Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
І Дзіўны Звер ішоў на вадапой да ракі. Ён меў тры галавы, а кожная галава – па жудаснай пашчы, з якой тырчэлі падобныя на нажніцы буйныя і драбнейшыя вострыя зубы. Пачвара мела тры пары вачэй, якія адначасова сачылі за ўсім навокал. Тры каркі і бакі былі суцэльна пакрытыя шыпамі. У промнях вечаровага сонца шыпы блішчэлі, нібыта рагавыя або металічныя. За плячыма Звера відно было крылы. Ён склаў іх і пачуўся дзіўны металічны бразгат. Звер меў восем лап, таму ён так плаўна слізгаў, нібыта зусім не кранаючыся зямлі, і рухаўся вельмі хутка. Камыш трывожна шамацеў, калі Звер лез праз яго. Усе жыхары наваколля – Антылопы, Алені з ганарліва ўзнятымі галавамі, пласкацелыя Барсукі, Зебры і Мядзведзі, — убачыўшы пачвару, кінуліся на ўцёкі ў прысады на багністым беразе і схаваліся там. Выдра дала нырка і паплыла, а за ёю па роўнай вадзе працягнулася сярэбраная сцяжынка. Яна бесшумна выбралася на другі бераг і знікла ў вечаровым тумане, што ахутваў зямлю лёгкай смугой. Вавёрка высока на дрэве толькі міргнула – ад страху яна прыціснулася да ствала і не пасмела нават зварухнуцца. Злавеснай была гэта вечаровая ціша. Усё вакол нібыта павымірала, усё жывое затаілася з перапуду. А тым часам на тым беразе ракі Зайчыха нарадзіла пяцёх серабрыста-шэрых зайчанятак і далікатна, але старанна іх вылізвала. Невядомая пачвара таксама застыла. Якія ж дзіўныя былі ў яе лапы: пасярэдзіне капыта, падобнае на конскае, а вакол пальцы з кароткімі мулкімі кіпцюрамі, паміж якімі нацягнута скураная перапонка. Па ўскрайку, як аблямоўка, былі яшчэ пальцы, якія дапамагалі Зверу тупаць па багністай зямлі. Хвост пачвары ўвесь быў пакрыты жосткімі лускамі і шыпамі. Яна ўвесь час выгінала хвост і калаціла ім вакол сябе. Гэты Звер мог жвава перасоўвацца, дзе хацеў. З-пад кожнага куста за ім напружана і ўважліва сачылі вочы на смерць напалоханых жывёл. Мядзведзь спрабаваў ацаніць ягоную моц, Алень – ягоную імкліваць і хваткасць. І ўсе глядзелі на доўгія, бліскучыя зубы-нажніцы. Ідучы на раку, Звер зручна высякаў імі галіны, што заміналі яму. Вось ён амаль каля самай вады. Агромністыя лапы крочылі па зямлі бесшумна, і толькі скрыгат лусак сведчыў, што Звер набліжаецца да вады. Сонца захаду адлюстроўвалася ў ягоным панцыры, пакрытым шыпамі. Урэшце Звер пачаў піць, ён піў так доўга, што рака абмяльчэла. Нават камыш, што рос у вадзе далёка ад берага, апынуўся на сухім месцы. І, каб не цёмна-зялёны колер ягоных сцяблоў, якія раней былі пад вадой, то хто б мог падумаць, што некалі тут была вада! “А калі ён пачне есці, то ўсю траву нам сжарэ”, — падумала Антылопа-гну. І зашылася далей у гушчар. Але, мабыць, не так далёка. Пакуль адна галава пачвары піла, дзве іншыя ўглядаліся ў наваколле, каркі па-змяінаму выгіналіся, з чырвоных пашчаў тырчэлі драпежна-бліскучыя зубы-нажніцы. Імкліва развярнуўшыся, Звер схапіў Антылопу-гну. Нажніцы шчоўкнулі і склаліся, храбуснуў моцны хрыбет Антылопы. Галовы разадралі тушу на часткі і з чмяканнем