Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Факты і падзеі (10-20 студзеня 2005 г.) Валеры Буйвал Расея надзьмуваецца. Дэманструе свой “гуманізм”. Тэлевізія штодня паказвае, як жаўнеры грузяць скрыні з гуманітарнай дапамогай у самалёты, што накіроўваюцца ў Паўднёвую Азію. А 10 студзеня ў шэрагу гарадоў Расеі адбыліся пратэстныя выступы насельніцтва, найбольш важны эпізод адбыўся ў Маскве. Сотні маскоўскіх пэнсіянэраў перакрылі важную Ленінградзкую аўтастраду, імпэтна пратэстуючы супраць малых пэнсіяў і адмены льготаў ды патрабуючы дастойнага жыцьця. Рэгіянальны губэрнатар Громаў (яшчэ адзін “азіяцкі гуманіст”,– галоўнакамандуючы на Аўганскай вайне, а цяпер, як большасьць генэралаў, — правальны губэрнатар) нават не зьявіўся на сустрэчу з вэтэранамі вайны і працы (пазьней ён крычаў-надрываўся, патрабуючы прыцягненьня пэнсіянэраў да адміністрацыйнай адказнасьці). Губэрнатар прыслаў “касманаўтаў” з ОМОНа, якія зрабілі на аўтастрадзе хуткую зачыстку. Паліцэйскі афіцэр рагатаў у тэлекамэру: “Обошлось без потерь…” Мільёны ўласных галадранцаў гадамі застаюцца без элемэнтарнай падтрымкі з боку дзяржавы, якая занятая сваім іміджам. У сьнежні летась у расейскіх СМІ прайшла інфармацыя пра “некарэктныя дзеяньні міліцыі ў адносінах да грамадзянаў у Башкірыі”. Дзяржадміністрацыя прыклала ўсе намаганьні дзеля таго, каб усё было шыта-крыта. Але ня выйшла, праз месяц страшная праўда стала набыткам грамадзтва. 10 сьнежня (Міжнародны Дзень правоў чалавека) міліцыя і ОМОН арганізавалі сапраўдную маштабную карніцкую апэрацыю супраць моладзі башкірскага горада Благавешчанска. Напярэдадні мясцовыя бізнэсмэны пабілі міліцэйскі патруль. Міліцыя адрэагавала паводле закону калектыўнай адказнасьці. Аўтобусы і спэцмашыны з паліцэйшчынай пад’яжджалі да клюбаў, кавярняў ды іншых месцаў адпачынку моладзі. Людзей клалі на падлогу, потым кідалі штабелямі ў машыны і везьлі ў пастарункі. Хлопцаў і дзяўчат лавілі таксама на вуліцы. Іх зьбівалі і катавалі на ўсіх этапах карніцкай апэрацыі. Прымушалі падпісваць пустыя пратаколы. Хто не пагаджаўся, таго пасылалі на чарговае кола катаваньняў. Дзяўчат амонаўцы распраналі нагала і гвалцілі па чарзе. Пацярпелі больш за тысячу асобаў. Некалькі з іх сталі інвалідамі (адчуваюцца ўрокі “аднаўленьня канстытуцыйнага парадку ў Чачэніі”, якія адрыгнуцца Расеі яшчэ ня раз). З Масквы сьпешна прыехала міністэрская камісія, пачала прыкрываць скандал. Але злачынства надта маштабнае, каб схаваць яго. Цяпер па адрасах пацярпелых ходзяць амонаўцы і, ухмыляючыся, кажуць: “Камісія зьедзе, а вам тут яшчэ жыць…” Благавешчанск у прынцыпе не башкірскі, а рускі горад, пабудаваны вакол новага прамысловага цэнтру з паралельнай мэтай “умацаваньня рускасьці” у цюркскім рэгіёне. Божа, ратуй народы ад рускасьці! Пасьля перамогі ўкраінскага народу, які перад усім сьветам абараніў сваю краіну ад расейскай імпэрыі, трэба было чакаць выступаў розных заангажаваных спэцслужбамі балбатуноў. Газэта “Нар. Воля”, якая з самаварным бляскам заклікала беларусаў на псэўдавыбары 17 кастрычніка, цяпер нешта не надта аналізуе правал “пяцёрак +” ды іншых прадажных палітыканаў. Затое балбатунам з гэбоўскай падваротні газэтка дае шырокія палосы. Нейкі Андрей Суздальцев выступіў у нумары за 11 студзеня з шэдэўрам блытанай думкі пад назвай “Оранжевый туман”. Пад выглядам камэнтара на тэму ўкраінскіх выбараў “палітоляг” выдзеліў галоўнае тлустым шрыфтам: “…роль и влияние России на постсоветском пространстве преувеличена… «бархатная революция» в Беларуси невозможна…” Зразумела, што расейскай агентуры вельмі хацелася б схаваць і замыліць галоўнае – неаспрэчны факт, што Расея нахабна палезла ва ўкраінскія справы і атрымала ад народу дыхту, што адбыўся ганебны правал расейскай імпэрскай палітыкі, якога сьвет ня бачыў даўно. Цікавыя таксама разважаньні пра немагчымасьць “аксамітнай рэвалюцыі” у нашай краіне. Галоўны тэзіс стукача Суздальцава (невыпадкова пададзены ў канцы тэкста, каб добра запаміналася): “…белорусская революция, если она когда-нибудь и случится, будет далеко не “бархатной”. Такого рода режимы, какой мы имеем в Минске, защищаются до последнего, не считаясь ни с кем и ни с чем…” Адным словам, “абы вайны не было!” Галоўная задачка цяпер – запалохаць крывёй, гвалтам, барыкадамі, супрацівам структураў. Сапраўдныя, а не падкупленыя палітолягі ды і шмат проста разумных людзей ужо, аднак, дастаткова даўно здагадаліся, што не засталося аніводнай структуры, праслойкі ці прамежкі беларускага грамадзтва, якая б гатовая была абараняць да апошняга і рызыкаваць сабой дзеля выратаваньня антыбеларускага рэжыму. Сапраўдныя вынікі галасаваньня 17 кастрычніка (а яны актыўна прасочваюцца ў інфармацыйную прастору) паказалі, што абсалютная большасьць грамадзтва стаіць у апазыцыі рэжыму. Гэта сьведчыць, што толькі Масква застаецца апошнім апірышчам рэжыму, які прагніў і гатовы заваліцца ад першага ж салідарнага зруху нашага грамадзтва. Абаронцаў безыдэйнай гнілізны ў момант “Х” проста ня знойдзецца. На фоне сакрушальнай паразы ва Ўкраіне Расея можа хаця б парадавацца маленькаму, але шумнаму посьпеху сваёй імпэрыі на Каўказе. 13 студзеня ў маленькай Абхазіі (субтрапічнай грузінскай аўтаноміі, якую Масква з дапамогай лякальных здраднікаў адрывае ад Грузіі) абвесьцілі вынікі “прэзыдэнцкіх выбараў”. “Прэзыдэнтам” Абхазіі абвешчаны такі Багапш. Зусім нядаўна, у кастрычніку летась “выбары” у Абхазіі ўжо праводзіліся. З выбухамі, стралянінай у ЦВК, параненымі і забітымі. Тады такім тэмпэрамэнтным спосабам высьвятлялі адносіны паміж сабой кандыдаты Багапш і Хаджынба (абодва афіцэры ФСБ) ды іхныя групоўкі. Тады нічога з прэзыдэнцтвам ня выйшла. І вось праз тры месяцы ўчорашнія мафійныя дуэлянты ідуць на “выбары” адной камандай, публічна абдымаюцца і заклікаюць галасаваць за аднаго Багапша. Супернікам яму Масква абрала гэткага бясколернага абхазкага Ганчарыка – рэктара мясцовага ўнівэрсітэту Лакобу (ён нават не зьявіўся на галасаваньне ў дзень “выбараў”). Ясна, што Хаджынба выгандляваў сябе важны пост і долю ў Багапшавай камандзе. Выгандляваў у Масквы, бо відавочна, што менавіта імпэрыя вырашае ўсё ў няшчаснай, разбуранай вайной і безгаспадарнасьцю правінцыі. Крэмль не пайшоў бы на гэтыя ракіроўкі, задаволены “першым абхазкім прэзыдэнтам” Ардзінбам. Але Ардзінба невылечна хворы, і давялося шукаць яму замену. Непрыемна глядзець, як кучка племянных царкоў, што зрабілі кар’еру ў КГБ СССР, пад дудку Масквы маніпулюе сваім народам. Але ёсьць такое прадчуваньне, што дастаткова скора ім прыйдзецца ўцякаць на расейскім параплаве да сваіх маскоўскіх гаспадароў. А ў Маскве трэба будзе ствараць джэнтльмэнскі клюб “адстаўных ганчарыкаў”. Нават у афіцыйнай прэсе пачалі гучаць трывожныя галасы на тэму лукоўскага “маўзалея” – даўно разрэклямаванай будоўлі “національной бібліотекі” на ўскраіне нашай сталіцы. Інжынэрныя асобы прагаварыліся, што недабудаваная аграмадзіна знаходзіцца ў небясьпечным стане: пад будынінай плыве глеба, неабходна дадаткова ўмацоўваць канструкцыю. Згаданая апэрацыя павялічвае кошт шэдэўра эпохі аўтарытарызму на адну чвэрць – роўна на 50 мільёнаў доляраў. Г. зн., што агульны кошт будыніны складае астранамічную лічбу ў 200 мільёнаў доляраў. За такія грошы можна было б азалаціць усіх біблітэкараў краіны, адрэмантаваць усе бібліятэкі, надрукаваць тысячы і тысячы беларускіх кніг, пераклады на нашую мову сусветнай клясікі і авангарду. Замест гэтага на маскоўскай шашы ўдзень і ўначы будуецца рэжымны монстр. Інжынэры прызналіся таксама, што нядаўна паступіла новая “уводная”: напоўніць “нацбібліятэку” найсучасьнейшымі кампутарнымі сістэмамі. А праект распрацоўваўся і рэалізоўваўся на працягу многіх месяцаў паводле дакампутарных правілаў будаўніцтва. Гэта значыць, што цяпер неабходна ламаць і перарабляць усе, ужо падведзеныя камунікацыйныя схэмы. Вядома, што ў дзяржбюджэце на тэхзабесьпячэньне сістэмы адукацыі даецца на год 400 тысячаў доляраў (ледзь хопіць на 400 кампутараў для ўсіх школаў краіны). Затое на ахову “прэзыдэнта” кідаюць 7 мільёнаў. З прыярытэтамі ўсё ясна. Дарагія чытачы, не хадзіце ў лукоўскую бібліятэку! Яна можа ў любы момант перакуліцца. Пуцінскі арол судзіцца з прэзыдэнтам Масхадавым. Прапаршчык В. Уманскі стаў інвалідам у Чачэніі, дзе “наводзіў канстытуцыйны парадак”. Калі ў ягоным родным горадзе Арле яму адмовілі ў адпаведнай ваеннай пэнсіі, ён зьвярнуўся ў суд. Памятаеце, была крылатая сэнтэнцыя савецкай бюракратыі: “я вас в Афганістан не посылал…” Афарызмы расейскіх столаначальнікаў такія ж крылатыя. Інваліду-прапаршчыку патлумачылі, што ён павінен падаваць у суд не на “народную власть”, а на тых асобаў, якія яго скалечылі, г. зн., на чачэнскага лідэра Масхадава і партызанскага камандзёра Басаева. Прычым яму неабходна даставіць ім позвы ў суд і забясьпечыць іхнае зьяўленьне ў зале паседжаньняў (вядома, што ўся ФСБ з арміяй няздольныя дагэтуль зрабіць гэта) . І менавіта з іх патрабаваць кампэнсацыі. Постсавецкага чалавека надта ня зьдзівіш падобнымі праявамі дзяржаўнага цынізму, суррэалізм заўсёды быў нормай нашага жыцьця. А вось заходніку давялося б доўга тлумачыць, зьвяртаючыся да гістарычных паралеляў і прыкладаў. Ну, гэта ўсё адно, як бы амэрыканскія інваліды-вайскоўцы патрабавалі пэнсіі ў Ха Шы Міна. Добра яшчэ, што прапаршчыка Ўманскага расейскі рэжым ня зьнішчыў разам з іншымі інвалідамі, як гэта было зроблена сталінскім НКВД адразу пасьля Другой сусьветнай вайны з сотнямі тысячаў савецкіх ваенных інвалідаў, якія “псавалі карціну бальшавіцкага раю”. 14 студзеня афіцыёз пампезна паведаміў, што пачалася культурніцкая акцыя мясцовых майстроў лёгкага жанру пад лёзунгам “Эстрада спэцназу”. У сталічным вайсковым гарадку Ўруччы грымае рок, надрываецца расейская папса, адным словам, адбываецца культработа сярод спэцоў, прызначэньнем якіх ёсьць абарона гнілога антыбеларускага рэжыму і інтарэсаў Масквы. Мы становімся сьведкамі навязьлівай рамантызацыі майстроў заплечнай справы і іхных структураў, якія зжыраюць мільёны бюджэтных грошай на самаўмацаваньне. У гэты ж час афіцэры беларускай арміі вымушаныя цыганіць хаця якія сродкі ў раённай і абласной вэртыкалі, каб жаўнеры маглі выжыць. Даўно вядомая тактыка любога антынароднага рэжыму – падрываць і аслабляць нацыянальную армію, а ў той жа час прыкармліваць арду ўласных целаахоўнікаў. 14 студзеня “Нар. Воля” ашчасьлівіла чытачоў тэкстам ад такзванага “Оргкомитета по созданию гражданского комитета защиты конституции”. Камітэт камітэта паведамляе нам, што ён стварае “Общественный Верховный Совет Беларуси (ОВБР)”. Сярод высакародных задачаў заяўленай структуры ёсьць “признание России одним из главных стратегических партнёров Беларуси и подписание нового договора о сотрудничестве между двумя государствами”, а таксама “национально-культурное возрождение страны” (якой “страны” – ясна, паводле мовы арыгінала). Яшчэ ясьней, адкуль вушы растуць, становіцца пры азнаямленьні з апошнім пунктам праграмкі: “согласование тех или иных (ах, які стыль!) шагов ОВСБ с профильными государственными органами”. З якімі “органамі” будуць “согласовывать”, становіцца зразумела, калі бачыш гэбоўскі профіль начальніка ўсёй гэтай бадзягі незабыўнага прафсаюзьніка А. Ярашука. Назіраецца нейкая цікавая эвалюцыя: асобы і фізіяноміі легендарнага Вані Ціцянкова альбо генэрала Фралова (да якіх мы ўжо прыцярпеліся) здаюцца строгай клясікай у параўнаньні з гэтым кашмарам. Антыбеларускі рэжым з канца мінулага года распачаў новы этап барацьбы супраць замежнай гуманітарнай дапамогі. Псіхічна нармальны заходні чалавек не зразумее, як такое магчыма – зьдзеквацца і прыніжаць тых, хто дастаўляе ў нашую краіну лекі і вітаміны, вопратку і цацкі, абкладаць іх абсурднымі падаткамі, патрабаваць хабару. Нам усё ясна: палатнікі, іхні “прэзыдэнт” і ягоная вэртыкаль не патрабуюць нічыей дапамогі, у іх усё ёсьць. Іхная задача канчаткова ізаляваць Беларусь ад цывілізаванага сьвету і па маскоўскай камандзе забясьпечыць як мага больш невыносную галечу для насельніцтва. Вось і пойдуць людзі шукаць шчасьця ў Сібір, на руднікі. Ня трэба нам Эўропа..! Пачалі з забароны ўвозу ў Беларусь замежных лекаў. Гэта абярнулася трагедыяй для сотняў тысячаў нашых людзей. Нават абласныя і сталічныя шпіталі былі цалкам залежныя ад паставак гуманітарных грузаў з сучаснымі і эфэктыўнымі лекамі, а таксама ад дзяржаўных закупак замежных лекаў. Старыя людзі таксама карысталіся гэтай дапамогай. У лепшым выпадку пацыентам цяпер даюць “оцечэственные аналагі”, якія не прыносяць палёгкі. Гэтага рэжыму падалося мала. Узяліся за дзяцей. Ужо заяўлена пра забарону вывозіць дзяцей замяжу падчас навучальнага году. У чым, здаецца, праблема? – дзеці выяжджалі з настаўнікамі і ў памяшканьнях італьянскіх, нямецкіх, бэльгійскіх школаў выконвалі навучальную праграму. Не, антыбеларускі рэжым ня можа дазволіць прасталюдзінам такой раскошы – бачыць цывілізаваны сьвет, параўноўваць і пераконвацца ў перавагах эўрапейскага спосабу жыцьця. У Расею – пожалуйста (толькі там жудасна, сваіх няшчасных мільёны і дапамагаць ніхто не сьпяшаецца). Безумоўна, наступнай будзе забарона вывозіць дзяцей на адпачынак таксама й у час вакацыяў (мы пераканаліся, што ў подласьці рэжым якраз вельмі пасьлядоўны). Бацькі гэтых дзяцей ды й увесь народ павінны ўрэшце зразумець, што сваі правы трэба абараняць, што ня ўдасца арганізаваць дзеля сабе нейкага паралельнага сытага і вясёлага жыцьця на фоне антынароднай дыктатуры, якая выконвае волю Масквы па панявольваньні і зьнішчэньні нашага народу. Гэтую ясную формулу зразумелі нават расейскія пэнсіянэры, якія яшчэ ўчора завучана паўтаралі: “Мы так любим нашего Путина!” А сёньня яны тысячамі перакрываюць аўтастрады і трасуць, як грушу, начальства, каб вярнуць сабе страчаныя прывілеі. Хто меў ілюзіі што да эканамічнага таленту менскага ўраду і ўсёй непаўторнай лукоўскай сістэмы, той ад ілюзіяў урэшце пазбавіўся. Напрыканцы мінулага года менскі ўрад выпрацаваў чарговую геніяльную беларуска-расейскую авантуру ў стылі “вечнай любові і дружбы па гроб”. Вырашылі, што з 1 студзеня 2005 г. Беларусь і РФ будуць браць падатак на дабаўленую вартасьць у краіне прызначэньня. Гэта тычыцца ўсіх тавараў і энэргарэсурсаў. А вось распрацаваць і давесьці да адпаведных дзяржаўных структураў новыя правілы неяк забыліся. На двары дваццатыя чыслы студзеня, пайшоў чацьверты тыдзень 2005 г., а ўвесь таваразварот паміж дзьвюма краінамі стаў на месцы, бо невядома, як плаціць падатак. Калі ў цывілізаванай краіне на тры-чатыры гадзіны спыняецца праца біржы, ушчынаецца вэрхал на ўвесь сьвет, трасуцца гатовыя ўпасьці ўрады. А тут хоць бы хны. Таваразварот Расеі з Беларусьсю складае невялікі адсотак ад агульнага аб’ёму. А вось намаганьнямі антыбеларускага рэжыму наш тавараабарот з РФ дасягае 70% ад зьнешнегандлёвага аб’ёму беларускай эканомікі. Розьніца ў маштабах шкоды для Беларусі і Расеі відавочная. Беларуская эканоміка нясе вялізарныя страты, адмыслоўцы кажуць пра яе параліч. Наш народ атрымаў чарговы ўдар у плечы. Безумоўна, прасочваецца жаданьне канчаткова кінуць беларусаў на калені, апусьціць у гразь, давесьці нашую краіну да поўнай галечы. А тут набліжаецца яшчэ адна “газавая вайна” паміж РБ і РФ, штучны “канфлікт” паміж Пуціным і Лукашэнкам, разлічаны на наіўнячкоў спэктакль з пад’ёмам цэнаў на расейскія энэрганосьбіты. Як і год таму, у выніку адбудзецца рэзкае падвышэньне платы за камунальныя паслугі і ў цэлым цэнаў на тавары ў Беларусі. А нашаму насельніцтву яшчэ раз патлумачаць, што ва ўсім Расея вінаватая. Усім трэба зразумець, што Расея праводзіць адкрыта варожую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, што праводзіць яна гэтую палітыку рукамі мясцовага прамаскоўскага рэжыму. Беларускі народ урэшце павінен усьведаміць небясьпеку і абараніць сваю краіну ад ворага. Некаму ня верылася, што “аб’яднаная апазыцыя” – гэта інтэгральная частка існуючага антыбеларускага рэжыму, што яна існуе дзеля нанясеньня шкоды Нацыянальна-Вызвольнаму руху і дзеля заблытваньня беларускай і міжнароднай супольнасьці, што яна ўтвораная і кіруецца спэцслужбамі РБ і РФ. Каму ня верылася, няхай пачытае “Нар. Волю” за 19 студзеня. У нумары ёсьць сюжэт пра прэзэнтацыю напярэдадні ў Менску руху “Защитники Отечества”. Цытуем: “У новы рух уваходзяць як былыя, так і цяперашнія супрацоўнікі сілавых структураў: тут прадстаўленыя міліцыянэры, пракурорскія работнікі, а таксама супрацоўнікі КГБ. Як прызнаўся кіраўнік руху Олег Волчек, адной з найгалоўнейшых задачаў руху будзе гарантаваньне бясьпекі кандыдату ад дэмакратычных сілаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Акрамя таго, “Защитники Отечества” будуць гарантаваць бясьпеку членам яго ініцыятыўнай групы. Аднак пры гэтым самі “Защитники Отечества” у палітычную барацьбу ўступаць ня будуць. На прэзэнтацыі былі заўважаныя грамадзка-палітычныя дзеячы: Павел Севярынец (ах жа ж які палітычны дзеяч!), Уладзімер Нісцюк, прадстаўнікі руху “Зубр”, а таксама Валерый Фралоў… Генэрал Фралоў сказаў пра ідэю ўтварэньня падобнай арганізацыі: У дэмакратычна настроеных людзей – адзіная мэта. Тое, што гэтыя мужныя людзі вырашылі кінуць выклік сістэме, заслугоўвае павагі” (канец цытаты). Кіраўніцтвам самы сабе абралі мясцовыя расейскія афіцэры запасу: згаданы Олег Волчек (старшыня) і намесьнікі — афіцэр МУС Владімір Арестов (той выпадак, калі ў прозьвішчы адлюстроўваецца прафэсія) ды маёр КГБ Ігорь Огурцов. Волчек у той дзень быў настроены па-баявому: “Мы будем работать в рамках Координационного совета демократических сил. Отличаться от других движений будем прежде всего жёсткой дисциплиной. Мы не намерены афишировать всех членов движения, потому что многие из них состоят на государственной службе”. Падобна што Астап Бэндэр з ягоным “Саюзам мяча і арала”, асобамі, набліжанымі да імпэратара, ды айцамі рускай дэмакратыі ў падмёткі не надаецца Волчеку з кампаніяй. Якія ўсё ж падпольшчыкі, гэтыя зашчітнікі з КГБ і пракуратуры. Газэта паведаміла, што яны нават не пабаяліся зьявіцца на прэзэнтацыйнай прэс-канфэрэнцыі. Цікава, а як гэта “многие, которые состоят на государственной службе” будуць адначасова займацца апазыцыйнай дзейнасьцю? Мабыць, да сямі вечара пракурор Іваноў з гэбістам Пятровым будуць выконваць антызаконныя загады нелігітымнага рэжыму і сваіх крамлёўскіх гаспадароў. А пасьля сканчэньня працоўнага дня ды ў выходныя дні зашчышчаць Оцечэство і дэмакратычнага кандыдата, адным словам, кідаць выклік сістэме. Цікава, колькі нямецкіх грантаў прышле новай дэмарганізацыі пазаштатны супрацоўнік КГБ Ганс-Георг Вік? (Кіса Вараб’янінаў: “Торг тут неуместен!”). Сапраўды, наш час непаўторны, а сон розуму нараджае пачвараў. Мы думалі, што такія павароты сюжэту і дэманстрацыйная камічнасьць бываюць толькі ў эстрадным жанры. А тут — само жыцьцё, гушча “пяцёрак плюс”, вінцучкоў-хадыкаў, фраловых і калякіных. Ну дзе такое ўбачыш? – Статкевіча ўласная партыйка выключае са сваіх шэрагаў, а ён ад імя партыйкі кіруе сацыялістычным інтарнацыяналам і ад кааліцыйкі “Вольная Беларусь” высоўваецца на кандыдаты ў прэзыдэнты. Назіраецца распярэзанае жаданьне ФСБ-КГБ давесьці ўсё да поўнага абсурду, каб нашыя людзі ўжо нічога не маглі зразумець і ні ў чым разабрацца. Але якраз цяпер беларус павінен цьвяроза разабрацца, што ўся гэтая заангажаваная публіка прадстаўляе варожыя нашай дзяржаве сілы і разам са сваім Оцечэством павінна быць выкінутая на сьметнік. Або, як імпэтна казаў Астап Бэндэр: “Расходиться по одному. Возможно, будем отстреливаться…” 19 студзеня Вярхоўны суд Украіны адмовіў маскоўскаму стаўленьніку Януковічу ў задавальненьні ягонай заявы на адмену вынікаў трэцяга тура галасаваньня і непрызнаньне народнага выбару на карысьць украінскага кандыдата Віктара Юшчанкі. Суд заявіў, што па аб’ёме тамы заявы вялікія, але па зьмесьце нязначныя. Усё патахала гісторыяй у гэты вечар. Нават прозьвішча старшыні суду, які зачытваў рашэньне, – Ярэма… Таксама як і кампазыцыя, стыль і лексіка ўдзельнікаў драмы – вораг Украіны і ягоная аргумантацыя такія ж, як і стагоддзі таму. Польская тэлевізія паказала невялічкую купку людзей ад Януковіча насупраць будынка Вярхоўнага суду. Начале з бацюшкам, з праваслаўнымі харугвамі і жыдзенькімі сьпевамі. Але ў польскую тэлекамэру пасьпелі гаркнуць: “Вы, поляки, не верите в Бога! Вы – католики! Мы не дадим оторвать Украину от матушки-Руси!” У студзеньскай цемры на цэнтральную плошчу крымскага Сімфэропаля вывеліся натоўпы пад расейскім трыкалёрам, штандарамі “Русского Блока” і транспарантамі “Мы любим тебя, Россия”. Псэўдаправаслаўная ФСБ мабілізуе расейскую шпану на супраціў Украінскай дзяржаве. Хаця кожнаму вядома, што абсалютная большасьць украінцаў, якія належаць да ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў,– і каталікі, і праваслаўныя, — падтрымалі ўкраінскага кандыдата і абаранілі сваю нацыянальную дзяржаву ад маскоўскай імпэрыі. Подлая справа падбухтораных чужынцаў ня мае будучыні. 20/1/2005 › Актуаліі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |