Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (1-7 траўня 2005 г.)

Валеры Буйвал
1 траўня ў Расеі зноў вырабляліся ў эклектычны спосаб. Дзень маёўкі супаў з праваслаўным Вялікаднем. Ну, і пачалося… У саборы Хрыста Збаўцы ў Маскве вызначыліся прадстаўнікі антычалавечага і богапраціўнага КГБ. Тэлевізія паказала, як падчас вялікоднай службы стаялі ў поўны рост і актыўна жагналіся Пуцін (ніхто ніколі не распавёў, а ці хрышчаны ён) і побач зь ім Фрадкоў (габрэйскую сямью Фрадкіных ўспамінаюць да гэтай пары ў Саратаве). Памятаем, як грузінскі гэбэшнік Шэварнадзэ быў прынамсьці больш шчырым перад сваім народам. Ён быў ахрышчаны ўжо ў статусе прэзыдэнта Грузіі і маючы каля 80 гадоў узросту. Пра гэта пісалі газэты, пра гэта даведаўся ўвесь сьвет. А ў Маскве чарговае шоў з многімі пытальнікамі. Уся імпэрыя на адзін дзень захлынулася чырвонамі сьцягамі і расьцяжкамі. Маршыравалі (у асноўным старыя) камунякі пад лёзунгам “Вот бы воскрес товарищ Сталин!” Паноптыкум дапоўнілі “правыя сілы” з японкай Хакамадай на чале, якая гукала пра веліч русского народа. Пасьля ўдачы правакацыі ў Менску 26 красавіка сёлета, спэцслужбы пуцінскага рэжыму адцягнуліся й у Маскве. Тэлевізія паведаміла, што “сотні маладых удзельнікаў руху “Без Пуціна” прарваліся праз амонаў і штурмавалі сталічную пракуратуру”. Потым паказалі гэтых малойцаў нэабальшавіцка-фашыстоўскай нібыта арыентацыі. А тыя й падвялі арганізатараў шоў. Юнакі шчыра расказалі, што міліцыя іх ня біла, ды й мала каля пракуратуры міліцыі было, што іх хутка пасьля затрыманьня адпусьцілі. Нешта ня верыцца, каб у прыфрантавой Маскве кагосьці ня білі ды адпусьцілі пасьля штурму пракуратуры. Адпрацоўваецца стэрэатып, разьлічаны перш за ўсё на заходняга назіральніка. Стэрэатып, што супраць Пуціна могуць быць выключна маладыя адмарозкі бальшавіцка-фашыстоўскай арыентацыі. Усе астатнія – за. Ах, якое ўсё знаёмае. Адна і тая ж лубянская кантора наладзіла падобную мізансцэну і ў нашай Гомлі. Радыё Свободка патэтычна паведаміла, што 1 траўня тамака былі затрыманыя маладыя актывісты арганізацыі “Лімон” (КГБ адмыслова наляпіла на сваіх правакатараў менавіта гэтую лэйбу – па аналёгіі і ў сугуччы з расейскай бальшавіцка-фашыстоўскай партыяй Эдзічкі Лімонава), якія раздавалі мінакам патрэты Лукашэнкі і лімоны. Нас з вамі сапраўды хочуць інфармацыйна патапіць у гэтай лухце пра “лімон” і “без пуціна”. Мельцяшэньнем правакатараў арганізатары дэзыінфармацыі імкнуцца заглушыць пратэстную актыўнасьць моладзі, якой падсоўваецца перакручаны фактаж з вычварэнскай сімволікай і лёзунгамі. Сапраўдны нацыянальны беларускі супраціў можа разгортвацца толькі пад нацыянальнымі сімваламі і пад лёзунгам нашага Адраджэньня “Жыве Беларусь!” Усё астатняе – ад нячысьціка.