пачалі жэрці сырое мяса, пераразаючы рэбры і хрыбет страшнымі зубамі. Пад’еўшы, Звер ляніва і з задавальненнем ударыў хвастом па крохкіх сцяблах узбярэжнага камыша і паламаў іх. Сонца схавалася за даляглядам. Звер паплыў на другі бераг. Вада хвалявалася пад моцнымі ўдарамі ягонага хваста, які пакідаў успенены след. Каркі выгіналіся па-над самай вадой. Хвалі ўздымаліся і накатваліся на бераг, і вада залівала камыш. Звер вылез на бераг і няўклюднымі рыўкамі палез на круты пагорак. Ён стаяў там наверсе, прыслухоўваўся, узняўшы свае галовы да чырвонага захаду. Раптам кароткі птушыны пошчак праляцеў над ракой, падобны на дзікі, адчайны смех. І адразу ж змоўк, не набраўшы сілы. Зверы, што схаваліся ў хмызняку, маўкліва пашыбавалі прэч. Толькі парэшткі расшарпанай Антылопы-гну засталіся ляжаць у цемры. ІІ На золку звяры сабраліся пад гарой з паўночнага боку, каб разам вырашыць, што рабіць далей. Скала была абрывістая. Калі хто-небудзь рухаўся па ёй або калі нізка пралятала птушка і блізка ад яе махала крыламі, уніз адразу сыпалася каменне. На вяршыне стаяла дрэва, парэпанае усімі вятрамі. На ягоных галінах сядзела на варце Птушка-перасмешнік. У выпадку небяспекі яна павінна была падаць сігнал трывогі: зарагатаць на ўсё горла. Ніхто не адчуваў сябе ў бяспецы, і ніхто не мог нічога прапанаваць. Адны прыглушана нешта гукалі, іншыя рычалі і брахалі. Ніхто не заўважыў, як Ліс ціхенька знік. Учора ён ляжаў у хмызняку і ўбачыў сваімі распаленымі вачыма, які агромністы гэты Звер. Убачыў, што Звер мае тры галавы і восем лап з кіпцюрамі, што весь ён пакрыты лускамі і шыпамі, а з пашчаў ягоных тырчаць зубы-нажніцы. Такога Ліс ніколі раней не бачыў. Ніхто не звярнуў увагі на тое, што Ліс ціхенька ўцёк, калі ўбачыў, якія ўсе разгубленыя і напалоханыя. – Звер, — паўтаралі яны, не ведаючы, як яшчэ можна назваць прыблуду. А калі яны вымаўлялі гэта слова, за горла хапала сутарга, вочы вытарашчваліся. Кожны імкнуўся злавіць позірк іншага, але ў таго ў вачах быў таксама страх. Некаторыя проста апускалі вочы. Сава, якая імкнулася ўславіцца як знаўца лаціны, назвала Звера Tyranosaurus purpurus, маючы на ўвазе чырвоны бляск, бачны ў цемры, калі Звер стаяў, аточаны гэтым ззяннем, якое палохала і ў той жа час прыцягвала, прымушала падпарадкоўвацца і пакланяцца. Раптам паветра задрыжэла ад страшнага, але здушанага рыку. Жывёлы застылі. З пагорка, кульгаючы па пяску, сыходзіў Леў. Многія хацелі ўжо кінуцца прэч, але, прыгледзеўшыся, засталіся на месцы. Гэта было мізэрнае відовішча: ледзь жывы Леў, з пашчы якога струменілася кроў, з плямамі засохлай крыві на скуры. Хвост, якога раней баяліся ўсе, ганебна цягнуўся па пяску. Так, гэты Леў ужо не здаваўся вялікім. Усе здагадаліся, што здарылася. Леў пабіўся з пачварай. Мабыць, ён проста праходзіў побач і закрануў Звера хвастом. А той тут жа наваліўся на Льва, каб раздушыць і раздзерці яго сваімі жудаснымі зубамі. На ягонае шчасце, адна галава пачвары замарудзіла, павернутая ў іншы бок, а інакш Льву было б кепска. Каб