Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (22–30 красавіка 2005 г.)

Валеры Буйвал
Ваявода-забойца. 22 красавіка расейская тэлевізія арганізавала сэнсацыю. У падмаскоўным горадзе Падольску быў арыштаваны дэпутат абласной думы, мясцовы мэр Фокін. Тры гады таму напярэдадні выбараў у маскоўскую абласную думу з аўтаматаў быў забіты прама на вуліцы супернік Фокіна. Нядаўна аўтаматчыкаў злавілі, і яны расказалі, што гэта Фокін “заказаў” ім забойства лякальнага палітыка. НТВ паказала й колішняе інтэрвію Фокіна. На пытаньне: “Што вы скажаце пра наш горад Падольск, вядомы сваімі мафійнымі групамі?” Фокін адказаў: “А што, і нічога. Дзе вы бачыце мафійную дзейнасьць? Яна перайшла ў іншыя сфэры…” Геніяльная шчырасьць і дакладнасьць аналізу! Самае галоўнае, што па ўсёй Расеі што ні горад, то Чыкага трыццатых гадоў. Фізіяноміі іхных мэраў і губэрнатараў просяцца на старонкі твораў Гогаля. А пачынаць групавы партрэт можна ад самой Масквы, дзе паступова раскручваецца скандал з нядаўнім абстрэлам аўтамабіля крамлёўскага чыноўніка Чубайса. Ужо арыштаваны некалькі афіцэраў арміі, замешаныя ў гэты тэракт. Як раптам міліцыя пачала ганяцца за прадпрымальнікам Міронавым, які таксама паляваў у той камандзе на Чубайса. Цікава, што ён сын А. Міронава, які служыў у пуцінскай камандзе міністрам друку. Па прадэманстраваных НТВ архіўных кадрах бачна, які гэта быў энэргічны, “в доску свой” гэбоўскі архетып. Але два гады таму яго вымушана была вытурыць з ураду свая кантора, бо Міронаў заснаваў Россійскую нацыянал-дзяржаўную партыю і пачаў направа і налева рабіць чалавеканенавісьніцкія заявы (гэта ў канторы прыярытэт Уладзімера Уладзімеравіча). У паліцэйскім вышуку былы міністр знаходзіцца даволі даўно.

Газэтка “Нар. Воля” раскручвае хвалю ваяўнічага казулізму. З балёнак жоўтай газэткі дыхнула цвільлю, знаёмай старэйшаму пакаленьню па арганізаваных кампаніях саўдэпаўскіх часоў. Чытаючы такое, думаеш: “Няўжо арганізатары гэтай мыльнай опэры не разумеюць, што нармальныя людзі здагадаюцца пра ўсё, зірнуўшы на гэты стылёвы опус?” За казулінскую “волю народа” падпісаліся акадэмікі (ну, яны за апошнія дваццаць гадоў падпісаліся пад столькімі разнастайнымі паперамі, што можна было б складаць вялікі стос), падпісаліся (усё па-расейску) “многодетная мать”, “работница ЖКХ”, кладовщик, крановщик, дежурный электрик, маляры, сварщики, уборщицы (апошнія са сгаданых працуюць на “Беларуськаліі” у Салігорску) etc. А чаго вартыя тытулы “зваротаў трудзяшчыхся”! – “Надоели обещания”, “Надышоў час…”, “Мы хочам перамен…” Адным словам, соціалістіческое отечество в опастності… І ані слова пра пагрозу нашай дзяржаве і культуры ад прамаскоўскай клікі, пра расейскую агрэсію, якая нішчыць Беларусь. Ані слова пра галоўнае. Фальшыўка, груба зьляпаная ў ГБ, выдаецца за волю народу. Наша і сусьветная гісторыя ведае нямала прыкладаў такіх маштабных правакацыяў. Вядома, што правакатарам наканаваны мізэрны канец. У дадатак трэба пераказаць інфармацыю, якую мы атрымалі ад патрыётаў з Салігорску. Аказаваецца, у сьпісах, надрукаваных “Нар. Воляй”, шэраг згаданых кладаўшчыкоў і маляроў – міфічныя асобы, такіх людзей, такіх работнікаў “Беларуськалія” не існуе ў прыродзе. Шэраг з тых, хто ў прыродзе існуе і на “Беларуськаліі” працуе, гэты праказулінскі зварот не падпісвалі і нават не чыталі. Такое вось “трыюмфальнае шэсьце” пераможнага казулізму па нашай зямлі.

