Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк. ВКЛ

(Разьдзел з артыкула “Прамаскоўскі рэжым”)

Канцэпцыя Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня грунтуецца на народнай гісторыі. Без каранёў нічога доўга не існуе. У беларусаў, бадай як мала ў каго іншага, ёсьць магутны гістарычны грунт – іхняя вялікая дзяржава, якую яны страцілі ў канцы ХVIII-га стагоддзя ў выніку міжнароднай змовы і наступнай затым расейскай акупацыі. Гэта – Вялікае Княства Літоўскае. На Вялікае Княства і абапіраецца Беларускае Адраджэньне.
Галоўны накірунак рускай акупацыйнай палітыкі (царскай і камуністычнай) заключаўся ў ліквідацыі беларускай мовы, беларускай культуры і зьнішчэньні ўсялякіх атрыбутаў, ведаў і напамінкаў пра Вялікае Княства. Руская імпэрская палітыка, руская палітычная гісторыя і дзяржаўная навука стагоддзі працавалі над заціраньнем, перакручваньнем і фальсіфікацыяй памяці пра Вялікае Княства Літоўскае. Пры камуністах афіцыйная “навука” дайшла да поўнага абсурду ў фальсіфікацыі і зьнішчэньні памяці пра ВКЛ (“канцэпцыі Л. Абэцэдарскага і інш.).
Аднавіць справядлівасьць да канца не ўдалося ні ў 1991 годзе, ні ў 1994-м. Пры прыняцьці пасьлясавецкай Канстытуцыі найбольш працяглая і жорсткая барацьба вялася за прэамбулу Канстытуцыі, дзе якраз павінна было быць адлюстравана Вялікае Княства, яго дзяржаўнасьць і законы як грунт Рэспублікі Беларусь, якая ёсьць працягам ВКЛ.
Нішчыцелі цудоўна разумеюць, што аднаўленьне народнай памяці пра Вялікае Княства будзе азначаць адраджэньне гістарычнай сьведамасьці беларусаў і аднаўленьне нацыянальнай дзяржаўнасьці ВКЛ. Імпэрская палітнавука цераз сістэму забаронаў, абавязковай службы ў войску, выхаваньне і адукацыю пастаралася прывязаць гістарычную сьведамасьць беларусаў да гісторыі Расеі. Пры думках аб гісторыі ў галаве сярэдняга савецкага беларуса ўзьнікаюць вобразы рускіх цароў ды палкаводцаў, “кутузавых” ды “цароўгрозных”. Сам жа гэтакі беларус нібы вісіць у паветры.
З паветра ніякая сьведамасьць не ўзьнікае, а значыць нічога ня будзе адраджацца, аднаўляцца, стварацца і разьвівацца. Задача беларускай інтэлігенцыі, адукацыі, асьветы і нацыянальнай літаратуры – вярнуць гістарычную сьведамасьць народа ў родны дом – у Вялікае Княства Літоўскае.
Наступны абавязковы этап – палітычны: вярнуць афіцыйную назву дзяржавы. Калі гэтага не зрабіць – значыць будаваць незалежнасьць на пяску, запраграмаваць шчарбатае, трэснутае грамадзтва з кволай самаідэнтэфікацыяй, поўнае супярэчнасьцяў на роўным месцы, і абсурдных спрэчак па недыскусійных пытаньнях.
Гэта ўжо відаць цяпер (і было раней) у распаўсюджваньні маргінальных зьяваў: адны хочуць называцца “Літвой”, іншыя – “ліцьвінамі”, трэція – увесьці лацінку, чацьвёртыя супраць назвы “Беларусь”, пятыя – увогуле “крывічы” і г.д. Усё гэта – лякальнае адлюстраваньне незавершанасьці новага дзяржаўнага будаўніцтва, вынік нявырашанасьці таго, чаго не ўдалося вырашыць і зацьвердзіць у Канстытуцыі 1994 года. Канстытуцыя павінна засьведчыць гісторыю нацыі і дзяржавы ў наімнальных (назыўных) тэрмінах. Сама назва дзяржавы павінна адлюстроўваць гэты важнейшы гістарычны аспэкт суверэнітэту і самастойнага існаваньня. Так прынята. Гэта істотна.
Афіцыйная назва Англіі (ці Вялікабрытаніі) гучыць так: Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі. Амэрыка афіцыйна называецца Злучаныя Штаты Амэрыкі. Ёсьць яшчэ Вялікае Герцагства Люксэмбург, Каралеўства Нарвэгія, Каралеўства Бэльгія, Каралеўствы Швэцыя, Данія, Ісламская Рэспубліка Іран, Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя і г.д. (мы ўжо не нагадваем пра СССР, БССР і інш.)
Шмат дзе (і там дзе гэта неабходна) афіцыйны назоў дзяржавы адлюстроўвае яе гістарычную, сацыяльную, альбо структурную сутнасьць. Становішча зь беларускай дзяржаўнасьцю і нацыяй па волі лёсу склалася такое, што вымагаецца адлюстраваньне гістарычнасьці ня толькі ў прэамбуле Канстытуцыі (чаго не было зроблена), але і ў назве краіны. Наша дзяржава на сёньняшні дзень – гэта ёсьць, фактычна, Вялікае Княства Літоўскае Беларусь (кароткая назва – Беларусь). Гэта сутнасьць, якая павінна б была стаць афіцыйнай назвай.
Тады застаецца Беларусь і беларусы, але зьнікаюць усе “пустыя” (інакш не назавеш) і надуманыя палітычныя ды гістарычна-этнічныя пытаньні, скончыцца блуканьне ў трох соснах хіжага розуму і ўсё становіцца на месца.
Адразу скажу, што гэта настолькі сур’ёзна для Беларускай дзяржавы, што ніякі лямант, ніякае хіхіканьне нішчыцеляў (наконт Вялікага князя і т.п.) не павінна б было зьбіваць з тропу. Назва Беларускай дзяржавы мусіла б быць удакладнена на карысьць нацыі.
Для непасрэднага вырашэньня пытаньня з поўнай гістарычнай назвай дзяржавы нехапае фармальных прыкметаў статусу ВКЛ (хоць у прынцыпе справа не страчаная). Але дзеля гэтага патрэбны іншы ўзровень разуменьня і сьведамасьці нацыянальнага грамадзтва, чым той, які ёсьць цяпер. Тым ня менш да разумнай і адэкватнай прэамбулы ў Канстытуцыі краіны наша грамадзтва ўжо на шляху. Якраз пасьля ліквідацыі прамаскоўскага рэжыму і пры вяртаньні Канстытуцыі 1994 года гэтыя гістарычныя ўдакладненьні ў прэамбулу трэба ўнесьці.
Гістарызм дзяржаўнасьці і гістарызм назвы – гэта пытаньне, якое стаіць цяпер (пасьля сканчэньня савецкага парадку ў сьвеце) ня толькі ў нас. Балгары нават вярнулі ў палітыку балгарскага цара. Праўда, зрабілі памылку – аддалі ў яго рукі рэальную ўладу. Функцыя ангельскай каралевы, тым часам, — сьведчаньне гістарызму Вялікабрытаніі. І гэта шмат значыць. Так што нічога няма немагчымага для разумнага нацыянальнага грамадзтва, якое рэальна ўсьведамляе свой агульны нацыянальны інтэрас.

15 верасьня 2005 г.

29/10/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2005
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024