Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (1-7 сакавіка 2005 г.)

Валеры Буйвал
1 сакавіка – міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй. З гэтай нагоды адмысловая рабочая група Эўракамісіі ў Брусэлі апублікавала штогадовую статыстыку. У якасьці аднаго з галоўных статыстычных герояў выступае наш вялікі ўсходні сусед. Расея мае толькі зарэгістраваных спажыўцоў цяжкіх наркотыкаў 1 мільён грамадзянаў. Гэта цэлы вялікі эўрапейскі горад. Чарговы расейскі рэкорд павінен пераканаць заходніх аматараў “таямнічай рускай душы”, закаханых у Талстога з Мусаргскім ды крамлёўскія куранты, што нездарма постсавецкія народы ня хочуць вяртацца ў расейскую мову ды літаратуру, шукаюць сваё ды імкнуцца трымацца як мага далей ад ачмурэлага суседа.

У Ліване, падобна, пачынаецца рэвалюцыя. Моладзь, якой абрыдла навязьлівая прысутнасьць чужога сірыйскага войска і ўмяшальніцтва дэспатычнага Дамаску ў ліванскія справы, выйшла на плошчы пад нацыянальнымі сьцягамі за незалежнасьць і нармальнае жыцьцё. Міністар замежных справаў РФ С. Лаўроў адразу зьявіўся на тэлэвізіі і выдаў сьпіч пра крамлёўскую радасьць наконт мірнага пераўтварэньня ў Ліване і абяцанага вываду сірыйскіх вайскоўцаў. Ёсьць у расейскай літаратуры пачатку 20-га ст. сюжэт наконт ката, які, прыйшоўшы з працы на банкет, сядае за стол. Яму кажуць: судар, у вас жа кроў на руках. А ён: “Я рукі мыл-с”… У гэбэшніка Лаўрова той жа цынізм, нічога не зьмянілася ў іхнай імпэрыі. Сірыйцы ўварваліся на тэрыторыю Лівана яшчэ ў 1976 г., калі толькі распачыналася грамадзянская вайна ў няшчаснай краіне. Разбурэньні і масавыя забойствы працягваліся там 15 гадоў. Міжнародная супольнасьць ніяк не магла сьцяміць, чаму традыцыйна шматканфэсійнае і талерантнае ліванскае грамадзтва ня можа спыніць канфлікт. І вось настаў 1990 год, пасыпалася штукатурка, пахіснуўся жудасны гмах пад шыльдай СССР, у гарбачоўскага рэжыму ня было ўжо часу займацца бліжнеўсходнімі справамі і тамашнімі марыянэткамі Крамля. Разумеючы, што набліжаецца канец, савецкая намэнклятура перастала кідаць грошы і зброю на чужую грамадзянскую вайну і пачала актыўна напаўняць манэтамі швэйцарскія сэйфы. Як толькі гэта стала фактам, у Ліване на працягу лічаных дзён усталяваўся мір. Хуценька сабралася мірная канфэрэнцыя ў аравійскім Эр-Рыядзе, варагуючыя бакі падпісалі пагадненьне і пачалася адбудова краіны. Памятаю, як ліванскія студэнты ў Менску разгублена разводзілі рукамі: вось гэта да-а, аказваецца, гэта маскоўскі шайтан тапіў іхную радзіму ў крыві.

2 сакавіка ў Нідэрляндах іграла расейская музыка і тусаваліся маскоўскія чыноўнікі. Пры саветах такое магчыма было б толькі з нагоды адкрыцьця чарговай шыльды кшталту “Тут жыў у эміграцыі Ленін” альбо “Тут адбыўся зьезд РСДРП”. Цяпер Масква актыўна скрэшчывае чырвоную зорку з дзьвюхгаловым арлом, шукаючы сьлядоў гэтага монстра па ўсім сьвеце. У невялічкім чысьценькім мястэчку адсланялі помнік (невялічкую кампазыцыю ў жанры паркавай скульптуры) каралеве Нідэрляндаў у 1840-49 гг. Дачка Паўла І (таго самага, каторага зь ведама ягонага сына Аляксандра забіла ў 1800 г. ў Пецярбурзе група афіцэраў) Ганна была пабралася шлюбам з галяндскім крон-прынцам ды разам з ім зрабілася потым каралевай невялікай краіны. Мястэчка называецца з тае пары Anna Pavlovna. Вось маскоўскае міністэрства культуры й дало падхаўтурыць маладому скульптару. Гэта зусім рацыянальна, калі дзяржава выдаткоўвае грошы на адзначэньне сваёй культурнай прысутнасьці за мяжой. У 1991-1994 г. такое адбывалася нават у Беларусі. У Падуанскім унівэрсітэце адсланілі былі прыгожую шыльду аўтарства Валеры Янушкевіча ў памяць Францыска Скарыны, які атрымаў там дактарат. Узьнікла шэраг помнікаў вялікім беларусам і народным подзьвігам (згадка пра якія была пры саветах забароненая) на тэрыторыі нашай дзяржавы. З усталяваньнем