Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Палітыка, мараль і сучасная сітуацыя. Мікалай Крукоўскі Цяперашні З’езд Беларускага Народнага Фронту мае перад сабой праблемы, напэўна, самыя складаныя з усяго немалога перыяду свайго існавання. У іх у завілым скрутку змяшаліся пытанні як тэарэтычнага плану, так і зусім процілеглага, ледзьве не драбнасткова-асабістаснага характару. І па ўсіх тых праблемах і пытаннях БНФу і яго кіраўніцтву прыходзіцца вытрымліваць сёння асабліва сярдзітыя крытычныя атакі. Для пачатку пагэтаму крыху тэорыі. Яшчэ з гегелеўскіх часоў вядома, што палітыка, як і дзяржава, ёсць рэальнасць маральнай ідэі. Сёння, аднак, мы жывем у эпоху ўсё яшчэ не пераадоленых марксісцка-ленінскіх стэрэатыпаў. Самым жывучым з іх аказаўся сфармуляваны Леніным тэзіс, згодна якому палітыка - гэта канцэнтраваная эканоміка (маралі, як вядома, ён пакідаў усяго толькі службовую ролю ў справе захопу ўлады, вызначаючы яе як дапаможны сродак для перамогі камунізму: маральным для яго быў і архіпелаг ГУЛАГ!). Зрэшты, тэзіс аб прыярытэце эканомікі незалежна ад Маркса і Леніна даволі шырока, як ні дзіўна, бытуе і сярод некаторых спецыялістаў сучаснага Захаду. Але і заходняя філасофія і заходняя навука ў лепшых сваіх узорах, пачынаючы з даўнішняга Гегеля і канчаючы, напрыклад, сучаснымі Тойнбі, Сарокіным, Новакам, Ролзам і іншымі, трактавала і трактуе праблему ўзаемаадносін паміж мараллю і палітыкай як частку агульнай праблемы ідэальнага і матэрыяльнага і іх актыўнага ўзаемадзеяння паміж сабой. З гэтых пазіцый і гістарычнае развіццё грамадства ёсць сваеасаблівае ўзаемадзеянне ідэальнага і матэрыяльнага. Сама гісторыя чалавецтва выступае перад намі ў выніку як заканамерная чарада пад”ёму, росквіту і ўпадку асобных соцыумаў і іх культур. І на фазе менавіта пад’ёму рашаючую ролю заўсёды адыгрывала і адыгрывае ідэя, а не матэрыяльны інтарэс. Гэта даўно ўжо даказана і філасофскай тэорыяй і канкрэтна-навуковай эмпірыкай. Нават той жа Маркс насуперак свайму матэрыялізму прызнаваў некалі, што ідэя, авалодаўшы масамі, становіцца матэрыяльнай сілай і, значыць, усё пачынаецца з ідэі. А мараль, як вядома, мае чыста ідэальны характар. Пагэтаму высуваныя сёння папрокі Фронту ў, быццам бы, ідэалістычнасці і рамантызме яго палітычнвй лініі не маюць сэнсу, бо гэта заканамерныя асаблівасці часу і гістарычнай сітуацыі. Тым болей не маюць рацыі падобныя папрокі ў адрас асабіста Зянона Пазьняка як натхніцеля і кіраўніка такой палітыкі, бо ён сваёй жорсткай устаноўкай на прыярытэт маралі ў палітычнай дзейнасці якраз і ўвасабляе ў сабе, думаецца, азначаныя рысы і асаблівасці, абумоўленыя як вечнымі маральнымі прынцыпамі, так і грамадскай сітуацыяй. Гэта тое, што нам сёння якраз патрэбна і што надзвычай выгадна выступае на фоне цяперашняга амаралізму і індывідуалісцкай амбіцыёзнасці некаторых нашых нават вельмі апазіцыйна настроеных сёння палітыкаў (”палітыкаў” лукашэнкаўскага тыпу мы па зразумелых прычынах пакідаем тут зусім у баку). У якасці такой усеагульнай ідэі, якая ляжыць у аснове палітыкі БНФ ва ўсіх яе канкрэтных кірунках і адгалінаваннях, выступае менавіта нацыянальная ідэя як наш агульны сацыяльны ідэал. Сустраканая сёння эмацыянальна-адмоўная рэакцыя супраць паняцця ідэала і спробы паставіць на яго месца толькі матэрыяльны інтарэс з’яўляецца ў лепшым выпадку праявай памянёнага марксісцкага стэрэатыпу аб прыярытэце эканомікі ў сацыяльным жыцці, а ў горшым - усяго толькі слепа-неразумнай эмацыянальнай рэакцыяй на недалёкі, вельмі нядобры час, звязаны з крайне фальшывымі ідэаламі