абавязкі дырэктара па бясьпецы і прымусіць свабодных грамадзянаў Тарабумбіі паважаць аўтаномнае турэмнае прадпрыемства, а калі неабходна, нават увядзе ў дзяржаве ваеннае становішча. Вярхоўны камісар Вілкс зоймецца падтрыманьнем дысцыпліны і парадку ў сьценах прадпрыемства; яму будуць падпарадкаваныя ўсе турэмныя наглядчыкі. Прэзыдэнт выдавецкага канцэрну Вэйш будзе лічыцца дырэктарам асьветы і будзе настройваць грамадзянаў прыхільна да нашых рэформаў. Прафэсар Скайтліс узначаліць грамадзкі аддзел дырэкторыі. Але я сам буду загадваць усім”.

Прыняўшы рашэньне, Бурбуліс уласнаручна напісаў шэсьць лістоў аднолькавага зьместу:

“Вельмішаноўны пане! Пэўная надзвычай цяжкая справа (у маштабах усёй дзяржавы) прымушае мяне зьвярнуцца да Вас з просьбай зьявіцца на прыватную сустрэчу ў маёй рэзыдэнцыі 19 красавіка сёлета а 21 гадз. Вельмі пажаданая пэўная кансьпірацыя, прынамсьці, не афішуйце візыт.
З шанаваньнем міністар юстыцыі і ўнутраных справаў К. Бурбуліс”.

19 красавіка ўвечары, ад якога гісторыкі Тарабумбіі пачынаюць новую эпоху ў гісторыі сваёй дзяржавы, вядомую ў падручніках пад назвай “Турэмны пэрыяд”, у рэзыдэнцыі міністра Бурбуліса сабраліся ўдзельнікі нарады. У зачыненым кабінэце разьмясьціліся будучыя дзяржаўныя дырэктары. ім падалі каву з каньяком. Тады ініцыятар сустрэчы Яго эксцэленцыя Бурбуліс узяў слова і пазнаёміў прысутных з сваім плянам. і пакуль ён гаварыў, паноў ахоплівала ўсё большае ўсхваляваньне. Прафэсар Скайтліс цёр нос, парлямэнтарыст Упіс чухаў сваю бародку італьянскага маркіза, вярхоўны камісар Вілкс ня зводзіў бліскучых вачэй з Бурбулісавага твару, а генэрал Дурэ гуляўся з ордэнамі на сваіх надзьмутых грудзях. Шэф прэсы Вейш тое-сёе запісваў у нататнік. Толькі генпракурор Цылпа сядзеў спакойна, як сфінкс, не выдаючы сваёй усхваляванасьці.

Калі Бурбуліс скончыў паны як па камандзе ўсталі і працягнулі рукі міністру:
– Мы зробім усё, што ў нашых сілах.

Быў падпісаны ўжо загадзя падрыхтаваны акт аб заснаваньні “Узорнай дзяржаўнай гаспадаркі”. Дырэктары занялі свае кіраўнічыя пасады, і пасьля гэтага ім падалі напоі – халодныя і гарачыя.

Тарабумбія спала глыбокім сном, не здагадваючыся, што гэтай ноччу зьявілася новая ўлада, большая за ўсе ранейшыя, невядомая, небывалая і страшная сваёй непрыкметнасьцю.

“Вось ён – адзіны дыктатар, правадыр…” – ганарліва думаў Бурбуліс, углядаючыся ў люстра пасьля адыходу дырэктараў. І здавалася так дзіўна,– няверагодна і сьмешна,– што гэты маленькі, тоўсьценькі чалавечак, што глядзеў насупраць вузкімі прыжмуранымі вочкамі, цяпер быў невядомым уладаром лёсу ўсёй дзяржавы, мільёнаў людзей і вялікіх гарадоў.

Потым ён пайшоў спаць і бачыў сны: Папа Рымскі яго каранаваў на загадчыка Сусьветнай Турмы. Зьвязка ключоў была ягонай рэгаліяй, замест дзяржавы Бурбуліс трымаў у руцэ кайданы. А скіпэтар… Тут ён прачнуўся. На двары яшчэ чарнела ноч. За вокнамі вецер шамацеў у дрэвах, і яны нізка зьгіналіся, нібыта засьведчваючы сваю пакорлівасьць дыктатару. Гэта было прыемна.

