85-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну
26 лістапада сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ правялі мэмарыяльныя мерапрыемствы на Случчыне ў гонар 85-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну.
Менчукі праехалі на аўтобусе на мясьцінах, дзе ў лістападзе-сьнежні 1920 г. Беларуская Народная Армія змагалася за незалежнасьць Беларусі, абараняючы нашу зямлю ад расейска-бальшавіцкай агрэсіі. Мэмарыяльныя мітынгі і шэсьці адбыліся ў Грозаве, Семежаве, Вызьне (цяпер Чырвоная Слабада) і ў гістарычным цэнтры Слуцка. Да менчукоў далучыліся мясцовыя жыхары і сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ з Баранавічаў, Салігорска і Слуцка. Мерапрыемствы адбываліся пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі, гэрбам “Пагоня” і транспарантамі “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!”, “Беларуская Салідарнасьць – наш адказ расейскай агрэсіі”, “Слава героям Слуцкага Збройнага Чыну!”. Людзі, маліліся, сьпявалі рэлігійныя і ваярскія гімны, ускладалі кветкі і вянкі да крыжоў на магілах герояў і месцах баёў, запальвалі зьнічкі і сьвечы.
На мэмарыяльных мітынгах выступілі сябры Партыі. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні на Беларусі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, сказаў: “Слуцкія героі змагаліся за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку пад сьвятым беларускім Бел-Чырвона-Белым сьцягам. Яны ваявалі супраць расейскай агрэсіі. Іхная барацьба не прывяла тады да перамогі. Але і бальшавіцкая Расея і ўвесь сьвет вымушаны былі прызнаць, што беларусы стварылі ў 1918 г. сваю Дзяржаву, якую ў 1920 г. абараняла Беларуская Армія. Расейскія імпэрыялісты вымушаны былі пайсьці на стварэньне БССР, няхай сабе намінальнага, але ўсё ж беларускага дзяржаўнага ўтварэньня. Барацьба і ахвярнасьць герояў-случакоў не прайшлі марна. Менавіта іхны подзьвіг стаў асновай, на якой беларускаму народу ўдалося аднавіць сваю дзяржаўную незалежнасьць у 1991 г. і адкрыць для сабе пэрспэктыву самастойнага нацыянальнага і дзяржаўнага разьвіцьця, вырвацца з расейскай імпэрыі СССР. Калі б ня гэты подзьвіг, то без сваёй дзяржавы беларускі народ даўно быў бы раскіданы і раструшчаны на прасторах Расеі, як гэта зрабілі з беларускай Смаленшчынай, дзе расейскі акупант разбурыў беларускую цывілізацыю і давёў край да спусташэньня і галечы. Уся наша барацьба, уся наша хрысьціянская гісторыя была і ёсьць пад знакам, пад сьвятым сімвалам Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і гэрба “Пагоня”. Чаму ж цяперашні рэжым так баіцца, так ненавідзіць нашы нацыянальныя сімвалы, чаму забараніў іх? Таму што гэта – не беларуская ўлада, гэты рэжым служыць інтарэсам чужой, расейскай імпэрыі. Беларусы зноў павінны гуртавацца пад сваім нацыянальным сьцягам, каб абараніць свае нацыянальныя інтарэсы. У 2006 г. заклікаем наш народ да Беларускай Салідарнасьці, каб на выбарах падтрымаць патрыёта бацькаўшчыны Зянона Пазьняка. Беларусі патрэбны беларускі прэзыдэнт, які дбае пра свой народ і заўсёды кажа яму праўду”.
Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі: “Слуцкія героі пайшлі на змаганьне супраць расейскага бальшавізму дзеля таго, каб жыла Бацькаўшчына. І вось мы праехалі сёньня па зямлі Случчыны. Беларусь жыве! Наш народ працуе, стварае, нараджаюцца дзеці, мы маем будучыню ў сваёй дзяржаве. Ніякім акупантам і запраданцам не ўдалося і ня ўдасца зьнішчыць наша жыцьцё. Але трэба браць прыклад са слуцкіх герояў. Выжывае той народ, які бароніць сабе. Нам трэба абараніць сябе, нашы семьі, нашых дзяцей і ўнукаў ад варварскай расейскай імпэрыі, якая зноў спрабуе захапіць нашу дзяржаву. Маскалі публічна заяўляюць, што ім патрэбны многія мільёны інжынэраў і высокакваліфікаваных рабочых. У Расеі адбываецца дэмаграфічная катастрофа. Штогод памірае адзін мільён расейцаў. У Крамлі задумалі выкарыстаць нашу моладзь у якасьці гарматнага мяса на Каўказкай вайне, нашу працоўную сілу на будоўлях і нафтапромыслах. Ворагі рыхтуюць антыканстытуцыны “канстытуцыйны акт”, паводле якога плянуюць акупаваць Беларусь і зьнішчыць нашу Дзяржаву. Ужо цяпер паўтара мільёны беларусаў працуюць рабамі ў Расеі, дзе іх забіваюць і абрабоўваюць. А мясцовы рэжым заяўляе, што ў Беларусі няма беспрацоўя. А чаму ж тады падаліся ў Расею на рабскія заробкі сотні тысячаў нашых людзей? Рэжым па камандзе з Масквы разбурыў эканоміку, душыць беларускую культуру і мову, заяўляе, што “у Беларусі рускія павінны жыць лепш, чым у Расеі”. А дзе ж тады жыць беларусу? Нам патрэбная ўлада, якая б дбала не пра чужынскія выгоды, а пра беларускія нацыянальныя інтарэсы, пра беларускі народ. Таму мы павінны даць электаральны бой антыбеларускай уладзе на выбарах 2006 г. і абраць беларускага прэзыдэнта. А ў нашага народу ёсьць такі чалавек, гэта – Зянон Пазьняк. Менавіта ён узначаліў вызвольныя сілы ў 1988 г. і злучыў патрыётаў Бацькаўшчыны, якія дамагліся аднаўленьня незалежнасьці Беларусі ў 1991 г. І цяпер уся ягоная дзейнасьць прысьвечана Беларусі і нашаму народу”.
Валеры Буйвал, сакратар Управы Партыі і Фронту: “Слава героям-случакам! На працягу вельмі кароткага часу народ утварыў палкі Беларускай Арміі, якая стала на абарону Беларускай Народнай Рэспублікі. Настолькі быў высокім патрыятычны ўздым і гатоўнасьць да салідарнага змаганьня супраць расейскай арды, што наступала з Усходу. Слуцкія палкі разграмілі адборныя расейскія часткі, загартаваныя ў баях грамадзянскай вайны. Масква вымушана была пасылаць на слуцкі фронт новыя і новыя аддзелы, каб завершыць захоп беларускай зямлі. Не забыты подзьвіг беларускіх патрыётаў. Дзякуй мясцовым жыхарам, якія апякуюцца магіламі герояў, абараняюць ад сатанінскай улады Крыжы. Успомнім таксама, што ў 1918-20 гг. былі на Беларусі ня толькі салідарнасьць і подзьвіг. Былі таксама раўнадушнасьць, баязьлівасьць і здрада. Але наш гістарычны досьвед паказвае, што ня ўдасца прыстасавацца да расейскай акупацыі. Пасьля захопу Беларусі акупанты заўсёды пачыналі вынішчэньне людзей і культуры, ня лічачыся з ляяльнасьцю і баязьлівым маўчаньнем. І цяпер вось высунулася наперад груповачка прыстасаванцаў-здраднікаў – псэўдаапазыцыя, прысьцёбнутая да рэжыму. Яны езьдзяць у Маскву і заяўляюць там, што “гатовыя лепш за Лукашэнку правесьці інтэграцыю Беларусі ў Расею”. Яны гатовыя дзеля сваёй выгоды прадаць самае сьвятое – Бацькаўшчыну. Іхны “адзіны кандыдат” Мілінкевіч заявіў днямі, што яны будуць “рабіць джынсавую рэвалюцыю на Беларусі, рэвалюцыю колеру джынсаў…” Усё імкнуцца зганьбіць гэтыя найміты-здраднікі: нашу hезалежную дзяржаву, ідэю Рэвалюцыі і сьвятыя нацыянальныя сімвалы. Беларуская рэвалюцыя – ня выдумка мілінкевічаў. Наша Рэвалюцыя перамагае з 1988 г. пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам Хрыста. А гэтыя надумалі замяніць сьвяты Сьцяг джынсамі, начэпленымі на дручок! Дарагія людзі, ня верце ілжэпрарокам, адвярніцеся ад здраднікаў! Гуртуйцеся на абарону Бацькаўшчыны вакол Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка”.
Мэрапрыемствы завяршыліся мітынгам і сьпяваньнем гімну “Магутны Божа” перад гістарычным будынкам у Слуцку, у якім адбыўся Зьезд Рады Случчыны ў лістападзе 1920 г.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
26 лістапада 2005 г.
27/11/2005 › Навіны
|
|
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
Пошук:
Каляндар:
Ідзі і глядзі:
Беларуская Салідарнасьць:
ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.
1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
Каго любіш?
Люблю Беларусь.
Дык узаемна.
2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.
5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.
6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ.
7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Сябры й партнэры:
|
|