Зянон Пазьняк. Акупацыйная палітыка
(Разьдзел з артыкула “Прамаскоўскі рэжым”)
Акупацыйная палітыка, незалежна ад таго, ці яна ўсталяваная зьнешнім чынам шляхам агрэсіі з выкарыстаньнем войска і зброі, ці ўнутраным чынам, шляхам маніпуляцыяў улады з выкарыстаньнем разьведкі і калябарацыі, — акупацыйная палітыка характарызуецца аднолькавымі чыньнікамі: падрывам нацыянальных інтарэсаў і зьнішчэньнем кансалідуючых каштоўнасьцяў нацыі.
Паўсюднымі кансалідуючымі каштоўнасьцямі нацыі ёсьць мова, народ, дзяржава, тэрыторыя, незалежнасьць. Могуць імі быць таксама сымвалы, традыцыі, асобы, падзеі і іншыя сакральныя зьявы. Калі нацыянальнае грамадзтва мае і ўсьведамляе свае кансалідуючыя каштоўнасьці – яно моцнае, яно здольнае да культурнага і грамадзкага разьвіцьця. Калі грамадзтва ўсьведамляе, разьвівае і абараняе свае нацыянальныя інтарэсы – яно самадастатковае, здольнае да цывілізаванага самаўдасканаленьня і павышэньня ўзроўню існаваньня.
Першаснае палітычнае дзеяньне, якое Масква стала праз сваю разьведку (і Лукашэнку) рабіць на Беларусі, — гэта зьнішчэньне якраз кансалідуючых каштоўнасьцяў нацыі ва ўжытку і ў сьведамасьці грамадзтва. Так былі ліквідаваныя нацыянальныя сымвалы Беларусі – дзяржаўны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. (Пачытайце іхныя цяперашнія афіцыйна-рэжымныя “праваслаўныя” рэляцыі: Пагоню там ужо называюць “езьдзец”.) Гэтак (праз палітыку “двухмоўя”) была, фактычна, пазбаўлена дзяржаўнага статусу беларуская мова і падважаны суверэнітэт нацыі.
Наступны этап – зьнішчэньне носьбітаў аб’яднаўчых ідэяў, аб’яднаўчых словаў, паняцьцяў, кансалідуючых зьяваў і аб’ектаў, адлучэньне маладога пакаленьня ад сутнасных каштоўнасьцяў народа.
Гэтак напачатку было забароненае слова “народны”, потым – “беларускі” і “нацыянальны”. Усё беларускае, нацыянальнае (па лёгіцы акупацыйнага рэжыму) павінна зьнікаць, выкрэсьлівацца з ужытку, выключацца з жыцьця. Найперш робіцца гукавы вакуум, паняцьце “беларускае” павінна перастаць шырока існаваць у грамадзтве і ў сьвеце, мусіць, па задуме русіфікатараў, сьцірацца са сьведамасьці. Гэта адпрацаваны прыём расейскіх душыцеляў ужываўся яшчэ ў ХІХ-м стагоддзі ў палітыцы розных цароў, сатрапаў мураўёвых ды карнілавых, пазьней ім карысталіся рускія камуністы.
Самымі ненавіснымі для акупантаў зьяўляюцца кансалідуючыя носьбіты нацыянальных зьяваў, вобразаў і народных ідэяў, ці гэта жывыя людзі (палітыкі, мастакі), ці сакральныя асобы – ўвасабленьне духа і культуры нацыі. Іх перасьледуюць і стараюцца зьнішчыць у першую чаргу. Гэтак акупацыйны рэжым Лукашэнкі абплёўваў вялікага Васіля Быкава, па-хамску зьдзекваўся зь ягонай выдатнай творчасьці, выгнаў яго зь Беларусі і загнаў у магілу (заўчасная сьмерць Быкава на рахунку лукашысцкага рэжыму).
Гэтак перасьледуецца вялікі Скарына. Чужому чалавеку, які не разумее прычыны зьяваў, усё гэта здаецца абсурдам ці нейкай дурнотай рэжыму. Але на справе – рэжым не “дурны”, зьнішчэньне беларускай нацыі адбываецца вельмі рацыянальна, тэхналягічна прадумана і пасьлядоўна, крок за крокам, прытым сплянаваны нават канец (завяршальны этап).
Праспэкт Скарыны быў перайменаваны, з пункту гледжаньня нішчыцеляў, тэхналягічна “правільна” – без тлумачэньняў. Скарына ня толькі відавочна і штодзённа ілюстраваў культурную эўрапейскую веліч беларусаў, але ўскосна паказваў на адсталасьць Масквы. Імя Скарыны пачынаюць мэтакіравана звужаць ва ўжытку, выкрэсьліваць з памяці. Наступны этап – забарона штогодніх Скарынаўскіх чытаньняў ля помніка Скарыну ў Полацку (ізноў жа, без тлумачэньняў). Чарговы факт – на Дзень беларускага пісьменства ў Камянцы не запрашаюць беларускіх пісьменьнікаў і г.д. Беларускую літаратуру як важнейшы чыньнік нацыі даўно і ськіравана вынішчаюць, штучна ствараюць неспрыяльныя ўмовы для яе існаваньня, беларускія пісьменьнікі, па задуме пляніроўшчыкаў этнацыду, не павінны фігураваць у народзе, на віду, у грамадзтве.
Беларусы павінны зразумець, што ўсе гэтакія антыбеларускія факты ня ёсьць толькі хаатычным адлюстраваньнем пазыцыі ці вынікам антыбеларускай настроенасьці рэжыму. Гэта ёсьць праявы сістэмнай разбуральнай працы па вынішчэньні нацыі, якая робіцца прадумана, плянава і пасьлядоўна.
З усіх камуністычных сатрапаў ніхто не зрабіў столькі шкоды беларускай нацыі, як П. Машэраў. (Галоўныя яго злачынствы: ліквідацыя беларускай школы, нішчэньне беларускай мовы, русіфікацыя, меліарацыя, пачатак зьнішчэньня беларускай вёскі.) Рэжым Лукашэнкі працягвае гэтую разбуральную палітыку. Машэраў для Лукашэнкі павінен бы стаць гэтак, як Андропаў для Пуціна. І тым ня менш, побач са Скарынам нішчыцца і памяць пра сатрапа. Абсурд. У чым жа прычына, дзе лёгіка?
Лёгіка ў тым жа – у акупацыйнай палітыцы зьнішчэньня народа. За часы Кебіча пра Машэрава быў створаны міф “чэснага камуніста”, які нібыта падняў Беларусь. Людзей пераконвалі, што Кебіч, рыхтуючыся на прэзыдэнта, бярэ, маўляў, з Машэрава прыклад і стане другім Машэравым. Прапаганда правалілася, а міф прыжыўся. Для савецкіх людзей у Беларусі, былых камуністаў і старэйшага пакаленьня, імя Машэрава стала чыньнікам месьніцкай беларускай кансалідацыі зьлева, фактарам нацыянальнага яднаньня на ілюзіі, на міфалягічным мінулым, якое супрацьставіцца цяпершчыне і Лукашэнку. Машэраў робіцца “пакутнікам” за лепшую долю Беларусі, якога нібыта забіла брэжнеўская Масква (што таксама вынік фантазіі). Па лёгіцы акупацыйнай палітыкі, міф пра Машэрава для Масквы шкодны, бо набывае нацыянальна-кансалідацыйныя рысы ў асяроддзі прамаскоўскай часткі беларускага грамадзтва. Тым больш непатрэбны ён папулісту Лукашэнку. (Пра ліквідацыю палітыкаў я скажу пазьней.)
У гэтую ж катэгорыю зьнішчэньня ўваходзіць нацыянальная памяць, сакральныя зьявы, месцы і аб’екты. Найбольш уражвальнымі прыкладамі зьяўляецца спроба разбурыць Курапаты (пракладка аўтастрады праз пахаваньні, месца расстрэлаў і масавага генацыду), будаўніцтва гатэля ў Менску на месцы будынка тэатру, дзе ў 1852 годзе адбылася пастаноўка “Ідыліі” В. Дуніна-Марцінкевіча, і разбурэньне старога Менска (Верхні горад, Няміга). Гэтак працягваецца акупацыйная палітыка рускіх цароў і камуністаў.
Зянон Пазьняк
15 верасьня 2005 г.
16/10/2005 › Навіны
|
|
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
Пошук:
Каляндар:
Ідзі і глядзі:
Беларуская Салідарнасьць:
ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.
1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
Каго любіш?
Люблю Беларусь.
Дык узаемна.
2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.
5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.
6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ.
7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Сябры й партнэры:
|
|