Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: “Незалежнасьці можна дамагчыся малымі сіламі, але ўтрымаць Незалежнасьць малымі сіламі цяжка”

Сяргей Навумчык, Прага

25 жніўня 1991 году, пад ціскам дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Авальнай залі Дому ўраду і некалькіх тысяч грамадзян перад будынкам парлямэнту, Вярхоўны Савет 12 скліканьня надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнай сілы. Дэ-юрэ Незалежнасьць Беларусі была адноўленая. Госьць Свабоды – па тэлефоне зь Нью-Ёрку старшыня парлямэнцкай Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк.

(Навумчык: ) “Хацеў бы пачаць з цытаты з кнігі Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому” пра падзеі жніўня 1991 году. Быкаў апісвае ўласную трывогу пад час маскоўскага путчу: “Зянон пры чарговай сустрэчы сказаў пра апошнія падзеі трохі інакш, чым мне адчувалася. Ён сказаў, што гэта – добра. Гэта толькі паскорыць іхнюю агонію. Сьмерць прыйдзе знутры. Трэба толькі не чакаць, выхапіць з полымя тое, што нам належыць – нашу свабоду. Бо іхняй свабоды ўжо не ўратаваць нікому. Тое былі разумныя словы, толькі як дамагчыся іхняга спраўджаньня?”

Аказалася, што – сапраўды, Вы мелі рацыю, путч паскорыў агонію камунізму і савецкай імпэрыі. А далей было патрабаваньне аб скліканьні нечарговай сэсіі. Вось наколькі, на Вашу думку, важна ў палітыцы “выхапіць з полымя”, як працытаваў Вас Быкаў, скарыстаць час?”

(Пазьняк: ) “Для мяне гэта ёсьць найважнейшае пытаньне палітычнай тактыкі. Гэта значыць – зрабіць патрэбнае дзеяньне ў адпаведны час і ў адпаведны момант. Каб вызначыць гэты час і момант, трэба вельмі хутка аналізаваць наперад. Часам трэба проста адчуць імгненьне, і не спазьніцца. Бо бывае, што вырашаюць сэкунды. Я, шчыра кажучы, люблю ўдзельнічаць у такіх сытуацыях, бо гэта і ёсьць творчы момант у палітыцы. Тыя 1990-ыя гады даюць шмат прыкладаў выкарыстаньня намі добрай тактыкі і выкарыстаньня моманту. Калі б у 1991 годзе нам не ўдалося сабраць сэсію Вярхоўнага Савету 24 жніўня, і яна адбылася б на дзень-два пазьней – то сытуацыя магла б разьвівацца інакш, асабліва праблематычнай зрабілася б забарона дзейнасьці КПСС.

Ці, напрыклад, галасаваньне за Незалежнасьць 25 жніўня, гэта значыць, наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы. На другі дзень сэсіі намэнклятура ўжо аджыла ад страху, і я адчуваў, што мы можам не набраць дзьве траціны галасоў. Шушкевіч ужо сабраўся ставіць на галасаваньне. І ў апошнюю сэкунду я папрасіў слова і ўдарыў па Ельцыну, які ў тыя дні лічыўся нібыта “сьвятой каровай”, быў “сьцягам расейскай дэмакратыі” і выклікаў жах у камуністычнае намэнклятуры. Я сказаў, што расейскі ельцынізм будзе пагражаць усім, усёй Беларусі, таму трэба ўсім нам цяпер аб’яднацца вакол ідэі Незалежнасьці. І тут жа ўстаў напалоханы Ельцыным камуніст дэпутат Мачуленка, і прапанаваў “товарищам коммунистам прислушаться к словам Зенона Станиславовича.”

У выніку, за Незалежнасьць прагаласаваў тады практычна ўвесь Вярхоўны Савет. А тое, што потым дэмакраты дзьмуліся на мяне, што я нібыта пакрыўдзіў Ельцына, ня мела аніякага значэньня, тым больш што я сказаў праўду, і далейшыя падзеі гэта пацьвердзілі.”

(Навумчык: ) “Цяпер некаторыя аналітыкі гавораць, што нават калі Апазыцы БНФ не дамаглася б – ці не дамагалася б – скліканьня сэсіі, дык усё роўна Беларусь здабыла б незалежнасьць, бо і “без таго” падзеі ў Маскве, супрацьстаяньне Ельцына ды Гарбачова, да гэтага вялі. Ці Вы павгаджаецеся з такім меркаваньнем”

(Пазьняк: ) “Цікава, хто б гэта зрабіў? Гэтае меркаваньне ёсьць меркаваньне недасьведчаных людзей, якія далёкія ад веданьня, што і як тады адбывалася. Альбо гэта меркаваньні людзей, якія кажуць гэтак сьведама, каб прынізіць нашу беларускую перамогу і Беларускі Народны Фронт. Беларускаму Народнаму Фронту слава – ён вярнуў Незалежнасьць, і слава за тое, што своечасова правільна скарыстаў момант і сьмела ім распарадзіўся.

Мы маем іншыя прыклады. 1996 год. Вярхоўны Савет 13-ага скліканьня. Што натварыла там прамаскоўская апазыцыя АГП? Памятаеце? Яны нават не змагаліся. Усё правалілі. Нават вынікі незаконнага рэфэрэндуму 1995 года – зацьвердзілі. Нават “Пагоню” і бел-чырвона-белы сьцяг здалі! Была і такая апазыцыя. І ўявіце, каб гэтакая публіка была б у 1991. Мы ўжо б і дзяржавы ня мелі б. Гэтыя дзеячы стаялі тады на баку намэнклятуры. А цяпер яны запісаліся ў апазыцыю, і ляпаюць на нашае змаганьне і на нашу гісторыю.”

(Навумчык: ) “І зноў жа, спашлюся на меркаваньні некаторых камэнтатараў. БНФ і Вас асабіста часта папракалі і папракаюць у радыкалізме, а вось некаторыя лічаць, што ў жніўні 1991-ага, пасьля правалу путчу, дэпутаты. Апазыцыі БНФ і пэрсанальна Пазьняк выявілі занадта вялікую мяккасьць, не дамагліся канчатковага зьнішчэньня намэрклятурнай сыстэмы. Кажуць нават, што варта было ісьці на штурм КГБ, які пасьля путчу вельмі хутка вярнуўся да сваёй звычайнай дзейнасьці…”

(Пазьняк: ) “Ну так, для некаторых важна было б “пашумець”. Гэта ёсьць спажывецкія меркаваньні камэнтатараў “ад тэлевізара”. Такім “аналітыкам” хочацца, каб нехта ім нешта зрабіў.

Але каб мы маглі дзейнічаць радыкальна, трэба было ім усім 24 жніўня 1991 года адарвацца ад экранаў і ад канапы, і прыйсьці на плошчу Незалежнасьці да Вярхоўнага Савета. Каб там сабралася не 20-30 тысячаў, як было, а 100, 200, 300 тысяч, пад бел-чырвона-белым сьцягам. Трэба было гэтым аналітыкам прыйсьці, каб пад сьценамі камуністычнага парлямэнту адчуваўся рокат народнай сілы.

Нас жа было ў Вярхоўным Савеце толькі 8 адсоткаў. І тым ня менш, мы выйгралі палітычнае змаганьне – вярнулі Незалежнасьць. Мы не маглі рызыкаваць гэтай заваёвай, маючы спачувальнікаў ля тэлевізараў, а не змагароў пад сьценамі парлямэнту, калі вырашаўся лёс беларускай нацыі. І таму мы зрабілі правільна, што не паддаліся на авантуру, да якой, дарэчы, нас піхалі.”

(Навумчык: ) “Спадар Зянон, я працягну выступаць у ролі “адваката д’ябла”, задаючы Вам непрыемныя пытаньні з пазыцыі Вашых крытыкаў. У жнівеньскія дні 1991 году ў газэце “Знамя юности” зьявіўся артыкул, дзе БНФ абвінавацілі з кампрамісе з камуністамі і, канкрэтна, з Кебічам, што БНФ нібыта не будзе патрабаваць адстаўкі Кебіча, а за гэта камуністы і Кебіч падтрымаюць незалежнасьць…”

(Пазьняк: ) “Гэтыя нагаворы не адпавядаюць падзеям. У дні путчу камуністы радаваліся і казалі, што нам – канец. Што яны нас усіх задушаць і расстраляюць, і гэта праўда – так бы і было, яны падрыхтавалі ўжо нават вагоны, у якіх павезьлі б беларусаў у Сыбір.

Таму калі путч праваліўся, і мы ўсе прыйшлі на сэсію, жах іхны быў неапісальны, ён межаваў з шокам. Многія літаральна дрыжэлі ад страху. Таму нам ня трэба было ні аб чым зь імі дамаўляцца, а толькі дыктаваць свае ўмовы, якія яны, дарэчы, выконвалі як агалмошаныя.

Шок, аднак, ня мог працягвацца вечна, і мы гэта ведалі, асабліва калі камуністы ў кучы. Максымум – дзень-два. Ад сілы – тры. Вось мы і ўклаліся ў гэтыя дні, каб здабыць асноўнае – Незалежнасьць, і зьліквідаваць уладу КПСС. Мы адразу 25 жніўня паставілі пытаньне аб новых выбарах у парлямэнт, а гэта азначала б зьмену ўлады і зьмену ўраду. І тут намэнклятура лягла як камень. Каб спляжыць гэты камень, і разьнесьці яго ў шчэпкі, нам не хапіла як мінімум рашучага народу пад сьценамі парлямэнту. Рэвалюцыя вымагае, як вядома, ня толькі рэвалюцыянэраў.

Пасьля жніўня мы пайшлі шляхам нарошчваньня сілы. Падрыхтавалі Закон аб выбарах і Закон аб рэфэрэндуме. І падрыхтавалі рэфэрэндум аб новых выбарах у парлямэнт. Сабралі паўмільёна подпісаў”.

(Навумчык) “Часам пішуць, што Кебіч прапаноўваў Пазьняку і БНФ месцы ва ўрадзе. Дык – прапаноўваў?”

(Пазьняк:) “Кебіч не прапаноўваў ніякіх пасадаў. Ён толькі гаварыў пра гэта. Ён быў не такім дурным чалавекам, каб падобнае рабіць, таму што ня можа бальшыня ў парлямэнце прапаноўваць пасады апазыцыі. Гэта нонсэнс у палітыцы, яго б маглі папросту абсьмяяць. Але ў прапагандысцкіх мэтах ён пра гэта казаў.”

(Навумчык: ) “Адразу пасьля наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы Вы зьвярнуліся да нацыі, і, падкрэсьлена – да камуністаў – з заклікам аб’ядноўвацца вакол ідэі аднаўленьня Незалежнасьці. Чаму гэты заклік ня быў пачуты, чаму, наадварот, заяўляюць, што Вы нібыта зьбіраліся “вешаць камуністаў”?”

(Пазьняк: ) “Вашае пытаньне, між іншым, добра ілюструе, як у агентуры не сыходзяцца канцы з канцамі. У “Знамени юности” яны казалі, што, маўляў, кампраміс, а ў іншым месцы, тут жа, – ужо адваротнае, маўляў, будзе вешаць. Дзе ж лёгіка? Ім ня важна, што казаць, абы ляпаць на Пазьняка.

Для абароны Незалежнасьці павінна быць адзінства нацыі. Адзінства нацыі ў прыняцьці свабоды. Таму мае звароты былі да ўсіх людзей. Хоць я ведаў, што камуністы на Беларусі былі створаныя Масквой, як антыбеларуская арганізацыя. Яны і цяпер прамаскоўскія і выступаюць супраць беларускай мовы. Але зьвяртацца трэба было і да іх, бо іхняя антынацыянальная пазыцыя – ненармальная. Ніводная дзяржава ня будзе цярпець антынацыянальнай партыі. Таму ў будучай вольнай Беларусі, калі камуністы застануцца на антыбеларускіх пазыцыях, гэтая партыя будзе забаронена. Цікава, што тады, у 1991 годзе, афіцыйныя газэты Беларусі – “Сов.Бел” і іншыя – не надрукавалі маіх зваротаў.”

(Навумчык: ) “Такім чынам, у жніўні 1991 году Незалежнасьць дэ-юрэ была адноўленая, Беларусь атрымала шанец самастойна ствараць сваю будучыню. На якім этапе найноўшай гісторыі гэты шанец апынуўся пад пагрозай ці, калі хочаце, быў згублены?”

(Пазьняк: ) “Я б назваў тры падзеі, расьцягнутыя ў часе, якія зрабіліся фатальнымі для нашай нацыі і засьведчылі вайну супраць Незалежнасьці Беларусі.

Першая і паваротная адбылася ў 1992 годзе, калі быў незаконна забаронены рэфэрэндум аб новых выбарах. І, дарэчы, растаптаная воля паўмільёна беларусаў. Калі б рэфэрэндум адбыўся і прайшлі б выбары ў новы парлямэнт, дык мы б даўно ўжо жылі ў іншай, лепшай Беларусі. З гэтага часу пачалася рэстаўрацыя намэнклятурнай сілы і нарошчваньне палітыкі маскоўскага КГБ у Беларусі.

Другая падзея адбылася ў 1994 годзе – прыход да ўлады Лукашэнкі, а за яго плячыма маскоўскага КГБ і “маладых ваўкоў”, як тады называлі групу, у якую ўваходзілі Сініцын, Ганчар, Лябедзька, Булахаў, Шэйман і іншыя. Яны падтрымалі Лукашэнку, ведаючы, што ён супраць Незалежнасьці Беларусі.

Трэцяя антынацыянальная падзея была ў лістападзе 1996 года, гэта здрада імпічмэнту. Незаконная замена Канстытуцыі праз незаконны рэфэрэндум. Фактычна, тут адбыўся ГэБоўскі пераварот і ўсталяваньне таталітарнай улады.

Але страта пазыцый пачалася менавіта з 1992 года, калі быў зглумлены выдатны шанец добрай нацыянальнай будучыні. Рашэньне аб рэфэрэндуме – гэта значыць, заключэньне ЦВК, было прынята ў канцы красавіка 1992 года. Якраз ішла сэсія Вярхоўнага Савета, заставалася толькі прызначыць дату рэфэрэндуму, і лёс Беларусі пакрочыў бы іншым шляхам. Замест гэтага, прад націскам намэнклятуры, Шушкевіч распускае сэсію, і паўгода Вярхоўны Савет не зьбіраецца. За паўгода намэнклятура і КГБ, які за гэты час увайшоў у новыя структуры ўраду, падрыхтавалі расправу з законнасьцю. Рэфэрэндум забаранілі, і савецкая намэнклятура ўмацавала сваю ўладу ў Беларусі. З гэтага часу пачалася новая каляніяльная прамаскоўская палітыка, якая працягваецца Лукашэнкам і зараз.”

(Навумчык: ) “Ваша ацэнка падзеяў жніўня 1991 года і якія ўрокі, на Ваш погляд, можа зрабіць з іх асэнсаваньня беларускае грамадзтва?”

(Пазьняк: ) “Скажу так: 25 жніўня 1991 года, гэтак жа як і 25 сакавіка 1918 года – гэта ёсьць найвялікшая дата ў гісторыі Беларусі 20-ага стагодзьдзя. У гэты дзень была вернутая Незалежнасьць.

Што вынікае для нас з гэтых падзеяў? Добра было б, каб беларусы зрабілі выснову для сябе вельмі важную. Што ўсяго можна дамагчыся, і ўсё можна перамагчы, калі хацець і калі змагацца. Другая выснова, якая відавочная – што нават Незалежнасьці можна дамагчыся малымі сіламі. Але ўтрымаць Незалежнасьць малымі сіламі цяжка. Мусіць быць воля і рашучасьць усёй нацыі.”

25/8/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2005
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024