Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Дыялогі або Нататкі па метадалогіі палітычнай дзейнасці

(беларускім палітыкам прысвячаецца)

Уладзімір СТАРЧАНКА
Нататкі прызначаюцца для беларускіх палітыкаў і шэраговых удзельнікаў палітычных працэсаў, якія хацелі б авалодаць асновамі метадалогіі палітычнай дзейнасці.

Уводзіны

Відавочная безвыніковасць палітычных намаганняў беларускіх апазіцыйных сілаў, якая асабліва яскрава праявілася ў апошнія гады, спарадзіла хвалю расчаравання і зняверання ва ўласныя сілы ў беларускай палітычна актыўнай публікі. Пасля “элегантнай” перамогі Лукашэнкі ў выбарчым фарсе 2001 году моднымі сталі выказванні кшталту “Мабыць, наш час прайшоў?”, “Усё безвынікова”, “З гэтым народам нічога не зробіш”, “Трэба ісці ва ўнутраную апазіцыю і чакаць лепшых часоў” і ім падобныя. На гэтым фоне новыя суперідэі накшталт удзелу ў выбарах у мясцовыя саветы натхняюць нямногіх. Адчуваецца крызіс не толькі ідэй, але і самой палітдзейнасці, якая ўсё больш і больш нагадвае псеўдадзейнасць.

Сістэмны крызіс, які ахапіў беларускую апазіцыю, патрабуе сур’ёзнага аналізу палітычнай сітуацыі і дзейнасці галоўных фігурантаў палітычнай барацьбы. І, на мой погляд, грамадства цяпер гатова такім аналізам заняцца. Ёсць таксама спадзяванне, што схільнай да аналітыкі публіцы надакучыла чытаць артыкулы папулярных публіцыстаў і вядомых “фабрыкантаў” думкі, бо чытанне гэтае ўжо не дае здавальняючых адказаў на самыя актуальныя пытанні палітычнага жыцця краіны.

Між тым праблемы, якія не знаходзяць здавальняючага варашэння ў межах звыклых уяўленняў і мадэляў, могуць быць зусім натуральна зняты ў выніку метадалагічнага аналізу і распрацоўкі новай і больш адэкватнай мадэлі палітычнай рэчаіснасці. Аднак перш чым такую мадэль распрацаваць, неабходна знайсці, вызначыць і сфармуляваць праблемы (разрывы) дзейнасці. А зрабіць гэта можна ў межах метадалагічнага аналізу з пазіцый тэорыі дзейнасці. Дарэчы, з гэтых самых пазіцый зусім не важна, якую дзейнасць аналізаваць або ажыццяўляць: палітычную, педагагічную ці іншую, бо структура і заканамернасці дзейнасці маюць агульны характар.

Мэта гэтых нататкаў у папулярнай форме выкласці некаторыя палажэнні тэорыі дзейнасці і праілюстраваць іх разнастайнымі прыкладамі, у тым ліку і з палітычнага жыцця Беларусі. Матэрыял пададзены ў выглядзе 12 кароткіх дыялогаў, кожны з якіх суправаджаецца высновай, каментарам, “бытавым” прыкладам і палітычнай аналогіяй.

Аднак перш чым перайсці да дыялогаў, ёсць сэнс разгледзець і пракаментаваць агульную схему дзейнасці (Мал.1). Схема з’яўляецца, па сутнасці, мадэллю дзейнасці і адлюстроўвае яе ключавыя элементы і сувязі паміж імі. Галоўным элементам выступае суб’ект дзейнасці, які вызначае яе мэту, распрацоўвае праект і ажыццяўляе саму дзейнасць. Ён жа распра-цоўвае мадэль аб’екта, дзеля чаго вывучае “прыроду” апошняга і спрабуе разабрацца ў яго функцыянальнай і генетычнай структуры. Мадэль не тоесная аб’екту, але яна павінна нейкім спосабам адлюстроўваць “прыроду” аб’екта і быць адэкватнай яму. Адэкватная мадэль здавальняюча апісвае цяперашні стан аб’екта, яго гісторыю і магчымыя трансфармацыі (апісвае функцыянаванне і развіццё аб’екта). Зыходзячы з мадэлі, суб’ект распрацоўвае праект дзейнасці. Гэта значыць, што ён вызначае мэту дзейнасці, зыходзячы з якой вызначае яе задачы, падбірае адэкватныя мэце і задачам сродкі, метады і формы дзейнасці, якія функцыянальна аб’ядноўвае ў межах пэўных працэдур і працэсаў. Праект прадугледжвае таксама распрацоўку сістэмы кіравання працэсамі, якая ўключае ў сябе механізмы кантролю, ацэньвання і карэкціроўкі працэсаў. Узброены праектам і рэсурсамі суб’ект прыступае да практычнай дзейнасці з мэтай трансфармацыі аб’екта, дзеля чаго аказвае ўздзеянне на аб’ект. Уздзеянне трансфармуе аб’ект і ён мяняе свой стан ў адносінах да мэтавага стану. У ідэале стан аб’екта павінен набліжацца да мэтавага. Аднак рэальна аб’ект можа трансфармавацца парадаксальным спосабам. Інфармацыя аб рэальных трансфармацыях аб’екта (траекторыі трансфармацыі) і ўмовах дзейнасці (якія могуць істотна ўплываць на паводзіны аб’екта) па каналах адваротнай сувязі паступае да суб’екта дзейнасці. Апошні аналізуе атрыманую інфармацыю, ацэньвае яе па вызначаных крытэрыях і ўносіць у дзейнасць карэкцыі. Трэба заўважыць, што карэкціроўцы могуць падлягаць не толькі параметры ўздзеяння, але праекты дзейнасці і мадэлі аб’екта.

Мал.1. Схема дзейнасці.

Застаецца дадаць, што ў палітычнай дзейнасці аб’ектам выступае палітычная ўлада, а суб’ектам - народ (сацыяльная група, партыя, кіраўніцтва палітычнай арганізацыі, палітычны лідэр…).
Цяпер самы час перайсці да дыялогаў. Толькі мушу папярэдзіць чытача, што па ходу нататкаў я не ўстрымаўся ад аналізу і сваіх ацэнак палітычнай сітуацыі і палітычнай дзейнасці ў межах акрэсленага праблемнага поля. Спадзяюся, што прадэманстраваныя ўзоры мыслядзейнасці будуць карысныя для беларускіх палітыкаў і асабліва для шэраговых ўдзельнікаў палітычнай дзейнасці, бо дазволяць лепш разбірацца ў сапраўдных мэтах і рэальных накірунках уласнай палітдзейнасці, узброяць уяўленнямі аб крытэрыях ацэнкі дзейнасці і навучаць адрозніваць дзейнасць ад псеўдадзейнасці…

Спадзяюся таксама, што мае разважанні не пададуцца чытачу трывіальнымі і падштурхнуць да актыўнай самастойнай мыслядзейнасці. А гэта неабходная ўмова для вырашэння любых праблем. Што ж тычыцца эфектыўнай палітычнай дзейнасці, то яна можа ажыццяўляцца толькі тады, калі суправаджаецца не менш эфектыўнай мыслядзейнасцю.

Дыялог першы

- У’яві сабе, што ў цябе ёсць яблык. У’явіў?
- Так. У’явіў!
- Добра! А цяпер адкажы на пытанне: Колькі ў цябе яблык?
- Адно.
- Выдатна! А цяпер з’еш свой яблык!
- Як гэта?!!
- Не можаш. А ўсё таму, што на самой справе яблыка ў цябе няма.

Выснова. Ідэя яблыка і само яблыка — гэта не адно і тое ж.

Каментар. Паміж ідэяй і яе рэальным увасабленнем ляжыць дзейнасць. Дзейнасць — гэта спосаб матэрыялізацыі ідэй! (Мыслядзейнасць — спосаб утварэння ідэй.)

Прыклад. Каб матэрыялізаваць ідэю яблыка, трэба ўзяць адпаведнае насенне (або саджанец), пасадзіць у зямлю, некалькі гадоў паліваць, падкормліваць, абразаць, абараняць ад шкоднікаў і суседзяў, аж пакуль не вырасце першы ўраджай. Вось цяпер можна яблык сарваць і з’есці. Ёсць і іншы шлях: зарабіць грошы, пайсці на рынак, купіць вырашчаны кімсьці яблык і з’есці. Урэшце можна скрасці чужы яблык. Але няма шляху, каб мінуючы асэнсаваную і мэтанакіраваную дзейнасць матэрыялізаваць ідэю.

Палітычная аналогія. Незалежная, вольная, дэмакратычная Беларусь — наша мэта! Але недастаткова марыць аб вольнай і квітнеючай Беларусі. Каб у ёй пажыць, трэба ажыццяўляць мэтанакіраваную дзейнасць па яе будаўніцтву.

Дыялог другі

- Чаго ты хочаш?
- Хачу быць багатым і здаровым!
- А вольным быць хочаш?
- Не хачу! Не разумею нават, навошта?
- Тады не будзе ў цябе ні багацця ні здароўя, бо здароўе сваё страціш, умацоўваючы дабрабыт гаспадара твайго!

Выснова. Старанна выбірай мэту і не стаў дробнае і прыватнае наперадзе цэлага і агульнага. Прыняўшы следства за прычыну, не шукай плёну.

Каментар. Правільны выбар мэты - краевугольны камень выніковай дзейнасці. Памыліўшыся з мэтай - памылішся і з усім астатнім, бо мэта - гэта сістэмаўтвараючая рэч, якая вызначае не толькі кірунак, але і задачы, і сродкі, і метады дзейнасці.

Прыклад. Пчолы ўсё лета нястомна носяць мёд у соты, але ўсё роўна мёду на зіму ў вуллі застанецца роўна столькі, колькі пакіне ім іх гаспадар - пчаляр. Пчаляр трымае пчолаў не для таго, каб зрабіць ім райскае жыццё, а для таго, каб карыстацца з іх працы. Дрэнны і сквапны гаспадар можа пакінуць мёду так мала, што пчолы не перазімуюць.

Палітычная аналогія. Так і народ, якія жыве ў калоніі: чым больш і лепш людзі працуюць, тым больш іх абіраюць каланіяльныя ўлады. Калоніі патрэбны не для таго, каб рабы былі здаровыя і багатыя, а для таго, каб карыстацца з іх працы. У цяжкія для метраполіі часы каланіяльныя ўлады могуць забраць у людзей нават самае апошняе. Тады людзі пачынаюць есці адзін аднаго, каб выжыць.

Для таго, каб быць багатымі, трэба самім распараджацца плёнам сваёй працы, а для гэтага трэба быць вольнымі людзьмі. Таму мэта - свабода, а дабрабыт - следства свабоды.

Дыялог трэці

- Ты што гэта робіш?
- Трэніруюся скакаць у вышыню!
- А навошта?
- Хачу патрапіць на Месяц!
- І як поспехі?
- Проста выдатна. Тыдзень таму скакаў на 120 сантыметраў, а цяпер ужо на 125 !
- Прагрэс відавочны. Але ж усё роўна, каб патрапіць на Месяц табе патрэбна ракета!
- Ну, ты сказаў! Адкуль у мяне сродкі на ракету? Проста буду больш трэніравацца!
- Напэўна, з цягам часу з цябе атрымаецца нядрэнны лёгкаатлет, але на Месяцы табе не бываць!

Выснова. Нават правільна абраўшы мэту, бойцеся скаціцца ў псеўдадзейнасць. Псеўдадзейнасць змарнуе і час, і здароўе, і рэсурсы, але яна прынцыпова не можа прывесці да мэты. Да мэты вядзе толькі дзейнасць.

Каментар. Дзейнасць не толькі заўсёды мэтанакіравана, але яна заўсёды адэкватная мэце (ў тым ліку і ў рэсурсным плане). Неадэкватная дзейнасць ператвараецца ў псеўдадзейнасць нават тады, калі мэта дэкларуецца правільна. У пастку псеўдадзейнасці трапляе і той, хто свядома ці не, але падмяняе мэту самой дзейнасцю. Дзейнасць дзеля дзейнасці - тыповы прыклад псеўдадзейнасці.

Прыкра, але ў рэчаіснасці дзейнасць вельмі лёгка замяшчаецца псеўдадзейнасцю. І гэта не заўсёды лёгка заўважыць, бо ў аснове і адной і другой ляжыць працэс. Але працэс дасягнення мэты і працэс марнавання рэсурсаў - гэта два прынцыпова розныя працэсы!

Сутнасць дзейнасці ў матэрыялізацыі ідэй! Сутнасць псеўдадзейнасці - у ідэалізацыі самой дзейнасці! Але ж дзейнасць - гэта не мэта, а спосаб яе дасягнення!

Псеўдадзейнасць горш за бяздзейнасць, бо апошняя (у адрозненні ад першай) не патабуе расходавання рэсурсаў: людскіх і матэрыяльных.

Псеўдадзейнасць - найлепшы спосаб марнавання вялікіх ідэй, вялікіх людзей і вялікіх спадзяванняў! Да таго ж псеўдадзейнасць - найкарацейшы шлях да расчаравання!

Прыклад. Каб рэалізаваць вялікую партыю нават вельмі карыснага для спажыўцоў тавару, трэба, каб людзі даведаліся пра яго існаванне. Дзеля гэтага неабходна з дапамогай СМІ давесці да людзей адпаведную рэкламную інфармацыю. Калі ж пра існаванне тавару будзе ведаць толькі жонка і цёшча ўладальніка, дык тавар згніе на складзе. Пашкадаваўшы ці не знайшоўшы сродкі на інфармацыйную раскрутку тавару, можна змарнаваць працу сотняў і тысячаў людзей, а замест прыбытку атрымаць велізарныя страты і стаць банкрутам!

Палітычная аналогія. Палітычным банкрутам лёгка можа стаць нават узброеная самай высокароднай мэтай і вялікай ідэяй арганізацыя, калі яна не здолее забяспечыць сваю дзейнасць адэкватнымі мэце рэсурсамі: людскімі і матэрыяльнымі. Але яшчэ лягчэй збанкрутуе тая палітычная сіла, якая ў пагоні за рэсурсамі адмовіцца ад вялікай ідэі і палітычнай мэты!

Для дзейнасці патрэбна мэта, план і рэсурсы, псеўдадзейнасць задавальняецца тым, што бязмэтна марнуе рэсурсы, а для бяздзейнасці бывае дастаткова адной мары.

Дыялог чацвёрты

- Ты што такі смуры?
- А ведаеш, дружа, расчараваўся я ў сваім новым гадзінніку!
- Што, няправільна час паказвае?
- Ды не, як раз час ён паказваў правільна. Але паспрабаваў я ім цвік у сценку забіць, дык у яго адразу шкло разбілася і стрэлкі адваліліся! Нікуды нягодны гадзіннік!
- А малатком ты не спрабаваў цвікі забіваць?
- А гэта ідэя!!!

Выснова. Не забівай цвікі гадзіннікам, мерай ім час! Каб не расчаравацца, выбірай для дзейнасці адэкватныя сродкі!

Каментар. Мэта вызначае сродкі яе дасягнення. Калі жадаеш памераць час - карыстайся хранометрам, калі жадаеш забіць цвік - карыстайся малатком. Не трэба спадзявацца на выніковасць, калі даводзіцца рабіць наадварот. Каб патрапіць на Месяц, недастаткова скарыстаць сілу разгібацелей ног, трэба скарыстаць рэактыўную цягу касмічнай ракеты. Вялікая мэта патрабуе вялікіх сродкаў. Таму паклапаціся аб адэкватнасці. І памятай, што адэкватная дзейнасць забяспечваецца выкарыстаннем адэкватных сродкаў.

У рэальным жыцці бывае вельмі складана разабрацца ў выбары сродкаў. Звычайна людзі схільныя карыстацца тым, што ёсць пад рукой, а не тым, чым трэба. Вось чаму зайздроснаму чалавеку лягчэй узяць запалкі (кошт 1 капейка) і спаліць новую суседаву хату, чым зарабіць грошы і пабудаваць сабе лепшую.

Прыклад. Упадабаў дзядзька ў краме прыгожы халадзільнік, але не было ў кішэні грошай. Захацеў дзядзька перанесці з агароду на вуліцу велізарны камень, але сам не падняў, а сяброў у яго не было. Згуляў дзядзька ў “Поле цудаў”, але не хапіла ведаў. Так і застаўся небарака без халадзільніка і “цудаў” і з камянём на агародзе. Проста яму не хапіла рэсурсаў: фінансавых, чалавечых, інтэлектуальных.

Палітычная аналогія. Каб прыйсці да ўлады, “аб’яднаная апазіцыя” імкнецца выйграць на выбарах, якія арганізоўвае па сваіх правілах беларускі рэжым. А правілы гэтыя такія: за каго б рэальна не прагаласавалі выбаршчыкі, пераможцай абвяшчаецца прадстаўнік рэжыму. Псеўдавыбары - заганны, неадэкватны сродак. Апазіцыя і ў тэорыі і на практыцы добра гэта ведае, але ўсё роўна ім карыстаецца. Чаму? Гэтага ад яе патрабуюць заходнія і ўсходнія спонсары. Немцам і расіянам трэба, каб на Беларусі адбываліся псеўдавыбары, а для гэтага апазіцыя абавязана наступаць на граблі. Апазіцыя, канечне, супраціўляецца такім планам, але баіцца страціць замежную падтрымку і рэсурсы, таму актыўна ўдзельнічае ў антыбеларускай дзейнасці. Але ці гэта абвешчаная мэта дзейнасці аб’яднанай апазіцыі? І ці патрэбны беларускім палітычным арганізацыям рэсурсы, калі яны даюцца толькі пад антыбеларускую дзейнасць? Рытарычныя пытанні, але сярод “аб’яднанай апазіцыі” няма смельчакоў, каб даць на іх прамыя адказы. А калі б былі, дык стала б зразумела, што трэба рыхтаваць выбары, а не ўдзельнічаць у псеўдавыбарах.

Кажуць, што Уладзімір Плешчанка ходзіць па Віцебску з плакатам “Даеш выбары пад пратэктаратам міжнародных арганізацый!” Апазіцыянеры з яго смяюцца, кажуць, што занадта складана такіх выбараў дамагчыся (ды і рэсурсаў пад гэта ніхто не дасць), прасцей па завядзёнцы кінуцца ў чарговыя псеўдавыбары. Застаецца толькі зняць капялюш перад аматарамі фіктыўна-дэманстратыўнай дзейнасці.

Дыялог пяты

- Дзядзька, ты чаго гнілы памідор ясі?
- Дык я гэта, спелыя берагу, хай яшчэ паляжаць, а які пачне псавацца, дык я яго з’ядаю. Мой метад эканоміі.
- Значыцца, ты ясі толькі гнілыя памідоры і не ведаеш смаку свежых?!!

Выснова. Нават калі ў цябе ёсць тона свежых памідораў, яшчэ не факт, што ты паспрабуеш іх на смак. Усё залежыць ад метада спажывання. Прыкладам, можна есці толькі гнілыя памідоры, можна есці толькі свежыя памідоры, можна спажываць салат са свежых і гнілых памідораў… Урэшце іх можна зусім не есці, а прадаць, або перапрацаваць у тамат-пасту.
Рэсурсы можна спажываць па - рознаму. Эфектыўнасць спажывання рэсурсаў залежыць ад метаду іх выкарыстання.

Каментар. Калі маеш сродкі дзейнасці (рэсурсы), то паўстае пытанне, як найлепш іх скарыстаць. Заўсёды ёсць мноства спосабаў (метадаў) выкарыстання рэсурсаў і не ўсе яны маюць аднолькавую эфектыўнасць. Трэба імкнуцца да выкарыстання самых эфектыўных метадаў дзейнасці. Выкарыстанне дрэнных метадаў можа змарнаваць і сродкі-рэсурсы і саму дзейнасць, якая ператворыцца ў псеўдадзейнасць.

Прыклад. Есць від пчол, які карыстаецца ў барацьбе з шэршнем метадам паслядоўнага змагання. Калі шэршань падлятае да вулля і сядае на паліцу, пчолы-воіны выстройваюцца ў калону і па адной накідваюцца на ворага. Але шэршань значна большы і мацнейшы за пчалу, і ён лёгка адразае абаронцы вулля галаву. Кажуць, што так паслядоўна ён можа прыкончыць тысячы пчол.

Па-іншаму паводзіць сябе ў аналагічнай сітуацыі другі від пчол, які выкарыстоўвае метад паралельнага змагання. Гэтыя пчолы кублом аблепліваюць шэршня, і калі тэмпература ўнутры жывога кубла павялічваецца, шэршань здыхае ад перагрэву.

Лёгка заўважыць, што першы метад змагання марнуе пчаліныя рэсурсы, патрабуе максімум “гераізму”, але дае мінімум плёну, а другі - наадварот захоўвае рэсурсы і патрабуе мінімум “гераізму” пры максімуме плёну.

Палітычная аналогія. Маючы невялікія дэпутатскія рэсурсы, апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання (ВС-12) даволі ўмела выкарыстоўвала спрыяльныя палітычныя моманты і здолела рэалізаваць многія дзяржаўніцкія ідэалы беларускага народу: была прынята дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, нацыянальная сімволіка і іншае. Нават не ідэалізуючы дзейнасць апазіцыі БНФ нельга не прызнаць, што яна дзейнічала “не лікам, а ўменнем”. Параўнаем яе з дзейнасцю прадстаўнікоў “аб’яднанай апазіцыі” у Вярхоўным Савеце 13-га склікання (ВС-13). Нягледзячы на сваю немалую колькасць, яны не знайшлі спосабаў (метадаў) супрацьстаяння развалу парламента, правалілі ідэю імпічмента, завалілі дзейнасць Прэзідыума ВС-13 пасля разгону парламента, фактычна зруйнавалі ўласную легітымнасць у вачах міжнароднай супольнасці.

Дыялог шосты

- Эй, рыбак, ці шмат рыбы злавіў?
- Ды, ведаеш, ніводнай! Аж зло бярэ.
- А на што ловіш?
- На кручок!
- Вядома, што на кручок. А якую на яго прынаду чапляеш?
- А што трэба спачатку прынаду чапляць, а потым вуду закідваць?
- ???!!!

Выснова. Спачатку начапі на кручок прынаду, а потым закідвай вуду. Дзейнасць трэба добра планаваць, а яшчэ лепш праектаваць. Прадумай алгарытм дзейнасці. Добра, калі будзеш папярэдне ведаць, што рабіць у выпадку развіцця сітуацыі тым ці іншым чынам. Не прадумаўшы стратэгію, тактыку і нават паслядоўнасць дзеянняў, лёгка патрапіць у тупік.

Каментар. Эфектыўная дзейнасць патрабуе праектавання. Зыходзячы з мэты дзейнасці, вызначы галоўныя задачы, падбяры сродкі і метады (спосабы) іх вырашэння. Прадумай паслядоўнасць вырашэння задач, сплануй этапы іх вырашэння (разбей дзейнасць на лагічныя ўзаемазалежныя этапы). Прадугледзь шматварыянтнасць дзеянняў у залежнасці ад развіцця сітуацыі, каб не губляць над ёй кантроль. Праектуй не толькі дзейнасць, але і ўмовы яе ажыццяўлення.

Прыклад. Будуючы хату, трэба мець хаця б мысленны праект яе пабудовы. Яшчэ лепш мець дасканалы архітэктурна-тэхналагічны праект і вопытных будаўнікоў. Калі будаваць хату без усялякага плану, то можа атрымацца хлеў або сабачы будан, або няведама што. Наяўнасць мэты і матэрыяльных рэсурсаў яшчэ не гарантуе поспеху. Патрэбны дасканалы план і вопытныя выканаўцы. У гэтым аспекце распрацоўка праекта і яго рэалізацыя шчыльна звязаны з якасцю і колькасцю чалавечых рэсурсаў.

Палітычная аналогія. Рапрацоўваючы праекты прыходу да ўлады беларускія апазіцыянеры звычайна мала клапоцяцца аб іх адэкватнасці і рэалізуемасці. Прыкладам, арганізуючы выбары прэзідэнта краіны ў 1999 годзе, аўтары праекта рабілі стаўку на наменклатурны пераварот у выніку абвяшчэння ЦВК прэзідэнтам Нелукашэнкі. Іх мала цікавіла рэальная арганізацыя і правядзенне выбараў ва ўмовах дыктатуры, бо адразу меўся намер іх сфальсіфікаваць. Гэтак жа мала цікавіла іх і рэальная падтрымка насельніцтва, якога наменклатурныя перавароты не цікавяць па вызначэнню.

Галоўныя дзеячы праекта на працягу перадвыбарчай і выбарчай кампаніі дэманстравалі поўную ўпэўненасць у падтрымцы іх дзеянняў вышэйшай наменклатурай (што псіхалагічна правільна) і абсалютна не звярталі ўвагі на рэальнае становішча спраў (што метадалагічна цалкам не правільна). Гэта пры тым, што ўжо на этапе вылучэнняў кандыдатаў у прэзідэнты стала відавочна, што наменклатура ад удзелу ў праекце ўхілілася. Аднак у выканаўцаў плана, відаць, не было ў запасе варыянтаў дзеянняў на такі выпадак развіцця сітуацыі. Заганны праект пацярпеў крах, і Лукашэнка застаўся на сваім месцы. Акрамя таго, былі рэпрэсаваны многія з выканаўцаў праекта, а адзін з яго кіраўнікоў верагодна, што развітаўся з жыццём. У выніку масавых чыстак наменклатурных кадраў амаль усе беларусы былі выдалены з уладнай вертыкалі. А ў арганізацыі БНФ “Адраджэнне” быў справакаваны раскол…

Адмоўныя вынікі згаданага палітычнага пректа настолькі пераважылі нешматлікія станоўчыя, што некаторыя аналітыкі паспяшаліся заявіць, што яны (адмоўныя вынікі) і былі сапраўднай мэтай праекта! Калі гэта праўда, то праект трэба разглядаць як прыклад эфектыўнай антыбеларускай дзейнасці. Вось яшчэ адна магчымасць пераканацца ў тым, што мэта вызначае ўсё, у тым ліку і крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці.

Дыялог сёмы

- Ты зможаш злавіць чорную кошку ў светлым пакоі?
- Змагу.
- А ў цёмным пакоі? Ці з павязкай на вачах?
- А як я даведаюся, дзе яна?

Выснова. Цяжка злавіць чорную кошку ў цёмным пакоі, асабліва калі яе там няма. Зрокавы кантроль дазваляе адшукаць кошку, што дае шанц яе адлавіць. Адсутнасць зрокавага кантролю не дазваляе разабрацца нават з тым, ці ёсць у пакоі кошка і адпаведна амаль не дае шанцаў на яе лоўлю. Эфектыўная дзейнасць вымагае наладжанай адваротнай сувязі (кантролю).

Каментар. Каб дзейнасць была эфектыўнай, наладзь кантроль за тым, як развіваецца рэальная сітуацыя. Мэта кантролю - атрыманне аб’ектыўнай і своечасовай інфармацыі аб важнейшых параметрах дзейнасці, выніках дзейнасці і ўмовах дзейнасці. Такая інфармацыя неабходна, каб своечасова карэкціраваць свае дзеянні. Разузгодненасць паміж плануемымі вынікамі дзейнасці і рэальнымі не павінна быць надта вялікай, інакш ёсць рызыка не дасягнуць мэты.

Асаблівую небяспеку для дзейнасці мае атрыманне па каналах адваротнай сувязі несапраўднай інфармацыі (дэзінфармацыі). У такіх умовах дзейнасць аўтаматычна губляе эфектыўнасць, а сістэма кіравання можа пацярпець крах.

Прыклад. У савецкія часы людзі па радыё шмат чулі пра неверагодныя эканамічныя поспехі СССР, а калі прыходзілі ў краму - бачылі пустыя паліцы і нерваваліся. Самыя знерваваныя нават ішлі ў паліклініку, каб разабрацца, з чым у іх праблемы: са слыхам ці са зрокам. А вось кіраўнікі СССР радыё слухалі, а ў крамы не хадзілі, бо ім усё па заказах прыносілі, таму і нервы ў іх былі на месцы. Яны думалі, што кіраваць краінай можна слухаючы дэзінфармацыю і не звяртаючы ўвагі на рэальны стан спраў. І памыліліся. Цікава, што развал СССР стаў для іх поўнай нечаканасцю.
Усё гэта нагадвае чалавека, які заплюшчыўшы вочы выціснуў да канца педаль акселератара аўтамабіля і пад гукі бадзёрай музыкі з жахлівай хуткасцю нясецца наперад. Яшчэ нават за секунду да катастрофы ён можа быць абсалютна спакойным і нават адчуваць эйфарыю. Удар аб слуп і смерць будуць для яго поўнай нечаканасцю.

Палітычная аналогія. Звычайна лідэр або кіраўніцтва арганізацыі прымаюць нейкія рашэнні і спрабуюць правесці іх у жыццё. Але адпачатку ніколі невядома пэўна, ці з’яўляюцца кіруючыя ўздзеянні ў поўнай меры адэкватнымі і дастатковымі для дасягнення пазначанай мэты. Праверыць гэта можна толькі арганізаваўшы трывалую адваротную сувязь. Як толькі па яе каналах пачынае паступаць інфармацыя пра неэфектыўнасць прынятых захадаў з прычыны іх неадэкватнасці, недастатковасці або з прычыны змянення ўмоў дзейнасці, то кіраўніцтва мусіць тэрмінова карэкціраваць свае кіруючыя ўздзеянні. Своечасова прыўнесеныя ў працэс кіравання карэкцыі дазваляюць падтрымліваць мэтанакіраванасць і мэтазгоднасць дзейнасці ў прымальным з пункту гледжання эфектыўнасці калідоры і не даюць ёй ператварыцца ў псеўдадзейнасць.

У адной грамадскай арганізацыі кіруючы ворган прыняў рашэнне аб выданні штомесячнага інфармацыйнага бюлетэня і прызначыў яго радактара і пяць абласных карэспандэнтаў, якія мусілі працаваць на грамадскіх пачатках. За паўгады работы былі выпушчаны два бюлетэні. Пры гэтым рэдактар не атрымаў ад абласных “карэспандэнтаў” ніводнага матэрыялу. Амаль на кожным пасяджэнні кіруючага воргана рэдактар і кіраўніцтва арганізацыі звярталіся да “карэспандэнтаў” з патрабаваннем ажывіць працу па збору і перадачы інфармацыйных матэрыялаў рэдактару. Вынікам намаганняў стаўся выпуск на працягу наступнага году яшчэ аднаго нумару бюлетэня, але зноў жа без удзелу абласных “карэспандэнтаў”. Пасля гэтага былі прыняты рашучыя меры: трох з пяці “карэспандэнтаў” замянілі на іншых, яшчэ больш шчырых сябраў арганізацыі. Тым не менш, “заклінанні” карэспандэнтаў працягваюцца і па цяперашні час і з тым самым вынікам, што і раней.

Аб’ектыўны назіральнік гэтай сітуацыі мог бы заўважыць, што кіраўніцтву арганізацыі ўжо праз месяц-другі было відавочна, што прынятыя для выпуску бюлетэня захады з’яўляюцца неадэкватнымі пастаўленай мэце. Прыўнесеныя карэкціроўкі (”заклінанні” і кадравыя замены) таксама былі відавочна недастатковымі і неэфектыўнымі. Аднак на большае “фантазіі”, жыццёвага вопыту або рэсурсаў у кіраўніцтва не хапіла. Як вынік - абсалютна неабходная для ажыццяўлення інфармацыйнай палітыкі арганізацыі дзейнасць па выданню бюлетэня ператварылася ў разбуральную па сваёй сутнасці псеўдадзейнасць, якая штораз дэманстравала няздольнасць кіраўніцтва і самой арганізацыі да элементарнай практычнай работы.

Дыялог восьмы

- Эй, сляпы, на каго падобны слон?
- На змяю,- адказаў сляпы, мацаючы хобат слана.

Выснова. Хобат слана падобны на змяю, але слон, узяты цалкам, на яе зусім не падобны. Вывучай аб’ект дзейнасці з розных бакоў і пунктаў гледжання, інакш рызыкуеш мець пра яго неадэкватнае ў’яўленне.

Каментар. Найлепшы вынік пры аналізе аб’екта дасягаецца праз поліпрадметны погляд на яго, які забяспечвае стэрэаскапічнае ўспрыманне аб’екта. Паспрабуй структурыраваць аб’ект, вылучыўшы яго галоўныя элементы і ўсталяваўшы сувязі-адносіны паміж імі. Распрацуй такім чынам тэарэтычную мадэль аб’екта і правер яе на несупярэчлівасць і працаздольнасць. Працаздольная мадэль павінна задавальняюча апісваць рэальны стан і паводзіны аб’екта. Распарацоўваючы мадэль, карыстайся правілам мінімакса: шукай мінімальную структуру пры максімальнай адэкватнасці. Памятай, што добрая мадэль падкажа табе спосабы кіравання аб’ектам.

Прыклад. У першыя месяцы пасля Чарнобыльскай аварыі выкід радыёнуклідаў у навакольнае асяроддзе зрабіў малако сапраўдным атрутным рэчывам. Аднак палешукі, па завядзёнцы, працягвалі яго ўжываць самі і скормліваць дзяцям. Рабілі яны гэта не для таго, каб атруціць уласных дзяцей, а з той прычыны, што працягвалі карыстацца састарэлай мадэллю малака, згодна з якой гэты прадукт утрымлівае толькі карысныя для дзяцей кампаненты. Аднак постчарнобыльскае малако старой мадэллю апісвалася неадэкватна, бо ў яго структуры з’явіліся радыёактыўны ёд, цэзій, стронцый, а дзе-нідзе і плутоній. “Ёдны ўдар” быў настолькі моцным, што захворваемасць на рак шчытападобнай залозы павялічылася сярод палешукоў у тысячы разоў.
Такую метадалагічную памылку ў мадэляванні наўрад ці хто адважыцца назваць бяскрыўднай.

Палітычная аналогія. Многія беларускія палітыкі і аналітыкі ўпарта карыстаюцца двухполюснай мадэллю палітычнага спектра краіны. Згодна з ёю на адным полюсе знаходзіцца дыктатар Лукашэнка і яго хаўруснікі, а з другога - шырокая (ад Пашкевіча, Лявонава, Чыгіра, Абрамавай, Калякіна, Гайдукевіча… да Вячоркі, Лябедзькі, Статкевіча, Шу… ) дэмакратычная апазіцыя дыктатару. Адпаведна сваёй структуры, мадэль вызначае і галоўную палітычную мэту дзейнасці апазіцыі, як замену прэзідэнта дыктатара - прэзідэнтам дэмакратам. Менавіта гэта мадэль актыўна транслюецца і прапагандуецца ў апазіцыйных СМІ.

Аднак згаданая мадэль не вытрымлівае мінімальнай крытыкі, бо, па-першае, абсалютна не адлюстроўвае генетычную прыроду беларускай дыктатуры, а, па-другое, не адпавядае сапраўднай структуры палітычнай прасторы Беларусі. І згаданыя недахопы не назавеш бяскрыўднымі, бо яны фатальным спосабам адбіваюцца на дзейнасці “апазіцыі” і ўводзяць у зман палітычна актыўную публіку.

Традыцыйны праект дзейнасці “аб’яднаных” выглядае так: а) знайсці прымальнага для Расіі кандыдата ў прэзідэнты (наменклатурны, прарасійскі, несамастойны…); б) пераканаць Маскву, што новы кандыдат лепш за Лукашэнку будзе рэалізоўваць на Беларусі інтарэсы Расіі (паскорыць інтэграцыю, аддасць беларускую маёмасць расійскаму капіталу…); в) заручыцца інфармацыйна-фінансава-палітычнай падтрымкай Масквы падчас палітычнай кампаніі; г) … што далей невядома, бо яшчэ ні разу не ўдавалася выканаць пункты б і в, але звычайна пункт г азначае правал кампаніі.

Адпаведна і лозунг палітдзейнасці “За Саюз без Лукашэнкі” выглядае для “аб’яднаных” цалкам натуральным. Цікава, што абсалютная большасць шэраговых удзельнікаў падобных палітычных праектаў “у труне бачыла Саюз і інтэграцыю з Расіяй” і марыць пра незалежную дэмакратычную Беларусь. Але іх пераканалі, што спачатку трэба замяніць дыктатара на дэмакрата, які і пабудуе незалежную Беларусь. Маецца на ўвазе, што дэмакрат з дапамогай Масквы (якая здасць Лукашэнку і падтрымае Нелукашэнку) прыдзе да ўлады, а потым падмане Маскву, пракіне саюз, наплюе на інтэграцыю і зоймецца будаўніцтвам нацыянальнай дзяржавы.

Нягледзячы на ўвесь наіў і бясплённасць гэткіх разлікаў, яны трывала сядзяць ў грамадскай свядомасці, бо прынятая тэарэтычная мадэль іншых варыянтаў не дапускае. Публіка не бачыць выйсця з інтэлектуальнага тупіку:” А як жа інакш? Ніяк!”

Заганнасць мадэлі лёгка ўсвядоміць, прааналізаваўшы характэрны тэзіс “аб’яднаных дэмакратаў”, які прымушае іх рабіць стаўку на Маскву: “Лукашэнку паставіла Масква, Масква яго і заменіць” (або яго больш інтэлегентны варыянт: “У Расіі больш дэмакратыі і яна дэмакратызуе Беларусь”)… Ну, паставіла! Ну, заменіць! Але на каго? Толькі на таго, хто будзе значна лепшы за Лукашэнку з пункту гледжання Масквы. А тады ўстае пытанне: а якую ролю выконвае дыктатар і яго рэжым на Беларусі? Адказ відавочны: дыктатура Лукашэнкі - гэта дыктатура каланіяльнай адміністрацыі Расіі на тэрыторыі фармальна незалежнай Беларусі. (Рэжым Машэрава на тэрыторыі БССР быў таксама варыянтам каланіяльнага рэжыму Расіі на Беларусі. І Мураўёў-вешальнік таксама быў галавой акупацыйна-каланіяльнага рэжыму Расіі на тэрыторыі Беларусі.)

Значыцца, каб дамагчыся падтрымкі Масквы “аб’яднаным”, трэба прапанаваць ёй варыянт больш эфектыўнай арганізацыі каланіяльнай палітыкі і персону, якая ажыццяўленне азначанага варыянту ў Беларусі здолее ўзначаліць. Іншымі словамі, патрэбны лідэр, здольны пераадолеўшы супраціўленне грамадства, значна павялічыць ступень нацыянальна-культурнага, сацыяльна-эканамічнага, палітычнага прыгнёту беларусаў расійскім імперыялізмам. Не трэба і казаць, што падобныя планы і дзейнасць з’яўляюцца чыста антыбеларускімі і антыдзяржаўнымі. Пад імі адмовіліся б падпісацца 99% шэраговых удзельнікаў акцый “аб’яднанай апазіцыі”. Таму гэтыя планы ў яўным выглядзе і не могуць быць абвешчаны. Інакш гарантавана масавае бегства беларусаў з шэрагаў “аб’яднанай апазіцыі”.
Такім чынам, усталяваўшы генетычную прыроду беларускага дыктатарскага рэжыму, лёгка зразумець, што шукаць на Ўсходзе падтрымку ў справе замены дыктатуры дэмакратыяй тое ж самае, што заліваць агонь бензінам.

Як жа выйсці з тупіку? Каб яго знайсці, трэба звярнуцца да іншай мадэлі (Мал.2.) палітычнай прасторы краіны, згодна якой асноўнае палітычнае супрацьстаянне адбываецца па лініі “незалежнасць - каланіялізм”. Гэта значыць, што з аднаго боку знаходзіцца Каланіяльны рэжым (няважна, хто яго ўзначальвае і ў якой форме ён існуе), а з другога - Беларускі нацыянальна-вызвольны рух, галоўная палітычная мэта якога - замена Каланіяльнай адміністрацыі Беларусі Нацыянальным Урадам. Трэцяя штучна створаная сіла - “аб’яднаная апазіцыя” дэкларуемая мэта якой - замена прэзідэнта дыктатара дэмакратам (кажучы больш дакладна - замена галавы каланіяльнай адміністрацыі сваёй крэатурай). Сапраўдная ж мэта дзейнасці “аб’яднаных” - стварэнне псеўдаальтэрнатывы рэжыму Лукашэнкі ў вачах беларускага народу, а функцыянальна “аб’яднаная апазіцыя” выступае на палітычным полі як сродак, з дапамогай якога метраполія кантралюе сваю ж каланіяльную адміністрацыю. Як толькі беларускі рэжым у вачах Масквы праяўляе свавольства, на яго ціснуць “аб’яднанай апазіцыяй”. Нельга не заўважыць, што дэкларуемая мэта “аб’яднанай апазіцыі” ніяк не рэалізуецца, у той час як сапраўдныя мэта і функцыя - амаль на ўсе 100%. Вось чаму па сутнасці “аб’яднаная апазіцыя” з’яўляецца “каланіяльнай апазіцыяй”. Такое вызначэнне падкрэслівае той факт, што генетычна і Каланіяльная адміністрацыя і Аб’яднаная апазіцыя маюць аднолькавае паходжанне, хаця і выконваюць на палітычнай прасторы Беларусі розныя функцыі.

Мал.2. Мадэль палітычнай прасторы Беларусі.

Такім чынам, поле палітычнага змагання палягае паміж трыма палітычнымі сіламі: Каланіяльнай адміністрацыяй (КА), Нацыянальна-вызвольным рухам (НВР) і Аб’яднанай апазіцыяй (АА). Каланіяльная адміністрацыя змагаецца з НВР і АА. Аб’яднаная апазіцыя змагаецца з КА (дакладней з яе галавой) і НВР. Нацыянальна-вызвольны рух змагаецца з КА і АА.

Трэба звярнуць увагу на тое, што мадэль добра тлумачыць некаторыя “парадоксы” палітычнага жыцця краіны. Прыкладам, не ўсе абывацелі разумеюць, чаму НВР і АА не ідуць супольным фронтам падчас прэзідэнцкіх кампаній. Ды таму, што НВР не можа задаволіцца дэкаратыўнай зменай кіраўніка КА пры захаванні структуры і сутнасці каланіяльнай улады (да чаго імкнецца АА), а АА не можа дапусціць прыходу да ўлады лідэра НВР, які заменіць КА нацыянальнай па зместу ўладай і возьме курс на пабудову незалежнай дзяржавы.

Значна прасцей і натуральней КА і АА выступаць супольным фронтам супраць НВР, бо апошні генетычна з’яўляецца іх натуральным антаганістам, які адлюстроўвае глыбінныя інтарэсы беларускага народу, а не расійскага імперыялізму. І яны (КА і АА), нягледзячы на жорсткую барацьбу паміж сабой, такім фронтам выступаюць, спрабуючы выціснуць НВР з палітычнай арэны, запалохаць рэпрэсіямі, пазбавіць яго людскіх і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, сказіць або замаўчаць палітычную пазіцыю і палітычную дзейнасць…

Пакінем у баку барацьбу КА супраць НВР, бо яна з большага мае адкрыты характар і для кожнага відавочна. Лепш спынімся на барацьбе АА супраць НВР, бо яна вядзецца больш прыхаванымі метадамі. Галоўны напрамак яе барацьбы - гэта перацягванне нацыянальна і палітычна абуджаных людскіх рэсурсаў пад сцягі АА. Рэалізуецца гэты напрамак дзейнасці праз мімікрыю АА пад нацыянальныя колеры і сімвалы НВР (бел-чырвона-белы сцяг, “Пагоня”) і адпаведную рыторыку (”Жыве Беларусь!”, “Адродзім беларускую мову і культуру”); праз стварэнне мноства падкантрольных АА грамадска-палітычных арганізацый са знешне не вызначанымі функцыямі кшталту “Хартыі 97″, “ЗУБР” (За Украіну, Беларусь, Расію); праз развал і драбленне ўжо існуючых арганізацый (сацыял-дэмакраты, БНФ…), асколкі якіх перацягваюцца ў АА; праз руйнаванне традыцыйных масавых акцый НВР, для чаго за тыдзень-два да нацыянальна-змястоўнай акцыі (25 сакавіка, 26 красавіка, Дзядоў…) АА звычайна арганізоўвае агульна-пратэстную акцыю (марш, шэсце, мітынг), мэта якой выпусціць пару і запабегчы кумулятыўнага эфекту. Другі напрамак - грантавы подкуп беларускай мастацкай і інтэлектуальнай эліты, з мэтай нейтралізацыі яе нацыянальна-акрэсленай грамадзянскай пазіцыі. Трэці - публічная дыскрэдытацыя НВР, як унутры, гэтак і за межамі Беларусі праз скажэнне або замоўчванне інфармацыі аб дзейнасці і палітычнай пазіцыі НВР…

І займацца ўсім гэтым кіраўніцтва АА проста вымушана яшчэ і дзеля палітычнага самазахавання, бо не адлюстроўваючы інтарэсаў беларускага народу, яно тым не менш мусіць паразітаваць на нацыянальна-свядомых беларусах, бо іншай палітычна-актыўнай публікі у краіне проста няма. Адсюль зразумела, што НВР, змагаючыся з АА, наперш змагаецца за ўплыў на нацыянальна-свядомых беларусаў, якіх АА удалося ўцягнуць у сферу сваёй антыбеларускай дзейнасці.
Аднак я яўна захапіўся каментарам мадэлі і ўжо трэба спыніцца, бо прыйшоў час для наступнага дыялогу.

Дыялог дзевяты

- Эй, мужык, ты навошта на асфальт зерне кідаеш?
- Дык жыта сею! Я ужо трыццаць гадоў на гэтым месцы яго сею.
- Але ж сёлета тут асфальтку праклалі!…
- Дык думаеш, болей не вырасце жыта?
- Канечне, не вырасце. Ідзі, дзядзька, у іншым месцы сей!

Выснова. Звяртай увагу на ўмовы дзейнасці і калі заўважыў, што зямлю пакрылі асфальтам, то не кідай на яго зерне - не ўзыйдзе. Не лаві рыбу там, дзе цяпер няма вады, нават калі раней на гэтым месцы быў добры ўлоў.

Каментар. Эфектыўнасць і змест дзейнасці залежаць ад умоў яе ажыццяўлення. Змены ва ўмовах дзейнасці заўсёды адбіваюцца на яе эфектыўнасці. Шукай, плануй, стварай і выкарыстоўвай спрыяльныя ўмовы дзейнасці, запабягай дрэнных умоў дзейнасці. Карэкціруй дзейнасць у адпаведнасці з ўмовамі яе ажыццяўлення.

Прыклад. Да Чарнобыльскай аварыі народнымі промысламі палешукоў былі збор дароў лесу, рыбная лоўля ды паляванне. Заняткі гэтыя былі вельмі карысныя для сямейнага бюджэту і здароў’я. Аднак пасля аварыі грыбы, суніцы, рыба і дзічына сталі моцна радыеактыўнымі і непрыдатнымі для харчавання. Сам лес стаў “зонай”. Тым не менш промысел захаваўся. Людзі не змянілі сваіх паводзін, вытворчай дзейнасці у адпаведнасці з новымі ўмовамі жыцця. Тым часам харчаванне забруджанымі радыенуклідамі прадуктамі прывяло да рэзкага павелічэння захворваемасці (у тым ліку на ракавыя хваробы), скарачэння працягласці жыцця, росту смяротнасці. Цяпер палешукі выміраюць, бо працягласць жыцця скарацілася на траціну, а смяротнасць у тры разы пераўзыходзіць нараджальнасць.

Палітычная аналогія. Пачынаючы з 1996 году (пасля антыканстытуцыйнага перавароту) умовы палітычнай барацьбы на Беларусі характарызаваліся тым, што нелегітымны (не прызнаны Еўропай і Амерыкай) прэзідэнт (пры падтрымцы Расіі і яе каланіяльнай адміністрацыі) валодаў рэальнай выканаўчай уладай і нелегітымным эрзац-парламентам (”палаткай”), а легітымны (прызнаны Еўропай і Амерыкай) Прэзідыум Вярхоўнага Савета -13 на чале са старшынёй Шарэцкім рэальнай уладай не валодаў. А з лета 1999 года апошні фармальна стаў яшчэ і выканаўцам паўнамоцтваў прэзідэнта РБ у сувязі з заканчэннем пяцігадовага прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнкі. Згаданыя ўмовы палітычнай дзейнасці можна назваць складанымі, але нельга - смяротнымі.
Чым у такіх умовах павінен быў заняцца Лукашэнка? Былі магчымыя два варыянты. Калі для яго галоўным было выкананне сваёй палітычнай місіі (поўная юрыдычная анексія Беларусі Расіяй), то ён павінен быў скіраваць усе намаганні на набыццё легітымнасці для сябе і “палаткі”. Калі ж для яго было важней уласнае самазахаванне - то і задача самазахавання, утрымання рэальнай улады выходзіла на першы план (а з міжнароднай легітымнасцю можна і пацярпець, дастаткова, каб адна Расія прызнавала). Практыка паказала, што Лукашэнка выбраў другі шлях.

Чым павінна была б заняцца апазіцыя рэжыму (тут маю на ўвазе і НВР і АА)? Зноў два варыянты.

Варыянт першы. Калі за мэту дзейнасці браць аднаўленне ў краіне канстытуцыйнай законнасці, дэмакратыі і ўсталяванне нацыянальнай па зместу ўлады, то трэба было пачаць напаўняць існуючую легітымную ўладу рэальным палітычным зместам і значэннем. Па гэтаму шляху і пайшоў быў НВР, які прапанаваў ідэю стварэння Грамадзянскага парламенту ў падтрымку рэшткаў ВС-13 і яго старшыні-прэзідэнта. (Вядома, што караля гуляе світа. Шарэцкі толькі тады мог рэальна выконваць абавязкі прэзідэнта, калі б яго указы падтрымліваліся і хаця б у мінімальным аб’ёме выконваліся на Беларусі. Грамадзянскі парламент і мог стать першасным механізмам падтрымкі і рэалізацыі ўладных паўнамоцтваў легітымнай улады, механізмам падрыхтоўкі дэмакратычных і сумленных выбараў новага ВС.) Была магчымасць стварэння законнага Ўраду (быў нават прызначаны Генеральны пракурор РБ). Аднак ідэя была рашуча адкінута АА, з прадстаўнікоў якой Прэзідыум ВС-13 і складаўся. Усе намаганні НВР скарыстаць перавагі легітымнасці былі падвергнуты абструкцыі з боку АА, якая праз падкантрольную прэсу пачала кампанію крытыкі і высмейвання Шарэцкага, яго дзеянняў і зваротаў, адначасова прадстаўнікі АА у ВС-13 (на жаль прадстаўнікоў НВР у ВС-13 не было) сабатавалі дзейнасць гэтага прадстаўнічага органа.

Варыянт другі. Калі ж за мэту дзейнасці браць вяртанне легітымнасці каланіяльнаму рэжыму і стварэнне ўмоў для юрыдычна карэктнай (з пункту гледжання міжнароднага права) анексіі Беларусі Расіяй, то трэба было рабіць выгляд, што ніякай легітымнай заканадаўчай (ВС-13), а з 1999 года і выканаўчай (у асобе Шарэцкага) улады на Беларусі няма. Трэба было браць актыўны удзел у рознага ўзроўню псеўдавыбарах с папярэдне распісанымі рэжымам пераможцамі, галоўная мэта якіх - наданне легітымнасці структурам КА. (Забаўна, што дзеячы АА лезучы ў “палатку” не хацелі задацца простым пытаннем: навошта людзям, якія ўжо маюць пасады і крэслы ў легітымным ВС, безнадзейна змагацца за крэслы ў нелегітымнай і не маючай рэальных паўнамоцтваў “палатцы”? Які ў гэтым практычны і палітычны сэнс?)

Гэты другі шлях і выбрала АА, якая цвёрда трымаецца яго па цяперашні час. Праўда, поўнасцю дасягнуць мэты яна пакуль не здолела, але падважыць міжнародную легітымнасць ВС-13 і яго старшыні-прэзідэнта ў значнай ступені ўдалося. Калі ж згаданая дзейнасць АА дасць нарэшце плён, то ўмовы палітычнай барацьбы ў Беларусі катастрафічна пагоршацца, бо не маючым ні ўлады, ні легітымнасці, беларускім сілам супрацьстаяць каланіяльнаму рэжыму будзе неверагодна складана.
І яшчэ пра ўмовы дзейнасці. Геапалітычная сітуацыя вакол Беларусі таксама даволі неспрыяльная, бо антыамерыканскі расійска-нямецкі хаўрус праводзіць цяпер на еўрапейскім кантыненце узгодненую палітыку. Канкрэтна на Беларусі агульны расійска-нямецкі эканамічны і палітычны інтарэс палягае ў тым, каб беларускі транзітны калідор быў пад поўным расійскім кантролем. Адсюль і намаганні добра нам вядомых нямецкіх дыпламатаў па структураванні беларускай АА і накіраванні яе дзейнасці ў русла легітымізацыі каланіяльнага рэжыму пад маркай дэмакратызацыі. Нельга сказаць пра мэту нямецкай палітыкі на Беларусі лепш, чым гэта зрабіў ў верасні 2000 года на Міжнароднай канфэрэнцыі ў Беластоку кіраўнік Менскай місіі АБСЕ Ганс-Георг Вік. Нямецкі дыпламат і разведчык заявіў, што ён і Місія АБСЕ ў Менску ўжо на працягу шэрагу гадоў праводзяць палітыку, накіраваную на ўключэнне Беларусі ў склад Расіі.

Дыялог дзесяты

- Артыст, што выбіраеш: грошы ці славу?
- Грошы!
- Значыць, ты не артыст, а бізнесмен!

Выснова. Артыст выбірае славу, бізнесмен - грошы, спартсмен - рэкорды, палітык - уладу. Кожны аддае перавагу таму, што ў яго сістэме каштоўнасцей мае вышэйшы ранг. Палітык, які аддае перавагу грашам, - гэта бізнесмен ад палітыкі (карупцыянер). Спартсмен, які аддае перавагу ўладзе - палітык ад спартсменаў… Памяняўшы сістэму каштоўнасцей (або здрадзіўшы ім) ты перастаеш быць тым, кім усё яшчэ па звычцы называешся.

Каментар. Кожны від чалавечай дзейнасці мае сваю сістэму каштоўнасцей. Важна разабрацца ў сістэме каштоўнасцей і пабудаваць іх іерархію. Пытанне не ў тым, патрэбны ці не патрэбны палітыку, спартсмену або артысту грошы, а ў тым, ці гатовы яны дзеля грошай адмовіцца ад улады, спартыўных дасягненняў або славы? Сапраўдныя палітыкі, спартсмены і артысты гэтага ніколі не зробяць, бо грошы ім патрэбны, каб дасягнуць улады, рэкордаў і славы, а не наадварот. Сродак не павінен рабіцца мэтай, інакш дзейнасць поўнасцю мяняе свой накірунак.

Прыклад. Вядомы савецкі спрынтар, чэмпіён Еўропы ў бегу на 100 метраў, Валера Барзоў на чэмпіянаце ў Рыме быў пастаўлены перад выбарам: жыццё або смерць. За суткі да старта яму ў нумар гасцініцы пачалі тэлефанаваць невядомыя і папярэджваць, што калі ён стартуе ў бегу на 100 метраў, то яго застрэліць снайпер. Італьянская паліцыя не магла гарантаваць бяспеку спартсмену. Там не менш Валера застаўся спартсменам і выйшаў на старт. Атлет не перамог у Рыме, але даказаў, што сапраўдны спартсмен здольны рызыкаваць жыццём дзеля рэалізацыі сваіх спартыўных мэтаў, бо спартыўныя каштоўнасці ў яго маюць найвышэйшы ранг.

Палітычная аналогія. У 2000 годзе напярэдадні выбараў у “палатку” немалая частка ўдзельнікаў АА актыўна супраціўлялася планам удзелу апазіцыі ў псеўдавыбарах. З аднаго боку, было зразумела, што створаная ўладамі сістэма татальных фальсіфікацый не дазволіць АА выйграць выбары. А з другога - была небяспека, што сам факт удзелу АА ў выбарчым фарсе дасць падставы для прызнання вынікаў псеўдавыбараў міжнароднай супольнасцю, што надасць “палатцы” легітымнасць. Легітымная “палатка” магла ратыфікаваць саюзную дамову з Расіяй і адпаведны канстытуцыйны акт. Пад рэальнай пагрозай мог апынуцца дзяржаўны суверэнітэт Беларусі.
Такім чынам, многія са свядомых беларусаў - удзельнікаў АА - не хацелі браць удзел у расійска-нямецкіх планах па знішчэнні суверэнітэту Беларусі. Нават быў сабраны чарговы Кангрэс дэмакратычных сілаў, дзе актыўна выказвалася ідэя байкоту выбараў. Аднак усе гэтыя намаганні не маглі супрацьстаяць ціску нямецкіх эмісараў, якія не толькі ў сталіцы, але і ва ўсіх абласных (а часам і раённых) цэнтрах правялі нарады з кіраўніцтвам фактычна усіх беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый трэцяга сектара. Госці былі зусім канкрэтнымі: або вы ўдзельнічаеце ў выбарах, або ніякай матэрыяльна-тэхнічнай, грантавай дапамогі ніколі больш не атрымаеце. Кажучы прасцей: або вы ідзеце на выбары (вылучаеце кандыдатаў, назіральнікаў, агітатараў…) і атрымліваеце пад гэтую справу сур’ёзныя матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы і нашу ласку, або развітваецеся з офісамі, аргтэхнікай, грантамі, паездкамі, семінарамі і трапляеце ў апалу…

Думаю, зразумела, што ў такіх умовах выбралі б беларускія палітыкі. А вось беларускія “прагматыкі” выбралі зусім іншае. Яны разважалі прыкладна так: “Нам для беларускай справы патрэбны рэсурсы? Патрэбны! Калі не пойдзем на псеўдавыбары, у нас рэсурсы адбяруць? Адбяруць. Без рэсурсаў мы зможам эфектыўна займацца беларускай справай? Не зможам. Значыць, трэба ісці на псеўдавыбары, як таго ад нас хочуць немцы!” Паразважаўшы так, “прагматыкі” кінулі свае арганізацыі ў антыбеларускую дзейнасць. Адны пайшлі на выбары ў поўным варыянце (кандыдаты, назіральнікі, агітатары), другія ў сарамліва-закумуфляваным (кандыдаты не ад партый, а праз збор подпісаў і нават з часовым выключэннем кандыдатаў з партыі), трэція ў скарочаным (без кандыдатаў, але з назіральнікамі і агітатарамі), чацвёртыя ў смела-непаслядоўным (без кандыдатаў, з назіральнікамі і … агітацыяй за байкот). Не дзіўна, што дзеячы апошняга варыянту пазней атрымалі-такі ад немцаў “па мазгах”.

Пасля ўсяго не трэба і казаць, што ў беларускім варыянце палітычны “прагматызм” прадстаўлены, як палітычны “ідыятызм”. Рэзка, але інакш удзел масы свядомых беларусаў у антыбеларускай дзейнасці і не назавеш.

Для параўнання. Зыходзячы са сваёй сістэмы каштоўнасцей, у якой дзяржаўны суверэнітэт займае вышэйшы ранг, НВР ад пачатку заявіў пра разгортванне кампаніі байкоту псеўдавыбараў. Байкот азначаў: кандыдатаў ад НВР ні зборам подпісаў, ні якім іншым чынам не вылучаць, назіральнікаў не выстаўляць, агітаваць за байкот і выбаршчыкаў і АА і міжнародную супольнасць. Байкот быў паслядоўна праведзены ў жыццё.

Дзякуючы цвёрдай пазіцыі НВР пры непаслядоўнасці АА, з вялікімі цяжкасцямі ўдалося прадухіліць канчатковае міжнароднае прызнанне вынікаў псеўдавыбараў. Тым не меней, легітымнасць ВС-13 была падважана, і яго прадстаўнікі згубілі свае крэслы ў еўрапейскіх структурах.

Дыялог адзінаццаты

- Ой, як добра ты ўмееш рабіць двайное сальта! Проста клас!
- Дзякуй за камплімент. Але я лічу, што кожны чалавек, і малы і стары, павінен умець рабіць двайное сальта.
- Навошта?
- А тады не будзе ні жабракоў, ні беспрацоўных, бо кожны зможа выступаць у цырку і зарабляць грошы.
- Задумка, канечне, высакародная, але нерэалізуемая.

Выснова. Ідэя барацьбы з жабрацтвам не можа быць рэалізавана такім спосабам. Па-першае, далёка не кожнага старога і хворага чалавека можна навучыць рабіць двайное сальта. Па-другое, калі ўсе будуць выступаць у цырку, то дзе ўзяць гледачоў, якія стануць плаціць грошы за прадстаўленні. Па-трэцяе, хто будзе вырошчваць хлеб?.. Аднак спынім разгляд абсурдных сітуацый, якія вынікаюць з выказванняў акрабата. Лепш зробім вывад, што масавая дзейнасць не можа грунтавацца на фокусах і несістэмных артэфактах, якія, бывае, назіраюцца ў індывідуальнай дзейнасці.

Каментар. Сапраўды, эфектыўная масавая дзейнасць не можа грунтавацца на фенаменальных узорах індывідуальнай дзейнасці чалавека. Любая падобная спроба сутыкаецца з праблемай нерэалізуемасці праекта, калі “гладка было на паперы, на самрэч усё чэрці з’елі”. Масавая дзейнасць не можа быць пабудавана на глебе дзейнасці індывідуальнай, бо яна кіруецца іншымі законамі. Тут дзейнічаюць законы масавай, а не індывідуальнай псіхалогіі, законы вялікіх лікаў, а не лічбаў. Тут узорам, нормай дзейнасці звычайна выступае культурная норма, мода (у статыстычным сэнсе слова), а не канкрэтны факт. Тут умовы жыццядзейнасці часам маюць большае значэнне, чым патрэбнасці, маральна-этычныя ўстаноўкі і інтэлект людзей.

Праектаванне масавай дзейнасці людзей павінна грунтавацца на паліталагічным, культуралагічным, сацыялагічным, соцыа-псіхалагічным, гістарычным аналізе грамадства. Атрыманыя ў выніку аналіза поліпрадметныя сістэмна-анталагічныя ў’яўленні аб “аб’ектах-сувязях-працэсах” павінны быць метадалагічна ўпарадкаваны і зведзены да сінтэтычнай мадэлі грамадства. Толькі падобная мадэль можа стаць сродкам адэкватнага апісання і праектавання масавай дзейнасці. Зразумела, што я нават і спрабаваць не буду выводзіць згаданую мадэль у межах гэтых нататкаў.

Адзін з відаў масавай дзейнасці - дзейнасць калектыўная. Апошняя выглядае значна больш знаёмай, зразумелай і таму лягчэй кіруемай. Магчыма, што першым крокам на шляху вырашэння праблемы можа стаць арганізацыя дзейнасці масавай праз дзейнасць калектыўную. А мадэлі калектыўнай дзейнасці ўжо цяпер маюць здавальняючае апісанне. Да таго ж мадэлі калектыўнай дзейнасці адшліфаваны шматгадовай практыкай.

У самым першым прыбліжэнні здольнасць беларускага грамадства да ўзгодненай масава-палітычнай дзейнасці характарызуецца такімі паказчыкамі, як ступень моўна-этнічна-культурнай еднасці насельніцтва, узровень нацыянальнай свядомасці беларусаў, ступень расчалавечвання асобы і раз’яднанасці людзей, узровень структураванасці грамадства і развітасць грамадзянскай супольнасці, узровень палітычнай культуры і палітычнай арганізаванасці, наяўнасць палітычных і дзяржаўніцкіх традыцый, стан грамадскай салідарнасці…

Як бы там ні было, але на практыцы даволі часта даводзіцца сустракацца са спробамі будаваць масавую дзейнасць на знешне лагічных побытава-прадметных разважаннях.

Прыклад. Адзін сябра адной арганізацыі ахвяраваў на яе карысць 1000 рублёў. Скарбнік пабудаваў лагічны ланцужок: а) у арганізацыі 1000 сябраў; б) калі кожны сябра ахвяруе па 1000 рублёў, то ў арганізацыі будзе 1 000 000 рублёў; в) на гэтыя грошы купім недарагі кампутар і прынтар; г) пачнем друкаваць улёткі… Праект скарбніка падтрымала кіраўніцтва арганізацыі і заклікала людзей здаваць грошы. Аднак праект праваліўся, бо, як высветлілася, далёка не кожны сябра арганізацыі быў здольны або меў жаданне ахвяраваць нават 500 рублёў. Таму сабраных грошай хапіла толькі на дзіракол і сашчэпкі для паперы. Цяпер у гэтай арганізацыі перш чым будаваць падобныя праекты, ацэньваюць рэальныя магчымасці арганізацыі па збору ахвяраванняў. І правільна робяць.

Палітычная аналогія. У беларускіх незалежных СМІ часта можна пачуць сцвярджэнне, што ў Беларусі налічваецца каля двух мільёнаў дарослых нацыянальна-дэмакратычна арыентаваных людзей. Гэты лік аналітыкі выводзяць з афіцыйных і наафіцыйных вынікаў рэферэндумаў і выбараў, сацыялагічных апытанняў а, таксама, з вынікаў перапісу насельніцтва 1999 года. У названы лік уваходзяць тыя людзі, для якіх маюць хоць нейкае значэнне беларускія нацыянальныя каштоўнасці (беларуская мова, гістарычная і культурная спадчына, нацыянальная годнасць, дзяржаўнасць, незалежнасць, суверэнітэт…) і каштоўнасці дэмакратычныя (правы і свабоды чалавека і нацыі), якія засведчылі ў нейкай форме (найчасцей у форме таемнага галасавання) сваю грамадзянскую пазіцыю. З гэтымі разлікамі ў прынцыпе можна пагадзіцца. Аднак палітычная практыка сведчыць, што схіліць гэтую грамаду да актыўнага супольнага палітычнага дзеяння проста транспануючы на грамадства ўзоры індывідуальнай чалавечай дзейнасці не ўдаецца.

Сярод згаданых мільёнаў ёсць непахісны і бясстрашны змагар з каланіяльным рэжымам — віцяблянін Уладзімір Плешчанка, які нягледзячы на арышты, месяцы за кратамі, мільёны штрафаў, збіенні, апісанне маёмасці зноў і зноў бярэ ў рукі самаробны плакат і выходзіць на несанкцыянаваныя акцыі. Верагодна, што для таго, каб пакончыць з рэжымам, двум мільёнам было б дастаткова толькі адзін раз выйці на вуліцу і выразна выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Аднак два мільёны арыентуюцца не на героя-Плешчанку, а на сярэднестатыстычнага Пятра Антопку, пра нацыянальна-дэмакратычную арыентацыю якога не здагадваюцца ні жонка, ні бліжэйшыя сябры, бо ён нікому так і не расказаў, як аднойчы ў цёмнай кабіне прагаласаваў за Пазьняка. Мільёны антопак нічога не маюць супраць дзяржаўнай незалежнасці, беларускай мовы, нацыянальнага ўраду і правоў чалавека, але яны раз’яднаны і ніяк не звязаны паміж сабой, у іх галовах мешаніна з руска-беларускай трасянкі, выказванняў з “Советской Белоруссии” і “Народнай волі”, цытатаў з БТ і НТВ, палітычных разважанняў суседкі-настаўніцы і яе сына-студэнта. У рэшце-рэшт антопкі не ведаюць навошта, што і як (у палітычным сэнсе) можна і трэба рабіць нават тады, калі ім здаецца, што больш па-ранейшаму жыць нельга. Пры любым раскладзе антопкі схільны шукаць індывідуальную (звычайна дачна-рынкавую) траекторыю выжывання і нават не ў’яўляюць, што можна вырашыць праблему салідарна. Да таго ж арганізаваныя рэжымам умовы жыццядзейнасці антопкаў такія, што натуральным выбарам для іх з’яўляецца палітычная пасіўнасць, а не палітычнае змаганне. Трэба падкрэсліць, што разумеючы важнасць справы, улады прыкладаюць немалыя намаганні, каб перманентна арганізоўваць і падтрымліваць гэтыя спецыфічныя ўмовы.

Увогуле, калі гаварыць менавіта пра дарослых антопак, то іх на Беларусі не два, а 6-7 мільёнаў, бо тыя два, што патрапілі пад пяро аналітыкаў, мала чым адрозніваюцца ад тых чатырох-пяці, што ад яго (пяра) ухіліліся.

Каланіяльныя ўлады добра ведаюць, што антопкі - вельмі слабая і ненадзейная сацыяльная база рэжыму, бо антопкі не падтрымліваюць рэжым, проста яны вымушаны з яго існаваннем маўкліва пагаджацца.

Таму каланіяльныя ўлады пільна сочаць, каб ступень нават фармальнай арганізаванасці антопкаў не павялічвалася і, прыкладам, адразу пачалі разбурэнне нікчэмных “афіцыйных” прафсаюзаў, як толькі апошнія “заварушыліся ў сне” падчас прэзідэнцкай кампаніі-2001. Яшчэ больш улады баяцца ідэйнага яднання беларусаў, і асабліва на нацыянальным грунце. Гэтага баяцца найбольш, бо ведаюць, што ўсе масавыя палітычныя акцыі ў Беларусі за апошнія 14 гадоў праходзілі выключна пад нацыянальнымі колерамі і заклікам “Жыве Беларусь!”, у той час як усе спробы ўзняць людзей на каўбасна-эканамічны пратэст закончваліся нічым. Адсюль знішчэнне беларускай школы, пераслед беларускай мовы і нацыянальнай сімволікі і ўсяго таго, што выступае носьбітам і сродкам трансляцыі беларускай нацыянальнай ідэі і культурнай традыцыі. Арганізаваны каланіялізмам разрыў нацыянальнай культурнай традыцы, паломка механізмаў беларускага нацыянальнага існавання і ўзнаўлення - найбольшая праблема беларускага грамадства, якая сур’ёзна ўскладняе задачу яго кансалідацыі.
Паколькі я ўсё ж такі не ўтрымаўся ад павярхоўнага (пераважна апісальнага) аналізу, то прыйдзецца зрабіць хоць нейкія высновы.

Відавочна, масавая дзейнасць патрабуе кансалідацыі грамадства праз усталяванне (аднаўленне) духоўных, ідэйных, генетычных, культурных, гістарычных, эканамічных і іншых сувязей паміж яго членамі, якія павінны ўсвядоміць сваю еднасць, агульнасць інтарэсаў, магчымасць салідарных дзеянняў. Цяпер кансалідацыя беларускага грамадства магчыма на грунце нацыянальнай ідэі. У гэтай справе не абыйдзешся без асветніцкай, культурніцкай, адраджэнскай дзейнасці, без дэманстрацыі ўзораў беларускага светапогляду і жыццядзейнасці (у тым ліку і палітдзейнасці). Уся гэта работа патрабуе стварэння тэарэтыка-ідэйнага, ідэалагічнага грунту беларускага адраджэння.
І ўсё ж адной асветніцкай працай і гераічнымі прыкладамі беларусаў з месца не зрушыш, хаця, паўтаруся, без асветніцтва і дэманстрацыі ўзораў гераічнай дзейнасці ніяк не абысціся. Патрэбны механізм кансалідацыі, і ў прынцыпе ён вядомы, - гэта беларуская салідарнасць, якая можа выступаць як арганізатар, сродак і спосаб калектыўнай дзейнасці. Спатрэбіцца таксама структураванне грамадства на прынцыпах беларускай салідарнасці. Сетка беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый павінна стать “клеем”, які з’яднае беларускую нацыю ў жыццяздольнае цэлае.

Аднак, каб гэтае цэлае ажыло і ўключылася ў мэтанакіраваную палітдзейнасць, павінны быць створаны такія ўмовы, пры якіх для мільёнаў людзей-элементаў гэтага цэлага натуральным жыццёвым выбарам стала б палітычна актыўнае дзеянне, а не бяздзеянне.

І яшчэ адзін штрых. Трэба ўлічваць, што на цяперашні час большасць беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый не выконваюць сваёй місіі, бо яны ўцягнуты пад дах АА, якая выступае на палітычнай арэне, як “другая рука” расійскага імперыялізму (Мал.2.). Таму калі яны і кансалідуюць частку грамадства, то толькі для таго, каб тым ці іншым спосабам уцягнуць у антыбеларускую дзейнасць. Пры гэтым “першая рука” (КА), нягледзячы на тое, што поўнасцю валодае органамі і структурамі дзяржаўнай улады і кіравання, мае, падтрымлівае і развівае сваю сетку арганізацый (ад ветэранскіх і прафсаюзных да БПСМ). Робіцца гэта не толькі з мэтай кансалідацыі “пятай калоны”, але і з мэтай уцягнення найперш маладых “антопкаў” у антыбеларускую дзейнасць. (Між іншым, малюнак дазваляе зразумець, чаму некаторыя называюць БПСМ і ЗУБР братамі: у іх адна матка і толькі бацька ў БПСМ з вусамі, а ў ЗУБРа без.)

Дыялог дванаццаты

- Чаго, дружа, плачаш?
- Як жа не плакаць, калі згубіў кашэль з грашамі…
- А ты паглядзі на справу іншымі вачыма. У’яві, што кашэль знайшоў галодны чалавек, і твая міласціна ўратавала яму жыццё. Можа, табе на Страшным Судзе залічыцца гэтая добрая справа.
- Ну, калі з гэтага пункту гледжання паглядзець, то і перажываць няма чаго. У мяне тут яшчэ пяць тысяч у кішэні засталіся, дык я іх таксама выкіну…

Выснова. Гора аднаго чалавека можа быць шчасцем для другога. Ацэнка факта залежыць ад пункту гледжання на яго. Што добра для Бога - дрэнна для Сатаны.

Каментар. Чалавечая дзейнасць патрабуе перманентнай бягучай, этапнай і выніковай ацэнкі. Ацэньванне робіцца на падставе супастаўлення інфармацыі аб рэальных параметрах і выніках дзейнасці, якая паступае па каналах адваротнай сувязі з ведамі аб мэце і праекце дзейнасці і патрабуе ад дзеяча выхаду ў рэфлексіўную пазіцыю.

Для таго, каб ацаніць дзейнасць, найперш трэба абраць пункт гледжання (суб’ектную пазіцыю) і вызначыць крытэрыі ацэнкі. Пункт гледжання звычайна адлюстроўваецца ў мэце дзейнасці (калі не наблыталі з вызначэннем мэты), і таму крытэрыяльная база ацэнкі ўключае ў сябе крытэрыі ацэнкі мэтазгоднасці дзейнасці, мэтанакіраванасці дзейнасці і эфектыўнасці дзейнасці. Мэтазгоднасць дзейнасці вызначаецца на падствае аналізу адпаведнасці задач, сродкаў, метадаў, праектаў, працэсаў і механізмаў дзейнасці яе заяўленай мэце. Мэтанакіраванасць дзейнасці вызначаецца на падствае аналізу рэальнага кірунку дзейнасці (яе вектару і траекторыі) адносна абвешчанай мэты. Эфектыўнасць дзейнасці наўпрост залежыць ад яе мэтазгоднасці (адэкватнасці) і мэтанакіраванасці (вектару), таму выступае больш інтэгральнай характарыстыкай, але вызначаецца пераважна праз аналіз тэмпаў набліжэння да мэты. Эфектыўнасць дзейнасці можа таксама ацэньвацца з пазіцыі яе “рэалізуемасці-нерэалізуемасці”.

Высветленыя на падставе перманентнай працэдуры ацэньвання дзейнасці праблемы (разрывы ў дзейнасці) - неадэкватнасць, разузгодненасць або нерэалізуемасць - патрабуюць неадкладнай карэкціроўкі дзейнасці.

Выніковая, інтэгральная ацэнка дзейнасці вызначаецца ступенню дасягнення мэты.
І некалькі слоў пра маральныя аспекты ацэнкі дзейнасці. Чалавечая дзейнасць ацэньваецца па маральных крытэрыях. Маральнасць ці амаральнасць дзейнасці найперш вызначаецца яе мэтай. Прынцып адэкватнасці дэкларуе, што маральная мэта вымагае маральнай дзейнасці, амаральная - наадварот. Сітуацыя, калі маральную мэту спрабуюць дасягнуць праз амаральную дзейнасць, вызначаецца, як псеўдадзейнасць (з прычыны неадэкватнасці). Прыкладам, гэта назіраецца, калі абвешчаная высокародная мэта адрозніваецца ад сапраўднай (прыхаванай).
На жаль, любая чалавечая дзейнасць (тым больш масавая) заўсёды мае элементы і дабра і зла (адбітак першароднага граху), таму звычайна даводзіцца задавальняцца станоўчым балансам на карысць дабра.
Што яшчэ ў дзейнасці, акрамя мэты, мае маральную афарбоўку? Гэта задачы, метады і рэальныя працэсы. Сродкі ж (нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне) у маральным плане нейтральныя, яны толькі апасродкавана могуць несці на сябе адбітак “маральнасці-амаральнасці” дзейнасці, для выканання якой прызначаны.

Прыклад. Адзін чалавек будаваў хату. Кожны дзень ён клаў у падмурак і сцены 200 цаглін і з замілаваннем назіраў, як падымаецца будан. Тым часам яго жонка суткамі галасіла і прычытала з тае нагоды, што памяншаліся запасы цэглы. Дзядзька станоўча ацэньваў сваю дзейнасць з пункту гледжання пабудовы хаты, а жонка залівалася слязьмі, бо ацэньвала яго дзейнасць адмоўна з пункту гледжання захавання цэглы.

Зайздросны сусед таксама быў незадаволены дзейнасцю дзядзькі і супакойваў нервы тым, што днём падбухторваў дзядзькаву жонку да скандалаў, расказваючы, як хутка растуць кошты на цэглу, а па начах разбіраў будан і патроху краў цэглу. Пэўны час сусед ацэньваў сваю дзейнасць вельмі станоўча, бо дзядзькава будаўніцтва, лічы, спынілася. А вось дзядзька, наадварот, пачаў моцна нервавацца, калі заўважыў, што праца больш не дае плёну і перастаў ацэньваць сваю дзейнасць станоўча. Тады дзядзька ўнёс у яе карэктывы. Ён ноччу падпільнаваў суседа, і калі той пачаў разбіраць сцены хаты, добра надаваў яму па карку. З тае прычыны сусед быў моцна незадаволены дзейнасцю дзядзькі, але дзядзька - наадварот, тым больш, што не маючы перашкодаў ён хутка дабудаваў хату і стаў у ёй разам з жонкай жыць. Апошняя, праўда, так і засталася незадаволеная, бо і цяпер лічыць, што лепш было жыць у хляве, а цэглу трымаць на чорны дзень.

Гэты прыклад дэманструе не толькі неабходнасць рэгулярнай ацэнкі і карэкціроўкі дзейнасці, але і паказвае, што ў рэальнасці дзейнасць можа накладацца на многія іншыя рознанакіраваныя і з-за гэтага разбуральныя ў адносінах да яе дзейнасці. Ва ўмовах барацьбы рознамэтавых дзейнасцей (контрдзейнасці) роля ацэнкі і карэкціроўкі падвышаецца яшчэ больш.

Прыклад ілюструе і тое, што ў рэальнай чалавечай дзейнасці (тым больш палітычнай) заўсёды паўстае праблема “ворагаў”, “дурняў” і “правакатараў”. Звычайна з ідэнтыфікацыяй “ворагаў” бывае менш складанасцей, чым з ідэнтыфікацыяй “правакатараў”, якія лёгка маскіруюцца пад “дурняў”. Справа тут не толькі ў тым, што і “дурні” і “правакатары” выступаюць як “свой” чалавечы рэсурс, а яшчэ і ў тым, што знешне іх дзейнасць нічым не адрозніваецца, бо абедзьве гэтыя групы схільны да псеўдадзейнасці. Толькі “дурань” любіць псеўдадзейнасць, бо не разумее, а “правакатар” - таму што разумее! Розняцца іх матывы і функцыі: “правакатары”, свядома жадаючы нашкодзіць, прыкладаюць намаганні, каб дэзарганізаваць і спустошыць дзейнасць, звесці яе да псеўдадзейнасці і ўключыць у яе “дурняў”, а “дурні” хаця і ўдзельнічаюць з энтузіязмам у псеўдадзейнасці, але несвядома і з самых найлепшых і светлых меркаванняў.

Грымучая сумесь з дурняў і правакатараў можа зруйнаваць любую дзейнасць, таму правакатараў абавязкова трэба аддзяляць ад дурняў “яко казлішч ад агнцаў”. Дзейнасны падыход дазваляе зняць і гэтую праблему…

Палітычная аналогія. Думаю, што чытач і сам ужо гатовы прывесці масу аналогій з палітычнага жыцця краіны. Але я таксама мушу гэта зрабіць, паспрабаваўшы ацаніць дзейнасць трох галоўных фігурантаў беларускай палітычнай барацьбы: КА, АА і НВР.

Найбольш асэнсаванай і паспяховай выглядае дзейнасць каланіяльнай адміністрацыі, якая з аднаго боку цалкам выконвае сваю каланіяльную функцыю, а з другога - упэўнена працягвае захоўваць уладу ў краіне. Відавочна, што створаны механізм самазахавання дазволяць ёй утрымліваць уладу і тады, калі цяперашні кіраўнік КА згубіць сваю пасаду і будзе заменены іншай расійскай марыянеткай.
Важным элементам механізму захавання ўлады КА з’яўляецца “аб’яднаная апазіцыя”, якая функцыянальна на палітычным полі выконвае дзве ўзаемазвязаныя задачы: па-першае, абяскроўлівае беларускі НВР, а па-другое, - стварае псеўдаальтэрнатыву КА з тым, каб пры неабходнасці прад’яўляць беларускаму грамадству сітуацыю выбару без выбару (дастаткова прыгадаць парачку Лукашэнка - Ганчарык). Ва ўмовах псеўдаальтэрнатыўных выбараў перамога любога з кандыдатаў азначае перамогу КА, бо замена яе кіраўніка не цягне за сабой адхіленне ад улады самой КА. Трэба прызнаць, што з гэтага пункту гледжання дзейнасць АА можна лічыць дастаткова паспяховай, бо мэта - захаванне ўлады КА - аказваецца дасягнутай. Інакш ацэньваюць дзейнасць АА тыя, хто ідзе пад яе сцягамі з надзеяй на здзяйсненне сваіх нацыянальна-дэмакратычных ідэалаў. З іх пункту гледжання дзейнасць АА выглядае, як псеўдадзейнасць і спараджае заканамернае расчараванне.
Што тычыцца беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, то ён на цяперашні час перажыве сур’ёзныя праблемы. Вымушаны змагацца на два франты ва ўмовах інфармацыйнай блакады і разбуральнай дзейнасці не толькі з боку КА, але і АА, ён пэўны час быў змушаны засяродзіцца на задачы выжывання і замацавання на палітычнай арэне. Дзякуючы акрэсленай і цвёрдай ідэйна-тэарэтычнай пазіцыі і асабістай мужнасці многіх сваіх сяброў, НВР гэту задачу вырашыў, бо выстаяў і застаўся на палітычнай прасторы ў якасці галоўнай сілы, якая адлюстроўвае інтарэсы беларускага народу. Тым не меней, з пункту гледжання галоўнай палітычнай мэты - адхілення ад ўлады КА і замены яе нацыянальным урадам - назваць дзейнасць НВР эфектыўнай нельга. У сувязі з гэтым НВР давядзецца пераасэнсаваць сваю дзейнасць і ўнесці ў яе неабходныя карэктывы, якія забяспечаць яе эфектыўнасць у новых палітычных умовах. Думаю, што ў НВР хопіць палітычнай смеласці, інтэлектуальных і арганізацыйных здольнасцей, каб паспяхова перабудаваць сваю дзейнасць і спраўдзіць нацыянальна-дзяржаўніцкія ідэалы многіх пакаленняў беларусаў.

Заключэнне

Вось і скончыліся дыялогі. Канешне, не ўсе аспекты палітычнай дзейнасці яны закранулі. Прыкладам, можна было б паразважаць на тэму інфармацыйнага і псіхалагічнага забеспячэння палітычнай дзейнасці, закрануць праблему семантыкі палітычных сімвалаў-вобразаў, праблему разрываў у трансляцыі нацыянальнай культуры, як спосабу нацыянальнага існавання, праблему контрдзейнасці спецслужбаў і яе ролі ў беларускім палітычным працэсе. Але час спыніцца, бо задачы ўсеахопнага аналізу гэта праца перад сабой не мела.

Спадзяюся, што дыялогі дапамаглі чытачу па-новаму паглядзець на палітычную рэчаіснасць і пераасэнсаваць сваю дзейнасць з пазіцый беларускага палітычнага светапогляду. А я ўпэўнены, што ў беларускіх палітыкаў можа быць толькі беларускі погляд на палітычную дзейнасць. А тое, што ў Беларусі на цяперашні час у публіцыстыцы, аналітыцы і палітыцы пераважае каланіяльны пункт гледжання (часам даволі закамуфляваны), сведчыць толькі пра тое, як мала ў нас сапраўды беларускіх палітыкаў, аналітыкаў і публіцыстаў і як многа прыстасаванцаў, “прагматыкаў” і проста здраднікаў. У такіх умовах не выпадае здзіўляцца бясплённасці палітычнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца ў межах старой каланіяльнай палітычнай парадыгмы. Але прыйшоў ужо час замяніць яе на нацыянальную беларускую. Увогуле ўжо наспеў час фармавання ўласна беларускай палітычнай культуры. Хачу спадзявацца, што мае нататкі стануць маленькім укладам у яе пабудову.

Травень 2002г.

29/1/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2005
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024