Па нямецкіх дарогах і вуліцах саксонскіх мястэчак едуць джыпы з амэрыканскімі вайскоўцамі, ім насустрач з Усходу імчацца танкі з чырвонымі сьцягамі на брані. Гэта адбываецца сёньня ў памяць 60-годдзя першай сустрэчы саюзьнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі, якая адбылася 24 красавіка 1945 г. у горадзе Таргаў. Цікава, што ўсе ўдзельнікі тэатральнай пастаноўкі – мясцовыя немцы, апранутыя ў адпаведныя ўніформы. Прыехалі й вэтэраны тае гістарычнай сустрэчы, якая была знакам блізкай перамогі над нямецкім фашызмам. Савецкая прапаганда часта згадвала гэты эпізод Другой сусьветнай вайны (у асноўным дзеля таго, каб лішні раз лягнуць амэрыканцаў, якія маўляў “не ваявалі, а прайшліся парадам па Эўропе”). Прапаганда ня згадвала таксама, што першым падаў руку амэрыканцам малады беларус лейтэнант Аляксандр Сільвашка. Дзед жыве цяпер у Менску, а сёлета быў запрошаны на юбілейную сустрэчу на Эльбе. Беларускія жаўнеры той вайны дагэтуль успамінаюць цёплымі словамі сустрэчы з амэрыканскай і ангельскай моладдзю (пасьля Таргаў сустрэчы адбыліся па ўсяму фронту ад Паўночнага мора да Чэхіі). Радасьць перамогі і заваяванага міру была ўсеагульная. Вайскоўцы абдымаліся і цалаваліся, елі і пілі разам, сьпявалі і танцавалі. Беларусы ўпершыню пакаштавалі якаснага віна і шакаладу. На імгненьне падалося, што адзінства народаў хрысьціянскай цывілізацыі матэрыялізавалася ў гэтай жаўнерскай радасьці і ня будзе яму канца. Савецкія вайскоўцы, аднак, хутка зразумелі па зьвярыных тварах камісараў і смершаўцаў, што гэта толькі імгненьне. На працягу лічаных дзён тысячы юнакоў, якія добра памяталі жахі камуністычнага рэжыму, перабеглі да саюзьнікаў. Крамлёўская банда напалохалася праяваў узаемнай сімпатыі людзей і пасьпяшалася брутальна згасіць народную стыхію. Прыкладна на восьмы дзень пасьля першай сустрэчы любыя нефармальныя кантакты з саюзьнікамі былі забароненыя пад пагрозай суровай кары. Варожасьць да заходняга сьвету і яго людзей праіснавала да самага 1991 г., калі ўрэшце рассыпаўся маскоўскі фашыстоўскі рэйх, і наша моладзь зноў здолела адкрыць для сябе заходнія краіны. Маскоўскі фашызм ізноў падымае галаву, ізноў спрабуе паняволіць нашу Беларусь і вярнуць гэбоўскае рабства. Беларуская моладзь павінна памятаць, што сваё права на свабоду трэба абараняць ад ворагаў з Усходу.

