Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк. Чаму нельга спадзявацца на так званую “дэмапазыцыю” і яе кандыдатаў у прэзыдэнты

Адказ на гэтае пытаньне відавочны і просты. Людзі, якія складаюць цяпер у Беларусі так званыя “дэмакратычныя сілы” ня ёсьць нацыянальнымі сіламі. Іхняя дзейнасьць, паняцьці і ідэі, якія яны выказваюць, не прыводзяць да стварэньня і захаваньня нацыянальнай дзяржавы (а адпаведна – і дэмакратыі, бо дэмакратыя не існуе па-за дзяржавай і нацыяй). Таму, калі б такія людзі прышлі б да ўлады, — гэта не зьняло б пагрозы для дзяржаўнай незалежнасьці, а толькі прысьпешыла б захоп Беларусі Расеяй і разбурэньне беларускай культуры.

Ідэалёгія, якой кіруюцца “дэмсілы”, — прымітыўная і вульгарная. Гэта ёсьць спадзяваньне на Расею, прынцып “статус-кво” і ўжо добра ведамае ў міжнародным нацыянальна-вызвольным руху “непрадрашэнства”. Яе выказваюць усе “дэмсілы”, пачынаючы ад рускага генэрала Фралова і рускай пісьменьніцы Алексіевіч да былых фронтаўцаў, што перакінуліся ў “дэмсілы”.
Тут даведка. Тэхналёгія імпэрскага “непрадрашэнства” распрацаваная расейцамі яшчэ ў пэрыяд рэвалюцыйных закалатаў пачатку мінулага стагоддзя ў Расеі і заключаецца ў імкненьні аб’яднаць агульныя нерасейскія сілы дзеля вырашэньня расейскіх першачарговых задач, не вызначаючы (“не предрешая”) вынікаў і канцовай мэты змаганьня (а дакладней – лёсу нярускіх саюзьнікаў).
Уладзіўшы свае інтарэсы за кошт іншых, пра іншых можна было забыцца (бо “не предрешали”) і вярнуцца ў статус-кво. А статус-кво – гэта імпэрыя.
У 40-50-х гадах мінулага стагоддзя руская эміграцыйная “дэмакратыя” хацела гэтак злучыць паняволеныя народы СССР (нацыянальную эміграцыю) на зьвяржэньне бальшавізму, “не предрешая”, а што ж будзе потым са свабодай, незалежнасьцю і народамі. Маўляў, давайце аб’яднаемся, разам звалім бальшавікоў, а затым разьбярэмся. Зьмест і вынік гэтага “разьбіраньня” ня цяжка было прадбачыць.
“Мы злучыліся ўсе ў “пяцёрку плюс” (з камуністамі і агэпоўцамі,– З.П. ) – кажа публічна ў Нью-Ёрку В. Вячорка, — каб разам скінуць Лукашэнку. Пераможам, а тады ўжо будзем разьбірацца колькі каму якой дэмакратыі трэба”.
“Спачатку трэба зрабіць дэмакратычную краіну, а потым ужо – добра заняцца беларускай матчынай мовай”, — кажа цяпер непрадрашэнец генэрал В. Фралоў. (Радыё “Свабода”, — 9.09.2005).
Няма розьніцы, якая мова, якая культура, галоўнае – дэмакратыя, клікуе расейская пісьменьніца С. Алексіевіч (таксама выхадзец з сям’і расейскіх вайскоўцаў). “Пакуль мы ня пусьцім дэмакратыю наперадзе мовы, мы зноў загінем”, — пераконвае яна. (Хто – “мы”?) (“Свабода”, — 24.08.2005).
Гэта тыповая пазыцыя фраловых, манаевых, івановых, пятровых, і агулам гэтых “дэмсілаў”.
Другой ідэалягічнай (і цалкам праімпэрскай, прарасейскай) пазыцыяй “дэмсілаў” ёсьць “статус-кво”. “Статус-кво” – гэта русіфікатарская мадэфікацыя прынцыпаў польскай “тлустай рысы” (“грубэй крэскі”) і заходняй “рэальполітык”. “Дэмакраты” ад “статус-кво” прапануюць зыходзіць з рэчаіснасьці, якая ўтварылася і існуе на сёньняшні дзень у Беларусі ў выніку двух стагоддзяў няволі і рускай акупацыйнай палітыкі. Гэта значыць, прыняць як зыходную пазыцыю ў нацыянальнай палітыцы тое, што большасьць беларусаў (асабліва ў гарадах) вымушаны гаварыць па-руску, альбо на зьмешанай беларуска-рускай гаворцы.
Тое, што за ХХ-е стагоддзе акупанты з усходу і захаду (расейцы і немцы) зьнішчылі шэсьць мільёнаў беларусаў, тое, што расейцы расстралялі сотні беларускіх пісьменьнікаў (бо пісалі па-беларуску), спалілі беларускія кнігі, зачынілі беларускія школы, выгналі беларускую мову з унівэрсітэтаў, расстралялі і згнаілі ў турмах беларускую інтэлігенцыю, адміністрацыю, ліквідавалі эліту нацыі, разбурылі беларускую культуру і сьвятыні, помнікі і магілы, сфальсіфікавалі нацыянальную гісторыю і так напаілі безабаронны народ русіфікатарскім атрутным імпэрскім пойлам, што й “патомак яшчэ п’яны”, разбурылі храмы і замкі, і цэлыя гістарычныя гарады – тое ўсё, значыцца, — не ў рахубу. Будзем, маўляў, зыходзіць з рэчаіснасьці, якая існуе (якую стварылі акупанты і нішчыцелі Беларусі). Будзем “дэмакратычнымі”. Яны надзяваюць маску прагматыкаў, зьвяртаюцца да “здаровага сэнсу” і апэлююць да нацыянальнай цемры людзей, якую насаджалі 200 гадоў.
Вось што такое “дэмакратыя” ад “статус-кво” ў акупанцкай інтэрпрэтацыі. Гэта адмаўленьне ад свабоды, ад справядлівасьці, ад змаганьня, ад нацыянальнага разьвіцьця, гэта легітымізацыя народнай сьмерці, замацаваньне гвалту і разбурэньня.
“Яны не ўяўляюць рэальны народ, — крычаць на нас гэтыя “дэмсілы” (Алексіевіч), — ён рускай сьвядомасьці. Адзіны рэальны палітык у беларускай прасторы – гэта Лукашэнка,.. гэты чалавек мае справу з рэальным народам, з рэальнай сітуацыяй, з рэальным часам”. (С. Алексіевіч, — радыё “Свабода”,– 24.08.2005).
“Болтун – находка для врага”, — сказаў бы “с плеча” генэрал-“дэмакрат” Фралоў. Але сам выказваецца яшчэ больш выразна. “Не могу согласиться с тем вялотекущим процессом интеграции, который без руля и ветрил идет уже семь или восемь лет, — жаліцца “дэмакрат”. – То руководство страны готово идти на самую тесную интеграцию, то оно уже тормозит процесс и говорит о суверенитете.” (“Народная Воля”, — 2005, 12.08).
“Беларусы хочуць бачыць сябе ў эўрапейскай цывілізацыі, — разважае іншы знаўца беларусаў, новаствораны “дэмакрат” А. Казулін, — але гэта не азначае, што яны бачаць сябе па-за Расеяй”. (Радыё “Свабода”,– 28.09.2005). Куды ўжо шчырэй. У чрэве Расеі – ды ў Эўропу.
Гэта той самы Казулін, які, будучы рэктарам БДУ, выключаў беларускіх студэнтаў з унівэрсітэта за патрыятычную дзейнасьць, а на паседжаньнях ставіў побач з сабой перакладчыка, каб той перакладаў яму на расейшчыну, калі нехта выступаў па-беларуску (куражился-с).
* * *
Самай адметнай і галоўнай рысай гэтай “дэмапазыцыі” і яе груповачак (што ладзяць “кангрэсы”) ёсьць рабская, халуйская прывязанасьць да Масквы. Тут яны аднадушныя і ў словах, і ў справах. Яны езьдзяць туды, як на працу, дакладваюць, інфармуюць, жаляцца, просяць, паведамляюць, нават “папярэджваюць”, ды няўклюдна “палохаюць”.
“Калі Расея будзе і ў будучым падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку, гэта, на вялікі жаль, прывядзе да нагнятаньня ў Беларусі антырасейскіх настрояў.” Гэта кажа акадэмік А. Вайтовіч. (Радыё “Свабода”, — 20.10.2004).
Наступствы рэфэрэндуму 2004 г. “вельмі небясьпечныя”, — тлумачыць іншы “дэмакрат”, Васіль Лявонаў, “яны небясьпечныя тым, што калі 5 гадоў таму большасьць беларусаў былі гатовыя да інтэграцыі з Расеяй, то цяпер большасьць насельніцтва нэгатыўна ставіцца да гэтай пэрспэктывы”. (“Свабода”, — 20.10.2004).
(Маўляў, — трывога, расейцы, рабіце высновы!)
Але гэта ўсё “дэмакраты” зь “біяграфіяй”. Ёсьць іншыя дэмакраты, таксама дзейныя камуністы ў мінулым, але шчырыя, сьведамыя, яны за мову і Беларусь, паэты, разумныя быццам бы людзі. Аднак гавораць тое ж самае.
Генадзь Бураўкін: “Я ж ня думаю, што ў нас будуць разрывацца з-за нейкіх канфліктаў адносіны з Расеяй – гэта сапраўды гістарычна немагчыма… Чалавек, які будзе прадстаўляць найвышэйшую ўладу Расеі, для чаго ён едзе? (Гэта пра Аяцкава – З.П.). Для таго, каб умацоўваць нашыя адносіны, альбо для таго, каб агітаваць нас разбурыць нашу дзяржаву, а тым самым – і саюз?” (“Свабода”,– 13.08.2005).
Ну і ну! За антыпраўны лукашысцкі “саюз”, аказываецца, перажывае. Марны лёс беларускіх нацыянал-камуністаў. Вынішчалі іх цэлымі партыямі (КПЗБ), цэлымі раёнамі, а яны ўсё на Маскву глядзяць. Нічога не дапамагло: ні сьмерць, ні ссылка, ні турма. Усё пнуцца маскоўца абдурыць (дэманструюць ляяльнасьць). Але абдурваюць толькі сябе.
* * *
Ужо даўно не сакрэт (публічна засьведчылі нават кагэбісты), што ўсе так званыя “дэмпартыі” (акрама сацыял-дэмакратычнай М. Ткачова) былі створаныя ў Беларусі пры непасрэдным удзеле КГБ супраць Беларускага Народнага Фронту.
У 1998-1999 гг. пры супольных дзеяньнях КГБ і нямецкай разьведкі (Ганс Вік), ізноў жа супраць Беларускага Народнага Фронту, з гэтых партыяў была створаная аб’яднаная “апазыцыя” на ідэалёгіі і прынцыпах, агульнай дэмакратыі (ці дэмакратыі наогул).
Пазьней Ганс Вік пакрыўдзіўся за здраду на Лукашэнку (апошні пасьля зрабленьня справы выставіў Віка каленам зь Беларусі) і публічна расказаў у друку пра сваё супрацоўніцтва з КГБ і пра сродкі, затрачаныя на стварэньне прамаскоўскай дэмапазыцыі і на раскол БНФ.
“Забойная” інфармацыя Віка, роўная па сіле атамнаму выбуху, ня выклікала ніякага зруху ў падлукашысцкім грамадзтве, засталася нават не заўважанай. Гэтаму ёсьць свае прычыны і сваё тлумачэньне. Але факт застаецца фактам: ня толькі па сваёй ідэалёгіі, дзеяньнях і справах, але і па сутнасьці арганізацыі і ўтварэньня, “дэмсілы” (ці “дэмапазыцыя”) ня ёсьць зьявай ні нацыянальнай, ні дэмакратычнай, ні самастойнай. Яна пасіўна (а часьцей агрэсіўна) накіраваная якраз супраць нацыянальнага руху і нацыянальнай будучыні Беларусі. Яна цалкам кантралюемая і залежная ад чужых палітычных сілаў, што змагаюцца зь беларускай культурай, дзяржаўнасьцю і незалежнасьцю. Дэмакратычная “апазыцыя” – прылада ў іхных руках.
Цяпер “апазыцыянэры” з Масквы амаль не вылазяць. 28 верасьня (перад дэмкангрэсам) ўдзельнічалі там у сумеснай канфэрэнцыі з адыёзнымі асобамі (тыпу Б. Нямцова), які раней публічна зьневажаў нашу краіну гнюснымі словамі (і “Народная Воля” гэта друкавала).
С. Калякін, В. Лявонаў, Я. Раманчук, А. Лябедзька, А. Дабравольскі, А. Ярашук, С. Багданкевіч, С. Шушкевіч, А. Мілінкевіч, В. Арэшка абмяркоўвалі з маскоўцамі сумесныя дзеяньні. Расейцы паабяцалі “магчымасьці і рэсурсы” для адзінага кандыдата. Усе ўжо цяпер вядомыя “адзіныя кандыдаты” ад дэмсілаў і ў Маскве ўзгодненыя, і паабяцана, што будуць падтрыманыя.
Б. Нямцоў запэўніў, што ён “як палітык выкарыстае свае асабістыя рэсурсы, патэнцыял дзеля таго, каб адзіны кандыдат меў камунікацыі і ў Расеі, каб яго зразумеў расейскі бок, уключна і ўладныя структуры” (!). (“Свабода”,– 28.09.2005).
Другая група “апазыцыянэраў” (В. Фралоў, М. Багдановіч, Л. Марголін, К. Коктыш, С. Казлоўскі і інш.) паехала на агледзіны ў “РИА Новости”. Пасьля агледзінаў маскоўцы грэбліва напісалі зьедлівую інфармацыю пра ўсё, што ўбачылі і пачулі.
“Беларуская дэмакратычная апазыцыя аб’явіла на сябе конкурс, — пацяшаюцца маскоўцы, — кандыдаты заявілі пра сябе ў Маскве. Паколькі адзінага кандыдата беларускія актывісты выявіць сярод сябе не спадзяюцца, выбар прапанавана зрабіць Расеі, ад якой, перакананыя апазыцыянэры, у многім будзе залежыць вынік будучай кампаніі.” (“Взгляд“. – 28.09.2005, www.vz.ru/)
Маскоўцы адкрыта зьдзекваліся з гэтых халуёў: “Прэзентацыя” апазыцыянэраў адбылася ў сераду, — пішуць яны, — на мерапрыемства, як адразу патлумачыў мадэратар, расейскі экспэрт Міхаіл Малюцін, — былі запрошаныя “только интеллектуально вменяемые и нравственно безупречные оппозиционеры”.
На сустрэчы “апазыцыянэры” (М. Багдановіч, В. Фралоў) пачалі жаліцца і расказваць маскоўцам пра свае беды і цяжкасьці, што, маўляў, апазыцыя “безалаберная”, ня хочуць займацца руціннай працай, не разносяць лістоўкі, нічога ня робяць і г.д. Тады выступіў дацэнт Кірыла Коктыш і кажа: “Если сегодня Россия не повлияет на ситуацию, то рискует получить атомизированное, недружественное по отношению к себе пространство”.
Чамусьці ўспомнілася тут расейская блатная песенька з 30-х гадоў:
Милый, купи мне шляпу,
В этой мне стыдно ходить.
Если не купишь – заплачу
И перестану любить.
Спалохаліся маскоўцы ”пространства”, сядзяць, слухаюць. Аж тут выступае вялікі апазыцыянэр С. Казлоўскі і кажа гэтак просьценька ды па-свойску: “В Белоруссии на сегодня очень плохо с субъектами переговоров (грызуцца, значыцца). Если оппозиции не удастся договориться о едином кандидате – противнике действующему президенту, России нужно самой выбрать понравившегося ей оппозиционера и, ”поставив” на него, помочь ему победить”.
