Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк “Дзіўныя справы ў беларускім замежжы”

ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ

Цягам апошніх некалькіх гадоў пры Беларускай царкве Кірылы Тураўскага ў Брукліне было выдадзена чатыры асобныя нумары газэты “Беларашан Таймс” пад рэдакцыяй члена Рады БАПЦ і Царкоўнай Рады Сабора Кірылы Тураўскага ў Брукліне спадара Юры Васілеўскага (Чудзіна). У складзе рэдакцыі (№№1-4) былі Расьціслаў Гарошка, Ігар Якунін, Юры Васілеўскі (Чудзін), Уладзімер Гуткоўскі і інш. Выдавец газэты спадар Р. Гарошка.

Аналіз тэкстаў №№1-4 з пункту гледжаньня палітычнай экспэртызы газэты паказвае на выразны антыадраджэнцкі, а месцамі – на грубы антыбеларускі характар надрукаванага.

Так, напрыклад, у аб’яднаным №3-4 (63) у рэдакцыйным артыкуле, накіраваным супраць беларускага нацыянальнага Адраджэньня, спадар Ю. Васілеўскі дазволіў сабе выказвацца наступным чынам: “Наяўная прэса эміграцыі, і перш за ўсё газэта “Беларус”, такі кантэкст выключае (гэта значыць адмаўленьне ад змаганьня за нацыянальнае – заўвага З. П.), прапаноўваючы рэліктавы антыкамунізм эпохі халоднай вайны і невылечную русафобію”.

Тэрмін “русафобія” ў дачыненьні да газэты “Беларус” ёсьць неадэкватнай характарыстыкай і не адпавядае сапраўднасьці. Ацэначны тэрмін “невылечная” (русафобія) заключае ў сабе грубы зьняважлівы сэнс і абразу для выдаўцоў старэйшай беларускай газэты, паколькі падразумевае ў сабе сцьвярджэньне аб паталёгіі здароўя, якое, на думку аўтара Ю. Васілеўскага, выяўляецца ў зьмесьце газэты “Беларус”. Што таксама не адпавядае рэальнасьці і зьяўляецца нагаворам.

У сакавіку 2005 г. выдрукаваны №5 (64) “Беларашан Таймс” пад рэдакцыяй Ю. Васілеўскага (Чудзіна), выдавец – Расьціслаў Гарошка. Газэта вышла на васьмі старонках, зь іх 5 старонак па-беларуску і 3 — па-руску. Аналіз надрукаванага дазваляе вызначыць характар гэтага нумара газэты як адкрыта пралукашэнкаўскі, выразна прарасейскі і антыамэрыканскі. Найбольш гэта выяўлена ў перадавым рэдакцыйным артыкуле, які называецца “Пра беларуска-расейскія ўзаемаадносіны” і падпісаны словамі “Землякі (калектыўны псэўданім групы аўтараў)”.

У перадавым артыкуле, фактычна, пераказаны зьмест ідэйна-палітычнай дэмагагічнай пазыцыі дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. Там гаворыцца, што “ЗША прэтэндуюць на ролю гаспадара плянэты”, што “Прыбалтыйскія рэспублікі – ня больш, чым амэрыканскія марыянэткі”, што сумежныя зь Беларусьсю краіны “служаць пляцдармам для палітычнай, эканамічнай, інфармацыйна-ідэалягічнай экспансіі Вашынгтону”. Тут гаворыцца, што “ў краіне робяцца пэўныя захады” да “адраджэньня Вялікай Расеі” і напісана: “Мы хочам быць часткай “Вялікай прасторы”, у якой Беларусь разам з Расеяй”. “Дасягнуць яе магчыма, — пішацца далей, — калі будзе існаваць дзяржава, не прывязаная да прэтэндэнта на сусьветнае панаваньне (гэта значыць – да ЗША – З.П.). “Такой дзяржавай, калі хочаце, цэнтрам зьбіраньня земляў сёньня зьяўляецца Рэспубліка Беларусь”. “Такім чынам, — падсумоўваецца ў канцы, — будаўніцтва Саюзу Беларусі і Расеі можа стаць пачаткам будаўніцтва новага цэнтру сілы”.

