Сакавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту ”Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
13 сакавіка ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту ”Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Быў заслуханы даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту ”Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ “Аб бягучых падзеях і задачах.”
“У нашай унутранай беларускай сытуаыцыі трэба зьвярнуць увагу на некалькі аспэктаў разьвіцьця падзеяў. Важнейшыя зь іх гэта: стварэньне ўмоваў для выштурхваньня беларусаў (перш за ўсё рабочай сілы) у Расею; стварэньне ўмоваў для абніжэньня ўзроўню адукацыі беларусаў; зьніжэньне дробнага і сярэдняга прадпрымальніцтва: падрыхтоўка ўвядзеньня на Беларусі расейскага рубля.Усе гэтыя аспэкты ўзаемазьвязаныя. Зараз праводзяць страйкі дробных прадпрымальнікаў. Уражаньне ад страйкаў вельмі дрэннае. Першае, што кідаецца ў вочы, што яны робяць тое, што не павінны рабіць індывідуальныя прадпрымальнікі ў становішчы, якое склалася – яны страйкуюць. Страйкаваць ім нельга. Другое, што яны страйкуюць так бязглузда, як ніхто не страйкуе ў іхным становішчы. Ляйтматыў іхняга “страйку”: “Ніякай палітыкі!” Іхны страйк ня ёсьць барацьба.
Улічваючы, што на Беларусі ўстаноўлены рэжым расейскага гэбізму, можна нават з заплюшчанымі вачыма сказаць, што гэта такое адбываецца і чаму гэтая зьява так абсурдна выглядае. Аналіз жа інфармацыі пацьвярджае, што сапраўды функцыянэры дзейнічаюць, ці дакладней, уплываюць на кіраўніцтва гэтага “страйку”.
Паколькі палітыка Масквы накіравана на тое, каб зьнішчыць у Беларусі дробны і сярэдні бізнэс, то прадпрымальнікаў выводзяць з рынкаў нібыта на страйк, дзе іх бяз мэты і задачы зьбіваюць у кучы, якія міліцыя шпыняе зь месца на месца. Для падрыманьня характару кучы прыдуманы лёзунг “ніякай палітыкі” ( бо зразумела, што ўвядзеньне новага падатку ПДВ ёсьць чыстая палітыка). Такім чынам людзей выводзяць з прадпрымальніцтва, дэмаралізуюць, убіваюць у сьвядомасьць уяўленьні аб безвыходнасьці і адбіраюць іхныя месцы на рынках (шапікі ўжо ліквідавалі). “Страйкоўцы” павісаюць у паветры. Такі ёсьць эфэкт апэрацыі гэбізму, пры якім спэцслужбы ператвараюцца ў супэрпартыю і палітычную сілу. Адзін з мэтадаў барацьбы дробных прадпрымальнікаў мог бы палягаць на стварэньні эксклюзіўных арганізацыяў (агульных – і на кожным рынку ў кожнай мясцовасьці), на ператварэньні рынкаў і сваіх рабочых месцаў у свае крэпасьці, і г.д. Вядома для барацьбы і добрага думаньня трэба мець пэўны набытак сьведамасьці. У гэтай сувязі, што найболей засмучае і проста бянтэжыць – гэта якраз нізкі (дапалітычны, узровень гэтых эканамічна рэпрэсаваных людзей, якія хацелі б абараняцца, але няздольныя нават распазнаць і ўбачыць ворага. Нават “калгасьнікі”, для якіх “прэзыдэнт харошы”, часам лепш арыентуюцца ў абставінах (яны хоць мовы сваёй ня выракліся).
З апошніх антыбеларускіх дзеяньняў акупацыйнага рэжыму зьвяртаю ўвагу на забарону вучыцца за мяжой для беларускай моладзі бяз згоды рэжымнай улады (адпаведных міністэрстваў). Гэтае рашэньне прынятае ў рэчышчы пляну вынарадаваньня Беларусі і выгнаньня людзей у Расею. Можна змадэляваць, якія пачнуцца “патокі” моладзі і ў які бок. На Беларусі пад выглядам двухступеннай вышэйшай адукацыі рыхтуецца сістэма, якая будзе выпускаць недавучак з дыплёмамі.
У міжнародным пляне назіраецца актывізацыя структураў Эўразьвязу па беларускім пытаньні. Нядаўна яны нават назвалі акупацыйны рэжым на Беларусі “дыктатарскім” (цікава, як цяпер будуць усе гэтыя цапфы зь імі кантактаваць?). Што да ацэнак, то ўсё гэта вымагае аналізу, бо ва ўсім гэтым эўравэрхале нідзе не відаць іхняе пазыцыі і стаўленьня да беларускай нацыянальнай праблемы, якая ёсьць галоўнай у беларускай сытуацыі (палітычная агрэсія Расеі, этнацыд, антыбеларуская палітыка і г. д.).
закрываньне на гэта вачэй насьцярожвае, прымушае зь недаверам глядзець на ўсе іхныя прапановы пра вяшчаньне Нямецкай Хвалі на Беларусь, ці стварэньне радыёмэдыяў за мяжой, арыентаваных на нашу краіну, і г. д. Чулі мы ўжо ненавісныя да беларускай мовы выказваньні розных вікаў ды патрыкаў.
Больш насьцярожвае актыўнасьць немцаў, якія ўжо нейкі фонд стварылі і нават “плян рэвалюцыі” на Беларусі напісалі. Прытым, такі бязглузды і адарваны ад беларускай рэчаіснасьці, што ўзьнікае думка пра вывеску, за якой хаваюцца ўсялякія вікі. Зрэшты, гэта ўсё (гэтае нямецкае ілюзіянэрства) ёсьць пустое, таму што арыентуюцца гэтыя стратэгі на так званую вікаўскую “апазыцыю” . А што гэта такое, на што яны здатныя і колькі іх там – мы ведаем.
Нядаўна я меў магчымасьць паглядзець на Вінцука Вячорку ў ягонай новай якасьці (які тут цяпер у ЗША шукае гранты). Ён дадумаўся прыехаць на паседжаньне Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў Нью-Ёрк і выступіў зь нейкім ляпятаньнем. Ужо лепш бы ён не выступаў. Пакінуў вельмі кепскае, фальшывае і плыткае пра сябе ўяўленьне. Мяне ўразіла дробязная фальшывасьць гэтага хлопца. А найбольш тое, як бессаромна, з ходу ён навучыўся хлусіць. Спадар Антон Шукелойць, напрыклад, задаў яму два пытаньні: чаму ён у сваім выступе нічога не сказаў пра дачыненьні з Расеяй і дзеля чаго іхняя група “пяцёрка плюс” езьдзіць у Маскву. В.Вячорка, не міргнуўшы вокам, парыраваў: маўляў, ніхто з “пяцёркі плюс” ніколі ў Маскву ня езьдзіў. Тым часам кожны ў залі (каля 80 асобаў) ведаў сапраўдную інфармацыю і чакаў адказу. Магчыма ў Беларусі такая публічная хлусьня стала ўжо нормай (прывыклі, што ніхто нічога ня ведае). Але ў Амэрыцы, дзе за хлусьню крымінальная адказнасьць, гэта тое самае, што зьняць порткі перад публікай. Паведамляю гэтую пабочную інфармацыю, таму што лішні раз пераканаўся, што прагматыкі скончаная публіка. Для Беларусі яны, як кароста. Добра, што за імі нічога няма (акрамя грантаў). Іх, безумоўна, трэба зьмятаць з палітыкі разам з рэжымам. Гэта аздаравіць паветра.
Галоўным у нашай палітычнай дзейнасьці цяпер ёсьць распрацоўка і прапаганда народнай альтэрнатывы на выбарах у 2006 г., пра якую мы аб’явілі.”
Выступалі з дакладамі сп Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў ў Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту ”Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Яны распавялі пра палітычнае і эканамічнае становішча ў краіне і вызначылі задачы дзейнасьці партыйнай арганізацыі. Выступілі таксама сябры Сойму зь розных рэгіёнаў краіны. Быў прыняты Зварот да Ураду і народу Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі ў сувязі са смерцю Прэзыдэнта Рэспублікі Аслсна Масхадава (тэкст прыкладаецца).
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту ”Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
14/3/2005 › Навіны
|
|
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
Пошук:
Каляндар:
Ідзі і глядзі:
Беларуская Салідарнасьць:
ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.
1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
Каго любіш?
Люблю Беларусь.
Дык узаемна.
2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.
5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.
6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ.
7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Сябры й партнэры:
|
|