Факты і падзеі (10-15 кастрычніка 2005 г.)
Здаецца, зусім нядаўна адшумеў “кангрэс усіх магчымых дэмакратаў”. А ўжо 9 кастрычніка ў Менску была заўважана тэматычная актыўнасьць стукачоў-прапагандыстаў з адной вядомай канторы.
Яны актыўнічаюць у месцах нефармальнага скапленьня грамадзянаў: на рынках, у чэргах, у пунктах здачы пустых пляшак, у транспарце. Як правіла, гэта крэпенькія дзядзькі (на некаторых былі заўважаны нават міліцэйскія штаны), якія рана пайшлі на пэнсію з “ворганаў”, захавалі здароўе і імпэт служэньня рэжыму. Агентурка шчыруе перад грамадзянамі: “Вот, товарищи, теперь у нас есть профессор, надо поддержать профессора… Это чтобы не бегали по улицам бэнээфовцы. Поддержим профессора!” Так што у Мілінкевіча (“адзінага і непаўторнага”) ёсьць ужо магутная база ў выглядзе рэжыму, а да базы яшчэ й агентурная мянушка. Пакуль “адзіны” паехаў на канфэрэнцыю ў Прагу “прадстаўляць беларускую дэмакратыю” гэбоўскія шыхты не губляюць часу і ствараюць стэрэатып супрацьпастаўленьня “прафэсара” змагарам Беларускага Народнага Фронту. У той жа час падалі голас тыя, на кім няма міліцэйскіх штаноў. Такі доктар марксісцка-ленінскай філясофіі В. Оргіш. Уклад гэтага “без штаноў” у грамадзкую думку надта ж аднабаковы. Фронтаўцы, што рэгулярна зазіраюць у “Нар. Волю”, даўно заўважылі: як толькі мы распаўсюджваем чарговы аналітычны тэкст аўтарства Зянона Пазьняка, то праз колькі дзён зьяўляецца “глыбокадумны плягіят” , падпісаны Оргішам. У плягіяце няўклюдна перадраныя і выдадзеныя за свой прадукт думкі і прагнозы спадара Пазьняка. Летась падчас візыту ў рэдакцыю “Нар. Волі” кіраўнікі Фронту нават засталі доктара Оргіша, перад якім ляжаў сьвежы артыкул аўтарства Зянона Пазьняка, і “доктар” творчы пераносіў зь яго кавалкі ў сваю тэкстоўку. Але самае галоўнае, што з чужых думак плягіятар робіць абсалютна адваротныя высновы, ядром якіх зьяўляецца імкненьне заблытаць беларусаў і нанесьці шкоду нацыянальна-вызвольнаму руху. 8 кастрычніка “Нар. Воля” зьмясьціла чарговы шэдэўр “доктара” Оргіша пад назвай “Бойкот”. Пафасам абьёмістага тэксьціка ёсьць заклік да грамадзтва байкатаваць прэзыдэнцкія выбары 2006 г. Байкот, маўляў, будзе лепшым спосабам не дапусьціць Лукашэнку да ўдзелу ў выбарах. Геніяльна сфармулявана! Цікава атрымліваецца ва ўсіх гэтых “адзіных дэмакратаў”, “пяцёрак плюс” з іхнымі “прафэсарамі” і “дактарамі”. Калі ў кастрычніку 2004 г. сапраўды трэба было байкатаваць пацешныя выбары ў пацешныя палаткі і псэўдарэфэрэндум, то ўся гэтая публіка заклікала ісьці на выбарчыя ўчасткі і “сказать своё НЕТ”. Цяпер, калі трэба рыхтавацца да выбараў прэзыдэнта краіны і даць электаральны бой рэжыму ў адпаведнасьці з Законам, яны заклікаюць да байкоту, адзіным вынікам якога будзе працяг рэжыму Лукашэнкі. Здавалася б, дзіўная лёгіка. А нічога дзіўнага. Оргіш, Мілінкевіч і ўся гэтая псэўдаапазыцыйная хеўра выконваюць разам з дзядзькамі ў міліцэйскіх штанах адну агентурную задачу – расчышчаюць дарогу да ўлады Лукашэнку.
У Лёндане разгараецца чарговы скандал паміж савецкімі людзьмі. Таджык-мільярдэр Аваз Назараў падаў у суд на расейца-мільярдэра Алега Деріпаско і патрабуе ад таго кампэнсацыю ў суме 200 мільёнаў доляраў. Абвінавачваньні стандартныя для расейскага бізнэсу: махлярства, вымагальніцтва і тайная змова. Деріпаско, кіраўнік алюмініевай кампаніі “Базовый Элемент” надурыў таджыка на алюмініевым рынку. Цікавыя гэтыя брытанцы (цікавых у эстэблішмэнце дэмакратычнага Захаду – процьма). Штотыдзень мафіёза Деріпаско прылятае на сваім самалёце ў іхны Лёндан. Купіў тут сябе дом па 25 мільёнаў доляраў, неадмытыя капіталы варочае на лёнданскім рынку. Можа ва ўсім гэтым і ёсьць прагматычная мэтазгоднасьць: маўляў, у краіну цякуць і круцяцца тут грошы. Але ж няхай потым не зьдзіўляюцца простыя лёнданцы ды й іншыя эўрапейцы. “Дэмакратыя” запусьціла ў некантралюемые шэнгенскія краіны легіёны расейскіх бандытаў драбнейшага калібру і прадстаўнічых браткоў з шалёнымі, крывавымі капіталамі, частка зь якіх скрадзена з заходніх жа траншаў і крэдытаў “на дэмакратызацыю і рэформы”. Часовае выгадніцтва ставіць пад пагрозу стабільнасьць ў заходніх краінах, дурата “гостепріімства” ужо дае свой крывавы плён. А лёнданская і брусэльская бюракратыя нават ня чухаецца. Ня будзем жа зьдзіўляцца, калі ў недалёкай будучыні раскрыюцца факты шалёнай, усеагульнай карупцыі брусэльскіх эўрачыноўнікаў ды дзяржначальнікаў з іншых сталіцаў, якія ўжо гадамі сядзяць на расейскай ігле подкупу.
Мы ня раз ужо кпілі з эклектычнага монстра пад назвай “дзяржаўная ідэялёгія Расеі”. У іх атрымліваецца, як у тым анэкдоце пра мэханіка трактарнага завода. Той выносіў з цэху дэталь за дэтальлю і ў сваім гаражы спрабаваў сабраць дармовы трактар. Але кожны раз атрымліваўся танк. Жартоўная мадэль расейскага ваенна-прамысловага комплексу спакойна кладзецца на любы артэфакт ідэі імпэрскага маштабу. Напрыклад, на “національную ідею русского народа”. У кастрычніцкія дні міністэрства рэгіянальнага разьвіцьця РФ скончыла працу над праектам “новай канцэпцыі дзяржаўнай рэгіянальнай палітыкі РФ”. Кіраваў тытанічнай працай дзяржаўнікаў такі міністар Владімір Яковлев — бальшавік, як кажуць палякі, “з крві і тважы”. Расейскія журналісты ўжо разлушчылі праект, адкрыўшы ягоную “стрыжнявую ідэю” – “формирование единого многонационального общества при консолидирующей роли русского народа”. Ну, за што ні возьмуцца, атрымліваецца, як у героя анэкдота — танк, так у гэтых — эксгумацыя згнілых парэшткаў саўдэпіі. Ну, памятаем мы канстытуцыю СССР 1977 г., дзе была ўпершыню сфармуляваная вавілонская шалёная ідэя “новой исторической общности людей – советского народа”. Ідэя бясслаўна сканала праз 14 гадоў разам з СССР. Але зноў пнуцца на гістарычны сьметнік крамлёўскія мысьляры, зноў цягнуць пад нос народам гнільлё савецка-расейскай эры. Ні на што новае яны ня здольныя. Ды і што новага можа быць у рамках вечна фэадальнай маскоўскай імпэрыі? Дарэчы, праца над праектам ідзе ажно з 1996 г., паводле загаду яшчэ Ельцына. Журналісты адзначылі, што ў канчатковым праекце некуды зьнік параграф, прысьвечаны аднаўленьню справялівасьці ў адносінах да рэпрэсаваных саветамі народаў. Затое зьявілася яркая сэнтэнцыя пра тое, што “наше время представляет собой конец одного этапа развития общества и переход к следующему этапу”. Але, геніяльна! Больш дакладна можна вызначыць гэтую расейска-імпэрскую эвалюцыю як “пераход ад этапа маразма да поўнага маразма”.
КГБ-РПЦ працягвае сваю цемрашальскую антыбеларускую справу. У вялікім накладзе па ўсёй Беларусі псэўдаправаслаўная агентура распаўсюджвае ўжо даволі доўгі час брашурку пад тытулам “Слово об абортах” (“по благословенію его преосвяшченства Гурія, епіскопа новогрудского і лідского”, надрукавана ў Слоніме). Нібыта, “благородная ідея” апантала бацюшак-агентаў – яны змагаюцца супраць абортаў. Але на мове акупантаў Беларусі яны не забываюцца затлуміць галаву беларусам, каб тыя ня ўспомнілі, што яны – адметны народ. Вось фрагмэнт тэмперамэнтнай канцоўкі застрашальнага тэксту: “Люди русские! Родные! Всем нам надо прозреть и понять, что на территории нашего родного Отечества идёт необъявленная война…” Далей бацюшкі ў пагонах зрываюцца на казарменна-калхозны слэнг, які ніколі нельга было пачуць у храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы да маскальскай акупацыі: “Мужики! Хоть вы и Президент, и Председатель, и министры – но вы же мужики…” Чытаючы гэтую лабуду пра “святую русь”, міжволі ўспамінаецца даўні падарунак беларускаму чытачу. Менскае дзяржвыдавецтва ашчасьлівіла нас у 1988 годзе выданьнем тэкстаў Кастуся Каліноўскага. “Чтобы всем понятно было”, творы нашага вялікага змагара супраць маскальскіх прыгнятальнікаў былі надрукаваны на маскальскай мове. Было брыдка, але некаторыя дэталі выклікалі сьмех нават у стрыманых людзей. Напрыклад, палымяны зварот Кастуся да беларусаў – “Дзецюкі!”, цяперашнія русіфікатары пераклалі як – “Ребята!”
Азіяцкія і каўказкія народы ня зьдзекваюцца з жывёлін. Калі трэба зарэзаць ягня, мужчына гладзіць жывёлінку па галоўцы, пяшчотна гукае яму “гулі-гулі-гулі”, і калі малое сьцішваецца і не баіцца, рэзка пераразае яму горла (робіцца гэта, каб у кроў ня было выкіду адрэналіну, што папсавала б смак мяса). “Нар. Воля” (дэма-патрыятычнае выданьне) надрукавала 11 кастрычніка артыкул Н. Баратавай пра ленінградзкага пісьменьніка Юрыя Бондарава. Нагодай для публікацыі стала высоўваньне Бондарава на прэмію “союзного государства” у галіне літаратуры і мастацтва. Прычым, дэма-патрыятычная рэдакцыя неяк не патлумачыла чытачам, што згаданае “союзное государство РФ і РБ” – гэта незаконнае, неканстытуцыйнае ўтварэньне, супраць якога змагаюцца ўсе сапраўдныя патрыёты Беларусі. Для рэдакцыі ўсё гэта легальна. Але пачытаем выказваньні Бондарава, якога мы памятаем як аўтара выдатнага рамана пра вайну “Гарачы сьнег” і серыі наступных шавіністычных раманаў “про русскій дух”. Ён кажа камплімэнты Беларусі: “К Беларуси у меня чувство родственного порядка. Случилось так, что немцы нас окружили. И когда мы выходили из окружения, то мы немного зашли на территорию Беларуси. И осталось в памяти: лес, спящая деревня. И такое милое спокойствие было в этих спящих избах. Я подумал: Боже, это какая-то обетованная страна, война, а тут покой!” Што ж ня ўспомніць гэты “родственнічек”, як на працягу дзесяцігоддзяў да самага моманту нямецкага нашэсьця ягоная Масква вяла зьнішчальную вайну супраць беларускага народу? Можа ён ня ведае, як у “спяшчіе ізбы” штоноч уламваліся гестапаўцы НКВД і вывозілі нашых людзей на зьнішчэньне? Можа яму памяць адбіла? Пісьменьніцкае “гулі-гулі-гулі” над беларускім вухам не павінна закалыхваць нас. У маскаля за пазухай добра заточаны нож. Нам не адбіла памяць! Дык вось, Бондараў гатовы прыняць з рук парушальнікаў канстытуцыяў і законаў прэмію. У фінале гэтай, такой “демократічной вообшче” публікацыі драпежнік-інтэлектуал тэарэтызуе наконт законаў: “Что касается перспектив сотрудничества между Россией и Беларусью, то они огромны. Если союзное государство будет на полном, полнейшем равноправии сторон. На равенстве верховных сил (ух, якая містыка!), на совершенно совпадающем принятии всех законов”. Барані Божа, каб быць нам на “полнейшем равноправіі” з жудаснай і няшчаснай Расеяй.
У кастрычніцкія дні расейскія СМІ паведамілі пра навуковы трыюмф Людзьмілы Пуцінай. Паштарка з Калінінграду робіць, аказваецца, галавакружную навуковую кар’еру. Яна была адным з асноўных выступоўцаў на нядаўняй канфэрэнцыі на тэму славяна-цюркскіх адносінаў. І заявіла там, што ”у апошні час назіраецца паляпшэньне і разьвіцьцё адносінаў паміж славянскімі і цюркскімі народамі”. За гэта навуковая рада нейкага Эўразійскага ўнівэрсітэту імя Гумілёва надала Пуцінай тытул “почётного доктора наук” і ўручыла ёй мэдаль “Золотой воін”. Тут пара ўспомніць, як ад тытулу “почётного академіка” адмовіўся адзін мудры чукоцкі рыбак. Ён быў сказаў: “Знаю я вас. По чётным чукча – академик, а по нечётным – рыбку лови…” Ну, а мэдальку пані Люда няхай аддасьць таварышу Пуціну, ён у яе “воін”. Журналісты пакпілі з гэтай “падзеі” навуковага жыцьця: “Такія этнічныя зьявы, як славяне і цюркі, ужо даўно не разглядаюцца як суб’екты міжнародных адносінаў. Уявіце сабе, каб жонка французкага прэзыдэнта Шырака выступіла б у Сарбоне з дакладам пра сёньняшнія цёплыя адносіны паміж раманскімі і германскімі народамі. Яе б добра высьмеялі…”
11 кастрычніка ў Варонежы адбыліся стыхійныя дэманстрацыі замежных студэнтаў. Справа ў тым, што днямі варонежскія скінхэды па-зьверску забілі студэнта з Пэру. 18-гадовы юнак гуляў разам з сябрамі ў парку, калі на іх наляцела вялікая банда з мэталічнымі прутамі і пачала зьбіваць іх. Другі пэруанец і гішпанскі студэнт былі цяжка паранены. Можна зразумець, калі ў Расею едуць вучыцца маладзёны з трэцяга сьвету, з такіх краінаў, як Пэру. Але што рабіў у варонежскім інжынэрна-будаўнічым інстытуце гішпанец? Ён што, начытаўся раманаў пра “матушку-русь” і захацеў авалодаць інжынэрна-будаўнічай лексікай, дзе таксама часта згадваецца “матушка”? Ну колькі яшчэ трупаў і калек павінен атрымаць цывілізаваны сьвет, каб зразумець, што Расея – гэта чорная дзірка сучаснага сьвету, гэта — зона павышанай ступені чалавеканенавісьніцтва? Дарэчы, як заўсёды, перад гарадзкой уладай пратэставалі выключна замежныя студэнты. Расейцаў такая дробязь, як забойства іхняга калегі, не цікавіць. Вось такія наступствы “пралетарскага інтэрнацыяналізму”.
Невядома, ці паступілі зьвесткі пра варонежскі акт расейскага зьверства ў Браціславу, але маскоўскія скінхеды атрымалі адэкватны адлуп менавіта там. 12 кастрычніка яны прыехалі ў сталіцу Славаччыны на атборачны матч чэмпіяната сьвету па футболу. Маскальская шпана пачала маршыраваць у цэнтры культурнага гораду, гарланіць, штурхаць і зьневажаць мінакоў, размахваць сваёй трохкаляровай шматай. Мясцовая моладзь, дастаткова ўжо наслухаўшыся рыку “Слава Росіі!”, урэшце атачыла госьцікаў і добра ўламіла ім разам з паліцыяй. Трох маскалёў павезьлі ў шпіталь, 37 – у пастарунак. А ўвечары расейская зборная праляцела і не патрапіла ў фінал чэмпіянату сьвету. Там будуць гуляць з нашых суседзяў палякі і ўкраінцы.
12 кастрычніка “Нар. Воля” урэшце прыпадняла крышку над смуродным катлом, у якім варыцца антызаконны “канстытуцыйны акт”, паводле якога расейскія імпэрыялісты маюць намер акупаваць (“інтэграваць”) нашу Беларусь у склад Расеі. Грызлоў з расейскай Дзярждумы даволі шчыра паведаміў пра працяг распрацоўкі акупацыйнага “акту”. Дзякуй, прынамсьці, за шчырасьць. Цікавей было пазнаёміцца з камэнтарамі мясцовых нашых запісных “дэмакратаў”. Вось такі “вядомы юрыст” Гары Паганяйла. Можа ён канстатаваў незаконны характар гэтага “акту”, можа згадаў, што гэта ёсьць нелегальная авантура маскоўскіх і менскіх злодзеяў? Чытаем “даведку ад юрыста Паганяйлы”: “Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы – гэта дамова паміж Беларусьсю і Расеяй аб парадку і ўмовах стварэньня агульнай дзяржавы, паводле якой павінна жыць і існаваць гэтая дзяржава…” Вось так, ясна? А што ж скажуць героі нядаўняга “конгресса демсіл”? Напрыклад, непаўторны мысьляр-дзяржаўнік і правая рука “адзінага кандыдата” А. Лебедько? Лебедько: “Размова пра Канстытуцыйны акт – гэта дыялог выключна паміж Лукашэнкам і яго атачэньнем і Пуціным і яго атачэньнем… Таму я думаю, што Канстытуцыйны акт не вельмі цікавы для грамадзян Беларусі, і ў той жа час вельмі актуальны для Пуціна і Лукашэнкі”. Бліскуча сфармулявана! Аказваецца, для беларусаў не ўяўляе цікавасьці дакумант, паводле якога варожыя сілы зьбіраюцца зьнішчаць нашу дзяржаву, а нас здаваць ў расейскае халопства. Можа Лебедько – наіўнячок? Але ж не, ён проста выконвае сваю функцыю разам з “адзіным кандыдатам” Мілінкевічам. Гэтая публіка замыльвае вочы і мазгі нашаму народу, супакойвае – “усё гэта размовы, грамадзяне, ніякай пагрозы ад Расеі няма…” Побач зь імі нават рэжымны журналіст Ул. Глод выглядае аракулам. Вось цытата з ягонага камэнтара: “… геапалітычныя інтарэсы Расеі выяўлены надзвычай ясна, цынічна і адкрыта… З аднаго боку, Масква кажа, што месца Лукашэнкі ў Гаагскім трыбунале, а з другой – яна ж гатова падпісаць зь ім Дамову аб стварэньні адзінай дзяржавы”.
Змадэлюем падзею: раніцай цірольскія партызаны ўварваліся ў г. Бальзана — сталіцу паўднёва-цірольскай аўтаноміі ў складзе Італіі. У горадзе ідуць баі, партызаны штурмуюць казармы карабінэраў… У такім выпадку ўсе без выключэньня італьянскія тэлеканалы вялі б прамую і бесперапынную перадачу з месцаў падзеяў, журналісты б лезьлі ў гушчу баёў, рэдакцыі мабілізавалі б усіх спэцоў і камэнтатараў дзеля абмеркаваньня надзвычайнай сітуацыі. На надзвычайнае паседжаньне сабраліся б урад і парлямант. Прэзыдэнт Чампі зьвярнуўся б да народу з прамовай… У любой эўрапейскай краіне ў такім выпадку ўсе структуры паводзілі б сябе менавіта такім чынам. Але не ў Расеі. 13 кастрычніка ранічкай у расейскіх тэленавінах прамільгнула паведамленьне пра баі ў г. Нальчыку – сталіцы Кабардзіна-Балкарыі. А потым беларусам трэба было шукаць паведамленьняў на замежных каналах. Таму што па расейскіх зноў зайгралі балалайкі, працягнуліся шоў і мыльныя серыялы. У гэты час у каўказкім горадзе партызаны штурмавалі штаб-кватэры ФСБ, міліцыі і войскаў (разам 15 вайсковых зонаў і аб’ектаў –!), паўсюль грымелі выбухі і стрэлы, маскальскія акупанты разбягаліся ў розныя бакі і хаваліся па кустах. А на паседжаньні расейскага ўраду непаўторны прэмьер Фрадкоў-Фрадкін у той самы момант заявіў: “Источники экономического роста России нужно искать в регионах…” Можа ў Нальчыку, товарішч Фрадков? А Пуцін у той жа момант распавядаў у Крамлі пра “расейска-нямецкую дружбу” былому канцлеру ФРГ Колю. Маскальская гэбельсаўская прапаганда даўно спрабуе прадставіць вайну на Каўказе як нешта заштатна-штодзённае, нешта “мірное”. Грозьненскі васал Масквы Алханаў паехаў быў у верасьні з афіцыйным візытам у Сірыю. На сустрэчы з прэзыдэнтам Асадам ён выхваляўся: “Удалось добиться перелома ситуации в Чечне, которая в целом характеризуется позитивной динамикой…” Што гэта за “дінаміка на Кавказе”, мы ўбачылі па расейскіх спэцназаўцах, што бегалі і скакалі пад кулямі на вуліцах Нальчыка. Але можна зразумець маскалікаў. Каб іхныя тэлеканалы дэманстравалі надзвычайныя падзеі ў рэжыме “лайф” (па жывому), то тэлегледачы вымушаны былі б глядзець на катасрофы і кравапраліцьці на тэрыторыі РФ круглыя суткі і круглы год. Пасьля 14.00 13 кастрычніка, аднак, нават і Масква вымушана была прызнаць, што ў Нальчыку ідзе поўнамаштабная вайна. З супярэчлівых камэнтароў крамлёўскага начальства стала ясна толькі адно – тое, што расейская ваеншына наляцела на яшчэ адну вайсковую паразу. Уначы сталіцу аўтаномнай рэспублікі (дзе безьліч расейскіх войскаў і паліцыі, усякіх спэцназаў і ФСБ) увайшла партызанская групоўка ў некалькі сотняў байцоў і пачала штурм вайсковых аб’ектаў. Масква блытаецца ў лічбах стратаў партызанаў (то 60, то 20, то 80 забітых), актыўна паказвае кадры з трупамі загінуўшых патрыётаў. А вось падобна, што пра сапраўдны пагром расейскага акупацыйнага кантынгенту мы не даведаемся. Журналістаў спэцназы гналі з месца баеў. Але вымушаны былі нават крамлёўскія брахуны прызнаць больш за 20 сваіх загінуўшых ды паказаць разгромленую базу ФСБ і захопленыя партызанамі іншыя аб’екты. Самы сьмешны эпізод на фоне драмы – заява пра тое, што міністар МУС РФ Нургаліеў па тэлефоне кіраваў вайсковай апэрацыяй з Люксэмбургу (дзе ён знаходзіўся з афіцыйным візытам і актыўна цёр вушы эўракамісарам пра “мір і спокойствіе на Кавказе”). Хаця сьмешнага мы паглядзелі і на наступны дзень – 14 кастрычніка. Каля Пуціна сабралося ўсё “сілавое” начальства. Замест таго, каб пазвальняць іх за поўны правал ды пазрываць пагоны, лубянскі пахан манумэнтальна выслухоўваў іхныя брахлівыя справаздачы пра “очередную победу”. Зьмеягаловы Іваноў ад ваеннага міністэрства дробна барабаніў: “Всё шло так, как мы и рассчитывали, как и готовились заранее…” А намесьнік начальніка ФСБ Клімашын трубіў: “Заложников в магазине “Подарки” мы освободили. Потерь среди личного состава ФСБ нет…” Гэта пры тым, што “недысцыплінаваныя” тэлеапэратары яшчэ раніцай паказалі нам, як гэбісты пасьля штурму згаданага магазіна выносяць целы забітых жанчын, а журналісты пасьпелі паведаміць пра забітых супрацоўнікаў ФСБ у іншых месцах баёў. Клімашына можна зразумець. Зноў “вызваленьне” гэбістамі абярнулася гібельлю выпадковых людзей. Ад гэтай жудаснай тэндэнцыі кантора будзе адмахвацца ўсімі сіламі і сродкамі. Але не дасьць рады – дурыць сваіх суграмадзянаў і цэлы сьвет бясконца ня ўдасца нават такім загартаваным на крыві манюкам. Цікава было паглядзець ранішнія навіны па РТР (афіцыёзны крамлёўскі тэлеканал) 15 кастрычніка. Яны спачатку паказалі Ірак (павохкалі, бо “там страляюць”), потым паказалі галоўнага чукчу Абрамовіча і ягоную падрыхтоўку да выбараў. І ўжо потым, як падмятаюць вуліцы ў Нальчыку (“всё в порядке, товарішчі”). Але праўду не схаваеш. Разгром расейскай ваеншыны ў Нальчыку – чарговая перамога змагароў за волю на Каўказе.
На фоне паразы на Каўказе расейская імпэрыя ідзе да бліскучай перамогі ў раёне японскіх марэй. РТР паказала аптымістычны рэпартаж з пасёлка рыбакоў-каракаў. У пасёлку няма ані радыё, ані тэлебачаньня (на двары 21-е стагоддзе!). Але 14 кастрычніка там было весела. Прыляцеў акупанцкі верталёт, адкуль вылезлі товарішч Волков (старшыня камчацкага выбаркаму) і шэраг іншых расейскіх культуртрэгераў. Каракі перад тэлекамэрай частавалі госьцікаў чырвонай рыбай і разгублена ўсьміхаліся. А госьцікі заклікалі аўтахтонаў прагаласаваць на бліжэйшым рэфэрэндуме за ліквідацыю Каракіі (аўтаномнай акругі з імем карэннага народа) ды за зьліцьцё акругі з Камчацкай вобласьцю. Пра гэта адрэзаныя ад сьвету каракі пачулі ўпершыню, але ўжо вуснамі мясцовага актывіста-стукача нібыта заявілі пра сваё адабрам-с. Можна толькі паспачуваць старажытнаму народу, які гіне пад расейскай акупацыяй. Маскалі хацелі б сваю авантуру за зьліцьцём РБ і РФ правярнуць такім жа чынам і з намі. Ды вось ня ўдаецца ўжо на працягу больш чым пятнаццаці гадоў нашай незалежнасьці, нягледзячы на намаганьні прадажнай псэўдаапазыцыі. І ня ўдасца ніколі! Дулю вам з маслам, а не чырвоную рыбу!
Валеры Буйвал
15/10/2005 › Актуаліі
|
|
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
Пошук:
Каляндар:
Ідзі і глядзі:
Беларуская Салідарнасьць:
ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.
1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
Каго любіш?
Люблю Беларусь.
Дык узаемна.
2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.
5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.
6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ.
7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Сябры й партнэры:
|
|