2 траўня 1945 г. капітуліраваў бэрлінскі гарнізон нямецкіх войскаў. Штогод у гэтыя дні савецкая прапаганда паказвала архіўныя кадры: штурм Рэйхстагу, усталяваньне чырвонага сьцягу на даху Рэйхстагу. Кадры, сапраўды, эфэктныя. Толькі іх нельга назваць дакумэнтальнымі. Таму што накруцілі іх з масоўкай роўна праз суткі пасьля згаданых падзеяў, калі бой ужо скончыўся. Масоўка прабегла па сходах Рэйхстагу, залезла на ягоны дах і г.д. І гэта не апошні лякальны падман, якім насычала народ савецкая камісарская прапаганда. Ужо ў 80-я гады стала шырока вядома, што першы чырвоны сьцяг устанавілі на Рэйхстагу не Ягораў і Кантарыя, а зусім іншы жаўнер. Дарэчы, дзеля дасягненьня гэтага бессэнсоўнага рэкорду камісары ў Бэрліне паслалі на сьмерць сотні жаўнераў. Крамлю трэба было прадэманстраваць адзінства савецкіх народаў, таму ў якасьці пары герояў абралі расейца і грузіна (каб парадваць Сталіна). Падобнымі фармальнымі штучкамі ў стылі знакамітай кінамэладрамы 30-х гадоў “Сьвінарка і пастух” (пра каханьне расейскай калгасьніцы і каўказкага каўбоя) поўніцца савецкая гісторыя, знаёмячыся зь якой ўсьцяж ня ведаеш – што ёсьць праўда, а што міфатворчасць. Сапраўды, ёсьць шмат працы для новай навукі – савецкай гістарычнай псіхіятрыі.

Яны пачалі з ламаньня асфальту і ўкладкі на вуліцах і плошчах нашай сталіцы пліткі. Пліткі залатой – на гэтае пераўтварэньне ідзе мора грошай, якія трэба было б выдаткаваць на кампутарызацыю школаў, на арганізацыю турыстычных паездак дзяцей і моладзі па культурных цэнтрах, музэях і запаведніках Беларусі (гэта робіцца кожнай цывілізаванай дзяржавай сьвету з мэтай інтэлектуальнага разьвіцьця, культурнага і патрыятычнага выхаваньня новага пакаленьня). Потым настала чарга дэбільнай “бібліятэкі” у сталіцы (гэткая “царэўна на гарошыне”, што пагражае ў любы момант перакуліцца нам на галаву). Шызоіднай дыктатуры гэтага падалося мала. Вырашылі пабудаваць касьмічную ракету, а праз пэўны час і тэлевежу – вышэй за ўсіх у сьвеце, акрамя Астанкіна. Злачынныя праграмы разбурэньня беларускай эканомікі і падрыву нацыянальных сілаў нашага народу запакоўваюцца ў яркія дэмагагічныя абалонкі. Але цьвярозаму чалавеку становіцца ўсё ясьней, што наш народ усё больш працуе на авантурніцкія праекты антынароднага рэжыму, што ад гэтага валюнтарызму ня будзе нічога, акрамя вялікай шкоды. У красавіку рэжым нарадзіў яшчэ адну пачвару. “Прэзыдэнт” агучыў плян пабудовы 1500 “аграгарадкоў” пад шыльдай “возрожденія села”. Хто ўважліва слухаў, успомніў нешта знаёмае. І вось што… 2 траўня расейская тэлевізія паказала дакумэнтальны фільм пра Хрушчова. Сярод іншага быў згаданы эпізод ягонай дзейнасьці ў 1951 г. Вядучы — афіцэр-гісторык КГБ (у іх і такія ёсьць) – распавядаў: “Хрушчоў выступіў з плянам пераўтварэньня сяла. Меркавалася адсяліць у адмыслова падрыхтаваныя цэнтры вялікую колькасьць вясковага насельніцтва. І арганізаваць для іх аграрную дзейнасьць. Хрушчова своечасова спынілі. Калі б гэты плян быў зьдзейсьнены, то вёска, традыцыйны ўклад жыцьця, народная культура, якая складвалася стагоддзямі, былі б зьнішчаны, а мільёнам людзей быў бы нанесены страшны разбуральны ўдар…” Вось такая адбылася канторская ўцечка інфармацыі. А што зьбіраюцца зрабіць з беларускай вёскай, яе людзьмі і культурай праз 54 гады пасьля хрушчоўскага злачыннага праекту? Ды тое ж самае – гэбоўскі рэжым дастаў са свайго сэйфу хрушчоўскую папку і зусім не памяняў сцэнар. Плян гэты яшчэ больш жудасны, таму што яго зьбіраюцца рэалізаваць таксама й на тэрыторыях, атручаных радыяцыяй (як сказалі начальнікі па БТ – «чтобы производить условно чистую продукцию…»). У 60-я гады машэраўская адміністрацыя ўжо займалася “укрупненіем колхозов” ды “ліквідаціей неперспектівных деревень БССР”. Гэта прывяло да зьнішчэньня сотняў беларускіх вёсак, падрыву нацыянальнай традыцыі, тысячы жыцьцяў былі паламаныя, а гаспадарка ледзь перажыла гэты шок. Тады бальшавіцкія шызікі спыніліся, бо Беларусі пагражала катастрофа. Цяпер Масква і халуйскі акупанцкі мясцовы рэжым патрабуюць менавіта катастрофы, сьведама штурхаюць у прорву нашу краіну. Беларус, — абрабаваны, прыніжаны, ізаляваны ад цывілізаванага сьвету, — усё роўна ўпарта стаіць на нагах, не здаецца, не губляе чалавечую і нацыянальную годнасьць, працягвае працаваць, каб пракарміць сваіх дзяцей. Маскоўская гадзіна вырашыла праз сваю мясцовую агентуру канчаткова ўтаптаць беларусаў у балота, каб лягчэй было потым захапіць нашу краіну і паняволіць людзей. Крэмль зразумеў сваю былую памылку. Расейскія акупанты правялі ў 1960-70-я гады татальную русіфікацыю беларускага школьніцтва перш за ўсё ў гарадах. Школы з беларускай мовай навучаньня засталіся толькі ў сельскай мясцовасьці. Сатанінская задумка акупантаў заключалася ў тым, каб падзяліць наш народ на “городской” і “вясковы”, паводле языка і мовы. На “вясковай мове” павінны былі размаўляць толькі калгасьнікі. А ў гарадах зь іх павінны былі сьмяяцца “городскіе”. Але нягледзячы ні на што Божай ласкай вясковы люд захаваў нашу найкаштоўнейшую сьвятыню і ня выракся сваёй мовы. Цяпер акупанты вырашылі вырваць з корням беларусаў – захавальнікаў традыцыі. “Возрожденіе села” – гэта праграма паняволеньня і зьнішчэньня беларускага народу. Аграгарадкі будаваў у Камбоджы бальшавік-мааіст Пал-Пот. Тамака, што праўда, разбуралі ня толькі вясковую культуру і інфраструктуру, а й гарады таксама (але хто можа гарантаваць, што пасьля зьнішчэньня вёсак акупанты ня возьмуцца за беларускія гарады?). Загінулі мільёны людзей, за шматвекавую гісторыю Камбоджы пяць гадоў кіраваньня “чырвоных кхмэраў” былі самымі жахлівымі. Карпацкі шызафрэнік Чаўшэску пачаў са зьнішчэньня паловы старога гораду (камяніц, кляштароў, помнікаў) у Бухарэсьце. Таксама ўсё вуліцы пліткай укладваў ды мармуровыя палацы будаваў. Народ ня вытрымаў наступнага зьнішчальнага пляну дыктатуры. Чаўшэску пачаў “возрожденіе села” у Трансільваніі, дзе жыве угорская меншасьць, зьнішчаючы праз аграгарадкі традыцыйныя ўгорскія вёскі. З выступленьня трансільванскіх угорцаў пачалося агульнанароднае паўстаньне 1989 г., у выніку якога дыктатура Чаўшэску была абрынута. “Возрождателя села” расстралялі пасьля кароткага паседжаньня трыбуналу. Такія папярэджаньні дае нам найноўшая гісторыя чалавецтва. Беларусы павінны зразумець, што нельга адседзецца пад венікам, чакаючы ласкі ад рэжыму. Ён не адстане ад нас, пакуль ня зьнішчыць ўсё жывое і культурнае на нашай зямлі. Народ павінен аб’яднацца вакол патрыётаў Бацькаўшчыны, вакол нацыянальнага лідэра Зянона Пазьняка і абараніць сваю зямлю ад забойцаў.

У цывілізаваным сьвеце арыштавалі яшчэ аднаго “честного русского чиновника”. Не, ён краў не мяхамі і нават не эшэлонамі. Літаратурнаму мільянэру Карэйку далёка да цяперашняй крамлёўскай рэчаіснасьці. Быў пры Ельцыне (у 1998-2001 гг.) міністр атамнай энэргетыкі Я. Адамаў. Міністрам ён пабыў тры гады, а вось нават перад журналістамі ён заўсёды паўтараў, што па натуры ёсьць камэрсантам. Ды й уся сямейка Адамавых валодае такой натурай. Днямі швэйцарскія ўлады замарозілі ў мясцовых банках мільённыя рахункі дачкі экс-міністра (аказваецца, яна ўжо даволі даўно атабарылася ў Цурыху). Адамаў паехаў разьбірацца, а там яго ўзялі пад белыя ручкі. Дарэчы, зрабілі гэта па просьбе ўладаў ЗША, краіны, якая на працягу шэрагу гадоў падтрымлівала з Адамавым і ягонымі калегамі партнэрскія адносіны. Амэрыканцы ў выглядзе тэхнічнай дапамогі перасылалі ў Расею дзесяткі мільёнаў доляраў на ўдасканальваньне сістэмы пераапрацоўкі атамных адходаў і на мадэрнізацыю атамнай гаспадаркі РФ. А потым раптам знайшлі на рахунках сваіх жа амэрыканскіх банкаў свае ж амэрыканскія грошы, якія крамлёўскія жулікі “мадэрнізавалі” ў свой сямейны бюджэт. Асабліва вызначыўся ў гэтых апэрацыях згаданы Адамаў. Вось і швэйцарцы прыглядзеліся да рахункаў ягонай сямьі. Ну, тлумачылі ж беларускія патрыёты наіўнаму Захаду, што ня трэба даваць грошы крамлёўскай бандзе. А заходнікі ўсьміхаліся і ня верылі. Вось цяпер сьмяяцца ня будуць. Міжнародная ізаляцыя Расеі – імпэрыі крамлёўскага гэбізму і жулікаў – справа проста неабходная для гарантыі выжываньня ўсяго чалавецтва. Пра гэта заяўляюць разумныя людзі штораз пасьля чарговага скандалу. Так было, напрыклад, пасьля арышту ў Швэйцарыі і адсідкі ў ЗША мафіёзы Барадзіна, “старшыні” нелігітымнай саюзнай дзяржавы РБ і РФ. Дарэчы, 9 мільёнаў у такіх справах – матэрыя дробная. Па расейскаму нават тэлебачаньню выступаюць экспэрты-адамазнаўцы, якія падлічылі, што ён скраў у амэрыканцаў 250 мільёнаў доляраў.

Пад чырвонае сьвята БРСМ (у народзе – “лукамол”) разгарнуў новую шумную кампанію. Па СМІ запусьцілі рэклямную лэйбу. Называецца – “Пісьмо с фронта” (трэба нешта пісаць у стылі 1941-45 гг. і дасылаць гэтыя савецка-патрыятычныя опусы ў іхні ЦК). Сьмяяцца ў такіх выпадках – грэх. Надта злавесныя ўсе кампаніі маладых сатаністаў. Усю зіму яны гукалі: “Не нужен нам берег турецкий… Нечего молодым ездить заграницу! Записываемся в стройотряды в Россию!” Пад іхныя немыя крыкі рэжым прыхлопнуў гуманітарныя праграмы адпачынку і аздараўленьня беларускіх дзяцей на Захадзе, узмацніў ізаляцыю нашай краіны і ўдасканаліў прыгонніцкую сістэму для студэнтаў, якія хацелі б павучыцца ў эўрапейскіх і амэрыканскіх унівэрсітэтах. Дагарлапаняцца яны з “фронтом”. Калі беларуская моладзь ня будзе здольная абараніць незалежнасьць нашай краіны і адстаяць свае правы, то яе ўдзел на франтах расейскіх каляніяльных войнаў будзе забясьпечаны.

4 траўня прэзыдэнт ЗША Буш зьвярнуўся з лістом да прэзыдэнта Латвіі Вікэ-Фрэйбэргі. У пісьме заяўлена, што ЗША ніколі не прызнавалі савецкую акупацыю балтыйскіх дзяржаваў і цяпер падтрымліваюць незалежнае іх разьвіцьцё. Рыга ў поўны голас заявіла ўсяму сьвету аб высунутых да Расеі патрабаваньнях кампэнсацыі за масавыя забойствы расейскімі акупантамі грамадзянаў Латвіі, эксплуатацыю працы зьняволеных грамадзянаў Латвіі ў Расеі, а таксама за шкоду, нанесеную акупантамі гаспадарцы краіны. Днямі перад парлямантам Латвіі зноў была арганізавана тусоўка мясцовых расейскіх правакатараў, якія патрабавалі “русского языка і русской демократіі” (і што так са скуры вылузваюцца? – пару гадзінаў на цягніку і ўсё цябе русское, шырокія прасторы ад Пскова да Камчаткі). Яны зноў апрануліся ў паласатыя канцлягерныя робы, каб заваяваць спачуваньне Захаду. Але цікава, нават НТВ паказала гэты чарговы маскарад неяк збоку і без буйных плянаў. Справа ў тым, што й на Захадзе ўрэшце скемілі – гэта ўсё пацешная містэрыя-буф, дзе ня ўдзельнічаюць сапраўдныя былыя вязьні канцлягераў. Трэба будзе пуцінскай канторы вынайсьці новы сцэнар для свайго пагарэлага тэатру.

Яны ня сталі чакаць, пакуль па іх прыедзе канвой з ордэрам на арышт і пабеглі да сваіх гаспадароў – у Расею. Украінскі ўрад 5 траўня зьвярнуўся да расейскіх уладаў з патрабаваньнем адшукаць і выдаць Украіне шэраг кучмаўскіх чыноўнікаў: былых міністра ўнутраных спраў Украіны М. Білоконя, мэра Адэсы Р. Будэлана, старшыню ЦВК С. Ківалава, старшыню Сумскай абласной дзяржадміністрацыі Ул. Шчэрбаня (на іх заведзеныя крымінальныя справы за арганізацыю фальсіфікацыі леташніх прэзыдэнцкіх выбараў, калі “перамог” Януковіч, і за махінацыі зь зямельнымі ўчасткамі), а таксама былога кіраўніка дзяржупраўленьня справамі І. Бакая (на гэтага заведзена крымінальная справа за карупцыю і антыдзяржаўную дзейнасьць). Паводле таго, куды зьбеглі здраднікі Украіны, ясна, хто аддаваў загады на выбарчыя фальсіфікацыі і разбурэньне незалежнай дзяржавы – Расея. Папаўняецца маскоўская калекцыя каштоўных кадраў з былых расейскіх калёніяў. Каго тут толькі няма! І грузінскія генэралы, што арганізоўвалі пакушэньні на Шэварнадзэ, і чачэнскія здраднікі, і чарнобыльскі злачынца Сьлюнькоў…

Сэйм Польшчы выступіў 5 траўня з адмысловым зваротам да кіраўніцтва РФ. Палякі патрабуюць ад Крамля, каб той асудзіў Сталіна за антычалавечую палітыку і злачынствы. У заяве напісана таксама, што “у выніку Другой сусьветнай вайны замест незалежнасьці Польшча атрымала новую залежнасьць – камуністычнае рабства”. Эх, якая “несваечасовая” заява, не даюць палякі маскалям спакойна адсьвяткаваць на Чырвонай плошчы. Па ўсёй РФ якраз разгарнулася кампанія ўслаўленьня “вялікага Сталіна”. Для апантанай сталінскім фашызмам Расеі такія заявы – як мёртваму прыпарка. Імпэрыя патрабуе зусім іншай тэрапіі: падзелу на кампактныя нацыянальныя дзяржавы. Тады й са Сталіным будзе ясна.

Мы добра памятаем, што сатанінскі рэжым хацеў зрабіць з нашай сьвятыняй – Курапатамі. Меркавалася пабудаваць на магілах дарогі і забаўляльныя цэнтры, назваць усё “Солнечным городом”, а ў цэнтры “мэмарыялу” паставіць шматмятровую падкову “как символ удачи”. Дзеля арганізацыі грамадзкага адабрам-с шалёнай ідэі ўлады мабілізавалі разнашорсных жулікаў кшталту Жыхар і Арэшкі, панастваралі розных камітэцікаў і пачалі нават патрабаваць на Захадзе гранты. Але беларускія патрыёты абаранілі Курапаты ад зьнішчэньня, паставілі на магілах пакутнікаў сотні крыжоў. З кожным месяцам расьце ў Курапатах народны мэмарыял Памяці. Якраз супраць крыжаўзьвіжаньня кінуліся пратэставаць жыхараўска-арэшкаўскія камітэцікі, кіруемыя спэцслужбамі. Яны штораз заклікаюць да перамоваў з уладамі на тэму стварэньня ў Курапатах помніка, які “усіх бы задаволіў” (нібыта можна задаволіць супрацьлеглыя пазіцыі хрысьціянаў і сатаністаў). А тым часам рэжым узяўся за яшчэ адно месца трагедыі – Трасьцянец пад Менскам. Тут немцы зьнішчылі ў 1941-44 гг. сотні тысячаў людзей. Бальшавіцкія ўлады арганізавалі на тэрыторыі былога канцлягеру калясальны сьметнік (гара сьмецьця пад самае неба). Памяць аб Трасьцянцы, як і аб Курапатах камунякі імкнуліся сьцерці, таму што масавыя расстрэлы ў Трасьцянцы пачало яшчэ расейскае НКВД у 30-я гады. Цяпер становіцца няёмкім хаваць праўду ад усяго сьвету, і рэжымныя сатаністы вынайшлі новы спосаб зьнішчэньня магілаў пакутнікаў. Вось такі шалёны праект яны прапануюць цяпер у сваіх СМІ: “Мемориальный комплекс, общая площадь которого около 100 га, по замыслу архитекторов включает в себя семь объектов: пункт приёма узников, непосредственно территорию лагеря смерти, братское кладбище. На специальном плато предполагается уложить 80 символических камней па числу войн, прошедших по территории Беларуси за последнее тысячелетие. Их будут омывать светлые струи воды. Интересная роль (ах, які стыль!) достанется и печально знаменитой свалке бытового мусора. Это 30-метровое возвышение из отходов будет преобразовано в «Курган прозрения». Отсюда хорошо станет просматриваться мемориальный комплекс…” “Сімволіческімі камнямі” ды “прозреніем с кучі мусора” гэтыя злодзеі спадзяюцца зусім заблытаць беларускае і міжнароднае грамадзтва, зноў зваліць ўсе войны ў адно і самае галоўнае не назваць таго, хто забіваў у Трасьцянцы. Вось такая рыхтуецца гнюснасьць, на фоне якой вяне нават гэбоўская “подкова удачи”, якую меркавалася ўсталяваць у Курапатах. Аднак, гэтае праектанцтва ня ёсьць плёнам фантазіяй хворых на галаву асобаў. Тут адчуваецца халодная лапа забойцаў – спадкаемцаў НКВД, якія ўладараць цяпер у нашай краіне. Яны выконваюць волю Масквы, зацікаўленай ў зьнішчэньні памяці пра беларускія ахвяры і ў вычварэньні беларускай душы.

Высокую культуру Памяці паказала палітычнае кіраўніцтва і грамадзтва Грузіі. 5 траўня ў Нідэрлянды прыбыло некалькі сотняў грузінскіх грамадзянаў. Мэтай іхнага прыезду была выспа Тэксэль. Напрыканцы Другой сусьветнай вайны на выспе знаходзіліся 500 грузінскіх вайскоўцаў з аддзелу, арганізаванага немцамі з ваеннапалонных. Грузіны доўга рыхтавалі паўстаньне. Калі да вострава набліжаліся войскі антыгітлераўскай кааліцыі, героі перабілі нямецкі гарнізон (400 гітлераўцаў), гатовы абараняць выспу і бераг. Але немцы абрынулі на паўстанцаў артылерыйскі агонь некалькіх батарэяў. Усе героі загінулі. Прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі і Патрыярх Грузінскай Царквы Ілія ІІ узначалілі мемарыяльныя мерапрыемствы на Тэксэле. Была адслужана богаслужба, хор сьпяваў грузінскія гімны, на магілах герояў людзі ўзьнялі грузінскія дзяржаўныя сьцягі, паклалі вянкі, кветкі і запалілі сьвечкі. Нідэрляндцы яшчэ пры саветах паведамілі Маскве пра могілкі з пахаваньнямі герояў. Масква пастаралася па-свойму. На шыльдах напісала пра «русских граждан» і прыляпіла на помнікі каляровы гэрб СССР. Больш на магілах грузінскіх герояў ня будзе жыць няпраўда. Беларусам трэба вучыцца у культурных народаў традыцыі гістарычнай Памяці. Палякі, напрыклад, даўно паставілі помнікі ў розных канцах сьвету, дзе змагаліся іхнія вайскоўцы: нават там, дзе ўдзельнічала хаця б пяць польскіх ваяроў, адзін самалёт або адзін тарпэдны кацер (заадно палякі, праўда, ня любяць згадваць, што, як правіла, палова з герояў войскаў Польшчы былі беларусы і ўкраінцы). Народная ўлада абавязкава возьмецца за выпраўленьне несправядлівасьці. Будуць устаноўлены помнікі беларускім героям, якія баранілі крэпасьць Табрук у Лівіі, змагаліся за Нарвік у Нарвэгіі, у бітве пад Эль-Аламэйн у Егіпце, удзельнічалі ў высадцы ў Нармандыі і ў буйнейшай паветрана-дэсантнай апэрацыі “Маркэт-гардэн” у Нідэрляндах, вызвалялі Італію.

Масква працягвае й цяпер вычварацца з памяці народаў. 7 траўня ў сталіцы Чукоткі Анадыры адсланілі першы ў гісторыі краю помнік героям Другой сусьветнай вайны ажно праз 60 гадоў пасьля канца вайны. Пра чукчаў маскалі любяць расказваць зьдзеклівыя анэкдоты, аднак калі трэба было бараніць паганую Маскву, то на фронт пагналі тысячы чукчаў, камчадалаў, эскімосаў. Цяпер ім ёсьць помнік – нібыта свой. А на самай справе далі падзарабіць маскоўскім скульптарам і інжынэрам. Тыя за чукоцкі ганарар нарэзалі крывых (так знаёмых па савецкай манумэнтальнай прапагандзе) рэльефаў і прыляпілі іх на стэлу. Вэтэраны расказвалі па тэлевізіі, што калі іх забіралі на фронт, то яны й па-расейску размаўляць ня ўмелі. А на помніку выключна маскальскія надпісы (знаёмыя камісарскія абрыдлыя фармулёўкі). Аказваецца, маўляў, няма ані воднага мясцовага паэта, які б напісаў эпітафію ў адпаведнасьці з аўтахтоннай культурай. Маўляў, няма чукоцкай і камчадальскай старажытнейшых моваў, акрамя “велікого і могучего”. Адным словам, атрымаўся звычайны акт маскоўскага хамства.

У гэты ж дзень маскоўскія акупанты вычвараліся ў Чачэніі. У Грозным быў з помпай адкрыты “музэй вялікай айчыннай вайны”. НТВ паказала экспазіцыю з кулямётамі і фота, чырвоную стужку і аднаго вэтэрана. Ініцыятыву праявіў пуцін-югэнд – “Ідушчіе вместе”. Манумэнтальная туфта разлічана перш за ўсё на міжнародную супольнасьць. Маўляў, у Чачэніі вайна можа быць толькі на музэйнай экспазіцыі. Нешта не дэманструе згаданы “музэй” сьведчаньні жудаснай акцыі маскоўска-фашыстоўскай акцыі 23.02.1944, калі за адну ноч войскі НКВД выселілі з роднай зямлі ўвесь чачэнскі народ (і шэраг іншых народаў Каўказа), як тады загінулі сотні тысячаў людзей. Прычым каўказцам, якія ваявалі ў складзе чырвонай арміі (ваявалі з выключным геройствам), “дазволілі” быць на фронце да канца. Ужо ўвечары 9 траўня 1945 г. усіх пагалоўна вайскоўцаў, сыноў рэпрэсіраваных народаў (чачэнцаў, інгушоў, крымскіх татараў, калмыкаў, карачаеўцаў і г.д.) арыштаваў СМЕРШ, і яны былі высланы ў месцы ссылкі сваіх народаў. Такая ўдзячнасьць Масквы за ўдзел у вайне і подзьвігі. Пра гэта ўсё добра памятаюць сёньняшнія чачэнскія героі, якія бароняць сваю краіну ад расейскіх акупантаў. Пасьля музэйнага рэпартажу НТВ вымушана было паказаць наступствы двзьвюх баявых партызанскіх акцыяў – вось такі вам музэй! Прыкметна, што на экране побач з трупамі партызанаў мільгалі выключна кадыраўскія галаварэзы – здраднікі чачэнскага народу. Прапаганда ўпарта хоча пераканаць сьвет, што на Каўказе ідзе выключна мясцовая грамадзянская вайна з рэлігійным падтэкстам. Але ня выкруцяцца маскалі, не схаваюцца за кадрам.
А ў Беларусі працягваецца чарговая “халодная вайна”. Нешта даўно ня чуваць “беларускага дэ Голя” лукашэнкаўска–апазіцыйнага генэрала Фралова. Відаць, ён стаўся адпрацаваным матар’ялам, выканаўшы лякальную задачу па адурачваньні электарату. Цяпер прапаганда рэжыму актыўна раскручвае чарговага рэжымнага халуя Казуліна. “Нар. Воля” (часам яе чытаць весела) надрукавала 7 траўня вернападданы зварот названага халуя. Цытуем, як напісана – на акупанцкай мове: “Первому президенту Республики Беларусь А.Г.Лукашенко… я призываю Вас как лидера белорусской нации (ну, так яго нават Ельцын з Пуціным не называлі), несущего на себе ответственность не только за её настоящее, но и за будущее, подняться над сложившейся ситуацией, над самим собой (а гэта як, спадар Казулін?) – и добиться национального примирения и согласия. Предлагаю Вам создать Комитет национального согласия и прощения…” Галоўны “козыр” казулінскай гульні ў падстаўную апазіцыйнасьць – укараненьне ў грамадзкай сьвядомасьці, што яна мае легітымнага прэзыдэнта, што выбарчай фальшыўкі і гвалту над Законам не было. Не адпавядае савецкай традыцыі, каб такія лісты пісаў сам падстаўны аўтар. Ён у лепшым выпадку падпісаў тэксьцік. А паводле непаўторнага тупога і дэбільнага стылю, зьляпалі тэксьцік спэцы ў КГБ. Ну, як вам такі пасаж: “Как Первому президенту нашей страны белорусским небом Вам дан уникальный шанс войти в историю народным батькой, а не его отчимом, родителем и радетелем своей родной земли и своего «чада»…” Даўно-даўно не чыталі мы такой лабуды. Гэбоўская лёгіка адчуваецца таксама ў імкненьні ўблытаць імя сапраўднага лідэра беларускага народу Зянона Пазьняка ў адзін шэраг з шэрачкай-машэрачкай, гэбоўскім акадэмікам Міхайлавым, камунякам Калякіным ды іншым пустазельлем – падлейшы гэбельсаўскі прапагандысцкі прыёмчык. Няўжо, прачытаўшы гэта, беларусы будуць надалей цешыцца ілюзіяй, што яны паймелі ў асобе падхаліма Казуліна новага лідэра мясцовай дэмакратыі?

7/5/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Травень 2005
П А С Ч П С Н
« Кра   Чэр »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024