У прыведзеных цытатах выяўленыя тыповыя прарасейскія дэмагагічныя разважаньні дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, заснаваныя на антыамэрыканізме. Гэта набор тэзісаў з ідэалягічнага афармленьня палітыкі існуючага цяпер дыктатарскага рэжыму на Беларусі.

У газэце зьмешчана выява савецкага сьцягу рэжыму Лукашэнкі і Заява Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь ад 19 лістапада 2004 г. Заява выяўляе пункт гледжаньня рэжыму і непраўдзівая ў апісаньні зьяваў і прычынаў, але пададзена ў газэце без камэнтароў.

У матэрыялах газэты, допісах, лістах таксама сустракаюцца сцьверджаньні ў падтрымку антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі і непрыняцьце Амэрыкі. Напрыклад, у матэрыяле “Ліст з Прагі (Чэхія)” напісана наступнае: “Сёньняшняя падоба існаваньня Рады БНР можа вельмі зашкодзіць Беларусі і беларусам, ніколі не дапаможа. Бо тое, што робяць “прафэсійныя” журналісты, і ня толькі з камуністычнай мінуўшчынай, на Радыё Свабода і цесная сувязь гэтай Суполкі з Радай, дае магчымасьць казаць, што іх дзейнасьць накіравана супраць інтарэсаў беларусаў і Беларусі як дзяржавы. Гэтыя прыслужнікі амэрыканскага імпэрыялізму ставяць сваёй мэтай дэстабілізацыю сітуацыі ў Беларусі, якая прывядзе да зьнішчэньня існуючай сацыялістычнай (дзяржаўнай) мадэлі.”

Ці, напрыклад, напісана такая апалёгія дыктатарскаму рэжыму: “Беларусь на сёньняшні дзень — адзіная Сацыялістычная краіна ў Эўропе, якая на сваім прыкладзе даказала, што Сацыялізм — як палітычны і эканамічны мадэль – больш чым жыцьцяздольны”.

Калі не казаць пра зьняважлівыя словы ў тэкстах, то ў свабоднай Амэрыцы могуць, відаць, друкавацца газэты любога палітычнага сэнсу, якія не пярэчаць заканадаўству, у тым ліку і прамаскоўскага, пралукашэнскаўскага, прадыктатарскага, а магчыма – і антыамэрыканскага зьместу. Пытаньне толькі ў тым, што такая пазыцыя не адпавядае пазыцыі беларускай палітычнай эміграцыі ў ЗША і погляду Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, сябрам Рады якой зьяўляецца рэдактар “Беларашан Таймс” Юры Васілеўскі (Чудзін), а ў складзе рэдакцыі папярэдніх нумароў удзельнічаў сьвятар БАПЦ Ігар Якунін.

СІТУАЦЫЯ

Узьнікла даволі парадаксальная сітуацыя. У асяроддзі беларускай эміграцыі (асноўная маса якой цяпер – гэта ўцекачы ад дыктатарскага прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі) зьявілася пралукашэнкаўская група (практычна, 2-3 асобы), якая пад дахам беларускай царквы адкрыта праводзіць антыбеларускую працу і дэманструе антыамэрыканскую пазыцыю лукашэнкаўскага рэжыму. Дайшло да таго, што 10 красавіка, з волі і бласлаўленьня сьвятара І. Якуніна, выкінулі нацыянальны беларускі гэрб “Пагоня” з грамадзкай залі, што пад царквой Кірылы Тураўскага ў Брукліне. “Пагоню”, праўда, вярнулі ў залю парафіяне. Але факт зьнявагі беларускага нацыянальнага сымвала працаўніком (сьвятаром) беларускай царквы застаецца.