У Арменіі таксама мэмарыяльны дзень. Дзевяноста гадоў таму – 24 красавіка 1915 г. – распачаўся адзін з жудасных эпізодаў Першай сусьветнай вайны – генацыд армянскага народу ў Асманскай імпэрыі. Туркі, якія ўступілі ў вайну на баку Нямеччыны, забілі і выселілі ў пустыню на сьмерць сотні тысячаў армянаў, якія жылі на тэрыторыі Асманскай імпэрыі. Загінула паўтара мільёны чалавек. Турцыя дагэтуль не прызнае факт гэтага злачынства, сьцьвярджае, што армяне ўсё выдумалі і значна перавысілі лічбу ахвяраў. Для армянскага народу гэта не акадэмічны навуковы спор. Ім баліць дагэтуль, для іх гэта Памяць аб ахвярах. Трэба зазначыць, што ўсе рэжымы, якія кіравалі Арменіяй (ад кароткага пэрыяду незалежнасьці пасьля развалу расейскай царскай імпэрыі праз усе пэрыяды савецкай акупацыі), выступалі з патрабаваньнем да Турцыі прызнаць факт генацыду, а да ўсяго сьвету з патрабаваньнем асудзіць генацыд. Камуністы ня сьмелі растаптаць народную памяць. А калі б паспрабавалі, то ня здолелі б. Памяць ёсьць сьведчаньнем высокай нацыянальнай культуры і салідарнасьці армянскага народу. 24 красавіка сёлета па ўсёй Арменіі прайшлі мэмарыяльныя мерапрыемствы і богаслужбы. Па вуліцах Ерэвана прайшло шматтысячная шэсьце моладзі, людзі несьлі паходні як сімвал неўмяручай памяці. Гэта вялікі прыклад для нас, беларусаў. Генацыд беларусаў, які тварылі на нашай зямлі расейскія акупанты на працягу дзесяцігоддзяў, ня можа быць забыты. Аб гэтым павінен ведаць увесь сьвет, і міжнародная супольнасьць павінна выступіць з асуджэньнем Расеі – краіны-агрэсара, краіны-ката Не выпадкова савецкі рэжым раней і прарасейскі марыянэткавы мясцовы рэжым цяпер так упарта ганьбяць нашу Памяць аб ахвярах, што загінулі ад расейскіх катаў НКВД паводле загаду Крамля. Не выпадкова так шалёна яны спрабуюць зьнішчыць Курапаты і іншыя месцы пакутніцтва нашага народу. Абаронім жа нашыя сьвятыні!

25 красавіка сёлета Італія адзначыла 60-годдзе вызваленьня ад фашызму. Фашызм быў вынайдзены ў Італіі. Тэрмін паходзіць ад італьянскага слова fascio (пучок). І да ўлады фашысты Мусаліні былі прышлі ў 1922 г., задоўга да ўсталяваньня (у 1933 г.) гітлераўскага нацыянал-сацыялістычнага рэжыму. Напрошваецца параўнаньне з цяперашнім гэбізмам, які спачатку крышталізаваўся і разьвіўся ў апанаванай унутранымі акупантамі Беларусі. За кожным праведзеным лабараторным экспэрымэнтам над беларускім народам настае чарга расейскай імпэрыі, дзе гэбоўскія дасягненьні разгортваюцца ў значна большых і больш жудасных маштабах. Але вернемся да клясікі. Мусаліні ўкінуў сваю краіну і народ у катастрофу сусьветнай вайны разам з Гітлерам. Простыя італьянцы ненавідзелі вайну. У памяці тысячаў беларусаў маладыя італьянскія жаўнеры пакінулі сьветлы сьлед. Апынуўшыся на нашай зямлі, яны дзяліліся з насельніцтвам харчамі, ратавалі беларусаў ад нямецкіх рэпрэсіяў. І вось у верасьні 1943 г., калі заходнія саюзьнікі высадзіліся ў Італіі і пачалі вызваленьне краіны, фашыстоўская рада (гэткае ЦК КПСС на рымскі капыл) прагаласавала за арышт Мусаліні і пачала