Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Факты і падзеі (14-22 траўня 2005 г.) Валеры Буйвал У Нарвэгіі 17 траўня – самае галоўнае нацыянальнае і дзяржаўнае сьвята: Frihetsdag. У перакладзе — Дзень Волі. Нарвэжцы па ўсім сьвеце адзначаюць гэты радасны дзень незалежнасьці сваёй краіны. Але як і наш Дзень Волі 25 Сакавіка, так і іхны мае таксама й драматычнае адценьне. Надта нядоўгай была іхная дзяржаўная незалежнасьць побач са сквапнымі суседзямі. З 14 ст. Нарвэгія ў выніку дынастычнага шлюбу была ў вуніі з Даніяй, самастойнага голасу ў эўрапейскай палітыцы ня мела, сваім нацыянальным лёсам не распараджалася. Але (як і ў выпадку з беларусамі) многія нарвэжскія таленты вызначыліся ў працы на карысьць чужой імпэрыі. Лепшыя палкаводцы і флётаводцы дацкай кароны былі як правіла нарвэжцамі. Нават памятнага й беларусам Карла ХІІ, які даволі лёгка разграміў дацкае войска, урэшце рэшт забілі нарвэжцы, абараняючы ад швэдаў у 1718 г. сваю крэпасьць Фрэдрыксхальд. 1814 год для нарвэжцаў – як 1918-ты для нас. Пасьля сканчэньня напалеёнаўскіх войнаў і перадзелу Эўропы нарвэжская эліта вырашыла выкарыстаць момант і аднавіць незалежную дзяржаву. Прадстаўнікі грамадзтва (адна траціна зь іх – сяляне!) сабраліся ў мястэчку Эйдсволь каля цяперашняга Осла на дзяржаўную раду. Падчас дыскусіяў вызначыліся розныя групоўкі: прыхільнікі поўнай незалежнасьці, прыхільнікі вуніі з Даніяй, а таксама тыя, хто выступаў за вунію са Швэцыяй (на Парыжскім кангрэсе Нарвэгію адабралі ў дацкага караля і аддалі Швэцыі як кампэнсацыю за дапамогу ў барацьбе супраць Напалеёна – усё рабілі, зразумела, не спытаўшыся ў нарвэжскага народу. Ну, чым вам не Рыжскі мір 1921 году!). 17 траўня 1814 г. дэлегаты прынялі ў Эйдсволе Канстытуцыю Нарвэгіі (нацыянальнае сьвята называецца таксама Eidsvollsdag), узорам для якой паслужылі дэмакратычныя канстытуцыі ЗША 1787 г. і рэвалюцыйнай Францыі 1791 г. Нарвэжцы адмаўляліся ад навязанай ім вуніі са Швэцыяй і абіралі канстытуцыйным манархам дацкага прынца Крысьціяна Фрэдрыка. Але Эўропа лепш за іх ведала, як ім жыць. У Крысьціянію (так тады называлася Осла) паехалі з Парыжу, Пецярбурга і Лёндану тадышнія гансы вікі ў парыках, каб растлумачыць, што патрэбны лідэр, акцэптабэльны на Усходзе і на Захадзе, што маленькая Нарвэгія прападзе сама, што лепшы шлях да прагрэсу – у складзе Швэцыі (ах, якое ўсё знаёмае, нічога не зьмянілася за стагоддзі ў эўрапейскім эстэблішмэнце). Але народ не паслухаўся навязьлівых дабрадзеяў і пачаў будаваць сваю дзяржаву. У жніўні 1814 г. швэдскія войскі і флёт пачалі агрэсію супраць Нарвэгіі. Маладая нарвэжская армія мужна бараніла краіну, але здрадзілі баязьлівыя генэралы і міністры, што пасьпяшаліся падпісаць капітуляцыю. Яшчэ на 90 гадоў Нарвэгія была адсунута на палітычны маргінэс і не распараджалася сабой. Першым чынам швэдскія гаспадары забаранілі сьвяткаваць Дзень Волі, кавалерыя жорстка разганяла сьвяточную грамаду 17 траўня (якое ўсё знаёмае). Але менавіта вернасьць сваёй мове і культуры, прага самастойнага нацыянальнага і дзяржаўнага жыцьця дазволіла нарвэжцам першымі ў Эўропе ХХ стагоддзя аднавіць сваю дзяржаву. Патрыёты, сярод якіх вылучаліся найзнакамітшыя нарвэжцы (напрыклад, Фрыцьёф Нансэн, Б’ёрнсцернэ Б’ёрнсан, Генрык Ібсэн), здолелі натхніць нацыянальнай ідэяй увесь народ. У жніўні 1905 г. адбыўся нацыянальны рэфэрэндум па пытаньні працягу вуніі са Швэцыяй. З сотняў тысячаў грамадзянаў толькі 184 асобы выказаліся за вунію са Швэцыяй. Астатнія сказалі “так” незалежнасьці сваёй радзімы. Стакгольм выступіў з пагрозамі інтэрвэнцыі, выдаў ультыматум. Але нарвэжцы прадэманстравалі такую магутную нацыянальную салідарнасьць і гатоўнасьць да абароны сваёй дзяржавы, што швэды пагадзіліся са стратай калёніі. У адрозьненьні ад ненармальнага Крамля, які зусім нядаўна зноў палохаў сьвет сваім вайсковым парадам, афіцыйны Осла распрацаваў прыгожую традыцыю сьвяткаваньня нацыянальнага Дня Волі. Штогод 17 траўня па галоўнай вуліцы сталіцы праходзіць парад дзяцей. Маленькіх грамадзянаў – будучыню краіны – вітае на прыступках паляцу кароль, які ўвасабляе нацыянальную традыцыю. Расейская тэлевізія распачала блёк навінаў 18 траўня з надзвычайнага паведамленьня. Не, гэта быў не рэпартаж з Кранштацкай крэпасьці каля Пецярбурга, дзе напярэдадні лёталі і выбухалі авіябомбы (пьянства і гультайства давялі да пажару на вайсковых складах). Увагу гледачоў спынілі на падзеях ва Уладзівастоку, галоўнай базе Ціхаакеанскага флёту. Тамака здалі дом для 250 семьяў марскіх афіцэраў. Можна было б падумаць, што забясьпечылі маладых лейтэнантаў, каб яны больш імпэтна “отсель грозили” Японіі. А паказалі ў якасьці сэнтымэнтальнага прыкладу сівога капітана другога рангу з жонкай, якія ў захапленьні мацаюць шпалеры на сьценах. Няма іншай дзяржавы ў сьвеце, дзе ўлада так па-сьвінску ставілася б да афіцэрскага корпусу. Начлежкі, чужыя кватэры, інтэрнаты, баракі, цёмныя шчыліны – вось дзе бадзяюцца дзесяцігоддзямі расейскія афіцэры, дзе растуць іхнія дзеці. Многія зь іх пасьля выйсьця на пэнсію застаюцца без свайго кута проста на панэлі. Калі афіцэр або унтэрафіцэр гіне пры выкананьні баявога абавязку, ягоную сямью, як беспрытульных сабак, вытурваюць з казённага жыльля (пра такое вам раскажа кожны беларус, які служыў у іхнай варварскай арміі). Важна адзначыць рэзкі кантраст паміж станам галечы і перманэнтных зьнявагаў, у якім жывуць звычайныя афіцэры і іхнія семьі, і жыцьцём генэралітэту (які зрабіў кар’еру, як правіла, праз карупцыю, кумаўство, паводле адмоўнага адбору, які кіруе ў Расеі). Генэральскія дачы, аўтамабілі, заробкі, палацы – ганебная глава расейскай рэчаіснасьці. У арміях цывілізаваных краінаў статут забараняе камандзёрам падчас баявых дзеяньняў і манэўраў карыстацца паслугамі асобнага кухара. Генэрал абавязаны есьці і піць тое, што гатуе палявая кухня для ўсіх афіцэраў. І гэта толькі адзін маленькі прыклад вайсковага парадку, які ня церпіць хамскага эгалітарызму. У расейскім войску ўсё наадварот. Кожны камандзёр імкнецца любымі сродкамі падкрэсьліць сваю выключнасьць. Свой кухар і асобная ежа – толькі фрагмэнцік гэтай быдлячай азіятчыны. Унутраныя акупанты прымушаюць і беларускае войска жыць паводле расейскіх правілаў. Рэжым робіць усё дзеля таго, каб прынізіць наш афіцэрскі корпус. Але вечна так ня будзе. Народнай беларускай ўладзе патрэбны маладыя беларускія генэралы і палкоўнікі, сапраўдныя патрыёты Бацькаўшчыны. Беларускі афіцэрскі корпус будзе існаваць паводле законаў эўрапейскай