Сітуацыя ўражвае сваёй абсурднасьцю, якая стала магчымай, таму што мала беларусаў ходзяць у сваю царкву (яны, відаць, думаюць, што іхная царква будзе існаваць сама па сабе). Пралукашэнкаўская група, бачачы гэта, пачала запрашаць у беларускую царкву расейцаў з Брайтан Біч. Гэтым, праўда, парушаецца статус царквы. Але хіба ж лукашысты прышлі ў царкву, каб паважаць яе статус?

ТРЭБА ЗАДУМАЦЦА І ДЗЕЙНІЧАЦЬ

Канкрэтнае пытаньне, якое ўзьнікае – хто фінансуе гэтую антыбеларускую працу, за якія сродкі выдалі “Беларашан Таймс”? На маё пытаньне выдавец опуса спадар Р. Гарошка адказаў, што ён не чытаў зьместу гэтай газэты, што яго падставіў Ю. Васілеўскі (Чудзін, у Інтэрнэце — Асак) і выдаў газэту без ягонага ведама, паставіўшы ягонае прозьвішча як выдаўца. Выходзіла, што сродкаў на выданьне газэты Р. Гарошка не даваў. Далейшы разгляд гэтай дзіўнай зьявы прыводзіць да парога дыпляматычнай місіі Рэспублікі Беларусь пры ААН у Нью-Ёрку і ў пасольства Беларусі ў Вашынгтоне, адкуль, відаць, і пайшлі сродкі на справу лукашэнкаўскага “сацыялізму”.

А пачалася ўся апэрацыя, як мне паведамілі, яшчэ летам мінулага году, калі ў Нью-Ёрку зьявіўся новавысьвечаны епіскап БАПЦ Віктар Касьцюк (уладыка Васіль), які раней быў у Менску ў ведамстве Філярэта. Новы “беларускі” епіскап першым чынам, без камэнтароў і без прычыны, павыганяў усіх актыўных беларусаў з парафіяльнай Рады царквы Кірылы Тураўскага. Потым, разам зь Ю. Васілеўскім (Чудзіным) і сьвятаром І. Якуніным, яны зрабілі візіт у беларускую дыпляматычную місію пры ААН 3-га ліпеня (лукашэнкаўскае афіцыёзнае сьвята “незалежнасьці”).

Тым часам Віктар Касьцюк праігнараваў найвялікшае беларускае нацыянальнае сьвята Дзень Незалежнасьці Беларусі 25 Сакавіка і 87-я угодкі БНР. Упершыню за ўсю гісторыю беларускай эміграцыі япіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы не прыслаў свайго афіцыйнага вішаваньня беларусам, Радзе БНР і ўсёй беларускай грамадзкасьці.

Пра ўсіх трох асобаў вядома мала. Віктар Касьцюк (ул. Васіль) – беларус з Пінску (1971 г. нар.). У 1999 г. скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію, кандыдат Богаведы, выхаваны ў Рускай праваслаўнай царкве, з’арыентаваны на Расею і на РПЦ.

Ігар Якунін закончыў два курсы Духоўнай сэмінарыі, зь якой (за нейкую шкоду) яго быццам бы выключылі.

Найбольш нявысьветленая фігура – Юры Чудзін (Васілеўскі). Вядома толькі, што ён расеяц з Масквы, валодае беларускай мовай, у 90-х гадах прыехаў у Беларусь. Потым езьдзіў па асяродках беларускай эміграцыі, знаходзіўся ў Польшчы, пабываў праваслаўным, вуніятам, католікам, потым (ужо тут, у Нью-Ёрку) зноў стаў “праваслаўным”. Цяпер пачаў гаварыць ужо па-руску і выявіўся адкрыта на баку лукашэнкаўскага рэжыму.

Такія мэтамарфозы адбываюцца ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве ў Амэрыцы. Па маіх назіраньнях, вінаватыя ў дрэнным стане сваёй царквы, перш за ўсё, самы беларусы, якіх цяпер у Амэрыцы шмат, але якія не навучыліся, відаць, любіць сваё і не разумеюць, што калі ўпадзе беларуская царква, то замрэ тут і беларускае нацыянальнае жыцьцё.

Зрэшты, царква трымаецца на веручых людзях. І тут пытаньне глыбокае – рахунак цэлага пакаленьня. Тым ня менш, усім беларусам у замежжы трэба задумацца аб тым, што адбываецца ў іхнай царкве. Задумацца і дзейнічаць. Нарыў, які ўзьнік, мусіць быць ліквідаваны. Інакш тыя беларусы, што ўцяклі ад перасьледу рэжыму Лукашэнкі, могуць раптам, нечакана для сябе, убачыць ягонае мурло проста перад сабой у Амэрыцы. Вось да якога абсурду можа прывесьці абыякавасьць да агульных справаў сваёй нацыі.

НАЗІРАНЬНЕ

Характэрнае назіраньне. На працягу апошніх 5-6 гадоў у краінах Усходняй Эўропы, якія былі пад акупацыяй СССР, адбыліся падзеі, накіраваныя на зьнішчэньне беларускіх нацыянальных арганізацыяў і асяродкаў, на перацягваньне іх пад кантроль лукашэнкаўскай адміністрацыі і пад савецкі зялёна-чырвоны сьцяг БССР. У выніку, у Маскве, Пецярбургу, у Эстоніі, Латвіі, Летуве беларускія арганізацыі раскалолі. Адна частка беларусаў пайшла пад зялёна-чырвоны сьцяг БССР і пад грашовыя датацыі лукашэнкаўскага рэжыму (фінансаваньне праз пасольствы), другая – засталася на беларускіх пазыцыях 25 – га Сакавіка і Эўрапейскай незалежнасьці.

У Малдове, Казахстане, Іркуцку і іншых месцах пасольствы рэжыму Лукашэнкі і агентура ФСБ падабралі пад сябе поўнасьцю беларускія арганізацыі, якія сталі на прарасейскія, праімпэрскія пазыцыі, а некаторыя адмовіліся нават ад беларускай мовы.

Выглядае на тое, што аналягічную апэрацыю Масква хоча правесьці і ў ЗША, і робіць гэта груба і бяздарна, але надзвычай нахабна (чаго вартыя замашкі стварыць антыамэрыканскі цэнтар).
З маіх назіраньняў напрашваецца відавочная выснова аб адзінай расейскай антыбеларускай стратэгіі. Зірніце. Скончылася халодная вайна, разваліўся СССР, але антыбеларуская агентурная дзейнасьць постсавецкай Расеі ня тое што ня зьнікла ў замежжы, але нават узмацнела; ствараюцца новыя агентурныя асяродкі ў Эўропе (у Бэльгіі, Чэхіі і іншых краінах). Пастаянна адчуваецца маскоўская антыбеларуская справа ў Амэрыцы. Усё гэта каштуе вялікіх сродкаў, дыпляматычных высілкаў, высокіх затратаў.І Расея робіць гэта. Чаму?

Мэта расейскага гэбізму (якую ён не хавае) – захапіць Беларусь і ліквідаваць беларускую дзяржаўнасьць. Вольныя, арганізаваныя беларусы ў эміграцыі, куды не дастае рука Масквы, могуць аказацца вялікай перашкодай расейскаму рэжыму ў яго захопніцкай палітыцы. Вольныя беларускія арганізацыі ў замежжы могуць стаць цэнтрамі ўсебеларускай барацьбы за свабоду нацыі. Таму і робіць Расея гэтую прэвентыўную (на першы погляд, як бы незразумелую) антыбеларускую справу ў замежжы.У Маскве, як бачым, нават мову беларускую вывучаць сталі, гэтак спатрэбілася.

Усё гэта павінна падштурхнуць нас, беларусаў, да згуртаваньня і абароны нашых нацыянальных каштоўнасьцяў.

Зянон Пазьняк
19 красавіка 2005 г.

24/4/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2005
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024