— Чаго хочаце, – спыталі тады “апазыцыянэраў” маскоўцы, — расейскага паліттэхналягічнага дэсанту ў Беларусь, як было на Ўкраіне, ці, можа, фінансавай дапамогі?
— Мы дакладна яшчэ ня ведаем, чаго чакаць, — сказалі сьціпла “апазыцыянэры”, “взор потупя”. – Вось заўтра ў нас сустрэча ў гэтакім жа фармаце з палітолягамі. Паглядзім, да чаго там удасца дамовіцца. (“Взгляд“. – 28.09.2005, www.vz.ru/).
Калісьці за часы СССР усе сьмяяліся, як камуністычна-партыйная намэнклятура езьдзіла зь Менска ў Маскву кланяцца расейскаму начальству. Але аказываецца існуе асобная катэгорыя людзей халуйскай мэнтальнасьці. Ці там рабства, ці свабода – на жываце папаўзуць, знойдуць сабе “гаспадзіна”. Не адчуваюць ні пагарды, ні зьдзеку, ня маюць ні крупінкі гонару за сваю нацыю, за краіну, і ніякай годнасьці чалавечай.
Ці можаце вы ўявіць такіх людзей ва ўладзе і што яны будуць кіраваць дзяржавай? Гэта ж лакеі, камэдыянты. Яны ж ня тое што за капейку, за аплявуху гатовыя прадаць усю Беларусь, разам з народам, які абзываюць дурным.
Мы ўжо шмат гадоў зьвяртаем увагу беларускага грамадзтва, што гэта ёсьць падстаўная “апазыцыя”, ніякія не палітыкі, гэта скамарошая частка прамаскоўскага рэжыму дзеля заблытваньня людзей. За сем гадоў пустога гаварэньня і ваяжырваньня паміж Масквой і Брусэлем, яны не дасягнулі ў беларускай палітыцы літаральна нічога, ні на макавае зерне. Гэта ж не палітычная, не беларуская публіка, яны ня здольныя ні на што, акрамя шкоды ўласнай Радзіме.
4-га кастрычніка прадстаўнікі “дэмсілаў” зьбіраюцца зноў у Маскву. Іх запрасілі на паседжаньне СВОП (Савет па зьнешняй і абарончай палітыцы РФ, створаны пры ўдзеле спэцслужбаў; гэта Караганаў і іншыя імпэрыялісты).
Так рыхтуецца новы маскоўскі плян “Ганчарык-2” і ствараюцца новыя ганчарыкі. Ганчарыкам абяцаюць падтрымку, дапамогу “ўладных структураў”, “магчымасьці” ды “рэсурсы”. Ганчарыкі радуюцца, і ніхто зь іх не задумваецца, што тая ж Масква, якая іх падтрымлівае, ужо даўно і адкрыта паставіла на Лукашэнку, выдзеліла яму шматмільённы крэдыт на выбары і паабяцала ў гэтым годзе яшчэ 146 мільёнаў даляраў, ізалявала Польшчу, гарантавала не павышаць цану на газ да 2007 года і нават часова панізіла частку расейскіх падаткаў беларускім гандлярам у Расеі. Няўжо “дэмсілы” не разумеюць, што адбываецца? Разумеюць, яны не ідыёты, але працягваюць бавіцца ў чужую гульню. Чаму?
Ці трэба мне называць гэтае слова-адказ? Гэта страшнае слова. Але гэта так.
Масква выкладваецца, каб выйграць з Лукашэнкам у Беларусі. Для яе гэта, можа, апошні шанц і апошняя магчымасьць, задзейнічаць праз рэфэрэндум так званы “канстытуцыйны акт”, які забясьпечыў бы зьнішчэньне нашай дзяржавы. Яны рыхтуюцца, сьпяшаюць, зьбіраюць незаконныя структуры, прымаюць папяровыя рашэньні. Ім патрэбны зноў рэфэрэндум сумесна з выбарамі. Але Масква адчувае сітуацыю, маўчыць пра гэта, не адчыняе рот. І тады 7-га верасьня зьяўляецца ініцыятыва трох “волатаў дэмакратыі”: В. Фралова, А. Вайтовіча, В. Лявонава – “Рух за вызваленьне ад дыктатуры”. Стваральнікі “вялікага пачыну” вырашылі скарыстацца “канстытуцыйным правам” на… правядзеньне рэфэрэндуму з ініцыятывы грамадзянаў. На рэфэрэндум прапанавалі вынесьці чатыры пытаньні: пра дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства, адмену кантрактнай сістэмы найму на працу, абмежаваньне росту тарыфаў на паслугі жыльлёва-камунальных службаў, дзяржаўную падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу. Пачаліся інтэрв’ю і гаварэньне.
Камэдыю, праўда, адразу папсаваў камандзір ініцыятывы генэрал Фралоў. Гэты з усёй шчырасьцю і прастатой “возми да и брякни“: “Я думаю, что когда Центральная избирательная комиссия исключит из числа предлагаемых нами на референдум вопросов один-два, можно включить туда и вопрос об интеграции с Россией, — заявіў генэрал. – Давно пора четко и ясно определиться!” (“Народная Воля”, — 2005, 12.08)
Ну вось табе і на-а-а! (Разве с такими можно дело делать?) Усіх здаў.
* * *
Увесь гэты здрадніцкі прамаскоўскі псэўдадэмакратычны маразм стаўся магчымым у выніку “вялікай апэрацыі” па расколу Беларускага Народнага Фронту і аслабленьня Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху. Уся гэтая чужародная квазідэмакратыя, арганізацыі, імітацыя барацьбы, паездкі ў Маскву, уся гэтая каляніяльная ідэалёгія непрадрашэнства ды статус-кво накіраваныя разам супраць беларускай нацыянальнай ідэі, супраць беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху і ягонай ідэалёгіі Адраджэньня. Яны і ўзьніклі як імпэрская рэакцыя на Адраджэньне і беларускі рух.
Нацыянальнае Адраджэньне ёсьць антыпод каляніяльнай ідэалёгіі “статус-кво”. Адраджэньне — гэта прынцып агульнага разьвіцьця, унівэрсальны закон усяго жывога, накіраваны на аднаўленьне культуры, на паправу разбуранага, на вяртаньне страчанага, на кансалідацыю народа ў агульных каштоўнасьцях нацыі, у супольных інтарэсах у будаўніцтве нацыянальнай дзяржавы на грунце беларускай культуры, права і дэмакратыі.
Беларускае нацыянальнае Адраджэньне, фактычна, аднавіла дзяржаўнасьць Вялікага Княства Літоўскага пад назвай Беларусь (Беларуская Народная Рэспубліка). Беларускае нацыянальнае Адраджэньне (БНФ) вярнула незалежнасьць у 1991 годзе, і гэтым самым рэальна сцьвердзіла магчымасьць дэмакратычнага разьвіцьця.
Супраць беларускага нацыянальнага Адраджэньня якраз і выступае, і ваюе ўся маскоўская раць.
* * *
І цяпер пра галоўнае і агульнавядомае, аб чым трэба, аднак, заўсёды казаць.
Не бывае, не існуе абстрактнай дэмакратыі, дэмакратыі ўвогуле ці проста дэмакратыі. Дэмакратыя ў Эўропе – гэта вынік духоўнага і культурна-эканамічнага разьвіцьця нацыяў і стварэньня нацыянальных дзяржаваў. Не бывае дэмакратыі бяз нацыі. Гэтак жа, як не бывае “правоў чалавека” пад акупацыяй ці свабоды, дзе кіруе “таварышч маўзер”.
Адсюль – разуменьне прыярытэтаў. Першаснай ёсьць нацыянальная ідэя, якае выклікае разьвіцьцё нацыянальнай сьведамасьці. Нацыянальная сьведамасьць спрыяе фармаваньню нацыянальнага грамадзтва і прадугледжвае стварэньне нацыянальнай дзяржавы. І толькі ў нацыянальна сьведамым і нацыянальна салідарызаваным дзяржаўным грамадзтве магчымая дэмакратыя.
Дарэчы, эмігранцкія нацыі (напрыклад, Канада, ЗША) вылучаюцца высокай нацыянальнай сьведамасьцю і патрыятызмам (гэта база дэмакратыі). Да дэмакратыі трэба нацыянальна і культурна сасьпець. Дэмакратыю цяжка (ці немагчыма) пабудаваць на ўзроўні этнічнай сьведамасьці, тутэйшасьці, непрывязаннасьці людзей да супольнай культуры, мовы, да супольных ідэй, традыцыяў, інтарэсаў і грамадзкіх задачаў. Каб дасягнуць дэмакратыі, неабходна нацыянальна-культурнае асьветніцтва і ўзвышэньне нацыянальнай сьведамасьці грамадзтва. Гэта без выключэньняў пацьвярджае гістарычны вопыт і гісторыя народаў.
Таму казаць (асабліва ўлічваючы тутэйшасьць у псіхалёгіі беларусаў, русіфікацыю і агрэсіўнасьць Расеі), што спачатку дэмакратыя, а потым нацыянальная мова, нацыянальная культура, гісторыя ды традыцыі – не павінен і ня можа адукаваны чалавек (калі толькі ягоны розум не ачмураны антынацыянальнай ідэалёгіяй, фобіяй ці нянавісьцю).
Справа не ў няведаньні, а ў пазыцыі. Бо працягам тэзісу “спачатку дэмакратыя, потым беларуская мова” ёсьць якраз ня “мова”, а сцьвярджэньне, што беларуская нацыя можа існаваць і на рускай мове, а значыць – і ў рускай культуры.
Адукаваныя антыбеларусы (дэмакраты навогул) цудоўна разумеюць, што гавораць глупства. Але гавораць.
У рускай мове і ў рускай культуры дзяржава Беларусь існаваць у прынцыпе ня можа. Бо побач з Расеяй у існаваньні такой дзяржавы няма ніякай неабходнасьці і ніякага абгрунтаваньня. Яна проста робіцца часткай Расеі, прытым па ўласнай волі. Таму палітыка русіфікацыі і зьнішчэньня беларускай мовы ёсьць галоўнай у рускай агрэсіі супраць Беларусі.
Гэтыя відавочныя рэчы, між іншым, вельмі добра растлумачыла Алеся Сёмуха (“Беларус”, — 2005, верасень, №512), раскрываючы фальш, двулікасьць і антынацыянальную агрэсію выказваньняў С. Алексіевіч.
Няма цяпер больш важных пытаньняў для беларускай нацыі, чым мова і незалежнасьць. Бо калі траціцца мова, траціцца і незалежнасьць.
* * *
Сітуацыя, якая складваецца вакол выбараў прэзыдэнта, паказвае, што нельга падтрымліваць ні Лукашэнку (ягоны ўдзел незаконны), ні прамаскоўскую “апазыцыю”, бо гэта у выніку адно і тое ж – залежнасьць ад Масквы і пагроза страты дзяржавы.
Што рабіць? Выкажу прапановы. Напачатку трэба ўсьвядоміць, што Лукашэнка ня мае права ўдзельнічаць у выбарах. Гэта першае агульнае патрабаваньне: “Лукашэнка, адыйдзі!” Заўважце, што “дэмсілы” (Лябедзька) напачатку прызнавалі яму права ўдзельнічаць у выбарах, а ў мінулым годзе агітавалі народ на антыканстытуцыйны рэфэрэндум. Гэта яны дапамаглі рэжыму стварыць цяперашнюю сітуацыю з трэцім тэрмінам. (Зараз яны пра гэта “забыліся”.)
Па закону права на трэці тэрмін у Лукашэнкі няма. Мы (Народны Фронт) запатрабавалі, каб ён сам адмовіўся ад намераў балятавацца ў трэці раз. Адхіленьне Лукашэнкі ад удзелу ў выбарах павінна стаць галоўным грамадзкім патрабаваньнем.
Мусіць быць масавы выхад на галасаваньне. Рэжым гэтага баіцца. Прагаласаваўшы, нельга разыходзіцца, а кіравацца на Цэнтральную плошчу. Хай кожны возьме з сабой нацыянальны Бел-Чырвона-Белы сьцяг. Лёзунг: “Адыйдзі!”
Памятка: масай людзей не павінна кіраваць публіка з дэмапазыціі. Яны ўсё праваляць і сапсуюць. Успомніце Шарэцкага. Гэта адна кампанія.
Галоўнае пытаньне: За каго?
Канкрэтны адказ будзе тады, калі будзем ведаць рэальных зарэгістраваных кандыдатаў, а ня вынікі спэктакляў па маскоўскім сцэнары. “Дэмапазыцыю” і іхных адэптаў падтрымліваць нельга. Усё зглумяць і ўсё здадуць.
Істотна, каб сярод кандыдатаў быў спаборнік, які здольны праводзіць беларускую палітыку ў інтарэсах нацыі і дзяржавы. Галоўныя тры тэсты на такога палітыка: беларуская мова (чалавек бяз мовы ня можа быць беларускім прэзыдэнтам), непадтрымка акупацыйнай палітыкі Масквы, дэмакратыя; гэта значыць — дэмакратычнае права, дэмакратычныя абавязкі, дэмакратычныя гарантыі і дэмакратычныя свабоды для ўсіх (гэта значыць для ўсіх сацыяльных групаў і нацыянальных мяншыняў).
Калі ў выніку такога кандыдата ня знойдзецца альбо яго не дапусьцяць да выбараў, народ на плошчы (а гэта мусіць быць ня менш ста тысячаў, як па закону) павінен прывесьці да прысягі на вернасьць нацыі і Беларусі таго, хто застанецца (калі застанецца) у альтэрнатыве (акрамя падстаўных гайдукевічаў, вядома). У прысязе мусіць быць сказана, што калі спаборнік парушыць яе, ён мусіць зыйсьці, а народ мае права яго адкінуць.
Гэта, вядома, акт маральнага пляну. Але ў моцным грамадзтве маральныя традыцыі і абавязкі вышэйшыя за ўсялякае права. Таму трэба гэта рабіць.
Адразу, у час выбарчай кампаніі, павінен быць створаны грамадзкі Канстытуцыйны камітэт, які будзе назіраць выключна за прысягнуўшым перад народам прэзыдэнтам на прадмет датрыманьня прысягі. Грамадзкі Канстытуцыйны камітэт павінен мець падтрымку ад дзяржавы (памешканьне і г.д.). Усё гэта павінна быць абгаворана ў час прысягі і прынята асобным дакумантам.
Павінен сказаць пра яшчэ адну “заначку” на выбары, якую, відаць, варта абмеркаваць пазьней. Ёсьць эфэктыўны спосаб, як пазьбегнуць фальсыфікацыяў і вывесьці са строю фальсіфікацыйную машыну (яна проста спыніцца). Народ (калі захоча) можа забясьпечыць сабе кантроль над галасаваньнем. Прамаскоўскай дыктатуры настане канец. На ўсялякага мудраца хапае прастаты.
Крэмль думае, што падтрымліваючы Лукашэнку і кантралюючы прадажную дэмапазыцыю, ён паставіў беларусаў у безвыходнае становішча, бо ўсе кандыдаты будуць пад пратэктаратам Масквы, а то і Лубянкі (цяпер яны вучаць “белмову”). Але памыляюцца ў Маскве. Апошняя імпэрыя заканчваецца, і сілы яе на зыходзе. Нічога ня спыніць наша нацыянальнае Адраджэньне, беларускую нашу хаду.

29 верасьня 2005 г. Зянон ПАЗЬНЯК

4/10/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2005
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024