цывілізацыі, а не маскальскага балагану. У канцы тэлерэпартажу, аднак, прагучала аптымістычная абяцанка. Ва Уладзівастоку бадзяюцца без кватэраў 7000 семьяў афіцэраў. Мясцовы адмірал абяцае засяляць у кватэры па 250 семьяў штогод. Ну вось і цудоўна, праз 28 гадоў кватэрнае пытаньне на Пацыфіку будзе закрыта. Што й трэба было даказаць. У Менску днямі ў розных месцах зьявіліся “апазыцыйныя” налепкі, што ня маюць пазначанага аўтарства, але вельмі выразна тлумачаць нам адзін з аспэктаў антыбеларускага і незаконнага перайменаваньня праспэкту Скарыны ў сталіцы. “Вернем назвы нашым праспектам – Скарыны і Машэрава” – так гучыць кароткі заклік невядомых “юных герояў”. Залямантаваў на старонках “Нар. Волі” “антысаветчык” А. Лебедько: “Руки прочь от Скорины и Машерова!”. І пайшло-паехала патрабаваць аднаўленьня “справядлівасьці”. Толькі чалавек, пазбаўлены розуму і душы, а хутчэй сьвядомы правакатар, мог злучыць у адно два абсалютна супрацьлеглых імені нашай гісторыі. Скарына – нацыянальны геній, наш Гонар – апынуўся побач з дробным крамлёўскім паслугачом, які люта ненавідзіў усё беларускае і нанёс велізарную шкоду Беларусі. Пачынаецца новы акт рэжымнага тэатру ценяў, дзе паводле сілуэтаў назіральнік не адразу зразумее, дзе Дабро, а дзе Зло. Хрысьціянства вучыць, што нельга адначасова пакланяцца Богу і Сатане. Але шызоідная ідэялёгія і практыка антыбеларускага рэжыму вучыць адваротнаму. Можна сябе ўявіць, колькі маладых людзей заблытаюць і падмануць сваёй балбатнёй падасланыя “аматары справядлівасьці”. Будзьма ж бараніць нашага Скарыну, адкінуўшы шулерскія правілы гульні падстаўных жулікаў! 20 траўня ў Расеі маніфэставалі наконт абароны імпэрскага аўтагонару. Напярэдадні па Сібіры пракаціліся масавыя пратэстныя выступы аўтааматараў, якія камфортна езьдзяць на сваіх купленых у Японіі і Паўднёвай Карэі машынах (з рулём, усталяваным справа). Расейскія ўлады ўжо прымалі пастановы і ня раз пагражалі забараніць карыстаньне аўтамабілямі з правым рулявым кіраваньнем, “каб абараніць расейскага аўтавытворцу”. Вядома, аднак, што лепшай абаронай вытворцы зьяўляецца высокая якасьць ягонай прадукцыі. Народ жа пасьлядоўна абіраў машыны азіяцкіх суседзяў (аўтапарк Сібіры на 80% укамплектаваны японцамі і карэйцамі). Выкананьне ўладных пагрозаў азначала б поўны калапс на дарогах і ў сямейных бюджэтах грамадзянаў і як наступства – пратэстны выбух. Таму ўлады папалохалі, а забараняць машыны не рашыліся. Замест гэтага вывелі на плошчы Ніжняга Ноўгарада і Тальяці некалькі тысячаў рабочых мясцовых аўтазаводаў, раздалі ім плякаты і арганізавалі манумэнтальную прыпарку бяздарнай расейскай аўтапрамысловасьці. Плякаты былі патрыятычнага зьместу. Найбольш вясёлы зь іх – “Купил японку – продал Россию!” У гэтым кантэксьце ўспамінаюцца камсамольска-гэбэльсаўскія фармулёўкі 60-х гадоў з вобласьці музычнай канкурэнцыі з Захадам – “Сегодня ты танцуешь джаз, а завтра Родину продашь!” Джаз маскалі ня спынілі, ня спыняць і свой беспаваротны тэхналягічны правал. У гэты ж дзень адбывалася памежная разборка з кітайцамі. Дзярждума ратыфікавала пагадненьне з Кітаем наконт канчатковай дэмаркацыі расейска-кітайскай мяжы. Кітайцам аддалі некалькі выспаў, пазначаных на мапе яшчэ ў 17 стагоддзі як тэрыторыя Паднябеснай, і цяпер у Крамлі спадзяюцца назаўжды пазбавіцца праблемаў на гэтым напрамку. Але ж вядома, што праблемы там толькі пачынаюцца. Сотні тысячаў кітайцаў (па-кітайску: “малыя групы грамадзянаў”) ужо атабарыліся на землях Заамур’я і Прымор’я, якія дэ юрэ пакуль належаць РФ. Сьпітыя расейскія кулі ва ўсю працуюць на новых гаспадароў, кітайская граматыка ўсё больш становіцца настольнай кнігай для сібірскай моладзі, якая думае пра будучыню. У прынцыпе ўжо цяпер над сотнямі сельсаветаў і гарвыканкамаў спакойна можна вывешваць кітайскі дзяржсьцяг, і гэта будзе толькі канстатацыя статус кво. А покуль што ў Кітаі разьвіваецца новы від турызму. Тургрупы падвозяць да мяжы і за грошы даюць паглядзець у тэлескоп, накіраваны на расейскі бераг. А там тыповы расейскі краявід са стафажам: па змрочных вуліцах ходзяць нямытыя (бо няма каналізацыі і гарачай вады) людзі, корпаюцца ў сьметніках дзеці, стосамі ляжаць у балоце пьяніцы. З-пад сваіх хмарачосаў кітайцы глядзяць на “вялікага суседа” і рыхтуюцца да вялікага скачка. Фальш вылазіць бокам. 19 траўня “союзное государство” зганьбілася ў Кіеве. На конкурсе песьні “Эўрабачаньня” выступалі прадстаўнікі розных дзяржаваў. Большасьць артыстаў – характарныя галасы, яркія выступы, арыгінальная рэжысура. А вельмі часта стрыжнем мэлёдыі была нацыянальная музыка народу. Гэбэльсаўская прапаганда апошнія месяцы прадундзела нам вушы з “вялікай сьпявачкай А. Агурбаш”. Яна й такая, й гэтакая непаўторная. А самае галоўнае, што “Агурбаш прапісалася і жыве ў Маскве, але будзе выступаць за Беларусь”. У першыя рады глядзельнай аўдыторыі ў Кіеве падсадзілі БРСМаўцаў з бээсэсэраўскімі чырвона-зялёнымі шматамі, якія навязьліва вылазілі на тэлеэкране (хаця збоку відно было некалькі вялікіх Бел-Чырвона-Белых сьцягоў, што трымалі маладыя патрыёты). І вось настала чарга Агурбаш з ейнай маскоўскай прапіскай. Усе на Беларусі заўважылі, што з такім “голасам” яе вытурылі б нават з абслугі таннага рэстарану. Крыўляньне-віхляньне высокай цёткі з удзелам некалькіх дрыгаючых дзядзек – уся прымітыўна правінцыйная і дурная рэжысура відовішча дапаўнялі сьмешную і мізэрную карціну праграмы. У выніку прадстаўнічка РБ-РФ у наступны этап ня выйшла. Газэты доўга нам тлумачылі, што праграму Агурбаш рыхтуюць у Маскве “лепшыя сцэнографы”, за што заплочана больш за мільён доляраў. За Расею вычтупала нейкая Палонская з РБ – правалілася таксама. Фальшывае братэрства і навязьлівая блытаніна сапраўды стамляе. 20 траўня на расейскай вайсковай базе ў грузінскім Батумі адзначалі ўік-энд. Чацьвёра малодшых чыноў у стане апьяненьня хадзілі па горадзе ва ўніформах, а насупраць штаб-кватэры кіруючай у Аджарыі партыі пачалі немым крыкам ганьбіць грузінскі народ, ягоную мову і культуру. Расейскія чуркі відавочна нарываліся на прыгоды. Хто быў на Каўказе, той ведае, што нават у савецкія часы там такія выбрыкі не праходзілі беспакарана. Прычым рэакцыя паступала з боку мясцовага насельніцтва, якое не чакала санкцыі нейкага афіцыйнага органу. Можна быць упэўненым, што ведалі гэта й гулякі ў пагонах. А рызыкавалі ў такі дэманстрацыйны спосаб, таму што атрымалі такое “баявое заданьне”. Аджарцы павінны былі б іх пабіць, а можа нават моцна – вось цябе і casus bellum, можна душыць