шклоўскага калгасу гэты працэс быў гвалтоўна абарваны. Пачалася маскальская контррэфармацыя. Мала таго, што засталіся стаяць на нашай сьвятой зямлі ўсі гэтыя чорныя дэманы: леніны, кіравы, калініны, дзяржынскія дык паставілі нават шэраг новых. З сапраўднай управы шклоўскага калгасу – Масквы – паступіла новая мода пад дэвізам “так за царя, за родину, за веру”. У Гомлі не знайшлося месца помніку Скарыне (імя якога надалі мясцоваму ўнівэрсітэту ў далукоўскі пэрыяд), але зьявіўся істукан у парку перад палацам піянэраў. На трыбуне стаіць па пояс чалавек у парыку і зачытвае грамату. Гэта Румянцаў, генэрал Кацярыны ІІ, якому пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай аддалі ў фэадальнае валадараньне Гомельшчыну і некалькі сотняў тысячаў беларускіх рабоў. Ён, такім чынам, “нёс прагрэс”, пра што, мабыць, і напісана ў бронзавай грамаце. Такое адбывалася не ўпершыню ў нашай гісторыі. Найбольш памятнай была вайна беларускай моладзі ў 19 ст. супраць помніка Мураўёву-Вешальніку, што стаяў у цэнтры Вільні. Любімай зброяй студэнтаў была купленая ў бліжэйшай аптэцы валер’янка. Перад чарговым імпэрскім сьвятам яе разьлівалі ў вялікіх колькасьцях каля ненавіснага бронзавага акупанта. Каля помніка зьбіраліся тысячы віленскіх катоў, жывёліны налізваліся ў дым і гарланілі свае каціныя песьні пасярод пышных афіцыйных мерапрыемстваў. Публіка рагатала. Цяперашняе ўслаўленьне расейскіх акупантаў сьведчыць пра сапраўдную сутнасьць тутэйшага рэжыму. Халуі прыдумалі нават аргумэнцік дзеля апраўданьня свайго ідалапаклонства. Часта можна пачуць перад помнікам якому-небудзь Леніну: “Но ведь это же наша история!” Ах, які пафас! Дык пастаўце тады помнік А. Гітлеру, які пакінуў такі жудасны (ня менш жудасны, чым маскальскія акупанты) сьлед у нашай гісторыі. Крамлёўска-лубянскія інтэлектуалы добра разумеюць, што ніша нацыянальнай памяці і культуры павінна быць запоўнена (прырода ня церпіць тут пустаты). Вось і цягнуць у нашую душу ўсякую брыдоту маскоўскай вытворчасьці. Вечна так ня будзе. Беларускі народ перакуліць і лысага мангола з кепкай у руцэ і паркавага фэадала ў парыку. Пачнецца працэс ачышчэньня, аднаўленьня гістарычнай і культурніцкай праўды ў нашай хрысьціянскай краіне. Будуць вернутыя гістарычныя назвы вуліцаў, плошчаў і паселішчаў. Будуць пастаўленыя помнікі нашай беларускай славе. Таксама й па-за межамі Беларусі. Напрыклад, помнікі беларускім ваярам у Вене (героям, якія выратавалі горад ад турэцкай аблогі ў 1683 г.) і ў Румыніі (дзе змагалася супраць нямецкай агрэсіі ў 1917-18 гг. стотысячная беларуская армія). У недалёкай будучыне нашых гісторыкаў і мастакоў чакае шмат працы.

3 сакавіка адбыўся шэраг банальных падзеяў у расейскай арміі. У вядомым курорце Сочы ў мясцовай памежнай заставе афіцэры закатавалі некалькі дзесяткаў маладых жаўнераў. Не, іх ня білі. Навошта? Беларусы добра памятаюць тысячу і адзін спосабаў зьнішчэньня чалавечай асобы ў расейскім войску. Проста жаўнераў прымушалі “загартоўвацца”: яны працавалі цэлымі днямі пад дажджом, а потым ім не дазвалялі высушыць адзеньне. Адзін юнак загінуў, а некалькі дзесяткаў з вострай пнэўманіяй патрапілі ў шпіталь. А ў знакамітым пскоўскім гарнізоне тры жаўнеры забілі вартавога і зьбеглі з тэрыторыі часткі з аўтаматамі. Па дарозе яны расстралялі трох цывільных, што ехалі ў аўтамабіле. Доўга адстрэльваліся, калі іх атачылі аўтаматчыкі. Аднаго з іх узялі ў палон, астатніх забілі. Дзякуй журналістам, што паведамілі нам пра гэтыя факты. Цікава было б даведацца, колькі з гэтых жаўнераў і афіцэраў “загартоўваліся” ў Чачэніі. Нездарма расейская моладзь масава хаваецца ад “патрыятычнага абавязку”. Дайшло да таго, што днямі расейская Дзярждума вырашыла мабілізаваць у войска міліцыянтаў і пракурораў, якія ня маюць вышэйшай адукацыі. Зразумела, што ў Крамлі настаў востры крызіс з гарматным мясам.

У Маскве і па ўсёй РФ рыхтуецца шумнае шоў пад шыльдай 60-годдзя перамогі над фашыстоўскай Нямеччынай. Ніколі, аднак, мы ня чулі з Масквы прызнаньня, што ў выніку Другой сусьветнай вайны быў разгромлены карычнявы фашызм, а вось чырвоны, савецкі фашызм існуе ў Расеі дагэтуль. Ужо цяпер, замест таго, каб заняцца сваімі наркаманамі, сацыяльным крызісам, неатопленымі гарадамі і цэлымі рэгіёнамі, бандытызмам і мільёнамі галодных і беспрытульных дзяцей, расейскія дзяржструктуры і іхны трэці (недзяржаўны) сэктар гуляюцца ў цацкі. Раздаюць на вуліцах анкеткі: хто за вяртаньне Валгаграду назвы “Сталінград”, хто за ўсталяваньне на Паклоннай гары ў Маскве помніка Сталіну? Апытваюць грамадзянаў у 100 паселішчах Расеі, ці тыя хочуць усталяваньня ў РФ “новага Сталіна”? За такія пытаньні ў Нямеччыне або Італіі наконт новага Гітлера і Мусаліні палітыкаў пагналі б з парлямантаў, а трэці сэктар проста прыкрылі. Быў бы вялікі і абгрунтаваны гармідар, былыя вязьні канцлягераў білі б шыбы ў канторах, што дазволілі сябе такі “аналіз”. А ў Расеі гэта цяпер бонтон – апяваць Сталіна з НКВД ды маліцца сатане дзеля вяртаньня антычалавечай сістэмы. Шустрыя аналітыкі сабралі статыстыку і выдалі яе: 62% расейцаў хацелі б мець Сталіна сёньня і цяпер. Калі б такое заявілі немцы, то французы з палякамі (якія маюць страшны гістарычны досьвед з германскім суседам) ўжо праводзілі б дадатковую мабілізацыю рэзэрвістаў і падцягвалі да мяжы танкі. Іншая справа, што цяперашнія немцы ня робяць такіх заяваў. РФ падобная на вялікі і некантралюемы псіхіятрычны шпіталь. Прычым, лекары-псіхіятры даўно разьбегліся, брама выбітая і мільёны пацыентаў шалеюць пасярод перакуленых ложкаў і разьлітага сьпірту. Імі кіруе банда лубянскіх санітараў, якія хацелі б выкарыстаць хворыя на імпэрскі сіндром натоўпы дзеля разбурэньня і падпарадкаваньня суседніх краінаў. Сьвятая беларуская зямля, нашая Дзяржава павінны быць тэрмінова адгарожаныя ад усходніх вар’ятаў. Вось дзе, а не з братняй Польшчай і Летувой трэба ўсталёўваць умацаваную мяжу.

З грушы пасыпаліся гнілыя падалкі. 4 сакавіка экс-міністар унутраных справаў Украіны кучмаўскіх часоў Ю. Краўчанка павінен быў зьявіцца з генпракуратуру і даць паказаньні па справе журналіста Г. Гангадзэ. Журналіста выкралі і па-зьверску забілі ў 2001 г. Пасьля народнай рэвалюцыі 2004 г. новыя ўлады пачалі разьбірацца з гэтай справай. Было высьветлена, што забойства ўчынілі афіцэры міліцыі з аддзелу па барацьбе з бандытызмам. Іх ужо арыштавалі, а Краўчанка павінен быў распавесьці, хто аддаў галаварэзам злачынны загад. Раніцай на элітнай дачы экс-міністра прагрымелі два стрэлы, і жонка знайшла яго мёртвага з дзвюма ранамі, але з уласным пісталетам у руцэ. Таямнічыя самагубствы высокіх кучмаўскіх начальнікаў, больш падобныя на забойствы, пачаліся на наступны дзень пасьля перамогі на выбарах Віктара Юшчанкі. Дзяржаўная мафія, якая з самага 1991 г. спрабавала расхістаць карабель украінскай дзяржавы і здаць яго маскоўскім піратам, замятае сьляды, прыбірае галоўных сьведкаў, выканаўцаў і паханоў. Няхай задумаюцца над сваімі злачыннымі антыбеларускімі справамі цяперашнія мясцовыя начальнікі.

Памятаеце 8 сьнежня 1999 году? Змрочны дзень у нашай найноўшай гісторыі – была падпісаная антыканстытуцыйная, нелігітымная дамова аб стварэньні “саюзнай дзяржавы РБ і РФ”. Але па ўсіх “незалежных” СМІ пракацілася ў той дзень інфармацыйная хваля з зусім іншае нагоды. 8 сьнежня паўсюль грымела, многія бегалі і абмяркоўвалі: зьнікла “вялікая апазыцыянэрка” Тамара Віннікава! шукайце Віннікаву – ахвяру дыктатуры! Рэжыму ўдалося пераключыць мазгі многіх людзей на гэтую пустую порхаўку ў момант, калі трэба было хвалявацца за лёс дзяржавы. 1 сакавіка сёлета і ў наступныя дні мы назіраем той жа фальшывы лямант “незалежных” радыё Свабодкі і “апазыцыйных” газэтак. Сэнсацыя! Зьнікла Жураўкова, арыштаваная летась начальніца справаў “прэзыдэнта”. Ай-ай! Лідэр прафсаюзнага руху Леванеўскі пераведзены ў іншую турму і, здаецца, пачаў галадоўку! У 1999 г. праз некалькі дзён Віннікава знайшлася і з Лёндану давала свае пустыя і дурнаватыя інтэрвію (“я про это не знаю… я этого теперь сказать не могу… хи-хи-хи…”). Праз пэўны час знойдзецца “апазыцыянэрка”-заўхозіха Жураўкова і высьветліцца “апазыцыйны” лёс Леванеўскага (дзейнасьць гэтага агента спэцслужбаў у недзяржаўным прафсаюзным руху заключалася ў завядзеньні людзей у тупік і недапушчэньні палітычных патрабаваньняў). І ўвесь гэты вадэвіль распачаўся адначасова з пачаткам масавых акцыяў пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў па ўсёй Беларусі. Рэжым напалохалі тысячы рашучых людзей і быў аддадзены загад падключыць псэўдаапазыцыю з яе псэўдадэмакратычнымі СМІ да гнюснай справы дэзарыентацыі грамадзтва. Але гэты інфармацыйны пшык скончыцца так сама бязвынікова, як і ў 1999 г.

4 сакавіка расейская тэлевізія не на жарт расхвалявалася. У Гэльсінках выйшла кніга пад тытулам “Вяртаньне Карэліі”. Кніга аўтарства пісьменьніка і гісторыка Вайко Саксі ўяўляе сабой чарговы этап грамадзкага рушаньня фінскага народу за вяртаньне карэльскай правінцыі (па-фінску – Karjalann), акупаванай расейскай імпэрыяй, ва ўлоньне нацыянальнай дзяржавы. Папярэднім этапам быў збор подпісаў грамадзянаў з патрабаваньнем да Расеі аддаць назад тое, што яна па-бандыцку захапіла ў фінскага народу. Подпісаў сабралі больш за 200 тысячаў. Для маленькай Фінляндыі гэта вельмі высокая лічба. Карэлію разам з усім княствам Фінляндзкім, якое было часткай каралеўства Швэцыі, Расея захапіла ў выніку вайны 1808-09 гг. Новую тэрыторыю захоплівалі для Аляксандра І будучыя дзеячы вайны 1812 г. Менавіта на досьведзе кампаніі ў Фінляндыі расейскія генэралы ацанілі эфэктыўнасьць партызанскай вайны. У параўнаньні з пасіўнымі, а часта баязьлівымі паводзінамі швэдзкай рэгулярнай арміі партызанскія дзеяньні фінскіх сялянскіх атрадаў даваліся ў знакі расейскім агрэсарам. Нідзе маскалі не пачуваліся спакойна, сьмерць магла сустрэць іх пад кожнай сасной. Арганізатар партызанскага руху супраць арміі Напалеёна ў 1812 г. Дзяніс Давыдаў нацярпеўся гора са сваімі казакамі і гусарамі ад фінскай партызанскай дубіны, але й атрымаў карысныя лекцыі на будучыню. Хаця Фінляндыя атрымала ў рамках расейскай імпэрыі шырокую палітычную аўтаномію, але гнюсная русіфікацыя праводзілася акупантамі тут з такой жа навязьлівасьцю, як і ў іншых калёніях. Фінляндыя вызвалілася ад акупантаў у 1918 г. Па загадзе Леніна мясцовыя камуністы адразу разьвязалі грамадзянскую вайну, але былі амаль поўнасьцю зьнішчаныя народам. Цікава, што падпісваць мірную дамову з пераможцамі прыяжджаў у Гэльсінкі Сталін. Праз дзесяцігоддзі ён жа аддаў загад на захоп Фінляндыі. Калі саветы без абвяшчэньня вайны кінулі 30 лістапада 1939 г. войскі на суседа, калі савецкія самалёты бамбілі сталіцу і іншыя гарады (тысячы ахвяраў), крамлёўская банда была ўпэўненая, што праз колькі дзён “вызваленчая выправа” будзе скончаная і да СССР можна будзе далучаць новую рэспубліку. У першай жа захопленай памежнай фінскай вёсачцы маскалі арганізавалі “урад сацыялістычнай савецкай Фінляндыі” пад кіраўніцтвам бальшавіка Куусінена. Аднак, скора пра марыянэтак давялося забыцца. Маленькая краіна аказалася добра падрыхтаванай у ваенным, а самае галоўнае ў маральным сэнсе. Пачалося мужнае змаганьне Давіда супраць гнілога маскоўскага Галіяфа. На зьдзіўленьне ўсяго сьвету невялікая фінская армія дзейнічала эфэктыўна і ўпэўнена, увесь народ паказаў цуд самаарганізаванасьці і гераізму. Краіна трымалася на працягу трох з паловай месяцаў, наносячы сакрушальныя ўдары маскоўскай ардзе. Фіны згубілі толькі забітымі 22 тысячы вайскоўцаў, страты СССР былі ў 10-15 разоў большыя. Беларусаў, як заўсёды, маскоўскія акупанты кінулі ў першых шэрагах ў гэтую мясарэзку. Тысячы нашых дзядоў загінулі і былі пакалечаныя на той вайне. З вайсковай зоны Уручча пад Менскам удзень і ўначы адыходзілі на поўнач войскі. Імпэрыя і ў гэтым эпізодзе паказала сваю азіяцкую подласьць. Беларускія ўдовы жаўнераў, што загінулі на фінскай вайне, атрымлівалі потым пэнсію (і без таго мізэрную) у некалькі разоў меншую, чым удовы “велікой отечественной”. Памятаючы пра ўсё гэта, абавязкам кожнага беларуса ёсьць сказаць пры размове з фінам: “Больш ніколі, ніколі беларусы пад камандай паганай масквы ня пойдуць ваяваць супраць гераічнага фінскага народу”. Фінляндыю здрадзіў заходні сьвет, які дагуляўся з Гітлерам і Сталіным да сусьветнай вайны. Фінляндыя згубіла тады горад Выбарг (па-фінску Вііпурі), і амаль усю Карэлію. Расейцы, як на ўсіх захопленых тэрыторыях, на працягу дзесяцігоддзяў рабавалі і нішчылі прыроду і людзей на акупаванай фінскай зямлі. Яны працягваюць рабіць гэта й цяпер. І як на ўсіх межах Расеі з цывілізаванымі краінамі, на фінскай мяжы імпэрыі ўражвае кантраст: жах расейскага існаваньня з павальным пьянствам і нямытасьцю, а на тым баку нармальнае жыцьцё эўрапейскага народу. Тэлежурналіст НТВ сказаў, што згаданая кніга выйшла ўсяго ў 500 асобнікаў. Дык чаму ж вы так захваляваліся, так зашумелі ў сваёй Маскве? А таму што вы ведаеце: захапалі чужое і па-быдлячаму выкарыстоўваеце фінскую зямлю і яе багацьці. А ўсе роўна прыйдзецца аддаваць захопленае назад сапраўдным гаспадарам. І на нашых вачах у Карэліі яшчэ будзе адраджацца эўрапейская цывілізацыя – гэта непазьбежна і адбудзецца вельмі скора.

У Малдове разыгрываецца цікавая перадвыбарчая ракіроўка. Прэзыдэнта там абірае парлямант, так што цяперашнія парляманцкія выбары ўмоўна лічацца таксама й прэзыдэнцкімі. Расейскія СМІ прадстаўляюць “дзьве галоўныя сілы”: цяперашняга прэзыдэнта–бальшавіка Вароніна і ягонага старога сябрука С. Урэкяну, які працуе мэрам Кішынёва. Першы са згаданых давёў краіну да глыбокага эканамічнага і сацыяльнага крызісу. 700 тысячаў малдаванаў працуюць у Расеі разам з беларускімі рабамі. Яшчэ сотні тысячаў рабочых і інжынэраў падаліся на Захад (малдаванам лягчэй у Гішпаніі, Італіі, Партугаліі і Францыі, бо са сваёй раманскай мовай яны там пачуваюцца, як мы на Ўкраіне). Варонін, які яшчэ пару гадоў таму хацеў надаць расейшчыне статус дзяржаўнай мовы (арганізаваны супраціў малдаўскай моладзі пад кіраўніцтвам Хрысьціянска-Дэмакратычнай партыі сарваў гэтыя пляны прамаскоўскай дыктатуры), цяпер раптам “закасіў” пад патрыёта з рэвалюцыйнымі тэндэнцыямі. Пачаў пад заслону сваёй кадэнцыі патрабаваць вывесьці расейскія акупацыйныя войскі з Трансністрыі і г.д. Другі са згаданых – сталічны мэр Урэкяну – знаёмая беларусам падстаўная фігура кшталту Ганчарыка. Намэнклятуршчык з варонінскай каманды надзьмуўся пад апазыцыянэра і выстаўляецца, каб забясьпечыць элегантную перамогу Вароніну. Якое ўсё знаёмае! Радыё БТ ахарактарызавала Урэкяну як “прорусского политика”, пра што ўпарта змаўчала Масква (вось бывае часам карысна зьвярнуцца й да лукоўскіх СМІ, з дуру й раскрыюць таямніцу полішынэля). НТВ паказала старшыню Хрысьціянска-Дэмакратычнай партыі Малдовы Юрыя Рошку, назваўшы яго прадстаўніком “трэцяй сілы”. Як нешта “малазначнае” дэманструецца нацыянальная патрыятычная партыя, якая дамаглася незалежнасьці Малдовы, увесь гэты час абараняла сувэрэнітэт, мабілізавала народ на супраціў маскоўскаму ворагу і мясцовым здраднікам. Толькі ня ўдасца расейскім тэлешулерам падмануць нас. Малдаўскія “прэзыдэнты” ды ганчарыкі і лебедько з вінцучкамі кішынёўскага разьліву апынуцца, як і ў нас, там, дзе ёсьць іхнае месца – на сьметніку гісторыі. У Малдове нават цяпер мяняецца перадвыбарчая карціна. Днямі паліцыя злавіла яшчэ 100 расейскіх “назіральнікаў” ад СНД, якіх ніхто не запрашаў і бачыць на выбарах ня хоча. Іх пасадзілі ў два вагоны і загналі ў тупік на сталічным вакзале. Але самае сьмешнае, што там ужо стаіць адзін “пламбіраваны” вагон. У ім такія ж жулікі-“назіральнікі” з РБ. Яны прыехалі ад імя кампартыі РБ (ПКБ – пралукашэнкаўская партыя ў адрозьненьні ад “прамаскоўскай” кампартыі Калякіна, і камунякі ўмеюць вырабляцца) і лігі працоўных жанчын (ведаем іхную гэбоўскую кіраўнічку – сумнавядомую Жыхар, якая арганізоўвала брудную кампанію супраць усталяваньня крыжоў на магілах ахвяраў у Курапатах). Усю гэтую незапрошаную публіку павінны вытурыць з краіны, каб ня шкодзілі выбарчаму працэсу, як гэта было на Украіне.

На ўскраіне Пецярбурга яшчэ з царскіх часоў існуе Іжорскі завод цяжкога машынабудаўніцтва. Імя гіганта індустрыі паходзіць ад рэчкі Іжоры, што працякае тут. А гідронім увекавечыў імя фінскага племені, што жыло на гэтай тэрыторыі, пакуль ня было цалкам вынішчанае расейскімі захопнікамі яшчэ ў сярэднявеччы. Ня можа быць вечнага шчасьця на месцы крывавага злачынства. Да развалу саўдэпіі завод кляпаў турбіны для атамных станцыяў (дзякуй вам за Чарнобыль!), агромністыя маторы, танкі ды іншую ваенную тэхніку. Жаўнер-беларус добра памятае сярод іншага радыёлякацыйныя станцыі з іжорскага канвэера. Без адпаведнай антытраўматычнай падрыхтоўкі да яе нельга было падыходзіць блізка. Разьбіць галаву, паламаць рукі вам маглі самыя бяскрыўдныя складаючыя часткі і мэханізмы, зьляпаныя на саплях. Справа ў тым, што савецкі канвэер – гэта былі два канвэеры. З аднаго сыходзіў прадукт для сваех – тут асабліва аб патэнцыйным ламаньні рук ніхто не хваляваўся. А з другога канвэера выдавалі прадукцыю для войскаў Варшаўскай дамовы. Дагэтуль памятаю стрэс калегаў-лякатаршчыкаў, якія на манэўрах наведалі аналягічную станцыю арміі ГДР. Тамака ўсё круцілася без пагрозы для жаўнерскага жыцьця і здароўя. Індустрыяльная шызафрэнія працягвае жыць і ва ўмовах сучаснай расейскай “дэмакратыі”. Толькі трэба ўлічыць, што прайшлі дзесяцігоддзі, сьвет рвануўся наперад, у цывілізаваных краінах уся вытворчасьць цяпер на кумпутарах. А ў РФ (таксама як і ў РБ, падпарадкаванай расейскаму маразму) дзейнічае дагістарычная тэхніка і абсталяваньне. Цікава, што лепшымі ў гэтым бэдламе лічацца станкі, завезеныя зь Нямеччыны ў выглядзе рэпарацыяў пасьля Другой сусьветнай вайны. Рарытэты 1939-41 гадоў вытворчасьці, што даўно захоўваюцца ў эўрапейскіх музэях, ва ўсю працуюць на расейскіх (і беларускіх) прадпрыемствах. Але цывілізацыю не надурыш. Іжорскі завод ня мае ўжо замоваў з ГДР, бо, як вядома, няма ГДР. Савецкая порхаўка ляснула, ляціць пух, няма чым закрываць дзіркі ў прагнілай сістэме. У іжорскіх манумэнтальных цахах колькі гадоў разьлівалі ў тару кетчуп, штампавалі бляшанкі для піва і г.д. І ўрэшце абвесьцілі, што рыхтуюць масавыя звальненьні рабочых і інжынэраў. НТВ паказала заводзкі сход на гэтую тэму. Дырэктар на непаўторным дыялекце Чарнамырдзіна (“мы им что, готовимся вступить в ВТО, ух, покажите мне пример, где делают иначе, мы им ещё покажем…”). Адным словам, рабочых вытурваюць, каб на нямецка-фашыстоўскіх станках ўехаць у ВТО (Сусьветную гандлёвую арганізацыю). Ёсьць такая папулярная руская народная казка пра Іванушку-дурня, што езьдзіў на печы і быў поўны аптымізму. І сьмех і грэх…

6 сакавіка журналісты ўсіх масьцей дэманстравалі сваю натуру і недалёкі інтэлект. Па адной з польскіх праграмаў быў паказаны сюжэт пра раўт маскоўскай эліты перад жаночым днём. У цэнтры круцілася Ксюша Сабчак, абсыпаная брыльянтамі. Каля яе сьпявачка Арбакайтэ і яшчэ нейкія асобы з пыхлівымі выразамі пустых твараў. Арбакайтэ казала ў камэру: “Я пагаджаюся з Ксюшай. Мы ведаем, што частка цяперашніх прыватных расейскіх капіталаў нажытая незаконным спосабам. Але мы працавалі і дасягнулі вышыняў…” Польскі рэпарцёр (відаць, страшна задаволены, што яго дапусьцілі да кактэйлю сярод такіх “знакамітасьцяў”) весела барабаніў у мікрафон: “Вось якое па-расейску вясёлае сьвята. У гэтыя дні па ўсёй Расеі на першы плян выходзіць кабета…” Нават НТВ паказала ў гэты дзень трагедыю ў калгасе “Кряж” у Саратаўскай вобласьці. 60 мацерак зь дзецьмі распачалі там галадоўку пратэсту. Днямі ў іхным старэнькім інтэрнаце абрынуліся гнілыя балкі даху. Яны баяцца жыць у аварыйным будынку і адчайнай акцыяй патрабуюць паратунку. Прычым, як гэта часьцей за ўсё бывае ў Расеі, мужчыны ў акцыі ня ўдзельнічаюць: іх або ўжо няма на сьвеце альбо яны пьюць недзе гарэлку, на дзяцей ім напляваць. Дурачок з Варшавы паказаў польскім гледачам Ксюшу ў брыльянтах, але “забыўся” пра сапраўды тыповую перадсьвяточную атмасфэру для мільёнаў няшчасных грамадзянаў РФ. Эстафэту глупоты прыняў італьянскі тэлеканал RAI-3. Перад тэлекамэрамі ў рымскай студыі сядзеў генэрал Ярузэльскі, а вядучы праграмы тэмпэрамэнтна лапатаў: “Дзякуючы такім асобам, як Гарбачоў і Вы, пане генэрал, камунізм быў зьліквідаваны без крыві і ахвяраў. Эўропа павінна быць Вам удзячная…” Кат польскага народу лагодна пакачаў галавой і падхапіў: “Так, камунізм фактычна здаўся. Гэта не тое, што фашызм ці нацызм, ліквідацыя якіх каштавала мільёны ахвяраў. Пэўна, былі ў камуністаў свае перагібы і памылкі…” Больш глядзець і слухаць гэта не ставала сілы. Шустры вядучы не абараняў ў 1981 г. шахту “Вуек”, дзе польскія спэцслужбы забілі і паранілі дзесяткі рабочых. Рымскі гарлапан не рызыкаваў жыцьцём на залітых крывёй барыкадах Рыгі і Вільні ў 1991 г., яму КГБ не страляла ў галаву падчас штурму Баку ў 1990 г., яго ня сек рыдлёўкамі гарбачоўскі спэцназ у Тбілісі ў 1989 г., яго не катаваў менскі ОМОН. Многім італьянцам лёгка любіць Гарбачова і Ярузэльскага, сэнтымэнтальна камэнтаваць тэорыю і практыку камунізму толькі таму, што камуністы ніколі ня былі ў іхнай краіне пры ўладзе і проста ня мелі магчымасьці зьнішчыць мільёны людзей, як зрабілі гэта ў краінах камуністычнага рэжыму. Такія тэлеспэцы й вокам не маргнуць, запросяць на тэлеперадачку Пуціна, каб паразважаць пра барацьбу з тэрарызмам ды паслухаць, як ён ратаваў агнемётамі дзяцей у Беслане. Самае галоўнае ў гэтым трыюмфе вырабленага дэбілізму ёсьць тое, што такога кшталту заходнія журналісты, палітолягі, гісторыкі лічаць сябе сапраўднымі спэцыялістамі па таямнічай рускай душы і саветалёгіі. Яны служаць дарадчыкамі сваіх урадаў і міжнародных арганізацыяў, друкуюць манаграфіі на тэму “перастройкі”, абараняюць дысэртацыі наконт “дэфіцыту дэмакратыі ў Беларусі”, тлумачаць нам, як хораша ісьці да дэмакратыі разам з прагрэсіўнай Расеяй і г.д. Іхныя рыбіныя мазгі прыносяць ім высокія ганарары і прэміі, часта іх аплочваюць непасрэдна з Крамля. І працягваецца гэта многія дзесяцігоддзі. Складваецца ўражаньне, што заходні чалавек проста няздольны ўбачыць падзеі на постсавецкай прасторы (або ён хораша разумее заказ на аптымістычныя камэнтары). Часам, аднак, зусім выпадкова проста разумныя заходнія людзі адкрываюць праўду. Клясічным ў гэтым сэнсе можна лічыць эпізод, што меў месца яшчэ пры саветах ва Ульянаўску. Экскурсавод распавядаў групе ангельскіх прафсаюзных дзеячаў пра сямью Ульянавых, паказваючы на магілу бацькі Леніна, што самотна існуе на пустцы пад высокім дрэвам. Адзін з гасьцей спытаў экскурсавода, чаму тут толькі адна магіла? Той адказаў, што раней тут сапраўды стаяў вялізны гарадзкі сабор, быў пагост з сотнямі магілаў. Усё было “прыбранае”, калі савецкія ўлады афармлялі тэрыторыю пад музэйную зону “Юнацтва Леніна”. Даслухаўшы, разумны лёнданец зьвярнуўся да сваіх спадарожнікаў: “Ведаеце, што было б у Лёндане, калі б у нас прыйшлі да ўлады бальшавікі? Яны б зьнішчылі сабор сьвятога Паўлы, потым зраўнялі б зь зямлей усе магілы на гарадзкіх могілках, дзе пахаваны Карл Маркс. А потым вадзілі б экскурсіі каля ягонай самотнай магілы…”

Пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны савецкая так бы мовіць гістарычная навука сістэматычна займалася фальсіфікацыяй фактаў гэтай драмы чалавецтва. Чаго толькі не наслухаліся ад подлай маскоўскай прапаганды гомусы савецікусы! І сапраўднай вайны на Захадзе ня было, і здаваліся немцы амэрыканскім войскам без бою, і падчас высадкі ў Нармандыі у чэрвені 1944 г. заходнім войскам супрацьстаялі выключна нямецкія сьпісаныя інваліды ды падлеткі (гэта называлася “Правда о втором фронте”) і г.д. Пра тое, як СССР вучыў на сваіх палігонах тысячы афіцэраў вэрмахту, люфтвафэ і гестапа, як забясьпечваў фашыстаў збожжам і мэталам, пра пакт Молатава-Рыбэнтропа (праз 10 дзён пасьля падпісаньня якога Гітлер пачаў агрэсію супраць Эўропы, маючы разьвязаныя рукі), саўдэпы маўчалі. Пасьля развалу СССР Масква дапусьціла крыху больш праўды, але ўсталяваньне пуцінізму ў РФ вярнула ўсё на старыя пазыцыі абсалютнай хлусьні. І вось, як кажуць, нешта ў лесе здохла. У апошнія лютаўскія дні на пад’езьдзе да Масквы нагналі рабочых, бульдозэры і краны. На Паклоннай гары кіпіць работа на марозе. У праектбюро мясцовыя таленты тэрмінова кляпаюць праект. Сітуацыя, так знаёмая нам па лукоўскай бібліятэцы ў Менску, будаўніцтва якой таксама распачалося ў істэрычным тэмпе і на аснове нераспрацаванага праекту. Справа ў тым, што Пуцін з канторай прагне запрасіць на парад 9 траўня ў Маскву кіраўнікоў цывілізаваных дзяржаваў (больш запрашаць няма на што – поўны правал і ганьба ва ўсіх галінах). З гэтай нагоды вырашылі тэрмінова ацаніць ролю заходніх саюзьнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі ў барацьбе з фашызмам. На страшным марозе рабацягі заліваюць бэтон (гэтага рабіць нельга!) і цягаюць гранітныя блёкі. Мяркуецца паставіць шматмятровую гранітную стэлу з эмблемай ААН на вяршыне (у народзе такое называюць: чорці што й з хвосьцікам). А ўнізе будуць стаяць чатыры бронзавыя постаці. Як паведамілі расейскія СМІ: “Фигуры русского солдата, а также американского, английского и французского”. Вось як, аказваецца: у чырвонай арміі былі толькі русскіе, а грузіны, узбэкі, беларусы, украінцы ды іншыя недзе падшываліся. А дзе польскія, канадзкія, нарвэжскія вайскоўцы, якія таксама змагаліся й гінулі? Чарговая архітэктурна-плястычная туфта будзе ўключаная ў выглядзе фрагмэнту ў манумэнтальную туфту на Паклоннай гары. У прынцыпе, гары (помніка прыроды і гісторыі – тут стаяў старажытны храм і тут Напалеён бязвынікова чакаў ключы ад Масквы ў 1812 г. – чым так ганарацца маскалі) ужо даўно не існуе, яе зрылі, зьнішчылі ў сярэдзіне 1980-х гадоў, калі будавалі пампэзны комплекс “40-годдзя перамогі”. Там пакінуў свой шызоідны сьлед “скульптар” Цэрэтэлі з анёламі-камарыкамі, людзямі-казуркамі ды іншымі формамі зьдзеку над памяцьцю аб загінуўшых. На ўсю СССР шумелі тады з конкурсам паклонскага комплексу. Журы выставіла некалькі дзесяткаў пунктаў абавязкавых патрабаваньняў: “Адлюстраваць ролю КПСС і ленінскай ідэялёгіі, гераізм камісараў-ленінцаў” і г.д. У выніку пад ўсеагульны сьмех у 1983 г. перамог і быў зацьверджаны канчатковы праект: гіганцкая статуя Леніна з чырвоным сьцягам у руках. Але пазьней да ўлады прыйшоў Гарбачоў і Раіса Максімаўна падказала яму, што такое рабіць сьмешна. І на будоўлю запусьцілі Цэрэтэлі. З фальшывай данінай памяці Пуцін рызыкуе атрымаць чарговы міжнародны правал. Але сьвет яшчэ раз пабачыць, што такое масква з яе фашыстоўскім антыфашызмам.

7/3/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2005
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024