Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк. Стварэньне падстаўной апазыцыі

(Урывак з артыкула «Прамаскоўскі рэжым»)

Незалежнасьць Беларусі вярнуў аб’яднаны нацыянальнай ідэяй Беларускі Народны Фронт. Галоўнай задачай расейскіх спэцслужбаў, пасьля прыводу Лукашэнкі да ўлады, стала ліквідацыя кіраўніцтва БНФ, потым захоп Народнага Фронту агентурай і перараджэньне яго ў дэмакратычную прарасейскую партыю, тыпу АГП. (Гэтыя пляны, дарэчы, пазьней выбалбатала агентура ўплыву ў БНФ, якая цьвердзіла нават, што нацыянальная ідэя памерла і вычарпала сябе.)
Прыйдзе час, і пра ўсё будзе сказана наўпрост, цяпер жа толькі зазначу, што забойства кіраўніка БНФ намячалася ў 1996 годзе перад V-м Зьездам Фронта і рыхтавалася яно не ў беларускім КГБ, а ў іншых структурах.
Тым часам ні Масква, ні ейны рэжым нічога не маглі зрабіць з Народным Фронтам. Рух набываў масавы характар. Да БНФ далучылася моладзь.
У 1997 годзе адбыўся V Зьезд БНФ, на якім была прынятая канцэпцыя Беларускага Вызвольнага Руху, начале з Фронтам, які выступаў аб’яднальнікам усіх беларускіх апазыцыйных сілаў. Гэта абазначала, што прамаскоўскаму акупацыйнаму рэжыму ствараецца аб’яднаная нацыянальна-дэмакратычная альтэрнатыва, на якую Масква і ейная разьведка ня мелі дастатковага ўплыву, і ўсялякая зьмена ўлады ў Беларусі прывяла б да кіраўніцтва ў краіне беларускія нацыянальныя сілы. На гэтым стаўся б канец расейскім прэтэнзіям на Беларусь.
Тут Масква запрацавала з усёй моцы, падключыла міжнародныя рэсурсы. Ужо праз некалькі месяцаў быў створаны нібыта міжнародны агентурны праект «Хартыя-97» (задача яго напачатку - прымаць заходнія сродкі пад «дэмакратыю» ды «правы чалавека», а таксама - забесьпячэньне грамадзтва адпаведна прасеянай інфармацыяй).
Неўзабаве ў Менск прысылаюць у якасьці кіраўніка Місіі АБСЭ мацёрага нямецкага разьведчыка Ганса-Георга Віка, які заключае таемнае пагадненьне з КГБ і пачынае ў альтэрнатыву БНФ працу па стварэньні ненацыянальнай (неадраджэнцкай) «апазыцыі» рэжыму. На гэта былі выдаткаваныя вялікія сродкі. Праз год «апазыцыя» была сфармаваная.
У гэты ж час распачынаюць так званы «Праект Чыгір» па зьнішчэньні БНФ (сумнавядомыя альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта ў 1999 г.) Галоўнай выканаўчай асобай праекту стаў В. Ганчар. Пра гэта ўжо мной пісалася, і прыйдзе час - скажацца больш. Цяпер толькі штрыхом зазначу, што напачатку ўдзельнічаць у праекце Масква прапанавала аднаму дзеячу ўзамен за аукцыйныя ільготы для расейскіх фірмаў падчас будучай прыватызацыі на Беларусі (пасьля зьмены рэжыму, значыць). Дзеяч адмовіўся, пра гэта даведаўся В. Ганчар, паехаў у Маскву і прапанаваў свае паслугі. Паслугі прынялі і далі заданьне, разам са сродкамі. Заданьне Ганчар праваліў і неўзабаве зьнік. «Прадажа імя» маскоўцам каштуе, як аказалася, даражэй, чым Лукашэнку. (Хаця я і па сёньня не выключаю, што Ганчар жыве.)
Вынік усіх гэтых афёраў стаўся для краіны вельмі шкодным. Беларусь згубіла нацыянальную альтэрнатыву ў апазыцыі. Народны Фронт быў расколаты, а прагматычная частка яго далучылася да ненацыянальнай вікаўскай апазыцыі. Нацыянальна-вызвольная частка Фронту страціла ўласьцівасьць шырокага масавага руху. За альтэрнатыву рэжыму антыбеларускія сілы пачалі рэклямаваць вікаўскую «апазыцыю». Гэта значыць, што пры зьмене рэжыму ўлады Беларусь зноў можа страціць нацыянальную будучыню.
Пасьля маёй эміграцыі (вясна-1996) маскоўская разьведка выпрабавала на грамадзтве некалькі формулаў скрыўленага вобразу: «политический труп», «сбежал», «струсил», «я бы родину не оставил» і г.д. Адначасна пачалася кампанія сярод «дэмпартыяў» па «выбару нацыянальнага лідэра». Гэта абсурд, але яго абгрунтавалі і сцьвердзілі, што нацыянальнага лідэра можна выбраць. На ролю нацыянальнага лідэра пагадзіўся Генадзь Карпенка і неяк гэтую ношу цягнуў, пакуль не пачаўся «праект Чыгір» (1999 г.) і ён ня ўбачыў, што ўсё каламуцяць без яго. Пачаліся званкі ў Варшаву, і неўзабаве (здаецца, дзесьці ў сярэдзіне сакавіка) Карпенка прыехаў, і мы спаткаліся. З размовы высьветлілася, што Карпенка даволі добра разумеў сутнасьць маскоўска-ганчароўскай афёры і быў ня столькі пакрыўджаны, колькі абураны нізкасьцю яе выканаўцаў. Ён прапанаваў мне супрацоўніцтва ў так званых «альтэрнатыўных выбарах» (у якіх я вымушаны быў удзельнічаць, каб мець магчымасьць уплыву на сітуацыю). Дамовіліся, што 31-га сакавіка Карпенка прыедзе ў сядзібу БНФ на сумеснае паседжаньне, дзе будзе прыняты тэкст пагадненьня аб ягоным супрацоўніцтве з Фронтам і са мной і зроблена адпаведная сумесная заява.
Гэта абазначала б поўны правал маскоўскай палітыкі. Чалавек, якога яны падрыхтавалі і, ў піку маёй асобе, выбралі на нацыянальнага лідэра, прыехаў да мяне і мы дамовіліся аб сумесных дзеяньнях супраць іхняй палітычнай авантуры (у якую яны ўжо ўбухалі сродкі).
31 сакавіка ўвечары Карпенку чакалі ў сядзібе БНФ (я некалькі разоў званіў і цікавіўся). Але Карпенка не прыехаў. У гэты дзень яго (я так мяркую) атруцілі (выклікалі інсульт). Праз тыдзень ён памёр.

Зянон Пазьняк
21 кастрычніка 2005 г.

22/10/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2005
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024