2. Прозьвішчы чыноўнікаў: Пятля, Філін, Кулак, Воўк, Вецер, Лічба (латышск.)

3

На наступны дзень усе газэты Тарабумбіі запоўніліся зьвесткамі пра зьдзейсьненыя ў дзяржаве злачынствы. Уварваньні, забойствы, гватаваньні, крывавыя сутычкі сп’яна і злосныя хуліганствы па ўсёй Тарабумбіі ад краю да краю… Старонкі газэтаў стракацелі яркімі апісаньнямі злачынстваў. Многія забойствы былі зьдзейсьненыя з жудасным зьверствам – ад адных апісаньняў сэрца мірнага грамадзтва трымцела ад страху.

Гэта быў адзін бок. З другога шалелі палітычныя элемэнты, разбурадьнікі дзяржавы, шпіёнскія арганізацыі, фанатыкі-анархісты і падбухторшчыкі бунтаў, страйкаў і галодных шэсьцяў. Цэлы тыдзень працягвалася гэтая плынь страшных зьвестак. Здавалася, Тарабумбію канчаткова акупавалі масы злачынцаў, ніводзін грамадзянін ужо ня мог быць пэўны сваёй маёмасьці і жыцьця, — дзяржава знаходзілася на парозе небывалага хаосу і разбурэньня.

– Чаму парлямант і ўрад ня рупяцца пра лёс нашай краіны? – гучалі адчайныя “галасы грамадзкасьці”.

– Трэба пачакаць колькі дзён,– сказаў Бурбуліс.—А тады хай прагучыць “голас народу”.

У газэтах сярод новых апісаньняў злачынстваў зьявіліся доўгія артыкулы, у якіх грамадзкія работнікі, юрысты і псыхіятры выказвалі свае думкі пра тое, як можна перамагчы крымінальную навалу. Калі такім чынам быў створаны неабходны настрой у народзе, Упіс вынес на разгляд парляманту пытаньне аб узмацненьні барацьбы супраць злачыннасьці.

– Мы бачым, якое ўзбуджэньне ахапіла народ! І гэта зразумела: жыць у такой злавеснай атмасфэры, калі кожную хвіліну трэба чакаць найгоршага, згубіць жыцьцё або назапашаную за доўгія гады маёмасьць,– гэта не па сілах ніводнаму з нас. Ня можа быць гутаркі пра мірную працу, пра сумленнае выкананьне сваіх абавязкаў у ценю сьмерці і зьніштажэньня. Доўга гэта працягвацца ня можа, гэтай паніцы трэба пакласьці крэс! Народ чакае ад нас,– ягоных прадстаўнікоў,– што мы зноў забясьпечым нармальныя ўмовы жыцьця!

Потым ён зачытаў новы законапраект. За кожны праступак былі прадугледжаныя фантастычныя прысуды – доўгія гады катаргі. Прысуды на арышт і зьняволеньне былі адмененыя, на іхнае месца ўведзена катаржная праца, прычым гэта тычылася таксама й асуджаных раней. Беручы пад увагу сёньняшняе становішча, тыя, хто адбыў свой тэрмін, не вызваляліся, бо іхнае вяртаньне на волю толькі пагражала грамадзкаму спакою і парадку. Іх трэба было абсьледваць адмыслова. Дзеля гэтай мэты была заснаваная псыхіятрычная камісія, якая вызначала ступень іхняй схільнасьці да злачынства і прымала рашэньне аб вызваленьні або затрыманьні ў месцы зьняволеньня.

Законапраект быў прыняты ў тэрміновым парадку пераважнай большасьцю галасоў. Шэф прэсы Вэйш і парлямантарыст Упіс справіліся са сваёй працай. Тады пачаў дзейнічаць пракурор Цылпа. Судовы апарат працаваў у шалёным тэмпе. Штодня засуджвалі вялікіх і малых шкоднікаў. Злодзеі, задзіры, дробныя махляры ды хуліганы з прадмесьцяў селі на лаву падсудных разам з адпетымі рэцыдывістамі. Паліцыя атачала начлежкі, піўнухі, прытоны і маліны і без разбору саджала ўсіх, хто там трапляўся. За бадзяжніцтва пагражалі два гады катаргі – найменшы тэрмін паводле новага закону. Суд асабліва не цырымоніўся. За кароткі час лічба вязьняў у Тарабумбіі падвоілася. Разам з тым падвоіліся таксама кадры наглядчыкаў, работнікаў туды набіралі з грамадзянскай міліцыі.

Каб эфэктыўна выкарыстаць засуджаных, былі пашыраныя торфаздабыча і каменяломні. Камяні і торф у значнай меры выкарыстоўвалі тут, у Тарабумбіі, але частку экспартавалі за мяжу. Пры кіраўніцтве турмаў заснавалі грамадзкі камітэт, які ўзначаліў прафэсар Скайтліс. А тады ўзяліся за вялікую працу: лесапавал, будаўніцтва чыгунак, мастоў і ТЭЦ. Дзяржава дала прыярытэт ува ўсіх сваіх працах грамадзкаму камітэту кіраўніцтва турмаў – так атрымлівалася таньней. Каб засуджаных лепш выкарыстоўваць, ім штодня ўколвалі дозу нядаўна вынайдзенай “сыроваткі працавітасьці”, якая цалкам здымала стому, санлівасьць і ляноту. Дзякуючы гэтай сыроватцы катаржнікаў можна было выкарыстоўваць па шаснаццаць гадзінаў у дзень на самай інтэнсіўнай працы.

Пры пашырэньні фронту працы асабліва адчуваўся брак розных спэцыялістаў. Непазьбежна трэба было арыштаваць і засудзіць шмат інжынэраў, архітэктараў ды іншых спэцоў. Тайныя агенты грамадзянскага камітэту зьбіралі зьвесткі пра адпаведных работнікаў. Шмат хто зь іх быў беспрацоўным, але рэдка каму можна было “прышыць” які-небудзь з артыкулаў новага закону.

– Гэты закон недасканалы…—сказаў Бурбуліс на тайным паседжаньні дырэкторыі.—Нам трэба яго перарабіць. Але сьпярша выслухаем паведамленьне прафэсара Скайтліса пра грамадзкае становішча і працу прадпрыемстваў.

Прафэсар гаварыў больш за гадзіну.

– Цяпер у турмах Тарабумбіі знаходзіцца 15% усіх жыхароў дзяржавы. Усе яны занятыя на стваральнай працы. Нашае прадпрыемства па частках пераймае ўсю горную, лясную і торфаздабыўчую прамысловасьць. На многіх вялікіх фабрыках працуюць толькі вязьні. Цяпер вядуцца перамовы з фэрмэрамі аб выкарыстаньні засуджаных у сельскагаспадарчай працы. У сярэднім кожны засуджаны каштуе дзяржаве,– уключна з аховай і апаратам кіраўніцтва,– 1 франк 20 цэнтаў у дзень, але ягоная праца дае 3 франкі 15 цэнтаў. Значыць, чысты прыбытак з кожнага засуджанага – 1 франк 95 цэнтаў у дзень. Апошнім часам у нас адкрыліся новыя напрамкі працы і зьявілася патрэба ў новых работніках. Але паводле зьвестак статыстычнага бюро ўвесь кантынгент злачынных элемэтаў ужо вычарпаны. Новых вязьняў няма адкуль браць. Грамадзяне, што знаходзяцца на волі, жывуць у строгай адпаведнасьці з патрабаваньнямі дзяржаўных законаў. У такіх абставінах мы вымушаныя адмовіцца ад многіх грандыёзных праектаў, рэалізацыя якіх патрабуе многіх тысячаў рабочых рук.

Прафэсар змоўк. Генэральны дырэктар Бурбуліс хвілінку падумаў, потым спытаў з рэзкай інтанацыяй ў голасе:

– Ці ня мае што сказаць нам дырэктар Цылпа. У ягоныя абавязкі ўваходзіць забесьпячэньне працоўнай сілай.

Генпракурор шморгнуў носам, устаў і сказаў:

– Я не забыўся пра свае абавязкі. Але няхай пан дырэктар не забывае, што кожны абавязак залежыць ад права і гэтак далей. Уладу, дадзеную мне законам, я выкарыстаў ува ўсёй паўнаце. Кожнаму злачынцу прысудзіў максімальны тэрмін і толькі дзякуючы маёй пасьлядоўнасьці цяпер за кратамі 15% усіх грамадзянаў дзяржавы. Вы пытаецеся, адкуль узяць новых вязьняў? На маю думку, гэта вельмі простая справа. Калі рыбак ловіць рыбу надта рэдкай сеткай, тады ён можа злавіць толькі буйную рыбу – уся драбнейшая праходзіць скрозь сетку. Калі мы хочам сеткай сваіх судоў налавіць грамадзянаў, якія дагэтуль бяз шкоды выбіраліся адтуль, тады нам трэба сплесьці сетку з грубейшага льну і гэтай сеткай ахутаць усё жыцьцё тарабумбійцаў.

Прафэсар Скайтліс прапанаваў прызнаць беспрацоўе за злачынства, маўляў, дабрабыт дзяржавы грунтуецца на працы грамадзянаў. Абавязкам кожнага грамадзяніна ёсьць спрыяць росквіту сваёй дзяржавы. Але, хто не працуе, той шкоднік, сабатажнік, небясьпечны паразіт, які сваім кепскім прыкладам можа сапсаваць таксама й працавітых грамадзянаў. Цяпер, калі працягваецца крызыс, беспрацоўныя складаюць прыкладна 20% ад усіх жыхароў Тарабумбіі…

Якраз 19 красавіка, праз год пасьля заснаваньня акцыйнага таварыства, выйшаў новы закон, які ўступіў у сілу з дня публікацыі. У адну ноч былі арыштаваныя 60000 беспрацоўных. На працягу тыдня пахапалі і ўсіх астатніх. 35% грамадзянаў Тарабумбіі былі цяпер ператвораныя ў вязьняў і насілі паласатую арыштанцкую вопратку.

4

Калі сьцьвярджаць, што ўсё адбывалася спакойна, без супраціву і пратэсту, гэта была б няпраўда. Ужо на пачатку пэрыяду рэформаў, калі пачаліся прысуды на доўгі тэрмін, і калі тыя, хто адбыў тэрмін, ужо не вызваляліся з заключэньня, у прэсе зьявіліся неспакойныя разважаньні, але яны толькі сталі прычынай для новага закону, які забараняў крытыкаваць захады кіраўніцтва. За невыкананьне закону пагражалі катаржныя працы да пяці гадоў. На працягу месяца былі ізаляваныя ўсе апазыцыйныя журналісты.

Вялікія хваляваньні ўзьняліся пасьля прыняцьця закону аб беспрацоўных. Прафсаюзы правялі сходы пратэсту, на палях і ў парках зьбіраліся дэманстранты, на мітынгах па-рознаму падбухторвалі супраць небывалага гвалту, які падмінаў штодня ўсё большыя масы людзей. Але дырэкторыя толькі й чакала гэтага: адзін за адным прымаліся новыя захады. Прафсаюзы распусьцілі, арыштаваўшы ўсіх членаў; сходы і рознага роду дэманстрацыі забаранілі – за ўдзел у падобных мерапрыемствах пагражала катаржная праца на нявызначаны тэрмін. Гэты закон меў зваротную сілу, і тады былі кінутыя за краты многія тысячы незадаволеных грамадзянаў. Іх зьмясьцілі ў спэцтурмы, у строгую ізаляцыю, каб яны не маглі сваёй палітычнай агітацыяй сапсаваць шчырыя масы крымінальных злачынцаў.

Пасьля таго Бурбуліс скіраваў свой удар супраць парляманту, дзе шумелі розныя радыкалы, сацыялісты і дэмакраты. Бачачы, што знайсьці кампраміс з гэтым натоўпам немагчыма, Бурбуліс зьвярнуўся да выпрабаванага сродку: ён разагнаў парлямант, абвясьціўшы, што гэта непатрэбная сучаснаму грамадзтву ўстанова. Дэпутатаў пасадзілі. Так была адсунута апошняя перашкода.

Дырэкторыя, узяўшы на свае плечы ня толькі паўнату ўлады, але таксама й народнае прадстаўніцтва, магла распачаць рэалізацыю вялізнага пляну. Перш за ўсё яна зьліквідавала дзяржаўны кантроль як шкодны для інтарэсаў дзяржавы. Потым забараніла працаваць адвакатам, вельмі дасьціпна вырашыўшы гэтую праблему. Кожны адвакат, які абараняў у судзе несправядлівую справу, атрымліваў такі самы прысуд, як і ягоны кліент. Але ж генпракурор Цылпа засуджваў усіх, хто толькі трапляў у суд, таму адвакаты прызналі за разумнейшае ня брацца больш за вядзеньне справаў.

Войска ператварылі ў батальён турэмных наглядчыкаў, пакінуўшы толькі трэцюю частку для аховы межаў. Ува ўсіх канцах дзяржавы праводзілася перабудова. Вялізныя гарадзкія будынкі ператвараліся ў турмы, у полі будаваліся канцэнтрацыйныя лягеры. Гарады абкручвалі калючым дротам з токам высокага напружаньня.

Прадпрыемства разрасталася, як рак, ахопліваючы сваімі клюшнямі ўвесь дзяржаўны арганізм. Рукі дырэкторыі дабраліся да ўсёй вытворчасьці дзяржавы, бо дзяржава лічылася адзіным спадчыннікам маёмасьці засуджаных. Сялянаў падпарадкавалі строгай працоўнай дысцыпліне. Яны аралі, сеялі і жалі пад наглядам узброеных ахоўнікаў; штодня пасьля абеду спэцыяльны фэльдшар уколваў кожнаму “сыроватку працавітасьці”. Статус вязьня пачалі кваліфікаваць як ганаровы. І, на дзіва, не бракавала грамадзянаў, якія дабраахвотна працягвалі рукі, каб на іх накладалі кайданы.

Але на сценах будынкаў, платах і ўсіх грамадзкіх прыбіральнях зьявіўся бессаромны надпіс:
“Бурбуліс, прасьпіся ад ачмурэньня ўладай!”

Гендырэктар не зьвяртаў увагі на такія дробязі. Ён толькі афіцыйна абвясьціў сваю дыктатуру і ўзяў на сябе кіраваньне ўсімі міністэрствамі. Ад дзяржаўнага бюджэту штогод заставалася рэшта, якую пераводзілі ў сакрэтны фонд дырэкторыі. На пачатку пятага году турэмная справа была законна прызнаная найбольш адпаведнай формай грамадзянскага ладу, і ўсе грамадзяне Тарабумбіі абвешчаныя вязьнямі пажыцьцёва.

З грамадзкай думкай дырэкторыі ўжо не выпадала лічыцца, таму што не было ніякага грамадзтва, а толькі вязьні, а яны, — як прынята ўва ўсіх культурных краінах, — не лічыліся за грамадзтва.

Хоць лічылася, што ў дзяржаве ёсьць толькі адна кляса – вязьні, на самой справе іх было дзьве: правамоцныя і неправамоцныя. Правамоцная кляса ўключала надзейных для дырэкторыі турэмных наглядчыкаў, наглядчыкаў за працай і праслойку адказных спэцыялістаў, якім для бясьпекі час ад часу гіпнозам уводзілася пакорлівасьць у дачыненьні да кіруючай клікі. Неправамоцныя падзяляліся таксама на касты абсалютна ненадзейных і трошкі надзейных. Апошнія карысталіся многімі перавагамі: ім давяраліся адказныя галіны працы, сярод іх набіралі маракоў і транспартных рабочых. Акрамя маракоў і дыпляматаў ніводзін грамадзянін Тарабумбіі ня мог пакінуць тэрыторыю сваёй дзяржавы.

Дзяржава квітнела. Тайны фонд дырэкторыі павялічваўся.
Дыктатура – гэта найвышэйшая форма свабоды! – казаў Бурбуліс.

5

Доўгі турэмны тэрмін зьмяніў тарабумбійцаў духоўна і цялесна: гэта было зборышча мізэрных рабоў зь вялікімі, як з голаду апухлымі галовамі, па-ідыёцку аднастайнымі тварамі, змучанымі, тусклымі вачыма. Працуючы па шаснаццаць гадзінаў у дзень, гэтыя людзі хутка зношваліся, і да сарака гадоў станавіліся бясьсільнымі старымі.

Высокае становішча закруціла галаву гендырэктару Бурбулісу, што тлумачылася ягоным спадчынным малакроўем. Чым больш станавіліся багацьці дырэкторыі, тым больш расло і ўладалюства Бурбуліса. Ён ужо не цярпеў побач з сабой нікога роўнага. Адно за адным ён ліквідаваў прывілеі, якімі былі надзеленыя дырэктары, турэмныя наглядчыкі ды адказныя спэцыялісты. Ён зьняў з пасады генэрала Дурэ, вярхоўнага камісара Вілкса і генпракурора Цылпу, узяўшы на сябе іхнія абавязкі і правы. Шэф прэсы Вэйш ужо даўно быў абвінавачаны ў маладушнасьці, і яго скіравалі на катаржную працу ў далёкую турму. Парлямантарыст Упсі памёр, а прафэсар Скайтліс захварэў на старэчую прыдуркаватасьць.

Сьвятароў закавалі ў кандалы, а турэмныя наглядчыкі мяняліся зь вязьнямі – іхнія абавязкі па чарзе выконвалі самі вязьні. Тады кожны меў магчымасьць паўладарыць над іншымі. Гэтая завядзёнка з самага пачатку паказала сваю большую карыснасьць, чымся сталы інстытут турэмных наглядчыкаў, таму што ніхто ня ведаў штучак і хітрыкаў вязьняў лепш за саміх вязьняў.

Такім чынам Бурбуліс зрабіў, на ягоную думку, вялікую працу: з усіх вершалін ён саштурхнуў змучаны народ у бездань. Урэшце дыктатар перажыў дзень вялікага трыюмфу, калі ён адзіны ўзьняўся над натоўпам, гуртом рабой,– неабмежаваны ўладар і адзіная вершаліна. Але вялікі правадыр пайшоў яшчэ далей: Тарабумбію ён абвясьціў Бурбуліяй, таму што так гэта гучала больш прыемна, і ў гэтай назьве быў вядомы ўнутраны сэнс. Сталіцу ён перайменаваў у Бульбульград, як і многія іншыя значныя гарады, кожнаму зь якіх дзеля адрозьненьня надаўшы свой нумар, напрыклад, Бульбульград-1 і г.д.

6

Вынішчыўшы прывілеяваную праслойку, Бурбуліс дапусьціў вялікую памылку, наступствы якой яму трэба было б убачыць у прыкладах з сусьветнай гісторыі,– ён не захаваў прынцып раўнавагі. А зь перадгістарычных часоў да нашых дзён бачна, што самыя вялікія аўтакраты і дэспаты сваю ўладу абапіралі на пэўных клясах і праслойках людзей: войску, шляхце, царкве, буржуазіі. У сьляпым імкненьні да самаўладдзя Бурбуліс пакрыўдзіў усіх грамадзянаў, абразіў усіх і падштурхнуў на бунт: ён не клапаціўся пра падзел масы, пра тое, каб клопат прывілеяваных за захаваньне свайго выключнага становішча быў супрацьвагай нянавісьці прыгнечаных. І такім чынам дыктатар застаўся зусім адзін супраць усяго народу, сам са сваёй прыдуманай моцай, якая хутка аказалася фіктыўнай.

Сярод вязьняў, нягледзячы на доўгія гады, праведзеныя на катарзе, яшчэ знайшліся сьветлыя галовы, якія ўважліва сачылі за кожным крокам дырэкторыі. Калі Бурбуліс у сваёй палітычнай блізарукасьці зьліквідаваў усе грамадзкія групы, яны зразумелі, што надыйшла гадзіна свабоды. У турмах пачалася палкая агітацыя. Замест казаньня штовечар па ўсёй Бурбуліі гучалі палымяныя прамовы бунтаўнікоў. І павольна, але грунтоўна вязьні пачалі разумець, што за ім не стаіць рэальная сіла, што магутны толькі той, за кім ідзе народ. Ад яго самога залежыць – пагадзіцца з рабствам або скінуць кайданы.

На пятнаццатыя ўгодкі Бурбулійскай турэмнай дзяржавы здарыўся выпадак – зьнешне непрыкметны, але вельмі важны для далейшай гісторыі дзяржавы. Дыктатар загадаў усім сталічным вязьням сабрацца перад сваім палацам на вялізным полі, якое з усіх бакоў было аточанае высокай загароджай з калючага дроту. З гаўбца палацу ўладар прамовіў да народу. Ён расказаў, як прамінулі пятнаццаць гадоў турэмшчыны, які парадак і спакой пануюць цяпер па ўсёй дзяржаве.

– Няма страйкаў. Усе падаткі адмененыя, бо дзяржава ўсё пакрывае з сваіх сродкаў. Галовы маладых не пакутуюць ад непатрэбных ведаў. Няма ўжо ні багатых, ні бедных, ёсьць толькі вязьні, якім даступны аднолькавы для ўсіх жыцьцёвы стандарт. Таму зьнікла зайздрасьць, узаемная нянавісьць ды іншыя злачынныя жарсьці, што нараджаюцца з чалавечай сквапнасьці. Пачалося залатое стагоддзе гісторыі Бурбуліі. Каб ушанаваць рэфарматара, я заклікаю прысутных гукнуць у мой гонар: “Няхай жыве Бурбуліс!”

Ён змоўк, гатовы з бацькоўскай дабрынёй выслухаць радасныя крыкі натоўпу.

Але натоўп маўчаў. Сотні тысячаў твараў нема глядзелі на дыктатара. Бурбуліс здрыгануўся ад страшнага прадчуваньня. Тады ён закрычаў:

– Вязьні! Я вам загадваю крыкнуць у мой гонар “Няхай жыве!”

Гукаўзмацняльнікі разьнесьлі гэтыя словы па ўсім полі. Але натоўп не зварухнуўся, ніводныя вусны не раскрыліся для крыку. Панавала такая ціша, што можна было пачуць подых людзей.

Гэта была дзіўная, небывалая, нечувальная і страшная катастрофа. Народ не падпарадкоўваўся. Тады ў натоўпе загучаў голас:
– Што тут стаяць, пайшлі дадому!

І адразу маса зварухнулася, праз усе брамы пачала выплываць на вуліцы, павольная, спакойная і нястрымная. Дыктатара душыў страшны гнеў. Як малпа ў клетцы, ён кідаўся з аднаго кутка гаўбца ў другі, махаў рукамі і крычаў:
– Назад! Я загадваю! Я ваш уладар, і вы павінны падпарадкоўвацца мне! Уся ўлада належыць мне!

Вецер сьмеху прашамацеў на вуліцах і ў полі. Народ трушчыў агароджы з калючага дроту, нішчыў цяжкія кайданы, ламаў замкі камэраў і пастарункаў і цэлымі вазамі звозіў гэта на рэчку тапіць. На тым месцы вырас востраў. На турэмных дварах успыхнулі вогнішчы, на якіх палілі партрэты дыктатара. Нешта падобнае на веснавую паводку кацілася па вызваленай зямлі.

Дыктатар бегаў ад адной турмы да другой, даваў адзін загад за другім, сыпаў прысуды налева і направа, але народ не зьвяртаў на яго ўвагі, быццам бы гэта быў пусты, нябачны дух, што насіўся навокал.

– Я ваш уладар, а вы павінны мне падпарадкоўвацца!—надрываўся Бурбуліс.—Улада належыць мне!..

Народ зьнішчыў Бурбуліса поўным ігнараваньнем. Даў яму бегаць, буяніць, дэманстраваць паўсюль пустую, абстрактную сутнасьць улады і толькі пасьмейваўся з фанабэрыстых паводзінаў старога.

… Прамінулі гады. Турэмная дзяржава рухнула, і на яе руінах вырасла новая, вольная Тарабумбія. Аднавіліся навука і мастацтвы, квітнела народная супольнасьць. Усе грамадзяне сталі роўнымі перад правам і абавязкамі. Але па дарогах Тарабумбіі яшчэ доўга туляўся нейкі звар’яцелы дзядзька, брудны, зарослы шчацінай і сьмярдзючы. Ён уваходзіў у вёскі і затрымліваў кожнага сустрэчнага, гаварыў рэзка і ўладарна пра свае адабраныя правы і пагражаў.

Людзі спачувальна ўсьміхаліся і казалі:
– Гэта ж стары Бурбуліс. Той, прыдуркаваты…

Яму давалі есьці і сьцялілі дзе-небудзь на падлозе. Гэта ўсё ён прымаў з урачыстым выглядам, як належнае. З раніцы ён цягнуўся далей – самотны, незразумелы і звар’яцелы.

Vilis Lācis. Kopoti raksti. T. 19. Rīga, 1977.

Пераклад з латышскай - Валеры Буйвал

Віліс Лацыс (1904-1966), латышскі пісьменьнік, аўтар трылёгіі “Бяскрылыя птушкі”, раманаў і аповесьцяў “Сын рыбака”, “Бура”, “Новая сіла”, апавяданьняў. Казка “Краіна турмаў” напісаная ў 1933 г.

30/11/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2004
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024