Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (6-8 сьнежня 2005 г.)

На фоне шалёных посьпехаў эканомікі РБ 5-6 сьнежня адбыўся візыт у Кітай. Начальнік паведаміў нам: “Як важна арыентавацца не на Захад, а на Усход!”
Яму, мабыць, скора нададуць тытул мандарына (так называлася кітайская шляхта) за абяцаньне заваліць Кітай беларускай бульбай. Спадзяемся, што хаця б па адной бульбіне дастацецца кожнаму з мільярда з паловай кітайцаў. Яго запрасілі быць назіральнікам таксама ў Шанхайскай арганізацыі разьвіцьця. Сапраўды, цудоўная альтэрнатыва ў параўнаньні з нейкай там эўрапейскай цывілізацыяй. “Там главнымі такіе азіатскіе страны, как Россія і Кітай.—гукаў па БТ шкловец.– Там ядерные державы Індія і Пакістан. Кітай – наш велікій сосед …” Да-а, сабралася кампанія, нас толькі там і не хапала.
Вярнуўшыся ў Беларусь, начальнік пасадзіў на ланцужок яшчэ адзін прафэсійны цэх. Загадаў, каб мэдычныя работнікі адпачывалі толькі на тэрыторыі РБ. А хто зьбіраецца замяжу, каб прасілі дазволу ў міністэрства аховы здароўя. На ланцужок ужо пасоджаныя студэнты і школьнікі, ім таксама трэба прасіць дазволу у сваіх міністэрствах. Ня кажам ужо пра вайскоўцаў і дзяржаўных служачых нізкага зьвяна, для тых даўно ўжо існуюць толькі сібірскія тропікі. А вышэйшае зьвяно Эўропа сама да сябе не пускае. Ізаляцыя, арганізаваная па загадзе з Масквы, паступова апускаецца на галовы нашых грамадзянаў. А яны нават ня чухаюцца: “А мне всё равно, я же не студент ілі врач”. Нічога, дойдзе да ўсіх чарга. Дойдзе чарга і да Расеі, якая пачне прышчапляць на сваіх грамадзянах вынікі лябараторнага экспэрымэнту, праведзенага ў нас. Пакуль жа расейскія турысты і мафіёзі шумна вырабляюцца на ўсіх курортах сьвету.
7 сьнежня ў Маскве зноў адбыўся выбух у жылым шматпавярховым доме. Людзі, думаючы, што зноў ФСБ “проводіт ученія”, выбягалі на двор босыя і голыя. Выбухам разьнесла амаль цэлы пад’езд, загінула тры асобы, цяжка паранена чацьвёра, 50 асобаў эвакуіраваны. Пракурор у залатых пагонах паведаміў па тэлеканалах, што віной усяму выпадковы выбух бытавога газу. А жыхары зь ім не пагаджаюцца. Кажуць журналістам, што ў апошнія дні ў адной з кватэраў працавалі гастарбайтэры з Сярэдняй Азіі, “пілі круглымі суткамі, прыцягнулі з сабой газавы балён для зваркі, вось ён і выбухнуў”. Ну, па-першае, не вядома яшчэ, што ў доме загінулі нейкія азіяцкія рабы (яны па лёгіцы павінны былі б стацца першымі ахвярамі выбуху балёну). Па-другое, у жыхароў імпэрскай сталіцы ўжо склаўся ўстойлівы стэрэатып грэблівага стаўленьня, часьцей — лютай нянавісьці да людзей з былых калёгіяў, якія ўкалываюць на іхнай тэрыторыі. Вядома, аднак, што праца бяспраўнага раба ніколі не вызначалася высокай якасьцю (у тым ліку і захаваньнем правілаў бясьпекі). Дэмаралізаваная Масква няздольная ўжо будаваць для самой сабе дамы, палацы і дарогі. Ня здольная прыбіраць сьмецьце. Маскоўскі цмок ўсмоктвае сотні тысячаў няшчасных людзей з разбураных расейскім імпэрыялізмам краінаў, каб эксплюатаваць, ненавідзець і нішчыць іх. І ў той жа час монстр хоча спаць спакойна, стрыгчы купоны ды з крамлёўскага пагорка палохаць сваёй магутнасьцю ўвесь сьвет. Толькі не бывае шчасьця і спакою на няшчасьці і рабскай працы іншых народаў.
Увечары 7 сьнежня ў Маскве “правыя дэмакраты” прынялі гістарычнае рашэньне. Партыя “Наш выбар” пад кіраўніцтвам Хакамады прагаласавала за ўзьяднаньне з “Дэмакратычнай партыяй” Мішы Два Працэнты (як называе народ М. Касьянава, якога крамлёўскі рэжым вымушаны быў прыбраць пазалетась, бо “браў надта шмат”). “Правыя” працягваюць свае карнавальныя шоў-акцыі, дэманструюць усяму сьвету – ёсьць сапраўдныя дэмакраты ў Расеі, вось і злучацца пачалі. Прапануем у гонар японкі Хакамады і мафіёзы Касьянава назваць новую партыю ясна і адпаведна – Якудза. Як жа яны ўсе падобныя – яўлінскія-лебедько, хакамады-абрамавы, мілінкевічы-жырыкі, калякіны-зюганавы. Усё – адна падстаўная кодла.
У Маскве радуюцца, паказалі брытанцам “кузькіну мать”. 8 сьнежня мінабароны Брытаніі абнародвала вынікі камісіі, якая рассьледвала прычыны гібелі 10 брытанскіх жаўнераў, вэрталёт зь якімі разьбіўся ў Іраку 30 студзеня 2005 г. Камісія ўрэшце даказала, што катастрофу выклікалі не тэхнічныя непаладкі. Вэрталёт быў зьбіты з расейскага буйнакалібэрнага зянітнага кулямёта ДШК. Эх, як разьвесялілася Масква: “Нашему пулемёту сто годов, а как даёт! Знай нашіх!” Сапраўды, ДШК быў сканструяваны ў адной з майстэрняў ГУЛАГу яшчэ ў 1938 г. І, як паведамляла мінабароны РФ, гэтая мадэль даўно зьнята з узбраеньня расейскай арміі. Рана радуюцца гледачы расейскага Калізэя, назіраючы за гібельлю чужых гладыятараў на арэне. Можа хаця б цяпер народ і эстэблішмэнт Вялікай Брытаніі зразумеюць, каго, якога бандыта яны называюць сваім сябрам і дэмакратычным хаўрусьнікам. Можа зразумеюць, хто адгрузіў ірацкаму тэрарыстычнаму рэжыму сваё забойчае сьмецьце (разам з сучаснай зброяй)? Можа пратруць вочы ды заўважаць, як ціхай сапай і без лішняга шуму міністар вайны РФ Іваноў зрабіўся нядаўна віцэ-прэмьерам ураду РФ, як гэты ўрад ўзяўся за мадэрнізацыю іранскіх ракетных войскаў. Як Расея разгортвае на тэрыторыі Беларусі свае ваенныя магутнасьці (а Беларусь, як вядома, знаходзіцца ў цэнтры Эўропы і надта ж блізка ад Брытаніі)?
8 сьнежня скончыўся суд над “лімонаўцамі”. Так называюць шумную групоўку пад назвай НБП – Нацыянал-бальшавіцкая партыя пад кіраўніцтвам Э. Лімонава. ФСБ даўно стварыла і хватка кіруе дзеяньнямі правакатараў. Акрамя чалавеканенавісьніцкай і фашыстоўска-бальшавіцкай прапаганды, гэтая групоўка рэгулярна выконвае гэбоўскія заданьні пад гітлерска-савецкай сімволікай. Так, 14 сьнежня 2004 г. 39 маладзёнаў уварваліся ў Маскве у грамадзкую прыёмную адміністрацыі прэзыдэнта РФ, разгарнулі транспарант “Путин, уходи сам!”, пакуражыліся і былі затрыманы міліцыяй. Спачатку суд іх абвінавачваў у “спробе гвалтоўнага захопу ўлады, пашкоджаньні дзяржмаёмасьці і вандалізьме”. Апошнім часам абвінавачваньні зьмякчылі да “хуліганскіх дзеяньняў”, а сёньня далі ад 1,5 да 3 гадоў турмы васьмі правакатарам, а астатніх адпусьцілі з умоўнымі выракамі. Перад будынкам суда лімонаўцаў актыўна падтрымліваў пікет ад зьліквідаванай нядаўна партыйкі “Родіна” (яшчэ адна ахвяра “рэжыму Пуціна”). У Растове-на-Доне шумелі ў знак салідарнасьці з “ахвярамі” і прыкоўвалі сабе да будынку фэдэральных уладаў яшчэ нейкія лімонаўцы. Вось і гатовы сюжэт пра “антыпуцінскую фронду” – усё непрывабныя вырадкі з гітлерска-ленінскай сімволікай. Супраць іх якраз і дзейнічаюць “дэмакратычныя ворганы пуцінскай улады”: гэбэ, міліцыя, суд, пракуратура. “¡No pasaràn!” – шумнула ў чарговы раз рамантычны лёзунг лубянская кантора. І ўсе задаволеныя, і Пуцін барбу супраць фашызма вядзе. Будзе пра што расказаць Блэру, Барозу і Кофі Анану.

Янка Базыль

10/12/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2005
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024