дабрацца на сход жывёл, Льву давялося цягнуцца праз лясы і гушчар у абыход. Змрочны Леў падышоў, лёг на зямлю і глуха рыкнуў. Усе зразумелі, што распытваць яго не варта. Сонца стаяла высока. Тым, хто любіў прыцемкі, пара было хавацца. Але тут прагучаў голас Ліса: – Я – пасланец Звера. Ён просіць не баяцца яго! Усе паглядзелі на Ліса і заўважылі, што той сыты і скура яго ільсніцца. Яны выслухалі яго з недаверам, падумаўшы, што лісы – народ хітры. Але нешта было ў ім незвычайнае, нейкі бляск у вачах – невыпадкова гэта! А на лісавым хвасце быў бант з чыстага золата. Гэта, мабыць, ад Звера? – Калі вы будзеце яго слухацца і рабіць так, як ён кажа, ён вас не зачэпіць,– працягваў Ліс. Ён сядзеў спакойна, хістаючы пушыстым хвастом з залатым бантам, як сцягам. – А что яму трэба, гэтаму Зверу? – спыталі яны з бояззю. – Зусім няшмат,– адказаў Ліс і нервова міргнуў. – Ён патрабуе міру для сябе і сваіх. Ён патрабуе, каб вы не заміналі яму жыць так, як ён хоча. – Міру! – паўтарылі жывёлы. – Не заміналі жыць? І больш нічога не патрабуе? Няўжо больш нічога не патрабуе? – Нічога, акрамя міру для сябе і сваіх, — пацвердзіў Ліс. – Звер – вялікі і, па сутнасці, добры, калі толькі правільна да яго ставіцца. “Правільна ставіцца, правільна ставіцца”. А як гэта – правільна ставіцца? – Гэта значыць рабіць усё так, як ён захоча, — спакойна патлумачыў Ліс. – А што ён хоча? – пачулася пытанне. Ліс зірнуў у неба і з нецярплівасцю ў голасе адказаў: Тут Птушка-перасмешнік зарагатала. Жывёлы пачулі нейкі свіст, і іх накрыў цень. Падняўшы галовы, яны ўбачылі пачвару. Яна складвала крылы і ўладкоўвалася на вяршыне скалы. З-пад агромністых капытоў з грукатам пасыпаліся камяні і пясок. Агнём гарэлі вострыя кіпцюры, а з кожнай пашчы тырчэлі зубы-нажніцы, чакаючы чарговую ахвяру. ІІІ На наступны дзень Звер залёг каля ракі і не дазваляў нікому піць ягоную ваду. – Чыю ваду? – перапыталі жывёлы. – Хібы рака не наша, не агульная? – Мая рака, — гаркнуў Звер. Потым паклікаў Ліса, і той заявіў: – Спрадвеку рака належыць Зверу. Звер валодае ёю, яе берагамі, і лесам, і стэпам, і ўсім, што навокал. Ён – гаспадар зямлі, па якой мы ходзім, ён – гаспадар усяго, што расце, і дажджа, які праліваецца на зямлю, і хмараў, і самога неба. Жывёлы здзіўлена зморшчыліся. – Можа і мы таксама ягоная маёмасць? – спытаў нехта. Ліс пайшоў спытацца пра гэта ў пачвары. – Усе тутэйшыя жывёлы – таксама твая маёмасць, пане? Ліс вярнуўся, апусціўшы галаву, і сказаў: – Так, і вы таксама. – А ты? Ліс хітравата зыркнуў і прамаўчаў. Жывёлы са страхам глядзелі на яго. Так, цяпер яны добра разглядзелі, што ён не падобны ні на каго ў іхнім лесе. Ён крыху падобны на сабаку і крыху на ваўка, але ўсё ж ён – Ліс. І нехта сказаў: – Ты здрадзіў нас, Ліс! Ліс засмяяўся і знік у гушчары. Некаторым падалося, што ён залез пад крылы Звера. Але калі пачвара ўзляцела, Ліса ўжо не было. ІV Ад стварэння свету ў лесе не бывала такога. Пашы і норы жывёл былі разораны, яны пакутвалі ад смагі, а каб напіцца, шукалі іншага шляху