ў форме куміраў і ідалаў камуністычнага тыпу. Нярэдкія спасылкі на сучасную заходне-еўрапейскую мэнтальнасць з яе ўстаноўкай на пераважна асабістую індывідуалістычную выгаду і інтарэс таксама ёсць вынік недастатковага ведання гісторыі еўрапейскай цывілізацыі. Згодна Максу Вэбэру, напрыклад, базай і крыніцай сучаснага багацця матэрыяльнага быту Еўропы і Амэрыкі з’вілася не што іншае, як пратэстанцкая этыка з яе ідэаламі беражлівасці, працы і прадпрыймальніцтва як Божага Прызвання, а не ўсяго толькі жывёльна-прагная пагоня за асабістай нажывай. Пра тое піша, шырока ўжываючы, дарэчы, слова “ідэал”, і сёнешні амэрыканскі эканаміст М.Новак у кнізе “Дух дэмакратычнага капіталізму”, выдадзенай нядаўна менавіта ў нас у Мінску. Этыка і эканоміка звязаны паміж сабою цесным і неразрыўным адзінствам, як духоўны і матэрыяльны пласты культуры ў цэлым і як душа і цела ў паасобным чалавеку. Да чаго можа прывесці эканоміка без этыкі паказвае прыклад цяперашняй Расіі з яе алігархічна-мафіёзнай, напалову злачыннай гаспадарчай сістэмай і навалай жахлівай бездухоўнасці ў яе некалі вялікай культуры. Творыць усё ж такі дух, як гаварыў апостал Павел, а цела - толькі спажывае. Нацыянальная ідэя з’яўляецца галоўнай кіруючай ідэяй у палітыцы Беларускага Народнага Фронту таму, што яна найбольш поўна выражае самаўсведамленне народа, яго, так бы мовіць, саборнае “Я” як самастойнай рэальнай агульнасці і як поўнацэннай часткі агульначалавечай сацыяльнай сістэмы. Яна рэалізуецца праз духоўную культуру і нацыянальную мову як матэрыялізаваную свядомасць, непасрэдна спалучаючыся з матэрыяльнай культурай і той жа эканомікай народа і ператвараючы яго ў рэальны і цэласны сацыяльны арганізм. Больш шырокія ідэі, як, напрыклад, агульначалавечая ідэя гуманізму, Космасу і, нарэшце, сам Госпад Бог выступаюць у ролі сваеасаблівых катэгарычных імпэратываў, сярод якіх Бог з’яўляецца найвышэйшым, абсалютным маральным крытэрыем і арыенцірам. Пры гэтым, аднак, усе гэтыя ідэі захоўваюць свой чыста ідэальны характар і рэалізуюцца праз больш вузкую і канкрэтную нацыянальную ідэю. Тэакратыя, напрыклад, яшчэ не ёсць дэмакратыя. Дэмакратыя можа рэалізавацца толькі праз нацыянальную ідэю ў форме суверэннай, незалежнай дзяржавы. Такія ж ідэі, як усяляк раздуванае сёння “славянскае брацтва”, альбо шумны некалі “пралетарскі інтэрнацыяналізм” на сучасным этапе ўвогуле не могуць рэалізавацца: першае з іх мае сёння толькі гістарычнае значэнне, а другі дык і ўвогуле аказаўся амаль што міфам. Нацыянальная ідэя на дадзеным этапе гістарычнага развіцця мае прыярытэтнае значэнне нават у параўнанні з самой ідэяй дэмакратыі, бо перш чым будаваць дэмакратычнае грамадства, трэба мець адпаведныя ўмовы і перш за ўсё свабоду і незалежнасць гэтага грамадства як суверэннай дзяржавы, здольнай самастойна распараджацца сваім уласным станам і ўнутранымі магчымасцямі ў абставінах прынцыпова роўнапраўных і добрасуседскіх узаемаадносін з акружаючымі яе іншымі суверэннымі дзяржавамі, у нашым выпадку, напрыклад, з Расіяй. Гэта, зрэшты, таксама дэмакратыя, але ўжо ва ўзаемаадносінах не паміж канкрэтнай асобай і дзяржавай, а паміж дадзенай дзяржавай і дзяржавамі акаляючага яе агульнага сацыяльнага асяроддзя. Аднак, у сучасных грамадска-палітычных абставінах, з прычыны свядома здрадніцкай палітыкі беларускіх улад начале з Прэзідэнтам А.Р.Лукашэнкам, Рэспубліцы Беларусь пагражае менавіта страта гэтага суверэнітэту і магчымасць быць вернутай назад у стан каланіяльнай залежнасці ад Расійска-імперскай Федэрацыі з перспектывай поўнай асіміляцыі і знішчэння самога беларускага народа і ягонай культуры, не кажучы ўжо аб дэмакратызацыі яго жыцця. У такіх умовах маральна-палітычная сіла нацыянальнай ідэі канкрэтызуецца як адзіны і найбольш эфектыўны сродак заховы і далейшага ўмацавання суверэнітэту РБ. На гэтай найважнйешай задачы і павінна засяродзіцца і сканцэнтравацца сёння ўся дзейнасць БНФ як на асноўнай сваёй стратэгічнай лініі. Менавіта пры такой палітычнай стратэгіі БНФ аказваецца ў больш выгадным стане, чым многія іншыя палітычныя арганізацыі на Беларусі, адны з якіх фактычна засяроджваюцца пераважна на праблемах канкрэтнай эканомікі, другія любымі сродкамі імкнуцца да саюзу з Расіяй але без Лукашэнкі, трэція - да інтэграцыі з Еўропай без уліку сёнешняй беларускай спецыфікі, а чацвертым, падобна расійцу Жырыноўскаму, хочацца ўсяго толькі самім пакіраваць. * Мараль у палітыцы мае прыярытэт і перад законнасцю, бо закон - гэта толькі знешняя, матэрыялізаваная форма, якая без унутранага духоўна-маральнага зместу сапраўды ператвараецца ў праславутае “дышло” з вядомай расійскай прымаўкі. Менавіта мараль складае сабою рэальную змястоўнасць і сэнс любога закону. Амаральны закон - гэта не закон. Менавіта такія “законы” існавалі і ў Гітлера і ў Савецкай Расіі, пры якіх “законна” дзейнічалі лагеры смерці і архіпелаг ГУЛАГ. Гэткага ж тыпу і законнасць так званай тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі, пад якую там не прыдумана яшчэ аніякай ідэі і якая пагэтаму цалкам амаральная. Сведчаннем таму можа быць залітая крывёй Чачня. Сябра Ю.Хадыка вельмі небяспечна памыляецца, калі спрабуе апраўдаць, а то і ўвесці ў норму несупадзенне закона з мараллю. І зусім ужо кашчунства тут ягоная спасылка на Госпада Бога. Нават будучы выразам волі бальшыні таго або іншага электарата закон таксама не становіцца яшчэ законам у поўным сэнсе гэтага слова. Голас народа - гэта таксама, нажаль, далёка яшчэ не глас Божы. Пра тое сведчыць як досвед Германіі 30-х гадоў, так і наш нядаўні няшчасны беларускі вопыт з выбарамі прэзідэнта Лукашэнкі і ягонымі праславутымі роэферэндумамі. У прыярытэце маральнага выбару якраз і заключаецца палітычная сіла БНФ. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова глянуць на яго гісторыю і параўнаць, напрыклад, хоць бы дзейнасць яго ў ролі славутай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Х11 склікання, якая адна, кіруючыся менавіта маральнай ідэяй незалежнасці, дабілася і фармальна-юрыдычнага яе ўвасаблення ў форме вялікай (яна заслугоўвае такой характарыстыкі!) Дэкларацыі аб незалежнасці і суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы гэтаму хоць на некалькі год, але над Мінскім Домам Ураду лунаў у паветры беларускі белчырвонабелы штандар і імчалася ўперад старадаўняя Пагоня, абуджаючы ад векавога сну самасвядомасць беларускага народа. За ўсё гэта імёны сяброў Апазіцыі БНФ начале з Зянонам Пазьняком будуць несумненна ўпісаны залатымі літарамі ў пакутлівую гісторыю нашага народу. Сказанае становіцца яшчэ больш пераканаўчым, калі ўспомніць, як паводзілі сябе тады, нажаль, многія з нашых сёнешніх калег па апазіцыі (усё гэта мы бачылі па тэлевізіі) і як выглядалі іхнія выступленні ў параўнанні з выступленнямі сябраў Апазіцыі БНФ, узяць хоць бы іх агульныя ацэнкі палітычнай сітуацыі альбо характарыстыкі тадышняй Расіі. Ці дапамог тады хоць хто-небудзь з іх Апазіцыі БНФ і Зянону Пазняку ў іх гераічнай барацьбе за незалежнасць і суверэнітэт? Ці пратэставаў хто сур”ёзна і ці кінуўся ім на дапамогу, калі іх збівалі дубінкамі і выціскалі ім вочы азвярэлыя апрычнікі Лукашэнкі? Праўда заўсёды была на баку БНФ. А праўда ў беларускай мове абазначае не толькі ісціну, а і маральную катэгорыю дабра. Асабліва ж прайграюць у гэтым параўнанні асабістыя “іміджы” паасобных палітыкаў, лінія паводзін якіх нават на кароткім адрэзку часам нагадвае не прамую, а складзеную з ліхіх піруэтаў фантастычную крывую,. Як яны грэбавалі некалі беларускай культурай і мовай, як лябезілі перад расійскімі камуністычнымі “вождями” і мафіёзна-імперскімі алігархамі, як падштурхоўвалі да ўлады сёнешняга нашага гора-прэзідэнта! Гэта не кажучы ўжо пра журналістаў, што абслугоўвалі патрэбы гэтых палітыкаў, выдаючы сябе таксама за, быццам бы, вельмі “крутых” апазіцыянераў. Яны хоць і пакусвалі часам прэзідэнта, але таксама амаль нідзе і ніколі не гаварылі і не пісалі пра беларускі суверэнітэт. Калі статыстычна ўсярэдніць пазіцыі і тых і другіх, то ў якасці іх “ідэала” на месцы незалежнай Рэспублікі Беларусь цьмяна вырысоўваецца нейкае рускамоўнае і рускадумнае сацыяльнае ўтварэнне абавязкова ў складзе гегеманічнай, як называў яе асновапаложнік панславізму Данілеўскі, Расійска-імперскай Федэрацыі. Рыхтык колішні “Северо-Западный край”! У якім жа ясным і светлым німбе прынцыповасці і маральнай чысціні нават пры ўсіх сваіх асабістых недахопах (у каго іх няма) і дапушчаных часам, магчыма, прамашках высіцца над ўсімі імі Зянон Пазняк! Нездарма ж чалавек такога маральнага калібру і па-мастацку праніклівай інтуіцыі, як Васіль Быкаў, пісаў неяк, што Пазьняк нам пасланы Богам. Няхай сабе, можа, гэта і паэтычнае перавялічэнне, але тое, што Пазьняк у сваім маральна-палітычным выбары кіруецца толькі Богам як абсалютным маральна- каштоўнасным арыенцірам - тое святая праўда. І ў гэтых абставінах балючае расчараванне і горкі подзіў выклікае пазіцыя колішніх сяброў і аднадумцаў Пазьняка, вельмі паважаных некалі людзей, якім была даверана роля яго намеснікаў і якім дагэтуль безаглядна верылі і мы, шэраговыя сябры БНФ. Яны і яму і нам усім сёння проста здрадзілі, іначай не скажаш. Спаслаўшыся ў якасці зачэпкі на прыватны па сутнасці выпадак з адмовай удзельнічаць у безадказнай авантуры па выбарах новага прэзідэнта (арганізатар яе В.Ганчар “как юрист” сам не мог не разумець усёй авантурнасці і бессэнсоўнасці гэтага мерапрыемства), і выкарыстаўшы змушаную адсутнасць Пазьняка, Ю.Хадыка і І.Вячорка з калегамі распачалі непрыгожую кампанію па замене яго на пасадзе старшыні Беларускага Народнага Фронту. І гэта ў сёнешніх найскладанейшых палітычных абставінах! Ім не падабаецца цвёрдасць і непахіснасць пазьнякоўскай пазіцыі, ім блюзніцца тут нейкі неабальшавізм. А між тым менавіта такая цвёрдасць нам сёння якраз і патрэбная. Гандзісцка-талстоўскім непраціўленнем злу, на якое спасылаюцца часам праціўнікі Пазьняка, Індыя адстаяла сваю незалежнасць дзякуючы толькі таму, што ёй супрацьстаяла цывілізаваная Англія. Расіі, аднак, у гэтым сэнсе ад Англіі вельмі далёка. Варта супаставіць толькі працэс распаду, а, дакладней было б, роспуску Англійскай каланіяльнай імперыі з працэсам распаду імперыі Расійскай. Ужо з самага пачатку гэтага працэса ў Расіі шчодра ліецца кроў. А што яшчэ мае здарыцца там у будучым, тое цынічна дэманструе нам сёння мілошавічаўская Югаславія, гэтая копія Расіі ў мініятуры. Варта, дарэчы, напомніць і вядомую аналогію паміж Косавам і Беларуссю, якую правёў у Расіі небезвядомы Ілюхін і зробленыя ім з гэтай аналогіі вывады. Не хацелася б пра гэта гаварыць, але мець на ўвазе патрэбна і такое. У гэткай сітуацыі выбар паміж незалежнасцю Рэспублікі Беларусь альбо ўключэннем яе ў склад Расійскай Федэрацыі ў якасці правінцыяльнай губерніі можа быць толькі адзін - незалежнасць. Калі Лукашэнка напрамую здае Беларусь Расіі, то Пазьняк бескампрамісна стаіць за яе незалежнасць і суверэнітэт. Трэцяга тут не дадзена, што б там ні казалі некаторыя сёнешнія нашы калегі па апазіцыі (што ўвогуле зусім не азначае, што мы з імі не будзем актыўна супрацоўнічаць у выпадках, калі і яны рэальна выступяць за суверэнітэт). І ў гэтым пытанні ўсе сумленныя людзі, каму па-сапраўднаму дарагая Беларусь, - за Пазьняка. Крытыкам Зянона Пазьняка вельмі не падабаюцца некаторыя асабістыя яго рысы як чалавека. Ён, зразумела, не анёл, але хто з яго паплечнікаў, уключаючы і саміх крытыкаў, можа зраўняцца з Пазьняком па сваёй папулярнасці? Гэтае прозвішча ведае кожны беларус, як бы ён да яго ні адносіўся. Пазьняк мае вельмі дакладную палітычную інтуіцыю, пра што сведчаць хоць бы яго заўсёды спраўджальныя прагнозы. Ён у поўнай меры валодае тым, што сацыёлагі называюць харызмай, што таксама з’яўляецца надзвычай важным фактарам пры сёнешнім стане нашага электарата. Безумоўна ж заніжаныя рэйтынгі прафесара Манаева, якія той дае Пазьняку і на якіх пачціва абапірае свае высновы Ю.Хадыка, немажліва прымаць усур”ёз, ведаючы грэбліва-зняважлівае стаўленне гэтага гаспадзіна да ўсяго беларускага, адкрыта выражанае ім нават на старонках “Народнай волі”. Затое гаспадзін гэты не раз і ў многіх газетах ставіў падазрона высокія рэйтынгі Аляксандру Лукашэнку. Няўжо ўсё гэта невядома было прафесару Хадыку, калі ён пісаў свой нядобры артыкул “Абое рабое”? Пазьняк мае незаплямленае маральнае аблічча. Хто можа кінуць камень у яго з абвінавачаннем у пошуку асабістай выгады, а тым болей нейкага матэрыяльнага інтарэсу? Гэта нават не змог зрабіць найвялікшы майстра падобных спраў Аляксандр Лукашэнка (успомнім сфабрыкаваную ім гісторыю з кілаграмам цвікоў, быццам бы, украдзеных С.Шушкевічам). Няшчасная эміграцыя яго рэч безумоўна вымушаная, і трагічны лёс кіраўніка ўкраінскага “Руху” В.Чорнавіла тое пераканаўча падцвярджае. Праўда, нехта Астроўскі, быццам бы, збірае ўжо і такі кампрамат на Зянона, але вельмі знаёмы ўжо гэты почырк. Яўна расійскага ён паходжання. Там, як вядома, падобнага паху кампрамат умеюць збіраць чамаданамі. А чаго варты выраз “група Папкова-Пазьняка”? У гэтым выразе таксама, як тое ні непрыемна канстатаваць, чуецца штосьці знаёмае, асабліва людзям старэйшага ўзросту, якіх палохалі некалі гэтым выразам на допытах ў пэўным нядобрым ведамстве. І якая, нарэшце, іронія: спачатку Папкоў і толькі за ім ужо - Пазьняк! У найскладанейшай сёнешняй абстаноўцы, калі лёс беларускай незалежнасці, а, значыць, і ўсяго беларускага народа, вісіць на валаску, распачынаць такую сумніўную аперацыю - значыць ставіць сабе мэтай адкрыты раскол БНФ, гэтай адзінай па сутнасці рэальнаіснуючай прагрэсіўнай палітычнай арганізацыі на Беларусі. Таксама не новы, хоць і дзейсны дагэтуль спосаб. Так былі загублены, як вядома, Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Партыя і Беларуская Партыя Нацдэмаў. Непрыгожая гісторыя! Усё гэта разам наводзіць на вельмі невясёлыя думкі і міжвольна ўспамінаюцца словы вядомага расійскага палітыка П.С.Мілюкова, у прыблізна аналагічных абставінах кінутыя ім у твар членам царскай расійскай думы: “что это, господа, глупость или измена?” І што б там на справе ні было, першае або другое, але палітыка тут ужо ніяк не супадае з мараллю. Крукоўскі М.І., доктар філасофскіх навук, прафесар. 15/12/2004 › Старонкі гісторыі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |