Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (1-10 чэрвеня 2005 г.)

Валеры Буйвал
1 чэрвеня – міжнародны дзень абароны дзяцей. У гэтай фармулёўцы замешана добрая порцыя крывадушнасьці. Атрымліваецца, што ў астатнія дні году дзяцей бараніць ня трэба? У Маскве з самай раніцы публічна выступалі запісныя дзетаабаронцы. Міністр унутраных справаў Нургаліеў называў у Думе кашмарныя лічбы. У Расеі ёсьць два мільёны непісьменных дзяцей школьнага ўзросту, шэсьць мільёнаў дзяцей жывуць бяз семьяў, мільёны бадзяюцца без прытулку і жывуць жабрацтвам, прастытуцыяй і рабункамі. Трэба ўлічыць, што гэта ёсьць афіцыйная інфармацыя, а на самой справе карціна яшчэ больш жудасная. Потым тэлевізія паказала “першую ледзі РФ” Людзьмілу Пуціну. Калінінградзкая паштарка завучыла складаны тэкст і амаль без запінкі адбарабаніла яго перад камэрай. Усё пра правы дзіцяці, пра тое, як на плянэце ёсьць шмат несправядлівасьці і гвалту і г.д. Ну, узяла б мадам ды й згадала пра свайго Уладзіміра Уладзіміравіча: колькі сіратаў зьявілася ў семьях расейскіх вайсковаслужбоўцаў і чачэнскіх грамадзянаў паводле канкрэтных загадаў крамлёўскага начальніка? На фоне жоўтай шырмы прэзыдэнтша пераказвала манумэнтальныя банальнасьці пра гуманізм. А мусіла хаця б у гэты дзень наведаць з прыдворнымі дамамі які-небудзь няшчасны прытулак на правінцыі, хаця б сфатаграфавацца зь дзецьмі, раздаць падарункі, выказацца ясна і проста. Калі глядзіш на ўвесь гэты расейскі паноптыкум, становіцца зразумелым, што маскоўская арда ўсё больш набывае рысы старажытнай усходней дэспатыі. Вышэйшая каста спакойна перасоўваецца сярод грудаў трупаў, ня чуе енкаў і плачаў свайго народу, будуе для сябе сады Семіраміды і піраміды. Але нават усходнія дэспаты ставіліся да сваіх рабоў з большай увагай у часы сацыяльных крызісаў. А тут пачалі паступаць дадатковыя зьвесткі пра “конец света” (як назвалі дасьціпныя журналісты энэргетычную катастрофу ў Маскве і памежных з мегалопалісам вобласьцях 25 траўня сёлета). Аказваецца, катастрофа пачалася ўранку, калі Пуцін загружаўся ў самалёт у маскоўскім аэрапорце, гатовы ляцець у Растоў-на-Доне. Атрымаўшы зьвестку пра такую бяду, нават Навухаданосар адмовіўся б ад падарожжа і вярнуўся б у сталіцу. А крамлёўскі гном махнуў рукой і сказаў: “паехалі…” Праз пару гадзінаў ён даваў блытанае інтэрвію з Растова, стоячы сярод цемры мух і мошак (на нейкім сьметніку, ці што?). Цяперака вядома, што ахвяры маскоўскай катастрофы адэкватна ацанілі гэты лубянскі тупізм. Мільёны людзей, што апынуліся кінутымі на вуліцы, праклінаюць свайго нядаўняга куміра. Але справа ня ў тым, што рэйтынг Пуціна рэзка падае. Увесь імпэрскі калос штораз дэманструе сваю нежыцьцяздольнасьць і згубнасьць.

Адзначыў і Пуцін дзень абароны дзяцей. Па ўсёй імпэрыі тэлевізія паказала ягоную куртуазную размову з Дзасохавым. Тым самым Дзасохавым, адстаўкі якога з паста прэзыдэнта Паўночнай Асэціі і суду над якім патрабуе асэцінскі народ. Народ добра разабраўся, што крамлёўскі сатрап быў адным з галоўных саўдзельнікаў масавага забойства дзяцей у Беслане. А самым галоўным быў, вядома, У.У. Пуцін (сярод іншага старшыня крамлёўскай “антытэрарыстычнай групы”), які аддаў загад на “вызваленьне дзяцей” агнемётамі і танкавымі гарматамі. Дзасохаў зьляцеў бы са свайго лякальнага трону яшчэ ў верасьні 2004 г. Але добра памятаем, як ланцуговы пуцінскі сабака Козак рычэў на бесланскіх мацерак, якія патрабавалі пакараньня злачынцы: “Мы не будем осуществлять перестановок под давлением. Всё будет только по процедуре…” Ну, вось у Крамлі трошкі вытрымалі позу і адправілі на пэнсію “па собственому желанію” вернага халопа. Халоп нават атрымаў аўдыенцыю ў свайго начальніка, які казаў яму камплімэнты. Дзетазабойцам было відавочна камфортна ў адной кампаніі. Толькі ня ўдасца злачынцам пазьбегнуць заслужанай кары.

2 чэрвеня ў СССР сьвята – 50-годдзе заснаваньня касмадрому ў Байкануры. Хаця няма ўжо даўно эсэсэсэру, а так хочацца ў Маскве парадвацца за круглую дату. Казахстан дазволіў яшчэ Ельцыну карыстацца гэтай абпаленай пустыннай тэрыторыяй. Цяперашняя Расея надзьмуваецца пад касьмічнага гіганта, а ў самой у той жа час выстаўляюцца на ўсеэўрапейскае пасьмешышча пэўныя голыя, нічым непрыкрытыя часткі фігуры. Да юбілею мясцовае байканурскае начальства падмітусілася. Завяршылі пабудову сабору РПЦ (яны ўжо больш публічна ня зьдзекваюцца з нябёсаў, як раней: “Гагарин в космос слетал, а бога не видел…”). Непадалёк тыя ж “праваслаўнейшыя” дэмакраты падфарбавалі да сьвята помнік Леніну. Міністр абароны Іваноў завершыў эклектычную карцінку, заявіўшы на банкеце, што Расея не дапусьціць пранікненьня чужой зброі ў космас. Так што чалавеціва можа спаць спакойна – яму будзе пагражаць толькі расейская зброя. Крыклівыя заявы рабіў ў гэты ж дзень міністр замежных справаў РФ Лаўроў. Ва Уладзівастоку ён падпісваў памежныя пагадненьні з кітайцамі. А заадно паабяцаў, што Расея не дапусьціць усталяваньня “тэрарыстычных рэжымаў” у краінах Цэнтральнай Азіі. Лаўроў дадаў таксама, што гэта чачэнскія групоўкі арганізавалі нядаўнія закалоты і хваляваньні ва Ўзбэкістане. Адным словам, Расея дэманструе сябе гаспадаром у цэнтры Азіі, які ўсім пакажа месца пад лавай. А тым часам стала вядома, што тысячы расейскіх семьяў дынамічна прадаюць кватэры ў Ташкенце ды іншых узбэцкіх гарадах і ўцякаюць з краіны. Нават асаднікі ня вераць балбатні міністра, які толькі што падпісаў здачу кітайцам імпэрскіх памежных тэрыторыяў. Людзі ўжо ня вераць у казачку, што “Москва за нами…”, і выкручваюцца з постімпэрскіх прыгодаў самастойна.

Лубянская публіка выраблялася ў гэты ж дзень таксама ў Парыжы. У амбасадзе РФ адбыўся банкет з ікрой і шампанскім. Уручалі расейскі пашпарт 84-гадовай Марыне Дзянікінай, дачцэ аднаго з найбольш вядомых белых генэралаў часоў грамадзянскай вайны. У 1920 г. яна своечасова пагрузілася разам з бацькамі на карабель, які адплываў у Стамбул, а потым пражыла ўсё жыцьцё на эміграцыі ў Парыжы. Цікава было глядзець, як у амбасадзе чэкістыя бегаюць на пуантах вакол белагвардзейскай бабулі. Тыя самыя дзяржынцы, што “пусьцілі ў расход” безьліч белых афіцэраў. Тэматычная сумесь, якую забалтваюць цяпер у пуцінскай Расеі, не надаецца для нармальных мазгоў. Тут вам і святы ленін на плошчах, і роўнаапостальны, забіты паводле ленінскага загаду цар Міколка, і чырвоны сьцяг, і ўласаўскі трыкалёр. Хаця самае галоўнае, каб мы засталіся назіральнікамі гэтай папулярнай расейскай забавы. Беларусам, што тады, што й цяпер найважнейшым было і ёсьць застацца ў баку ад маскоўскай блытаніны. Чытаючы нямецкія манаграфіі пра грамадзянскую вайну, мне давялося пераканацца ў гэтым яшчэ раз. Савецкія падручнікі паведамлялі нам, што дзянікінская (ды й іншыя белыя арміі) “вярталі на кантралюемых імі тэрыторыях усі дарэвалюцыйныя парадкі: ахранку, памешчыкаў, філёраў, нявыносныя падаткі і зьдзекі над простым людам”. Думалася, што ўсё гэта выдумкі бальшавіцкай прапаганды (бо белыя змагаліся ж супраць зла – супраць чырвоных). А нямецкія дасьледчыкі пацьвярджаюць, што сапраўды белыя імкнуліся да поўнай рэстаўрацыі лякальных парадкаў і аднаўленьня сваёй “едіной і неделімой” імпэрыі. Белае афіцэр’ё адбірала ў сялян коней падчас жніва, каб катаць сваіх дам, рабавала народ, сапраўды вяртала памешчыкаў, якія жорстка помсьцілі за рэвалюцыйныя крыўды. Белыя ня менш за чырвоных ненавідзелі ўсё нацыянальнае, усё нярускае і нават думкі не дапускалі пра нейкую аўтаномію народаў. Эвэнтуальная перамога белых азначала б для Беларусі і іншых паняволеных народаў такую ж трагедыю, як і перамога чырвоных. Нам усё адно, у які колер пафарбавана маскальская фэадальная імпэрыя. Няхай яны Дзянікіна, Калчака і Урангеля хоць у КПСС прымаюць пасьмяротна. Няхай забаўляюцца ў свае бляшкі і водзяць карагоды. Абы як мага далей ад нас.

4 чэрвеня споўнілася 16 гадоў з дня трагедыі на плошчы Цяньаньмэнь. Камунізм, які церпіць паразу на ўсіх кантынэнтах, дэманструючы сваю звыраднеласьць і сатанінскую сутнасьць, зьдзейсьніў у Кітае чарговае злачынства супраць моладзі. Пакаленьне, якое вырасла там пасьля трагедыі культурнай рэвалюцыі (як назвалі камісары дзесяцігадовую хвалю разбурэньня традыцыйнай культуры, нармальнага грамадзтва і ўсіх маральных каштоўнасьцяў у 1960-70-я гг.), не хацела ўжо жыць пад прыгнётам камуністычнай ідэялёгіі. Маладыя паверылі абяцанкам паплечнікаў Мао, якія паабяцалі ім дэмакратыю. Мелася, аднак, на ўвазе “сацыялістычная дэмакратыя” (адзін з варыянтаў рабства, знаёмы на практыцы й беларусам). Дзесяткі тысячаў студэнтаў распачалі ўвесну 1989 г. пэрманэнтную акцыю на галоўнай плошчы Пэкіну, патрабуючы волі і дэкамунізацыі. Напрыканцы траўня з імі сустрэўся нават Гарбачоў, які зьявіўся ў Кітае з афіцыйным візытам. Праз колькі дзён пасьля гэтай падзеі бальшавіцкая банда кінула на моладзь цемру танкаў і аўтаматчыкаў. Войскі забілі і паранілі тысячы дэманстрантаў. На працягу наступных месяцаў адбываліся працэсы і расстрэлы кіраўнікоў студэнцкага руху. Камуна жорстка задушыла маладзёвы рух за абнаўленьне. Дагэтуль на ўсіх міжнародных канфэрэнцыях кітайскія афіцыйныя прадстаўнікі падкрэсьліваюць, што “Кітай мае сваю ўласную традыцыю грамадзкага ладу і ня можа капіраваць заходнюю дэмакратыю…” Аднак, самы заходнія дэмакраты палямантавалі крыху, а потым пачалі паводзіць сабе, нібыта нічога ў Пэкіне не адбылося. Інтэрас бізнэсу аказаўся больш важным, чым дэмакратыя. Нават наступныя Алімпійскія гульні міжнародная супольнасьць прагаласавала праводзіць у Пэкіне. На забітых маладых хутка забыліся. Гэта ня прешая здарада заходняга сьвету, які дбае перш за ўсё пра сваю выгоду.

Напрыканцы першай дэкады чэрвеня ў цэнтральнай Расеі адбылася новая народная драма. Успыхнула эпідэмія гэпатыту ў Ржэве Цьверскай вобласьці, якая хутка распаўсюдзілася на Смаленшчыну і ахапіла Маскву. Мяркуецца, што прычынай пошасьці сталі напоі мясцовай фабрыкі, дзе, відаць, колькі гадоў ужо як ня мылі цыстэрны і пляшкі. Мясцовыя шпіталі завалены хворымі дзецьмі, месцаў для новых пацярпелых няма, няма сучасных мэдычных сродкаў. Маскоўскі Вавілон, захапіўшы суседнія землі, на працягу стагоддзяў па-мангольску эксплуатаваў і вынішчаў іх. Беларускага падарожніка заўсёды ўражвае галеча і занядбанасьць Цьвершчыны і Смаленшчыны: разьбітыя дарогі, зарослыя быльнягом палеткі, бруд, пьянства. Некалі самастойныя княствы з яркай культурай і бліскучай элітай, гэтыя землі сталіся першымі ахвярамі маскоўскай агрэсіі. Трэба згадаць таксама яшчэ пра адзін аспэкт маскоўскага зьнішчэньня: манумэнтальную прапаганду. Савецкая гебэльсаўшчына пасьлядоўна хавала праўду пра апошнюю вайну. На аснове легендаў быў распрацаваны праект “гарадоў-герояў”. Сярод іх, напрыклад, апынуліся Менск (у якім не адбывалася ніякіх маштабных ваенных дзеяньняў) і Кіеў (вакол якога адбыўся адзін з першых калясальных разгромаў чырвонай арміі ў 1941 з прычыны тупасьці Сталіна, які загадаў не адводзіць войскі за Днепр). Зусім нядаўна толькі пачалі гучаць згадкі пра тое, што пад Ржэвам фронт стаяў 17 месяцаў, а загінула там людзей больш, чым пад Сталінградам. Пад смаленскай Вязьмай крывавая гэкатомба пад ударамі нямецкай арміі паўтарылася двойчы: у 1941 і 1942 гг. У абодвух месцах можна ўбачыць крыва зьляпаныя манумэнты калхознага маштабу. Мільёны грошай крамлёўскія брахуны кідалі на манумэнтальныя абракадабры тыпу “родіна-мать” у Сталінградзе, Берасьце, Кіеве, Тбілісі і г.д. Цьвершчына і Смаленшчына нібыта ў вайне і ня ўдзельнічалі. І гэта, паўторымся, толькі адзін з аспэктаў занядбанасьці гэтых тэрыторыяў. Жах расейскай правінцыі бачны там нават у параўнаньні з памежнай беларускай правінцыяй. Вельмі важна, каб маскоўская арда не перакрочыла гэтую мяжу.

10/6/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2005
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024