мірныя перамовы з заходнімі прадстаўнікамі. Немцы схамянуліся і ўвялі ў Італію свае войскі. У Італіі знаходзілася на гэты час 1 200 000 тысячаў італьянскіх вайскоўцаў (магутная сіла!). Немцаў, што прыехалі на матацыклах і браневіках – усяго 40 тысячаў. Але італьянцы, замест таго, каб павярнуць зброю супраць фашыстаў, пачалі тэарэтызаваць на тэму міжнародных канвэнцыяў. Па ўсёй Эўропе тысячы італьянскіх вайскоўцаў былі расстраляныя немцамі або загнаныя ў канцлягеры. Італьянскі кароль са сьвітай уцёк з Рыму, кінуўшы сталіцу на папас захопнікам. Некалькі сотняў гераічных жаўнераў (іхныя паводзіны ў тыя дні былі выключэньнем) ня здолелі спыніць агрэсара. Італія паказала адмоўны прыклад пасіўнасьці і неадэкватных паводзінаў ва ўмовах чужынскай агрэсіі і заплаціла за гэта двума гадамі вайны і тысячамі ахвяраў. Аднак, зьверствы немцаў выклікалі адпаведную рэацыю народу. Справу вызваленьня радзімы ўзялі ў свае рукі народныя лідэры, якіх высунуў наперад партызанскі супраціў. Заходнікі доўга не аказвалі партызанам дапамогі, баючыся камуністычных уплываў на партызантку (хаця далёка ня ўсі атрады былі камуністычнымі). Беларускія жаўнеры, што служылі ў польскай арміі генэрала Андэрса, вызначыліся ў баях за Італію. Яны штурмавалі Монтэ-Касіна, вызвалілі Анкону, Пэскару і Балонью. Тымчасам нямецкі спэцназ вызваліў Мусаліні, і той працягнуў зьнішчэньне свайго народу. Фашысты расстрэльвалі, вешалі і палілі жыўцом палонных партызанаў, расстрэльвалі разам з немцамі мірных жыхароў. Напрыканцы красавіка 1945 г. на поўначы Італіі, акупаванай немцамі, пачалося паўстаньне супраць акупантаў. Рабочыя займалі свае фабрыкі, каб не дапусьціць іх зьнішчэньня. Партызанскія атрады займалі гарады. Мілан, Парма, Фларэнцыя і іншыя цэнтры былі вызваленыя паўстанцамі. Вось тут людзі ўспомнілі пра калябарантаў. Фашысты разьбягаліся і хаваліся. Іх лавіў і зьнішчаў народ. Асабіста Мусаліні спадзяваўся, што яго абароняць немцы. Раптам ён даведаўся, што нямецкі камандуючы генэрал СС Карл Вольф падпісаў капітуляцыю з партызанскім камандзёрам (рэдкі выпадак у ваеннай гісторыі, калі генэрал капітуляваў са сваім войскам перад рабочым). Дучэ крычаў: “Здраднікі, яны ўвесь час карысталіся мной!” (да яго ўрэшце дайшло гэта). Мусаліні быў арыштаваны і расстраляны разам са сваімі бліжэйшымі паплечнікамі. Іхныя трупы народ падвесіў на трубе бэнзакалёнкі на плошчы Лярэта ў Мілане. Справа ў тым, што на гэтай плошчы 10 жніўня 1944 г. фашысты расстралялі 15 маладых партызанаў і выставілі на паказ іхныя трупы. Цяпер ім гэтае злачынства перад уласным народам выйшла бокам. Кур’ёзна, але ў цяперашней Італіі існуе фашыстоўская партыя, унучка Мусаліні засядае ў парляманце. Але гэта ўсё ж маргінальная зьява. Абсалютная большасьць народу ненавідзіць фашызм і добра памятае яго злачынствы. Расейскія агрэсары, што пнуцца на нашую зямлю, і іхныя халуі, што захапілі ўладу ў нашай краіне, павінны ведаць гэтыя гістарычныя прыклады. Вядома, што палонных акупантаў-вайскоўцаў забіваюць рэдка, а вось лёс памагатых акупанцкай улады бывае страшны. Калі абваліцца прарасейская акупацыя, куды пабягуць калябаранцкія “пяцёркі плюс” – уся гэтая хеўра здраднікаў, што цяпер гандлююць нашай Радзімай з маскоўскім ворагам? Яны, відаць, залезуць у плямбіраваны цягнік, каб як Ульянаў-Ленін, праехаць у Расею праз Нямеччыну і Швэцыю. У паравозе будзе сядзець загрыміраваны пад качагара Казулін. Вінцучок, зразумела, як самы шустры зойме лепшае купэ. Шушара – лебедькі-статкевічы-шушкевічы – запоўніць пляцкардны вагон. “Гераічны галадоўшчык” і адначасова гурман В. Івашкевіч будзе камандваць у вагоне-рэстаране. Паша Севярынец (“политик” – як яго тытулуе “Нар. Воля”) у матроскім касьцюмчыку будзе прыслугоўваць пасажырам, разносячы каву. У санітарным вагоне псіхіятры будуць дбаць аб Клімаве. У тамбурах на скразьняку дазволяць уладкавацца прадажным журналістам – розным дракахрустам-быкоўскім-цыганковым. Уцякаючы ад народнага гневу, здраднікі будуць сьпяваць на мове сваіх улётак: “тра-та-та, мы везём с собой кота…” ды чакаць, калі ім насустрач выйдзе на бэрлінскім вакзале іхны гаспадар Ганс Вік з мехам грантаў. Але ён ня выйдзе (чытай вышэй пра Мусаліні і Вольфа). Пра падстаўную псэўдаапазыцыю ня ўспомніць ані Масква, ані Бэрлін. Пра іх успомніць беларускі народ. За здраду Айчыне ім прыйдзецца адказваць перад судом.

Непараўнальная “Нар. Воля” працягвае раскручваць падстаўных “рэвалюцыянэраў”. Моладзь, якая не зразумела правакатыўнасьць заклікаў Клімава наконт “революции 25 марта”, прыехала ў сталіцу 25 сакавіка сёлета нават з іншых гарадоў, каб пратэставаць супраць рэжыму. І са зьдзіўленьнем убачыла, а цяпер расказвае нам: “Вось гэта да-а, наляцела міліцыя і пачала хапаць толькі нас. Нікога з клімаўскіх не кранулі…” Такія вось лекцыі хаджэньня за гэбоўскімі гапонамі. Праз пару тыдняў рэжым зразумеў сваю памылку. Пачаўся працэс гераізацыі псіхічна хворага Клімава. У прынцыпе гэта ёсьць злачынныя паводзіны ўладаў – нельга выкарыстоўваць хворую асобу, якая мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе. І вось у нумары за 26 красавіка пад тытулам «Буревестник революции» пададзены рэпартаж яшчэ аднаго запіснога правакатара Шчукіна і вялікі здымак. Міліцыянты вядуць закаванага ў кайданкі Клімава, а поруч бодзьбегам тупаюць журналістачкі і сунуць у нос “узніку совесті” мікрафоны. Такое мы бачылі яшчэ ў 1996 г., калі пад кіраўніцтвам спэцслужбаў рэжыму праводзілі сваю пацешную “галадоўку” агенты ГБ Хадыка і Сіўчык. Памятаем, як многія тады спачувалі Сіўчыку, пабачыўшы яго на газэтных здымках: ледзь трымаючыся на нагах, ён выслухоўваў на двары пракуратуры нейкі маналёг пракурора. Такія фотакампазыцыі разьлічаны не на лягічнае мысьленьне гледача, а на эмацыйную рэакцыю суперажываньня. Сьведкай такой сцэны звычайны журналіст стацца ня мог – гэта закрытая тэрыторыя, і пра сапраўдных вязьняў сумленьня рэжым ніколі не дазволіць рабіць такія фотарэпартажы. Той здымак быў зроблены фотакорам з гэбухі. І гэта ясна, як дзень. Вось дакладна такую ж лухту прапануюць нам цяпер на тэму Клімава.

“Нар. Воля” не забылася й на Казуліна. Агульны сацыял-дэмакрат ужо ў Маскве (не прайшло й месяца!). Ён ужо сустракаецца з Г. Селязьнёвым (памятаем гэтага крамлёўскага монстра, які прыляцеў у Менск у складзе маскоўскай дэлегацыі ўначы 24 лістапада 1996 г., каб ратаваць лукоўскую дыктатуру, якая хісталася пад пагрозай імпічмэнту). Казулін не пасаромеўся і сьмела раскрыў пляны сваіх маскоўскіх гаспадароў, дэманструючы сваю падстаўную сутнасьць: “У сумленнай, адкрытай барацьбе я атрымаю перамогу над Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам…” Вось, дзе сабака закапаны! Самае галоўнае ў місіі Казуліна і тых, хто ім кіруе, ёсьць перакананьне беларускага грамадзтва і міжнароднай супольнасьці, што “прэзыдэнт” павінен удзельнічаць у выбарах. І, зразумела, павінен ізноў “элегантна перамагчы в чэстной барбе” чарговую намэнклятурную пустышку.

Цынізм забойцаў беларускага народу – так можна вызначыць паводзіны рэжыму ў дзень памяці ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы 26 красавіка сёлета. Распярэзаная рэжымная прапаганда нахвальвала “шчасьлівае і бесклапотнае жыцьцё у чарнобыльскіх раёнах”. БТ паказала імігрантаў з Арменіі і Казахстану, якія дзячылі “прэзыдэнту” за шчасьлівае існаваньне ў атручанай зоне (Хойнікі і Ветка). Сам “прэзыдэнт” гукаў на плошчах мястэчак, вядомых на ўвесь сьвет як сінонімы атамнай сьмерці: “Как хорошо тут жить! Как прекрасно, что люди вернулись сюда! Как много тут детей…” У Гомлі ў дзень памяці іграла бравурная музыка. Рэжым адкрываў гарадзкі “ваенна-гістарычны музэй”. Маршыравалі вайскоўцы, усім было весела. Зьнішчальнікі Беларусі робяць усё дзеля таго, каб сьцерці памяць аб катастрофе і яе ахвярах, каб пераканаць насельніцтва, што жыць у атручанай Зоне – гэта ёсьць сапраўднае шчасьце. У такія дні з асаблівай яснасьцю разумееш, што як мага хутчэй трэба ўсталёўваць у нашай краіне псіхічна нармальную, сапраўды беларускую ўладу.

У дзень Памяці аб ахвярах чарнобыльскай катастрофы ў Менску псэўдаапазыцыя арганізавала сваю чарговую падлейшую правакацыю. Заранёў сталіца была закідана ўлёткамі-запрашэньнямі зьявіцца ў гэты дзень каля Карлы Марлы, 38 (рэзыдэнцыя “прэзыдэнта”), каб разам перадаць Лукашэнку пэтыцыю. У гэтай фількінай грамаце грантасмокі напісалі свае “патрабаваньні” – дзіцячае лепятаньне пра дазвол жыць, хадзіць і дыхаць. Нібыта з такімі пэтыцыямі трэба хадзіць да рэжыму ў цэнтры сталіцы. Прадажныя правакатары з “пяцёркі плюс” меркавалі зноў падставіць маладых людзей пад удар карніцкіх атрадаў дыктатуры, зрабіць карцінку ды потым выкарыстаць драматычныя падзеі для атрыманьня новых грантаў. Правакацыя ўдалася – сьведчаньне досьведу ў арганізацыі подласьцяў. Калі маладзёны пайшлі гуртом на Карлу Марлу па праспэкце Скарыны, іх заатакавалі амоны. Пабілі, патапталі, захапілі 40 чалавек. Для маладых беларусаў было б павучальным паглядзець рэпартажы пра гэтыя падзеі па расейскіх тэлеканалах. Першы кадр прадэманстраваў непараўнальную фізіяномію “услаўленага галадоўшчыка” і адначасова гурмана В. Івашкевіча. Яго адразу ж засланіла фізіяномія Вінцучка Вечерко. Бачна было, наколькі прыдумана, ненатуральна, карцінна перасоўваюцца перад тэлекамэрай гэтыя “нацыянальныя лідэры”. Адпрацоўваўся варыянт “баявога штабу” пэтыцыянэраў. Паказалі й Лебедько. А потым замільгалі сцэны паліцэйскай расправы. Пахапалі, пабілі і кінулі за краты, як заўсёды, маладзёнаў. Вінцучкі-лебедько кудысьці прапалі, а потым узьніклі зноў і раздавалі натхнёныя інтэрвію. Усё разьвівалася па нотах, накрэмзаных у расейскіх спэцслужбах. Галоўнай сэнсацыяй дня стала затрыманьне амонамі вялікай колькасьці расейскіх грамадзянаў. Некаторыя тэлеканалы так і камэнтавалі: “большасьць з ахвяраў акцыі – русскіе”… Ясна, што мэтай гэтай правакацыі сярод іншага была блытаніна, завядзеньне ў тупік міжнароднай думкі. Аказваецца, расейцы змагаюцца супраць дыктатуры ў Беларусі! Яны наперадзе, а не пасіўныя беларусы. Прыплялі яшчэ й украінцаў. Пад драматычныя рэпартажы вылез са свайго логава незабыўны Ганс Вік. Ён заявіў у сваім Бэрліне, што праз пяць гадоў Беларусь стане праэўрапейскай краінай. А пакуль што трэба даваць грошы на “аб’яднаную шырокую дэмапазыцыю”. Ды праводзіць для яе рэгулярныя сэмінары ў Брусэлі, Бэрліне і Вільні. Вось цябе і “пяць крокаў да лепшага жыцьця”! Грантадаўцы падказалі, што аплочваемая воля наступіць толькі праз адну пяцігодку. А пакуль што, беларус, станавіся на каленкі перад маскоўскім акупантам і ягоным памагатым. Колькі ж яшчэ беларуская моладзь будзе падстаўляць пад паліцэйскія дубіны свае галовы, выконваючы загады подлых ворагаў Беларусі?

Расейская тэлевізія рэабілітуе расейскія ваенныя злачынствы. 26 красавіка адна з праграмаў была прысьвечана “подзьвігу” З. Касмадзем’янскай, знаёмай усім савецкім піянэрам. Ужо ў 1980-я гады з архіваў прасачыліся зьвесткі, што ня ўсё так чыста з гэтым “подзьвігам”. Цяпер тэлевізія нам нагадала, што Сталін выдаў увосень 1941 г. сакрэтны (ад грамадзянаў) загад паліць мястэчкі і вёскі на акупаванай тэрыторыі, каб немцы ня мелі дзе зімаваць. Выконваць загад былі накіраваны дзесяткі тэрарыстычных савецкіх групаў НКВД, якія зьнішчалі ўсе пабудовы, часта разам з жыхарамі. Тысячы людзей (сваех людзей, якіх кінулі, адступаючы да самай Масквы і Ленінграду) засталіся ў сьнезе пад голым небам. Скора, аднак, насельніцтва пачало бараніцца ад маскоўскіх тэрарыстаў. Групу падпальшчыкаў з НКВД, у склад якой уваходзіла З. Касмадзем’янская, схапілі на гарачай справе сяляне падмаскоўнай вёскі Пятрышчава. Група пачала выкананьне загаду па зьнішчэньні дзесяці вёсак (!) у навакольклі. Ніхто ня плакаў, калі тэрарыстаў вешалі насупраць калгаснага клюбу. Трэба зазначыць, што жылых дамоў сваіх людзей на сваёй нямецкай зямлі не зьнішчалі нават гітлераўцы. Сапраўды, вэрмахт сістэматычна выконваў загад Гітлера па зьнішчэньні і пашкоджаньні нямецкіх фабрык, портаў, чыгунак і іншых стратэгічных аб’ектаў. Але нават гітлераўцы не даўмеліся зьнішчаць жылыя дамы сваіх жа немцаў. На такое здольны толькі маскоўскі фашызм. І гэта пацьвердзіла яшчэ раз Другая сусьветная вайна. Існавала нават (існуе ў маскалёў дагэтуль) прыслоўе на гэтую тэму: бей своих, чтобы чужие боялись. Цікавыя высновы зрабіла маскоўская тэлепрапаганда з перадачы пра пятрышчаўскіх тэрарыстаў. Аказваецца, гэта быў справядлівы сталінскі загад, тэрарысты з НКВД былі сапраўднымі героямі і ўсё рабілася ў адпаведнасьці з неабходнасьцю ваеннага часу. Вось так. Такая ёсьць эпоха пуцінізму. Ня трэба цяпер зьдзіўляцца, што маскоўскія гэбісты зьнішчалі агнямётамі дзяцей у Беслане – яны атрымалі традыцыйны крамлёўскі загад.

Напрыканцы красавіка Пуцін паехаў на арабскі Усход. Мікраскапічная фігурка гэбоўскага апэрка сьмешна глядзелася на фоне велічных пірамідаў у Гізэ пад Каірам. Сфінкс глядзеў на крамлёўскую казурку і думаў: “Дык гэта й ёсьць той паўночны гіксос, які хоча захапіць са сваёй кодлай увесь сьвет..?” Са сфінксам можна пагадзіцца, ён за тысячагоддзі яшчэ не такіх прайдзісьветаў бачыў ля сваіх ног. У Ерузаліме гаспадар Крамля пабаяўся падыходзіць да так званага Мура Плачу, дзе штодня моляцца тысячы іўдзеяў. Цікава, нават Папа Рымскі Ян Павал ІІ не пабаяўся падчас сваёй былой пілігрымкі, падышоў да Мура і, паводле традыцыі, пакінуў у шчаліне паміж квадрамі паперу з малітвамі. Відаць, Пуціну падказалі, што згаданы Мур – гэта фрагмэнт ерузалімскага Храма, пабудаванага паводле загаду Ірада Вялікага. Ірад, як вядома, аддаў быў яшчэ адзін – злачынны загад: забіць усіх немаўлятак у Бэтлеме, каб зьнішчыць нованароджанага Хрыста. Пуцін – забойца дзяцей Чачэніі і Беслана – баяўся кары Божай, баяўся, што які-небудзь палестынскі падлетак скіне яму на галаву камень з суседнега падворку мячэці Аль-Акса.

30 красавіка маскоўскае начальства “ізабражала” вясну на Паклоннай гары ў Маскве. Мэр-мафіёза Лужкоў адкрываў фантаны (іх на той гары тры з паловай тысячы – на кожны дзень “отечественной войны”) ды аглядаў устаноўлены ў цэнтры комплексу помнік з чатырох фігур жаўнераў антыгітлераўскай кааліцыі (цікава, як раптам Масква палаецца з цывілізаваным сьветам, то фігуры заходніх вайскоўкаў адпіляць?). Гледзячы па тэлевізіі на ўсю гэтую пацёмкінскую лухту, якая каштуе расейскаму бюджэту мільярды, успомніліся тэлерэпартажы апошніх дзён. Вэтэраны вайны пратэстуюць па ўсёй РФ. Старыя атрымалі да дня перамогі ажно па пяць доляраў прэміі. НТВ паказала, як старыя жывуць у нечалавечых умовах нават у вялікіх гарадах, накшталт Яраслаўля. У Тайшэцкім раёне Іркуцкай вобласьці паводка і крыгалом зьнішчылі цэлыя вёскі. Мясцовыя настаўнікі на свае грошы купляюць гуманітарную дапамогу для пацярпелых дзяцей. А расейскаму крывасмоку – Маскве – не да гэтага, там рыхтуецца манумэнтальная дэмагагічная туфта.

30/4/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2005
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024