Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Вісвалдзіс Лацыс “Лёс ваеннапалонных”

Ужо ў 1899 і 1907 гадах дэлегаты розных краін зьбіраліся на канфэрэнцыі ў Гаазе, дзе спрабавалі распрацаваць і прыняць міжнародныя прававыя нормы, якія ў часе ваенных дзеяньняў рэгулявалі б стаўленьне дзяржаваў да ваеннапалонных. На абедзьвюх канфэрэнцыях, асабліва на заключнай канфэрэнцыі 1907 года былі прынятыя нормы, якія вызначалі гуманнае абыходжаньне з ваеннапалоннымі. Нельга было адбіраць у ваеннапалонных асабістыя рэчы, не зьвязаныя з ваеннымі дзеяньнямі, напрыклад, гадзіньнікі. Палонных дазвалялася трымаць у турме толькі ў выпадках, зьвязаных з патрабаваньнямі бясьпекі. Палонных можна было выкарыстоўваць як працоўную сілу толькі ў адпаведнасьці з іхнімі фізічнымі і духоўнымі сіламі пры выкананьні пэўнай працы.
Палонным належала карыстацца такім жа самым забесьпячэньнем харчамі, вопраткай і жыльлём, якое атрымлівалі жаўнеры таго ваюючага боку, які ўзяў іх у палон. Палонны быў падпарадкаваны заканадаўству той краіны, дзе ён як палонны знаходзіўся. Але ў той меры і аб’ёме, у якой былі падпарадкаваныя грамадзяне той дзяржавы.

Ніводная з дзяржаваў, што ўдзельнічалі ў Другой сусьветнай вайне, на жаль, не выконвала ў поўным аб’ёме канвэнцыі, прынятай на Гаагскай канфэрэнцыі 1907 г., як таксама й пазьнейшай канвэнцыі, прынятай у 1929 г. у Жэнэве з дапаўненьнямі. А СССР ніколі не пагадзіўся падпісаць гэтых рашэньняў і таму лічыў, што яны ня маюць дачыненьня да савецкай краіны.

Немагчыма дакладна вызначыць колькасьць ваеннапалонных у Другой сусьветнай вайне, бо, напрыклад, надзвычай цяжка высьветліць, ці сярод прапаўшых бяз вестак былі ваеннапалонныя і колькі іх было. Прыкладныя лічбы па вайскоўцах, што трапілі ў палон, такія: 5 750 000 савецкіх вайскоўцаў, 3 400 000 нямецкіх, 350 000 італьянскіх, 214 000 брытанскіх, 139 000 амэрыканскіх, 911 000 польскіх, як і вялікая колькасьць нарвэжскіх, фінскіх, бэльгійскіх, галандскіх, югаслаўскіх, грэцкіх, румынскіх, вугорскіх, японскіх ды вайскоўцаў іншых дзяржаваў і народаў.

З палонных усіх ваюючых дзяржаваў найбольш пакутвалі палонныя ў абедзьвюх бязьлітасных таталітарных дзяржавах – СССР і Нямеччыне. Ужо з першых дзён вайны пачалося ўзаемнае забойства, зьдзекі, утрымліваньне палонных у нечалавечых умовах.

Прычынай забойства палонных адразу пасьля захопу ў палон былі як нацыянал-сацыялістычная расістоўская і антыкамуністычная ідэялёгія, так і ненавісьніцкая рэалізацыя гэтай ідэялёгіі ў адносінах да вайскоўцаў ворага нямецкімі службамі бясьпекі і афіцэрствам вышэйшага зьвяна вэрмахту. Перад самым пачаткам вайны з Савецкім Саюзам Гітлер выдаў такзваны камісарскі загад. У адпаведнасьці зь ім кожны ўзяты ў палон камісар чырвонай арміі павінен быў быць расстраляны на месцы.

