Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Факты і падзеі (18-24 жніўня 2005 г.) “Сталін і Мао слушают нас…” На Далёкім Усходзе ўсхадзіліся шматлікія орды. 18 жніўня пачаліся сумесныя расейска-кітайскія ваенныя манэўры. Генэралы дэманструюць “мір і дружбу”, актыўна братаюцца. Ваенныя гульні яны назвалі “Мірнай місіяй – 2005”. Расейскія СМІ прызналіся, што адпрацоўваюцца “сумесныя дзеяньні па барацьбе з тэрарыстамі”. А вось усе замежныя СМІ пераклалі з кітайскай больш дакладна і паведамілі, што манэўры прысьвечаны адпрацоўцы тактыкі барацьбы супраць народных паўстаньняў нацыянальных меншасьцяў – вось такая “мірная місія”. Уйгуры, манголы і цібэтцы ў кітайскай імпэрыі, татары, чачэнцы, інгушы, якуты ў расейскай імпэрыі цяпер павінны ведаць, што ў выпадку чаго імі будуць займацца дзьве хаўрусныя арміі. Толькі ў Крамлі трэба было б уважлівей пачытаць гісторыю ды зразумець, што прыйшоўшы аднойчы, кітайскі хаўрусьнік можа ўжо дахаты й не вярнуцца. Прыгадаем, як пасьля інвазіі саветаў у Чэхаславаччыну ў 1968 г. савецкія людзі актыўна расказвалі наступны анэкдот: “Я просыпаюсь утром, выглядываю в окошко, а под деревом стоит дружественный китайский танк”. Начальнік ФСБ Патрушаў зьвярнуўся да ангельскіх спэцслужбаў з прапановай “братской помошчі” у рассьледваньні ліпеньскіх тэрарыстычных актаў, што адбыліся ў Лёндане. 19 жніўня ён атрымаў адказ: “спасібо – не надо”. Лубянскія гуманісты, якія кіруюць тэрарыстычнай вайной супраць цывілізацыі ва ўсім сьвеце, не саромяцца адпраўляць сваім ахвярам такія прапановы. Толькі ўжо шмат што зразумелі й людзі на Захадзе, пазбавіліся ад шмат якіх ілюзіяў. На пачатку жніўня міністр абароны РБ Мальцаў езьдзіў з візытам у Маскву. Ён ня проста рабіў справаздачу свайму крамлёўскаму начальству. Ён прывёз папачку з новымі прызначэньнямі. А 18 жніўня стала вядома, што шклоўскі прэзыдэнт зрабіў новых начальнікаў у беларускай арміі. Гэта – выключна расейскія акупанты, ніводнага беларуса! Товарішчі Межуев, Шавров, Земсков, Хохлов, Скобелев, Казаков будуць цяпер камандаваць войскамі заходняга апэратыўнага напрамку, галоўнай ваеннай інспэкцыяй, ракетнымі войскамі і артылерыяй, “сувораўскай” вучэльняй і ваеннай акадэміяй, сувязьзю генштаба. Акупанты бяруць пад кантроль ня ўзятыя яшчэ ключавыя пазіцыі ў нашых узброеных сілах. Працягваецца разбурэньне беларускага войска. Халуі-хрыстапрадаўцы зьвярнуліся 18 жніўня да Лукашэнкі з просьбай выдзеліць ім памяшканьне пад правядзеньне “кангрэсу дэмсілаў”. Там яны мяркуюць завершыць камэдыю з абраньнем “адзінага кандыдата” на прэзыдэнта. Яны ўжо не называюцца правальнай назвай “пяцёрка+”. Груповачка вінцучка вячоркі, Лебедько з АГП, Калякін-камунякін і іжэ з імі вернападдана пішуць свайму начальніку: “Будзем удзячныя, калі Вы акажаце падтрымку ў атрыманьні адпаведнай залы… Спадзяемся, што нашы супольныя дзеяньні ў гэтым накірунку будуць спрыяць дэмакратызацыі жыцьця ў нашай краіне…” Пасьля такога прызнаньня ў “супольных намаганьнях” у іншай краіне такую “апазыцыю” адразу б абсьвісталі і канчаткова запісалі б як структуру рэжыму. А ў нас ім ня сорамна, бо пра іх і так ня ведае большасьць нашага насельніцтва. Грантаўская тусовачка з некалькіх дзесяткаў асобаў, прысьцёбнутая да рэжыму, працягвае сваю імітатарскую дзейнасьць. У той жа дзень краіна і сьвет даведаліся пра новых “герояў” народнай барацьбы. Расейскае ТВ паказала, а “незалежныя” газэты РБ і РФ паведамілі пра мультфільмы, дзе высьмейваецца Лукашэнка ды паказаны клоўн Казулін, які перамагае на выбарах-2006. КГБ пачало займацца маладымі стваральнікамі мульцікаў. Падобна, што студэнтаў падставілі, параіўшы зрабіць жарцік з сур’ёзнай справы. Але чаму Масква так імкнецца насьмяшыць вобразам свайго найвярнейшага хаўрусьніка ўвесь сьвет? Не ўпершыню народная трагедыя ў Беларусі прадстаўляецца маскоўскай прапагандай у вадэвільным стылі, антыбеларуская дыктатура трактуецца як вясёлы кур’ёз у цэнтры Эўропы, а наш народ выстаўляецца ў вобразе вялікай папуляцыі недаразьвітых і малапісьменных прастачкоў. Гэтак Масква прыкрывае сваю разбуральную агрэсію супраць Беларусі, прыкрывае сваю подласьць і жорсткасьць. Падобна, што акупанты й самы паверылі ў свае гумарыстычныя байкі пра нас. Калі яны сустрэнуцца з сапраўдным рэзкім адлупам на нашай зямлі, то будуць бегаць і лемантаваць: “Ах, как же так, и откуда всё взялось?…” 21 жніўня споўнілася 14 гадоў з дню правалу прасавецкага путчу ў 1991 годзе. Памятаем, як пасьля тых падзеяў жыхары Масквы хавалі трох маладых мужчынаў, што загінулі пад танкамі путчыстаў. Інтэлектуалы казалі тады, што ў гэтым ім бачыцца “ўсталяваньне новай традыцыі новай, дэмакратычнай Расеі, якая паўставала на крыві герояў”. Ілюзіі дэмакратызацыі Масквы хутка разьвеяліся, герояў забыліся, а на працягу наступных гадоў расейскі рэжым пад камандай “дэмакратычных” імпэратараў Ельцына і Пуціна забіў столькі людзей, што жнівеньскія маскоўскія падзеі пачалі здавацца чымсьці маласур’ёзным. Сёлета на магілы ахвяраў таго путчу прыйшло каля 60 асобаў, у асноўным сябры і сваякі загінуўшых. Расейская тэлевізія паказала традыцыйныя архіўныя сюжэты і не рабіла доўгіх камэнтароў. Кіраўніцтва імпэрыіі ў гэты дзень дэманстрацыйна займалася канкрэтнай палітыкай, не аддаючыся ўспамінам. Пуцін прымаў у Крамлі ўдаву і сына Ахмада Кадырава, вярнейшага сатрапа Масквы ў Чачэніі, забітага ў 2004 г. ФСБ. Тэлемізансцэна ўсёй сустрэчы мела надзвычай манструальны характар. Лубянска-крамлёўскі начальнік, які аддаў загад на зьнішчэньне прамаскоўскага “прэзыдэнта” Чачэніі, дэманстраваў прыязнасьць і казаў камплімэнты сямьі забітага. Падобныя эпізоды вядомыя ў гісторыі. У 1944 г. пасьля няўдалага афіцэрскага паўстаньня ў Бэрліне Гітлер загадаў зьнішчыць папулярнага ў народзе і арміі маршала Ромэля, якога паўстанцы хацелі паставіць на месца канцлера. Ромэля гвалтоўна атруцілі эсэсаўцы. Аднак, каб не бянтэжыць грамадзтва, фашыстоўскія ўлады заявілі, што Ромэль памёр ад былых ранаў, ды арганізавалі пышнае пахаваньне маршала з усімі ваеннымі ўрачыстасьцямі. Удава атрымала рыцарскі жалезны крыж, сямьі атручанага героя прызначылі вялікую пэнсію. Ня было толькі мізансцэны сустрэчы Гітлера з удавой і сынам маршала. Пуцін пераплюнуў тут самога Адольфа. На гэтым ня скончылася. Нядаўна ў Грозным адсланілі помнік Кадыраву – вернаму прыслужніку і адначасова ахвяры Масквы. Адштампавалі таксама мэдаль ягонага імя ды пачалі раздаваць яго кадыраўскім сваякам, якія займаюць пасады ў марыянэткавым прамаскоўскім урадзе. Удаве ўручылі каля помніка грамату “Почётного гражданина Чеченской республики”… Жудасная мастацкая самадзейнасьць Лубянкі. 22 жніўня, у гадавіну інвазіі СССР у Чэхаславаччыну генэрал Ярузэльскі даў інтэрвію чэшскім журналістам. Справа ў тым, што саветы прымусілі ўдзельнічаць у нападзе таксама й войскі Варшаўскай дамовы. У 1968 г. Ярузэльскі быў якраз міністрам абароны Польшчы і менавіта ён аддаваў загады ды камандваў акупацыйнымі войскамі ПНР. Потым, як вядома, ён жа душыў у 1981-88 гг. народную рэвалюцыю “Салідарнасьці”. Апошнім часам ўвайшло ў моду браць камплімэнтарныя інтэрвію ў розных камуністычных монстраў, якія забілі шмат людзей у імя “соціалістіческой демократіі”. Яны любяць расказваць, як яны “хацелі зрабіць лепш”, як “без іх усё было б горш”, як яны “выратавалі свой народ” ды іншыя казачкі састарэлай агентуры Масквы. Ярузэльскі сказаў чэхам, якіх у свой час не дадушыў танкамі, што “просіць прабачэньня за тыя памылковыя дзеяньні” ды што “ён вымушаны быў выконваць дурныя загады тадышняга палітычнага кіраўніцтва…” Вось так па-кэгэбоўску – “ошибочка вышла, товарищи, несколько миллиончиков уничтожили…” 23 жніўня пяць вялікіх караблёў паўночнага флёту Расеі выйшлі з портаў Баранцавага мора ў далёкае плаваньне. Па марах і акіянах плянэты яны будуць дэманстраваць маскоўскія марскія мускулы. У гэты ж дзень расейска-кітайскія штурмавыя аддзелы ўзялі паўвыспу Шандунь, дзе праводзяцца сумесныя манэўры. Крамлёўская імпэрыя нагадвае ўсім, што яшчэ мае пораху і людзей. Дурныя сумы з нафтадоляраў спатрэбіліся начальству таксама. Яны цякуць у мафійную крамлёўскую казну шырокай плыньню. Наступным радком расейская тэлевізія прадэманстравала тыповы драматычны сюжэт пра грошы, якіх няма. Няма для дзяцей. У раддамах Екацерынбурга за апошнія два гады непараўнальна павялічылася колькасьць дзяцей, якіх маці не бяруць, пакідаючы дзяржаве. Дэмаралізацыя расейскага грамадзтва і галеча даюць свой страшны плён. Мэдсёстры звальняюцца з раддамоў і шпіталёў, дзе месяцамі знаходзяцца такія “адказныя” дзеці. Мэдыкі ня вытрымліваюць нагрузкі (да 13 малых на адну сястру) і жабрацкага заробку. У выніку разьвіцьцём дзяцей практычна ніхто не займаецца, забесьпячэньне іх усім неабходным праводзіцца толькі дзякуючы замежнай гуманітарнай дапамозе. Пакуль у Расею ідуць з Эўропы і Амэрыкі караваны гуманітаркі, ім насустрач рэжуць хвалі расейскія авіяносцы і крэйсэры. Калі цывілізаваны сьвет урэшце убачыць недарэчнасьць гэтай сітуацыі? Мы як у ваду глядзелі, падаючы нядаўна паведамленьне пра “герояў-мульціплікатараў”. Справа атрымлівае сваю раскрутку. Свой унёсак зрабіла ў гэты шум менскае прадстаўніцтва АБСЭ, выдаўшы заяву для прэсы вуснамі свайго супрацоўніка ўгорца М. Харашці. Заява ў стылі: “Свободу Юрію Деточкіну!” Газэта “Нар. Воля” на першай старонцы нумара за 24 жніўня працытавала ўгорца: “Беларусь – адзіная краіна, дзе грамадзян караюць турэмным зьняволеньнем за паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта”. Чытаючы гэты няскладны сказ, міжволі сумняваешся ў якасьці і адэкватнасьці перакладу (вядома, што мясцовыя журналісты выслухоўваюць перакладчыка, які перакладае замежніка з ангельшчыны на расейшчыну, а потым самы перакладаюць пераклад на беларушчыну – атрымліваецца пераклад пераклада). Атрымліваецца, што міжнародны прадстаўнік убачыў у дзеяньнях мульціплікатараў паклёп. Цікава, як ён паставіцца да профі ад мясцовай журналістыкі і іхніх перакладаў? Але мы добра памятаем, што АБСЭ не прымала ніякіх заяваў і наагул не падавала ніякай інфармацыі пасьля таго, як у 2000 г. спэцслужбы рэжыму зрабілі спробу забойства Юры Беленькага, намесьніка старшыні БНФ “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ (сп. Беленькі быў тады цяжка паранены і кінуты за краты, дзе ўлады на працягу сутак адмаўлялі яму ў мэдычнай дапамозе). Маўчала АБСЭ, калі ўвосень 2004 г. улады ў Віцебску арыштавалі і судзілі сябра Фронту і Партыі Уладзімера Плешчанку (яму таксама было адмоўлена ў мэдычнай дапамозе за кратамі, калі ён перажываў цяжкі сардэчны прыпадак). І гэтак далей. Вядома, што весялей і бясьпечней паўдзельнічаць у мультыплікацыйным вадэвілі. Дачакаемся можа й помніка пад пышнай назвай “У гонар апазыцыйнай мульціплікацыі” дзе-небудзь у Стразбурзе або Брусэлі. А можа і ў Лёндане. Там таксама сядзяць магутныя аналітыкі. СМІ ўсяго сьвету паведамілі нам 24 жніўня, што тамтэйшы Цэнтар міжнароднай палітыкі абнародваў даклад на тэму “План дзеяньняў для Расеі”. Ведаеце, хто распрацоўваў даклад? Як паведамілі СМІ: “пры ўдзеле расейскіх экспэртаў і палітыкаў, у тым ліку Грыгорыя Яўлінскага і Міхаіла Касьянава”. Да-а-а… Гэтыя на брытанскія гранты напішуць тэкстаў. Першы са згаданых — проста правальшчык сваёй самай правай партыі, якім крамлёўскі гэбізм пакарыстаўся, а потым выкінуў на сьметнік. Ну, а другі… яго інакш як маскоўскім Ваням Ціцянковым не назавеш. Касьянаў (у народзе Міша Два працэнты, бо будучы прэмьерам РФ у 2000-04 гг., браў у сваю кішэню два адсоткі з любой фінансавай, гандлёвай і вытворчай трансакцыі) – адразу стаўся “апазыцыянэрам”, як на яго завялі крымінальную справу. І вось што сярод іншага напісалі ў лёнданскім дакладзе гэтыя маскоўскія жулікі: “практычна ўсе прыкметы сучаснай дэмакратычнай дзяржавы зьніклі ў Расеі за кароткі пэрыяд часу…” Значыць, у касьянаўскі пэрыяд у Расеі квітнела дэмакратыя. Далей яшчэ цікавей. СМІ паведамілі, што Касьянаў крытыкаваў цяперашнюю расейскую сістэму вэртыкалі і карумпаванасьць чынавенства (яго цяпер трэба пераймяноўваць у Мішу Сьмерць Карупцыянэрам). Заходняя дурата – зьява невычэрпная. У такіх выпадках расейская шпана прызнаецца, што заходнікам можна “втюхивать любую туфту…” Асэцінскім маці абрыдла афіцыйная мана. 24 жніўня дзесяць з іх адмовіліся пакінуць залю пасьля заканчэньня судовага паседжаньня ў Вярхоўным судзе Паўночнай Асэціі. Расейская тэлевізія зрабіла свой кароткі рэпартаж з залі суда. Паказалі былога закладніка – хлопчыка, які апазнаў у падсудным Кулаеве аднаго з тэрарыстаў. Але не паказалі выступ яшчэ адной дарослай закладніцы, якая паведаміла, што была сьведкай таго, як улады не адказвалі на запіскі, што пасылаліся ім з захопленай школы або не прымалі запісак (але пра гэта паведамілі іншыя СМІ). Гэта значыць, што ўлады не зьбіраліся весьці нікіх перамоваў з тэрарыстамі (крамлёўскі плян быў адназначны – забіць усіх: тэрарыстаў і закладнікаў). Дык вось, маці загінуўшых дзяцей Беслана пачалі акцыю пратэсту ў залі суда, патрабуючы прыцягненьня да адказнасьці мясцовых і маскоўскіх дзеячаў з так званага штабу па вызваленьні закладнікаў. Прагучала (упершыню публічна ў гэтым кантэксьце) таксама й імя тов. Пуціна, які быў старшынём гэтага штабу. Асэцінам стала ўрэшце зразумела, хто аддаў загад на масавае забойства іхніх дзяцей. Нам. генпракурора РФ (сустрэчы з якім патрабавалі жанчыны) адмовіўся сустракацца з імі ў залі суда. Падобна, што скора тов. Пуцін будзе смажыцца на асэцінскай патэльні. Валеры Буйвал 25/8/2005 › Актуаліі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |