Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (10-16 ліпеня 2005 г.)

11 ліпеня споўнілася дзесяць год трагедыі ў мястэчку Срэбраніца. Сэрбскія карнікі забілі ў 1995 г. ў гэтай мусульманскай мясцовасьці больш за восем тысячаў чалавек. У Босьніі-Гэрцэгавіне палала вайна, распадалася югаслаўская імпэрыя, што ўзьнікла яшчэ пасьля 1-й сусьветнай вайны. Пасьля сьмерці маршала Ціта ягоная імпэрыя праіснавала трошкі больш за дзесяць гадоў. І вось цікава, хаця сам дыктатар заўсёды падкрэсьліваў сваю незалежнасьць ад Масквы, распад Югаславіі актывізаваўся разам з крызісам і распадам СССР і антыкамуністычнымі пераўтварэньнямі ў краінах сацыялістычнага лягеру. Паглыбляўся эканамічны крызіс расхістанай камуністычнай эканомікі. Увесну 1991 г. народы адкрыта заявілі, што не жадаюць больш жыць пад югаслаўскай масквой – Бялградам. Тады адбыліся першыя правакацыйныя тэрарыстычныя акцыі прадстаўнікоў імпэрскага этнасу, – сэрбаў, — якія не хацелі развалу сваёй імпэрыі. Сэрбы забівалі харвацкіх паліцэйскіх, простых грамадзянаў, пагражалі сваім суседзям рэпрэсіямі, імкнуліся запалохаць народы. Генэралы югаслаўскай арміі (у якой 90% афіцэраў былі сэрбы) паехалі ў Маскву. У Крамлі ім заявілі пра падтрымку імпэрскай мадэлі. Натхнёныя галаварэзы вярнуліся ў Бялград і на перамовах з кіраўнікамі рэспублікаў паводзілі сабе агрэсіўна і нахабна. Калі ў чэрвені 1991 г. рэспублікі адна за адной абвясьцілі незалежнасьць, сэрбская армія пачала агрэсію супраць іх. Ня толькі Масква адкрыта падтрымала агрэсараў. Выключна падлейшую ролю адыграла ў гэтай трагедыі Нямеччына. Менавіта кіраўніцтва Нямеччыны заявіла аб сваёй падтрымцы “адзінства і непадзельнасьці югаслаўскай фэрэрацыі”. Маскалі і немцы нясуць прамую адказнасьць за распальваньне вайны на Балканах і гібель сотняў тысячаў людзей. Менавіта яны далі карт-блянш бялградзкай сволачы на вынішчэньне народаў (два монстры й цяпер працягваюць рабіць тое ж самае ў адносінах да беларускага народу). Больш падрыхтаваная сэрбская армія пасьля першых тэрытарыяльных посьпехаў натаркнулася на арганізаваны супраціў харватаў, славенцаў і мусульманаў. Бялград стварыў на тэрыторыі Босьніі-Гэрцэгавіны і Харватыі “сэрбскія рэспублікі” і пачаў зьдзяйсьняць дзікую палітыку ачышчэньня гэтых тэрыторыяў ад нясэрбскага насельніцтва. Эўропа квола рэагавала на масавыя забойствы і разбурэньне гарадоў і вёсак. Міжнародны ваенны кантынгент ААН, разьмешчаны ў ваенных зонах ня меў ніякіх паўнамоцтваў дзеля адпору сэрбскім агрэсарам. Сэрбы распярэзаліся, забівалі ангельскіх, французкіх і гішпанскіх вайскоўцаў. А Эўропа ўсё чакала, калі народы падымуць ручкі перад забойцамі. Чакаў і нідэрляндскі батальён ААН, які “ахоўваў” мусульманскае мястэчка Срэбраніца ў Босьніі (ААН гарантавала бясьпеку жыхарам гэтага ды іншых мусульманскіх анкляваў). Калі на мястэчка насунуліся сэрбскія часткі генэрала Младзіча, нідэрляндцы баязьліва ўцяклі, пакінуўшы жыхароў на зьдзек і забойства. Такая вось аб’яднаная і дэмакратычная Эўропа пад нямецкай дамінантай, такая ААН, на якую выдаткоўваюцца мільёны доляраў. Атрымліваць падвышаныя ганарары за знаходжаньне ў небясьпечнай зоне аказалася больш прывабным, чым выконваць абавязацельствы і бараніць мірнае насельніцтва. Сэрбскае злачынства шакіравала ўвесь сьвет. Урэшце рэшт НАТО вымушана было бамбіць краіну-агрэсара і прыбіраць шызіка Мілошавіча. Яго ня выратавала ні Масква, ні Лукашэнка, які запрашаў Югаславію ўступаць у “союзное государство РФ і РБ”. З гэтай нагоды беларусы распавядалі тады анэкдот пра апошнія паведамленьні: “авіяцыя НАТО раніцай бамбіла югаслаўскія гарады Менск, Мазыр, Баранавічы…” Шызафрэнічная мадэль, аднак, не рэалізавалася. Бялградзкая дыктатура скончылася ў выніку рэвалюцыі, імпэрыя сканала. А Эўропа так і не навучылася з гэтага крывавага досьведу, працягвае дзяліць кантынэнт на сфэры ўплыву – на русскіе прянікі і брусэльскую капусту. Нам, беларусам, ёсьць таксама карысны ўрок з тых падзеяў: мы самы мусім бараніць сваю незалежную дзяржаву, сваю волю, культуру, родную мову, сваю будучыню ад маскоўскіх агрэсараў, не чакаючы “падтрымкі” і “згоды” цынічнай і выгадніцкай Эўропы. Толькі так можам выратавацца ад маскоўскай арды.