да вады. Але крыкі паміраючых заўсёды нагадвалі ім, чым сканчаліся такія спробы. Многія жывёлы падаліся на поўнач, у пустыню, і загінулі ў пясках. Іншыя зашыліся ў сваіх норах пад гнілымі стваламі паваленых дрэваў, пакуль не загінулі таксама. Ніякіх спеваў не было чуваць надвячоркам на дрэвах, таму што дрэвы таксама былі ўласнасцю Звера. Нават найбуйнейшыя і найгразнейшыя жывёлы хадзілі асцярожна і цішком, з кожным днём яны худнелі, а іхняя футра згубіла былы бляск. І толькі Ліс меўся выдатна, а ягоная футра ільснілася. У прыцемках ён сядаў на беразе ракі і піў ваду. “А чым мы горш за Ліса?” – сказаў нехта з жывёл. І ў цемры яны пайшлі па лісіных слядах, адшукалі яго і спыталіся: – Ліс, парай нам, што рабіць? – Хадзіце за мной, — адказаў той. Але за ім пайшлі толькі смярдзючы Скунс ды Шакал. Ніхто не шкадаваў аб гэтым, таму што Шакал жывіцца падлінай, а Скунс смярдзіць. Леў, Мядзведзь ды іншыя жывёлы сабраліся ўначы на нараду: як перамагчы Звера. І тут хітрая Малпа сказала: – Адна з галоў Звера заўсёда павернута назад. Ды і трэцяя таксама ненадзейная. Цябе, Леў, гэта павінна быць вядома лепш за нас усіх, бо цябе гэта выратавала! — Ну і што з таго? Пра што гэта ты, шэльма? — Мне здаецца, што калі нялёгка даць рады адной галаве, то таму, у каго іх тры, — яшчэ цяжэй! – хітравата ўсміхнулася Малпа. Мядзведзь задуменна кіўнуў. Гэта яму было зразумела. Леў пагрозліва замахаў хвастом, і Малпа на ўсялякі выпадак у некалькі скачкоў ускараскалася на дрэва. – І калі у кагосьці тры галавы, гэта зусім не значыць, што ён у тры разы разумнейшы,– прашаптала яна з галін. – Можа, наадварот, у тры разы дурнейшы. Праз некаторы час увесь лес паўтараў гэтыя словы, а вецер разносіў іх па шырокіх раўнінах і шаптаў на вуха Антылопам, Аленям і Зебрам, калі сярод вечаровай чырвані яны ляцелі, напалоханыя і ў вечным чаканні бяды. Пачвара лютавала, і жывёлы ўсё часцей задумваліся: як з ёй змагацца? – Калі б наваліцца з розных бакоў, — разважалі некаторыя, — тры галавы муселі б круціцца на ўсе бакі адначасова. Звер разгубіўся б і пачаўбы спатыкацца аб уласныя лапы! – А яшчэ лепш, каб усе восем лап разбегліся б у розныя бакі! – марылі іншыя. Раптам з вяршыні дрэва пачуўся папяраджальны рогат Перасмешніка. Нехта свіснуў, і ўсе кінуліся на ўцёкі. Скора лес напоўніўся енкамі тых, хто бег недастаткова хутка. Душы тых, што засталіся жывымі, напоўніліся гневам. Яны ўжо не трымцелі. V Атака пачалася на золку на сёмы дзень пасля нарады. Падаў дробны дожджык, у лесе было зусім ціха. Над раўнінай згусціўся туман і прыкрыў жывёл, што ішлі ў наступ. Сабраліся ўсе лясныя жыхары: моцныя і слабыя, чатырохногія і крылатыя. Паветра напоўнілася дзіўным гулам. Звер паглядзеў на тры бакі і спытаўся, што гэта адбываецца. – Нічога, — адказалі змеі, якія растлусцелі і не маглі ўжо поўзаць. Сытымі і гладкімі яны зрабіліся, калі пасябравалі з Лісам. – Што гэта там, Ліс? – спытаў Звер, нюхаючы паветра. Ён адчуў трывогу, якая апанавала зямлю і неба. – Нічога дастойнага ўвагі Вашмосьці. – гукнуў