Вышэйшае камандваньне на Ўсходнім фронце ўвосень 1941 г. спрабавала дамагчыся адмены камісарскага загаду. Яно рабіла гэта не з этычных, а толькі з практычных меркаваньняў. Калі з часам гэты загад стаў вядомы ў чырвонай арміі, то яе супраціў рэзка ўзмацніўся. Камісары, якія насамрэч кантралявалі камандзёраў частак і адказвалі за выкананьне загадаў Сталіна да апошняга чалавека і апошняга патрону, — самы спрыялі іх выкананьню, бо ведалі, што лепш загінуць на полі бою, чым здацца ў палон. Таму ў травені 1942 г. камісарскі загад адмянілі, але гэта не зьмяніла іхнага лёсу. Камісараў, што трапілі ў палон, немцы высылалі ў канцлягер Маўтхаўзэн, дзе іх мардавалі.

Шмат палонных расстрэльвалі падчас далёкіх пераходаў, якія часам перавышалі 100 км, па дарозе ў лягеры. Фізічна слабейшых, якія не маглі ісьці, або адразу забівала ахова калёны, або іх чакала сьмерць ад куляў адмыслова арганізаваных з гэтай мэтай транспартных аддзелаў, якія ехалі сьледам за калёнай і “прыбіралі” усіх, хто застаўся на дарозе. Нямецкія генэралы па-рознаму ставіліся да неабгрунтаванага фізічнага зьнішчэньня чырвонаармейцаў. Камандуючы 6-й арміяй генэрал-фэльдмаршал Райхэнаў дапоўніў загад Гітлера ад 8 верасьня 1941 г. сваім загадам па арміі: “трэба расстрэльваць нявыносьлівых, слабейшых ваеннапалонных”. Як бы там ні было, сярод немцаў знаходзіліся людзі, якія з гуманных прынцыпаў хацелі кардынальна зьмяніць абыходжаньне з савецкімі ваеннапалоннымі. Пасьля мэмарандума графа фон Мольткэ, які пазьней удзельнічаў у нямецкім антыгітлераўскім руху супраціву, кіраўнік нямецкай службы ваеннай выведкі адмірал Канарыс зьвярнуўся да галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Кайтэля з просьбай адмяніць загад ад 8 верасьня 1941 г. Адказ Кайтэля быў кароткі і ясны: “Сфармуляваная ў загадзе думка адпавядае ўяўленьням вайскоўца аб рыцарскай вайне! Йдзецца пра зьнішчэньне пэўнага сьветапогляду. Таму я адабраю гэтыя палажэньні і згодны зь імі”.

Галодная сьмерць давала немцам магчымасьць вынішчаць савецкіх ваеннапалонных. У лепшым выпадку палонныя атрымлівалі ў лягерох чвэць неабходнай дзеля падтрыманьня жыцьця колькасьці ежы. Ужо ўвосень 1941 г. палонныя шмат дзе елі траву і галіны дрэваў. Гэрынг аднойчы са сьмехам сказаў італьянскаму міністру замежных справаў Чыяно: “Пасьля таго як яны зьелі ўсё, што яшчэ было ядомым, уключна са скуранымі падкладкамі, то пачалі есьці адзін аднога і, — што ўжо больш сур’ёзна,– зьелі нейкага немца, наглядчыка лягеру”. Харчоў немцам хапала, толькі яго не давалі палонным. Яшчэ адной бядой былі розныя інфэкцыйныя хваробы ды іншыя пошасьці. Шмат дзе ваеннапалонных нават пасьля наступленьня маразоў утрымлівалі горш за жывёлаў у заапарку – пад голым небам у лахманах і на холадзе.

Становішча палонных пачало трохі паляпшацца ў другой палове 1942 г., калі стала ясна, што вайна так хутка ня скончыцца. Мабілізаваныя на вайсковую службу немцы маглі пакінуць сельскую гаспадарку і прамысловасьць Нямеччыны толькі на грамадзянаў іншых краінаў і на ваеннапалонных. Таму нават Гімлер у 1943 г. у прамове да супрацоўнікаў службы бясьпекі ў Познані быў вымушаны сказаць, што неабходна зьмяніць адносіны да палонных, каб надалей найбольш кваліфікаваных і фізічна мацнейшых выкарыстоўваць як “працоўны матэр’ял”. Так прыкладна 700-750 тысячам савецкіх ваеннапалонных удалося захаваць жыцьцё, працуючы ў Нямеччыне.

Многія з аднаго мільёну людзей, што выжылі ў канцэнтрацыйных лягерох краінаў Эўропы і вярнуліся дадому, па волі Сталіна пайшлі зноў у лягеры ГУЛАГу. Многіх закранула ўжо 1945-46 гг. “знакамтае выказваньне” палкоўніка НКВД Ф. Жалязова: “Мы й ня будзем намагацца даказаць іхную віну. Няхай яны нам даказваюць, што ў іх ня было варожых памкненьняў”. Значыць, калі чалавек трапіў у нямецкі палон, то як жа ў яго ня было варожых памкненьняў!

Становішча і лёс нямецкіх ваеннапалонных у савецкім палоне былі адносна больш спрыяльнымі, чым у расейскіх палонных у нямецкім палоне. З 3 155 000 нямекіх ваеннапалонных загінулі 1 110 00 — 1 185 000 (35-38%). Аднак, працэнт загінуўшых шмат у чым залежаў ад таго, дзе і ў якіх абставінах немцы траплялі ў палон. Пасьля капітуляцыі ў Сталінградзе з 91 000 нямецкіх ваеннапалонных дадому вярнуліся толькі 5000. З захопленых на Сталінградскім фронце 24 генэралаў вярнуліся ў Нямеччыну 23.

Нямецкіх ваеннапалонных чырвонармейцы пачалі забіваць, таксама як і іхнія праціўнікі, ужо з першых дзён вайны. Напрыклад, ля Жалезнага маста ў Рызе былі захопленыя немцы, якія ня вытрымалі ўдару вялікіх сілаў і браку амуніцыі. Іх адразу ж расстралялі ў сутарэньнях шпіталя Чырвонага Крыжа ў канцы чэрвеня 1941 г.

Шмат разоў чырвонаармейцы забівалі палонных латышскіх легіянэраў. Напрыклад, адступаючы з Расеі, непадалёк ад мяжы Латвіі 16 ліпеня 1944 г. трапіла ў акружэньне і была разьбітая групоўка пад камандаваньнем палкоўніка Карла Апэратса з 15-й дывізіі, якая засталася без супрацьтанкавай зброі. Многіх параненых латышскіх жаўнераў, сабраных на санітарным пункце ў ляску на ўсход ад Мозуляў, проста задавілі танкі, што ішлі ў наступ. Астатніх, што трапілі ў палон, расейцы расстралялі.

У Югаславіі 150 000 нямецкіх жаўнераў трапілі ў палон да камуністаў,– народнай арміі пад камандаваньнем маршала Ціта. Траціна зь іх не вярнулася дадому.

У травені 1943 г. пасьля разгрому немцаў ў Паўночнай Афрыцы 250 000 нямецкіх і італьянскіх палонных задалі брытанцам галаўнога болю. Брытанцы вырашылі праблему, адаслаўшы большую частку палонных у Канаду. Узаемныя рыцарскія адносіны падчас баявых дзеяньняў у Паўночнай Афрыцы, на жаль, не паўтарыліся падчас баёў у Францыі пасьля брытана-амэрыканска-французкай інвазіі ў Нармандыі. Там 12-я нямецкая танкавая дывізія СС змрочна ўславілася расстрэлам канадзкіх ваеннапалонных. Гэтыя дзеяньні адразу выклікалі адпаведную рэакцыю ў брытанскіх аддзелах. Брытанскі гісторык Макс Гасьцінгс у кнізе “Апэрацыя Овэрлорд” пісаў, што ў гутарках з многімі дзесяткамі брытанскіх жаўнераў ён даведаўся, як кожны зь іх або быў сьведкам, або сам удзельнічаў у расстрэле нямецкіх ваеннапалонных. Многія брытанскія і амэрыканскія часткі адразу ж расстрэльвалі палонных немцаў-эсэсаўцаў.

