Факты і падзеі (23-26 кастрычніка 2005 г.)
Яшчэ не асела пена на чорных хвалях Баранцавага мора пасьля пагоні нарвэжскага флёту за расейскім пірацкім сэйнэрам “Электронам”, а маскальскія злодзеі ўжо зноў крадуць рыбу ў нарвэжскіх водах. 25 кастрычніка нарвэжскія вайсковыя караблі загналі ў свой порт на востраве Мядзьвежым дзьве пірацкія шхуны з мурманскай прыпіскай.
Цяпер гаспадароў на мякіне не надурыш. Першымі на борт пірацкіх суднаў увайшлі ўзброеныя нарвэжскія вайскоўцы-памежнікі, а ўжо потым цывільныя рэвізоры. Нешта маўчыць ваяка Іваноў, не палохае нарманаў сваімі ракетамі ды зьнішчальнікамі. У Пуціна таксама сёньня іншы клопат: ён робіць па тэлевізіі заявы пра адукацыю. А думскі лідар Грызлоў якраз прадстаўляе грамадзтву ад Брэста да Курыл праект “канстытуцыйнага акту”, працягваючы капаць яму беларускай дзяржаўнасьці. Эх, даскачуцца маскоўскія монстры да міжнароднай салідарнасьці ў справе супраціву расейскай крымінальнай чэрні на сушы і на моры. Баяцца імпэрыялісты, што Мурманск будзе браць прыступам кабардзінскі дэсант з нарвэжскіх кацяроў, а каракская пяхота прыкрые нашу мяжу ў раёне Смаргоні. Самы страшны для крамлёўскай банды лёзунг – “За нашу і вашу свабоду!” І загучыць ён, абавязкава загучыць у сэрцах народаў.
А ў Латвіі са сьмехам разьвітваюцца з савецкім мінулым. Адмыслоўцы ад турыстычнай індустрыі распрацавалі тут праект для некалі звышмілітарызаванай Курляндыі. Мяркуецца завозіць туды заходніх турыстаў і акунаць іх у савецкі саюз. Заплянаваныя наведваньні былых савецкіх вайсковых аб’ектаў: радыёлякатара ў Ірбэ, порту і турмы ў Ліепаі. Каб ня сумна было, турысты паўдзельнічаюць у шоў пад назвай “Савецкі шарм”: іх будуць катаць на савецкім аўтамабіле і частаваць у савецкай сталоўцы. Потым іх будуць шыхтаваць на піянэрскай лінейцы і прымушаць здаваць нормы ГТО. Сапраўды, пацехі будзе даволі. У Летуве, напрыклад, ужо даволі даўно існуе музэй Леніна, дзе сабраныя помнікі важдзю з усяе краіны (відовішча ад гэтага скапленьня жахліва-экзатычнае). Такім чынам, турыстычнай экзотыкай у нашых суседзяў паступова становіцца тое, што ў Беларусі ёсьць рэчаіснасьцю (пры чым, на поўным сур’ёзе – паспрабуй толькі зарагатаць).
У цікавую ўсё ж эпоху мы жывем: якія гіганты думкі ходзяць побач з намі на вуліцах, езьдзяць у тралейбусах, час ад часу выдаюць “пэрлы” па шырокаму спэктру тэмаў! Запісныя інтэлектуалы псэўдаапазыцыі – фальшывы прафэсар Хадыка, расейскі генэрал-акупант Валера Фралоў, пушкініст Фядута… А вось і В. Карбалевіча пара ўспомніць. 26 кастрычніка “Нар. Воля” выдала чарговы шэдэўр карбалевіцкай думкі. Цытуем: “Под прессом непрерывных репрессий и информационного расстрела (ух ты, які стыль!) большая часть оппозиции, загнанная в политическое гетто, сумела самоорганизоваться, объединить весьма разнородные партии и организации (гэта аўтар так пра плойму стракатай публікі ад камуністаў і вінцучкоў да правінцыйных грантасмокаў), в течение нескольких месяцев провести избирательную кампанию от райцентров до столицы (гэта аўтар пра пацешныя сходкі псэўдаапазыцыі на палянках і ў лесе, дзе іх “па-зьверску” лавіла міліцыя – ды не спаймала) и завершить этот процесс избранием единого претендента”. Усім зразумела, што опусы для генэрала Фралова пішуць у адной канторы ў Маскве (гэта стала асабліва ясна пасьля апошняй ягонай публікацыі ў той жа “Нар. Волі” пра неабходнасьць далучаць Беларусь да Расеі, “бо газу не дадуць”). Хадыка піша сам, гэта адчуваецца па стылю, які зацікавіў бы першакурсьнікаў, што займаюцца ў псіхіятрычным гуртку сталічнага мэдінстытута. А вось такіх няўміручых камсамольскіх сьвістуляк, як Карбалевіч, у нас на факультэце гісторыі мастацтва высьмейвалі нават ў брэжняўскія часы. Тандэтны пафас, недалёкае самазамілаваньне, няўклюднае пазёрства скрыпучага пяра – галоўныя прыкметы такіх барабаншчыкаў-гарністаў. І можна было б пасьмяяцца, пацешыцца такім стылёвым тэатрам, які не прыдумаў бы найталенавіцейшы сатырык. Але сьмяяцца ня трэба. Карбалевіч працягвае: “… люди могут выйти на улицу, чтобы защищать свою победу”. Не, ён нібыта й не заклікае на барыкады (гэта пэрсанальна небясьпечна), але “празрыста намякае”. Псэўдаапазыцыйная хеўра ўжо цяпер актыўна абсмоктвае адпрацаваны на Лубянцы праект кыргызкай псэўдарэвалюцыі. Ворагі мяркуюць пры поўным правале дыктатуры выкарыстаць псэўдаапазыцыйных гапонаў і заклікаць нашых людзей арганізоўваць шэсьці ў падтрымку іхнага “адзінага Мілінкевіча” (ці каго яшчэ такога ж “адзінага”). Ім усё адно, яны не аднойчы ўжо выводзілі беларусаў пад паліцэйскія палкі і арышты, а самы – скок у трамвайчык (як прафэсар Хадыка падчас адной з акцыяў “за хорошую жізнь”) і далей з месца падзеяў. Угледзьцеся ў іхныя твары, уважліва ўслухайцеся ў шматслоўныя маналёгі гэтых бесаў. Беларусы, будзьце пільнымі, не ідзіце за крывадушнымі і подлымі балбатунамі. Яны прадаюць Бацькаўшчыну.
Калі рэвалюцыйны Парыж абвесьціў у 1792 годзе рэспубліку, манархісты начале з Бурбонамі паўцякалі замяжу. Яны актыўна ўдзельнічалі ў вайне супраць свайго народу і вярнуліся на французскі трон у 1815 г. пасьля канчатковай перамогі антынапалеёнаўскай кааліцыі фэадальных манархій. Рэстаўрацыя дынастыі Бурбонаў сталася сімвалам палітычнай эгзгумацыі ўсяго гнілога і беспэрспэктыўнага. Адной з цікавостак той рэстаўрацыі быў наступны факт: у 1815 г., калі трэба было праводзіць штогадовы традыцыйны парад парыжскага палка кавалерыі, то ў публічных абвестках параду надалі нумар, які быў наступны пасьля нумару апошняга дарэвалюцыйнага парада. Такім чынам арганізатары спрабавалі прадэманстраваць грамадзтву, што нібыта не было 25 гадоў рэвалюцыяў і войнаў, што народ не перакульваў трон, што на самай справе “усё цяпер ідзе па-старому”… Расейскія камунякі таксама спрабуюць выкрэсьліць гады развалу саўдэпіі, гады стыхійнага антыкамунізму. Яны ўжо на поўным сур’ёзе выцягваюць са сьметніка струхлелыя муміі і даказваюць сучасьнікам, што трэба ажывіць гэтае гістарычнае сьмецьце. 26 кастрычніка расейская тэлевізія паведаміла, што “ў сібірскім горадзе Усць-Куце выканана рашэньне 18-гадовай даўніны – на плошчы ўсталяваны бронзавы помнік Леніну”. (Ну, як вам гэты парад дарэвалюцыйнай кавалерыі?). Каля помніка сабраліся мясцовыя дзеячы КПРФ і іхныя лякальныя правадыры. Лексіка прамоваў і фізыягноміка публікі – такое ўсё знаёмае, даўняе. І вось цікава. НТВ суправадзіла тэлесюжэт даволі іранічнымі камэнтарамі пра райкамы, пра ленінскія помнікі ў розных гарадах (адзін зь іх апрануты ў бронзавае жаночае паліто, другі вышынёй з сяміпавярховы дом…). Атрымліваецца нібыта сьмешна. Нібыта займаецца гэтым не пуцінскі рэжым, не натхняльнікі расейскага гэбізма, а выключна камуністы-зюганаўцы – гэткая партыйная ініцыятыва товарішчей. Аднак, гэбізм-пуцінізм, нягледзячы на ўсю сваю самаварную “православность”, зусім не адрынуў ад сябе “самого человечного человека” (гэта з Маякоўскага) з “истинно русским монгольским лицом” (гэта ўжо з Бярдзяева). Крамлёўскі рэжым ахвотна эксплюатуе маўзалейную мумію ў справе сваёй бурбонскай рэстаўрацыі. Па ўсёй “святой Русі” працягваюць стаяць кашмарныя ідалы Сатаны. А цяпер вось да іх дабавіцца яшчэ адзін – навюсенькі ідальчык у “два мэтры з кепкай”. Пры чым, крамлёўская рэстаўрацыя бальшавіцкіх бурбонаў робіцца нібыта ціхай сапай, паўзучым спосабам. Адсланілі ленінскі помнічак у нейкім Куце, падобна, як нядаўна адсланілі сталінскі манумэнцік пасярод якуцкіх сьнягоў. Толькі вядома, што, калі гэтую заразу не спыніць, то з расейскіх глухіх закуткоў яна ізноў будзе ламіцца на шырокі прастор, каб нішчыць людзей і цывілізацыі. Дарэчы, у Беларусі рэстаўрацыю наладжваюць ня толькі з помнікамі. Зазірніце за плячо ўсьмешлівага “адзінага” Мілінкевіча. Каго ўбачыце вы на трэціх-пятых ролях у ягонай камандзе? – Вінцучка, Дабравольскага… А каго на ролях першых – галоўных? (бо зразумела, што “беспартыйны” Мілінкевіч – гэта вывеска, марыянэтка з японскага тэатру). А вось, паводле ўсіх законаў палітычнай дзейнасьці, менавіта першыя асобы лялькаводаў вызначаюць палітыку “беспартыйных” лідараў кааліцыяў. Генсек мясцовай кампартыі Калякін – начальнік выбарчага штабу Мілінкевіча, камсамолец-лукашыст-антылукашыст Лебедько – начальнік мілінкевіцкага “ценявога ўраду”. Гэта вам не бронзавая рэстаўрацыя, гэта — злавесны антыграмадзкі, антыбеларускі акт палітычнага рэгрэсу (які выдаецца за трыюмф калектыўнай дэмакратыі і барыкаднай барацьбы). Камунякі зноў надзьмуваюцца, ім ня церпіцца ў хаўрусе з вінцучкамі-дабравольскімі аднавіць савецкую імпэрыю са сталіцай у Маскве (яны выдаюць гэта за сваю барацьбу супраць Лукашэнкі, як кажа адзін іхны фінансіст – “лусскіе демоклаты помогут нам болоться плотів діктатулы…”). Толькі антычная гісторыя дае нам яркі ўзор супрацьстаяньня гэтым бурбонскім бразготкам. Калі грамадзяне выгналі з Рыма апошняга этрускага цара-акупанта, этрускі вырашылі наладзіць рэстаўрацыю і паслалі супраць іх шматлікае войска. Рымскія шыхты ўбачылі, як на іх насоўваецца цемра пяхоты, перад якой крочаць вядомыя жорсткасьцю сваіх абрадаў этрускія жрацы ў чорных балахонах і ў жудасных масках. Сэрцы легіянэраў апантаў забабонны страх, яны гатовыя ўжо былі пакідаць зброю і ўцячы. Але раптам пачуўся гучны голас рымскага палкаводца: “Хлопцы, гляньце, ды гэта ўсё бутафорскія цацкі, ня боймася!” Генэрал засьмяяўся, засьмяяліся цэнтурыёны, зарагатала войска. Вораг быў разьбіты. Застануцца шалушкі і ад мясцовых мілінкевіча-камуняцкіх “этрускаў”.
26 кастрычніка споўнілася роўна тры гады з дня дзікай газавай атакі, якую арганізавала ў Маскве ФСБ, “вызваляючы” закладнікаў у тэатры на Дуброўцы. Тады загінула больш за 300 асобаў; тыя, хто ацалеў, сталіся калекамі (там загінулі і пацярпелі таксама й беларусы, што паехалі былі ў Маскву “па культуру”). НТВ прызналася, што галоўным пытаньнем ўгодкаў трагедыі для семьяў ахвяраў было наступнае – як не дапусьціць удзелу ўладаў (якія ўжо ня раз наладжвалі на крывавым месцы крывадушныя пампэзныя шоў) у мэмарыяльных мерапрыемствах? Вось да чаго дажылася Масква і ўся Расея. У нямногіх грамадзянаў РФ, якія ўрэшце разабраліся, што дзяржавай кіруюць злачынцы, няма даверу да гэтай дзяржавы і яе кіраўніцтва. Яны яшчэ не паўсталі супраць гэбізму, але ўжо ўсёй душой ненавідзяць гэтую сатанінскую сістэму, якая зьнішчыла і скалечыла іхных блізкіх. У адрозьненьні ад мінулых угодкаў улады ня надта й настойвалі на дзяржмерапрыемствах, імкнучыся як мага хутчэй затаптаць памяць пра гэбоўскае злачынства. СМІ пралапаталі нешта пра “хвіліну маўчаньня”, пра трыста галубоў, выпушчаных у маскоўскае неба. На самай справе да мэмарыяльнай шыльды ўскладалі кветкі, выпускалі птушак і маўчалі чалавек 250-300 — былыя закладнікі і сямейнікі ахвяраў. Усёй астатняй Расеі ўсё гэта было “да фені”, кожны займаўся сабой. Дзярждума прыслала ад сябе адзінага хіба што дэпутата, якога абражаныя людзі ў любой сітуацыі не маглі б абпляваць – папулярнага ў савецкім народзе сьпевака-лірыка Кабзона (астатнія пабаяліся справядлівага лінчу). А вось абражаныя грамадзяне ўжо не баяцца лубянскіх монстраў. Маладая дама ў чорным, ня крыючыся, казала ў тэлекамэру: “Майго мужа расстралялі ў першы дзень трагедыі. Дагэтуль мне не паведамілі, як гэта здарылася і чаму? Ён быў афіцэрам ФСБ…” СМІ таксама прызнаюць, што “за тры гады ўлады так і не зрабілі тлумачэньняў пра падзеі на Дуброўцы, дагэтуль невядомая агульная карціна трагедыі…” Вось гэта да! Хаця што тут зьдзіўляцца? Пасьля таго адбылося яшчэ столькі кашмарных трагедыяў рэжысуры і выкананьня ФСБ, што “пра ўсё й не раскажаш”. На фоне маскоўскага гора і крамлёўскай гнюснасьці ў той жа дзень СМІ паведамілі пра хвіліну маўчаньня ў ЗША. Тамака спынілася ў малітве ўся краіна. Мільёны людзей ад прэзыдэнта да апошняга пэнсіянэра паміналі амэрыканскіх жаўнераў, што загінулі ў ірацкай вайне. Які відавочны кантраст: з аднаго боку — дзяржаўны зьдзек са сваіх грамадзянаў, якія памінаюць ахвяраў гэтай дзяржавы, а з другога боку – народная салідарнасьць грамадзтва, якое супраціўляецца Злу.
Валеры Буйвал
28/10/2005 › Актуаліі
|
|
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
Пошук:
Каляндар:
Ідзі і глядзі:
Беларуская Салідарнасьць:
ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.
1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
Каго любіш?
Люблю Беларусь.
Дык узаемна.
2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.
5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.
6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ.
7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Сябры й партнэры:
|
|