Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
(”The Weekly Standard”, ЗША) Ня шмат якім прэзыдэнтам шанціла, каб пасьпяхова правядучы першы тэрмін на сваёй пасадзе, гэтак жа фатальна, як прэзыдэнт Расеі Пуцін у 2004 годзе, праваліцца ў другім. Самыя бьлізкія паралелі можна правесьці хіба што зь лідэрам Пэру Альбэрту Фухіморы (Alberto Fujimori) і, мабыць, з прэзыдэнтам Аргэнтыны Карласам Мэнэмам (Carlos Menem). З 2000 году, калі Пуціна вылучылі прэзыдэнтам, на працягу чатырох гадоў расейскаму лідэру, падавалася, ва ўсім спадарожнічаў посьпех. У Расеі ішлі важныя карэнныя рэформы - у іх ліку былі радыкальная рэформа падаткаабкладаньня, якая ўсталявала плоскую шкалу падаходнага падатку на ўзроўню 13 адсоткаў; легалізаваньне прыватнай уласнасьці на зямлю; судовая рэформа; а таксама рэформы рынку працы і пеньсійнага забесьпячэньня. Эканоміка перажывала перыяд бурнага росту - да 6,5 адсотку ў год. У зьнешняй палітыцы Пуцін трымаўся рэалістычнага падыходу, стараючыся быць карысным іншым дзяржавам, напрыклад, Злучаным Штатам, але адначасова адстойваючы нацыянальныя інтарэсы Расеі. І ўсё ж прыкметы будучых праблем ні на гадзіну не пакідалі краіну. Пуцін не спыняў узмацьняць уласную ўладу і даручыў вузкаму колу сваіх землякоў з Санкт-Пецярбурга і таварышаў па КДБ пасады, зьмешчаныя яўна за межамі іх прафесійных здольнасьцяў. Да шчасьця, растучая ўлада гэтага кола ўраўнаважвалася ўплывам прадстаўнікоў буйнага бізнэсу, так званых алігархаў. У выніку палітыка вызначалася групай рэфарматараў на ключавых пасадах ва ўрадзе, галоўнымі зь якіх былі міністр эканомікі Герман Греф і міністр фінансаў Аляксей Кудрын. Сутыкаючы паміж сабою чэкістаў і алігархаў, аднолькава непапулярных у народзе, Пуціну атрымоўвалася нязьменна падтрымліваць беспрэцэдэнтны ўзровень уласнай папулярнасьці. Але летась сытуацыя карэнным чынам зьмянілася. Пуцін пачаў губляць пазыцыі, што стала вынікам трох знакавых падзеяў: канфіскацыяй нафтавай кампаніі “ЮКАС”, няздольнасьцю дзяржавы адказаць на вераснёвы захоп закладнікаў у Бяслане на Паўночным Каўказе і яўным умяшаньнем Пуціна ў прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне. Пачаткам канца для бяспройгрышнай серыі Пуціна стала 25 кастрычніка 2003 года, калі быў арыштаваны Міхаіл Хадаркоўскі, галоўны акцыянэр “Юкаса”. Асноўнымі матывамі арышту было жаданьне Пуціна ўзмацьніць уласную ўладу і пагрэць рукі на актывах кампаніі. Напалоханыя арыштам Хадаркоўскага, расейскія бізнэсмэны сыйшлі з палітыкі. Усе крыніцы ўлады, якія маглі ўяўляць сабою процівагу Пуціну, былі зьнішчаныя або істотна паслабленыя, і раптам апынулася, што Пуцін кіруе краінай практычна аднаасобна, разам з вузкай групай афіцэраў КДБ. Цяпер, аглядаючыся на ўсе, што ўжо адбылося, кожны можа бачыць, што канцэнтрацыя ўлады ў руках Пуціна адбывалася мэтадычна і мэтанакіравана. Спачатку ён падпарадкаваў сабе сродкі масавай інфармацыі. Затым па адному выбіў з гульні алігархаў - Хадаркоўскі быў трэцім з тых, каму не пашанцавала. Затым, маніпулюючы ў некаторых аспэктах выбарным працэсам, ён пад прыкрыцьцём барацьбы з карупцыяй зрабіў так, што многія губернатары былі адхіленыя, альбо іх палітычны ўплыў моцна саслабеў. Эканоміка расла хуткімі тэмпамі, і прэзыдэнт поўнасьцю кантраляваў бюракратычны апарат і прэсу, што дазволіла яго партыі ‘Адзіная Расея’ пасьля парляманцкіх выбараў, мінулых у сьнежні 2003 года, заняць дзве траціны месцаў у расейскай Дзяржаўнай Думе. А ў сакавіку 2004 года і самога Пуціна перавыбралі на другі тэрмін большасьцю ў больш за 70 адсоткаў галасоў, прычым выбары былі названыя вольнымі, але несумленнымі. Рэпрэсіі ў Расеі ня жорсткія, але эфектыўныя. Патэнцыйных лідэраў апазыцыі ніхто не арыштоўвае, але іх актыўна выштурхваюць за межы палітычнай арэны. Самае слабое месца Пуціна - ненажорнае імкненьне да ўлады над краінай. Ён нават замяніў моцныя фігуры, якія падчас першага тэрміну стаялі на пастах начальніка прэзыдэнцкай адміністрацыі і прэм’ер-міністра, людзьмі, шырока вядомымі адсутнасьцю здольнасьці прымаць якія-небудзь рашэньні. Пры такім раскладзе ўсе рашэньні рэальна прымае прэзыдэнт, але і ён сам ня выявіў асаблівай рашучасьці. У выніку адміністрацыйны апарат практычна паралізаваны, да таго ж грамадзкімі інфармацыйнымі струменямі маніпулююць спэцслужбы, а большасьць мэханізмаў зваротнай сувязі разбураныя. Да ўсяго іншага, Пуцін паказаў сябе да крайнасьці ўпартым чалавекам. Аднойчы абраўшы курс, ён ужо ня зьменіць яму нізавошта, нават калі здарыцца, што абраны ім шлях памылковы. Выдатнымі тому прыкладамі могуць служыць яго палітыка ў Чачне і стаўленьне да “Юкасу”. І наогул усе тры найбуйнейшыя падзеі мінулага году пераканаўча паказалі, наколькі бездапаможнымі сталі Пуцін і яго ўрад. Справа “Юкаса”, якая скончылася фактычнай канфіскацыяй кампаніі ў выніку сапраўднага падатковага самадурства, якому паслухмяныя ўладам суды толькі надалі законную форму, Пуцін высунуў на пасьмешышча два сваіх тварэньні адразу: і радыкальную падатковую рэформу, і прагрэсіўную судовую. Таксама ён паклаў канец пасьпяховай ангельска-амерыканскай эканамічнай стратэгіі, заснаванай на канкурэнцыі дзеляў сыравінных кампаніяў, якая дасталася яму ў спадчыну ад Барыса Ельцына. Нават калі лічыць, што ў справе Хадаркоўскага ім ня рухала нічога, апроч жаданьня зьняважыць незалежнага бізнэсмэна, яго сябры-чэкісты ў гэты час набівалі ўласныя кішэні, расьцягваючы актывы па дзяржаўных прадпрыемствах. Натуральна, капітаны расейскага бізнэсу ня могуць не задавацца пытаньнем ‘хто наступны?’, прычым падатковыя ворганы і пракуратура робяць усе, каб ня даць ім паслабіцца. Хто ж не скароціць свае інвестыцыйныя пляны, бачачы такую пэрспэктыву? Нягледзячы на тое, што кошты на сыравіну высокія як ніколі, у інвестыцыйных і прамысловых прагнозах Расею ставяць на ўсё больш і больш нізкія месцы з-за ўсё нарастаючай нявызначанасьці ў дачыненьнях дзяржавы да бізнесу. З чалавечага кірунку погляду захоп закладнікаў у Бяслане стаў сапраўднай трагедыяй, але, апроч гэтага, ён даслаў пуцінскаму рэжыму шмат ‘чорных пазнакаў’. Тэрарысты змаглі бесьперашкодна дабрацца да школы дзякуючы нябачанай карумпаванасьці ворганаў правапарадку. Дзіўна, але ўвесь час, пакуль доўжыўся захоп, улады былі цалкам пасіўныя і не паведамлялі грамадзкасьці нічога, апроч хлусьні. На трэці дзень цярпеньне мясцовых жыхароў вычарпалася, і яны самі напалі на школу. Напад прывёў да супольнага хаосу; загінулі больш трохсот чалавек. Расейскі народ адрозьніваецца цярпеньнем па стаўленьні да жорсткай улады, але людзі ня могуць трываць, калі бачаць, што ўлады поўнасьцю самаўхіляюцца ад рашэньня такіх праблемаў. Пасьля катастрофы Пуцін не прыбраў нікога з сваіх прызначэнцаў-чэкістаў і адмовіўся прызнаць, што яны адказныя за тое, што надарылася. Не мяняецца і яго заганная палітыка ў дачыненьні Чачні, якая можа дэстабілізаваць і іншыя тэрыторыі на Паўночным Каўказе. І, нарэшце, у канцы мінулага году Ўкраіна выбірала свайго прэзыдэнта. З самога пачатку было ясна, што асноўная барацьба разгорнецца паміж дэмакратычным кандыдатам Віктарам Юшчанкам і прадстаўніком алігархіі прэм’ер-міністрам Віктарам Януковічам, які раней сядзеў ў турме. Па ўсіх апытаньнях грамадзкай думкі, Юшчанка павінен быў перамагчы ў сумленнай барацьбе з вялікім адрывам. І гэта стала самым да гэтай поры відавочным правалам прэзыдэнта Пуціна. Ён актыўна ўдзельнічаў у перадвыбарнай кампаніі, асабіста двойчы езьдзіў на Ўкраіну агітаваць за Януковіча, прымусіў расейскіх бізнэсмэнаў укласьці ў яго кампанію, як сьцьвярджаюць людзі з перадвыбарнага штабу Юшчанкі, каля 300 мільёнаў даляраў. Нягледзячы на яўныя падтасоўкі вынікаў галасаваньня, Пуцін нават павіншаваў Януковіча з перамогай на выбарах. Увогуле, на Ўкраіне Пуцін апынуўся кепска інфармаваным праціўнікам дэмакратыі і Захаду, у якога да таго ж не атрымалася зрабіць тое, што ён задумаў. Увогуле, няма нічога дзіўнага ў тым, што “ЮКАС”, Бяслан і Ўкраіна сталі для яго ня проста шэрагам ня зьвязаных паміж сабой падзеяў, а хутчэй прамым вынікам залішняй цэнтралізацыі ўлады, ігнараваньня ўсіх папраўчых мэханізмаў і сістэматычнай дэзінфармацыі, памножаных на выключную асабістую ўпартасьць расейскага лідэра. Як і Міхаіл Гарбачоў у 1989 годзе, Пуцін па кроплі забраў усю ўладу ва ўсіх ворганаў, якія фармальна ёю валодалі. Яго легітымнасьць трымаецца толькі на яго папулярнасьці, якую цяпер, пасьля таго, як ён паралізаваў уласны ўрад і зьвярнуў супраць сябе эліту рэгіёнаў, чакае немінучы крах. Рэжым Пуціна абапіраецца на занадта вузкую базу і занадта неэфектыўны, каб застацца ва ўладзе надоўга. Хоць цяжка выказаць здагадку, наколькі хутка ён разваліцца і хто прыйдзе яму на зьмену, цяперашняя ўлада напэўна ўпадзе значна раней, чым хто бы то не рашыцца цяпер прадказаць. Пуцін слабы выключна з палітычнага кірунку погляду; яго слабасьць мала ўплывае на эканоміку. Аднак зьмена рэжыму, як мы нядаўна бачылі па прыкладзе Ўкраіны, можа адбыцца і падчас эканамічнага ўздыму. Справа ў тым, што цяперашні рэжым нежыцьцяздольны сам па сабе, і кожны новы ўдар толькі спрыяе пашырэньню яго ўнутраных расколінаў. Аналіз слабых месцаў пуцінскага рэжыму можа істотна паўплываць на палітыку Злучаных Штатаў у дачыненьні Расеі. Па-першае, рэжым рэальна мае ўсе шанцы хутка зьмяніцца. Па-другое, у тым, што тычыцца супрацоўніцтва сьпецслужбаў, Расея наўрад ці зможа быць чым-небудзь карысная для ЗША, пакуль у руля стаіць настолькі кепска інфармаваны і неэфектыўна працуючы лідэр. Па-трэцяе, на Ўкраіне Пуцін паказаў, што ён наладжаны і супраць Захаду, і супраць Амерыкі, чым не пакінуў месца для разьвіцьця супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі. Па-чацвёртае, Пуцін прадэманстраваў выключную няздольнасьць вучыцца на ўласных памылках. Адзінае, што ў гэтай сытуацыі добра - Расея занадта слабая, каб уяўляць сабою пагрозу. Сьмешна, але Пуцін сам прымушае ЗША прайсьці ў сваёй палітыцы ў дачыненьні сваёй краіны поўнае кола і вярнуцца туды, дзе гэтая палітыка знахадзілася з часоў Савецкага Саюза. Зноўку Злучаным Штатам прыйдзецца мэтанакіравана садзейнічаць разбурэньню мякка-аўтарытарнага рэжыму, узброенага ядзернымі ракетамі. Пэўна, можна было б зрабіць гэта, не прычыняючы вялікай шкоды, але нам час пазбавіцца ад ілюзіяў таго, што ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам стаць плячом да пляча з намі зможа Расея - калос на гліняных нагах. Андэрс Аслунд - дырэктар Расейска-эўрапейскай праграмы Фонду Карнэгі за мір ва ўсім сьвеце (Carnegie Endowment for International Peace) Крыніца: www.ari.ru, за 13 студзеня 2005 г. Пераклаў С.Папкоў 14/1/2005 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |