Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Карліс Скальбэ “Мініяцюры”

1. Казка пра волата
2. Трубач
3. Рахманы рыбак

КАЗКА ПРА ВОЛАТА

Адзін хлапец – Бог ведае, як гэта здарылася – згубіў сваю маладосьць. Поўны сірата, ён хадзіў сарамяжлівы, сумны, і дзе б ні схіляў галаву – ці ў абед на мяжы поля, ці ў начлегу,– на ўсіх кветках зіхацелі сьлёзы.

Папраўдзе сказаць, маладых людзей у той краіне было шмат, але ні ў кога зь іх не было нармальнай маладосьці. Уладарыў там чужы кароль – стары, гмырлівы і злы. Усіх ён ператварыў у рабоў. Нат галіны дрэваў там не ўздымаліся высока, а, панура схіляючыся, сьпявалі ветру старую песьню. Народу жылося цяжка. Маладыя ня ведалі, што яны маладыя. Старыя не маглі дачакацца сьмерці. Па гасьцінцах разьяжджала залатая карэта караля. Народ спалохана туліўся да ўзбочынаў. Шэрай, шэрай была ягоная сьцежка. Ён мог знайсьці спакой толькі сярод палявых межаў. Араты ў абед апускаў галаву на дзірван і давяраў зямлі свае жахі. Крычаць да нябёсаў ніхто ўжо не рашаўся, бо кароль мог пачуць. Нат паветра было здрадніцкім, і толькі трава яшчэ даверліва хавала ўстхненьні.

Штовечар ідучы дадому з працы, хлапец сядаў каля крыніцы і плакаў.

Аднойчы выйшла з крыніцы чараўніца. “Чаму ты плачаш? – спыталася яна, надзьмуўшы вусны.—Вада маёй крыніцы стала горкай ад тваіх сьлёз”.

“Ах, я сам ня ведаю чаму! У мяне такое адчуваньне, нібыта я нешта згубіў, нібыта згубіў самога сябе,” – уздыхнуў хлапец.

“Хадзі са мной,”—сказала чараўніца і шпарка пайшла перад ім па зьвілкім беразе рачулкі, цягнучы за сабой, як вэлюм, вечаровы туман. Яна прывяла хлопца на старое замчышча з парослымі травой лініямі валоў.

“Капай гэты пагорак. Але калі што знойдзеш,– нізавошта не аддавай каралю!”

Добра. Хлапец пачаў капаць. Капае адну ноч – выкапаў старую падкову. Капае другую ноч – выкапаў старую дзіду. Капае трэцюю ноч – выкапаў волата. Агаломшаны хлапец глядзіць і ня ведае, што рабіць. Ці закідаць усё пяском, ці расказаць каралю? Абапёршыся на рыдлёўку і дрыжучы, хлапец бачыць – вочы волата пачынаюць блішчэць нябачаным бляскам, вусны пачынаюць усьміхацца і гаварыць.

“Дзякуй, хлапчук, што мяне адкапаў. Даўно я ляжу і чакаю, калі мяне хто-небудзь абудзіць. Толькі сьвіньні рыюць пагорак. Рыхтуйся, я дам табе панцыр волата і каня волата. Табе належыць вызваліць краіну ад улады злога караля”. Дзіва, хлацу пачынае падабацца гэты суровы твар і ўпэўнены голас.

“Але ж як я гэта зраблю? У караля шмат палкоў, усе яго слухаюцца,” – сумняваецца хлапец.

“Не кажы нічога, я табе дапамагу”. Волат падымаецца на ногі і ўдарае хлапца па плячы. “Вазьмі гэтую дзіду і стукні ёю тры разы аб дуб, што на мяжы поля. Тады ты набудзеш усё, што патрэбна мужчыну”.

Хлапец адразу ўзяў дзіду і зрабіў, як было сказана. З дубу выскачыў конь волата; у яго на хрыбце – панцыр волата, рыцарскі шалом і меч. Хлапец апрануў панцыр волата, падперазаў меч, і вось ён ваяр. Вось скача ён па самай сярэдзіне шляху на каралеўскі замак. Ён ударае мячом у браму замка і выклікае караля на бойку. Зьбягаюцца палкі і хочуць захапіць яго ў палон, а хлапец сячэ іх, як бацьвіньне, і кідае шаломы ў кучу. Кароль загадвае дудзець у баявую трубу, і вось падыходзяць палкі, як чорная хмара. Хлапей ужо спалохаўся і хоча павярнуць каня. Але азіраецца – за ім скача на высокім кані волат і ківае галавой. “Наперад!” – чуе хлапец і кідаецца, нібы насустрач начы, у самую гушчэчу ворагаў. Ён сячэ направа і налева, і волат змагаецца побач зь ім. Ворагі ўцякаюць, злы кароль зрынуты. Глядзіць хлапец – дзе волат? Яго няма. Ён шукае яго на полі пасярод палеглых – няма. Засумаваўшы, хлапец скача назад да пагорку, бачыць: волат ляжыць, дзе й раней. Толькі ягоныя вочы не блішчаць, вусны не прамаўляюць. Хлапец падымае яго на каня і вязе ў каралеўскі замак. Загадвае паставіць яго ў троннай залі. Там ён стаіць і, калі малады кароль праходзіць міма, усьміхаецца прыхавана і ціха сваімі вуснамі. Але вызвалены народ верыць, што ён загаворыць зноў, калі Бацькаўшчыне будзе пагражаць небясьпека.

1921 г.

ТРУБАЧ

Настала раніца. У далінах ляжаў туман, быццам успененае мора. Лясы і гаі выглядалі, як астравы. Сярод дамоў, а відаць было толькі іхнія дахі, цяклі цудоўныя рэкі і азёры. Яны імкнуліся да нейкага чужога, недасягальнага берага. Тым часам дахі нібыта віселі ў паветры. І хацелася гукнуць у туман, што глушыў усе гукі: “Гэй, лодачнік! Гэй, лодачнік! Адвязі мяне на бераг!”

Праз лес з гары ішоў трубач. Яго труба абуджала ранішнюю цішыню. Птушкі прачнуліся ў гнёздах і, выпрастаўшы крылы, заспявалі. Адзін салавей, які не спіць па начах, пачаў плакаць і рассылаць пацалункі. Ён рассыпаў пацалункі ў паветры, яны падалі на дыроткія галіны дрэваў і бліскучыя кроплі расы. Раса гайдалася на галінах, а потым кацілася ўніз разам з плынню гукаў. Як жа мусіць перапоўніцца сэрца, каб схаванае ў грудзях напоўніла пацалункамі паветра. Каб дрэвы, хмызьняк і кветкі шапталі найсалодшыя жаданні. Хто ведае гэта, няхай не спудзіць цішыню! У лесе, які ніхто яшчэ не пабудзіў, нібы разлілася мядовая раса, схаваная ў расцвіўшых сэрцах кветак і ў гарачых грудзях звяроў.

З гары ішоў трубач. Яго труба здалёк працінала ранішнюю цішыню. Сонца цалавала пікі ялінаў. Туман спадаў, і з яго насустрач ранішнім промням выплывалі палі і дамы. А гук трубы пранікаў усё глыбей у лес. Ён гучаў, як заклік, як салодкі смутак, як водгук шматлікіх спадзяванняў.

Гук трубы разлягаўся ўшыркі, вецер нёс яго з галіны на галіну, даносіў да самых глухіх пушчанскіх нэтраў.

Звяры пакінулі свае норы. Страсаючы расу на лясных сцяжынах, яны пабеглі за трубой, гук якой трымцеў поклічна і зманліва.

Але за трубачом ішоў паляўнічы і забіваў прыгожых звяроў.

Пасярод лесу на пяньку сядзела дзяўчынка. Яна шаптала: “Ах, паляўнічы, чаму ты не пашлеш стралу ў мой бок!” Яна даўно згубіла свой статак і блукала па лесе за амаль нячутным гукам трубы. Нібыта ў ачмурэнні, дзяўчына прыціскалася да дрэваў і цалавала іхнюю сцюдзёную кару.

А трубач ужо быў дзесьці за гарамі. Ён апынуўся ў даліне каля возера. Яго труба скалыхнула санлівую ваду. Рыба пакінула цёмныя глыбокія ямы і пачала танцаваць па мігатлівых хвалях. Аднак за трубачом ішоў рыбак, які лавіў вясёлую рыбу сеткай. Трубач так захапіўся, што нічога не заўважаў. Ён выйшаў на прасторны гасцінец. Залатыя пылінкі танцавалі перад ім, а следам з гулам ляцелі пчолы, забыўшы пра кветкі.

Ён падышоў да каралеўскага замка ў гарах і пачаў спяваць на трубе мурам, вежам, сцягам, дзідам і шчытам жаўнераў. Кароль адклаў убок скіпетр. Прынцэса спыніла свой залаты калаўрот. Падманутыя салодкай сілай, ахоўнікі апусцілі зброю і расчынілі браму замку. Але за трубачом ішоў вораг-ліхадзей, які захапіў замак, забіў караля, а ягоную прыгажуню дачку пагнаў у палон. І стары летапісец напісаў на руінах спустошанага замка:
Голас у трубы салодкі,
Шлях падману так кароткі.

Гэты надпіс я нядаўна там прачытаў, калі гладзіў далонню заімшэлы камень.

РАХМАНЫ РЫБАК

Юргіс быў рыбаком. На ўзлеску, дзе выгібалася рака, стаяла ягоная хатка пад заімшэлым трысняговым дахам. Насупраць дзвярэй расла старая вярба, шырока раскінуўшы свае галіны, на якіх Юргіс сушыў сеткі. На парозе сядзеў каток, а ў малым акенцы, куды любіў зазіраць прахожы, квітнела герань і зелянела лячэбная трава. Калі ўвечары рыбак пераступаў парог, каток, пачуяўшы пах рыбы, лашчыўся ля ягоных ног. Ад агмяня, дзе ўжо гарэў агонь, падымалася насустрач яму жонка і здымала з плячэй мокры мех, паціраючы яму спіну. У яе быў прыязны, але смутны твар з мноствам дробных зморшчынак. Яна хадзіла крыху схіліўшыся і відавочна была на нешта хворая. Можа ад дробных хатніх клопатаў, а можа ад глыбокага болю, на які яна пакутвала. Але ніводная праца ў хаце не заставалася незробленай, дзіркі ў куртцы Юргіса былі заўсёды залаплены. Двое дзяцей – дзяўчынка з ільнянымі валасамі і рабы хлопчык, які ўжо быў памочнікам бацьку, кідаліся яму на шыю і, нібыта шукаючы рачныя скарбы, з вясёлым крыкам выцягвалі з цёмнага мяшка рыбы, што блішчэлі ў водблесках агмяня.

Мабыць, на ўзлеску было крыху самотна, але і там чуўся голас жыцця. Калі пасля вячэры Юргіс выходзіў з хаты, старая вярба сумна шамацела пад ветрам, нібыта скардзілася пад цяжарам мокрых сетак. А разам з ёю ціха ўздыхаў Юргіс.

У трыснягу хавалася лянівая рака, нетаропка цякла пасярод зарослых затокаў, сасклізвала ў глыбокія цёмныя віры і ярка зіхацела на чырвоным пяску. Гэта было ўсё жыццё Юргіса. Рака хавала ў сваіх затоках ягонае шчасце і няшчасце. Ён любіў яе, як маці, звяртаўся да яе з просьбамі, а часта злаваўся на яе за ейную ляноту ды сквапнасць. Зрэдку яму ўдавалася выцягнуць тры-чатыры тлустыя ліні, важкага шчупака. Сярэбраная платва, цёмна-залацістыя карасі, шэрыя пячкуры, калючыя акуні былі звычайнай ягонай здабычай. Трэба было працаваць не разгінаючыся, каб забяспечыць жонку і дзяцей. І ён не шкадаваў сіл. Зрання, калі зоркі віднеліся і ў небе і ў цёмнай вадзе, ён ужо выходзіў на рыбалку, нястомна гнаў свой човен, закідваў сеткі. І толькі сонечным поўднем ён часам спыняўся ў трыснягу і, кінуўшы вёслы, драмаў пад цёплым ветрыкам, што прыляцеў невядома адкуль і ціха шугаў у вяршынях трыснягу. Ён ляжаў пад ясным небам пасярод зіхоткай вады; трыснёг спяваў, а яму здавалася, што подых ветру, які ляцеў ад аднаго краю зямлі да другога, падхапіў яго і гойдаў у боскай калысцы. Пракінуўшыся ад сну, ён зноў браўся за вёслы. І рака не пакідала яго ні з чым. Але здараліся таксама дні, калі рыба не лавілася. Аднойчы ўвечары ён прынёс дадому толькі пяць пячкуроў.

“Вой, адны пячкуры”.—сказала жонка.

“Ну, дык і пячкур рыба”.—адказаў Юргіс. Ён верыў у сваю працу і сваё шчасце, не хацеў прызнаць, што прыкладаў намаганні марна.

Жонка запякла рыбу на вуглях, і яны елі яе з соллю, прыкусваючы ад акрайца чорнага хлеба.

“Ну, бачыш, вячэра атрымалася.—казаў Юргіс.—Заўтра, дасць Бог, пашэнціць больш”.

Але жонка сказала з горыччу: “Добра б было, каб у цябе, Юргіс, рыба лавілася лепш. Вось дачушцы ўжо й чаравікі трэба. А хлапец усё лета прабегаў без шапкі”.

“А навошта яму шапка ўлетку!”—сказаў Юргіс, прыгарнуў да сябе хлапчука і пагладзіў па галаве сваёй грубай далонню.

Але жонка схіліла галаву і смутна глядзела ў гаснучы агмень.

Юргіс устаў і выйшаў на двор. Вакол была ціша, толькі ў старой вярбе скуголіў вецер. А-а, а-а…

“Расскуголіўся”.—раздражнёна сказаў Юргіс, вяртаючыся ў хату. Зняў адзежу і палез у свой кут спаць.

Раніцай ён узваліў на плечы сеткі і пайшоў на раку. “Працуеш, працуеш і ўсё марна!” Ягонае сэрца не пакідала маркота. Ён праклінаў сваё жыццё, хату, дзе ў кожным куце жыў сум, жонку, што была не хворая, не здаровая… І як на зло, колькі б ён не закідваў сеткі, рыба не лавілася.

“Да д’ябла з такім жыццём!”—сказаў ён, і ў горле ў яго застраў горкі камык слёз.

Але раптам ён заўважыў, што ў сетках з’явіўся нейкі цяжар. Ён не разумеў, што адбываецца. Толькі ўбачыў вочы, што глядзелі на яго з вады, поўныя цёмнай моцы. “Эгэ, вось дык на воўка памоўка”.—падумаў Юргіс з горкай радасцю.

“Выцягні мяне з віру!—прасіўся чорт.—Я цябе дам шмат грошай, у цябе будзе прыгожы палац, маладая жонка, карэта, слугі”.

“Дык што, пане! Чаму сам вылезці не можаш?”

“Не магу. Бо прыціснуты да рачнога дна”.

Юргісу не трэба было казаць двойчы. З шалёнай сілай ён рвануў сетку, абы толькі пазбавіцца ад гэтых вачэй, што прыцягвалі яго і дзіўным чынам распальвалі ў ім жарсці. Юргіс пацягнуў за вяроўкі сеткі, і ўся цемра прорвы ўсплыла на паверхню. Вакол ускаламуціліся высокія хвалі, і ён заўважыў, што ягоны човен кудысьці панесла. Раптам ён убачыў, як човен разам з хвалямі праносіцца паўз ягоную хату. Сцены хаты зарыпелі, вецер расхінуў акно і параскідаў кветкі, а жонка ад страху ўзмахнула рукамі. “Божа!” – гукнуў Юргіс, жагнаючыся. Вочы, што бянтэжылі яго, зніклі ў вадзе, хвалі супакоіліся, нібыта іх зусім не было. Юргіс стаяў перад сваёй хаткай і абдымаў жонку і дзяцей. Поўны шчасця, ён глядзеў навокал, радуючыся, што яму зноў належыць ягоная беднасць. Ён і не ўяўляў сябе, што так любіў сваё простае жыццё.

Але на наступны дзень, калі ён ішоў на рыбалку, то ўзяў з сабой малы сярэбраны кубак, з якога піў з сябрамі гарэлку, — адзіную каштоўную рэч, якой ён валодаў.

Заплыўшы на сярэдзіну ракі, ён кінуў кубак у ваду, зняў шапку і сказаў:
“Гаспадар пекла, пакінь мяне ў спакоі! Мяне хопіць таго, што я маю”.

(1924)

Kārlis Skalbe. Pasakas. Rīga, 1979.

Пераклад з латышскай - Валеры Буйвал

Карліс Скалбэ (1879-1945) – класік латышскай літаратуры, творчасць якога жывілася народнай традыцыяй. Аўтар паэтычных твораў, навел і казак, якія вылучаюцца яркай вобразнасцю, фантазіяй і экспрэсіяй фарбаў.

28/12/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2004
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024