Факты і падзеі (25-27 лістапада 2005 г.)
Толькі ўчора дэпутаты парляманту Грузіі прагаласавалі за распачынаньне працэсу выйсьця Грузіі з СНД, а ўжо на наступны дзень, 25 лістапада прамаскоўская падстаўная апазыцыя замахала шматай фронды ў Маскве. І. Геаргадзэ – грузінскі Мілінкевіч. Але толькі ў стылістычным сэнсе, як падстаўная фігурка Крамля-Лубянкі.
Мясцоваму Мілінкевічу (ціхаму фінансісту менскай псэўдаапазыцыі) далёка да гэтага крутога барацьбіта за вызваленьне Грузіі ад грузінаў. Афіцэр з гэбоўскай вывучкай, Геаргадзэ ўзначальваў у сярэдзіне 1990-х гадоў спэцслужбы ў камандзе Э. Шэварнадзэ. Пасьля няўдалага пакушэньня на Шэварнадзэ (ад магутнага выбуху прэзыдэнта выратаваў браніраваны аўтамабіль) Геаргадзэ адразу зьнік, а праз пару дзён аб’явіўся ў Маскве (ясная ракіровачка, ці ня праўда?). Час ад часу ён падаваў голас, камэнтуючы падзеі на Каўказе. Але нешта даўно ня было яго чуваць. І раптам сёньня па тэлевізіі перадаецца ягоная прэс-канфэрэнцыя ў сувязі з адкрыцьцём штаб-кватэры ягонай партыі “Справядлівасьці”. Вось дае кантора — за тысячы кілёмэтраў, за гарамі адбылося галасаваньне ў чужым парляманце. А Лубянка за адну ноч пад раніцу ужо скалаціла “грузінскую апазыцыйную” партыю і загрузіла яе ў камфортнае памяшканьне. І пайшло-паехала пра вызваленьне Грузіі пад знакам мутнай крамлёўскай зоркі…
26 лістапада па ўсёй Украіне адбываліся мэмарыяльныя мерапрыемствы: малебны, мітынгі, жалобныя шэсьці. Народ успамінаў ахвяраў Галадамору. У 1932-33 гг. (пасьля харошага ураджаю) расейскія акупанты вывезьлі з Украіны збожжа і пакінулі народ на сьмерць. У выніку штучнага голаду загінула больш за 7 мільёнаў украінцаў. Дзесяцігоддзямі Крэмль хаваў і не прызнаваў гэтага злачынства. У незалежнай Украіне 26 лістапада зьяўляецца афіцыйным мэмарыяльным днём на дзяржаўным узроўні. А сёньня прэзыдэнт Юшчанка зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьці з заклікам прызнаць Галадамор фактам генацыду ўкраінскага народу. Можна сабе ўявіць, як закруціцца цяпер расейская агентура па ўсім сьвеце, каб заглушыць міжнародную рэакцыю. Сапраўдны беларускі ўрад таксама зьвернецца да міжнароднай супольнасьці па факце генацыду беларускага народу пад расейскім акупацыйным рэжымам у 1920-50-я гады. Пакуль жа прамаскоўскі рэжым адмаўляе ўсе злачынствы расейскіх акупантаў на нашай зямлі, уключна з Курапатамі. Будзе, аднак, канец гэтай вяровачцы…
26 лістапада беларусы атрымалі нібыта станоўчыя навіны з Гішпаніі, дзе праводзіўся песенны конкурс “Дзіцячага эўрабачаньня”. Першае месца, аказваецца, заняла 10-гадовая беларуска Ксеня Сітнік. Людзі з адэкватным музычным густам, аднак, зьдзівіліся такому выніку. Выступоўцаў было шмат з розных краінаў. Кожны выконваў песьню на сваёй роднай мове (дзяржаўнай мове сваёй краіны), многія былі апранутыя ў стылізаваныя нацыянальныя строі свайго народу. А колькі было яркіх маладых талентаў! Усіх скарыў 11-гадовы гішпанец непараўнальнай музычнай культурай і шчырасьцю выкананьня ў касьцільскай песеннай традыцыі. Што ж за традыцыю прадэманстравала беларуска Ксеня? (Мы разумеем, што за дзяўчынкай стаяць дарослыя “дяді”, якія вызначылі канцэпцыю выступу, што нібыта павінен быў данесьці да Эўропы нашу культуру). Вось яны й данесьлі… Ксеня прасьпявала ў мадэрнізаваным піянэрскім стылі шлягер “Мы все вместе”… на расейскай мове. Голас яна мае, толькі адчуваецца, што ейныя настаўнікі згвалцілі голас штучным ёканьнем-прыдыханьнем (уласьцівым для ўсёй сёньняшняй расейскай папсы). Чаму ж перамог “русскій шлягер із Белоруссіі”? Ўсе ў Эўропе даўно ўжо здагадаліся, што конкурсы кшталту “міс” ёсьць чыста палітычнай кан’юнктурай. Успомнім, як “міс СССР” стала ў 1989 г. унучатая пляменьніца крамлёўскага мафіёзы Грамыкі (добра, што паненка банальнай зьнешнасьці і сумніўнага інтэлекту не прадстаўляла тады этнічную радзіму Грамыкі – БССР, і за тое дзякуй лёсу). Няма сумневу, што прэміяльны панэгірык русіфікатарскай палітыкі антыбеларускага рэжыму быў арганізаваны з-за куліс Эўрабачаньня нейкімі значна больш сур’ёзнымі эўраструктурамі. Тымі, хто ўпарта арганізоўвае “апазыцыйны і дэмакратычны” эфір на Беларусь на расейскай мове, выстаўляючы беларушчыну разам з маскоўскімі акупантамі ў якасьці “недаразьвітай мовы”. Тымі, хто бачыць Беларусь у складзе расейскай імпэрыі. Але ня ўдасца заходнім русіфікатарам, усім гэтым брусэльскім бэнітам задушыць беларускую песьню. Не такія монстры спрабавалі ды праваліліся.
26 лістапада міністар абароны Польшчы Радаслаў Сікорскі выступіў з разаблачэньнем сакрэтнага савецкага пляну трэцяй сусьветнай вайны пад назвай “Сем дзён на Рэйне”. Плян захоўваўся ў архівах Варшаўскай дамовы, але папярэднія кіраўнікі Польшчы маўчалі пра яго. Аднак, новая (правая) улада Польшчы вырашыла пазнаёміць публічнасьць з 1700 дакумантамі сакрэтнага дасье. Маецца на ўвазе маскоўскі стратэгічны плян вучэньняў 1979 г. для войскаў Варшаўскай дамовы. А вучыць падначаленыя арміі крамлёўцы зьбіраліся вось чаму. Паводле праекта, авіяцыя НАТО падымаецца з аэрадромаў у Вялікай Брытаніі і бамбардуе тэрыторыі ад Гданьска да чэхаславацка-аўстрыйскай мяжы, каб зрабіць перашкоду для падсоўваньня савецкіх рэзэрваў з усходу. Потым у паветра падымаецца авіяцыя варшаўскіх дамоўшчыкаў і бамбардуе Данію, Стразбург, Нямеччыну. Пачынаецца танкавы рывок з Польшчы на захад. І г.д. Генэральскія праекты ўразілі палякаў перш за ўсё тым, што ў выніку зьдзяйсьненьня такіх праектаў ад прыфрантавой Польшчы павінны былі б застацца адны руіны і галавешкі. Цяперашнія палякі больш ня хочуць гэтага “вайсковага братэрства” з Масквой. Аднак, мы раім ім таксама задумацца над падобным лёсам суседняй Беларусі, дзе расейская акупанцкая ваеншына разгортвае свае агрэсіўныя сілы і зноў пагражае цывілізаванаму сьвету. Чаму маўчаць пра гэтую, сёньняшнюю пагрозу міністар Сікорскі ды іншыя польскія палітыкі? Разам з Беларусяй (толькі на супрацьлеглых баках фронту) Польшча зноў апынулася на разломе, што прайшоў па Эўропе. Пратрыце вочы, шаноўныя суседзі, ды зірніце на рэчаіснасьць.
Некалькі лістападаўскіх нумароў “незалежная” газэта ў г. Баранавічах “Intex-press” прысьвяціла візыту ў горад “адзінага і непаўторнага” Мілінкевіча. Дзякуй правінцыйнай прэсе, што раскрывае сакрэты палішынэля. Пад тытулам “Милинкевич не вступит в НАТО” газэтчыкі даюць некалькі цытатак з выступаў Мілінкевіча напярэдадні паездкі да баяраў у Расею, паводле матар’ялаў газэткі “Время новостей”. Цытуем з Мілінкевіча: “Антироссийские политики в Беларуси не имеют перспектив, поскольку более половины населения за интеграцию с Россией… Мы считаем важными союзнические отношения и взаимовыгодные отношения с Россией. Мы готовы учитывать стратегические, в том числе военные интересы России… мы не собираемся в связи с этим ставить сложные для россиян вопросы”. Чытайце гэтыя выказваньні, шаноўныя палякі. Чытайце, беларусы. Якая вырабленая гнюснасьць, якое таннае прадажніцтва! Вось такі “пророссійскій політік” будзе цяпер тлуміць галаву нашаму народы і ўсёй Эўропе пра сваю альтэрнатыву Лукашэнку. Днямі здраднік украінскага народу, правалены летась прамаскоўскі стаўленьнік Януковіч наведаў Расею. Там ён уручыў старшыні Дзярждумы РФ Грызлову булаву з выявай Багдана Хмяльніцкага (гэта ня жарцік, булава – старажытны сімвал улады над Украінай). Крымінальнік Януковіч, аднак, – постаць значна больш манумэнтальная ў параўнаньні з “ушчэнт прафэсарскім”, такім “лагодна гладкім” фінансістам псэўдаапазыцыі Мілінкевічам. У Маскве “прафэсар” аддаў маскалям-мафіёзам не булаву, а прадаў сваю мізэрную душу прадстаўнікам Сатаны. У іншай краіне народ проста ня пусьціў бы яго назад, крычучы ад самай мяжы: “Вяртайся да сваіх гаспадароў у Маскву!” А ў нас гэты правінцыйны “Фаўст” будзе працягваць тлуміць галаву людзям.
27 лістапада, карыстаючыся нядзеляй, мітынгавала Масква. У адным месцы сабралося тры тысячы асобаў, усё надураныя будаўнічымі фірмамі. Мы ўжо паведамлялі пра мафійныя махінацыі, ахвярамі якіх сталі ўжо жыхары мафійнай Масквы. Яны прадаюць свае старыя кватэры, купляюць новыя. А потым аказваецца, што замест кватэры ёсьць толькі катлаван (за гэтую яму яны й заплацілі фірме ўсе свае грошы), альбо на тую ж новую кватэру прапісана яшчэ 3-5 семьяў (і ўсё абсалютна законна!). Дэманстранты сабраліся вакол дзьвюх трунаў, на якіх былі надпісы “Кватэрнае будаўніцтва” і “Праграма Пуціна — “Даступнае жыльлё”. Як вядома, уласны інтарэс значна бліжэйшы да цела. Таму насупраць гарадзкой Думы сабралася ўсяго 200 дэманстрантаў. Яны крычалі “Фашізм не пройдёт!” Міліцыя актыўна разганяла і вязала іх. Хто ж гэтыя героі-антыфашысты? Аказваецца, арганізавалі шумную акцыю “правые сілы” – яўлінскія яблычнікі ды хакамады з нямцовымі. Наколькі памятаем, то згаданыя “антыфашысты” актыўна займаліся і займаюцца цяпер арганізацыяй “інтэграцыі” нашай Беларусі ў сваю расейскую імпэрыю разам са сваімі сябручкамі лебедько-вячоркамі-мілінкевічамі. Беларусы ўжо на ўласнай скуры ведаюць, што імпэрыяліст ня можа быць антыфашыстам. Такі вось правы фашыстоўскі “антыфашызм” на плошчы ў Маскве.
Валеры Буйвал
28/11/2005 › Актуаліі
|
|
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
Пошук:
Каляндар:
Ідзі і глядзі:
Беларуская Салідарнасьць:
ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.
1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
Каго любіш?
Люблю Беларусь.
Дык узаемна.
2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.
5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.
6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ.
7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Сябры й партнэры:
|
|