Ліс і аблізнуўся, праглынуўшы апошні смачны кавалачак. Звер раззявіў самыя маленькія свае зубы-нажніцы і перакусіў Ліса напалам. Залаты бант разам з пушыстым хвастом застаўся ляжаць з аднаго боку, а другую палову Звер выплюнуў, таму што лісінае мяса горкае. Ён абярнуўся да Шакала, каб запытацца ў таго. Але той ужо ўцёк: пабег шукаць Льва, каб даць яму добрую параду. Раптам неба пацямнела ад тысячаў крылаў, і з аглушальным гагатаннем птацтва накінулася на Звера, імкнучыся выкляваць яму вочы. Звер раззявіў тры свае пашчы і выпрастаўся ў поўны рост, каб разам захапіць паболей ахвяр. Але, здавалася, сам туман нараджаў ўсё новых і новых птушак. Дажджом стрэл падалі яны адусюль з громкімі крыкамі. З пагорка пачуўся шум. Гэта Леў, Рысь і Леапард кінуліся на Звера з аднаго боку. А лясны Кот і іншыя жывёлы грызлі ягоны панцыр паміж шыпамі. Нават камары хмарай насунуліся на пачвару, джалячы яе сваім ядам цераз тонкую скуру вакол ноздраў і прымушаючы Звера чхаць. Урэшце, цяжка тупаючы, падаспеў Мядзведзь. Магутным рыўком ён прыціснуў Звера да зямлі і залез на яго. Дарэмна пачвара білася хвастом, спрабуючы скінуць Мядзведзя. Той усё мацней сціскаў Звера ў сваіх абдымках. Звер не мог сцяміць, што рабіць, таму што ўсе ягоныя тры галавы думалі разам і прымалі розныя рашэнні. І вось восем ягоных лап адначасова пасунуліся ў супрацьлеглыя бакі. І з такой сілай, што пачвара пачала сама сябе раздзіраць на часткі. Гэта было жудасна. Зямля затрэслася, спынілася плынь ракі. У паветры мільгалі знявечаныя целы жывёл, ляцелі пер’е і касмыкі шэрсці. Ад крыкаў, стогнаў, енкаў дрыжэлі дрэвы. Звер змагаўся ўсё больш зацята, і часам здавалася, што сваёй страшнай сілай ён спляжыць усё. Усё жывое ў наваколлі было растаптана і забіта. Але новае, маладое жыццё стала на месца старога. Зверу ўсё цяжэй удавалася даваць рады з трыма галавамі. Ён ужо ня быў здольны думаць і ў дзікім імкненні зніштажэння бессэнсоўна круціўся вакол сябе. З абрывістага адхону каціліся камяні і з грукатам падалі ў бездань. Дрэвы ламаліся, як трэскі. Урэшце апошняя сутарга здрыганула цела Звера і ён здох. Пашарпаная бесформенная мёртвая туша – вось што засталося ад магутнага і жахлівага Звера. Лясныя жывёлы цяжка саплі пасля боя і пыталіся адна ў адной: “Што цяпер нам рабіць?” Супакоіўшыся, яны задумаліся: “Як нам жыць далей?” Нават драпежнік зірнуў на іншую жывёлу, нібыта пытаючыся: “Мы з табой сябры, праўда?” І тая спытала яго позіркам: “Сапраўды, мы цяпер сябры?” Малпа жвава ўскараскалася на вярхушку самага высокага дрэва і закрычала: – Гэта я вас навучыла, як перамагчы пачвару. Гэта я ўсё прыдумала! Цяпер ніхто не павінен есці мяса! Жывёлы стаялі і разгублена глядзелі адна на адну. Пераклаў з нарвежскай Валеры Буйвал Johan Borgen. Noveller і utvalg. Oslo, 1968. Юхан Боргэн (1902-1979) — нарвежскі пісьменнік, аўтар рамана-трылогіі “Маленькі лорд”, “Цёмныя крыніцы” і “Цяпер ён не ўцячэ”, шэрагу навел. 28/1/2005 › Цікавая літаратура |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |