Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

У Мангасэце пад Нью-Ёркам на 88-м годзе жыцьця памёр Францішак Бартуль

Зь Нью-Ёрку прыйшла сумная вестка – 4 сьнежня памёр вядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў Ангельшчыне і ЗША – Францішак Бартуль. Два тыдні таму – 17 лістапада яму споўнілася 87 гадоў. Спадар Францішак нарадзіўся ў беларускай сям’і ў Латвіі, жыў у Беларусі. Пад час вайны вымушаны быў ад’ехаць у эміграцыю, служыў афіцэрам ў войску генэрала Андэрса. Разам зь іншымі беларускімі вайскоўцамі апынуўся ў Вялікай Брытаніі. Там спрычыніўся да арганізацыі беларускага жыцьця. Пазьней выехаў разам з жонкай Вераю ў Амэрыку. У іх сям’і вырасьлі двое дзяцей, і цяпер падрастаюць трое унукаў. Ужо на чужыне Францішак Бартуль зрабіўся бізнэсоўцам, і вельмі пасьпяховым – пры тым, што шмат высілкаў аддаваў справам беларускай дыяспары. Спадар Бартуль кіраваў амэрыканскай філіяй Беларускага Акадэмічнага каталіцкага Таварыства “Рунь”, уваходзіў у склад кіраўніцтва Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня.

Францішак Бартуль прымаў самы дзейсны ўдзел у адраджэньні працы Рады БНР на эміграцыі. Шмат гадоў ён узначальваў адну зь вядомых беларускіх дабрачынных арганізацыяў у замежжы – Фундацыю імя Пётры Крэчэўскага. Менавіта гэтая Фундацыя фінансавала эмігранцкае кнігавыданьне, у тым ліку і кнігі аўтараў, якія былі забароненыя ў Беларусі. Шмат у чым дзякуючы намаганьням спадара Бартуля Фундацыя прычынілася і да шэрагу культурніцкіх праектаў у цяперашняй Беларусі. У 1997 годзе Францішак Бартуль быў адным з фундатараў кнігі Васіля Быкава “Сьцяна”, якая перад тым была выкінутая зь дзяржаўнага выдавецтва.

Францішак Бартуль да апошняга часу выконваў абавязкі заступніка старшыні галоўнай управы Беларуска– Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА).

Гаворыць старшыня БАЗА Антон Шукелойць, які ведаў спадара Бартуля ад самага пачатку ягонага прыезду ў ЗША:

(Шукелойць: ) “Сьветлай памяці Францішак Бартуль належаў да людзей выняткава добрых, па сваім характары быў чалавекам вельмі ўложным, стараўся нікога ніколі не пакрыўдзіць, пры ўсякіх нагодах імкнуўся дапамагчы. Ён заўсёды годна рэпрэзэнтаваў беларускую эміграцыю ў ЗША. Спадарства Бартулёў прымалі актыўны ўдзел ва ўсіх нашых імпрэзах.

Апошнія гады Бартуль адыграў вялікую ролю ва ўтварэньні новай хвалі эміграцыі. Найперш забясьпечваў новапрыежджых памяшканьнем ў Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага, як старшыня гэтай арганізацыі. Апрача таго, людзям, якія апынуліся ў Амэрыцы, вельмі часта патрэбна было дапамагаць у вырашэньні іх пытаньняў праз суды. Бартуль вельмі часта аказваў дапамогу у судовых справах датычна эмігранцкіх справаў. Так што ва ўтварэньні новай эміграцыі ў Амэрыцы сп. Францішак Бартуль аказаў Беларуска-Амэрыканскаму Задзіночаньню вялікую дапамогу”.

Зянон Пазьняк быў знаёмы з Францішкам Бартулём:

(Пазьняк: ) “Памёр наш Франціш! Вельмі ён быў цікавы чалавек, заўсёды з гумарам. Быў вельмі добры беларус, перажываў за беларускую справу і, дзе мог, стараўся дапамагчы. Спрыяў беларускаму Адраджэньню, спрыяў канкрэтным людзям. Гэта адзін з тых моцных людзей, якія сфармаваліся ў часы вайны, калі яны са зброяю ў руках змагаліся за Беларусь. Гэты змагарны дух яны пранесьлі ў душы праз усё жыцьцё.

Цяпер гэтае пакаленьне адыходзіць на нашых вачах. Але прыклад іхнага жыцьця і іхняе справы павінны натхняць нашу моладзь і гаварыць аб тым, што трэба за Беларусь змагацца, нельга паддавацца нечысьці, той, хто змагаецца, той пераможа.

Мы належым да такога народу, які змагаецца пакаленьнямі, адно змагарнае пакаленьне адыходзіць, а другое павінна пераняць іхны сьцяг.

І апошняе слова Францішу Бартулю – хай яму будзе зямля пухам і хай яму сьняцца сны аб вольнай Беларусі”.

Францішак Бартуль доўгія гады быў сябрам Рады БНР. Гаворыць старшыня Рады сп. Івонка Сурвіла:

(Сурвіла: ) “Зь вялікім сумам атрымала вестку пра адыход у вечнасьць грамадзкага дзеяча і сябра Рады БНР Францішка Бартуля. Маё глыбокае спачуваньне ягонай жонцы Веры, дзецям і ўнукам. Але асіраціў Франціш усю беларускую грамаду, усіх нас. Да канца жыцьця праймаўся за будучыню Беларусі. Быў моцна прыбіты весткамі пра страх, які паралізуе людзей тады, калі так моцна патрэбны адпор на зьдзек з боку ўладаў. Дай, Божа, каб споўніліся ягоныя мары пра вольную Беларусь!”

Па словах блізкіх, думкі пра Бацькаўшчыну не пакідалі сп.Францішка да апошніх хвілінаў ягонага жыцьця, за дзень да сьмерці ён пытаўся: “Як там у Беларусі?”

Паводле RFE/RL

6/12/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2005
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024