Грузію на мясцовым і міжнародным узроўні. Але маскоўскія правакатары пралічыліся. Паліцыя скруціла правакатараў, зрабіла дакумэнтальны тэлесюжэт (які яшчэ больш пераканае грузінскі народ, што чужынскую сволач трэба прыбіраць з тэрыторыі дзяржавы) і перадала пьяніц начальству расейскай базы. Набірае абароты рэжым міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Прычым трэба зразумець, што гэта ў інтарэсах ня толькі антыбеларускага рэжыму, але таксама й нібыта ягоных заходніх апанэнтаў. Апошнія ўсё больш адкрытым тэкстам даводзяць нам, што месца беларусаў у Сібіры і на Поўначы, на расейскіх рудніках і нафтарадовішчах. Маладому беларусу ўсё часьцей нагадваюць пра сучасныя формы прыгону, пра “падзел функцыяў” у Эўропе. Нядаўнія нашыя сукамэрнікі па камуністычнаму канцлягеру – эстонцы, латышы, палякі, чэхі, славакі ды іншыя – спакойна езьдзяць па ўсёй Эўропе без візаў, паказваючы на памежных пунктах свой нацыянальны пашпарт. Яны падарожнічаюць і адпачываюць, працуюць і вучацца, пазнаюць сьвет, вывучаюць мовы, наведваюць музэі і гістарычныя месцы, знаёмяцца з равесьнікамі – адным словам, вядуць паўнавартаснае жыцьцё. Маладому беларусу (і ня толькі маладому) настойліва прапануецца адваротны варыянт. Па візу ў Менску трэба займаць чаргу ўвечары, напрыклад, у амбасадзе Францыі (якая абслугоўвае таксама некалькі іншых краінаў Шангенскай зоны). Адначаваўшы на вуліцы, вы трапляеце на “сумоўе”, на якім вырашаецца даваць ці не даваць вам візу. Там сядзяць маладзіцы ін’язаўскай выпраўкі. Гэтую публіку мы ведаем: цынізм, нізкі інтэлектуальны ўзровень (па-за рэдкім выключэньнем), заангажаванасьць ў слаўныя органы КГБ, хамства – іхнія відавыя прыкметы. Але ясна, што каманду на хамства яны атрымалі ад сваіх заходніх гаспадароў. Размова вядзецца зьняважлівым гульлівым тонам, чалавека ашарашваюць сэнтэнцыямі тыпу: “а зачем это вам ехать на учёбу в Испанию? У нас и тут хорошо, нечего вам там делать…” Адмовы кідаюць стосамі пад нос расчараваным прэтэндэнтам на паездку ў цывілізаваны сьвет. І так паўсюль. Наша моладзь павінна зразумець прычыны гэтага зьняважлівага стаўленьня заходніх краінаў да нас. Яны патрабуюць рабоў у Сібіры ня менш за саму Расею, бо пампаваць нафту і газ мы павінны менавіта для іх. Ну, гэта іхні інтэрэс. А ў нас нацыянальны інтэрэс свой. Моладзь мусі зразумець, што ня можа быць павагі да тых, хто ня дбае пра свой нацыянальны лёс, хто церпіць над сабой гнюсны прамаскоўскі рэжым ды ўсьцяж імкнецца прыстасавацца. З прыстасаванцамі ніхто ня лічыцца, пакпіць-пазьдзеквацца зь іх кожны лічыць бонтонам. Перш чым прэтэндаваць на паўнавартаснае эўрапейскае існаваньне, наша моладзь павінна навесьці цывілізаваны парадак ва ўласнай краіне. Падкрэсьленая “русскость” многіх нашых маладых сьведчыць пра тое, што яны й не заслугоўваюць іншых да сябе адносінаў. Нельга ад пачатку жыцьця поўзаць на каленках і прыстасоўвацца, чакаючы нагоды ўцячы на Захад. Моладзь павінна ўрэшце разабрацца, адкінуць правакатараў кшталту шызіка Клімава і падтрымаць у барацьбе за Бацькаўшчыну сапраўдную беларускую альтэрнатыву, сьмела абараніць сваю будучыню пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам. 22/5/2005 › Актуаліі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |