Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Кастусь Каліноўскі. Мужыцкая праўда

Спадарства, прапануем да вашай увагі нумары нелегальнай беларускай газэты “Мужыцкая Праўда”, якую выдаваў наш вялікі зямляк Кастусь Каліноўскі (2/02/1838 - 22/03/1864) і ягоныя “Пісьмы з-пад шыбеніцы”.
“Толькі тады народзе зажывеш шчасьліва, калі маскаля над табой ужо ня будзе” - пісаў Каліноўскі - гэтыя словы славутага змагара ня страцілі сваёй актуальнасьці і сёньня.

Кастусь Каліноўскі

MUŽYCKAJA PRAWDA

№1

Дзецюкі!

Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толькі да сахі, — цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці, і то пісаці такую праўду справядліву, як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па сьвеце! Няхай пазнаюць, што мы можам ня толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўды.

Пыталі і пытаюць усе, што чуваці на сьвеце, хто нам, бедным мужыкам, дасьць вольнасьць? Але, праўду сказаўшы, мала хто хоча сказаці так, як сумленьне кажа — па справядлівасьці. Мы, мужыкі, браты вашыя, мы вам будзем гаварыць цэлую праўду, толькі слухайце нас!

Маскалі, чыноўнікі і многа паноў будуць перапыняць пісьмо наша да вас, але найдуцца людзі і з мужыкоў разумнейшыя, і з панскага роду, і з местачковых, што хочуць вашай свабоды, вашага шчасьця,— яны то вам самі гэта пісьмо даваці будуць, каб вы зналі, хто ваш прыяцель, а хто ваш вораг.

Шэсьць гадоў ужо мінула, як пачалі гаварыць аб свабодзе мужыцкай. Гаварылі, талкавалі і пісалі многа, а нічога не зрабілі. А гэты маніфэст, што цар з сэнатам і з панамі для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае да чаго ён падобны,— ніякай у ім няма праўды, няма зь яго для нас ніякай карысьці. Парабілі канцылярыі, зрабілі суд, як бы гэта ня ўсё роўна браць у сраку ці з судом, ці без суда. Парабілі пісараў, пасрэднікаў, а ўсё за мужыцкія грошы, і вялікія грошы — чорт іх ведае на што; для таго хіба, каб запісывалі ў ксёнжкі, як многа напішуць на сраках мужыцкіх. А з гэтага то і відаць, што нам нічога добрага і ня думалі зрабіці.

Праўда, абяшчалі то калісь даць нам вольнасьць, но як нам здаецца на наш мужыцкі розум, што хочуць ашукаці, бо калі праз шэсць гадоў нічога не зрабілі, то праз рок пэўна ня зробяць. Могуць яшчэ напісаці і другі маніфэст, яшчэ большы ад гэтага, але і з гэтага другога маніфэсту нічога добрага, як і зь першага, ня будзе.

Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны ня вольнасьці, а глуму і зьдзерства нашага хочуць. Але ня доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам! А калі паны схочуць трымаць з намі, так няхай жа робяць па сьвентай справядлівасьці: бо калі іначай — так чорт іх пабяры! Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сакеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць ня будзе.

Гэту Мужыцкую Праўду напісаў і зноў пісаці будзе
Яська-гаспадар з-пад Вільні

№2

Дзецюкі!

Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў аднолькавую душу, так скуль жа гэта ўзялося, што адзін марнуе ды і над людзьмі збыткуе, а другі, бедны, паншчыну служыць альбо аброкі ў казну плаціць?

Кожны па-свойму талкуе, на сваю старану цягне. Цар кажа, што ён добра нам думае, а паны кажуць, што яны добра думаюць нам зрабіці, а мужык бедны ад іх дабросьці як прападаў, так і прападае.

Каб расталкаваць людзям, у чым праўда, я пішу пісьмо, а пісаці буду, як Бог і сумленьне кажа — вы адно мяне, такога самага мужыка, як і вы, паслухайце добра.

Быў то калісьці народ наш вольны і багаты. Ня помняць гэтага нашыя бацькі і дзяды, але я вычытаў у старых ксёнжках, што так калісьці бывала. Паншчыны тагды ніякай не было. І няма чаго таму дзіваваціся, бо было лесу шмат, поля колька хочаш, а людзей то мала, так нашто ж служыць паншчыну за зямлю, калі кожны мог лесу выцерабіць, хату сабе паставіць і меці сваё поле.

Але ў суседстве з намі жыў Немец і Маскаль. Аднаму і другому багацтва нашае калола ў вочы — каб іх так колька схапіла, да і хацелі нас сагнаць з нашай бацькаўшчыны. Трэба было бараніціся, так Кароль кажа - “хадзем бараніці”, а тут ня ўсе ідуць, ды і мала нашых пайшло. Выгналі то Маскаля і Немца — але каб жонкі да і дзеці гэтых, што хадзілі на вайну, мелі за чым пражыці, так Кароль наш і напісаў такое права: “Гэтыя, што ня хочуць ісьці бараніці сваей зямлі, няхай абрабляюць поле гэтым, што б’юцца за вольнасць і шчасьце ўсіх”. І гэтак было доўга: адны баранілі краю, усё хадзілі па войнах, а другія то гаралі, то сеялі, то касілі, то жалі. З гэтуль то і ўзялася гэта паншчына. Судзеце ж цяпер самі, ці можна было зрабіці справядлівей, як зрабіў калісьці наш Кароль Польскі ды і Літоўскі? Але калі Маскаль зь Немцам хітрасцею нас падбіў і пайшоў ронд маскоўскі, так і ўсё зрабілася па-чартоўску. Стаў зараз маскаль свой ронд уводзіць у нашым краю і кажа: “Мужык, давай рэкрута, мужык, давай падаткі, ды і паншчыну яшчэ служы альбо плаці аброк у казну!” Так якая ж тут ужо справядлівасьць, калі ўсенька, што цяжка, зваляюць на мужыка, калі зь яго дзяруць астатню шкуру, б’юць і плакаць не даюць! Ачунялі то былі мужыкі, угледзелі, што кепска, дай давай бунтаваціся пад Касьцюшкаю, а Касьцюшка то кажа: “Калі мужыкі хочуць ужо самі бараніці сваю зямлю, так няхай жа не служаць паншчыны дый ня плацяць у казну аброку за зямлю”. От гэта так справядлівасьць! Але што ж, калі маскаль спыніў Маніхвэст Касьцюшкі, каб не пабунтаваў усіх мужыкоў. Для таго-то і пабілі маскале Касьцюшку, бо каб мужыкі ўсе разам былі збунтаваліся і ўхапілі за сакеры, нажы і косы, так бы маскаль мусіў бы прапасьці бяз паўстаня і мы на век вякаў ужо былі бы вольныя.

Так з гэтага пісьма і відна: што мужыкі панскія і казённыя не павіньні плаціць ані чыншу паном, ані аброку ў казну за зямлю, бо гэта зямля да нас належыць; але калі будзе вайна з маскалём за нашу вольнасьць, то той час трэба ўсім ісьці на вайну проціў маскаля. А то для таго, каб хутчэй прагнаць маскаля зь яго сабачым рондам, і каб ніколі, ніякай нікому мужыкі паншчыны не служылі і ніякага ў казну аброку не плацілі, і каб на век вякоў народ наш быў вольны і шчасьлівы. А калі вас хто будзе падмаўляць рабіці іначай: ці то спраўнік, ці то акружны, ці то лапсэсар, ці то пан, то вы яго ня слухайце, бо то пэўна ашуканства, што за царскія альбо панскія грошы вечнай вашай згубы хоча!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

№3

Дзецюкі!

Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, але мала хто добра падумаў, ці можна ад яго спадзяваціся чаго-лень для нас альбо для дзяцей нашых? Я, дзецюкі, лепш знаючы ад вас, уздумаў напісаці пісьмо, каб не маглі туманіць розуму вашага. Для таго чытайце з увагаю, а як перачытаеце, давайце да другой вёскі.

Чалавек то такую мае натуру, што альбо нічога ня ведае і нічога меці ня хоча, альбо калі даведаецца, то хоча зразумеці добра і дастаці ўсенька, што яму належыць. Гэта вялікая праўда. От яшчэ нядаўна гаварылі нашыя, што яны створаны для таго, каб служылі паншчыну і былі нявольнікамі, а гаварылі для таго, што нічога ня ведалі і нічога меці не хацелі,- а ці сягодня гэтак скажуць, калі ўжо ведаюць многа і многа хочуць? Сягодня ўсе ўжо паразумнелі, усе ўжо мужыкі талкуюць, што Бог стварыў чалавека, каб ён карыставаў з вольнасьці справядлівай, і сьмяюцца, як гэта маглі інак думаці. Гэта права, што народ робіцца разумнейшым, выходзіць ад самога Бога, а хто яму схоча спраціўляціся, таго альбо сам Бог, альбо народ па прыказу Боскаму зь зямлёю зьмяшае!

Вы, дзецюкі, пэўне, вельмі цікавыя, скуль жа гэта народ так паразумнеў? Я вам скажу, скуль гэта.

Калі Пранцуз пад Сьвістаполем заўсім пабіў маскаля, то для таго, каб маскаль ня меў сілы і грошы, прыказаў народаві даці вольнасьць, ня браць рэкрутаў і вялікіх падаткаў. Маскаль згадзіўся на гэта, бо думаў, што народ дурны і патрапіць яго ашукаці! Ён то хацеў адно перамяніць няволю, але, бачу, вельмі ашукаўся, бо хаця нам ронд маскоўскі нічога ў шэсць год не зрабіў, але мы як пачулі, што і мужык можа быць вольны, так пачалі пытаціся ў людзей разумнейшых і талкаваці паміж сабою, аж зразумелі, што то вольнасьць значыць. От скуль гэта ўзялося, што народ паразумнеў. Мы сягодня ўсе ўжо ведаем, што чалавек вольны, гэта калі мае кусок сваей зямлі, за катору ані чыншу і аброку ня плаціць, ані паншчыны ня служыць,- калі плаціць малыя падаткі, і то не на царскія стайні, псярні і курвы, а на патрэбу цэлага народу,- калі не ідзе ў рэкруты чорт ведае дзе, а ідзе бараніці свайго краю тагды толькі, калі які непрыяцель надыдзе,- калі робіць усенька, што спадабае і што ня крыўдзіць бліжняга і хвалы боскай,- і калі вызнае тую веру, якую вызнавалі яго бацькі, дзяды, прадзеды. От што вольнасць значыць. Сягодня то ронд маскоўскі нас не атуманіць, бо мы цяпер не такія дурныя, як былі ўперад, і пазналі, што нам не маніхвэстаў царскіх, а вольнасьці патрэба.

Маскаль то хітры, ён-то, дзецюкі, хоча, каб ня даці нічога, а народ думаў, што ўжо мае ўсё як належыць. Ня мерыўшы, судзеце хаця з гэтага а яго хітрасьці. Два рокі ўжо таму, калі яшчэ ніякіх маніхвэстаў а вольнасьці не аб’яўлялі, народ у Пецярбургу, Маскве і па цэлай Расеі пачаў вельмі крычаці, што калі ронд ня дасьць яму вольнасьці, то ён цэлаю грамадою 19 лютага збунтуецца. Тагды цар, бачу, збаяўся і вялеў сэнатаві з’ехаціся, а народаві аб’явіць, што ў посьце вольнасьць дастане. Народ дурны паверыў ды і разышоўся, а цар, з сэнатам паталкаваўшы, як мінула трывога, так і аб’явіў у мейсцу вольнасьці маніхвэст, а ў маніхвэсце прыказвае мужыкам служыць да часу паншчыну па-старому, а па-новаму заплаціць больш грошай у казну на пісараў, пасрэднікаў ды і чорт іх ведае на што. Судзеце ж цяпер самі, ці ж не ашуківаюць нас?

Але не надоўга здасца ім круцельства, бо, як я казаў, мы ўжо пазналі, што нам не маніхвэстаў, а вольнасьці патрэба - і то вольнасьці не такой, якую нам цар схоча даці, але якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зрабімо. А для таго, дзецюкі, каб ніхто вас ня мог ашукаці, цяпер ужо талкуйце паміж сабою, якой вам вольнасьці патрэба і якім адно спосабам мужык яе дастаць можа. Толька, дзецюкі, сьмела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваці трудна, бо боска моц вяліка, а народу многа.

Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толькі жне, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою — не шкадуйце працы,— каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюськам сьвеце. Бог нам дапаможа!!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

№4

Дзецюкі!

Няма і куска зямлі на сьвеце, каб людзі былі адзін у другога ўсё добрыя, не хацелі жыці з крыўдаю свайго бліжняга. Для таго, каб была справядлівасьць і праўда на сьвеце, а злыя людзі ня збыткавалі і крыўды другім не рабілі, ё ронд, што бярэ падаткі, робіць школы, навучае кожнага, каб жыў па праўдзе, становіць суд; а калі гэта не памагае і робіцца несправядлівасьць, то наймае войска і так сьцеражэ кожнага ад ліха і зьдзерства. От на што ронд патрэбны. І як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд глядзець павінен шчасьця людзей, слухаць народу і рабіці так, як народаві лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу.

Гэтак, дзецюкі, робіцца на цалюськам свеце. А калі за граніцаю, ці то ў Пранцуза, ці ў Англічаніна, народ спагадае рондаві, то для таго, што ронд слухае народу і робіць так, каб народ быў багаты і шчасьлівы.

А ў нас, дзецюкі, ці гэтак? Ці ў нас ё справядлівая навука ў школах, што учыць жыці бяз крыўды другога? Ці ё праўда і справядлівасьць у судзе? Ці можа чалавек быць пэўны, што яго ніхто ня скрыўдзіць? Ці ронд маскоўскі думае аб людзях, каб яны маглі жыці шчасьліве? Самі скажыце.

У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе заўсім перарабіці на маскаля. Суды маскоўскія — гэта воўчая яма, дзе не разбіраюць, ці за табою праўда, ці не, а скубуць адно як могуць. Бясьпечнасьці пад маскалём ніякай няма, хто дужшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кожнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не пазволіць народаві і застанаць, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы. Ронд маскоўскі, як той ліхі пан, што, пачаўшы ад камісара аж да цівуна, пазваляе кожнаму народ глуміці, каб адно як найбольш грошай у кішэнь яго дасталася. Ронд маскоўскі, дзецюкі, не так робіць, як рабіці трэба, ня думае, каб палегчыць народаві, а вымышляе адно спосабы, як абадраці і заўсім людзей зглуміці.

Чаму гэтак робіцца пад рондам маскоўскім, я вам скажу — вы адно мяне паслухайце.

Ронд — гэта заўсім так сама, як чалавек. І як чалавек мае галаву на тое, каб думаў, а рукі і ногі, каб зрабіў так, як задумаў, так ронд мае цара, каб рондзіў, а чыноўнікаў па ўсіх местах і мястэчках, каб рабілі, як цар захоча. Для таго як галава ў чалавека калі задумае кепскае, то ногі і рукі кепскае зробяць, так у рондзе, калі цар глуму захоча, то чыноўнікі глуму наробяць. А з гэтага то і відаць, што зьдзерства, якое ў нас вычаўпляюць, то не для таго робіцца, што ў нашым краю няма людзей, здатных на чыноўнікаў, гатовых і жыцьцё сваё аддаці для народу, а для таго, што цар гэтакіх людзей у Сыбір высылае, а за нашыя грошы назначае чыноўнікамі гэтых, што адно самі людзей глумяць, другім глуміці пазваляюць і Бога не баяцца. Гэтакі чыноўнік не давядзе ўжо да розуму — ён, калі і няма прыказу цара, то сам выдумае спосаб, як абадраці бедны народ. І дзе ж тут шукаці праўды?

Так з гэтага пісьма і відна, што глум, зьдзерства і несправядлівасьць выходзяць ад самаго цара — ён-то з нас выбірае войска, ён-то з нас выдзірае грошы нібы на патрэбу народа, а ўзяўшыся за ўсімі гыцлямі за рукі, адно нас цяменжыць, трымае ў няволі. Но прыходзіць яму ўжо канец, бо мужык пачуў вольнасьць, а мужыцкая вольнасьць — гэта ўсё роўна, што шубеніца для ўсіх зьдзерцаў і глуміцеляў народу! Для таго-то цар спыняе вольнасьць мужыцкую і спыняці будзе, для таго-то калі ў паноў сто раз пытаў, якую яны хочуць даці вольнасьць мужыкам, у мужыкоў і разу не спытаў, якой яны хочуць вольнасьці. Ён знае, якая-то вольнасьць мужыцкая, ён ведае, што наш мужык хоча, каб ніхто ня сьмеў драці зь нікога — і для таго як мы яго ронду, так ён нашай вольнасьці баіцца.

Дзяры з нас, цар, дзярэце з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры, але памятайце, што і на нас прыйдзе пара, памятайце, што калі мужык разгуляецца, то, як свет шырокі, кроў ваша пальецца!!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

№5

Дзецюкі!

Мала таго, што з мужыка дзяруць на ўсякія падаткі астатню кашулю, мала таго, што ніколі ня можаш дабіціся да куска хлеба, а ўсё, што заробіш, аддаці мусіш чорт ведае каму і чорт ведае на што, мала таго, кажу, што жыцьцё нашае горша сабачага,— но скажэце, мае міленькія, ці ёсьць паміж намі хто-лень, каб не аплаківаў яшчэ альбо свайго сына, альбо свайго брата, альбо свайго мужа, што цар забраў яго ў рэкруты да і загнаў чорт ведае дзе? Працуе бацька цяжка на дзецеткі свае, гадуе маці сына, ночанькі ня сьпіць, а цар, сабача яго вера, як гэты воўк, закраўшыся, вяліць лавіці, у дыбы скуці і гнаці ад радні далёка. А маскоўскае жыцьцё — горка ўжо доля. Забыці там трэба, што ёсьць у нас наша бацькаўшчына, што ёсьць у нас наша радня, а аддаці жыцьцё не за дабро і шчасьце ўсіх, а за ліха і вечну няволю нашых братоў. Гэтакага ліха, дзецючкі, і скаціна ня знае, а вы, мае міленькія, пэўне, і не падумалі, скуль яно на нас навязалася, ці гэтак было за нашых дзядоў і прадзедаў і ці гэтак мусіць быці? Усё гэта я вам расталкую, а хто мае праўду ў сэрцы і дабра хоча, той мяне паслухае. Помняць яшчэ нашыя дзяды, паказываюць яны, што за іх часоў мужыкі рэкрута і не зналі. Было войска, то праўда, але войска польскае ўсё было з шляхты, а калі мужыкі часамі захацелі ісьці на вайну, так зараз зь іх знімалі мужыцтва, да і паншчыну, давалі зямлю, а ўсю вёску рабілі шляхтаю. Стуль-то ў нас і парабіліся гэтыя аколіцы шляхецкія. Так за тое, што чалавек шоў на вайну, бараніў сваю бацькаўшчыну, то ронд польскі даваў зямлю, даваў вольнасьць, даваў шляхетства,- а маскаль ці гэтак робіць? За тое, што мы яму 25 лет на войнах служымо безь людской стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхетства, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, мог, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай сьмерці. Праслужыўшы 25 лет, да і торбу ўзяўшы, ідзі жабраваці! А што граху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалеві, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе пранцуз даваці вольнасьць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасьць і веру, а мы-то даемо рэкрута і нашымі грудзьмі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі усьмірае бунты і запрагае нас усіх у вечную няволю. Таго, хто нам добра думае, мы выганяем, таму, хто нам ліха робіць, мы памагаем,- і ці ж ня грэшна перад Богам, а ня стыдна перад цэлым сьветам - самі скажэце? Праўда, што мы былі дурныя і, як гэтыя авечкі, нічога ня зналі, але, здаецца, пара ужо паразумнець, угледзець праўду. Вы ведаеце, дзецюкі, добра, што пранцуз прыказаў не даваці ужо больш маскалеві рэкрута, для таго, калі цар захоча узяці, так, цэлымі грамадамі згаварыўшыся, нідзе яму не давайце. Ён цяпер хоча узяці 5 з тысяча, але як мы яму дамо 5, то ён пазьней захоча узяці 10, і зноў пойдзе па-старому. Цяпер мы яму аддамо гыцляў, але пазьней трэба будзе аддаці і сваіх сыноў. Так для таго, дзецюкі, талкуйце добра і не давайцеся ашуківаць. За мужыцкую крыўду стойце сьмела, усе разам, і калі хто захоча крыўдзіць вас, выцягаці рэкрута, то хто бы ён ні быў, ці то старшына, ці акружны, ці хоць сам губэрнатар, то вы яго таўчэце мужыцкаю рукою, а будзе вольнасьць і рэкрута не будзе, і Бог нам дапаможа! Так, дзецюкі, па дабросьці да ладу ня дойдзем!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

№6

Дзецюкі!

Ці мая праўда горка, ці яна салодка, я пісаў заўсюды і пісаці буду — вучыў я вас, як рабіці трэба, і вучыці буду. Вы адно слухайце мяне, талкуйце добра і рабіце так, як сумленьне вам скажа, а Бог яшчэ зьлітуецца над намі і дасьць нам шчасьце, і дабро ў нас будзе.

Калі Бог, стварыўшы чалавека, даў яму душу, то не на тое, каб ён жыў, як сабака, на гэтам, а на тамтам сьвеце прападаў на век вякоў у мэнках пякельных,- а для таго, дзецюкі, каб знаў закон Божы, знаў свайго Бога, знаў сваю веру і заслужыў на шчасьце нябеснае. Калі сын боскі, прыйшоўшы на гэты сьвет, устанавіў праўдзівую веру і за гэту веру цярпеў крыжовыя мэнкі, то не для таго, каб якіясь там цары маскоўскія, байстручага роду, перамянялі закон Божы, а мы, на прыказ гэтых цароў, выракаліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі Бога, а радню царскую, но для таго, дзецюкі, Бог найвышшы цярпеў за нас, каб закон яго быў ужэ вечны, ніхто не сьмеў перамяняці, а мы з цэлай моцы трымаліся яго.

Но ці гэтак, дзецюкі, робіцца ў нас, як сам Бог прыказвае, ці дзержымося мы закону боскага? Самі скажыце. Не адзін ужэ, можа, забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры, і ніколі ужэ не спомніць на тое, што перавярнулі яго на сызму, на праваслаўе, што ён сягодня, як той сабака, жыве без веры і, як сабака, здохне чартам да пекла!!! О, дзецюкі, ліха такому чалавекові! А калі мы будзем гэтак рабіці з Богам, так што ж Бог найвышшы з намі зробіць? Аддасьць у пекла на вечныя мэнкі, будуць чэрты душу нашу на кускі рваці, а смала ў вантробах кіпеці будзе. Пазнаеш тагды сваё ліха — но ў пекле па няўчасе ужэ будзе, не перапросіш тагды ужэ справядлівага Бога, і мэнкам тваім ніколі канца не будзе.

Цяпер пытаю вас, дзецюкі,- хто ж нам гэта ліха нарабіў і што зрабіці трэба, каб мы былі шчасьлівыя і на гэтам, і на тамтам сьвеце?

Нарабіў нам гэтага ліха, дзецюкі, гэта цар маскоўскі, ён-то, перакупіўшы многа папоў, вялеў нас у сызму запісаці, ён-то плаціў грошы, каб толька перахадзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую - уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі; а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў зьлітаваньня над намі.

Но, Божа вшэхмоцны, міласерны ты наш пане, ты аб нас не забывай, зьлітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выжані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасьць і веру нашых дзядоў і прадзедаў, а касьцёлы, што маскаль, нячыстая яго сіла, параскідаў альбо перарабіў на стайні і цэркві, зноў заясьнеюць тваею хвалою, і народ у ніх хваліці цябе будзе, як хвалілі нашыя прэдкі. Засьпяваем тагды ў адзін голас нашу песьнь сьвятую: “Сьвэнты Божа, сьвэнты моцны, свэнты несьмертэльны — зьмілуй сен над намі!” — і Бог найвышшы зьмілуецца над намі, дапаможа нам у нашай працы, а на тамтам сьвеце дасьць крулества нябеснае — і не будуць ужэ дзеткі нашыя сваю матку праклінаці, што на сьвет радзіла!

Паказваюць людзі, што свэнты Ойцец аж з Рыму прыслаў ужэ да нас сваё благаславеньне (но маскаль яго спыняе) - гавораць, што прышле і ксяндзоў, што будуць прымаці на уніяцкую веру. Тагды, дзецюкі, хто адно верыць у Бога, яго сына і духа сьвятога, няхай зараз пакідае сызму і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў. Бо хто не пяройдзе на унію, той сызматыкам застанецца, той, як сабака, здохне, той на тамтам сьвеце пякельныя мэнкі цярпеці будзе!

Так годзе ж ужэ, дзецюкі, жыці без ніякай пацехы на сьвеце, калі Бог міласерны мае зьлітаваньне над намі, а ты, чалавеча, як перачытаеш альбо пачуеш гэту праўду, згавары пацеры, каб Бог вшэхмоцны дапамог людзям, што дабро нам думаюць, што хочуць, каб мы былі вольныя, як шляхта, мелі сваю зямлю, як шляхта, хвалілі Бога па праўдзе і заслужылі на Неба на тамтам сьвеце.

Гэтага для вас ад душы хоча ваш брат, такі самы з дзедаў-прадзедаў мужык, як і вы, но яшчэ уняцкай веры.

Яська-гаспадар з-пад Вільні

№7

Дзецюкі!

Доўга маўчаў я, не казаў вам нічога, бо хацеў разгледзецца добра да разабраць, што гэта дзеецца на сьвеце, штоб ужэ спавясьціць вас па справядлівасьці да сказаць, як наказуе Бог да сумленьне, што нам цяпер трэба рабіці. Ждаць моўчкі больш ужэ нязмога! Памяркуйма толькі, што думаюць цяпер зрабіць з намі. Абяцаў нам цар зямлю. Чыноўнікі, папы да маскалі, усі ў адзін голас дурылі нас, што цар нам шчыра думае да дасьць волю, Справядлівую Волю. І слухалі мы цара. Казаў ён нам яшчэ два гады служыць паншчыну, і паншчыну мы адбывалі. Наказаў цар некрута, далі мы яму і некрута, а самі моўчкі глядзелі, як нашых сынкоў да братоў на край сьвета пагналі. Накінуў нам падушнага — плацілі мы падушнэ за жывых і умёрлых, за дзяцей да за старцаў нядужых, - плацілі мы земску павіннасьць да усялякія зборы, плацілі на пасярэдніка, на праўленьне, старшынам, пісарам, акружным, асэсарам — да Бог ведае каму ні плацілі, — да усё не пыталісь, куды йдуць нашы грошы. Усі нас крыўдзілі да усі абдзіралі; біў нас сільнейшы, крыўдзіў багатшы — а на тое нідзе не было справядлівасьці. Мы усё маўчалі да слухалі, усім кланялісь, за усё плацілі, усё цярпелі, ждучы канца, бо спадзяялісь Справядлівай вольнасьці, спадзяялісь, што дадуць вольную зямельку да ў падушнам справядлівы пабор будзе. Заміст таго, штоб аддаць нашу зямельку да якую ж зямлю?! Гэту, што з дзядоў-прадзедаў кроўнаю працай дзесяць раз ужэ на яе зарабілі да заплацілі. За гэту зямлю цар наказуе нам чыншы плаціць у казначэйства. Да якія ж чыншы? Якія уздумаецца пастанавіць чыноўнікам да судовым кравапійцам, да яшчэ з кожным годам усё большыя да большыя. Так волі нам ужэ і не будзе: век цэлы плаці да на век нясі астаткі, штоб адплаціцца палатам да праўленьням. Падмануў жа нас цар, а яго служкі - папы, чыноўнікі да маскалі — падвялі нас, як чорт добрую душу.

Мала таго: беручы некрута навесьні, казаў цар, што больш браць не будзе. Мы, як тая дзяціна, і паверылі, што не будзе, а цяпер бач! — ізноў цар наказуе з кажнае воласьці пастанавіць па сто хлопцоў, што пойдуць у маскалі па ахвоце, а як ахотнікаў не будзе, так грамада прысудзіць, каму йсьці ў некруты. Скруціўся хіба! — штоб то хто йшоў у маскалі па ахвоце. Так ось ужэ ў другэ падмануў нас цар з некрутам. Узяў пяцёх з тысячы, а цяпер давай сто з воласьці, а ў осені яшчэ можа дзьвесьце або трыста захоча, бо цар са сваімі маскалямі не падужае мужыкоў, што падняліся ў Польшчы, і не падолее Пранцуза, што за Польшчу уступіўся. У Польшчы мужыкі таксама, як і мы, спадзяялісь на цара да ждалі волі ад няго, да як пабачылі, што цар толькі лёстачкамі душу выймае, а новымі падаткамі, некрутам да чыншамі астатнюю сарочку з ніх здзерці хоча, от усі разам з віламі да з косамі пайшлі дабівацца зямлі да праўды, а іншы і сьвятой уніяцкай веры. От і дабілісь. Выйшаў ужэ Польскі Маніхвэст. Зямля вольна даецца усім мужыкам, бо гэта іхня зямля з дзядоў-прадзедаў, за гэту зямлю ніхто не мае адрабляць паншчызны і чыншаў ніякіх нікому плаціць; падушнага больш не будзе, а толькі падымнэ, як колісь плацілі; некрута больш не будзе, а усі мужыкі, і паны, і мяшчане, усяк адслужыць 3 гады ў сваей зямлі і зноў сабе вольны. Уніяцкія касьцёлы, што маскалі забралі, аддаюцца назад уніятам, і хто хоча, мае права хрысьціць дзяцей па-уніяцкі да да уніяцкіх ксяндзоў ісьці да споведзі і па-старому Богу маліцца, як яшчэ бацькі нашы маліліся.

Но цяпер самі разьбірайце: дзе больша праўда, ці ў польскам маніхвэсьце, ці ў царскам? Цар абяцаў даць вольнасьць — да не даў. Абяцаў не браць некрута, а цяпер ужо другога наказуе. Польскі маніхвэст даў зямлю, не бярэ некрута, скінуў падушнэ, павярнуў унію. Но скажыце ж, браткі, хто нам лепш думае?! Памог бы Пранцуз і нам, як памагае мужыкам у Польшчы, - дык што ж — цар адказуе, што ў нас мужыкі усім давольны, іншае волі не хочуць, што яны любяць цара да душы, што шлюць яму лісты, да зносяць падаткі, да ахвотна плоцяць чыншы, а некрута пастановяць колькі цару заўгодна, а уніі ніхто не хоча! І тут нас цар падманывае, скрывіць хоча праўду, штоб нас саўсім пагубіць. А Пранцуз на нас толькі ждзе: да каму ж ён памагаць стане, калі ў нас будзе ціха. А мы, хоць нам царскія служкі зьняверылісь надта, робім усё, што яны нам ні скажуць. Такім спосабам не зазнаць нам волі да справядлівасьці. Не так думалі мужыкі ў Польшчы. Служылі яны яму верна, як і мы, да, пабачыўшы, што не выслужаць нічога, сталі дабівацца і дабілісь волі. А і іх царскія служкі дурылі, як нас цяпер дураць - падмаўлялі, штоб слаць лісты да цара перапрашаючы, да па-старому несьці падаткі, да даваць некрута, учылі і іх, як даносіць адзін на аднаго, як лавіць да маскалям адстанаўляць, да мала знайшлося такіх, штоб то, не баючысь Бога ні сораму людзкога, служыць маскалям, бо ужэ спазналі мужыкі царскую думку. А такіх, што за грошы не пабаялісь служыць ворагам нашым, што не хацелі мужыкам зямлі да праўды на сьвеце да спрэчны былі новай вольнасьці да новаму польскаму маніхвэсту, гэтакіх вешаюць, як подлых сабак, селішча іх апусьцелі, пайшлі з дымам іх хаты, прапала марна худоба.

Падумайце добра, да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашую вольнасьць! Нас цар ужэ не падмане — не падвядуць маскалі! Няма для ніх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба - для ніх мы глухі і немы і нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам сьпяшыць з віламі да з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды - а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сьцерагці будзем да уведамляць, адкуль на ніх цягне нячыста маскоўска сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. - А будзе ў нас вольнасьць, якой не было нашым дзядам да бацькам.

Яська-гаспадар з-пад Вільні

Пісьмы з-пад шыбеніцы.

І да нашага кутка даляцела ваша Газэтка, і мы яе з увагай прачыталі; вельмі яна усім спадабалася, бо праўда напісана. Прыймеце для таго нашу падзяку, а пісьмо аддрукуйце, каб знаў сьвет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстаньне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць. Слова наша простае, но зато шчырае; калі яно дойдзе да ронду польскага, адкрые яму нашу грудзь да і пакажа, што па-нашаму рабіці трэба, каб панаваньню маскоўскаму не цяпер, то пазьней канец ужэ палажыці.

За усіх старон маскалі цяпер талкуюць нам без устанку а сваём брацтве з намі. Праўдзіва дзівота, жывучы пад рондам маскоўскім гэтулькі часу, цяпер ледзь мы аб гэтым пачулі, для таго не без карысьці будзе паглянуць, як гэта маскоўскія браты самі ў сябе гаспадарылі да і з намі рабілі, каб пазнаць іх шчырасьць і права на брацтва нашае. Не будзем гаварыці, з якіх народаў маскалі паўсталі, брацтва там не многа найдзем, няволя манголаў да і цароў маскоўскіх заўсім забіла ў гэтам народзе усякую памяць а свабодзе да і зрабіла з яго грамады людзей паганых без мысьлі, без праўды, без справядлівасьці, без сумленьня да і без баязьні Боскай. 3 гэтакім народам цары маскоўскія, што то жывуць людзкою крыўдаю, падбілі зямлю нашу пад сваё панаваньне, тут то мы іх і пазналі, гэтых, як яны сябе называюць, братоў нашых. Ронд польскі, правіўшы намі, не браў з нас рэкрута, не адрываў народу ад дзяцей, ад бацькоў да і ад зямлі роднай і не гнаў гдзесь у канец сьвета, каб завадзіць няволю, выціскаць сьлёзы і пракленства на душы нашай. Ронд польскі калі браў з нас падымнае, то не заводзіў гэтакіх стаенных падаткаў па душы нашы, што то да Бога адно належаць. Ронд польскі, маючы Бога ў сэрцу, не упісаў нас у сызму, у каторай адно за цара да за цара маліціся трэба, як бы ужэ цар быў Богам на сьвеце, а вера да казны належала. Ронд польскі ужо таму будзе 70 лет, выперажаючы многа суседзкіх народаў, пачаў ужэ талкаваці а свабодзе мужыцкай і роўнасьці братняй мужыка з шляхціцам, а енарал Касьцюшка, што то, кажуць, каля Слоніма радзіўся і а каторым народ наш сьпявае, што ён вельмі быў добрым і маскаля крэпка біў, высказаўся ён за вольнасьць нашу, но маскаль то перашкодзіў і завёў свае ронды. Пагляньма ж цяпер, што ён зараз пачаў рабіці, гэты дабрадзей мужыцкі, як сам цяпер кажа: найперш, каб не магло вырабляціся сумленьне народнае, пакасаваў маскаль усе сходкі людзей выбарных, усе школы нашы, а так, абабраўшы з сумленьня да і з розуму, а завёўшы ў нас свой парадак маскоўскі, пазволіў кожнаму дужшаму глуміцца над бедным як толька хоча. Паноў заўсім увольніў ад усякіх ценжараў, даў ім права завадзіць паншчыну маскоўскую, а яна то не тры дай не шэсьць дзён з хаты, но 6 дзён з душы рабочай. Мужыку не толька што не даў ніякага права, но яшчэ адабраў і тое права, якое ён меў ад ронду польскага; многа людзей вольных да і каралеўшчызны вялеў у паншчызну упісаць, кажнаму можна было мужыка крыўдзіць, а чыноўнікі маскоўскія не рабілі яму ніякай справядлівасьці, но яшчэ калі суд на глум не ссылаў мужыка ў Сыбір, то аддаваў на вечнасьць у салдаты. Калі які пан, паслухаўшы сумленьня, ішоў за праўду і справядлівасьць і спраціўляўся прыказу царскаму, каторы кажа: “дзяры, бяры да і маўчы;”, тады яго, калі не уцёк да пранцуза, у турму бралі да і ў Сыбір гналі, а двор з людзьмі ў казну забралі, стуль то ў нас і мужыкі казённыя. Пярвей яны служылі казьне паншчызну, а посьле ў аброк іх упісалі, дай акром аброку ганялі без ніякай падзякі усялякаму чорту на работу: то акружному, то асэсару дай кожнаму, хто адно перакупіў. Начальства ось то якое маскоўскае для мужыкоў, а нібы дабрадзей! Няхай той сам судзіць, хто пісьмо маё чытаці будзе, я адно скажу па шчырай праўдзе: што калі нам пад рондам польскім не заўсім было добра, то як маскаль стаў намі правіць, зрабіў ён для мужыкоў чыстае пекла на сьвеце. Тут сказаці яшчэ трэба, што ён змусіў нас пакідаці бацькаўшчызну, ісьці ў рэкруты, дай ваяваці не за прыказ Боскі, не за праўду і справядлівасьць, но за глум, за няволю не раз проціў братоў да бацькоў нашых. Тут сказаці трэба, што маскаль, дабрадзей мужыцкі, зьняўшы з паноў усялякія падаткі, зваліў іх адно на мужыцкае племя, аблажыў падаткамі і мужыцкую зямлю, і мужыцкія хаты, і мужыцкую душу, і мужыцкія дзеці, і мужыцкую скаціну, жывых і умершых. Но не тут яшчэ канец маскоўскага дабрадзейства. — 3 дзядоў і прадзедаў была ў нас уніяцкая вера, гэта значыць, што мы, будучы грэцкай веры, прызнавалі за намесьнікаў Боскіх сьвятых айцоў, што ў Рыме. Царом маскоўскім і гэта стала завідна, для таго, скасаваўшы ў Маскве грэцкую веру, а зрабіўшы царскую, што то называецца праваслаўе, і нас адарвалі ад праўдзівага Бога і упісалі ў сыэму пагану. Такім спосабам, абабраўшы з гроша, з рук спасобных, запраглі нас у паншчызну, і каб сьлёзы мужыцкія не трапілі перад трон праўдзівага Бога, забралі нам і духоўну нашу пацеху — нашу веру уніяцкую. Праўда, людцы, ёсьць за што падзякаваці!.. А чыноўнікі то маскоўскія — яшчэ адно дабрадзейства. Чытаў я ў ксёнжках, што ёсьць на сьвеце якась саранча, катора як гдзе пакажацца, усю худобу гаспадарску зглуміць. Маем мы, браткі, горшую яшчэ ад той саранчы, а гэта чыноўнікі маскоўскія з сваёю “праўдаю” і “справядлівасьцею”, яны людзі вельмі здатныя, што то па-маскоўску “праворныя”, умеюць так аблізаць чалавека, што з рук іх выйдзеш голенькі як маці радзіла — і жыві пад гэтакім рондам без суду і праўды. Зараз па вайне з пранцузам пад Севастопалем пачалі меж намі слухі хадзіці, што маюць мужыкам даць вольнасьць. Ждалі мы доўга, аж нарэшце тры леты таму выйшаў указ царскі, — праўда, многа там было напісана, а карысьці то для нас мала. Парабілі адно канцылярыі, пасрэднікаў, старшынаў, пісараў усё за грошы мужыцкія, а паншчызну як хадзілі, так і трэба было хадзіці. Дачуўшы мы гэта, сталі праціўны, і тут то і маскалі нашліся, каб прымусіць нас да міласьці царскай, а нагайка казацкая мела скрапіць наш братні узёл, не ведаю адно з кім: ці з панамі, ці з маскалямі. Няхай за мяне скажуць тыя, што мелі ахвоту скрапляці, дабрадзеі нашыя, браты маскоўскія.

Трудна сказаць, як доўга мы бы паншчызну хадзілі, каб не паўстаньне польскае. Ронд польскі, аб’явіўшы свой маніхвэст, зямлю мужыцкую аддаў мужыком на вечнасьць, і мы то перасталі зараз паншчызну хадзіць. А калі Бог усёмагучы навярнуў паноў да праўды і зрабіў іх паслушнымі прыказам ронду польскага, тагды маскалём настаў кепскі час, і ён мусіў паняволі прыпісаціся да нашага і жыдоўскага брацтва. Бач, які мудроны брат; аднак крыху і так ашукаўся, бо як той казаў: “і ў брата не свая хата”, і брат паишоў бы ў паўстаньне, каб меў якую качаргешку ў рукі узяці; а жыд, хаця пагаворка і кажа: “што як бяда, то да жыда”, не заўсягды голых прымае, тым бардзей такіх, што нажлапталіся нямала і сьлёз і крові жыдоўскай. Но каб ляпей пазнаць маскоўскую хітрасьць, пагляньмы шчырым окам, што цяпер маскалі выраблялі з намі, у гэту ліхую для сябе гадзіну, калі, пабіўшыся з палякамі, каб удзяржаць сваё панаваньне, да нашага брацтва хоча упісаціся; ронд польскі цяпер аддае нам на вечнасьць зямлю нашу за нашу працу, маскаль піша дай устанаўляе якіясь там чыншы, каторым ніколі ніякага канца не будзе, як то меж мужыкамі казёньньмі. Калі ронд польскі дае нам вольнасьць праўдзівую, маскаль, не кажу цэлымі сёламі, а цэлымі грамадамі гоніць людзей, заўсім адняўшы свабоду, у сыбірскія пустыні. Калі ронд польскі усім братнім народам дае самарондзтва, маскаль мала таго, што гэтак не робіць, но яшчэ там, гдзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах учаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску, як народ таго хоча, а ў гэтыя школы адно з другога канца сьвета маскалёў насылаюць, што толька умеюць красьці, людзей абдзіраці дай служыць за грошы паганаму дзелу на глум народу. Дзікі маскаль думае, што калі можа народ абдзіраці за усякага дабытку, то і патрапіць кажнаму убіць у галяву свой дурны розум, дурны для таго, што розум маскоўскі калі не раз харашо кажа, то ніколі па-людзку нічога не робіць, адно людзей абманывае, а перад кнутом царскім гнецца, як астатні валацуга. Трудна усё гэта расказаці, што мы ужэ кроўю запісалі, так што сьлёзы льюцца, чытаючы бяспраўе, якое маскалі рабілі дай да гэтаи пары яшчэ робяць. Хто хоча дазнаць праўдэівага смаку, няхай сам пажыве пад рондам маскоўскім, то і паглядзіць, якое дабрадзейства мужыкі мелі; ось то для чаго кажам: што польскае дзела гэта наша дзела, гэта вольнасьці дзела.

Но не мала працы трэба, каб здабыць гэту свабоду, каторай жджэ усякі, пачаўшы ад дзіцяці да старога дзеда, бо калі маскаль гэтулькі лет упускаў свае пазуры ў грудзь нашу, так не дзіва, што трэба пацярпець доўга, каб вырвацца з-пад яго братняй апекі, для таго і не без карысьці будзе, калі цяпер паталкуем, якія мы маем на то спосабы; гаварыць тут будзем мало, кожны ведае для чаго, бо маскаль не павінен ведаць, пераняўшы на прыпадак пісьмо гэта.

Доўга палякі ждалі памоцы з заграніцы, народы чужаземныя крычалі многа і да гэтай пары нічога для нас не зрабілі; кажуць, што яны не маюць ніякай патрэбы сваей у польскім дзеле, каб на маскаля ісьці за нас ваяваці. Двесьці лет таму назад, а бацькі нашы ляпей ужэ казалі: “Калі маеш Бога ў сэрцу і прыказ Яго, памагай бліжнему” і ішлі бараніць хрысьціянства ад татарскай дзічы; да гэтакай памоцы хаця і маем права, но мы не вымагаем, няхай кожан робіць, як яму ляпей здаецца. Аднак сказаці тут трэба, што калі усе каралі падпісалі нашу няволю маскоўскую, то яны вельмі скрыўдзілі чэсьць сваю, што змыць гэтае бясчэсьце не толька патрэба, но кожан мусіць, каб мець сумленьне чыстае. Для таго, знаючы, як стаіць наша дзела за граніцай, не перастаем верыць, што мысьль Боска, правёўшы векі, не дасьць загінуць праўдзе і справядлівасьці, калі ужэ не найдзе для таго спосабу ў цяперашнім парадку, разарве гэты узёл дай паверне сілу народу куды схоча. Нам адно сільна з шчырай верай за сваё стаяці трэба, а ронд наш павінен быць на усё чуткі, каб мог для дабра народнага за усяго карыставаць; сілы нашы яшчэ вялікі, ваяваць з німі можам Бог ведае як доўга, но для таго трэба, з аднэй стараны, іх аберагаць, а з другой, вырабляць што раз то новыя. І так калі паўстаньне зроблена пад добрую пару, узрастае і ажыўляе народ, — не ў час, марнуе сілы кожнага, аслабляе ў прастоце духа дай разводзіць страх і няверу ў дзела наша, у моц Божу. Ронд польскі і яго чыноўнікі ведаюць гэта і для таго, каб служылі добра перад Богам і сумленьнем народным, робяць не штучныя завірухі, но, паняўшы духа народнага, яго патрэбы і волю, [будуць] падхватываць дай разумна застаўляць палкі народныя, а разьвіваючы непадатлівасьць у народных несканчоных бунтах, ставіць апору маскоўскаму ў нас панаваньню. Работа тут не хутка дай непаказна, но за то пэўна, і яна нас давядзе да канца добрага. Работа тут сярмяжна, для таго каб была скутэчна, павінна быць так шчыра і проста, як тое сэрца, што б’е пад сярмягай, як той розум мужыцкі, што не перабірае, калі рабіць трэба. Тагды слова ронду польскага — “вольнасьць, роўнасьць дай свабода народу” — пяройдзе ў кроў кожнага і цэла моц маскоўская нас не пераможа, хаця ж бы яму самое пекла памагаці стала.

Рук ахвотных і сягодня ў нас даволі, но з голымі рукамі не ісьці на штыкі маскоўскія. Ронд польскі і яго чыноўнікі павіньні добра над гэтым падумаць, грошы ў нас будуць, бо мы знаем патрэбу таго, бо мы маем спосабы на тое. Но каб за нашы грошы мы мелі што ў рукі узяці, Ронд польскі гэтаму зарадзіць; а калі натрапіць перашкоды, то пры памоцы Бога і свайго права, упісанага ў нашых грудзях, усё з часам пераможа. Ты, аднак, Народзе, не дажыдайся, да з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю бацькаўшчызну. Для цябе усё можна: нож, сякера, атрута; гэта твае спосабы, бо табе, як таму мужыку нявольнаму, бяспраўнаму, не прызнаюць права самаабароны, бо табе нічога не можна. А калі народы загранічныя, з дзіва разінуўшы рог, скажуць: “шалёныя”, Ты, народзе вялікі і чэсны, праўдай ім адкажы, што яны таму прычынай, што гэта на іх сумленьне цяжкім грэхам ляжа.

Марыська чарнабрэва, галубка мая,
Гдзе ж ся падзела шчасьце і ясна доля твая?
Усё прайшло,- прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч у грудзях застала.

Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці
Ды ў прадвечнага саду вялеў прападаці,
То мы прападзем марна, но праўды не кінем,
Хутчэй Неба і шчасьце, як праўду, абмінем.

Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю,
А калі мяне успомніш, шчыра памаліся,
То я з таго сьвету табе адазвуся.

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасьці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.

А калі слова пяройдзе у дзела,
Тагды за праўду станавіся сьмела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, Народзе, старасьці свабодна.

Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца,- но не жаль згінуць за тваю праўду.

Прыймі, народзе, па шчырасьці маё слова прадсьмертнае, бо яно як з таго сьвета толькі для дабра твайго напісана.

Няма ш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галяве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, папраўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць наукай розум, разаўе сэрца і радню цэлю сэрцам палюбіць. Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі,- адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу.

Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду й свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но, ухапіўшы за што зможаш, за касу, сакеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную.

Бо я табе з-пад шeбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ужэ не будзе.

Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні

4/2/2005 › Старонкі гісторыі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2005
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024