У прынцыпе пра іх ня ведае абсалютная большасьць насельніцтва Беларусі. Пра купку грантасмокаў, якія ў каторы раз спрабуюць даказаць сьвету, што менавіта яны гатовыя прыняць дзяржаўныя лейцы з рук дыктатара і “лучше, чем Лукашенко, интегрировать Беларусь и Россию…” (менавіта так яны фармулююць свае дзяржаўныя патэнцыі і раскрываюць сваю прадажніцкую антыбеларускую сутнасьць). Купка дзейнічае пад рознымі соўсамі. Называецца яна то “пяцёрка плюс”, то “пять шагов к лучшей жизни”, то “сход інтэлігенцыі”. Пад апошнім са згаданых соўсаў зьбіраліся некалькі дзесяткаў дыплямаваных асобаў у лесе яшчэ напрыканцы траўня. А тэксьцікі іхніх дакладаў будзе цікава пачытаць і праз сто гадоў. Гэта клясіка палітычнай сьлепаты, маразма і крывадушнасьці. У лесе яны нібыта “грамілі” дыктатуру, а ніводным словам не згадалі імпэрыю, на якой трымаецца гэтая дыктатура – краіну-агрэсара Расею. Ніводным словам ані разу! У Расеі яны бачаць крыніцу сваіх сямейных даходаў, гаранта свайго мізэрнага існаваньня. Здаецца, у грамадзтве няма сілаў, якія б сказалі праўду пра гэтую публіку. Толькі сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ ўвесь час адкрыцьцём праўды пра карупцыянэраў ад псэўдаапазыцыі ствараюць пагрозу для бесперапыннага паступленьня юдавых ганарараў з Масквы і Бэрліна. Менавіта таму час ад часу здраднікі кідаюцца на Зянона Пазьняка, Старшыню Фронта і Партыі, не хаваючы сваёй нянавісьці, прадыктаванай страхам перад сапраўдным патрыётам Бацькаўшчыны. Для прыкладу падаем пасаж з выступу ў лесе запіснога “старшыні ўсіх інтэлігентаў краіны” Ул. Коласа: “Узьнікае небясьпека ўласным паўнамоцтвам – улада пачынае прамаўляць голасам Зянона Пазьняка, разыгрываецца незалежніцкая карта, згадваецца гісторыя ВКЛ…” (бюлетэнь “Кропка над і” №7, 2005г.) Подленькі прыёмчык, подленькае параўнаньне выкарыстаны з адзінай мэтай: паставіць на адну дошку рэжым і Зянона Пазьняка (гэта, дарэчы, адзін з любімых прыёмаў гэбоўскай прапаганды ў чэргах, цягніках і іншых публічных месцах). Вось на што выкарыстоўваецца нібыта інтэлігенцкі інтэлект. Якая нізасьць самазамілаваных нарцысаў!

А тым часам нарцысы лепяць новую палітычную гарбушку пад назовам “Белорусская христианская демократия”. Менавіта па-расейску распаўсюджваюць яны свае рэклямкі. Практыка паказала, што ўсі без выключэньня расейскія ініцыятывы прадстаўляюць спэцслужбы РБ і РФ. Ну, як вам такі падтытул згаданай праграмкі – “Христианские принципы и белорусский патриотизм”? Зьдзеклівая пародыя з патрыятызму. Хто ж стварае пад камандай КГБ гэтую псэўдахрысьціянскую і антыпатрыятычную тусоўку? Нейкія Николай Артюхов, Павел Северинец и Алексей Шеин. Першы вядомы менш, а вось двух наступных мы памятаем добра і даволі даўно. Саплівы Шэін заўсёды выклікаў нейкае спачуваньне. Паша Северінец (які некалі праходзіў у хроніцы як Павал Севярынец) даўно ўжо апусьціўся і працуе ў амплуа прафэсійнага правакатарства з элемэнтамі клаўнады і буфанады. Перад агентурай пастаўлена канкрэтная задача блытаньня людзей. Яны павінны засьціць сабой Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю – БНФ. Калі не засьціць, то грунтоўна запудрыць мазгі, паваляцца ў адпаведнай нішы палітычнага спэктру. Нячыстыя душы спасылаюцца на “таких белорусских деятелей-христиан, как Евфросиния Полоцкая, Кирилл Туровский, Франтишек Скарына (чаму ж не Скорина?), Микалай Радзивил (чаму не Николай?)… белорусские христианские демократы начала ХХ века…” Калі б уваскрэсьлі беларускія хрысьціянскія дэмакраты, забітыя расейскімі акупантамі сярод іншага й за вернасьць роднай мове, то яны пагналі б гэтую камітэцкую шушару да самай маскальскай мяжы.

11 ліпеня вярхоўны гэбіст РПЦ завітаў да галоўнага гэбіста ФСБ. Патрыярх Алексій асьвячаў “царкву” у галоўным упраўленьні ФСБ. Камічная сцэна! Група ўсьмешлівых сатаністаў з тварамі, падобнымі адзін на аднаго, на чале з Патрушавым стаяла перад сатаністам у залатой сутане, дыміліся сьвечкі. Мы не пасьпелі заўважыць, ці ёсьць сярод абразоў выява забітага чэкістамі Мікалая ІІ Крывавага. На такія мізансцэны просіцца пэндзаль вялікага Геранімуса Босха, спэцыяліста па нячыстай сіле і псэўдасьвятасьці. Хрыстапрадаўцы з лубянскай канторы нават не пакаяліся, не папрасілі прабачэньня за свае злачынствы. Яны працягваюць сваю сатанінскую справу, але цяпер “под знамением РПЦ”. Вось такія гаспадары ў прадажных “патриотов” Северінца ды Шеіна.

9 ліпеня ў сталіцы Малдовы Кішынёве ўлады зноў разьбіраліся з расейскімі дзяржнахабнікамі. У той дзень адбываліся выбары мэра сталіцы. Як заўсёды без запрашэньня прама з акупаванай расейскай арміяй Трансністрыі ў Кішынёў зьявіліся маскоўскія “назіральнікі”, парачка, якая назвалася кіраўніцтвам нейкай арганізацыі “назіраньня ад СНД за выбарамі”. Паліцыя стала высьвятляць іхнія асобы, парачка пачала паводзіць сябе агрэсіўна, атрымала дыхту, была затрымана і зьмешчана ў ізалятар (побач з бамжамі – там, дзе расейскім “назіральнікам” і ёсьць адэкватнае месца). Малдаўскім уладам абрыдла навязьлівасьць маскальскіх правакатараў. Маскоўскія міністры і мэры рэгулярна наведваюцца з “афіцыйнымі візытамі” да прамаскоўскіх сэпаратыстаў, якія пануюць на расейскіх штыках на частцы малдаўскай тэрыторыі – у Трансністрыі (Прыднястроўі). Справа сэпаратыстаў ня мае пэрспэктывы, асабліва пасьля правалу крамлёўскай авантуры з Януковічам на Украіне. Без усякага сумневу акупантам і асаднікам прыйдзецца ўбірацца ў сваю Расею, дзе дастаткова зямлі для ўсіх. Але перад канцом зьвер імкнецца нанесьці народам і краінам як мага больш шкоды. Маскоўская дыпляматыя ўшчала несамавіты вэрхал на тэму затрыманьня сваіх палітбамжоў. Але народы паступова засвойваюць манэру абходжаньня з засланымі правакатарамі.

11 ліпеня ў першыя радкі навінаў СМІ ўсяго сьвету патрапіла Ухта – горад, пабудаваны паводле загаду Сталіна ў рэспубліцы ГУЛАГу Комі. Двое падлеткаў сярод белага дня кінулі ў мясцовы ўнівэрмаг некалькі пляшак з гаручай сьмесьсю (“кактэйлям Молатава”). У выніку моцнага выбуху і пажару загінула дваццаць чатыры асобы, некалькі дзесяткаў чалавек паранена (сярод іх чатырохмесячнае дзіця). Трэба прызнаць, што непаўналетнія забойцы яшчэ ня служылі ў расейскім войску, ня былі на Каўказе, не праходзілі навуку забіваць і нішчыць у ведамстве ваеннага міністра Іванова. Цяпер у Расеі гэтага ня трэба. Культываваньне гвалту, нянавісьці, агрэсіі, чалавеканенавісьніцтва прасяквае ўвесь хворы арганізм расейскага грамадзтва, падлеткавая наркаманія, прастытуцыя і злачыннасьць даўно сталіся банальнай справай. Можна меркаваць, што “мальчішкі” помсьцілі камусьці з абслугі альбо адміністрацыі ўнівэрмагу. Але досьвед падказвае, што ані мы, ані расейскае грамадзтва ніколі не даведаецца аб выніках сьледства і сапраўдных матывах масавага забойства. Рэжым зробіць усё, каб пра гэты жах усе забыліся як мага хутчэй. Каб на расейскую тэму СМІ ўсяго сьвету згадвалі балет “Лебядзінае возера”, кампазітара Чайкоўскага, астранаўта Цыялкоўскага (якія ўсё істінно русскіе прозьвішчы!) і гуманіста Пуціна. Пацьвярджае гэтую тэзу ніколі ня скончаная вынікамі кашмарная сэнсацыя, калі на Ўрале на прадвесьне сёлета зьніклі бязь вестак пяцёра падлеткаў. Бацькі чатырох з гэтых хлопцаў маюць цюркскія прозьвішчы і таму настойліва патрабавалі ад уладаў адпаведнага сьледства і самы зрабілі шмат для мабілізацыі грамадзтва (істінные русскіе звычайна так ня робяць, іхнія семьі — гэта як правіла сацыяльныя руіны ў адрозьненьне ад татарскіх, башкірскіх, бурацкіх, калмыцкіх семьяў). Спаленыя парэшткі нейкіх дзяцей тады міліцыя знайшла. Але ў нейкім падземным калектары, дзе іх раней ня было. Бацькі адмовіліся прызнаць, што гэта парэшткі іхніх сыноў. Сьледства і інфармацыю аб ім замялі, аб усім забыліся. Чорная маскальская дзірка паглынае людзей.

Некалі беларусы зьвярталіся да “Народнай Волі” як да крыніцы альтэрнатыўнай інфармацыі, незабруджанай рэжымнай хлусьнёй. Цяпер гэтую газэтку чытаць часам сьмешна, а часьцей за ўсё нявыносна нудна. “Нар. Воля” гераічна вызначылася ў подлай справе закліканьня нашага грамадзтва да ўдзелу ў фальшывым рэфэрэндуме і выбарах 17 кастрычніка летась, увесь час яна рэклямуе пустыя спэктаклі грантаўскай псэўдаапазыцыі і нахвальвае “дэмакратычную РФ”. Людзі, аднак, не дурныя. За апошніх некалькі гадоў наклад газэткі рэзка ўпаў. 11 ліпеня газэтка шумна сьвяткавала свой 10-гадовы юбілей. І ведаеце, што яна запрапанавала ў якасьці галоўнай публікацыі юбілейнага нумару? А вось што – на цэлую паласу і з прылізаным партрэтам буйнамаштабнае і панэгірычнае інтэрвію з ваенным міністрам Расеі Івановым (дарэчы перадрукаванае з “Московского комсомольца”). У прэамбуле крамлёўскі дракон названы “найбольш верагодным пераемнікам Пуціна ў прэзыдэнцкім крэсьле”.

Па інфармацыю беларус даўно зьвяртаецца ў расейскія СМІ, дзе можна даведацца нешта цікавае. Вось 13 ліпеня “Независимая газета” паведаміла пра працяг “мірнай ініцыятывы” Крамля на Каўказе і вакол яго. Ужо каторы раз Пуцін, Іваноў і іжэ зь імі заяўлялі пра сканчэньне ваенных дзеяньняў на Каўказе і пераходзе да чыста паліцэйскай руціны па захаваньні парадку. Толькі заявяць, а чачэнскія партызаны пад гэтыя фанфары то самалёт састрэляць, то казарму акупантам падарвуць. Газэтчыкі атрымалі сьвежую інфармацыю пра рэзкае павелічэньне колькасьці расейскіх войскаў у Чачэніі, Дагэстане, Кабардзіна-Балкарыі, Калмыкіі і казацкіх вобласьцях памежжа. Менавіта туды будуць выводзіць вытураныя з Грузіі вайсковыя базы. На аснове цяперашніх батальёнаў будуць разгортвацца палкі. З імпэтам Крэмль пачынае падрыхтоўку горных стралкоў і скалалазаў. Маскалія рыхтуецца да паўнамаштабнай вайны супраць каўказкіх народаў, да вайны, у параўнаньні з якой агрэсія супраць Чачэніі будзе выглядаць лякальнай апэрацыяй. Вельмі важна, каб на гэтых франтах не апынуліся беларускія юнакі. Маскоўская імпэрыя відавочна гніе і распадаецца. 13-14 ліпеня Пуцін прыехаў у Астрахань (памежны, аказваецца, горад ад 1991 г.) і пачаў інспэктаваць караблі касьпійскай флятыліі. На фоне “андрэяўскага сьцяга” ён выдаў (відавочна слаба падрыхтаваны, але дастаткова шчыры) маналёг: “Мы ведаем, што ў Дагэстане складаная сітуацыя. Там шмат праблемаў, э-э-э-э… І мы э-э-э-э… будзем вырашаць гэтыя праблемы…” Крамлёўскі пахан любым спосабам пазьбягаў слова “вайна”, але ўсе зразумелі, пра што йдзецца. Ён са сваёй бандай мае намер ратаваць сваю злачынную імпэрыю. Магчыма, што адной з прычын тэрарыстычнай акцыі ў Лёндане была якраз падрыхтоўка вялікай вайны на Каўказе. Маўляў, Захад цяпер заняты праблемай тэрарызму, зацікаўлены падтрымкай Расеі – вось і ня будзе пярэчыць супраць “навядзеньня канстытуцыйнага парадку” з дапамогай браненосцаў, бомбаў, танкаў, самалётаў, кулямётаў, зачыстак на шырокіх абсягах паўднёвых расейскіх калёніяў. Ня выключана, што дзеля мабілізацыі расейскага грамадзтва, дзеля падагрэву нянавісьці да каўказцаў ФСБ у бліжэйшы час арганізуе тэрарыстычныя забойствы ў Маскве ды іншых месцах Расеі.

Калі сьвіньня вырываецца са сьвінарніка і пачынае бегаць па гародзе, яе хутчэй заганяюць назад, каб не патаптала градкі. 14 ліпеня расейская ваеншчына (мабыць пад мілітарныя маналёгі на Касьпіі, выкананыя Пуціным), што атабарылася на грузінскай зямлі у Аджарыі, раптам вывела браневікі і пяхоту на бліжэйшы палігон і пачала страляць і бегаць. Ужо праз некалькі хвілінаў грузінскія ўлады рэзка заявілі начальству расейскай базы, каб яно заганяла сваё войска назад за плот базы. Мабыць былі ўжытыя яшчэ дадатковыя нефармальныя аргуманты, бо надта імпэтна, подзьбегам маскоўцы пасьпяшаліся за свой плот. Паводле нядаўняй двухбаковай дамовы, Масква можа карыстацца сваёй ваеннай базай у Аджарыі да 1 верасьня 2005 г. Але як жа дажыць спакойна, без правакацыяў да гэтага дня?!

З сярэдзіны ліпеня ў Маскве раскручваецца чарговая цікавая карупцыйная справа, на гэты раз з удзелам нядаўняга крамлёўскага начальніка. Нават расейскія журналісты зьдзіўляюцца: яшчэ й года не прамінула, як М. Касьянаў перастаў быць прэм’ерам РФ, а ўжо супраць яго ўшчатае сьледства наконт “причинённого имущественного ущерба в особо крупных размерах путём обмана или злоупотребления доверием”. Калі з 2000 па 2004 г. Касьянаў знаходзіўся побач з Пуціным на пасадзе прэм’ера, калі ўся імпэрыя называла яго “Міша два процента” (бо жулік браў сябе ў кішэню няшмат – усяго два адсоткі, але з кожнай гандлёвай, фінансавай і вытворчай дзейнасьці ў РФ), гэта нікога ў Крамлі не бянтэжыла. А цяпер вось раптам разгледзелі шулера і спусьцілі сабак. Журналіст Хінштэйн раскапаў, што Касьянаў купіў праз падстаўныя фірмы былую дачу незабыўнага М. Суслава, шэрага кардынала Крамля сталінскай-хрушчоўскай-брэжняўскай эпохі. Ды ня проста дачу на ўскраіне Масквы, а сапраўдную лятыфундыю ў 11 га. Заплаціў жулік усяго 720 тысячаў доляраў, а сапраўдны кошт суслаўскай спадчыны – 150 мільёнаў доляраў. Ну, сапраўды, адыёзны Міша стаў паводзіць сябе нахабна ў сваім асяроддзі. Нават у генэралаў і маршалаў ФСБ няма такіх “дачаў”, можа і ў самога Пуціна няма такой. Але справа хутчэй ня ў дачы. Назіральнікі даўно характарызавалі Касьянава як фігуру, якая арганізоўвала пераход ад улады ельцынскай сямьі да ўлады ленінградзкай групоўкі пуціністаў. Кліент і ведае зашмат, і дзяліцца ня хоча. Да таго ж, час ад часу трэба некага з нядаўніх скідваць з крамлёўскага гаўбца прама ў азлоблены натоўп. Аднак, цяпер Міша “адпачывае” за мяжой. Адпачынак зацягнуўся, і ён, падобна, не сьпяшаецца вяртацца. Так што ён хутчэй за ўсё ашчасьлівіць сваёй прысутнасьцю адну з краінаў Эўразьвязу. Там тысячы расейскіх мафіёзаў паскуплялі ня толькі маёнткі і яхты, але цэлыя паветы з патрахамі, сяродземнаморскія пляжы, бізнэсы і банкі. На Захадзе камфортна атабарыліся легіёны расейскіх палітычных мафіёзаў, проста бандытаў і забойцаў. А пасьля чарговага тэракту паліцыя і спэцслужбы карцінна наладжваюць аблавы на дробную шушару. Эўрапейскія кансуляты зьдзекваюцца з беларусаў, якія хацелі б паехаць у іхнія краіны на вучобу, легальную працу альбо адпачынак. А ў гэты час мацуецца сетка тэрарыстычнай расейскай агентуры ў заходніх краінах ды й па ўсім сьвеце.

У беларускіх рэклямных газэтах стракацяць запрашэньні турыстычных фірмаў наведаць (за жменю доляраў) “залатое кальцо Расеі”, Маскву і Пецярбург. Расказваюць пра Трацьцякоўскую галерэю, Крэмль, старажытныя храмы і абразы. Забываюцца толькі распавесьці, што Крэмль маскалям пабудавалі італьянцы, а ўпрыгожылі яркімі кафлямі і тонкай разьбой геніяльныя беларускія майстры (загнаныя ў палон паганымі акупантамі), што старажытныя Ноўгарад, Пскоў, Цьвер, Яраслаўль перажылі жудасныя наезды маскоўскіх акупантаў яшчэ ў сярэднявеччы, калі варвары наладзілі там масавыя забойствы і разбурэньні. Ад бальшавіцкага рэжыму культура панесла незьлічоныя страты і перажыла цёмны век занядбаньня. З цяперашняй Масквы штодня паступаюць кашмарныя зьвесткі. Ненармальны мегалопаліс на 12 мільёнаў асобаў ужо не кантралюе свой экалягічны стан. Усе камунікацыі струхнелі і сыпяцца. Адбываюцца выбрасы масаў фікальных выкідаў, у рэкі і вадаёмы прадпрыемствы скідваюць ядавітыя рэчывы і паліва. Сталіца гнілой імпэрыі брудная, страшная, небясьпечная для жыцьця. А маскалі весела купаюцца ў атручаных рэках і сьмяюцца на папярэджаньні тэлегрупаў. Няхай яны самы й жывуць так. Абы нам трымацца ад іхняга сьметніка як мага далей.

Валеры Буйвал

16/7/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2005
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024