Факты і падзеі (11-21 лістапада 2005 г.)
Пасьля нядаўняга візыту Пуціна ў Нідэрлянды тамака стала модным разважаць пра непаўторнасьць расейскай душы. Толькі чамусьці кожны з афіцыйных разважальнікаў упарта імкнецца ў рамках згаданай душы адкамэнтаваць таксама й беларускія справы.
Вось як выказваўся міністар замежных справаў невялікага каралеўства Бэн Бот перад журналістам расейскай “Новой газеты”: “Эўразьвяз вельмі заклапочаны сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама пагаршэньнем умоваў для дзейнасьці недзяржаўных арганізацыяў у гэтай краіне… Эўрасаюз зазначае, што палітычная сітуацыя ў Беларусі не спрыяе супрацоўніцтву і разьвіцьцю нашага пляна дзеяньняў. Калі палітычная сітуацыя ў Беларусі пацерпіць значныя зьмены, мы будзем гатовыя актывізаваць супрацоўніцтва з гэтай краінай”. Такім чынам, мы, што жывем у “гэтай краіне” – беларускі народ – павінны цярпець, пакуль “сітуацыя пацерпіць зьмены”. Наколькі ж адтачылася, адшліфавалася брахлівая і крывадушная лексіка эўрачыноўнікаў. Іхныя прамовы нявымушана цякуць, зіхацяць афарызмамі накшталт “дэфіцыту дэмакратыі ў Беларусі” або “набліжэньня Беларусі да Расеі”. Нармальны чалавек ня здольны зразумець, пра што яны так упэўнена і нібыта са спачуваньнем да нас выказваюцца. Але спачуваюць яны не беларускай мове і культуры, супраць якіх вядзецца вайна на зьнішчэньне (нашу мову і культуру яны проста ня згадваюць – няма такой праблемы для Брусэлю). Яны спачуваюць не беларускім людзям, сотні тысячаў якіх ідуць у расейскае рабства з разбуранай беларускай эканомікі ў выніку расейскай эканамічнай вайны супраць Беларусі. Для нідэрляндскага міністра і ягоных брусэльскіх калегаў, заангажаваных у палюбоўны акт з Масквой, Беларусь – проста “гэтая краіна”. І адносіны да нас – “чыста прагматычныя”. Яны да канца зьбіраюцца ў адпаведнасьці за згаданым “нашым плянам” даваць грошы “недзяржаўным арганізацыям” (створаным менавіта імі па дамоўленасьці з менскім КГБ), пладзіць дэмагогаў-псэўдаапазыцыянэраў ды вохкаць над правамі чалавека (нават ня згадваючы пра жорсткае парушэньне расейскім імпэрыялізмам карэнных правоў беларускай нацыі). Яны будуць бразгаць па струнах сваіх балалаек да пары, пакуль сам беларускі народ ня скажа сваё слова, як гэта зрабіў быў год таму народ украінскі. Калі на кіеўскім Майдане грымнуў гром народнага гневу, у Нідэрляндах (у той пэрыяд краіне-старшыні Эўразьвязу) пакаціліся са сцэны бубны, паляцелі балалайкі, эўрааркестранты вымушаны былі адкінуць свае падрыхтаваныя ноты ды дамаўляцца з украінскай рэвалюцыяй, якая дыктавала ім свае ўмовы.
Псэўдаапазыцыя ня сьпіць у шапку і арганізавала лякальны скандал у цэнтры Брусэлю. З 8 лістапада на працягу некалькіх дзён перад будынкамі агульнаэўрапейскіх структураў трое грамадзянаў РБ праводзілі дэманстратыўную галадоўку. Яны патрабавалі вызваленьня “палітычных вязьняў” у РБ ды стварэньня эўракамісіі па справе зьніклых лукашэнкаўскага генэрала Захаранкі, лукашэнкаўскага тэлеапэратара Завадзкага і г.д. Самы пратэстанты прадстаўляюць легіён так званых “беларускіх палітуцекачоў”, якія атабарыліся ў Бэльгіі і суседніх краінах і рэгулярна наладжваюць шумныя акцыі паводле сцэнару псэўдаапазыцыі, якая кіруе імі з Беларусі. У лепшым выпадку гэтыя “уцекачы” засьвяціліся ў парачцы псэўдаапазыцыйных мерапрыемстваў, патрапілі ў пастарунак ды потым пасьпяшаліся на цягнік, што ідзе з Масквы на Брусэль транзітам праз Менск. У горшым выпадку іх непасрэдна паслала туды на апэратыўнае заданьне лубянская кантора. Яны й дзейнічаюць адпаведна. “Героі” не нагадалі эўрадэпутатам пра зьнішчэньне нашай мовы і культуры расейскімі варварамі і прамаскоўскім рэжымам РБ, не сказалі ані слова супраць подлай брусэльска-маскоўскай змовы аб ліквідацыі Беларускай дзяржавы. Яны зноўку засьвяціліся з лухтой пра генэрала і тэлеапэратара ды пра камісію. Эх, як зашумела праз пару дзён Радыё Свабода: “Адзін з галадоўшчыкаў затрыманы брусэльскай паліцыяй!…” Высоўваньне другаснага, замоўчваньне галоўнага – вось тактыка псэўдаапазыцыі , якая дзейнічае не па свайму, а па чужынскаму пляну здачы Беларусі ў расейскі палон.
11 лістапада “Нар. Воля” урэшце паведаміла нам пра афіцыйны візыт дэлегацыі дырэктароў з РБ “во главе с полномочным представітелем презідента Беларусі в Россійской Федераціі В. Долголёвым” на ніжэгародзкі аўтамабільны завод ГАЗ, што адбыўся 2 лістапада. Расейскія калегі-хаўрусьнікі сустрэлі лукашыстаў з хлебам-сольлю. Потым з групы товарішчей выйшаў гендырэктар ГАЗа А. Баранцаў і павітаў дарагіх гасьцей на “фене” — мове расейскіх крымінальнікаў (якая паступова становіцца мовай расейскага бізнэсу). Перакладчыка не было і таму дарагія госьці з усёй лексічнай плыні ясна зразумелі толькі выраз “руководство мінского автомобільного завода” і потым эпітэты Баранцава ў адрас гэтага “руководства” – “імпотенты”, “морды” і г.д. Аказваецца, Баранцаў нерваваўся не дарэмна. Антыбеларускі рэжым нападпісваў з расейскім бізнэсам процьму заведама эканамічна правальных і абсалютна нявыгадных для Беларусі дамоваў (абы толькі арыентавацца на Расею ды хутчэй разбураць беларускую эканоміку). Але нават ва ўмовах эканамічнай вайны і дзяржаўнай здрады з боку мясцовага эстэблішмэнту беларускі рабочыя і інжынэры працуюць лепш за расейскіх пьяніц і лайдакоў (чым нярвуюць іх). Менскі МАЗ абагнаў групу “Русскіе автобусы” і пачаў актыўны наступ на расейскім рынку, дзе ніхто ня хоча купляць ніжэгародзкую халтуру. Кіраўніцтва “Русскіх автобусов” паспрабавала нават падкупіць мэнэджэраў з МАЗа. Журналісты спыталіся пра ніжэгародзкі інцыдэнт у прэсавага сакратара МАЗа В. Лопана. Вось ягоны камэнтар: “Определённый резонанс среди руководства МАЗа словесная эквилибристика господина Баранцева, безусловно вызвала… Мы со своей стороны будем предпринимать усилия для нормализации отношений. Они всегда были уважительными и партнёрскими”. Вось так. Ім плююць у тавар, а яны, ня выцершыся, “нормалізуют отношенія”. Цікава, што прыдумаюць цяпер абпляваныя дарагія госьці расейскай эканомікі дзеля нармалізацыі. Можа прымусяць беларусаў працаваць горш, неякасна, абы толькі задаволіць сваіх “уважаемых партнёров”?
У Магілеўскай вобласьці няма аніводнага горада або раёна, дзе за дзевяць месяцаў гэтага года ў поўным аб’ёме былі б выкананы ўсе паказчыкі заплянаванага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Пра гэта даклаў старшыня магілеўскага аблвыканкаму Б. Батура на пасяджэньні абласной улады. Цікавую канцоўку далі газэты тэксту пра батураўскі правал на магілеўскім напрамку: “Тым ня менш Барыс Батура заявіў, што заданьні пяцігадова пляну вобласьць выканае па ўсіх паказчыках”. Брава, Батура! Ясна, што асноўным паказчыкам дзейнасьці ўсёй гэтай хеўры зьяўляецца разбурэньне нашай эканомікі і дзеяньне насуперак беларускім нацыянальным інтарэсам. Гэта і ёсьць для іх вымярэньнем посьпеху.
11 лістапада адзіны і непаўторны Мілінкевіч (разам з групай товаришчей) здаваў экзамін у Маскве. Экзамінатарам быў камітэт Дзярждумы РФ па справах СНД. Кажуць, Мілінкевіч экзамін вытрымаў, гаварыў няшмат (але чамусьці на працягу чатырох гадзінаў). Газэты намякнулі, што “главный белорусский оппозиционер акцентировал внимание на том, что проведение референдума в условиях подавления политических свобод и существующих порядков в Беларуси обязательно поставит под сомнение итоги этого референдума”. Гэта значыць, што Мілінкевіч у прынцыпе ня супраць правядзеньня рэфэрэндуму па пытаньні антызаконнага, забойчага для Беларускай дзяржавы “канстытуцыйнага акту”. Ён ня супраць самога гэтага “акту”, які ўяўляе сабой антыканстытуцыйны, злачынны акт супраць нашай дзяржавы і народу. Мілінкевіч ня супраць гэтага злачынства, ён – “за”, але з агаворкамі пра “сушчествуюшчіе порядкі”. Пачытаць бы ўсю сценаграму чатырохгадзінных шчыраваньняў псэўдапапазыцыі перад маскоўскімі баярамі. Расейскі думец С. Ануфрыеў даў трошкі больш ясны камэнтар паводзінаў “адзінага со товарішчі”: “Я не услышал от них чего-то нового или шокирующего. Они хотели бы, чтобы Россия содействовала проведению в Беларуси честных и открытых выборов. Очень хорошо, что в Государственную думу приезжают из стран СНГ не только представители власти, но и лидеры оппозиции… Милинкевич не злоупотреблял хлёсткими и резкими выражениями. Он постоянно подчёркивал, что главное, чтобы в Беларуси преобладали общечеловеческие и демократические ценности. И это нормально”. І маскоўскі эстэблішмэнт (які кіруе расейскім забойствам тысячаў людзей на Каўказе) і брусэльскае эўраначальства (якое робіць выгляд, што не заўважае расейскай зьнішчальнай вайны) – усе яны любяць паўтараць пра “правы чалавека” і “агульначалавечыя каштоўнасьці”. Да іх спакойна далучаецца, падзяляе іхныя “каштоўнасьці” Мілінкевіч і ягоная псэўдаапазыцыйная групка. І ён едзе ў Маскву – па праторанаму шляху здрады, дзе прапаўзьлі на каленках вінцучкі-лебедько-шушкевічы-калякіны ды шэраг іншых падстаўных псэўдаапазыцыянэраў. І Мілінкевіч шукае ў Маскве – у лютых ворагаў і зьнішчальнікаў Беларусі – “дапамогі ў пабудове дэмакратыі ў Беларусі” ды “гарантыяў дэмакратычнага рэфэрэндуму па канстытуцыйным акце”. Цяпер у Беларусі нават тыя, хто церпіць на палітычную сьлепату, павінны ўрэшце ўбачыць – Мілінкевіч – здраднік беларускіх нацыянальных інтарэсаў, ён дамаўляецца з ворагам, як лепш здаць у акупацыю нашу Бацькаўшчыну.
Быў такі папулярны амэрыканскі фільм жахаў “Маўчаньне ягнятак”. 15 лістапада “Нар. Воля” апублікавала артыкул пад шапкай “Маўчаньне Філярэта”. Аказваецца яшчэ 6 кастрычніка сёлета творчыя асобы ад псэўдаапазыцыі мастак А. Марачкін і пісьменьнік А. Пашкевіч зьвярнуліся да экзарха РПЦ у Беларусі Філярэта з лістом-заклікам, каб бацюшка абараніў бел-чырвона-белыя колеры нашай нацыянальнай сімволікі. Марачкін з Пашкевічам у Маскву разам з “адзіным” на гэты раз не паехалі. Яны проста на месцы зьвярнуліся па дапамогу ў ратаваньні беларушчыны да аднаго са значнейшых агентаў расейскай імпэрыі ў Беларусі Філярэта. Да таго самага бацюшкі “нашай праваслаўнай арганізацыі” (як выказаўся нядаўна Лукашэнка), пад лякальным кіраўніцтвам каторага ў РПЦ на тэрыторыі Беларусі душыцца ўсё беларускае. Можа Марачкін з Пашкевічам чаго не разумеюць, можа гэта ўсё зроблена па наіўнасьці? Ды не, з прэтэнзіяй на мастацкае лідарства пад кіраўніцтвам псэўдаапазыцыі ня вяжацца чалавечая наіўнасьць. Як заявіла Н. Шыдлоўская (намесьніца Марачкіна ў згуртаваньні беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”): “Нам вельмі хацелася, каб Уладыка Філярэт аказаў пэўнае спрыяньне ў гэтай справе. Аднак пакуль ніякага адказу ад яго мы не атрымалі”. Адказу ад РПЦ ня будзе. Адказ гэтым “пісацелям” павінен паступіць ад беларускіх сумленных людзей. Беларусы павінны сказаць гэтай канторскай агентуры: “Не тлуміце нам галавы з Філярэтам, вы такія ж , як ён, і робіце адну зь ім працу на шкоду нашай Беларусі”.
Нездарма тросься акупант. Памятаем, як пасьля забойства кілерамі ФСБ прамаскоўскага сатрапа Кадырава Пуцін прызначаў на пост сатрапа (“прэм’ера”) Чачэніі маладзенькага гэбіста Абрамава. У бедалагі трэсьліся ручкі, ён разумеў, што доўгай кар’еры на Каўказе яму чакаць не даводзіцца. І не памыляўся. Доўга ён на акупаванай тэрыторыі не пакіраваў. 17 лістапада непадалёк ад Масквы ў ягоны браніраваны аўтамабіль урэзаўся грузавік. Абрамава, ахоўніка і кіроўцу адвезьлі ў шпіталь з цяжкімі пашкоджаньнямі. І зусім няважна, хто зьдзейсьніў гэты акт: Лубянка або чачэнскія партызаны. Проста ўсім расейцам ад “прэм’ера” да апошняга шарагоўца трэба як мага хутчэй уцякаць з Чачэніі, каб пражыць яшчэ (пажадана таксама ня лезьці ў Беларусь).
17 лістапада псэўдапазыцыя рабіла ў сталіцы і яшчэ некалькіх месцах Беларусі карнавальныя акцыі пад лёзунгам “дня салідарнасьці”. Прапануем назваць гэта “салідарнасьцю жулікаў”. Жулікі расьпісалі хлусьлівыя свае подзьвігі ды разаслалі паведамленьні па ўсім сьвеце. А ў розных краінах розныя (часам саліднай рэпутацыі) выданьні злавіліся на гэтую дэзу. Так, газэта “The Economist” на поўным сур’ёзе агучыла хлусьню мілінкевічавай публікі пра 100 тысячаў удзельнікаў “дня салідарнасьці”. “Героі” гасілі сьвятло ў сваіх кватэрах ды запальвалі сьвечкі (ух, які гераізм!). Яны прыдумалі таксама й сімвалічны колер для сваёй “рэвалюцыі”. Гэта колер джынсаў, зь якіх адзін “герой”,– такі Сасім,– ужо быў зрабіў “сьцяг рэвалюцыі”. Гэтыя падонкі імкнуцца пад камандай лубянскай канторы растаптаць і зганьбіць усё сьвятое, што вяло беларускі народ у змаганьні за волю з 1988 г. (ды й усю нашу гісторыю) – Салідарнасьць, Рэвалюцыю, Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Замест Пагоні яны даўно ўжо начапілі на сабе змрочна-чорную блямбу з сілуэтам зубра. Цяпер замест сьвятога і старажытнага нацыянальнага Сьцяга яны ўздымаюць над сваёй фальшывай групоўкай джынсы на дручку (чаму не што-небудзь з ніжняй бялізны?). Ясна, што ўсе гэтыя хіповыя замашкі кантора прыдумала, а агентура выконвае з галоўнай мэтай – дэзарыентаваць і завесьці ў забойчую пастку менавіта беларускую моладзь. Не выпадкова ў апошнія гады рэжым распрацаваў зусім іншы імідж фармальных і нефармальных маладзёвых лідэраў у ВНУ, на прадпрыемствах і ў інстытуцыях. Раней гэта былі так званыя камсамольскія важакі – гладка пастрыжаныя, ушчэнт правільныя маладыя асобы (як правіла, гэта быў пачатак іхнай камсамольска-гэбоўска-партыйнай кар’еры). Цяпер жа “важакі” з кольчыкамі ў вушах, ушчэнт хіповыя, клёвыя і пантовыя. Яны нават на лёгкую фронду здольныя. Але функцыя іхная засталася тая ж, што і ў іхных нудных папярэднікаў. Функцыя быць міністрантамі на чорнай сатанінскай імшы, якую правіць акупанцкі рэжым на нашай зямлі.
21 лістапада расейскія акупацыйныя генэралы, якія камандуюць беларускім войскам, рассьмяшылі ня толькі нашых суседзяў, але і нас з вамі. Міністэрства абароны РБ зьвярнулася да ўраду Летувы з прапановай узяць пад ахову Ігналінскую АЭС. Маўляў, летувіскія ўлады ня могуць забясьпечыць бясьпеку станцыі. Выставілі там, маўляў, толькі адзін батальён ды й той узброены заходнім зэнітным комплексам. Непорядок, товарішчі! Літоўцы адказалі на гэтае нахабнае рохканьне: “Aciu, ня трэба…”
Валеры Буйвал
22/11/2005 › Актуаліі
|
|
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
Пошук:
Каляндар:
Ідзі і глядзі:
Беларуская Салідарнасьць:
ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.
1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
Каго любіш?
Люблю Беларусь.
Дык узаемна.
2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.
5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.
6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ.
7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Сябры й партнэры:
|
|