Урад і ваеннае камандаваньне ЗША паказалі найбольш цывілізаванае абыходжаньне з палоннымі жаўнерамі праціўніка. Нямецкіх палонных, якіх падчас вайны перавозілі ў Амэрыку, у лягерох чакалі такія ўмовы, якім пазайздросьцілі б палонныя ўсіх ваюючых краінаў. Іх разьмясьцілі ў спортзалях унівэрсітэтаў, утульных намётах ў паўднёвых штатах, у будынках, пабудаваных раней для маладых беспрацоўных у сельскай мясцовасьці. Там былі – чытай і зьдзіўляйся! – крамы, сталоўкі, майстэрні, спортпляцоўкі. З дазволу дзяржворганаў ЗША ў лягерох нямецкія ваеннапалонныя ўрачыста адзначалі дзень народзінаў Гітлера – 20 красавіка!

У заключны пэрыяд вайны, бачачы высокі жыцьцёвы ўзровень у ЗША і магчымасьці асабістай свабоды, многія тысячы немцаў дабраахвотна ішлі на вайну супраць Японіі — хаўрусьніка Нямеччыны. Іншыя ўцякалі з лягероў, каб тайна застацца назаўсёды ў ЗША і не вяртацца дадому ў разбураную Эўропу. 10 травеня 1959 г. у Цынцынаці (штат Агаё) дабраахвотна здаўся ФБР перадапошні з 2222 уцекачоў. А апошняга, Гэорга Гартнэра, ніколі не спаймалі, і ў 1963 г. ФБР спыніла пошукі.

Вельмі трагічны быў лёс многіх італьянскіх жаўнераў пасьля таго, як у верасьці 1943 г. было скінутае фашыстоўскае кіраўніцтва Мусаліні, і новая дэмакратычная ўлада Італіі перайшла на бок заходніх краінаў. Шалеючы ад нянавісьці да здраднікаў, былых таварышаў па вайне, немцы шмат дзе забілі тысячы італьянскіх вайскоўцаў, хаця тыя падпарадкаваліся загаду немцаў і склалі зброю. Так, немцы сьвядома патапілі карабель з 13 000 італьянскіх жаўнераў, які перавозіў іх з грэцкіх выспаў Эгейскага мора на мацярык.

Нямецкая 6-я армія пасьля паразы пад Сталінградам была раскіданая па лягерох ад Арктыкі да паўднёвых пустыняў СССР. Цягнікі тысячамі везьлі нямецкіх ваеннапалонных ад Волгі ў Узбэкістан. У кожным вагоне было набіта больш за сто палонных. Калі ахова расчыняла дзьверы вагону, каб закінуць некалькі кавалкаў ежы, паміж палоннымі заўсёды ўсчыналася барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць. Дзьверы расчынялі зноў толькі штодругі дзень, і ў бойках за ежу немцы забівалі адзін аднаго. Такі шматтыднёвы пераезд перажылі толькі фізічна наймацнейшыя. Калі цягнік дасягнуў мэту – Памірскія горы, палова пасажыраў ўжо памерла.

У многіх лягерох палонныя самы клапаціліся аб выжываньні, асабліва там, дзе вайсковая дысцыпліна хутка разбуралася. На тэрыторыі Суздальскага лягеру для італьянскіх палонных можна было ўбачыць трупы без рук і ног. Пачаўся канібалізм. Спачатку канібалы падкрадаліся да трупаў крыючыся. Потым яны пачалі адбіраць толькі нядаўна памерлых, яшчэ неастылых, бо тое мяса было мякчэйшае. Потым яны кодламі адкрыта бадзяліся па лягеру, ня слухаючы тых, хто хацеў устрымаць іх ад канібалізму. Урэшце яны пачалі “дапамагаць” паміраючым хутчэй памерці.
Як і на ўсіх франтах вайны, у тыле функцыянаваў прынцып – зьверства накладалася на зьверства.

Visvaldis Lācis. Otrais pasaules karš. Rīga, 1994.

Пераклад з латышскай - Валеры Буйвал

Вісвалдзіс Лацыс – сучасны латышскі гісторык, аўтар многіх кніг і артыкулаў па гісторыі ХХ стагоддзя, сусьветных войнаў і па тэме расейскіх злачынстваў у Прыбалтыцы. “Лёс ваеннапалонных” – гэта глава зь ягонай 4-томнай манаграфіі “Другая сусьветная вайна”.

5/12/2004 › Старонкі гісторыі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2004
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024